Этымалагічны слоўнік прозвішчаў вучняў і настаўнікаў Хальчанскай базавай школы




Дата канвертавання17.03.2016
Памер132.19 Kb.
Этымалагічны слоўнік прозвішчаў

вучняў і настаўнікаў Хальчанскай базавай школы

  1. Прозвішчы вучняў

Альшэўскі – уладальніцкае прозвішча з фармантам –скі, які паказвае на месцазнаходжанне ўласнасці – вёскі, паселішча, маёнтка. У Смаленскай вобласці вельмі часта сустракаецца назва Ольша (вёскі і рака). У Польшчы таксама часта можна сустрэць такія тапонімы.

Апарын – ад мірскога імені Апара, а імя – ад слова “апара” – цеста, якое ўзыходзіць. Так маглі называць поўнага, рыхлага чалавека. Словаўтваральны ланцужок: апара – Апара – Апарын (імя па бацьку) – Апарын (прозвішча). Фармант –ын. У кнізе Тупікава “Словарь древнерусских личных собственных имён” чытаем: “Васко Опара, крестьянин, 1495” [2, 290].

Атрошкіна – магчыма, ад вулічнай формы рэдкага імені Атроп ці ж ад формы імені Антроп. Словаўтваральны ланцужок: Антроп – Атроп – Атрошка – Атрошкін (імя па бацьук) – Атрошкіна (прозвішча). Фармант –ін.

Аўсянікаў – ад мірскога імені Аўсянік, якое раней абазначала прадаўца аўса (суфікс –нік- указвае на прафесійную прыналежнасць). Словаўтваральны ланцужок: авёс – аўсяны – аўсянік – Аўсянік – Аўсянікаў (імя па бацьку) – Аўсянікаў (прозвішча).

Афанасенка, Афанасьева – абодва прозвішчы ўтварыліся ад кананічнага імені Афанасій (ад грэчаскага атанасас – “неўміручы”). На Беларусь прынесена праваслаўнай царквой. У 19 стагоддзі стала пераважна іменем сялян [4, 100].

Байлукова – ад мірскога імені Байлук. Так у некаторых раёнах Расіі называлі заможных сяля. Вядомы айконім Байлукі (на поўдні Расіі). Словаўтваральны ланцужок: байлук – Байлук – Байлукоў (імя па бацьку) – Байлукова (прозвішча).

Барабой – прозвішча малдаўскага паходжання. Магчыма, ад айконіма Барабой (вёска ў Малдове), а назва вёскі – ад расліны, якая часта сустракаецца ў тых мясцінах. Словаўтваральны ланцужок: барабой – Барабой – Барабой.

Барсукоў – ад мірскога прозвішча Барсук, а яно – ад слова “барсук”, так маглі называць ціхага, спакойнага чалавека. Словаўтваральны ланцужок: барсук – Барсук – Барсукоў (імя па бацьку) – Барсукоў (прозвішча). У Тупікава чытаем: “Иван Барсук, ратненский крестьянин, 1565” [2, 40]. Фармант –оў.

Вакуліч – ад формы імені Вакула, якое магло быць варыянтам кананічнага імені Вукол або Акіла. Фармант –іч часта сустракаецца на Украіне і Беларусі. Словаўтваральны ланцужок: Вукол (Акіла) – Вакула – Вакуліч (імя па бацьку) – Вакуліч (прозвішча).

Варушын – ад кананічнага імені Варвара і яго памяншальнай формы Варуша (фармант –ын). Словаўтваральны ланцужок: Варвара – Вара – Варуша – Варушын (імя па маці) – Варушын (прозвішча).

Васкабойны – ад мірскога імені Васкабойнік. Само імя ўтварылася ад слова “васкабойнік”. Так называлі чалавека, які працаваў з воскам [7, 106]. Словаўтваральны ланцужок: воск+біць – васкабой – васкабойнік – Васкабойнік – Васкабойны.

Вахрамеева – ад формы кананічнага імені Вахрамей (Варфаламей). Імя прыйшло з арамейскай мовы (Бар-Талмай – “сын Талмая”) [4, 102]. У Заходняй Еўропе часта сустракаецца імя Барталамей, Барталамью. Нязвыклы для славянскіх моў гук [б] замяніўся на [в]. Словаўтваральны ланцужок: Бар-Талмай – Барталамей – Варфаламей – Вахрамей – Вахрамееў (імя па бацьку) – Вахрамеева (прозвішча).

Гаўрыш – ад прастамоўнай формы хрысцільнага імені Гаўрыіл. Словаўтваральны ланцужок: Гаўрыіл – Гаўрыла – Гаўрыш – Гаўрыш.

Дзеніскова – ад формы кананічнага імені Дыянісій (ад імені грэчаскага бога віна Дыяніса). Словаўтваральны ланцужок: Дыянісій – Дзяніс – Дзенісок – Дзеніскоў (імя па бацьку) – Дзеніскова (прозвішча).

Дзюба – верагодна, украінскае прозвішча, якое пайшло ад мірскога імені Дзюба. Само імя ўзнікла ад слова “дзюба”, так маглі называць чалавека з вялікім, доўгім носам.

Душачкіна – магчыма, ад імя Душачка. Хутчэй за ўсё, дадзенае прозвішча адносіцца да прыналежных (як і Князеў, Сентараў, Уладыкін). Словаўтваральны ланцужок: Душачка – Душачкіна. Фармант –ін.

Заграбскі – верагодна, адтэрытарыяльнае прозвішча. У Польшчы ёсць горад Заграб (руск. Загреб). Такое прозвішча мог мець чалавек, які прыехаў з гэтага горада або меў у тым горадзе маёмасць. Словаўтваральны ланцужок: Заграб – Заграбскі. Фармант -скі.

Зігінава – дакладна паходжанне прозвішча невядома. Ёсць меркаванне, што яно пайшло ад скажэння імені Жыгімонт (Жыгінт), а яно, у сваю чаргу – ад імені Зыгмунд. Словаўтваральны ланцужок: Зыгмунд – Жыгмунд – Жыгінт – Жыгін – Зыгін – Зігін – Зігінава.

Кавалёва – самае распаўсюджанае прозвішча на зямлі. Пайшло ад мірскога імені Каваль. У кожнай вёсцы калісьці быў каваль, таму вельмі часта сустракаюцца варыянты гэтага прозвішча: Каваленка, Кузняцоў, Кавальскі ( самае распаўсюджанае прозвішча ў Варшаве), Шмідт (“каваль” па-нямецку), Сміт (“каваль” па-англійску), Смітсан і г. д. Фармант –оў (-ёв-)

Казіміраў – ад кананічнага імені Казімір. Імя пашырана ў Польшчы. Прозвішча ўтварылася ад імені па бацьку. Словаўтваральны ланцужок: Казімір – Казіміраў. Фармант -аў

Канавалаў – ад мірскога імені Канавал. У кнізе Тупікава: “Даніло Коновал, смоленскій стрелец, 1610” [2, 193]. Канавалам раней называлі чалавека, які лячыў коней. Для таго, каб агледзець каня, яго трэба было паваліць на зямлю, адсюль і назва прафесіі. Словаўтваральны ланцужок: конь + валіць – канавал – Канавал – Канавалаў (імя па бацьку) – Канавалаў (прозвішча).

Каралёў – ад польскага кананічнага імені Кароль. Малаверагодна, што гэта прозвішча прыналежнае, і што продак меў дачыненне да караля. Словаўтваральны ланцужок: Кароль – Каралёў (імя па бацьку) – Каралёў (прозвішча).

Карасёў – магчыма, ад мірскога імені Карась, якое калісьці ўтварылася ад слова “карась”: “Карась Манухин, сын Есюков, землевладелец в Дубровенском погосте, 1498” [2, 174]. Словаўтваральны ланцужок: карась – Карась – Карасёў (імя па бацьку) – Карасёў (прозвішча). Фармант –ёў.

Карпаў – на першы погляд, прозвішча пайшло ад назвы рыбы “карп”, але гэта не так. Дадзенае прозвішча бярэ свой пачатак ад старажытнага і вельмі рэдкага зараз імені Карп, якое прыйшло з грэцыі. Імяў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “плод” [7, 210]. Словаўтваральны ланцужок: Карп – Карпаў (імя па бацьку) – Карпаў (прозвішча). Фармант –аў.

Клімава – прозвішча паходзіць ад імені Клім, прастамоўнай формы кананічнага імені Кліменцій, поўную форму імені ўжывалі рэдка [8, 52]. Словаўтваральны ланцужок: Кліменцій – Клімент – Клім – Клімаў (імя ап бацьку) – Клімава (прозвішча).

Ключнікава – ад мірскога імені Ключнік. Раней ключнікам называлі чалавека, які вёў панскую гаспадарку, у каго былі ключы ад панскіх паграбоў, скарбніц. Словаўтваральны ланцужок: ключ – ключнік – Ключнік – Ключнікаў (імя па бацьку) – Ключнікава (прозвішча).

Конеў – ад мірскога імені Конь: “Конь, иконописец в Москве, 1492” [2, 193]. Словаўтваральны ланцужок: конь – Конь – Конеў (імя па бацьку) – Конеў (прозвішча). Фармант –еў.

Красноў – ад мірскога імені Красной. Яшчэ так называлі маладых чырванашчокіх хлопцаў, або прыгожых людзей. “Дмитрей Красной, князь галицкий, 1434” [2, 208].

Крывапуск – ад мірскога імені Крывапуск: “Иван Кривопуск, шинкарь, каневский замковый слуга. 1552”[2, 209]. Крывапуск – так у 15 – 16 стагоддзях называлі лекара. Словаўтваральны ланцужок: кроў + пускаць – крывапуск – Крывапуск – Крывапуск.

Крышчыхін – дакладна не ўдалося высветліць паходжанне гэтага прозвішча. Аднак ёсць меркаванне, што Крышчыха – на йменне замужняй жанчыны (параўн. Сымоніха – жонка Сымона, Лявоніха – жонка Лявона, Крышчыха – жонка Крышча). Крышч – магчыма, скажонае Крыж або Хрышч (хрышчоны). Словаўтваральны ланцужок: Хрышч – Крыўч – Крышчыха – Крышчыхін (імя па маці) – Крышчыхін (прозвішча). Фарманты –ых і –ін.

Кулігін – на нашу думку, ад мірскога імені Куліга. Само імя пайшло ад слова “куліга” – паласа зямлі, роўнае, бязлеснае месца. Словаўтваральны ланцужок: куліга – Куліга – Кулігін (імя па бацьку) – Кулігін (прозвішча). Фармант –ін.

Ларыёнава – ад Ларыён/Ларывон, прастамоўнага варыянта кананічнага імені Іларыён. Імя прыйшло з грэчаскай мовы і азначае “весялун” [11, 258].

Лаўрэнава – ад Лаўрэн, формы хрысцільнага імені Лаўрэнцій. Адны даследчыкі лічаць, што імя азначае “ўвянчаны лаўрамі”. Іншыя мяркуюць, што адказ трэба шукаць у назве горада Лавента [7, 248]. Словаўтваральны ланцужок: Лаўрэнцій – Лаўрэн – Лаўрэнаў (імя па бацьку) – Лаўрэнаў (прозвішча).

Леўшуноў – ад мірскога імені Ляўшун. Так яшчэ называлі ляўшэй, таксама ёсць верагоднасць паходжання прозвішча і ад хрысцільнага імені Леў. Фармант –оў.

Макееў – ад Макей, прастамоўнага варыянту старажытнага кананічнага імені Македоній ( з грэчаскай мовы “жыхар Македоніі”). Гэта прозвішча сустракаецца яшчэ ў першай палове 18 стагоддзя [7, 262].

Маскаленка – прозвішча этнічнага паходжання. Маскаль – так у Польшчы і на Украіне да гэтага часу называюць і масквічоў, і ўвогуле рускіх. У Тупікава чытаем: “Парфен Москаль, сельчанин в Полоцком воеводстве, 1601” [2, 257]. Фармант –енка.

Мешчанінаў – ад слова “мяшчанін”. Так называлі жыхароў гарадоў. Магчыма, гэта прыналежнае прозвішча, якое ўказвае на прыналежнасць селяніна пэўнаму мяшчаніну.

Мохарава – ад мірскога імя Мохар. Махрамі з даўніх часоў называлі бахраму, канцы кісцяў. Словаўтваральны ланцужок: махра – мохар – Мохар – Мохараў (імя па бацьку) – Мохарава (прозвішча).

Мяшкоў – ад мірскога імені Мяшок. Словаўтваральны ланцужок: мяшок – Мяшок – Мяшкоў (імя па бацьку) – Мяшкоў (прозвішча).

Новік, Новікава – абодва прозвішчы пайшлі ад мірскога імені Новік: “Купреянко Новик, крестьянин, 1495” [2, 280]. Новік, па Ніканаву, - новы жыхар, які прыйшоў з іншай мясцовасці [8, 82]. Фарманты –ік і –аў (-ав).

Падалячкін – ад мірскога імені Падаляк – “жыхар Падола”. Падол – нізіна.

Папругін – ад мірскога імені Папруга. Словаўтваральны ланцужок – папруга – Папруга – Папругін (імя па бацьку) – Папругін (прозвішча).

Патапенка – ад кананічнага імені Патап, фармант –енка.

Пісарэнка – дадзенае прозвішча паходзіць ад мірскога імені Пісар, якое, у сваю чаргу, пайшло ад назвы прафесіі. Прозвішча ўтварылася пры дапамозе фарманта –энка.

Прышчэп – ад мірскога імені Прышчэп. Увогуле, прышчэп – гэта месца, дзе прышчапляецца галінка да дрэва. Прозвішча ўтворана бяссуфіксным спосабам.

Пугачоў – ад мірскога імені Пугач. Этымалогія імені даволі складаная. Ў адных мясцінах пугачамі называлі разбойнікаў, у іншых – птушак. Словаўтваральны ланцужок: пугач – Пугач – Пугачоў (імя па бацьку) – Пугачоў (прозвішча).

Пустаханаў – вельмі цікавае прозвішча з пункту гледжання этымалогіі. Дарэчы, прозвішчы з першай чвасткай “пуста” часта сустракаюцца (Пуставойтаў, Пустаміраў). Пусты – значыць, несапраўдны. Другая частка прозвішча Пустаханаў,мяркуецца, мае дачыненне да слова “хан”. Так называлі заможных сялян татарскага паходжання. У нашым выпадку Пуста + Хан – “несапраўдны багацей, машэннік”.

Пыжоў – ад мірскога імені Пыж. Пыжамі называлі нізкарослых і надзьмутых людзей, хвалько. Ёсць і іншае значэнне слова “пыж” – прылада для стрэльбы. Словаўтваральны ланцужок: пыж – пыж – Пыжоў (імя па бацьку) – Пыжоў (прозвішча). Фармант –оў.

Пышная - прозвішча ўзнікла ад мірскога імені Пышны. Верагодна, слова значыць “багаты” або “тоўсты”.

Рагоўскі – ад слова “рог”. Рог – гэта заўсёды штосьці выпуклае, напрыклад, рог берага, мыс, звіліна ракі. Прозвішча Рагоўскі звязана з назвай мясцовасці [7, 329].

Рэмізонава – ад мірскога імені Рэмез/Рэміз: “Ремез, холоп, 1547” [2, 336]. Першапачаткова, рэміз – разнавіднасць птушкі.

Сажына – ад мірскога імені Сажа: “Иващко Сажа, крестьянин, 1425” [2, 348]. Яно, у сваю чаргу, пайшло ад слова “сажа”. Словаўтваральны ланцужок: сажа – Сажа – Сажын (імя па бацьку) – Сажына (прозвішча).

Сіліна – ад Сіла, прастамоўнага варыянту кананічнага імені Сіланцій. Што азначае гэта імя? Мяркуецца, што імя пайшло ад слова “сіла” – “лес” у Паўднёвай Італіі [7, 347].

Сіроткін – ад мірскога імені Сірата: “Андрей Сирота, на королевской службе в Пинске, 1633” [2, 356]. Словаўтваральны ланцужок: сірата – Сірата – Сіротка – Сіроткін (імя па бацьку) – Сіроткін (прозвішча).



Сярко – магчыма, ад мірскога імені Серка або Сера: “Серко Конков, крестьянин, 1495” [2. 385].

Тарасюк – прозвішча пайшло ад кананічнага імені Тарас (са старажытнагрэчаскай мовы тарасіос – “бунтаўшчык”. Кананічная форма Тарасій засталася толькі царкоўнай, а ў народзе бытавала імя Тарас. [4, 125] Фармант –юк, які пашыраны на тэрыторыі Палесся і ў Заходняй Беларусі.

Тарыка – ёсць меркаванне, што дадзенае прозвішча пайшло ад мірскога імені Тарыка, якое можа паходзіць ад слова “тарыця” – з украінскай мовы (назва расліны, якую ўжывалі ў ежу толькі ў галодныя гады) [11, 328]. Прозвішча ўтворана бяссуфіксным спосабам.

Узнуздаеў – (руск. Взнуздаев) ад мірскога мені Узнуздай, якое пайшло ад дзеяслова. Мірское імя этымалагічна звязана з прафесіяй конюха або чалавека, які працаваў з коньмі. Фармант –еў.

Уласава – ад кароткай формы кананічнага імені Уласій, прынесенага хрысціянствам з Візантыі. Да гэтага ўсім славянам было добра вядома імя бога жывёлагадоўлі Вялеса. Праваслаўная царква скарысталася гукавым падабенствам абодвух імёнаў, і ў народзе стала бытаваць імя Улас, як асабовае імя хрысціянскага святога [4, 105]. Словаўтваральны ланцужок: Уласій – Улас – Уласаў (імя па бацьку) – Уласава (прозвішча)

Улькін – ад хрысцільнага жаночага імя Ульяна. Словаўтваральны ланцужок – Ульяна – Уля – Улька – Улькін (імя па маці) – Улькін (прозвішча).

Фіцаў – дакладна невядома этымалогія гэтага прозвішча. Магчыма, ад прыстаўкі фіц-. Такую прыстаўку дабаўлялі да прозвішчаў незаконнанароджанага дзіцяці ў Заходняй Еўропе. На Беларусь прыстаўка фіц- магла прыйсці як ужо самастойнае імя Фіц. Тады можна ўявіць наступны словаўтваральны ланцужок: фіц – Фіц – Фіцаў (імя па бацьку) – Фіцаў (прозвішча).

Харонжын – прозвішча пайшло ад воінскага звання ў казацкай арміі, а туды яно трапіла з польскай арміі – харунжы. У рускай мове слова “харунжы” пацярпела некаторыя фанетычныя змены. На месцы галоснага [у] з’явіўся галосны [а], памянялася месца націску. Аднак разам з новым словам “харанжа” ўжывалася і слова “харунжы”. Прозвішча Харонжын утварылася пры дапамозе фарманта –ын.

Хаўханава – магчыма, ад цюркскага імені Халхан. Дакладна этымалогія гэтага прозвішча намі не вызначана. Прозвішча ўтворана з дапамогай фарманта –аў (-ав).

Хрушчоў – ад мірскога імені Хрушч. Так называлі ў некаторых мясцінах майскага жука. Словаўтваральны ланцужок: хрушч – Хрушч – Хрушчоў (імя па бацьку) – Хрушчоў (прозвішча).

Цадава – яшчэ адно прозвішча, этымалогія якога нявысветлена. Ёсць думка, што ппрозвішча паходзіць ад яўрэйскага слова “цад”, якое мае некалькі значэнняў. Па-першае, гэта літара яўрэйскага алфавіта; па-другое, слова абазначае “бок, рабро, старана”. Словаўтваральны ланцужок: цад – Цад – Цадаў (імя па бацьку) – Цадава (прозвішча).

Цярэшчанка – прозвішча паходзіць ад скарочанай формы кананічнага імені Цярэнцій (з лацінскай мовы “назойлівы”). Фармант –анка.

Чарноў – ад мірскога імені Чарной: “Антоний, глаголемный Чръный, новгородец, 1216” [2, 425]. Так маглі калісьці называць чалавека ў цёмным колерам валасоў, смуглявага або таго, хто займаўся самай цяжкай працай. Словаўтваральны ланцужок: чарной – Чарной – Чарноў (імя па бацьку) – Чарноў (прозвішча).

Чубінец – украінскае прозвішча. Пайшло ад мірскога імені Чуб. Прозвішча мае два фарманты –ін і –ец. Словаўтваральны ланцужок: чуб – Чуб – Чубін (імя па бацьку) – Чубінец (імя па дзеду) – Чубінец (прозвішча).

Чушаў – ад прозвішча Чужъ. Так называлі чалавека, які прыйшоў з чужой стараны. З цягам часу галосны на канцы слова знік, зычны гук [ж] змяніўся на [ш]. Утварылася імя Чуш. Словаўтваральны ланцужок: Чужъ – Чуш – Чушаў (імя па бацьку) – Чушаў (прозвішча).

Шавялёва – прозвішча ад мірскога імені Шавель/Шавеля: “Ивашко Шавель, холоп, 1539” [2, 439]. Словаўтываральны ланцужок: Шавель – Шавялёў (імя па бацьку) – Шавялёва (прозвішча).

Шапавалаў – імя па бацьку ад наймення прафесіі “шапавал”. Так называлі таго, хто апрацоўваў поўсць, вырабляў войлак, кашму, валёнкі, шапкі і іншыя рэчы. Гэтую працу тады абазначаў дзеяслоў “валять” (ад яго і слова валёнкі – валяныя боты, у адрозненне ад скураных). Словаўтваральны ланцужок: шап(ка) + вал(ять) – шапавал – Шапавал – Шапавалаў (імя па бацьку) – Шапавалаў (прозвішча) [8, 165].

Шаўкунова – ад мірскога імені Шаўкун, Шаўко (рус. Шевкун, Шевко): “Андрей Шевко, крестьянин, 1495. Косьян Шевкун, шинкарь, 1564” [2, 439]. Фармант –оў(-ов).

Шэпелеў – ад мірскога імені Шэпель: “Ониско Шепель, крестьянин, 1498” [2, 440]. Так называля чалавека, які шапялявіў, не вымаўляў усе гукі пры размове. Словаўтваральны ланцужок: шэпель – Шэпель – Шэпелеў (імя па бацьку) – Шэпелеў (прозвішча).


  1. Настаўнікі

Васіленка – ад кананічнага імені грэчаскага паходжання Васіль (цар). Імя прынесена з Візантыі. Вядома, што такое імя атрымаў князь Уладзімір пасля хрышчэння ў 988 годзе. Фармант –енка.

Ганчарова – ад мірскога імені Ганчар. У кнізе Тупікава чытаем: “Ондрюшка Гончар”, трубчевский казак, 1605” [2, 113]. Фармант –оў (-ов-). Словаўтваральны ланцужок: ганчар – Ганчар – Ганчароў (імя па бацьку) – Ганчарова (прозвішча).

Дзіваноўская – магчыма, уладальніцкае прозвішча. Хутчэй за ўсё, ад назвы Дзіваны або Дзіва, якія распаўсюджаны ў Польшчы. Фармант –скі абазначае мясцовасць, месца пасялення.

Зайко – ад мірскога імені Заяц, якое ўпамініецца яшчэ ў старажытнасці: “Окатко Заець, крестьянин Буховского повета, 1495” [2, 159]. Само слова паходзіць ад дзеяслова “заять” – хутка скакаць. Словаўтваральны ланцужок: заять – заець – заяц – Заяц – Зайко. Фармант –о.

Кіпяткова – ад мірскога імені Кіпяток, а яшчэ раней так маглі называць чалавека, які вельмі хутка мог раззлавацца. Словаўтваральны ланцужок: кіпяток – Кіпяток – Кіпяткоў (імя па бацьку) – Кіпяткова (прозвішча).

Кончыц – верагодна, ад мірскога імені Конча/Конша: “Конча, крестьянин в Псковской волости, 1576. Конша, помещичий человек в Новопорожском погосте, 1495” [2, 193].

Космыкаў – ад мірскога імені Космык, якое ўтварыдася ад слова “касма” – пасма валасоў [9, 345]. Таксама так называлі прыгонных сялян у Смаленскай губерні. Фармант –аў.

Котава – ад мірскога імені Кот: “Микула Кот Оремьев сын Шестакова, землевладелец, 15 в.” [2, 203]. Словаўтваральны ланцужок: кот – Кот – Котаў (імя па бацьку) – Котава (прозвішча).

Ксяндзова – прозвішча прыналежнае, магчыма, далёкі продак працаваў на ксяндза (так называюць польскіх свяшчэннікаў). Словаўтваральны ланцужок: ксёндз – ксяндзоў – Ксяндзоў (прыналежнае імя) – ксяндзоў (прозвішча).

Купрэева – прозвішча паходзіць ад Купрэй, прастамоўнай формы кананічнага імені Купрыян. У кнізе “Толкование” Максіма Грэка імя прыводзілася ў формах “Киприянъ” і “Киприанъ” [10, 55-56] (праз “і”), а ў тлумачэнні гаворыцца, што яно ўтворана ад назвы вострава Кіпр (праз “іжыцу”).

Маісеева – ад імені Маісей (з яўрэйскай мовы “выратаваны з вады”) [11, 284]. Словаўтваральны ланцужок: Маісей – Маісееў (імя па бацьку) – Маісеева (прозвішча).

Мачэхіна – хутчэй за ўсё, дадзенае прозвішча паходзіць ад слова “мачаха”. Фармант –ін указвае на прыналежнасць мачысе. Мачэхін – дзіця мачахі. Словаўтваральны ланцужок: мачаха – мачэхін – Мачэхін (імя па маці) – Мачэхіна (прозвішча).

Мігаль – прозвішча вельмі пашырана ў Заходняй Украіне, асабліва ў Львоўскай вобласці. [12] Згодна “Словарю фамилий” С. В. Другавейка-Далжанскай, “в основе фамилии лежит прозвище, связанное с глаголом мигать. Такое прозвище могло быть дано человеку, который часто моргает, подмигивает, перемигивается с кем-то” [12, с. 272]. Аднак існавала і мірское імя Мігаль: “Мигаль Сербин, запорожец, 1611” [2, 250]. Фармант –аль.

Рэутава – імя па бацьку ад мірскога імені Рэут. У аснове імені Рэут – “той, хто раве, шуміць” [8, 102]. У Тупікава: “Юрко Ревут, крестьянин, 1495” [2, 336]. Фармант -аў (-ав).

Сіняцкіна – існуе два варыянты тлумачэння этымалогіі гэтага прозвішча: па-першае, найменне магло пайсці ад мірскога імені Сінька (так называлі чалавека з сінім колерам твару); па-другое, - ад варыянту імені Сямён: Сімяон – Сямён – Сеня – Сенька – Сінька.

Суглоб – прозвішча украінскага паходжання. Ад мірскога імені Суглоб. Дарэчы, “суглоб” з украінскай перакладаецца, як “сустаў”.

Федарэнка – ад кананічнага імені Фёдар (з грэчаскай “божы дар”). Фармант –энка.

Філімонаў – ад кананічнага імені Філімон (з грэчаскай “любіць”). Словаўтваральны ланцужок: Філімон – Філімонаў (імя па бацьку) – Філімонаў (прозвішча).

Харанжа – прозвішча пайшло ад воінскага звання ў казацкай арміі, а туды яно трапіла з польскай арміі – харунжы. Прозвішча Харанжа ўтварылася бяссуфіксным спосабам.

Чарняўская – першапачаткова імя па бацьку ад абазначэння мясцовасці, з якой прыехаў чалавек. У Вінніцкай, Жытомірскай і Хмяльніцкай абласцях вельмі часта сустракаюцца назвы вёсак Чарнява, Чарняўка. Такія тапонімы ёсць і ў Беларусі – рака Чарняўка, вёска Чарнява ў Мінскай вобласці [8, 159].

Юшкіна – можа падацца, што так называлі чалавека, які вельмі любіў есці суп з рыбы, які называлі юшкай. Аднак такое тлумачэнне было б няправільным. На самой справе прозвішча ўтварылася ад кананічнага імені Юрый (Георгій). Імені Георгій князі-варагі прыдалі форму, больш падобную да іх роднай мовы – Юрга, а ўжо гэта імя з цягам часу ператварылася ў Юрыя. У народзе імя Юры хутка “перарабілі” ў Юшку або Юхно. Словаўтваральны ланцужок: Георгій – Юрга – Юрый – Юшка – Юшкін (імя па бацьку) – Юшкіна (прозвішча).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка