Даследчая дзейнасць навучэнцаў як адзін са шляхоў выхавання патрыятызму Бойка Ларыса Іванаўна, настаўнік вышэйшай катэгорыі, Дзяржаўная установа адукацыі «Гімназія №1 г. Салігорска»




Дата канвертавання23.06.2016
Памер33.89 Kb.
Даследчая дзейнасць навучэнцаў як адзін са шляхоў выхавання патрыятызму

Бойка Ларыса Іванаўна,

настаўнік вышэйшай катэгорыі,


Дзяржаўная установа адукацыі «Гімназія №1 г.Салігорска»

вул. Леніна, 49а, 223710

тэл.: 8-0174-221798

факс: 8-0174-225213

e-mail: gimnsol@yandex.ru

Ёсць падзеі ў нашай гісторыі, якія ўзвышаюцца над астатнімі сваёй значнасцю. І адна з іх – Перамога! Сёлета народ Беларусі рыхтуецца ўрачыста адзначыць 65-ю гадавіну незабыўнага дня. Шмат робіцца ў краіне з гэтай нагоды.

У Салігорскай гімназіі №1 на пачатку навучальнага года навучэнцам 9-га класа быў прапанаваны факультатыў «Асновы вучнёўскай даследчай працы па гісторыі» з ваенна-краязнаўчым ухілам. Па-першае, хацелася, каб дзеці больш даведаліся пра землякоў, якія набліжалі Перамогу. Па-другое, прыклады гераізму ў гады вайны – добры падмурак для выхавання патрыятычных пачуццяў у час сённяшні. Вядома ж, частка заняткаў была прысвечана разгляду тэарэтычных пытанняў даследчай працы. Але я хачу спыніцца на выніках нашай практычнай работы.

Пад час экскурсіі ў Салігорскі краязнаўчы музей навучэнцы выбралі экспанаты для сваіх міні-даследаванняў. На сённяшні дзень не ўсе работы завершаны, але не абыйшлося і без маленькіх адкрыццяў. Уявіце сабе пачуцці дзяўчынкі, якая ў выніку даследавання даведалася, што аўтар ліста, напісанага 9 мая 1945 года ў Берліне – брат яе прабабулі. Першыя арыенціры пошукаў яна атрымала ў музеі. А далей – размовы з аднавяскоўцамі і сваякамі, уважлівая работа з кнігамі «Памяць» і «Я з вогненнай вёскі…» У выніку дзяўчынка шмат даведалася пра лёс аўтара ліста і яго жонкі, пра трагічную смерць іх дзяцей, знайшла фотаздымкі. А ліст гэты, змешчаны ў экспазіцыі Салігорскага краязнаўчага музея, сапраўды нельга чытаць без хвалявання. Мы абавязкова выкарыстоўваем яго на ўроках гісторыі, калі ідзе размова пра вайну і кошт Перамогі.

09.05.1945 г., Берлин.

Здравствуй, Маня!

Разреши тебя поздравить с днём Победы.Мы победили!Слова нашего любимого вождя тов. Сталина сбылись, он в начале войны говорил: “Наше дело правое, мы победим!” и мы победили. Война, Маня, закончилась, кажется, недалёк час нашей встречи. Сегодня мы празднуем день Победы, отмечаем наши достижения, что мы проделали за период войны в разгроме врага. Большинство товарищей горят желанием быстрее встретить своё семейство, а я когда подумаю, что приеду и своих любимых деток не встречу - Кольки, Любки и Нинки, то сердце обливается кровью, а глаза слезами и ничего не вижу…”
Другі практычны вынік нашай дзейнасці – праект «Нашчадкі», прысвечаны нашаму земляку, Герою Савецкага Саюза А.А. Жуку. Справа ў тым, што Аляксандр Апанасавіч – удзельнік знакамітага Парада Перамогі, які адбыўся 24 чэрвеня 1945 года ў Маскве. У Салігорскім краязнаўчым музеі экспануюцца асабістыя рэчы і дакументы Аляксандра Апанасавіча, яго генеральскі кіцель. Усё гэта было перададзена жонкай, Кацярынай Пятроўнай, якую супрацоўнікі музея адшукалі ў Маскве. У жніўні 1984 года на адкрыццё Салігорскага краязнаўчага музея прыехалі жонка Героя і дачка Валянціна з сям'ёй. Блізнятам Каці і Алёшу было па 11 гадоў. Але дзіцячыя ўражанні ад усяго ўбачанага, ад паездкі на радзіму дзядулі ў Веску, ад сустрэч з вясковай раднёй аказаліся моцнымі і незабыўнымі. Праз 25 гадоў Кацярына вырашыла прывезці на радзіму продкаў свайго сына, 13-гадовага Аляксея.

Так атрымалася, што госці трапілі да нас у гімназію, была арганізавана сустрэча з навучэнцамі 9 класа. І дзеці «загарэліся», іх настрой адлюстараваны ў словах адной дзяўчынкі: «Няўжо толькі ўнукі і праўнукі з'яўляюцца нашчадкамі Героя? А мы, хто нарадзіўся на гэтай зямлі, хто тут жыве і захоўвае памяць пра славутых землякоў? Хіба мы не нашчадкі?» Яны вырашылі абавязкова наведаць радзіму Аляксандра Апанасавіча і пагаварыць з тымі, хто яго памятае, каб больш даведацца пра дзяцінства і юнацтва Героя.



Але перш чым адправіцца ў вёску, дзеці знайшлі разнастайную інфармацыю з даступных крыніц пра ваенны шлях славутага земляка. Вынікам сустрэч з аднавяскоўцамі і раднёй Аляксандра Апанасавіча стала стварэнне радаводнага дрэва Героя. Яго ўнучка Кацярына Алегаўна, як і абяцала пры першым знаёмстве з гімназістамі, даслала свае ўспаміны пра дзядулю і звесткі пра ўсіх нашчадкаў Аляксандра Апанасавіча.

Упэўнена, што практычная даследчая праца прынесла дзецям не толькі задавальненне, але пакінула глыбокі след у іх душах. Быць патрыётам – гэта не проста казаць уголас пра любоў да Радзімы. Мне падаецца больш важным фарміраваць у моладзі пачуццё адказнасці за лёс сваёй краіны, адчуванне еднасці са сваімі народам. І тое, што навучэнцы 9 класа назвалі сябе нашчадкамі землякоў, якія набліжалі Перамогу, абнадзейвае. Хочацца верыць, што повязь часоў не распадзецца, а повязь пакаленняў мы здолеем захаваць.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка