Драздовіч Язэп Нарцызавіч




Дата канвертавання24.03.2016
Памер28.26 Kb.
Драздовіч Язэп Нарцызавіч
Беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу.

Нарадзіўся 14 кастрычніка 1888 г. на хутары Пунькі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у сям'і збяднелай шляхты - арандатара. У два гады застаўся без бацькі, яго і пяцёра братоў выхоўвала маці Юзэфа, а хутка сям'я засталася без зямлі і дома. Вучыўся ў прыватнай настаўніцы, пасля скончыў Віленскую школу малявання (1908 г.). У 1910 – 1914 гг. служыў у арміі, дзе скончыў фельчарскія курсы. Пасля звальнення з войска па стане здароўя жыў у сваякоў на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля вёскі Германавічы, пасылаў у газету «Наша Ніва» нататкі пра жыццё сялян. У 1919 г. працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры камісарыяце асветы БССР. У 1919 – 1920 гг. жыў у Мінску, працаваў мастаком-дэкаратарам у Беларускім дзяржаўным тэатры. У 1919 г. арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка», якое адчыняла школы, аматарскі тэатр, бібліятэку. Выкладаў маляванне ў беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар.

Пасля вяртання на Дзісеншчыну, якая паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921 г.) адышла да Польшчы, у 1921 – 1922 гг. рабіў спробы арганізаваць на радзіме беларускія школы. У 1924 – 1926 гг. выкладаў маляванне ў Глыбоцкай школе, актыўна супрацоўнічаў з Таварыствам беларускай школы. Некаторы час працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны. У 1926 – 1927 гг. працаваў у сатырычным часопісе «Маланка». У 1927 г . заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі. У 1927 – 1929 гг. выкладаў маляванне ў Навагрудскай беларускай гімназіі, вёў працу па зборы экспанатаў для Віленскага беларускага музея. У перыяд з 1931 па 1939 гг. быў вандроўным мастаком. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і ў 1940 – 1941 гг. працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках.

Памёр Язэп Драздовіч у Падсвільскай бальніцы 15 верасня 1954 г. Пахаваны на могілках паміж вёскамі Ляпляны і Малыя Давыдкі. У 1982 г. на магіле ўстаноўлена стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка» (скульптар А. Шатэрнік).

У музеі-пакоі народнай творчасці, які быў створаны ў мясцовай сярэдняй школе, прадстаўлены яго карціны, графічныя працы, матэрыялы пра жыццё і творчасць майстра.

Кола інтарэсаў Драздовіча было надзвычай шырокім: гісторыя, археалогія, этнаграфія, літаратура, астраномія. Ён запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны, склаў зборнік «Песні Дзісеншчыны». Пісаў вершы, прозу, вёў дзённікі. У 1923 г. у Вільні была надрукавана першая частка яго аповесці «Вар'ят без вар'яцтва», пад псеўданімам Нарцызаў выдаў кніжку «Пабрацімы» і «Вялікая шышка». У Свіры, пазней у родных мясцінах праводзіў археалагічныя даследаванні. У ненадрукаванай працы «Дзісенская дагістарычная даўніна» апісаў 30 археалагічных помнікаў. Адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, шмат каменных крыжоў, сабраў калекцыю каменных сякер. Таксама Язэп Драздовіч з'яўляецца аўтарам навукова-папулярнай брашуры па астраноміі. Але найбольш ён вядомы як мастак.

Першыя малюнкі Язэпа Драздовіча – «Трызна мінуўшчыны», «Брама будучыні» былі напісаны ў 1907 г. пад уплывам знакамітага літоўскага мастака Чурлёніса. З самага пачатку сваёй творчай дзейнасці Драздовіч выкарыстоўваў гістарычныя рэаліі і матывы. Напісаў серыю графічных відаў «Дзісеншчына». Графічныя малюнкі Язэпа Драздовіча ўпрыгожылі падручнік геаграфіі Смоліча. Пісаў графічныя партрэты полацкіх і смаленскіх князёў.

У 2-й палове 1920-х гадоў Драздовіч стварыў вялікія графічныя серыі, прысвечаныя гарадзішчам, замкам і культавым пабудовам. У гэты час шмат вандраваў па Дзісеншчыне, Піншчыне, дзе рабіў графічныя замалёўкі, збіраў этнаграфічныя матэрыялы для «Беларускага этнаграфічнага слоўніка». У 1927 г. і 1-й палове 1940-х гадоў напісаў некалькі карцін, прысвечаных Францыску Скарыне. Язэп Драздовіч – пачынальнік касмічнай тэмы ў выяўленчым мастацтве: серыі «Жыццё на Марсе», «Артаполіс», «Жыццё на Венеры» (1931 г.), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (1932 г.) , «Космас» (1940 г.).



Маляваў насценныя дываны, якія адрозніваліся арыгінальнай пабудовай кампазіцыі (сюжэтны малюнак у цэнтры з расліннай абмалёўкай). Працаваў у сферы скульптуры: бюст Францыска Скарыны (1916 г.), «Плач Гарыславы» (выява полацкай князёўны Рагнеды, 1916 г.), партрэты-барэльефы паэтаў Міхася Машары і Янкі Пачопкі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка