Установа адукацыі “Дзяржаўная сярэдняя школа №3 г.п.Зэльва”
Сказы з пабочнымі і ўстаўнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі.
Функцыя пабочных слоў.
Падрыхтавала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Камякевіч Л.І.
Сказы з пабочнымі і ўстаўнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі. Функцыя пабочных слоў.
Мэта: Замацаваць веды пра пабочныя словы, спалучэнні і сказы, іх значэнні ; расстаноўка знакаў прыпынку ў сказах з пабочнымі канструкцыямі, інтанаванне такіх сказаў у моўнай плыні; функцыя пабочных канструкцый. Тэкстаўтваральная і сэнсава-стылістычная роля сказаў з пабочнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі.
Выхоўваць патрыятычныя пачуцці, любоў да сваёй краіны.
Задачы: удасканальваць уменне вызначаць сказы з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, правільна інтанаваць іх, ужываць пры стварэнні вусных і пісьмовых тэкстаў розных стыляў, афармляць на пісьме; вучыцца карыстацца пабочнымі словамі як сродкамі сувязі сказаў і частак тэксту; рабіць сінтаксічны разбор сказаў з пабочнымі канструкцыямі.
Абсталяванне: камп’ютар і праэктар для паказу слайдаў, карткі з заданнямі, выказванні беларускіх паэтаў і пісьменнікаў пра гарады Беларусі.
План урока
-
Арганізацыйны момант.
-
Паведамленне тэмы і задач урока.
Аналіз сказаў запісаных на дошцы:
-
Заўсёды ж здаецца, што ў родным краі і грыбы вышэйшыя, і ягады буйнейшыя, а хлеб мякчэйшы.
-
З таго часу ў мястэчку, здаецца, нічога і не змянілася.
-
Ці адрозніваюцца сказы па будове? Вызначце сінтаксічную ролю слова здаецца.
-
Які вывад можна зрабіць? ( У першым сказе здаецца – выказнік, а ў другім – не член сказа, а пабочнае слова, бо яно не ўступае з іншымі членамі сказа ні ў злучальную, ні ў падпарадкавальную сувязь, выражае адносіны гаворачага да выказваемай думкі).
Слайд
Тэма і задачы ўрока
-
На сённяшнім уроку мы ўзновім веды пра пабочныя і ўстаўныя канструкцыі, прааналізуем сказы з дадзенымі канструкцыямі, будзем вучыцца ствараць тэксты, ужываючы пабочныя і ўстаўныя канструкцыі як сродкі сувязі сказаў і частак тэксту. А таксама здзейснім завочнае падарожжа па гарадах Беларусі.
-
Разгарніце, калі ласка, сшыткі і запішыце сённяшнюю дату і тэму ўрока.
-
Актуалізацыя ведаў па тэме ўрока.
- Давайце ўзновім і сістэматызуем атрыманыя раней веды па дадзенай тэме.
-
Успомніце, якія словы называюцца пабочнымі. (Пабочнымі называюцца граматычна не звязаныя з членамі сказа словы, якія выражаюць адносіны гаворачай асобы да зместу выказвання).
-
Карыстаючыся схемай, раскажыце пра адасабленне пабочных слоў.
Слайд
[ПС, …] [ …, ПС, …] [ …, ПС]
-
Часта мы сустракаем паняцце пабочныя канструкцыі. Што мы пад ім падразумяваем? (Словы, словазлучэнні і сказы).
-
Сапраўды, пабочнымі могуць быць не толькі словы, але і словазлучэнні і сказы.
-
Зараз мы з вамі паспрабуем размежаваць сказы з пабочнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі. Для гэтага выканаем 1 заданне.
Абазначце сказы з пабочнымі словамі (А), словазлучэннямі(Б) і сказамі (В). Адказ запішыце ў выглядзе шыфра "лічба - літара". (Заданне 1)
1. Больш за гадзіну мы блукалі ў знаёмым лесе і вярнуліся, як кажуць, з пустымі рукамі. 2. Дык чаго ж ты плакала? Можа, пакрыўдзіў хто? 3. Узгоркі змяняліся лагчынамі, пасля зноў ішло поле, і, нарэшце, магутная сцяна старога лесу вырасла як з-пад зямлі. 4. Адна гульня пераходзіла ў другую. Словам, дзеці не сумавалі. 5. Верасень быў ціхі, цёплы і, на шчасце, без дажджоў. 6. Шчырай размовы, як я спадзяваўся, не атрымалася. 7. Раней тут, казалі старыя, стаяў княжацкі палац. 8. На мой розум, гэта бясспрэчная праўда.
Слайд
|
Адказ
|
|
Адказ
|
|
Адказ
|
|
Адказ
|
1
|
|
3
|
|
5
|
|
7
|
|
2
|
|
4
|
|
6
|
|
8
|
|
Праводзіцца самаправерка. (Правільныя адказы – на слайдзе).
-
Растлумачце, па якіх прыметах вы адрозніваеце пабочныя словы і словазлучэнні ад пабочных сказаў. ( Пабочныя словы суадносяцца са словамі, выражанымі назоўнікам, займеннікам, прыслоўем, пабочныя словазлучэнні - са словазлучэннямі, у якіх ёсць галоўны і залежны кампаненты, а пабочныя сказы па сваёй структуры нагадваюць сказы, у якіх ёсць граматычная аснова.
Заўвага!
-
Пабочныя словы, якія суадносяцца з дзеясловамі можна лічыць пабочнымі сказамі. Яны па сваёй структуры нагадваюць аднасастаўныя, неразвітыя сказы.
Слайд
-
Словы – на жаль, праўда, напэўна, аднак.
-
Словазлучэнні – на мой погляд, на нашу думку, ва ўсякім выпадку.
-
Сказы – мне здавалася; я думаю; калі гаварыць па парадку.
-
Як мы ўжо сказалі, пабочныя канструкцыі не з’яўляюцца членамі сказа, але выражаюць пэўнае значэнне гаворачага да зместу выказвання. Вызначце, да якіх груп можна аднесці пабочныя канструкцыі ў залежнасці ад выражаемага значэння? Запоўніце табліцу. (Заданне 2)
Паводле значэння пабочныя словы выражаюць:
Слайд
-
мабыць, мусіць, магчыма, відаць,можа, здаецца, бясспрэчна, безумоўна, вядома, сапраўды,хутчэй за ўсё, напэўна ;
-
адным словам, інакш кажучы, карацей кажучы, на добры толк, на добры лад, па сутнасці;
-
на радасць, на шчасце, к майму задавальненню, на жаль, на бяду, на маё здзіўленне, як на дзіва;
-
на маю думку, як кажуць, на мой погляд, па-мойму, па-твойму, па-вашаму;
-
значыць, такім чынам, між іншым, з аднаго боку,з другога боку, перш-наперш, у першую чаргу, напрыклад;
-
ведаеце, бачыце, кажам, думаеш, думаеце, разумееце, ці паверыце, калі ласка, прабачце;
-
бывае, здараецца, як заўсёды, па звычцы.
|
|
Паводле значэння пабочныя словы выражаюць:
ступень верагоднасці выказанай думкі:
1) няўпэўненасць: мабыць, мусіць, магчыма, відаць,можа, здаецца...
2) упэўненасць: бясспрэчна, безумоўна, вядома, сапраўды,хутчэй за ўсё, напэўна...
спосаб выражэння думкі: адным словам, інакш кажучы, карацей кажучы, на добры толк, на добры лад, па сутнасці...
эмацыянальную ацэнку выказвання: на радасць, на шчасце, к майму задавальненню, на жаль, на бяду, на маё здзіўленне, як на дзіва, чаго добрага...
крыніцу паведамлення: на маю думку, як кажуць, на мой погляд, па-мойму, па-твойму, па-вашаму...
парадак думак: значыць, такім чынам, між іншым, з аднаго боку,з другога боку, перш-наперш, у першую чаргу, нарэшце, па-першае, напрыклад …
зварот да каго-небудзь з мэтай пэўнай ацэнкі, рэакцыі на паведамленне: ведаеце, бачыце, кажам, думаеш, думаеце, разумееце, ці паверыце, калі ласка, прабачце...
ацэнка паведамляемага факта з пункту гледжання яго звычайнасці: бывае, здараецца, як заўсёды, па звычцы … .
- А зараз выканаем карэкцыйнае заданне ў выглядзе лінгвістычнай прапорцыі на замацаванне дадзенага тэарэтычнага матэрыялу.
Лінгвістычныя прапорцыі
-
Якія лінгвістычныя прапорцыі састаўлены правільна (паводле значэння пабочных канструкцый)?
Слайд
-
Па чутках : на думку = наадварот : апрача таго. (Крыніца паведамлення і сувязь думак).
-
На жаль : мабыць = шчыра кажучы : відаць.(Эмацыянальная ацэнка і ступень верагоднасці).
-
Трэба думаць : напэўна = мусіць : адным словам.(Спосаб афармлення думак і ступень верагоднасці).
-
Па-мойму : як кажуць = на шчасце : сапраўды.(Крыніца паведамлення і эмацыянальная ацэнка, ступень упэўненасці).
Адрозненне некаторых пабочных слоў ад іншых членаў сказа
- У пачатку ўрока мы разглядалі сказы і прыйшлі да высновы, што некаторыя словы могуць ужывацца то як пабочныя, то як члены сказа ці іншыя структурныя адзінкі.
-
Параўнаем дадзеныя сказы і адкажам на пытанне: як можна вызначыць, ці з’яўляецца слова пабочным?(Калі пры пропуску слова структура сказа не парушаецца, то перад намі пабочная канструкцыя; калі ж пропуск слова (слоў) вядзе да разбурэння сказа, то апушчаны член сказа).
Слайд
Параўнайце:
1. Дождж, відаць, зацягнуў надоўга. 1. Дарога з узгорка была добра відаць.
2. Садок быў, праўда, невялікі. 2. Праўда даражэйшая за грошы.
-
А зараз паспрабуйце самастойна з прапанаваных пар сказаў выбраць сказы з пабочнымі словамі, выпісаць іх і патлумачыць свой выбар. (Заданне 3)
1. Недарод пшаніцы, аднак, не збянтэжыў людзей. - Такі старанны гэты вартаўнік, аднак і ён нічога не заўважыў. 2. Заўтра, напэўна, будзе дождж. - Ты напэўна не паспееш, калі не пойдзеш зараз жа. 3. Можна, нарэшце, выкарыстаць гэтую пляцоўку для спартыўных гульняў. - Нарэшце ўсё гатова. 4.Дажджу, бадай, сёння не будзе. - Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла траву і алеі.
Вывад
-
Некаторыя словы, што могуць выступаць і як пабочныя, і як члены сказа, патрабуюць асаблівай увагі. Запомніце іх і ўкладзіце картачкі ў свае дапаможныя сшыткі.
Слайд
Запомніце!
Слова
|
З’яўляецца пабочным
|
Не з’яўляецца пабочным
|
Аднак
|
У сярэдзіне сказа
|
У пачатку сказа або часткі складанага сказа
|
Напэўна, канечне
|
У значэнні “відаць”, “магчыма”
|
У значэнні “абавязкова”, “безумоўна”
|
Нарэшце
|
Паказвае на сувязь думак, парадак выказвання (у разважанні, апісанні)
|
У значэнні “пасля ўсяго”, “пад канец”, “напаследак”
|
Бадай
|
У значэнні “магчыма”
|
У значэнні “амаль”
|
-
А ёсць словы, якія ніколі не бываюць пабочнымі. Запомніце іх!
Слайд
Запомні!
Словы нават, таксама і спалучэнне на першы погляд ніколі не бываюць пабочнымі.
Устаўныя канструкцыі
-
Аналізуючы сказы вы, напэўна, заўважылі, што пабочныя словы хоць і не з’яўляюцца членамі сказаў, але маюць цесную сувязь з імі. А ёсць такія канструкцыі, якія не так цесна звязаны з асноўным выказваннем, яны выражаюць дадатковыя заўвагі, удакладненні, тлумачэнні. Такія канструкцыі называюцца ўстаўнымі. На пісьме яны выдзяляюцца працяжнікамі або бяруцца ў дужкі. У маўленні такія канструкцыі выдзяляюцца інтанацыйна – вымаўляюцца больш хуткім тэмпам, больш нізкім тонам, паўзы пры іх больш значныя, чым пры пабочных канструкцыях.
-
Прапаную вам разгарнуць падручнікі на с. 89 – 90, прачытаць самастойна тэарэтычны матэрыял і запоўніць табліцу. (Заданне 4)
Слайд
Адрозненне пабочных канструкцый ад устаўных
Пабочныя канструкцыі
|
Устаўныя канструкцыі
|
1. Выражаюць мадальнае значэнне
|
1. Выражаюць дадатковае паведамленне, тлумачэнне, удакладненне
|
2. Уводзяцца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў
|
2. Уводзяцца з дапамогай злучальных злучнікаў а, і і інш. (бывае і з дапамогай падпарадкавальных хоць, што, дзе і інш.)
|
3. Могуць стаяць у пачатку сказа.
|
3. Знаходзяцца ў сярэдзіне або ў канцы сказа.
|
- Назавіце ўстаўныя сказы. Растлумачце, чым яны адрозніваюцца ад пабочных. Пракаменціруйце знакі прыпынку.
1. На карце 1482 года рака Барысфен (гэта грэчаская назва Дняпра) не мае прытокаў, цячэ з поўначы на поўдзень і ўпадае ў заліў Эўкінскага (цяпер Чорнага) мора.
2. Горныя краявіды — у гэтым Іосіф Іванавіч мог упэўніцца неаднойчы — на дзіва прыгожыя, напоўненыя такой вабнасцю, якую не заўсёды перадасі словамі.
- Прачытайце дадзеныя сказы, захоўваючы правільную інтанацыю.
-
- Нашыя краявіды, напэўна, не менш прыгожыя. Мінск, Гродна, Брэст, Віцебск, Магілёў, Гомель – колькі прыгажосці і паэзіі ў адных толькі назвах. Напэўна, як і мне, вам таксама хацелася б апынуцца хоць на хвілінку ў гэтых куточках нашай Радзімы. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць нам з вамі зрабіць гэта Выканаўшы заданні на картках мы зможам здзейсніць наша падарожжа. Кожны атрымоўвае тэкст, у якім расказваецца пра адзін з абласных цэнтраў нашай краіны. Ваша задача ўскладніць тэксты пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, дзе гэта магчыма. Памятайце, што празмернае ўжыванне сказаў з такімі канструкцыямі засмечвае наша маўленне і сведчыць пра нізкую маўленчую культуру. (Заданне 5)
Гомель
Горадам зеляніны і вады называў Гомель Уладзімір Караткевіч. Адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі стаіць на берагах паўнаводнага Сожа і літаральна патанае ў вільготных цяністых парках...
Адна з адметнасцяў Гомеля - старажытны пейзажны парк з элементамі рамантызму. Ён быў закладзены ў 1780 г. на правым беразе ракі. … тут расце больш за 9000 дрэваў мясцовых і экзатычных пародаў - пірамідальныя дубы, сібірскія кедры, чорныя хвоі, японскія лістоўніцы і інш. Вялікія і малыя гроты, аранжарэі, вісячыя масты над ярамі, ператворанымі ў лебядзіныя сажалкі, альтанкі, памятныя камяні - … усё гэта робіць парк сапраўды рамантычным. Ён - у цэнтры горада, каля плошчы з вялізным гмахам тэатра, … , што трапляеш у іншую краіну, дзівосную і жаданую, і нават маленькая вандроўка па парку напаўняе душу шчымліва-радасным пачуццём удзячнасці продкам, усведамленнем адказнасці за тое, што засталося нам проста так - у спадчыну...
Словы для даведак: а здаецца, кажуць, безумоўна.
Брэст
Брэст — брама краіны. Гэтая зямля спрадвеку ўсыпана могілкамі, курганамі, страчанай у баях зброяй. Нямала было ахвотнікаў уварвацца сюды сілай. Нават готы ў II ст. ішлі тут са сваёй туманнай поўначы да Чорнага мора, ды толькі потым, … , пабітыя, зноў брылі на поўнач.
… Брэсту ёсць чым ганарыцца. Калі пачалася Вялікая Айчынная, у "ваенным гарадку" заставалася каля двух палкоў разам з пагранічнікамі, але крэпасць не здалася фашыстам — яна доўга трымалася і проста памерла, як паступова, без ежы і вады, памірае чалавек. Цяпер крэпасць-герой стала вялікім помнікам сваім няскораным абаронцам. У іх гонар побач з крэпасцю стаяць высокі абеліск і скульптурная кампазіцыя "Смага" — фігура распластанага на зямлі салдата, які цягнецца з каскай да вады...
...А яшчэ гэты горад проста вельмі зялёны і прыгожы.
Словы для даведак: сапраўды, як сведчаць гістарычныя факты.
Мінск
Сталіца Беларусі — самы вялікі з яе гарадоў. Найбольш ранні ўспамін пра яго — радкі са "Слова пра паход Ігаравы": "На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць чапамі харалужнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела..."
Тыя крывавыя берагі Нямігі даўно забраныя ў падземную трубу. Самае старое, што засталося ад гісторыі горада, яго змененая назва … . … , у гады вайны наша сталіца была амаль цалкам знішчана … .
Ад даўніны ў горадзе захаваліся некаторыя назвы. Лагойскі тракт, Ракаўская шаша, Старабарысаўскі тракт, Прывакзальная плошча.
3 найбольш старых культавых будынкаў у Мінску захаваліся Петрапаўлаўская царква, Кафедральны сабор … , касцёл езуітаў, які ў 1860-я гг. маляваў Напалеон Орда.
Мінск - пісьменніцкая сталіца. У 1886 г. тут пачала выходзіць грамадска-літаратурная рускамоўная … газета "Минский листок", якая адыграла значную ролю ў станаўленні беларускай літаратуры. У канцы 1902 г. "Минский листок" пачаў выходзіць пад назвай "Северо-Западный край". У 1905 г. у новай газеце беларускім вершам "Мужык" дэбютаваў Янка Купала.
...Сталіца павінна быць прыгожай. Яна і сапраўды чароўная. I ўсё ж выглядае, як прыгажуня, што страціла свае дыяменты...
Словы для даведак: Менеск, Менск, Мінск, на жаль, па беларускую старажытнасць трэба ехаць у глыбінку, былы касцёл бернардзінак, інакш тады было нельга.
Віцебск
Гэты горад, як ніводны, апеты паэтамі. Нават Ларыса Геніюш, хоць і жыла ў Зэльве, далёка ад яго муроў, не магла не прысвяціць Віцебску ўсхваляваныя радкі: "Нескароны ў крутой барацьбе, акрыяў, ажыў, пакалечаны. Нашы сэрцы імкнуцца к табе, як калісь на забытае веча".
Горад вельмі стары: у 974 г. яго заснавала кіеўская княгіня Вольга. Віцебск з'яўляўся моцным фарпостам абароны ад заваёўнікаў, буйным гандлёвым пунктам на шляху "з варагаў у грэкі", адметным культурным цэнтрам … . I ад самага пачатку гэта было, … , месца майстроў, якія вызначаліся "страсцю да мастацтва, жывапісу, рамёстваў”.
...Ранейшага Віцебска сёння няма. Горад мінулых стагоддзяў захаваўся толькі на паштоўках і карцінах Марка Шагала … . Вайна і гады савецкай улады амаль цалкам знішчылі непаўторны саборны сілуэт горада … .
Але, зачараваныя міфам, турысты бачаць сучасны Віцебск вачыма Марка Шагала, шукаюць генія і, … , знаходзяць - ён лунае над Віцебскам...
Словы для даведак: тут знойдзена мноства старажытных берасцяных грамат і надпісных прасліцаў; як пісаў У. Караткевіч; якіх, на жаль, у Віцебску таксама няма; у 1909 г. у ім было 13 цэркваў, 3 касцёлы і некалькі сінагог; як ні дзіўна.
Магілёў
… , няма такога беларуса, які не ведаў бы, што назва гэтага горада пайшла ад імя разбойніка Машэкі, а легенду пра яго выдатна пераказаў Янка Купала.
Горад увайшоў у беларускую літаратуру дзякуючы не толькі паэме "Магіла льва" Янкі Купалы, але і вершу "Летапісец" Максіма Багдановіча, нарысу "Магілёў" Максіма Гарэцкага … .
У1909 -1910 гг. у гарадскіх гарбарных майстэрнях працаваў Цішка Гартны … .
Гараджане ганарацца мастацкім музеем свайго таленавітага земляка Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (ён нарадзіўся ў сядзібе Крынкі цяпер Бялыніцкага раёна).
Словы для даведак: Напэўна; пісьменнік нарадзіўся на Мсціслаўшчыне, у вёсцы Малая Багацькаўка; у Магілёве прайшлі і апошнія дні яго жыцця.
Гродна
Гэты горад узнік у канцы X ст. на Замкавай гары пры ўпадзенні ракі Гараднічанкі ў Нёман. Гродзенскае княства не раз цярпела напады крыжакоў Тэўтонскага ордэна, але неўзабаве надышоў час расплаты, пасля якой ордэн не здолеў ачуняць … .
... Кароль Стафан Баторый заснаваў у горадзе вялікі замак, які, перабудаваны, збярогся да сённяшніх дзён … .
У Гродне праходзіла маленства Максіма Багдановіча … . У прыватнай жаночай гімназіі ў 1912 г. вучылася будучая пісьменніца Зоська Верас. З горадам звязана имя Паўліны Мядзёлкі … .
Горад адметны і тым, што ў ім найбольш захавалася старая частка з вузкімі вуліцамі і сівымі мурамі. Тут больш чым ва ўсіх беларускіх гарадах плюшчу і вінаградніку на сценах і чырвонай чарапіцы на дахах, якія робяць Гродна асабліва прывабным і ўтульным.
Словы для даведак: між іншым, Гродзенскі полк быў большы за ўсе іншыя беларускія палкі; з 1945 г. у ім размяшчаецца гісторыка-археалагічны музей, на ганку якога стаяць гарматы, некалі патопленыя Пятром I у Нёмане; яго бацька друкаваўся ў мясцовай прэсе, а маці дэбютавала ў ёй як празаік; у 1919 — 1921 гг. яна кіравала тут драматычным гуртком.
Завочная экскурсія па гарадах Беларусі.
Вучні зачытваюць тэксты. На слайдах – гарады, пра якія вядзецца гаворка.
Пытанні да тэкстаў:
-
Якая тэма і асноўная думка тэкстаў?
-
Якія тып і стыль?
-
Для чаго выкарыстоўваюцца пабочныя і ўстаўныя канструкцыі? (Каб выразіць адносіны да ваказанага, даць дадатковыя заўвагі, тлумачэнні)
-
Асноўная думка тэкстаў, як вы адзначылі, у тым, што нашыя беларускія гарады маюць слаўнае мінулае, ведаць пра якое павінен кожны з нас. Гэтую думку пацвярждаюць і выказванні нашых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. (Зварот да выставы). Сёння мы здзейснілі падарожжа завочна, але ў хуткім часе вы закончыце школу і разляціцеся па розных кутках нашай Радзімы, трапіце ў гэтыя і іншыя гарады, на свае вочы ўбачыце іх прыгажосць. Але, пакінуўшы родныя мясціны, напэўна, душою і сэрцам вы застанецеся тут, у Зэльве. Як кажуць, самы мілы для сэрца куток знаходзіцца там, дзе ты нарадзіўся.
Слайд
Зэльва
-
Калі глядзіш на гэтыя фотаздымкі, узгадваюцца радкі з верша У.Мазго “Зэльва”:
Яшчэ прабабкі, мусіць.
Шукалі лекі ў зеллі.
Лістотай захлынуся
У зеляніне:
- Зэльва…
- Мне здаецца, што гэты ўрывак вельмі стасуецца з тэмай нашага сённяшняга ўрока. Як вы думаеце?
- Давайце зноў звернемся да нашай тэмы. Так атрымалася, што на ўроку мы з вамі прааналізавалі тэксты аднаго стылю – публіцыстычнага. Але пабочныя і ўстаўныя канструкцыі ўжываюцца і ў астатніх стылях мовы. Таму ў якасці дамашняга задання вы падбераце тэксты розных стыляў з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі.
-
Дамашняе заданне: падабраць тэксты розных стыляў з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі.
-
Падвядзенне вынікаў урока.
- Адзнакі за работу на ўроку атрымаюць вучні … .
-
Рэфлексія.
- А напрыканцы ўрока я хачу, каб вы, звярнуўшыся яшчэ раз да зместу нашага урока, да задач, якія мы ставілі ў пачатку, прааналізаваўшы набытыя веды і сваю працу на ўроку, закончылі фразы, якія пачынаюцца пабочнымі словамі.
Слайд
Тэма і задачы
Заданне 6. Закончыце фразу.
-
На маю думку, …
-
Сапраўды, …
-
Безумоўна, …
-
На шчасце, …
-
Хутчэй за ўсё, …
-
Напэўна, …
-
Па сутнасці, …
-
Па-мойму, …
-
Шчыра кажучы, …
-
Магчыма, …
-
К майму задавальненню, …
-
На маё здзіўленне, …
-
Адным словам, …
-
Карацей кажучы, …
-
Бясспрэчна, …
-
Відавочна, …
-
Ва ўсякім выпадку, … .
|