Дзень за пяць




Дата канвертавання04.04.2016
Памер30.51 Kb.
Дзень за пяць

Калісці, яшчэ ў савецкія часы, папулярным быў выраз “дзень за два” дзень за тры”, калі гаворка вялася пра цяжкія ўмовы працы прадстаўнікоў самых розных спецыяльнасцяў. Журналісты, аднак, да катэгорыі тых, хто працуе ў шкодных умовах, ніколі не належалі. 


Гэта змянілася ўжо пасля распаду СССР – у незалежнай Беларусі…Мае калегі з незалежных выданняў сядзелі, некаторых забілі, не кажучы ўжо пра штрафы, арышты, пастаяннае запалохванне….
Панядзелак пачаўся ў працы звычайна ад прагляду ўчорашняга выдання нашай інфармацыйнай праграмы “Аб’ектыў” і планавання тэмаў выпуску сённяшяга. Сярод найбольш цікавага: сітуацыя ў часе параду перамогі ў Менску, калі ледзь не сутыкнуліся ў паветры беларускія вайсковыя самалёты. Адзін з якіх мог урэзацца ў жылы будынак. На шчасце, абыйшлося. Але чаму гэтыя прыстарэлыя СУ дагэтуль лётаюць над нашымі гарадамі? Рада Еўропы не хоча супрацоўнічаць з Беларуссю, бо ізноў расстралялі два чалавекі – Менск ад смяротнага пакарання не адмаўляецца. Ну і свята герба і сцяга – натуральна, тых, што лукашэнка вярнуў на рэфэрэндуме ў 1995 – практычна савецкія сімвалы, хаця маем мы і свае, гістарычныя, старадаўнія – бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”… 

 

Усё быццам бы спакойна – карэспандэнты ў рэгіёнах і за мяжой на сувязі, тэхніка не падводзіць, карацей, нармалёвая штодзённая праца. Але…


А 13:29 з Менску прыходзіць інфармацыя аб чарговым затрыманні супрацоўнікамі міліцыі нашых карэспандэнтаў- журналіста і аператара. Іх вязуць у адзін са сталічных РАУС (РОВД), Чым гэта скончыцца – невядома. Гэта ўжо чацверты падобны выпадак за апошнія тыдні. І раней было. Даволі часта. Але прызвычаецца да гэтага цяжка – уся рэдакцыя ў Варшаве перажывае за іх. Яшчэ раз разумеем – працуем ва ўмовах практычна франтавых. Гучыць можа высокапарна крыху, але такая праўда – у нашай краіне за інфармацыю, за тое, каб данясці яе нашых гледачоў, трэба змагацца: адрывацца ад “хвастоў”, хавацца, сядзець у турме. Як сядзеў нядаўна наш калега Іван Шульга толькі за тое, што не дапамог міліцыі ўварвацца ў кватэру, дзе знаходзіліся іншыя нашыя калегі.
Мінула паўтары гадзіны – нашых дагэтуль трымаюць у міліцэйскім пастарунку. На шчасце, маем з імі сувязь - кажуць, што пакуль усё па-стандарту: пытаюць для каго рабілі здымкі.
Тым часам з Бларусі прыходзяць матэрыялы для сённяшняга выдання: перадусім каментары экспертаў. Сёння ў Беларусі – выходны, хаця і панядзелак. Урад вырашыў даць грамадзянам уволю пасвяткаваць Дзень перамогі. 
Працуюць журналісты, мантаж, спартовы аглядальнік – штодзённа мы маем спартовы агляд, які рабіць зусім нелёгка, бо на большасць спартовых імпрэзаў нам уваход закрыты: няма акрэдытацыі. Нельга наведваць і нармальна здымаць і шматлікія мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў уладаў: няма акрэдытацыі.
Атрымаць акрэдытацыю таксама нельга – падавалі два разы ў МЗС, дык адмовілі, спасылаючыся на тое, што мы ўжо працавалі без акрэдытацыі, таму і так парушылі закон, а значыць трэба нам адмовіць. Замкнёнае кола: без акрэдытацыі працаваць нельга, а атрымаць акрэдытацыю таксама нельга.
Між тым запісваем кароткі анонс нашага выдання – а 16-й выходзіць караценькі, троххвілінны “Аб’ектыў”, у якім мы заахвочваем гледача паглядзеуь галоўнае выданне – а 20-й гадзіне, распавядаючы пра тое, над якімі тэмамі цяпер працуем. 
Штодзённа над тым, каб зрабіць дзьве інафрмацыйныя праграмы (3 хв а 16.00, 22 хв – а 20.00) працуюць некалькі дзесяткаў журналістаў, мантажораў, аператараў, тэхнічных супрацоўнікаў у Польшчы, Беларусі, а таксама ва Украіне, Літве, Бельгіі, Вялікабрытаніі.
Наша праграма, як зрэшты і іншыя перадачы на Белсаце, робяцца выключна на беларускай мове. У дзяржаўным тэлебачанні наша родная мова гучыць меней чым у 10% праграмаў, рэшта – па-расейску. Менавіта таму моўнае пытанне так істотнае для нас.
15:47 – новых звестак пра затрыманых пакуль няма.
Цяжка сканцэнтравацца на бягучай працы, калі невядомы дакладна лёс калегаў. Дазваніліся але ў прысутнасці міліцыі размаўляць не могуць. Што ім “прыпаяюць” гэтым разам: працу без акрэдытацыі, непадпарадкаванне міліцыі, хуліганства і ў выніку – штраф, суткі, канфіскацыя апаратуры? Магчыма ўсё.

16:10 аднаго з калегаў выпусцілі. Без пакарання – рэдкі выпадак. Магчыма, лагодны настрой пасля свята. 


16:45 – адпусцілі і другога. Але з наступтвамі. Якімі, не магу тут напісаць – гэтага патрабуе канспірацыя.
Выданне амаль гатовае. Старт а 20.00. Дзень мінуў, можна ісці дадому. Заўтра – новы інфармацыйны дзень. Што ён прынясе, як кажуць у інфармацыйных рэдакцыях, ніколі не вядома. 
Аляксей Дзікавіцкі, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм Белсат TV


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка