Дом пісьменьнікаў




Дата канвертавання17.03.2016
Памер54.29 Kb.
ЭСЭ

Дождж

Калі ў Стакгольме падае дождж, у Вісьбю сьвеціць сонца, ганарацца на Готляндзе. Ён нібы паўднёвы курорт для паўночнай сталіцы, да якога няцяжка даплыць паромам, вастраносым, як самалёт звышгукавы, зь вялізнай літарай G на борце.

Дажджы Готлянд таксама не абмінаюць. Стаім у ядальні з вакном на касьцёл і мора, швэд Фрэдрык ня стрымлівае зьдзіўленьня: дождж, што наляцеў зусім раптоўна, сячэ амаль што гарызантальна. Такога нават ён яшчэ ня бачыў. Значыць, хмары цяжэюць зусім па-над дахамі, апусьціліся амаль да вежаў, і моцны марскі вецер вытрасае з іх ваду. Мы размаўляем з Фрэдрыкам пра клясыкаў.

Наш польскі калега піша кнігу “о едзэню”, кулінарную. Заўжды мудруе над стравай для адной асобы, напэўна ж, каб напісаць лішні абзац. А мы па-хуткаму, каб не марнаваць час. Фрэдрык з засмучанай усьмешкай кажа: сорамна перад ім і высыпае на патэльню каляныя асьнежаныя фрыкадэлькі. Штосьці ў гэтым ёсьць, канечне, выдумляць кнігу аб стравах, але табе не хапіла б фантазіі.

Калі ў старадаўнім з невысокімі дахамі горадзе за абарончымі мурамі дождж, здаецца настрой мінуўшчыны больш выразны: коміны курэюць, па падваконьнях запалены настольныя лямпачкі. Нібы продкі гэтых людзей стараюцца ўтрымаць цяпло, утулак у прасоленых сіверамі сьценах, духаў старога гандлёвага марскога места на сямі вятрах.

Дом пісьменьнікаў

Калі ў Вісьбю ціха, восеньскае сонца, здаецца, наступіў перапынак паміж штормамі. Звычайна дом трасе суткамі. Пад маім вакном чатырма вяроўкамі прымацаваны сіні транспарант, які паведамляе: тут спыняюцца пісьменьнікі. Яго ўвесь час тузае і пляскае па сьцяне. Ці сьцяг палошча наш літарацкі, ці ветразь, а мо адначасова — два ў адным.

Дом на пагорку сапраўды як карабель ва ўзьнятым на дыбкі моры, шторм вось-вось сарве з якара, адарве ад берага, пачне кідаць хвалямі, зацягне ў мора — далей ад берага. Хвалі торгаюць, штурхаюць, сьціскаюць у сваіх абдоймах, душаць, камячаць. Уначы пачынаюць гучаць сьцены і столь, абуджаючы даўнія згадкі пра вясковую хату. Але зноўку думкі пра драўляны карабель, які рыпіць раматусам, але не наракае, бо гэта — яго жыцьцё.

Авечкі і бараны

Авечкі, авечкі, бараны крутарогія. Яны паўсюль. Сьветлашэрыя стаяць у брамах вежаў, уздоўж тратуараў, цэлая чарада напаткалася перад рэзыдэнцыяй мясцовага біскупа, на дзьвярах якой мураваны герб.

Баран на каляровым сьцягу места на флягштоках. Ускрылены баран вельмі сымпатычна асвойтаўся на эксьлібрысе — эмблеме дому пісьменьнікаў. Так-так, нагадаўшы ўсім вядомага Пэгаса.

Авечкі выглядаюць ня так кідка, як бараны, яны менш заўважныя: сьціплыя галоўкі, апушчаныя долу. Ці варта казаць, што бараноў вы спаткаеце часьцей на брукаваных вулічках?

Авечкі і бараны ў вітрынах у сьценах Старога гораду: каменныя, парцалянавыя, плюшавыя, вязаныя. У крамах, перад дзьвярыма на вуліцы мноства рэчаў з авечай воўны.

І я бачыў іх саміх, бачыў жыўцом! На жаль, мы не спыніліся, каб сфатаграфаваць: яны стаялі ўздоўж дарогі — белыя, шэрыя, чорныя і больш усё ж нагадвалі парцалянавыя ў адной вітрыне, уручную размаляваныя. Мы праяжджалі міма, яны жавалі сваю восеньскую траву. Яны былі дома, калі не гаспадарамі, дык амаль боствам мясцовага значэньня, вартавымі на вуліцах і пры брамах, фэтышам, рэклямнай прынадай.

Радуюся, што я тут, думаю пра жыхароў, іхніх продкаў, якія стварылі горад, збудавалі вакол яго сьцяну з высокімі вежамі, да мяне прыходзіць усьведамленьне, што авечка з баранам — не выпадковасьць у яго сьценах у тым сэнсе, што яны не спынілі выбар канчаткова на кімсьці адных з іх, нібыта ня здолеўшы прыйсьці да адзінай думкі. Бо яны — два бакі аднаго мэдаля. Авечка — руплівая, непераборлівая, памяркоўная, на іх, дбайных, трымаўся дабрабыт, становішча гандлёвага места на марскім раздарожжы. А бараны — што тут доўга меркаваць, калі яны стаяць у брамах вежаў — гэта ўпартыя абаронцы Вісьбю.

Такі анімалізм гораду паўночнага, скандынаўскага, марскога. Так, для любога вострава авечкі — выйсьце, можа нават паратунак, абы трава расла. Небарачкі — яны і ежа, і цяпло: малако, мяса, лой, сыр, воўна, а таксама швэдры, хусьціны, шапкі, лямцавы абутак, коўдры, кажухі. Так, для любога вострава, а тут, на Готляндзе, у Вісьбю яны ўвогуле паўсюль.



Келіх чырвонага

Пада мною ў пакоі на першым паверсе грэк Тэа. Ён перакладае зь нямецкай і ў яго жонка з Горадні. Там ён быў тройчы: раз летам і два — узімку, калі яму больш спадабалася — сьнег і ўсё з гэтым зьвязанае. Летам — горача. Так, цяжка дыхаць, бо вільготнасьць. Нам гэта таксама занадта добра вядома.

Пахмурны дзень, але вакно ў Тэа расчынена цэлы час і ў ім высокі вялікі келіх. Спачатку ён запоўнены напалову, потым было на дне, яшчэ пазьней сьлед чырвонага віна толькі ў сподзе ўгадваўся. Увесь час побач была відаць бутэлька чырвонага віна, пакуль не сьцямнела.

Вакно глядзіць у вулічку, цераз якую турысты трапляюць звычайна да храма, на рынкавы пляц і далей — да мора. Яны толькі што прайшлі скрозь вежу з брамай, каб перад вакном Тэа збочыць. Усе, хто йдзе, ня можа ня ўбачыць келіх з бутэлькай — маленькая выстава Тэа.

Ці варта дадаваць, што гэта амаль поўха мясцовым звычаям? Не, якраз выстаўляць на вокнах — на агляд — моцная традыцыя, амаль няма вакна, якое б пуставала. Але бутэлек, віна, вы ня ўбачыце. Што праўда, зрэдку трапляюцца келіхі, але ў іх — сухая трава, букет — не букет.

Цяпер у вакне Тэа гарыць лямпачка, ён працуе. Калі іду міма, то паказваю пецярню — вітаюся, ён адказвае. Яму дастаўляе відавочнае задавальненьне быць на сваім цяперашнім месцы, і каб яго бачылі за працай. Кучаравая чорная галава, круглыя акуляры. Часам з завулка выяжджаюць машыны і асьвятляюць яго фарамі.



Wine House

У Горадні з Вісьбю існуе агульнае: у іх спыняліся каралі. “Вінны дом” і каралеўскі “Дом са шкуры цяляці” у Вісьбю — дзьве назвы адной камяніцы. Спачатку пра віно. Гэта Балтыка, яно каштавала дорага, і можна было зарабіць. З караблёў яго ў бочках перавозілі ў вінны склеп, дзе дэгуставалі. Белыя, часам кіславатыя, дастаўлялі з нямецкіх земляў, салодкія — з грэцкіх, пікантныя — з Гішпаніі і Партугаліі, нарэшце з Францыі — чырвоныя, якія каштавалі найдаражэй. Што да мяне, я сабе купіў апошнім саламянага колеру кіпрскае. На востраве сярод халоднага мора сапраўды мацней адчуваеш яго каштоўнасьць.

З мясцовай легенды вынікае, што дом гэты збудаваў кароль Біргер Магнусан. Ён папрасіў у гарадзкой рады сьціплы кавалак зямлі, каб паменей плаціць, зямля за мурамі каштавала. Такога, які пакрые цялячая шкура, будзе досыць, - паабяцаў кароль. Але загадаў нарабіць шнуроў са шкуры, зьвязаць і акрэсьліць кола - пляц атрымаўся як мае быць. Але ў Вісьбю сёньня сумняваюцца: ці ня жарт гэта сярэднявечны?

Што да караля, ён сапраўды існаваў і спыняўся ў “Вінным доме”, але тут вэрсіі разыходзяцца: ці ён напаў на востраў у 1313 годзе, ці папросту хаваўся ў Вісьбю? Вядома аднак, што ён сапраўды ўцёк на Готлянд, але потым паплыў у Данію — у эміграцыю, і такое здаралася з каралямі.



Кнігі

Вокны гораду за мурамі — музэйныя вітрыны, кожны сам вырашае — што прапанаваць на агляд турыстам, мінакам. Але зазіраць у вокны ўсё ж няёмка, хіба што бакавым зрокам. Мінаеш чорны стары дом: квадратныя вокны невялікія з аканіцамі на вышыні, над галавой у цябе. У левым гарыць сьвятло — на сьценах скрыні драўляныя, выглядаюць як старыя. Паварочваеш галаву: у правым стэляжы з кнігамі, драўляныя, дрэва цёплага колеру, сярэдне-карычневае. Утульна так, вулічка вузкая-вузкая, адразу трапляеш на пляц рынкавы.

Уздоўж абрыву сьцяжына з дамамі, якія глядзяць на чарапічныя дахі ўнізе, разбураныя касьцельныя сьцены, а далей мора-мора! У адным дамку невялікім справа пакой: карціны на сьцяне, падрамнікі, стол, зьлева куханька, паміж імі нешырокі стэляж, у ім кнігі. Адчуваецца, што гаспадар прыяжджае толькі часам, можа сталічны мастак.

Блізка ад батанічнага саду на рагу з вулічкай караля Олафа ў вакне кнігі, кнігі, уся сьцяна, цэлая бібліятэка. Але больш за ўсё іх у доме пісьменьнікаў і перакладчыкаў.



Мора

Як гэта дзіўна ў такім месцы, калі няма ветру. Мора амаль лагоднае зусім, толькі хваля нямоцная набягае, як заўжды рытмічна, на камяні ля набярэжнай.

Яно ўвесь час мяняецца, кожны раз спыняесься ля вакна, ацэньваючы колер. Калі былі запар цёплыя дні, яно выглядала менш выразным і, што цікава, не праглядаўся асабліва гарызонт, ён ня быў акрэсьлены, мора зьлівалася з небам. Цяпер сонечны, але вятрысты дзень, мора густа-сіняе, такога даўно ня бачыў. А то здараецца як расплаўленае волава.

Нярэдка мора бярэцца плямамі, выцягнутымі, цямнейшымі, сьвятлейшымі, прычым зусім не абавязкова можна падумаць на цені ад хмараў. Розьніца ў тэмпэратуры, адліў-прыліў? Ня ведаю. Твар таксама розным бывае — ад марозу, хвосткага ветру, ад гарачыні, ад алькаголю.

Ты бачыш, як плыве па моры доўгі белы карабель — на самай мяжы далягляду. Першая думка — чалавеку заўсёды на борце хочацца хутчэй да берага, асабліва, як шторм. Другая: а калі на беразе чакае штурм, высокія сьцены, латнікі з запаленымі кнатамі пры гарматах? Лепей сядзець на бочках зь віном, табе ўсе будуць радыя.

Рытуал: ацаніць з вакна, калі мора неспакойнае, — што ў нас сёньня? — ці бягуць да берага белыя баранчыкі, як далёка ўзьнікаюць, ці частыя, якія па велічыні? Пайшоў сьфільмаваў хвалі, атрымалася нечакана: мора рыхтык чорнае.



2010


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка