Экскурсія на радзіму Я. Коласа, прымеркавана 130-м угодкам з дня нараджэння песняра




Дата канвертавання19.03.2016
Памер54.51 Kb.


ПА РОДНАМУ КРАЮ
(Экскурсія на радзіму Я. Коласа, прымеркавана 130-м угодкам з дня нараджэння песняра)

Ёсць людзі, якія прыходзяць на Зямлю як знаменне і пакідаюць зорны след у Вечнасці. Гэтыя людзі адзначаны Богам. З'яўленне на зямлі ў адзін, 1882, год двух творцаў слова-гэта Божы дар беларускаму люду. Янка Купала і Якуб Колас-выразнікі дум беларусаў. Праходзіў час-мянялася наваколле, людзі, іх погляды, уклад жыцця, але пачуцці, імкненні сэрца, любоў і жаданні заставаліся.Захавалася ўвага і пашана да дзвюх яркіх асоб: Янкі Купалы і Якуба Коласа, 130-ыя ўгодкі з дня нараджэння якіх сёлета адзначаюцца.

З мэтаю паглыбіць веды пра свае карані, гісторыю роднага краю, усведамлення месца Якуба Коласа і яго творчасці ў жыцці і літаратуры, у развіцці асобы і грамадства была арганізавана экскурсія на радзіму Я. Коласа. Яе арганізатары-настаўнікі роднай мовы і літаратуры Бялько С.У. і Тагіль Н.М.

Ці любіце Вы падарожнічаць? калі так, то адпраўляемся ў завочнае падарожжа, якое пачынаецца са Слуцка. Не толькі таму, што мы “слуцакі”, а таму, што жыццёвыя і творчыя пуцявіны Якуба Коласа не раз праходзілі і па Случчыне.

Прыпынак №1. У 1921 г. Я. Колас працаваў выкладчыкам на настаўніцкіх курсах, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы. А настаўніцкія курсы працавалі ў будынку гімназіі №1. Жыў паэт не ў самім Слуцку, а за некалькі кіламетраў ад яго, у былым панскім доме вёскі Новы Двор.

Пра Случчыну ўзгадвае Я. Колас у трылогіі “На ростанях”. З вялікай любоўю і асаблівай цеплынёй гаворыць паэт пра гэты край, ветлівасць і сардэчнасць яго жыхароў у паэме “Новая зямля”:



Прад імі Случчына ляжала,

Старонка міла і багата...

І людзі простыя як ветлы,

І погляд добры іх і светлы

Так па душы і пранікае

І сэрца цешыць і ласкае.

У аўтобусе знаходзяцца вучні-непаседы 6-8 класаў, ім хочацца хутчэй адправіцца ў падарожжа. Само надвор’е вітае нас. Дарога да Коласавай зямлі багатая на гістарычныя факты, падзеі, мястэчкі.

Дзеці з цікавасцю і захапленнем слухалі экскурсавода. Паступова пранікаліся духам старажытнасці, гэты раз наяву пераконваліся, што спадчына нашага народа багатая і разнастайная.

Перад намі паўставаў Кацярынінскі тракт, які пракладзены роўнаю ніткаю; доты; мястэчка Цімкавічы(малая радзіма цудоўнага пісьменніка-псіхолага К. Чорнага);Слуцкая брама, якая адкрывае панараму Нясвіжа. Гэты горад мае багатае гістарычнае мінулае. Вось мінаем замак князёў Радзівілаў, які праглядваецц праз шэрань, помнік Сымону Буднаму, які ў 1560 годзе быў прызначаны прапаведнікам у Клецк. Менавіта ён заснаваў у Нясвіжы друкарню, пры якой была пабудавана і паперня.

Падтрымку, у тым ліку і фінансавую, беларускім кнігавыдаўцам аказвалі ўладальнік Нясвіжа Мікалай Радзівіл Чорны і будучы канцлер Вялікага княства Літоўскага Астафій Валовіч. Па загадзе апошняга з Вільні ў Нясвіж былі перавезены шрыфты Ф.Скарыны. 10.6.1562 года ў Нясвіжскай друкарні выйшла першая кніга-"Катэхізіс". Галоўная роля ў яе напісанні належала С.Буднаму.

Прыпынак №2. Ратуша. Гэта помнік культуры 16 ст. Яе стройная высокая гранёная шасціярусная башня з гадзіннікам і шлемападобным барочным пакрыццём фарміруе сілуэт цэнтральнай плошчы і адначасова сімвалізуе і зараз тыя свабоды, якія былі дараваны гораду магдэбургскім правам. Старажытным сценам і музейным экспазіцыям ёсць аб чым паведаць сучаснікам.

На паўдневым захадзе Мінскай вобласці размешчаны Стоўбцы. Туды наш далейшы маршрут. За акном аўтобуса мільгаюць абрысы розных вёсак. Любуемся мясцовымі краявідамі. Восень нагадвае аб сабе пажоўклым лісцем, павевам ветрыку, дымкаю шэрані. І міжволі ў памяці ўсплываюць коласаўскія радкі:
Мой родны кут,

Як ты мне мілы!..

Забыць цябе

Не маю сілы!..

Прыпынак №3. Акінчыцы. Менавіта адсюль і пачынаецца мастацка-мемарыяльны комплекс “Шлях Коласа”. Перад намі карта-схема Коласаўскага заказніка. Менавіта тут, 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы былога Мінскага павета ў сям’і сялян Міхала Казіміравіча і Ганны Юр’еўны Міцкевічаў нарадзіўся сын Канстанцін-будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас. Кастусь быў трэцім сынам у сям’і.

Сцены акінчыцкай хаты ўсяго некалькі месяцаў чулі голас немаўляці, таму што па абставінах службы бацька Міхал часта мяняў месца жыхарства. Тут Міцкевічы жылі да 1-га красавіка 1883г. Да 100-гадовага юбілею паэта Акінчыцкая лясная камора адноўлена згодна з архіўнымі дакументамі. Сярод хатніх рэчаў найбольшую ўвагу прыцягвае калыска, дзе малы Кастусь слухаў матчыны калыханкі

1-га красавіка 1885 года Міхал Міцкевіч быў пераведзены ў Ласток, глухі лясны куток. У паэме “Сымон-музыка” паэт не раз узгадае свае адкрыцці гэтага месца: гукі лесу, галасы птушак, вясёлку ў небе.

Едучы далей, заўважаем драўляныя скульптуры, выкананыя народнымі ўмельцамі, разьбярамі па дрэве па матывах твораў паэта, размешчаны паўз дарогі на Мікалаеўшчыну і Альбуць, ля турбазы “Высокі бераг”. “Дарога дзядзькі Якуба”, “Сцежка новазямельцаў”, кампазіцыя “Песняй вітаю я вас” радуюць сэрца сваёй самабытнасцю, дапамагаюць жывей адчуць непаўторны свет паэзіі Коласа.

Прыпынак №4. Альбуць. У 1890 годзе Міцкевічы ў чарговы раз змянілі месца жыхарства. Тут яны пражылі 12 гадоў. Тут Кастусь вучыўся ў “дарэктараў”, адсюль ён паехаў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Тут памёр бацька. Тут былі напісаны і першыя вершы.

Мікола Маляўка піша ў вершы “Музеі ў Альбуці”:


Здалёку і зблізку,

Людзі,

Да нас прыязджайце часцей-

Музеі паэта ў Альбуці

Чакаюць,

Чакаюць гасцей.

І людзі прыязджаюць. Нядаўна была група наведвальнікаў з далёкай Афрыкі. Цікавым быў той факт, апавядала сваячніца Я. Коласа, што яны па памяці цытавалі радкі з паэмы “Новая зямля”.

Зададзімся пытаннем: ці зможам мы, беларусы, гэта зрабіць?

Не меншую цікавасць праявіла і дэлегацыя з Японіі.

Прыпынак №5. Смольня. Тут у 1910 годзе Міцкевічы набылі сваю хату. У верасні 1911г., пасля турэмнага зняволення, сюды ўпершыню прыехаў Якуб Колас. Беднай і запусцелай здалася паэту Смольня. Каб хоць крыху зрабіць яе ўтульнай, Колас пасадзіў ліпы. А ў 1912 г.тут, у Смольні, упершыню сустрэліся Янка Купала і Якуб Колас і пранеслі сяброўства праз усё сваё свядомае жыццё. Тут размешчаны і філіял Літаратурнага музея Я. Коласа. Гасцей сустракае дачка роднага брата Коласа Соф’я Іосіфаўна, якой ужо пайшоў 82-гі год. Тут праходзяць і Коласаўскія чытанні...

Дарогі, вечныя дарогі!..

Няма канца вам, ні супынку;

Вы жывы кожную часіну,

То задуменны, смутна строгі,

Як след захованай трывогі...

Бо ўсё сваю дарогу мае!

А наш далейшы пункт маршрута – вёска Мікалаеўшчына, дзе пасля Вялікай Айчыннай вайны па ініцыятыве і з удзелам Якуба Коласа пабудавана школа, названая яго імем. На тэрыторыі школы ўстаноўлены бюст паэту. А паблізу “льецца Нёман срэбнаводны.”

Поўны хараства чароўны куточак Прынямоння вабіць, прыцягвае да сябе, зачароўвае, напаўняе сэрца захапленнем.

Нам спадабалася гэтае падарожжа. Кожны з нас пераканаўся ў шматграннасці таленту пісьменніка, яго глыбокай любові да роднага краю, прыроды, павагі да чалавека працы.

Экскурсіі такога кшталту дапамагаюць фармаваць асобу грамадзяніна; уздзейнічаць на думкі і пачуцці вучняў з мэтай выхавання патрыятызму, высакароднасці, любові да роднага слова; выхоўваць эстэтычны густ, што ўплывае на знешні выгляд вучняў, уменне бачыць прыгожае побач.

Гледзячы на дзяцей, на іх энтузіязм, зацікаўленасць, прыгадваюцца радкі з верша М. Хведаровіча “Каласоўшчына”:



Надыдзе час,

І сярод нас

Дубровай шумнай загамоняць

У новы, светлы дзень яны,-

Купалы, Коласа сыны.










База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка