Этыка сусветных рэлігій




Дата канвертавання17.03.2016
Памер369.47 Kb.


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі

“Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Францыска Скарыны”

В. А. АДЗІНОЧАНКА


ЭТЫКА СУСВЕТНЫХ РЭЛІГІЙ
Практычнае КІРАЎНІЦТВА ДЛЯ СКРС

Гомель

ГДУ імя Ф. Скарыны

2012

УДК 2–426(075.8)

ББК 86.2 я 73

А 299
Рэцэнзенты:

кандыдат філалагічных навук Д. Д. Паўлавец;

кандыдат філасофскіх навук В. К. Барэцкая


Рэкамендавана да выдання навукова-метадычным саветам

установы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Францыска Скарыны»

А 299


Адзіночанка, В. А.

Этыка сусветных рэлігій : практ. кір-ва / В. А. Адзіночанка; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2012. – 32 с.

ISBN 978-985-439-694-1


Паказана месца этыкі ў структуры сусветных рэлігій. Прааналізавана спецыфіка рэлігійнай маралі. Разгледжаны этычныя вучэнні будызму, хрысціянства і ісламу. На прыкладзе канкрэтных палажэнняў паказана іх спецыфіка. Зроблены вывад, што кожная з сусветных рэлігій ўяўляе сабой сваеасаблівую сістэму, і вельмі часта іх этычныя палажэнні несумяшчальныя паміж сабой.

Адрасавана студэнтам вну.
УДК 2–426(075.8)

ББК 86.2 я 73

ISBN 978-985-439-694-1

© Адзіночанка В. А., 2012

© УА «Гомельскі дзяржаўны

ўніверсітэт імя Ф. Скарыны», 2012



ЗМЕСТ



Уводзіны. Рэлігійная мараль і яе месца ў структуры сусветных рэлігій ………………………………………….......

4


Тэма 1. Этыка будызму ……………………………………......

8

Тэма 2. Этыка хрысціянства …………………………………..

13

Тэма 3. Этыка ісламу ………………………………………….

19

Заключэнне …………………………………………………….

25

Літаратура ……………………………………………………...

26

УВОДЗІНЫ. РЭЛІГІЙНАЯ МАРАЛЬ

І ЯЕ МЕСЦА Ў СТРУКТУРЫ СУСВЕТНЫХ РЭЛІГІЙ
Пры супастаўленні маральных сістэм сусветных рэлігій мы ставім дзве мэты: па-першае, асэнсаваць спецыфіку рэлігійнай маралі і рэлігіі ў цэлым і, па-другое, прааналізаваць праблему ўзаемадзеяння розных рэлігій, рэлігійнага і свецкага тыпаў света-ўспрымання, якія ўтрымліваюць розныя спосабы чалавечых паводзін (мараль ад лац. moresзвычаі, паводзіны). Матэрыялам для нашых разважанняў будуць служыць перш за ўсё сусветныя рэлігіі (будызм, хрысціянства, іслам), паколькі менавіта на іх прыкладзе можна найбольш дакладна паказаць, што такое рэлігія, якое месца ў ёй займае мараль, чым абумоўлена спецыфіка апошняй.

Зараз існуе звыш чатырохсот азначэнняў рэлігіі. Мы будзем звыходзіць з таго, што рэлігія – гэта грамадска аформлены тып светаўспрымання і светаадчування, а таксама адпаведныя паводзіны і спецыфічныя дзеянні, што грунтуюцца на веры ў звышнатуральнае. Калі казаць коратка, рэлігія – гэта вера ў звышнатуральнае і паводзіны ў адпаведнасці з гэтай верай.

Звышнатуральнае – гэта тое, што знаходзіцца па-за межамі прыроды і не можа быць успрынята сродкамі прыродазнаўчых навук, а таксама ў межах штодзённага вопыту.

Што тычыцца прыродазнаўчых навук, дык тут відавочныя схемы разважанняў наконт звышнатуральнага. Як сведчыць сама іх назва, гэтыя навукі займаюцца даследаваннем прыроды (лац. natura) і не разглядаюць тое, што выходзіць за яе межы. Таму звышнатуральнае ў любой яго мадыфікацыі не можа быць аб’ектам іх даследавання. Да нядаўняга часу ў нашым грамадстве рэлігія і навука разглядаліся як варожыя формы свядомасці. Тлумачылася гэта перш за ўсё ідэалагічнымі прычынамі: рэлігія разглядалася не толькі як “опіум народа”, але і як “форма антыкамуністычнай ідэалогіі”, таму яе імкнуліся як мага больш жорстка крытыкаваць. Зараз разам са знікненнем напружанасці ідэалагічных баталій трактоўка суаднясення рэлігіі і навукі зрабілася больш спакойнай, яны проста разглядаюцца як розныя формы культуры. Акцэнт пры гэтым робіцца менавіта на іх адрозненні, а не на варожасці.

Што тычыцца штодзённага вопыту, дык тут, на наш погляд, патрэбна ўдакладненне. Справа ў тым, што той штодзённы вопыт, які мы маем і які здаецца нам відавочным, – гэта вынік жыцця ў секулярызаваным грамадстве, аддзеленым ад звышнатуральнага. Секулярызацыя (ад познелац. saecularisмірскі, свецкі) – працэс раздзялення рэлігійнага і свецкага ў грамадскім жыцці. Але сама секулярызацыя – параджэнне еўрапейскай хрысціянскай культуры. У хрысціянстве ёсць дакладнае разуменне адрознення сакральнага (лац. sacrum) ад штодзённага (лац. profanum). У язычніцтве ж (ад старажытнаслав. языцы народы) – рэлігія, у якой звышнатуральныя якасці прыпісваюцца сілам прыроды, такога адрознення няма, тут штодзённае і звышнатуральнае зліты разам, звышнатуральныя сілы – частка штодзённага жыцця чалавека. Напрыклад, сядзіба беларускага селяніна была населена звышнатуральнымі істотамі: у хаце жыў хатнік, у лазні – лазнік, у хлеве – хлеўнік і г. д. І гэтыя істоты не ўспрымаліся як нешта незямное, а менавіта як частка жыццёвага асяроддзя. Як вядома, язычніцтва з’яўляецца рэлігіяй, якая параджаецца любым штодзённым жыццём, у тым ліку і жыццём сучаснага студэнта (гэта такія з’явы, як вера ў сурокі, біяпалі, фэн-шуй, астралогію, замовы на экзамен і г. д.). І тут існуе адпаведная мараль, якая накіравана на прыстасаванне да існуючага асяроддзя, да тых з’яў, ад якіх чалавек залежыць і якія могуць трактавацца ім як звышнатуральныя. І тады для ўзаемадзеяння з імі выкарыстоўваецца магія. Такім чынам, у язычніцтве (як традыцыйным, так і сучасным) звышнатуральнае ўспрымаецца як нешта блізкае, тое, што з’яўляецца часткай штодзённага вопыту, не выходзіць за яго межы, можа быць апісана ў яго паняццях, на што можна ўздзейнічаць. Крыніца маральных паводзін тут – імкненне ўладкаваць свае ўзаемаадносіны з наваколлем, у тым ліку і звышнатуральным, каб пазбегнуць адмоўнай рэакцыі з яго боку. Напрыклад, беларускія сяляне верылі, што хатнік дапамагае ў гаспадарцы (сочыць, каб не было пажару, каб ежа не прыгарала і г. д.), але толькі ў тым выпадку, калі ў сямейным жыцці ёсць згода: дзеці слухаюцца бацькоў, а жонка мужа. Калі ж гэтага не было, ён злаваўся і рабіў розную дробную шкоду: перакульваў гаршкі з ежай, выў у комін, хаваў рэчы. Асабліва хатнік не любіў сварлівых баб, і калі такая ёсць у хаце – ноччу навальваўся ёй на грудзі і душыў. І зараз шмат хто, асабліва жанчыны, неабходнасць маральных паводзін тлумачаць тым, што “тое зло, якое ты зробіш іншым, абавязкова да цябе вернецца”. Такім чынам, неабходнасць маральных паводзін у язычніцтве выводзіцца з патрэб штодзённага жыцця.

Тыя ж рэлігіі, маральныя сістэмы якіх мы будзем супастаўляць, – гэта рэлігіі адкрыцця. Сцвярджаецца, што іх асноўныя палажэнні – вынік звышнатуральнага вопыту заснавальнікаў: Буды, Хрыста, Магамета. І тут, па-першае, прысутнічае дакладнае раздзяленне натуральнага і звышнатуральнага, і па-другое, звышнатуральнае адэкватна не апісваецца праз мову штодзённага жыцця і не ўяўляе сабой яго часткі. Для веруючых яно з’яўляецца святым – тым, што мае для іх найбольшую каштоўнасць і на што яны абапіраюцца ў сваіх паводзінах.

Падкрэслім, што звышнатуральнае ў рэлігіях – гэта тое, што задае структуру рэчаіснасці. Бог у хрысціянстве і Алах у ісламе не толькі ўстанавілі для людзей правілы паводзін, але і стварылі свет. Тыя маральныя нормы, якія яны далі людзям, прама карэлююцца са структурай гэтага свету. Такім чынам, у рэлігіі аксіялогія (вучэнне пра каштоўнасці, у тым ліку і маральныя) грунтуецца на анталогіі (вучэнні аб пабудове свету).

Менавіта звышнатуральнае  гэта тое, што вызначае спецыфіку рэлігійнай маралі, бо праз яго задаецца структура рэчаіснасці, у якой веруючы чалавек жыве і дзейнічае.



Рэлігійная мараль – гэта сукупнасць норм паводзін, якімі карыстаюцца прыхільнікі той ці іншай рэлігіі ў сваім штодзённым жыцці. Для веруючых яны маюць звышнатуральнае паходжанне, лічыцца, што гэтыя нормы не прыдуманы людзьмі, а дадзены Богам. Кожная рэлігія мае сваё разуменне звышнатуральнага, і таму задаюцца розныя анталогіі. Больш таго, сам тэрмін звышнатуральнае мае ўмоўны характар і ўводзіцца для таго, каб абазначыць тое спецыфічнае, што ёсць у рэлігіях. Але сама сутнасць звышнатуральнага ў розных рэлігіях розная (падкрэслім, што гаворка ідзе не пра мадыфікацыі аднаго і таго ж, а пра прынцыпова розныя рэчы). Звышнатуральнае ў хрысціянстве  гэта зусім іншае, чым звышнатуральнае ў будызме.

Сам тэрмін рэлігія даследчыкі звычайна супастаўляюць з лацінскім дзеясловам religare – “звязваць, яднаць”. Ад яго паходзіць назоўнік religio – “святыня, набожнасць”. Старажытныя рымляне абазначалі гэтым словам усё тое, што было звязана з ушанаваннем багоў. Найбольш распаўсюджанае ў хрысціянстве тлумачэнне этымалогіі слова рэлігія даў вядомы тэолаг V стагоддзя Аўрэлій Аўгусцін. Ён разглядаў яе як “узнаўленне страчанай cувязі”. Трэба падкрэсліць спецыфічна хрысціянскі характар гэтага тлумачэння: лічыцца, што калісьці існавала непасрэдная сувязь чалавека з Богам, потым з-за грахоў людзей яна была разарвана, і ў рэлігійным акце чалавек спрабуе ўзнавіць гэтую сувязь. Але, напрыклад, у будызме такога паняцця страчанай сувязі няма, больш таго, у некаторых яго накірунках нават адмаўляецца рэальнае існаванне звышнатуральных істот, і таму няма з кім узнаўляць сувязь. Таму спачатку рэлігіяй еўрапейцы называлі толькі хрысціянства, а для абазначэння іншых тыпаў вераванняў ужываўся тэрмін язычніцтва.

У далейшым паняцце рэлігія было ў палемічных мэтах пашырана і на нехрысціянскія вераванні, іх тлумачылі як “несапраўдныя” рэлігіі і гэтым адрознівалі ад хрысціянства. Толькі ў XIX стагоддзі ў сувязі з геаграфічнымі адкрыццямі і знаёмствам еўрапейцаў з іншымі культурамі данае паняцце стала ўжывацца ў яго сучасным сэнсе для абазначэння адной з галін духоўнага жыцця разам з мараллю, навукай, філасофіяй, мастацтвам і г. д. У гэты ж час пачынае разгортвацца палеміка вакол пытання “Што такое рэлігія?”, якая працягваецца па сённяшні дзень, аб чым сведчыць разнастайнасць азначэнняў. Аднак у большасці з іх можна вылучыць наступныя агульныя характарыстыкі рэлігіі: па-першае, яна характарызуецца як адна з форм чалавечай дзейнасці і, па-другое, спецыфіка апошняй бачыцца ў тым, што яна грунтуецца на веры ў нейкія надпрыродныя, вышэйшыя сілы і з’яўляецца яе вынікам.

Адзначым, што ў розных рэлігійных сістэмах мараль займае рознае месца. Напрыклад, у антычнай рэлігіі асноўная ўвага надавалася культу. Галоўнае, каб чалавек прымаў удзел у агульнагарадскіх ахвярапрынашэннях і адкрыта не крытыкаваў афіцыйна прынятых багоў, яго паводзіны не былі аб’ектам рэлігійнага разгляду. У сусветных жа рэлігіях немагчыма казаць аб тым, што чалавек з’яўляецца іх прыхільнікам, калі ён не выконвае ўстаноўленыя маральныя нормы.

Але ў кожнай з гэтых рэлігій па-рознаму разумеецца, што такое мараль і адкуль яе паходжанне. Менавіта на аналізе спецыфікі этычнага вычэння ў розных сусветных рэлігіях мы будзем рабіць націск.

ТЭМА 1. ЭТЫКА БУДЫЗМУ
Як узор рэлігіі Хрысціянства ў нашай культуры ўспрымаецца хрысціянства, і мы ўпэўнены, што яго нормы з’яўляюцца агульначалавечымі. Каб паказаць, што гэта не так, разгледзім анталогію і маральную сістэму будызму, іншай, вельмі непадобнай на хрысціянства, рэлігіі.

У будызме няма распрацаванай касмалогіі (вучэння аб пабудове свету). Сваёй асноўнай задачай Буда лічыў не тлумачэнне свету, а ўказанне людзям шляхоў выратавання. Ён параўноўваў гэта з наступнай сітуацыяй: калі чалавек будзе паранены стралой і пачне высвятляць, хто ў яго стрэліў, колькі яму год, мужчына гэта ці жанчына, дык ён раней памрэ, чым высветліць усё гэта. Таму не трэба задаваць такія пытанні, а хутчэй выцягваць стралу і перавязваць рану. Так і ў жыцці: чалавек задумваецца над метафізічнымі пытаннямі накшталт такіх, адкуль узнік свет, з чаго ён складаецца, куды ідзе. Ён не знаходзіць адказаў на іх і памірае незадаволеным. Таму, калі Будзе задавалі пытанні пра будову свету, ён проста маўчаў. Гэта называецца “вялікім маўчаннем Буды”. Буда казаў, што ён прапаведуе не ўсё сваё вучэнне, а толькі тую яго частку, якая непасрэдна карысна для жыцця, – тое, што ён ведае, і тое, чаму вучыць, суадносяцца прыкладна таксама ж, як колькасць лістоў у лесе і колькасць лістоў, узятых у руку. Усё ў будызме падпарадкавана справе вызвалення чалавека ад пакут.

Але сам будызм з’явіўся лагічным працягам і своеасаблівым адмаўленнем папярэдніх рэлігій: ведызму і брахманізму. І анталагічныя ўяўленні былі ім узяты менавіта адтуль. Лічыцца, што наш свет – гэта сукупнасць дхарм (ад арыйск. dharсцвярджаць, падтрымліваць, абараняць) – найдрабнейшых кампанентаў, з якіх складаецца свет.

Само слова “дхарма” мае шмат значэнняў. Згодна з адным з іх, дхармы – гэта элементы: зямля вада, агонь, паветра; сіла волі, сіла розуму, сумленне, невуцтва, слава, прыгажосць, багацце, сексуальнасць, сон, голад, хвароба, заспакаенне, сталасць, смерць. Рэчаіснасць – паток дхарм, якія безупынна рухаюцца і, аб’ядноўваючыся розным чынам, ствараюць рэчы і свет у цэлым. Прынцып, у адпаведнасці з якім з патоку дхарм фарміруецца жыццё чалавека, называецца кармай. Само гэта слова перакладаецца як “дзеянні”, “учынкі”. Карма – гэта сукупнасць учынкаў, якія чалавек здзейсніў за сваё жыццё і якія вызначаюць яго будучае існаванне. Ад папярэдняга яму брахманізму будызм засвоіў уяўленне пра сансару (у перакладзе з санскрыту – кругазварот, пераход праз розныя станы, блуканне) – кола перараджэнняў. Лічыцца, што пасля смерці чалавек не знікае, а перараджаецца ў іншую істоту, у адпаведнасці са сваёй кармай. Калі ў яго добрая карма (пераважаюць добрыя ўчынкі), яго будучае жыццё будзе добрым, ён народзіцца ў выглядзе жраца або князя, калі нейтральная (колькасць добрых і дрэнных учынкаў роўная) – жыццё будзе такім жа, калі дрэнная (пераважаюць благія ўчынкі) – народзіцца чалавекам з нешчаслівым лёсам або жывёлай.

Менавіта працэсам безупыннага перараджэння (сансарай) абумоўлены пакуты чалавека, пад якімі ў будызме разумеецца неспакой, хваляванне, мітусня. Буда не казаў аб структуры свету, але асноўны яго тэзіс той, што чалавек у гэтым свеце – істота, якая ўвесь час пакутуе.

На характар этыкі будызму вельмі вялікі ўплыў аказаў жыццёвы вопыт яго заснавальніка. Згодна з паданнем, Буда нарадзіўся ў царскай сям’і. Яго звалі Сіддхартха Гаўтама. Яго бацькам было прадказана, што іх сын зробіцца альбо вялікім царом, альбо заснавальнікам новага вучэння, прычым апошняе адбудзецца, калі ён пабачыць пакуты свету. Бацька хацеў, каб ягоны сын стаў царом, і таму эабяспечыў яму бестурботнае жыццё. Але аднойчы малады царэвіч паехаў на прагулку, і адбыліся чатыры знакамітыя сусрэчы: ён убачыў хворага, старога, памёрлага і манаха-аскета. Пад уражаннем першых трох сусрэч Сіддхартха прыйшоў да высновы, што ўсё жыццё чалавека поўнае зла і пакут, а чацвёртая паказала яму магчымы шлях выратавання. Ён уцякае з палаца і спрабуе знайсці ісціну праз аскетызм, але потым адмаўляецца ад яго. Сіддхартха сядае пад свяшчэннае дрэва, уваходзіць у стан глыбокай медытацыі, вырашыўшы не падымацца, пакуль не дасягне ісціны. Ён сядзеў так 49 дзён, яго спакушаў дэман Мара, але нарэшце дасягнуў прасвятлення і зрабіўся Будай (Прасвятлённым). Потым ён стварае манаскую суполку, прапаведуе сваё вучэнне.

У сваіх пропаведзях Буда прытрымліваўся так званага “сярэдзіннага шляху”. Ён прыйшоў да высновы, што абедзве крайнасці – і жыццё, поўнае пачуццёвых задавальненняў, і аскетычная практыка добраахвотных пакут – аднолькава несапраўдныя. Першая – гэта “жыццё нізкае, не высакароднае, супрацьлеглае духу, ганебнае, мізэрнае”; другая – “жыццё змрочнае, ганебнае, мізэрнае”. Правільны шлях ляжыць пасярэдзіне. Гэта шлях паглыблення ў сябе дзеля пазнання ісціны, ён вядзе да супакою і прасвятлення духу.

Этыка будызму грунтуецца на чатырох высакародных ісцінах, якія адкрыліся Будзе ў выніку яго духоўных пошукаў.

Першая ісціна – усё жыццё ёсць зло і пакуты. Нараджэнне – гэта пакуты, смерць – гэта пакуты, хвароба – гэта пакуты, неспакой, няшчасце, боль, расчараванне і адчай – гэта пакуты, немагчымасць атрымаць жаданае – гэта пакуты і г. д. Пакуты Буда разумеў перш за ўсё як хваляванні, мітусню, неспакой.

Другая ісціна – прычынай пакут з'яўляюцца жаданні. З засвоенага ад брахманізму вучэння пра сансару будызм зрабіў прынцыпова іншую этычную выснову. У брахманізме яна гучыць прыкладна так: калі ў чалавека цяжкае жыццё – гэта пакаранне за тое зло, якое ён зрабіў у мінулым. Трэба паводзіць сябе добра – і будучае жыццё стане лепшым. Для будызму такая логіка непрымальная, бо ў ім любое жыццё лічыцца злом і пакутамі. Прычынай жа пакут з'яўляюцца жаданні, як добрыя, так і дрэнныя, бо гэта менавіта яны прыводзяць да ўчынкаў і новых перараджэнняў.

Трэцяя ісціна – каб пазбавіцца ад пакут, трэба пазбавіцца ад жаданняў. Сукупнасць добрых і дрэнных жаданняў чалавека з'яўляецца падставай для яго далейшых перараджэнняў. Калі знікаюць жаданні, працэс перараджэнняў спыняецца.

Чацвёртая ісціна – каб пазбавіцца ад жаданняў, трэба ісці па “высакароднаму васьмярычнаму шляху”, які ўказаў Буда. Называецца ён так таму, што складаецца з васьмі наступных крокаў:

1. Праведныя погляды, гэта значыць, погляды, заснаваныя на “высакародных ісцінах”.

2. Праведнае імкненне – сяброўскае стаўленне да ўсяго жывога, спачуванне да ўсіх істот, якія пакутуюць, бясконцая радасць ад поспехаў іншых і духоўная ўраўнаважанасць ва ўсіх абставінах.

3. Праведная мова – добразычлівая, шчырая мова, пазбаўленая грубасці, ілжы, нагавораў.

4. Праведныя паводзіны – паводзіны, падпарадкаваныя наступным пяці прынцыпам: а) захаванне вернасці ў щлюбе; б) адмаўленне ад забойства ўсякай жывой істоты; в) адмаўленне ад крадзяжу; г) адмаўленне ад хлусні; в) адмаўленне ад ужывання наркатычных сродкаў, у тым ліку алкаголю.

5. Праведнае жыццё – гэта жыццё на сумленна здабытыя сродкі. Спосаб зарабляць сабе на жыццё не павінен прыносіць шкоды іншым людзям.

6. Праведнае намаганне – пераадоленне ўсяго, што прывязвае да сябе свядомасць.

7. Праведная ўвага – пастаянная сканцэнтраванасць свядомасці на тым, чаго ўдалося ўжо дасягнуць на шляху пазбаўлення ад пэўных схільнасцей.

8. Праведная медытацыя – стан поўнай адлучанасці ад свету і пазбаўлення ад якіх-небудзь жаданняў.

Канчатковай мэтай васьмярычнага шляху з'яўляецца дасягненне нірваны. Згодна з будыйскай традыцыяй, рацыянальна растлумачыць, што такое нірвана, немагчыма. Звычайна пад ёй разумеецца адсутнасць “павуціння жаданняў”, якое звязвае адно жыццё з другім. Само слова нірвана перакладаецца з санскрыту як “затуханне”, “згасанне”. Падобна таму, як полымя згасае, калі заканчваецца паліва, спыняецца кола перараджэнняў, калі знікаюць жаданні. “Мудрыя, – вучыў Буда, – затухаюць, як лампады”. Такім чынам, нірвана – гэта ўнутраны стан чалавека, які характарызуецца поўнай адсутнасцю жаданняў, свабодай, раўнавагай, адлучанасцю ад праблем жыцця, абсалютным спакоем.

У свяшчэнным тэксце будыстаў “Трыпітацы” пішацца: “Нірвана – гэта месца, дзе няма зямлі, вады, агню і паветра; гэта не бясконцая прастора і не месца, дзе нічога няма; не мяжа паміж адрозным і неадрозным; не гэты свет і не іншы; яна там, дзе няма ні сонца, ні месяца. Я не магу сказаць, што яна прыходзіць і сыходзіць, або стаіць на месцы, або затухае, або пачынаецца. У яе няма асновы, няма працягу і няма спынення. Гэта канец пакут”.

Сэнс нірваны ў тым, што яна ставіць чалавека па той бок неабходнасці, і таму яна тоесная свабодзе. Аднак гэта негатыўная свабода, свабода ад жаданняў, пачуццяў, прыхільнасцей. Этыка будызму мае песімістычны характар: усё жыццё – гэта зло і пакуты, і, каб пазбавіцца ад пакут, трэба фактычна пазбавіцца ад жыцця. Але не шляхам самазабойства, бо гэта толькі пагоршыць карму і прывядзе да новага больш дрэннага існавання, а шляхам адмаўлення ад усяго, што прывязвае да гэтага свету, яго хваляванняў, радасцей і пакут, каб дасягнуць абсалютнага спакою ў нірване.

Мараль будызму – гэта прынцыпова іншае, чым тое, што разумем пад мараллю мы. Мараль для нас – гэта правілы паводзін; сэнс маральнай сістэмы – у арганізацыі паводзін у адпаведнасці з тымі ці іншымі нормамі. Чалавек нясе адказнасць за свае ўчынкі, і яны маюць для яго вынік. Згодна з хрысціянствам, калі ўчынкі чалавека будуць добрымі, ён трапіць у рай, калі злымі, – у пекла. Але ў будызме і добрыя, і благія ўчынкі – гэта частка сансары, і яны прыводзяць да добрых або дрэнных перараджэнняў, будысты ж імкнуцца выйсці з гэтага кола і дасягнуць нірваны, а гэта значыць, адмовіцца ад актыўных учынкаў. Такім чынам, мэта маралі будызму – адмаўленне ад актыўнасці і дасягненне спакою. З нашага пункту погляду гэтая мэта мае не маральны, а хутчэй псіхатэрапеўтычны характар.




ТЭМА 2. ЭТЫКА ХРЫСЦІЯНСТВА
Хрысціянства – гэта найбольш блізкая і зразумелая нам рэлігія. Мы ўспрымаем яго як узор рэлігіі, і па аналогіі з ім разглядаем іншыя. Але трэба падкрэсліць, што яно мае сваю дакладную спецыфіку ў разуменні, што такое свет, адкуль ён узнік, і таксама, што такое мараль і адкуль яе паходжанне. Хрысціянства выходзіць з таго, што ўвесь свет створаны Богам, прычым, як гэта падкрэсліваецца ў Бібліі, створаны дасканала: “І ўбачыў Бог ўсё, што Ён стварыў, і гэта добра вельмі” (Быц. 1, 31).

Такім чынам, згодна з хрысціянствам, Бог стварыў свет і чалавека. Тыя маральныя нормы, што Ён даў, – гэта правілы паводзін, якія адпавядаюць характару рэчаіснасці, і менавіта гэтым абумоўлена неабходнасць іх выканання. Фундаментам этыкі тут з’яўляецца анталогія, адлюстраванне структуры свету.

Бог хрысціянства – гэта Бог, які любіць. Маральныя нормы ўстаноўлены Ім для таго, каб зрабіць чалавека свабодным і шчаслівым. Маральнасць чалавека – гэта адказ на любоў Бога. Маральныя нормы ў хрысціянстве – гэта не абмежаванні, накладзеныя Богам на чалавека, як вельмі часта лічыцца. Знакамітыя Дзесяць запаведзяў пачынаюцца так: “Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дома рабства” (Вых. 20.2). Маральныя нормы, абвешчаныя ў Дзесяці запаведзях – гэта правілы паводзін, якіх чалавек павінен прытрымлівацца, каб пазбавіцца ад рабства грахоў і жыць шчасліва:

Я – Гасподзь Бог твой, што вывеў цябе з зямлі егіпецкай, – з дома няволі. Няхай не будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім.

Не рабі сабе куміра і не стварай ніякага вобраза таго, што на небе ўверсе, што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі, – не пакланяйся ім і не служы ім...

Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна; бо Гасподзь не пакіне без пакарання таго, хто вымаўляе імя Яго марна.

Памятай дзень суботні, каб свяціць яго. Шэсць дзён працуй і рабі ўсякія справы твае, а дзень сёмы – субота – Госпаду, Богу твайму…

Паважай бацьку твайго і маці тваю, каб твае дні мелі працяг на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.

Не забівай.

Не распуснічай.

Не крадзі.

Не кажы няпраўды на блізкага твайго.

Не жадай дома блізкага твайго; не жадай жонкі блізкага твайго, ні раба яго, ні рабыні яго, ні вала яго, ні асла яго – нічога, што ёсць у блізкага твайго (Вых., 20, 2–І7).

У хрысціянстве ж гэтыя нормы яшчэ больш паглыбляюцца. У Нагорным казанні Хрыстос кажа: “Не думайце, што я прыйшоў парушыць закон або прарокаў: не парушыць прыйшоў я, а здзейсніць” (Мц. 5, 17). Нагорнае казанне пачынаецца з указанняў на тое, пры якіх умовах чалавек будзе шчаслівым:

“Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны.

Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.

Шчаслівыя жадаючыя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны.

Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.

Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі.

Шчаслівыя, каго праследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”.

Відавочна, што такое ўяўленне аб шчасці выклікае пярэчанне. Але згодна з хрысціянствам, крыніцай шчаслівага жыцця чалавека з’яўляецца Бог, і менавіта Ён дае чалавеку здольнасць выконваць маральныя запаведзі. Бо сам па сабе чалавек іх выканаць не ў стане. Бо запаведзі, якія даў Хрыстос у Нагорным казанні, маюць парадаксальны характар (грэц. paraнасуперак, doxaмеркаванне – тое, што супярэчыць штодзённаму вопыту і прынятым уяўленням). У Нагорным казанні Хрыстос кажа:

“Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”; а хто заб’е, падлягае суду. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду.

Хто ж скажа брату свайму “рака”, падлягае Сінедрыёну, а хто скажа “неразумны”, падлягае геене вогненнай.

Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі дар свой.

Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

Вы чулі, што сказана: “Не пралюбадзейнічай”. А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю пралюбадзейства ў сэрцы сваім.

Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену.

І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену.

Сказана: “Калі хто разводзіцца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разводны ліст”.

А Я кажу вам: кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны блуду, той даводзіць яе да пралюбадзейства, а хто ажэніцца з разведзенаю, той пралюбадзейнічае .

Вы чулі, што сказана было продкам: “Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае”.

А Я кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы; ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Яго; ні Ерусалімам, бо гэта горад вялікага Цара.

Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным.

Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.

Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”. А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і верхняе адзенне. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну адлегласць, ідзі з ім дзве.

Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”.

А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто праследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.

Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі?

І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?

Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны. (Мц. 5, 21–48).

Адступленне ад запаведзяў разглядаецца як грэх. Але трэба падкрэсліць спецыфіку яго разумення ў хрысціянстве. Сутнасць граху – не ў парушэнні нейкіх прадпісанняў, падобна таму, як чалавек парушае нормы закона і за гэта нясе адказнасць. Грэх у хрысціянстве – гэта дзеянні чалавека, якія адразаюць яго ад Бога, як крыніцы жыцця і любві. Таму найбольш цяжкія грахі называюцца ў хрысціянстве смяротнымі – яны вядуць да духоўнай смерці чалавека. Каталіцкая царква называе сем смяротных грахоў:



  • ганарыстасць (лац. Superbia);

  • зайздрасць (лац. Invidia);

  • абжорства (лац. Gula);

  • блуд (лац. Luxuria);

  • гняўлівасць (лац. Ira);

  • сквапнасць (лац. Avaritia);

  • смутак (лац. Acedia).

У праваслаўі такіх грахоў называецца восем:

  • абжорства;

  • блуд;

  • прага да грошай;

  • гняўлівасць;

  • смутак;

  • маркота;

  • пыхлівасць;

  • ганарыстасць.

Аднак трэба падкрэсліць умоўнасць гэтай класіфікацыі, каб не склалася ўражанне, што толькі названыя вышэй грахі з’яўляюцца цяжкімі, а астатнія – не. Згодна з хрысціянствам, смяротным з’яўляецца любы грэх, у якім чалавек супрацьпастаўляе сябе Богу.

Таксама трактоўка хрысціянскай царквой таго ці іншага граху як смяротнага можа мяняцца ў залежнасці ад канкрэтных небяспек, якія разбураюць чалавека і грамадства. Так у сучаснай каталіцкай царкве ў якасці смяротных называюцца наступныя грахі (у дадатку да сямі, якія названы вышэй):



  • парушэнне “біяэтыкі (напрыклад, кантроль над нараджаль-насцю ў форме перарывання цяжарнасці);

  • даследаванні, якія не адпавядаюць маралі (напрыклад, звязаныя з выкарыстаннем ствалавых клетак, або геннай інжынерыі ў дачыненні да чалавека);

  • забруджванне навакольнага асяроддзя;

  • паглыбленне эканамічнай розніцы паміж багатымі і беднымі людзьмі і краінамі;

  • залішняе багацце;

  • ужыванне наркотыкаў;

  • давядзенне кагосьці да жабрацтва.

Таксама трэба падкрэсліць адрозненне маралі і права, якое ёсць у хрысціянстве, і якое аказала вельмі вялікі ўплыў на этычныя вучэнні, распрацаваныя ў межах еўрапейскай культуры. Маральнасць (або амаральнасць) мы разумеем перш за ўсё як выяўленне ўнутранага свету чалавека, яго асабістага выбару. Увага засяроджваецца не на сістэме маральных нормаў, а на чалавеку, які гэтыя нормы выконвае. Адна з асаблівасцей еўрапейскай культуры – адкрыццё свабоднай і актыўнай асобы. Маральныя ўчынкі тут – гэта вынік свабоднага выбару, калі апошняга няма, яны знаходзяцца па-за межамі маралі. Свабода чалавека – гэта адно з фундаментальных палажэнняў хрысціянства ў яго разуменні чалавека: “Да свабоды закліканы вы, браты” (Гал. 5, 13). У аснове хрысціянскай маралі ляжыць не выкананне нормаў, а любоў да блізкага: ”І спытаўся адзін з іх, законнік, спакушаючы Яго і кажучы: Настаўнік! Якая запаведзь найбольшая ў законе? Ісус жа сказаў яму: “Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменнем тваім”; гэта найбольшая і першая запаведзь; а другая падобная да яе: “палюбі блізкага твайго як самога сябе”; на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі” (Мф. 22, 35–40). Пры адсутнасці гэтай любві чалавек перастае быць хрысціянінам, нават калі ён надзвычай старанна прытрымліваецца знешніх нормаў паводзін: “Калі я кажу мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любві не маю, дык я – медзь звонкая або кімвал гулкі. Калі маю дар прароцтва і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а не маю любві – дык я нішто. І калі я раздам усю маёмасць маю і аддам цела маё на спальванне, а любві не маю, – няма мне ў тым ніякай карысці” (І Кар. 13, 1–3).

Першыя хрысціяне бачылі сваё асноўнае адрозненне ад папярэдняга ім іудаізму менавіта ў тым, што яны апраўданы перад Богам не праз выкананне закону, а праз ахвяру Ісуса Хрыста: “Але сёння, незалежна ад закону, з’явілася праўда Божая, пра якую сведчаць закон і прарокі, праўда божая праз веру ў Ісуса Хрыста ва ўсіх і на ўсіх вернікаў; бо няма розніцы, бо ўсе саграшылі і пазбаўлены славы Божай, атрымліваючы апраўданне дарам, паводле ласкі Яго, адкупленнем у Ісусе Хрысце, якога Бог прынёс у ахвяру ўміласціўлення” (Рым. 3, 21–25). Згодна з хрысціянствам, Хрыстос вызваліў людзей з палону грахоў. Быць свабодным – адно з патрабаванняў хрысціянскай маралі: “Да свабоды пакліканы вы, браты” (Гал. 5, 13).

Трэба падкрэсліць, што наяўнасць свабоднага ажыццяўлення – гэта адна з падстаў для ацэнкі таго ці іншага ўчынку чалавека з пункту погляду яго маральнасці. Але свабода ў хрысціянстве не зводзіцца да свабоды выбару паміж тымі ці іншымі спосабамі паводзін, яна грунтуеццца на прыняцці пэўнай іерархіі каштоўнасцей. Маральныя нормы разумеюцца не як тое, што абмяжоўвае чалавека, а як тое, што дазваляе яму быць чалавекам. Свабода – гэта не тое, што ператварае чалавека ў эгаіста, які кіруецца ў сваіх учынках уласнымі інтарэсамі. Жывёлы якраз тым і адрозніваюцца ад чалавека, што ў іх няма маральнага выбару, іх паводзіны цалкам вызначаюцца біялагічнымі законамі (інстынктам да самазахавання, інстынктам да працягу роду і г. д.). Чалавек жа сам будуе свае паводзіны ў адпаведнасці з сістэмай маральных нормаў, якая мае імператыўны характар.

На працягу доўгага часу гісторыі хрысціянскі светапогляд быў пануючым у еўрапейскай культуры, і, адпаведна, хрысціянства аказала вельмі вялікі ўплыў на маральные паводзіны еўрапейцаў, а таксама на само разуменне, што такое мараль. Нават зараз, калі значная частка жыхароў Еўропы ставіцца да рэлігіі абыякава, яны ўсё адно ў сваіх паводзінах карыстаюцца тымі маральнымі нормамі, якія былі выпрацаваны ў межах хрысціянскай этыкі.



ТЭМА 3. ЭТЫКА ІСЛАМУ
Іслам не з’яўляецца настолькі адрозным ад хрысціянства, як будызм, і яго нормы не настолькі нам нязвыклыя. Ён належыць да ліку так званых аўрамічных рэлігій, да якіх адносяцца таксама іудаізм і хрысціянства. Гэта тыя рэлігіі, пачатак якіх ідзе ад біблейскага Аўраама. Таму шмат якія іх палажэнні супадаюць. У свяшчэннай кнізе ісламу Каране вельмі шмат запазычанняў з Бібліі. Мусульмане гэта прызнаюць і тлумачаць наступным чынам. Алах адкрываўся людзям некалькі разоў. Спачатку ён не цалкам адкрыўся яўрэям – гэта Стары Запавет. Потым ён не цалкам адкрыўся хрысціянам – гэта Новы Запавет. І ўжо потым ён цалкам адкрыўся мусульманам – гэта Каран. Такім чынам, згодна з ісламам, Каран – гэта найбольш поўнае адкрыццё Алаха. Вучоныя ж тлумачаць запазычанні тым, што заснавальнік ісламу Мухамед быў купцом, наведваў тыя мясціны, дзе было распаўсюджана хрысціянства (яно ўзнікла на шэсць стагоддзяў раней, чым іслам), і потым перанёс тыя біблейскія сюжэты, якія пачуў, у Каран.

Але мараль у ісламе – гэта прынцыпова іншае, чым тое, што разумеем пад мараллю мы, бо іслам – гэта перш за ўсё рэлігія закону.

Само слова іслам перакладаецца як “пакора”, слова мусульмане – як “пакорныя”. Немусульманамі называюцца “няверныя” (“кафір”), і гэтае слова паходзіць не ад слова вера, а ад слова вернасць, – гэта тыя, якія не выконваць запаведзі Алаха, няверныя яму.

У ісламе няма раздзялення на свецкую і рэлігійную сферу, бо, як пішуць самі мусульмане, ён патрабуе ўсяго чалавека. Няма такой увагі да ўнутранага свету чалавека, якая надаецца ў хрысціянстве. Акцэнт перш за ўсё робіцца не на погляды чалавека, а на яго паводзіны. Для ісламу дактрыны бессэнсоўныя, калі іх нельга перавесці ў сферу практычнага жыця. Гэта “артапрактычная” рэлігія, яна арыентавана на правільныя дзеянні (ад грэц. orthosправільны і praxisдзеянне). У ісламе распрацоўваецца пераважна не дагматыка, а маральная і практычная праблематыка.

Увасабленнем спецыфікі стылю ісламскага мыслення і жыцця, а таксама асновай самога ісламу з’яўляецца шарыят – сукупнасць прынцыпаў паводзін мусульманіна (спачатку слова шарыят азначала “дарога да вадапою”, а потым было пераасэнсавана як “прамы, правільны шлях запаведзяў Алаха”). У яго ўваходзяць не толькі прававыя, але і маральныя нормы і культавыя прадпісанні, якія ахопліваюць усё жыццё му­сульманіна. Трэба адзначыць, што правілам шарыяту мусульмане надаюць значна большую ўвагу, чым чыста дагматычным палажэнням, бо іслам больш дэталёва распрацоўвае праблемы штодзённага жыцця, чым пытанні аб сутнасці Алаха.

Шарыят і па сённяшні дзень застаецца галоўнай крыніцай заканадаўства ў большасці мусульманскіх краін. У ім рэгулюецца рэлігійная дагматыка, правілы паводзін чалавека і сацыяльныя ўзаемаадносіны. Такім чынам, у шарыяце аб’яднаны рэлігійны, прававы і этычны аспекты. Маральныя ўчынкі рэгулююцца правам, а прававыя паводзіны разумеюцца перад усім як рэлігійна-этычныя.

Дазволенае ў ісламе называецца халяль, недазволенае – харам.

Мараль у ісламе разглядаецца як праява вернасці Алаху, выкананне яго законаў, а не як вынік унутранага выбару чалавека. Галоўнае тут  паводзіны ў адпаведнасці з шарыятам. Накірункі ў ісламе – гэта прававыя школы, кожная з якіх мае свой звод нормаў паводзін.

Асноўныя правілы паводзін, прадпісаных мусульманіну, сфармуляваны ў выглядзе пяці “стаўпоў веры”. Следаванне ім з'яўляецца найважнейшым абавязкам верніка.

Першы са “стаўпоў” – шчырае вызнанне веры (па-арабску шахада – сведчанне). Яно зводзіцца да ўпэўненага вымаўлення ўголас асноўнага палажэння веравучэння: “Няма ніякага боства, апроч Алаха, і Мухамед – пасланнік Алаха”.

Вымаўленне шахады абавязкова для кожнага мусульманіна. Актам далучэння да ісламу з'яўляецца вымаўленне шахады ў прысутнасці сведак.

Другі “стоўп” – малітва (па араб. – салат, па перс. – намаз). Мухамед прызначыў пяць абавязковых штодзённых малітваў: (на золку, апоўдні, у другой палове дня, на захадзе сонца, з надыходам ночы). Перад малітвай мусульманін абавязаны зрабіць амавенне: памыць твар і рукі да локцяў. Калі малітва адбываецца ў пустыні, дзе няма вады, можна сімвалічна пацерці рукі і твар пяском. Пасля амавення мусульманін без абутку становіцца на малітоўны дыванок тварам да Мекі і моліцца. Маліцца можна ў любым рытуальна чыстым месцы. Па пятніцах існуе калектыўная малітва ў мячэці, пры гэтым жанчыны моляцца асобна ад мужчын.

Трэці “стоўп” – пост (араб. – саум) у месяцу рамадан1. На працягу 30 сутак гэтага месяца дарослыя мусульмане ў светлы час (“калі чорную нітку можна адрозніць ад белай”), абавязаны ўстрымлівацца ад ежы, пітва, курэння, ужывання духоў, сексуальных адносін. З надыходам цемры забароны здымаюцца, але і ў гэты час трэба аддавацца набожным думкам і справам. Калі нехта не змог пасціцца з-за неспрыяльных абставін (хвароба, падарожжа, вайна, палон і г. д.), ён абавязаны потым папасціцца столькі дзён, колькі прапусціў. Тыя, каму пост можа зрабіць фізічную шкоду (дзеці, старыя, цяжарныя жанчыны і г. д.), вызваляюцца ад яго.

Глыбінны сэнс посту ў ісламе – удзячнасць. Чалавек асэнсоўвае сваю паслухмянасць і церпялівае служэнне Алаху, які яго накіроўвае і аб ім клапоціцца. Мухамед казаў, што з усіх абрадаў Алах найбольш любіць пост, бо ў гэты час людзі звяртаюцца да Яго.

Чацвёрты “стоўп” – абавязковая міласціна (араб. закят – ачышчэнне). Лічыцца, што міласціна ачышчае душу ад грахоў, якія адбываюцца па прычыне чалавечага эгаізму, альбо пагоні за матэрыяльнымі дабротамі. Таксама міласціна “ачышчае” маёмасць, робіць яе праведнай. Мусульманін абавязаны дзяліцца сваім багаццем з беднымі, даўжнікамі, вязнямі, падарожнікамі і ўсімі, каму не пашанцавала, але хто таксама з'яўляецца членам суполкі вернікаў. У Каране няма асаблівай заклапочанасці колькасцю міласціны. Галоўнае – шчырасць дапамогі. Паказны жэст цалкам абясцэньвае міласціну ў вачах Алаха. У шарыяце ж падрабязна абгаворваюцца сумы, якія мусульмане павінны адлічыць ад розных відаў сваёй уласнасці, аднак сучасная практыка зводзіць іх да 2 % у год ад асабістага грашовага бюджэту.

Пяты “стоўп” – паломніцтва ў Меку (хаджж), якое хаця б раз у жыцці павінен зрабіць кожны мусульманін. Адбываецца яно ў дванаццаты месяц мусульманскага календара. Паломнікі робяць амавенне, стрыгуць валасы (мужчыны) і ногці, апранаюцца ў спецыяльнае белае адзенне. Ім забаронена гандляваць, праліваць кроў, стрыгчыся, галіцца, выкарыстоўваць пахучыя рэчывы, уступаць у сексуальныя адносіны. Потым яны сем разоў абыходзяць вакол Каа­бы, робяць іншыя рытуальныя дзеянні. Паломнік, які зрабіў хаджж, атрымлівае тытул хаджы і мае права насіць зялёную чалму.

Да іншых культавых устанаўленняў ісламу адносяцца:


  • абразанне хлопчыкаў, якое звычайна робіцца на сёмы год жыцця. У некаторых мусульманскіх краінах (Егіпет, Судан, Йемен і інш.) абразаюць таксама і дзяўчынак, прыкладна ў чатырнаццаць гадоў, але гэта хутчэй звычай, чым рэлігійны абрад;

  • шлюб. Мужчына можа мець да чатырох жонак, але абавязаны ўтрымліваць іх і ставіцца аднолькава да кожнай;

  • пахаванне. Адбываецца ў дзень смерці альбо на наступны дзень. Труп загортваюць у саван і звычайна без гроба кладуць альбо садзяць у магілу тварам да Мекі;

Абавязкам мусульманіна з'яўляецца джыхад (араб. намаганне, барацьба за веру). Ён падзяляецца на некалькі відаў: джыхад сэрца – барацьба са сваімі ўласнымі недахопамі; джыхад языка – дазвол добрага і забарона благога; джыхад мяча альбо газават (множны лік ад араб. газва – набег) – узброеная ба­рацьба з “нявернымі”. Пры вядзенні газавату забаронена забіваць старых, жанчын, дзяцей, няўзброеных свяшчэннаслужыцеляў любой рэлігіі. Воінам праціўніка можна аказаць літасць без якіх-небудзь абавяза-цельстваў з іх боку, насельніцтва і ўласнасць варожай краіны могуць быць атрыманы пераможцамі як здабыча.

Іслам – гэта рэлігія мінімальнага патрабавання. Таму яна вельмі прыдатная для рэгуляцыі штодзённага жыцця. Напрыклад, тут дэтальна фармалізаваны адносіны мужа і жонкі. Кожны з іх ведае, што яму рабіць. Мужчына можа мець да чатырох жонак, але ён павінен аднолькава ставіцца да кожнай з іх. Пры заключэнні мусульманскага шлюбу прынята заключаць кантракт, і жанчына можа ўнесці ў яго пункт, што яна будзе адзінай жонкай. Нават, калі такога пункту няма, муж, калі ён хоча ўзяць другую жонку, абавязаны атрымаць на гэта згоду першай, калі трэцюю – дзвюх папярэдніх і г. д. Калі жанчына выходзіць замуж, яна мае права не працаваць, калі ж працуе, грошы, якія яна зарабіла, – гэта толькі яе грошы. Дакладна распісана, што рабіць мужу, калі жонка яго не слухаецца (трэба адзначыць, што ўжываць фізічную сілу ён можа толькі ў выключных выпадках, калі жонка ўпартая ў сваім непадпарадкаванні).

У ісламе ёсць патрабаванні наконт адзення: прадпісваецца апранацца сціпла, мужчынам забаронена шаўковае адзенне і ўпрыгожанні, за выключэннем срэбранага абручальнага пярсцёнка; жанчыны могуць насіць срэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, святочнае адзенне, але толькі ў сябе дома, на людзях яны павінны закрываць цела і валасы.

Ёсць забарона на ежу. Нельга ўжываць мярцвячыну, кроў, мяса драпежнікаў, грызуноў, насякомых (апрача саранчы), жывёлы, забітай не чалавекам, прадуктаў, якія прынесены ў ахвяру ідалам. Што тычыцца свінні, то яна ў ісламе лічыцца нячыстай жывёлай і яе мяса мусульманіну есці нельга. Але, калі няма іншай ежы, мусульманін, каб захаваць сваё жыццё і здароўе, можа ўжываць свініну. Жывёла, якую можна есці, павінна быць забіта па асаблівым рытуале (як і ў абрадах іудзеяў, трэба, каб з яе была цалкам спушчана кроў). У мусульман ёсць спецыяльныя мясныя лаўкі, дзе можна купляць мяса жывёл, забітых па іудзейскім рытуале.

Грахі ў іслама падзяляюцца на вялікія і малыя. Лічыцца, што калі чалавек пазбягае вялікіх грахоў, то яму будуць дараваныя і малыя, але трэба, каб ён адчуў усю глыбіню шкоднасці грахоўных учынкаў і не рабіў іх далей. Калі ж чалавек не каецца і робіць дрэннае, дык і малыя грахі набываюць іншае значэнне.

У ісламе налічваецца некалькі дзясяткаў “вялікіх” грахоў. Самымі цяжкімі сярод іх лічацца шматбожжа, непавага да бацькоў і крывадушнасць.

У Каране сказана: “Сапраўды, Алах можа дараваць усе грахі, апроч прыпісвання кагосьці альбо чагосьці Яму ў сутаварышы” (4, 48)1.

У адносінах да бацькоў іслам забараняе праяўляць нават самую малую непавагу альбо незадаволенасць: “схілі перад імі абодвумі крыло пакоры з удзячнасці і скажы: “Гасподзь мой, дай ім міласць таксама ж як і яны выхоўвалі мяне [з любоўю], калі я быў малым” (Каран, 17, 24).

Крывадушнымі ў ісламе называюцца тыя людзі, у каго няма сапраўднай веры ў Алаха як адзінага бога, хто толькі знешне прыняў іслам. Лічыцца, што яны горш за няверуючых. У Каране пішацца, што яны заслугоўваюць самае нізкае месца ў пекле: “Сапраўды, крывадушныя ў ніжнім слоі агню” (4, 144).

Вельмі жорстка іслам ставіцца да блуду. У Каране сказана: “Блудніка і блудніцу – пабіце кожнага з іх сотняй удараў. Няхай не авалодае вамі шкадаванне да іх… І няхай прысутнічае пры пакаранні група вернікаў” (24, 2).

Але такое пакаранне прадугледжана толькі для тых, хто не знаходзіцца ў шлюбе. Тыя, хто мае мужа альбо жонку і здраджае ім, павінны быць пакараны смерцю.

У ісламе Алах – гэта перш за ўсё міласэрны суддзя. Маральнасць чалавека – гэта выкананне тых нормаў, якія даў Алах. Таму тут ёсць такія з'явы, якія для хрысціян могуць здавацца дзіўнымі. Напрыклад, калі чалавек у час посту прапусціў некалькі дзён, ён можа адпасціцца потым: “О тыя, якія ўверавалі! Пост з’яўляецца для вас такім жа абавязковым прадпісаннем, як і для тых, хто быў да вас. Магчыма, вы будзеце богабаязнымі. Лічанымі днямі з’яўляюцца дні посту. А хто з вас будзе хворы або апынецца ў дарозе, той перанясе пост на іншыя дні. Той жа, хто не зможа папоўніць яго ў іншыя дні (па прычыне старэчай немачы або невылечнай хваробы), павінны накарміць беднага. Хто зробіць больш (чым накарміць беднага), то гэта – лепшае для яго самога. Аднак, калі вы будзеце папаўняць прапушчаныя дні посту, выконваючы яго, то гэта – найлепшае для вас, калі б вы гэта ведалі!” (Каран. 2. 183–184). Для параўнання скажам, што ў хрысціянстве немагчыма, каб веруючы пасціўся пасля Вялікадня, адпрацоўваючы прапушчаныя дні Вялікага посту.

Усё сказанае вышэй ні ў якім разе не азначае, што хрысціянства “лепшае” або “больш маральнае” за іслам. Мы толькі хочам падкрэсліць адрозненне самога характару маралі, якое ёсць у хрысціянстве і ў ісламе.


ЗАКЛЮЧЭННЕ
Асноўнае палажэнне, якое мы імкнёмся падкрэсліць, можна спрошчана сфармуляваць наступным чынам: кожная рэлігія – гэта канкрэтная сістэма поглядаў і дзеянняў, якія грунтуюцца на спецыфічнай ідэі звышнатуральнага. Рэлігіі не сумяшчальныя паміж сабой, палажэнні адной рэлігіі немагчыма адэкватна праінтэрпрэтаваць з пункту погляду іншай, рэлігійныя маральныя нормы і абумоўленыя імі паводзіны грунтуюцца на прынцыпова розных светапоглядных прынцыпах, і гэтым абумоўлена спецыфіка паводзін прадстаўнікоў розных рэлігій.

У заключнай частцы падкрэслім, што тыя маральныя нормы, якімі мы карыстаемся і якія здаюцца нам відавочнымі і агульначалавечымі, створаны ў межах канкрэтнай, а менавіта – еўрапейскай, культуры, адной з асноў якой з’яўляецца хрысціянства. У аснове маральных сістэм іншых культур ляжаць іншыя рэлігіі, і таму там інакш разумеецца сутнасць і вытокі маральных паводзін. Усё гэта трэба ўлічваць пры спробах наладзіць дыялог паміж прадстаўнікамі розных культур, каб праяўляць павагу да іх маральных поглядаў і не навязваць ім свае.



Зараз, калі ў нашым грамадстве паступова распаўсюджваюцца самыя розныя грамадскія і рэлігійныя погляды, актуальным робіцца выхаванне талерантнасці. Сам гэты тэрмін перакладаецца з лацінскай мовы як цярпенне. Аднак пры ажыццяўленні прынцыпу талерантнасці націск трэба рабіць не толькі на цярпімасць да іншых поглядаў, але і на павагу да іх. Пад талерантнасцю мы будзем разумець прынцып і механізм існавання ў грамадстве людзей з рознымі поглядамі і спосабамі паводзін. Асабліва неабходна зараз талерантнасць у рэлігійнай сферы, бо Беларусь – шматканфесійная краіна. Зараз у ёй налічваецца 25 зарэгістраваных рэлігійных кірункаў. Узаемапавага і імкненне пазбегнуць канфліктаў паміж імі з’яўляецца неабходнай умовай далейшага развіцця нашай краіны.

ЛІТАРАТУРА


  1. Адзiночанка, В. А. Рэлiгiязнаўства : вучэб. дапам. для студэнтаў ВНУ / В. А. Адзiночанка. – Мінск: Унiверсiтэцкае, 2001. – 240 с.

  2. Али-заде А. Исламский энциклопедический словарь / А. Али-заде. – М.: Ансар, 2007. – 400 с.

  3. Бартольд В. В. Ислам и культура мусульманства / В. В. Бартольд. – М.: МГТУ. 1992. – 143 с.

  4. Беларуская міфалогія: Энцыкл. слоўн. / С. Санько [і інш.]. – Мінск: Беларусь, 2004. – 592 с.

  5. Библия. Книги Священного Писания Ветхого и Нового Завета. – М.: Московская Патриархия, 1992. – 1346 с.

  6. Будда: история о перерождениях / пер. с пали. – М.: Худ. Лит. , 1991. – 79 с.

  7. Буддизм: словарь / Л. Л. Абаева [и др.]; под общ. ред. Л. Н. Жуковской [и др.]. – М.: Республика, 1992. – 287 с.

  8. Буддизм: четыре благородные истины. – М.: Эксмо; Харьков: Фолио, 2002. – 832 с.

  9. Буддийская мудрость / сост. В. В. Лавский. – Минск: Лотаць, 2000. – 399 с.

  10. Булгаков С. М. Православие / С. М. Булгаков. – М.: АСТ, 2001. – 471 с.

  11. Васильев, Л. С. История религий Востока: учебное пособие для вузов / Л. С. Васильев. – М.: «Книжный дом «Университет»», 2000. – 432 с.

  12. Всемирная энциклопедия: религия / гл. науч. ред.: В. В. Адамчик, М. А. Можейко. – Минск: Совр. Литератор, 2003. – 832 с.

  13. Всемирное писание: сравнительная антология священных текстов / под общ. ред. П. С. Гуревича; пер. с англ. – М.: Республика, 1995. – 591 с.

  14. Гараджа, В. И. Религиеведение / В. И. Гараджа. – М. : Аспект Пресс, 1995. – 351 с.

  15. Горбацкий, А. А. Введение в историю религии: учеб. пособие / А. А. Горбацкий. – Минск: Четыре четверти, 2005. – 152 с.

  16. Граджан В. Д. Вероучение и мораль пятидесятников / В. Д. Граджан. – М.: Знание, 1989. – 64 с.

  17. Закон Божий / Московская Патриархия. – М.: Молодая гвардия, 1991. – 724 с.

  18. Иоанн Павел II. Мысли о земном. – М.: Новости. – 1992. – 420 с.

  19. Ислам: кр. справ. – М.: Наука, 1983. – 160 с.

  20. Индуизм. Джайнизм. Сикхизм. – М.: Республика, 1996. –576 с.

  21. История религии: учебник: в 2 т. / под общ. ред. И. Н. Яблокова. – М.: Высш. шк., 2002. – Т. 2.

  22. Катехизис Католической Церкви. – М.: Рудомино, 1996. – 755 с.

  23. Керимов, Г. М. Шариат: закон жизни мусульман / Г. М. Керимов. – СПб.: Диля, 2009. – 512 с.

  24. Коран / пер. И. Ю. Крачковского. – Минск; Ростов н/Д: Фобос, 1990. – 446 с.

  25. Кислюк, К. В. Религиоведение: учебник / К. В. Кислюк, О. Н. Кучер. – Ростов н/Д: Феникс; Х.: Торгсин, 2004. – 512 с.

  26. Религия и церковь / А. А. Коваленя [и др.]. – Минск: АРТИ-ФЕКС, 1998 – 112 с.

  27. Короткая, Т. П. Религиоведение: религии в Беларуси: учеб. пособие / Т. П. Короткая. – Мн.: БГЭУ, 2004. – 98 с.

  28. Костюкович, П. И. Религиоведение: учеб. пособие / П. И. Костюкович. – Минск.: Новое знание, 2001 – 192 с.

  29. Митрохин Л. Н. Баптизм: история и современность / Л. Н. Митрохин. – СПб.: РХГУ, 1997. – 480 с.

  30. Мифы и сакральные тексты религий мира: хрестоматия по религиоведению: учебное пособие / авт.-сост. В. В. Старостенко. – Могилев: МГУ им. А. А. Кулешова, 2007. – 400 с.

  31. Мифы народов мира: энциклопедия: в 2 т / глав. ред. С. А. Токарев. – М.: Большая Рос. энцикл., 2000. – Т. 2.

  32. Можейко, М. А. Религиоведение: учеб.-метод. комплекс / М. А. Можейко. – Минск: БГУ, 2002. – 115 с.

  33. Наглядно о религиях / сост. Р. Грей, Д. Хелтон. – Мн.: ООО «Попурри», 2000. – 224 с.

  34. Новикова, Л. Г. Религиозность в Беларуси на рубеже веков: тенденции и особенности проявления: социологический аспект / Л. Г. Новикова. – Минск: БТН-информ, 2001. – 132 с.

  35. Основы религиоведения: учебник / под ред. И. Н. Яблокова. – М.: Высш. шк., 2001. – 480 с.

  36. Основы социальной концепции Русской Православной Церкви. – М.: Юбилейный Архиерейский собор Русской православной церкви, 2000. – 88 с.

  37. Радугин, А. А. Введение в религоведение: теория, история и современные религии: курс лекций / А. А. Радугин. – М.: Центр, 2004 – 304 с.

  38. Рашкова, Р. Т. Католицизм / Р. Т. Рашкова. – СПб.: Питер, 2007. – 239 с.

  39. Ревуненкова, Н. В. Протестантизм / Н. В. Ревуненкова. – СПб.: Питер, 2007, – 224 с.

  40. Религии мира: справочник / Д. Алан [и др.]; пер с англ. – Минск., Белфакс. – 1994. – 463 с.

  41. Религиоведение: учеб. пособие / М. Я. Ленсу [и др.]; под ред. М. Я. Ленсу [и др.]. – Минск. Новое знание, 2003 – 446 с. – (Серия «Социально-гуманитарное образование»).

  42. Религиоведение: хрестоматия / сост. П. И. Костюкович. – Минск: Новое знание, 2000 – 480 с.

  43. Религия и общество: хрестоматия по социологии религии / сост. В. И. Гараджа, Е. Д. Руткевич. – М.: Аспект Пресс, 1996. – 775 с.

  44. Религия: Энциклопедия / сост. и общ. ред.: А. А. Грицанов, Г. В. Синило. – Минск: Книжный Дом, 2007. – 960 с.

  45. Рэлiгiя i царква на Беларусi: энцыкл. давед. / гал. рэд. Г. П. Пашкоў. – Мінск.: БелЭн, 2001. – 368 с.

  46. Самыгин, С. И. Религиоведение: социология и психология религии / С. И. Самыгин, В. Н. Ничипуренко, И. Н. Полонская. – Ростов-н/Д, 1996. – 672 с.

  47. Словарь религий: иудаизм, христианство, ислам. – СПб.: Питер, 2008. – 656 с.

  48. Старостенко, В. В. Религиоведение: учебник / В. В. Ста-ростенко. – Минск: ИВЦ Минфина, 2008. – 288 с.




  1. Токарев, С. А. Религия в истории народов мира / С. А. Токарев. – М.: Республика, 2005. – 543 с.

  2. Толерантность / общ. ред. М. П. Мчедлова. – М.: Республика, 2004. – 416 с.

  3. Торгашев, Г. А. Основы религиоведения / Г. А. Торгашев. – СПб.: Питер, 2004. – 364 с.

  4. Торчинов, Е. А. Краткая история буддизма / Е. А. Торчинов. – СПб.: Амфора, 2008. – 430 с.

  5. Торчинов, Е. А. Религии мира: опыт запредельного. Психотехника и трансперсональные состояния / Е. А. Торчинов. – СПб.: Азбука-классика. Петерб. Востоковедение, 2007. – 544 с.

  6. Христианство: энцикл. словарь: в 3 т. М.: Большая Рос. энцикл., 1993–1995. – Т. 3.

  7. Энциклопедия религий / под ред. А. П. Забияко, А. Н. Красникова, Е. С. Элбакян. – М.: Аккад. Проект; Гаудеамус, 2008. – 1520 с.

  8. Языкович, В. Р. Религиоведение: учебное пособие / В. Р. Языкович. – Минск: ТетраСистемс, 2008. – 272 с.

Вытворча-практычнае выданне

АДЗІНОЧАНКА Віктар Аляксандравіч

ЭТЫКА СУСВЕТНЫХ РЭЛІГІЙ
ПРАКТЫЧНАЕ КІРАЎНІЦТВА ДЛЯ СКРС

Рэдактар В. І. Шкрэдава

Карэктар В. У. Калугіна

Падпісана ў друк 06.11.2012. Фармат 60×84 1/16.

Папера афсетная. Рызаграфія. Умoўн. др. арк. 1,86.

Улік.-выд. арк. 2,0. Тыраж 100 экз. Заказ № 620.

Выдавец і паліграфічнае выкананне:

установа адукацыі

“Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Францыска Скарыны”

ЛВ № 02330/0549481 ад 14.05.2009.

В


ул. Савецкая, 104, 246019, г. Гомель.


1 Прыняты ў нас каляндар не супадае з мусульманскім, таму час іх посту перамяшчаецца.

1 Першая лічба азначае главу Карана (суру), другая – верш (аят).



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка