Далёка ад Сібіры Беларусь, Ды думкі прамільгнуць па-над зямлёю, За ўсіх сяброў казаць тут не бярусь




старонка2/6
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.22 Mb.
1   2   3   4   5   6

Пасля навальніцы
Прайшла, пранеслась навальніца,

На ўсіх адгневаўся Пярун

З сваёй нябеснай калясніцы.

Зазелянела ў полі рунь.


Зноў ззяе сонца ў ясным небе,

Зліліся хмары і блакіт,

Вісяць над рэчкаю і грэбляй

Ніц косы мокрыя ракіт.


А дрэвы плачуць, сціхнуў вецер.

Ён нарабіў нямала спраў,

Ляжыць раскіданае вецце,

Стаіць духмяны водар траў.


Вільготна ў лесе — добра ліла,

У глебе стала шмат вады,

З грыбніц старых, набраўшых сілы,

Палезуць першыя грыбы.

Над полем — пар, клубяць нізіны,

Блішчыць шашэйная страла,

Шмель ажывае ў канюшыне,

Звініць над вуллямі пчала.


Блакіту больш — далей ўсё хмара,

Журчаць гарэзы-ручайкі,

Бягуць віхляючы і мараць

Пра воды поўныя ракі.


Ігранне фарб над нівай, логам —

Вясёлка прагна з рэчкі п’е.

Асану дню жыцця зямнога

Пярнаты свет кругом пяе.



Пралескі
Святлом пяшчотным ззялі высі,

Прасторы поўнілісь вясной,

Пралескі першыя у лесе

Шукалі доўга мы з табой.


У гурбах снег ляжаў, валежнік,

Цямнеў праталінак гурток,

Аддуль і выглянуў падснежнік —

Маленькі, сіненькі цвяток.


І засвяціўся твар дзявочы —

Пралескі-кветкі мы знайшлі!

Блакітам сталі церці вочы,

Каб лепей бачыць на зямлі.


Мяне да болю паланіла

Пралесак сінь і сінь вачэй,

Агонь кахання з новай сілай

Гарэў трапятней і ярчэй.


Праз лес здалёк вітала вёска —

Пад сонцам марывам палі,

З пралескамі ў руках на ўзлеску

Мы сок бярозавы пілі.


Шчыміць цяпер самотай сэрца —

Пралескі дзе ў тваіх руках?

Дзе той бярозавік з вядзерца

Расой пякучай на губах?


Цябе заўсёды помніць сэрца —

Пралескі-кветкі у руках,

І той бярозавік з вядзерца

Расой пякучай на губах.


Пралеска, мілая пралеска,

Радзімы сціпленькі цвяток!

Табою квеці беларускай

Чароўны поўніцца вянок.



* * *

Па сцежцы нітка ўецца за клубочкам,

Каб нам сустрэцца зноўку па вясне.

Пралеска-кветка, разам з васілёчкам,

Радзімы любай сімвал для мяне.


Рэчка
З лесу, з выток пачынаючысь,

Рэчка на волю цячэ,

Бруямі звонкімі граючы,

Мерна размову вядзе.


Звілістай стужкаю цёмнаю

Чыстыя дзеліць лугі,

Вербы і вольхі зялёныя

Красяць яе берагі.


З меньшай ніжэй сустракаецца,

Зліўшысь з сястрою, далей

Сілы яшчэ набіраецца,

Стаўшы шырэй і глыбей.


Высяцца горы над рэчышчам,

Схілы іх рэжуць яры,

Ёсць Гарадзец тут радзімічаў —

Крэпасць далёкай пары.

Снулым курганам ён выглядзіць

Над зелянінай лугоў,

Час зруйнаваў і павыгладзіў

Сцены крутыя яго.


Побач крынічкі пад горамі,

Ключыкі чыстыя б’юць,

Ды ручайкамі вясёлымі

Жвавенька ў рэчку бягуць.


Сажалкі ў лузе ўжо старыя —

Лыкі мачылі дзяды,

Вілі вяроўкі мачальныя,

З цвілай дастаўшы вады.


Лоша ж, Галыша з Дабранкаю,

Воды у Проню нясуць,

І вечарамі і ранкамі

З ёю да Сожа бягуць.


Каб там яшчэ пазнаёміцца

З мноствам рачулак і рэк,

Нашымі рэчкамі поўніцца

Волат Дняпро з веку ў век!




На рэчцы
Рэчаньку з логам і доламі

Хутае лета цяплынь.

Будзяць стракозы вясёлыя
Ў танцы санлівую плынь.
Свецяць лілеі, як сонейкі,

Вочкі раскрыўшы свае,

З пер’ямі-лісцем зялёненькім

Явар к лілеям плыве.


Побач жукі метэорамі

Рэжуць люстэрка вады,

Конікі дружнымі хорамі

Цвыркаюць, строяць лады.


Ціха пяшчотнымі хвалямі

Мыецца жоўценькі жвір,

Ды глыбінёй перад мелямі

Змрочны бахваліцца вір.


Дзе ў ім пад вольхамі цёмнымі

Зрэдку чарнеюць курчы,

Воды і ў спёку тут поўныя,

З дна сцюжай веюць ключы.


Ўзлёгшы на дзятлінку белую,

Вуды цікуе рыбак,

З плёскам пад вербай самлелаю

Стрэліць за плоткай шчупак.


Бусел гуляе ля берага
Ў ботах чырвоных сваіх,

Грэблю абнялі два шэрагі,

Стаўшых абапал ракіт.
Ветрык павее, ласкаючы

Водарам спелых лугоў,

Пахам суквеццяў дурманячых,

Шэптам чарота размоў.


Мятлушкі парамі кружацца,

Крыллі — чароўны узор,

Ўнізе здалёку, бы лужыны,

Шклянкі блакітных азёр.



Сенакоса гарачая пара
Блакітныя нябёсы, шырокія пракосы,

Дурманіць рознаквеццем падвяўшая трава.

Звіняць на лузе косы, збіваюць слёзы-росы,

Гамоніць сенакоса гарачая пара.


Над рэчкай віснуць лозы. Раз’юшаныя восы

Ўсё ворагаў шукаюць, парушыўшых спакой.

Няўёмныя ў рабоце, змакрэлыя, у поце,

Ідуць касцы па пожні шырокай чарадой.

Акінуць як вачыма, — цярушаць і жанчыны

З валкоў і копнаў сена — бы кветкі па лугу.

Дзяўчаткі маладыя, і хлопцы, шчэ малыя,

Дапамагчы дарослым з гары да іх бягуць.


Спрыяюць калi зоры, і добрае надвор’е

Ўсталюецца надоўга на пойменных лугах,

То ўзнёсла сэрца б’ецца, душа пяе, смяецца

У тых, хто тут працуе, хто зранку на нагах.


Юнацтва тут сталее, а сталасць маладзее,

Руплівая да працы імкнецца дзетвара.

Звіняць на лузе косы, збірае сонца росы,

Гамоніць сенакоса гарачая пара.



Глыточак вадзіцы
Я сена кашу на паляне у лесе,

Ды з самага рання, а сонца — ў зеніце.

Зусім я стаміўся, і думка гняце ўсё —

Вадзіцы мне б выпіць, глыточак вадзіцы!


Спіны не чуваць, данімае спякота,

Мазолі балюча пякуць на далонях.

Салёным у вочы аслеплены потам,

Далей я іду па пракосах зялёных.


Вадзіцы мне трэба, глыточак вадзіцы!

Язык мой да нёба бы сцягнуты клеем,

Няма тут паблізу ніводнай крыніцы.

А ветрык? Ён цёплы, калі і павее.


Даўно ўжо вада, што з сабой браў, дапіта,

Не ўтоляць мне смагу кісляк і суніцы.

Які ж ты каштоўны, глыточак празрыстай,

З крынічкі, ці студні халоднай вадзіцы!




Зусім заблудзілася восень
Зусім заблудзілася восень,

Хоць снежань стаіць на двары —

Атаву жывёліне косяць,

Грыбочкамі дараць бары.


Туман над зямлёй не зыходзіць,

Спадобіўся вечару дзень,

Бо тыднямі сонца не ўсходзіць —

Ні разу не бліснуў прамень.


Бяроз абляцеўшыя кроны,

І з чубам кашлатым сасна,

У мора малочнае тонуць,

Чакаючы зімняга сна.


Зусім заблудзілася восень,

Без снегу прыйшоў Новы год,

На лапінках ёлачак — росы.

Такіх я не ведаў прыгод.



Студзень 2007 год

В Ё С К А І М О В А

Беларуская вёсачка
Беларуская вёсачка па-над рэчкай плыве,

Яна ў лесе купаецца, на паляне жыве.

Ты квітней, мая вёсачка, і званочкамі грай,

Назаўсёды ты, мілая, самы лепшы мой край!


Самы лепшы куточак ты, што ў жыцці я пазнаў,

Калі ў розных мясціначках на Зямлі пабываў,

Дзе марозы траскучыя, ці субтропікаў рай,

Дзе ёсць вербы плакучыя і бярозавы гай.


Бачыў стэпы шырокія, сопак белых хрыбты,

Але, мілая вёсачка, там мне снілась і ты.

Дык квітней, мая вёсачка, па-над рэчкай плыві,

Ты, Радзімы часціначка, ў маём сэрцы жыві.


Гарады, мегаполісы параўнаць як з табой?

Мая мілая вёсачка, для душы ты спакой.

Тут прырода цудоўная каля чыстай ракі,

Збажына тут калосіцца і цвітуць васількі.


Беларуская вёсачка па-над рэчкай плыве,

Яна ў лесе купаецца, на паляне жыве.

Ты квітней, мая вёсачка, і званочкамі грай,

Назаўсёды ты, мілая, самы лепшы мой край!


Вёска і мова
У вёсках мова жыла вякамі,

Адметнай рысай была народу,

Трымалась стойка пад чужакамі,

Мацнела духам ў слату, нягоды.


Бурылі вёскі, агнём палілі.

Ўставалі зноўку яны з зямлянак,

Раслі, дужэлi, дзяцей хрысцілі,

Далей каб мова вітала ранак.


Бывала ў горад, як з’едзе хтосьці,

Сваіх праведаць прыйдзе дадому,

То людзі скажуць, пачуўшы госця,

Што ён гаворыць “па-гарадскому”.


Цяпер часіны зусім другія —

Радзеюць вёскі, дужэе горад,

Руйнуе корні іх векавыя,

Зрабіць такога не змог і вораг.


Мне горка. Смагну. Вады б напіцца —

Пачуць гаворкі вясковай словы.

Знікаюць вёскі. Ўсё меньш бруіцца

З крынічак чыстых жывая мова.


Валодай мовай, песці мову
Нізіны, ўзвышшы і раўніны,

Азёры, рэкі і лясы —

З часоў глыбокае даўніны

Тут чулісь продкаў галасы.


Прышэльцаў розных часта знала

Святая прашчураў зямля —

То з Поўдня неслася навала,

То Захад неба зацямняў.


Міндаўгас Русь рабіў Літвою,

Ягайла — Польшчы аддаваў.

Тут кроў людзей лілась ракою,

Кароль з царом як ваяваў.


Тут войны доўга не спынялісь,

Улады розныя былі,

Народ наш, мову прыцяснялі,

Ды звесць са свету не змаглі.


Беларусі, маёй Радзіме,

Цяпер дзяржавай давялось

Быць самастойнай і адзінай,

Расправіць плечы ў поўны рост.


Ты, мой народ, мацуй дзяржаву,

І незалежнасць барані,

Валодай мовай, песці мову —

Твае у мове карані!

Стаяць беларускія хаты
Стаяць беларускія хаты

Па вёсках яшчэ дзе-нідзе,

Хоць сэрца і бачыць іх рада,

Ды “каменны” век зноў брыдзе.


Бывала, раней ўжо, сціралі

Між вёскай і горадам грані,

Да цэнтраў калгасаў збіралі,

Там з цэглы дамы будавалі.


Палацы раслі, толькі вёскі

Усе сірацелі навокал,

Не стала ім міласці боскай,

Бязлюдзелі ў скрусе глыбокай.


Цяпер бачым зноў прадаўжэнне —

Сціраюцца тыя ўсё ж грані.

Баюсь, што такое рашэнне

Да смерці ўжо вёску параніць.


Хоць быць не хачу рэтраградам —

Ідзе развіццё па спіралі,

Ды й людзі, каб лепшыя, рады,

Умовы жыцця ім стваралісь.


Расце “гарадкоў” больш багатых,

Амаль, што няма ў іх нідзе

З бярвенняў пазрубленых хатаў,

Бо “каменны” век зноў брыдзе…




Хата родная, родны мой кут
Хата родная, родны мой кут!

Як даўно ты стаіш сіратою,

Гаманлівы, шматлікі твой люд

Не жыве ўжо пад гэтай страхою.


Нарадзіўся і вырас я тут,

Шмат гадоў з той пары праляцела.

Моўчкі вершыць сумленне свой суд —

Ты ж застацца адной не хацела.


Пахіснуўся, зваліўся дзе плот,

Няма лавачкі больш каля клёна,

Па страсе — моху цёмны налёт,

Шыфер белы зрабіўся зялёным.


Зарастае шырокі наш двор

Быльнягом і высокай травою,

І гняце яго цяжкі дакор —

Без прыгляду ўсё стане трухою.


Парадзелым стары бачу сад,

Ніжэй пуня над дворам прысела,

Толькі клён наш жыццю свайму рад,
Ўвысь і ўшыркі кашлаты расце ён.

Хата родная, родны мой кут!

Успамінамі сэрца ты раніш,

Не магу без душэўных пакут

Перанесці я гэта спатканне…


Сустрэчы з вёскай
Ці раз у два, ці раз у год

Здалёк у вёску прыязджаю.

Жыццё вядзе свой карагод —

Я многіх тут ужо не знаю.


Хто быў з дзяцей, то падраслі,

І сіл набраўшысь, пасталелі,

З дарослых хто — далей пайшлі,

Паблёклі, значна пастарэлі.


Ў каханні, моладзь, і ў жыцці

Заўсёды лепшага шукала,

Каб шчасце ў свеце дзе знайсці,

Ад гнёздаў родных разляталась.


Прытулак смутку ў вёсцы рос —

На ўзвышшы множылісь магілы,

Далей пашырыўся пагост,

Хто сам памёр, а хто загінуў.

Свабодных месц таму ў ёй шмат,

Дварышчы, кінутыя хаты.

Наш час не вернецца назад,

Далёка памятныя даты.


Вясковай вуліцай іду,

Жылі тут людзі, бачу твары,

Размову моўчкі я вяду

З былых сядзіб гаспадарамі.


Увысь над шляхам з двух бакоў —

Дубы, бярозы, ліпы, сосны,

З глыбіняў цягнуцца вякоў,

Свае і вёскі лічаць вёсны.


Надзея цепліцца ў мяне,

Што вёснаў будзе такіх многа,

Што вёска з часам ажыве,

Не зарасце быллём дарога.





Я не сведка, але помню




Я Н Е С В Е Д К А, А Л Е П О М Н Ю…

(нарыс)
З самага, бадай, маленства, як толькі пачаў я усведамляць белы свет, то побач са мной, куды б я не крочыў сваімі маленькімі ножкамі адзін, ці разам з мамай, ці з татам, ці з бабуляй, усюды яшчэ адчуваліся подыхі нядаўняй мінулай вайны. Кругом былі яе сляды, крыху прыглажаныя часам, хаця і прайшло ўжо дзесяцігоддзе пасля вызвалення ад нямецкіх захопнікаў.

Мы гулялі з патронамі, большыя дзеці разбіралі артылерыйскія снарады, каб дабыць з іх порах, які меў выгляд невялікіх цыліндрыкаў. Вельмі ўжо прыгожа гарэў ён над полымем вогнішча! А як выбухваў кожны цыліндрык, калі яго клалі на кавалак жалеза і білі па ім малатком, ці другім такім кавалкам! Былі выпадкі і трагічных здарэнняў падчас такіх “забаў”, асабліва, калі кідалі ў вогнішча патроны, міны, снарады. Некалькі гадоў таму былі паранены дзеці, а аднойчы адзін хлопец загінуў.

Юнакі вечарам, калі ўжо сцямнела, пасвілі коней, расклалі вогнішча, а потым кінулі ў яго снарад і міну. Самі ўсе адбеглі за пагорак і схаваліся за ім. У гэты час з вёскі к вогнішчу ў цемры падходзіў яшчэ адзін хлапчук. Калі ён наблізіўся да яго, адбыўся выбух. Маленькай частачкай снарада, ці міны, якая трапіла яму прама ў лоб, хлопец быў забіты.

Амаль у кожнай хаце ў гаспадара былі нямецкія, ці нашы штык-нажы і чатырохгранныя штыкі ад вінтовак, якімі звычайна позняй восенню і ранняй вясною калолі свінняў. За кожнай пуняю для вычэрпвання з ямак жыжы, выкарыстоўваемай пры паліве агародаў, як угнаенне, ляжалі стальныя шлёмы-каскі, большасцю нямецкія. Яны былі вузей і глыбей, чым нашы, а таму і больш прыстасаваныя для гэтай справы.

А калі я вучыўся ў першым класе пачатковай школы, то пры збіранні металалому старэйшыя вучні прынеслі і прывезлі ў школу вельмі многа старых іржавых вінтовак, карабінаў, гільзаў ад снарадаў вялікага калібру. Нават былі чатыры кулямёты “Максім”, два з іх былі з лафетамі і на калёсах. Пры чым, гэтае “багацце” каля месяца ляжала за школай, пакуль яго не адвезлі на металабазу, і не было нікому патрэбна.

Тое, што так многа слядоў вайны засталося у гэтых месцах, абумоўлена і тым, што праз нашу вёску Сахараўку праходзіў шлях-бальшак, які ўжо некалькі стагоддзяў звязваў Горкі з Магілёвам. Яна з трох бакоў была акружана лесам, праўда, у бок вёскі Балбечына, на поўнач, гэты лес пераходзіў у балотцы, так званы “казлятнік”. Пасля правядзення меліяратыўных работ у 70-х гадах мінулага стагоддзя, пракладкі керамічных дрэнажных труб, на яго месцы атрымалася добрае поле. На ўсход, у бок Горак, лесу не было. Паўднёвей вёскі працякала рэчка Лоша (цяпер там возера), а за ёй, за полем, лес.

На захад, у бок Магілёва, бальшак праходзіў цераз лес, а далей цераз вёску Цімохаўку. У канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя пасля пабудовы новай асфальтаванай шашы, яна па праекту была вынесена ў бок ад вёсак. Цяпер ужо нічога не нагадвае, што па вуліцах вёсак, па якіх праходзіў бальшак, у былыя часы рухаліся войскі палякаў, шведаў, французкія войскі Банапарта, а ў часы Вялікай Айчыннай вайны — немцы. Праз лес шаша пралягае і цяпер па тым жа старым бальшаку.

У ліпені 1941 года праз вёску на ўсход у бок Горак праходзілі адступаючыя часці Чырвонай Арміі. У самой вёсцы ужо не было мужчын прызыўнога ўзросту. Яны былі мабілізаваны ў армію праз нядзелю з пачатку вайны.

Пайшоў на фронт мамін бацька, мой дзед, Галухін Фёдар Іванавіч, яе дваюрадныя браты (таксама і сваякі майго бацькі) Сіліны Іван, Пётр і Дзмітрый. Усе яны загінулі ў баях, як і большасць другіх нашых сваякоў і вяскоўцаў. Мала хто вярнуўся ў вёску з самага пекла вайны жывым і здаровым. Некаторыя былі цяжка паранены, і не аднойчы. Адзін з іх, Аляксандр Мінін, быў кулямётчыкам. За геройскія подзвігі ў час выканання баявых заданняў ён быў узнагароджаны ордэнам і медалямі. Адважна змагаўся з захопнікамі і мой дваюрадны дзядзька, малады хлопец, лётчык-знішчальнік Грыгорый Дольнікаў. Двойчы яго збівалі, але ён выжыў, сам загнаў у зямлю 15 самалётаў ворага і атрымаў за гэта званне Героя Савецкага Саюза.

Дык вось, у вёсцы з мужчын засталіся ў пачатку вайны толькі старыя дзяды, ды хлапчукі і зусім маладыя хлопцы непрызыўнога ўзросту, у іх ліку і мой бацька Мікалай Тарасавіч.

Надвор’е ў тыя дні было добрае, таму над адыхо-дзячымі войскамі часта з’яўляліся варожыя самалёты, якія бамбілі і растрэльвалі нашых вайскоўцаў.

У бок Горак адыходзілі некаторыя часці 13-й арміі, і аднойчы адна штабная калона была разбомблена на вуліцы нашай вёскі. Найбольшыя страты чырвонаармейцы панеслі ў Сахараўскім пасёлку, які таксама знаходзіўся на бальшаку і не больш, як за паўкіламетра, цераз нізінку, быў як бы працягам самой вёскі. Пасля вайны ў ім засталося некалькі хат, а на месцы астатніх — сляды ад печышчаў, паўразбураныя склепы, яблыні, вішні, ды магутныя бярозы абапал шляха.

Цяпер жа, калі дарога прайшла ў другім месцы, там няма ўжо і бяроз, а гэта месца разаралі пад поле. Далей была высокая гара і шлях крута спускаўся к масту цераз рэчку Галыша. Месца гэта называлася Самадумка. Каля маста ў тыя часы, ды і ў першыя гады пасля вайны, размяшчаўся невялікі лесапільны завод, некалькі другіх пабудоў і крама, у якой, памятаю, бацька купляў мне цукеркі і ліманад.

Пасля вайны на месцы, дзе была разбомблена тая калона, кожны год, бадай, больш двух дзесяцігоддзяў, мясцовыя хлапчукі вялі раскопкі і на абочынах, і на самой дарозе. І кожны год з’яўляліся ўсё новыя і новыя знаходкі. Там упершыню я ўбачыў антэны Кулікова для пераносных радыёстанцый, якія прымянялісь таксама і для сувязі пры руху калоны. Сама антэна складаецца з невялікіх цыліндрыкаў, нацягнутых на стальны тросік, і сярод нас трывалым было меркаванне, што гэта нейкія спецыяльныя шомпалы для прачысткі ружэйных ствалоў. І толькі калі ўжо вучыўся ў радыётэхнічным інстытуце, то зведаў, што гэта былі антэны. Яны і цяпер яшчэ знаходзяцца на ўзбраенні арміі.

А ў ліпені 1941 года немцы хутка рухаліся на ўсход і ў родных мне мясцiнах адбыліся падзеі, аб якіх расказаў непасрэдны іх удзельнік ветэран 161-й стралковай дывiзii Н.З. Кадыраў у сваіх мемуарах «От Минска до Вены», Москва, 1985 г. Яны надрукаваны таксама і ў кнiзе «Памяць, Горацкi раён», Мiнск,1996 г. Прывожу далей вытрымку з гэтых успамінаў:

“…В связи с неблагоприятной обстановкой, сложившейся на фронте, командир 161-й дивизии полковник А.И. Михайлов получил приказ к утру 12 июля занять оборону западнее Горок на рубеже Попковки, Стан. В ночь на 12 июля полки выступили из районов сосредоточения. С рассветом и в течение дня вражеские самолеты неоднократно бомбили и обстреливали с воздуха колонны частей. Некоторые подразделения, двигавшиеся лесными дорогами, отклонились от заданных маршрутов. Поэтому на указанный рубеж дивизия вышла лишь утром следующего дня. К этому времени гитлеровцы, обойдя наши части слева и справа, овладели Горками. Дивизия и находившийся в этом районе штаб корпуса оказались в тылу противника.

Полковник А.И. Михайлов, оценив обстановку вместе с начальником штаба корпуса полковником Л.А. Пэрном, полковым комиссаром А.И. Орловым и начальником штаба дивизии майором А.И. Мурашовым, решил пробиться на восток через дорогу между населенными пунктами Сахаровка и Тимоховка. 603-й и 542-й полки должны были уничтожить противника в этом районе, обеспечить переход дороги всем частям, штабам и тылам и далее через Рябки и Абраимовку выйти в район урочища Темный Лес. 477-й полк прикрывал их действия с тыла.

С наступлением темноты командиры 603-го и 542-го полков выдвинули подразделения на лесную опушку и в рощи, расположенные параллельно дороге, идущей из Тимоховки в Сахаровку. Батальоны 603-го полка младшего лейтенанта И.И. Вавильченко (исполнявшего обязанности комбата) и старшего лейтенанта Ф.А Корзуна должны были с началом боя перекрыть дорогу (первый — западнее Сахаровки, второй — восточнее Тимоховки) и не допустить врага к месту перехода. 542-й полк обеспечивал прикрытие идущих за ним частей и обозов. Для ведения огня прямой наводкой 45 орудий дивизионной артиллерии и 151-го корпусного артполка заняли огневые позиции по опушке леса у хутора Холмы на участке шириной 2,5 км.

К полуночи подготовка к бою закончилась. Подразделения, приготовившиеся к атаке, ждали установленного сигнала. Неожиданно один из немецких гусеничных бронетранспортеров встал поперек дороги и загородил путь. Скоро в этом месте на сотни метров в несколько рядов скопилось большое количество автомашин, танков, мотоциклов. Тогда с опушки леса и рощ, прилегающих к дороге с севера, открыли огонь орудия. Пулеметные роты 603-го полка под командованием старшего лейтенанта Д.М. Симакова, лейтенанта А.Н. Щелокова и младшего лейтенанта П.Р. Приймака почти в упор кинжальным огнем уничтожили живую силу врага. Артиллеристы батареи этого же полка младшего лейтенанта Н.Е. Щебельского подожгли танк в середине колонны. Загорелись автомашины и в других местах. Гитлеровцы метались среди охваченной огнем техники, фонтанов земли, поднятой разрывами снарядов.

После 15-минутного шквального огня орудий и пулеметов подразделения 603-го и 542-го полков бросились в атаку, уничтожая на дороге все, что уцелело, и заняли указанные рубежи.

Всего в боях в районе Сахаровка, Тимоховка 161-я дивизия вывела из строя 48 танков, 30 бронетранспортеров, около 130 машин и мотоциклов, уничтожила 350 солдат и офицеров противника.

Пройдя Рябки, Абраимовку, Головичи, хутор Темный Лес, части дивизии во второй половине дня 14 июля сосредоточились в лесу у Еськовки (25 км юго-восточнее Горок). Однако собрались там не все. Подвергаясь воздействию наземного и воздушного противника, тыловые подразделения потеряли связь с впереди идущими и отклонились от установленного маршрута. Руководство ими взяли на себя интендант 2-го ранга Г.К. Кирсанов и старший батальонный комиссар А.Г. Михайлов. Они сумели вывести за линию фронта 1059 человек с вооружением. По приказу командующего Западным фронтом этот отряд был направлен в район Гжатска (ныне Гагарин).

Преследуемый превосходящими силами противника батальон 542-го полка (с двумя батареями 632-го артполка) во главе с майором П.И. Шумеевым вынужден был повернуть на юг. Отдельные группы бойцов и командиров этого батальона с боями пробились в Могилев и приняли участие в обороне города.”

Першы раз я прачытаў успаміны непасрэдных удзельнікаў гэтых баёў у газеце Міністэрства абароны “Красная Звезда” у 1983 годзе, калі вучыўся ў ваеннай акадэміі, а потым пазнаёміўся і з прыведзенай вышэй вытрымкай з кнігі. Перада мной ужо больш праясніўся малюнак пра гэтыя падзеі, і пра тое, які след яны пакінулі ў маіх родных мясцінах.

З расказаў старэйшых я і раней ведаў, што ў лесе ў пачатку вайны былі баі, а пасля іх працягваліся асобныя сутычкі нашых воінаў з ворагам. І ў дзяцінстве мы многа часу праводзілі не толькі ў раскопках на месцы, дзе была разбіта штабная калона. На шляху ў лесе, на ўзлесках таксама можна было знайсці многа цікаўнага для нас. Пасля тых баёў немцы доўга расцягвалі разбітую і падбітую тэхніку. Яе бачылі і асобныя жыхары вёскі, якія адважваліся падыйсці бліжэй к гэтым месцам у лесе, бо там яшчэ дзе-нідзе былі чутны стрэлы — немцы білі ў той бок, які ім казаўся падазроным. Пасля вайны мы таксама збіралі там на металалом і тракі ад танкаў, і другія часткі ад разбітай тэхнікі.

Вёска наша дзеліцца на дзьве паловы (два канцы) нізінай, па якой працякалі ў рэчку два ручаі з балота (“казлятніка”). Між ручаямі на ўзвышэнні знаходзіцца вясковае кладзішча. З другога боку шляху размяшчаўся вялікі драўляны клуб, які стаяў яшчэ да сярэдзіны 60-х гадоў, пакуль на яго месцы не быў пабудаваны новы — цагляны. У дажджлівыя леты, вясеннее і восеньскае бездарожжа, пад гарой па шляху было вельмі цяжка праехаць, і немцы ў час акупацыіі замасцілі яго бярвеннямі. Такія гаці былі зроблены ў розных месцах і па вёсках, і ў лесе. Працавалі там мясцовыя жыхары з навакольных вёсак. Пазней, у 80-я гады на дарогу навезлі зямлі, пяску, шчэбню і заасфальтавалі, таму цяпер дарога паміж клубам і кладзішчам значна паднялася ўгору.

Чаму я так падрабязна апісваю гэтае месца? Справа ў тым, што тут для вяскоўцаў сказаліся самыя вялікія адгалоскі таго начнога бою ў лесе.

У час бою многія нашы воіны былі забіты, ці цяжка паранены. Некаторых пахавалі свае ў лесе. Так, дванадцаць пахаваных сваімі баявымі таварышамі воінаў былі знойдзены падчас правядзення работ па расшырэнню дарогі ў 1968 годзе, калі будавалась новая шаша. Частку воінаў, якія засталіся на полі бою ў лесе, ці тых, што цяжка параненыя паўзлі, дабіралісь бліжэй к вёсцы і памерлі ўжо на полі, на агародах, пахавалі на кладзішчы вясковыя дзяды і маладыя хлопцы.

Тут жа, на кладзішчы, правёў свой апошні бой і невядомы малодшы камандзір.

Ён залёг за магілкамі, схаваны буйнай ліствой. Крыху ўнізе быў шлях, па якому часта рухалася нямецкая тэхніка. Адзін з танкаў, спусціўшыся ў самы ніз дарогі, супыніўся. Адчыніўся люк і з яго паказаўся нямецкі афіцэр. У гэты час раздаўся стрэл і афіцэр асунуўся ўніз. З ехаўшай следам за танкам машыны пасыпалі немцы і кінулісь у бок кладзішча, страляючы туды з аўтаматаў. Чырвонаармеец таксама пачаў па іх адстрэльвацца і параніў некалькі ворагаў. Немцы прыбліжаліся і крычалі, каб ён здаваўся. З-за магілак прагучалі яшчэ некалькі стрэлаў і змоўклі пасля таго, як па нашаму салдату ўдарылі з танка некалькімі чэргамі з крупнакалібернага кулямёта. На месцы яго апошняга бою, Героя і пахавалі.

Як расказваў бацька, і па ўспамінах другіх вяскоўцаў, нямецкія афіцэры падняліся тады к месцу, дзе ляжаў загінуўшы салдат, пастаялі каля яго і самі загадалі ім пахаваць гэтага воіна, які і з іхняга погляду да канца выканаў дадзеную ім сваёй Радзіме ваенную прысягу.

Пасля баёў у лесе праз вёску яшчэ некалькі дзён і начэй з боку “казлятніка” рухаліся паасобна і невялікімі групамі нашы салдаты, якія былі ў адстаўшых тылавых часцях дывізіі, каб, перайшоўшы шлях, рэчку, невялікае поле, дабрацца да лесу і рухацца па ім далей на ўсход. У асноўным, яны пераходзілі ноччу, каб не трапіць на вочы немцам і трохі падсілкавацца ў мясцовых жыхароў. Але былі выпадкі, калі ішлі днём, і некаторыя з іх былі забіты немцамі, ці ўзяты ў палон. Так, па расказу мамы, аднойчы, калі пачалася нейкая перастрэлка, яна разам з бабуляй, другімі дзецьмі і некалькімі суседзямі хаваліся на агародзе бліжэй к рэчцы ў яміне, якую выкапаў дзед-сусед яшчэ да прыходу немцаў, каб знаходзіцца ў ёй у час бамбёжак па нашых адступаючых часцях. К ім cаскочыў з вінтоўкай увесь збялелы наш малодзенькі салдат, з выгляду зусім хлопчык. Усе таксама спалохаліся яшчэ болей, бо падумалі, што ў іх могуць кінуць гранату. Праз некалькі хвілін падбеглі немцы. Салдацік, зразумеўшы, што ён падвяргае небяспецы жыццё жанчын і дзяцей, сам падаў немцам вінтоўку, палез наверх і здаўся ў палон.

Некалькі другіх чырвонаармейцаў спрабавалі схавацца ў рэчцы за кустамі лазы і ў віры пад курчамі вольхі, бо лугавіна паміж даволі высокіх гор добра праглядвалася. Немцы, страляючы па кустах, выкурылі іх адтуль, і хутка палонныя пад канвоем пацягнуліся ўверх па агародах да шляху.

Быў выпадак, калі двое нашых салдат з вінтоўкамі прайшлі цераз вёску, перабеглі ўжо рэчку і падняліся на поле ў бок лесу, але гэта заўважылі праязджаўшыя немцы і з крыкамі “Хальт!” пачалі ў іх страляць. Але нашы працягвалі бегчы ў бок лесу. Тады на двух матацыклах немцы цераз выган пераеехалі рэчку, выскачылі на поле, і наблізіўшыся да ўцекачоў, якія ўжо залеглі і пачалі адстрэльвацца, забілі іх з кулямётаў. Яны таксама былі пахаваны на кладзішчы.

Я ўжо гаварыў, што пасля бою ў лесе засталася многа параненых. Лёгка параненыя заходзілі ў вёску ноччу, ім аказвалі дапамогу і яны ішлі далей у лес, а цяжка параненыя воіны перажывалі вялікія пакуты. Многія паміралі на агародах, ці ўжо каля хат на вачах у людзей на першы, ці на другі дзень. І ў гэтых салдат лёс быў не самы горшы таму, што другія пакутвалі на працягу некалькіх тыдняў.

Справа ў тым, што астатніх цяжка параненых, якія самі аказаліся ў вёсцы, і тых, што прывезлі немцы, а таксама тых, каго даставілі па загаду немцаў з месцаў баёў на фурманках мясцовыя жыхары, заваёўнікі размясцілі без усялякай медыцынскай дапамогі на падлозе ў клубе. Іх было некалькі дзесяткаў чалавек. Хаця клуб і быў даволі вялікім, а параненыя ляжалі, бадай, адзін на другім, месца ўсё роўна не хапіла. Частка параненых ляжала насупраць цераз дарогу за хатай пад павеццю.

Усе яны былі пералічаны і пад страхам смерці жыхарам вёскі забаранілі забіраць іх па хатах. Прыглядалі за імі, рабілі перавязкі, паілі і кармілі дабрачынцы — мясцовыя дзяўчаты і жанчыны, а з імі і стары фельшар Міхаіл Гарэленкаў, які жыў у вёсцы, і якога я яшчэ трохі памятаю. Медыкаментаў фактычна някіх не было, і цяжка параненыя ў страшэнных пакутах паміралі адзін за другім.

Прызначанаму старэйшым мясцоваму жыхару было загадана даваць справаздачу па кожнаму памершаму і пахаванаму. Такі быў канвеер — з клуба цераз дарогу і на кладзішча. Выжылі нямногія.

Пахаванне ўсіх загінуўшых воінаў Чырвонай Арміі рабілася на месцы старых магілак першых жыхароў вёскі, на якіх не было ўжо і крыжоў, таму што даўно струхнелі, ці побач з імі. Гэта паўднёвая частка кладзішча каля шляху.

Мне расказвалі, што пасля вайны, калі ў вёсцы Панкратаўка, якая была цэнтрам нашага сельскага савета, рабілі побач з памяшканнем сельсавета брацкую магілу загінуўшым воінам, а потым паставілі там і помнік, то астанкі некалькіх салдат былі выкапаны з кладзішча вёскі Сахараўка і перазахаваны ў той брацкай магіле. Тады ў Панкратаўцы знаходзілася і сярэдняя школа, у якой навучаліся дзеці амаль з дзесяці навакольных вёсак (у ёй і я таксама вучыўся). На Дзень Перамогі к гэтай брацкай магіле прыходзіла ўся школа і юнае пакаленне аддавала там дань увагі загінуўшым воінам. Цяпер, я думаю, такога ўжо няма, таму што цэнтр сельскага савета знаходзіцца ў вёсцы Добрая, а там жа і сярэдняя школа.

Большая ж частка загінуўшых салдат і сёння пакояцца на Сахараўскім кладзішчы, дзе іх пахавалі. На жаль няма там ні адзінага знака аб гэтым.

Калі мне было гадоў восем, ці дзевяць, аднойчы ў вёсцы памерла адна старэнькая бабуля. Магілу ёй капалі побач з магіламі яе сваякоў маладыя хлопцы, якія збіраліся ісці ў армію. Мы, некалькі хлапчукоў, гулялі каля клуба, а потым пачуўшы нейкі шум з боку кладзішча (громка размаўлялі хлопцы, капаўшыя магілу), падбеглі туды, і ўбачылі, што на тым месцы ўжо быў пахаваны чалавек, астанкі якога хлопцы паднялі наверх. Гэта былі астанкі салдата з усёй амуніцыяй, зброяй. Наверх яны выкінулі ручную гранату з ручкай і яшчэ адну, лімонку, а таксама шмат патронаў. Мы ўбачылі каску і чэрап, прабітыя куляй. Абмундзіраванне яшчэ даволі добра захавалася, а ў кірзавых ботах ляжалі астанкі ног у анучах. Быў таксама пенал, дзе павінен быў знаходзіцца адрас. Калі хлопцы яго адкрылі, то ніякай бумажкі там не было, але ў кармане гімнасцёркі аказалася чырвонаармейская кніжка. Некаторыя літары былі бачны, але, здаецца, поўнасцю так і не прачыталі, каму яна належыла. Хлопцы ўбачылі ўнізе магілы, з боку, што побач пахаваны і другі салдат, але яго трывожыць не сталі.

Мы, малыя, разглядзелі ўсё гэта. Патрымалі ў руках і каску, і чэрап, і тыя анучы, абмундзіраванне, гранаты, і, зразумела, што вельмі падзейнічала ўбачанае — на нас холадам дыхнула вайна.

А праз паўгадзіны мы ўжо расклалі невялікае вогнішча там жа, у нізінцы, паклалі ў яго патроны і схаваліся за палі маста, які быў побач, на шляху. Патроны сталі выстрэльваць, потым усё сцішалася, але адразу ж пачуўся грамавы голас — гэта дзед Малчан (Аляксей Малчанаў), дом якога стаяў непадалёку, лаяўся на нас, а больш на старэйшых хлопцаў, якія капалі магілу. Па свойму гэта быў добры дзед, але трымаў першынство ў вёсцы па ўжыванню самых заборыстых выразаў пры лаянцы, і вось у той момант ён сочна ўспамінаў усіх жыхароў і пекла, і рая. А разглядзеўшы, што так патрывожылі пакойніка, разыйшоўся яшчэ больш. Ён загадаў сабраць усе астанкі салдата і пахаваць іх у той жа магіле, зрабіўшы ўнізе з боку паглыбленне.

Пазней кладзішча расшырылі ў другі бок, каб не парушаць воінскія пахаванні.

А гранаты мы закінулі ў сажалку на лузе — падзейнічалі “настаўленні” дзеда Аляксеея.

Незабыўнае ўражанне аказала на мяне і наступная гісторыя.

У маёй бабулі была сястра Жэня, маладзейшая за яе на 18 гадоў. Нарадзілісь і жылі яны ў вёсцы Аўсянка, а ў Сахараўку бабуля пайшла ў замужжа за майго дзеда Фёдара. Хоць бацькі Жэні былі сялянамі са сваім разважлівым светапоглядам, веруючымі, але яна была ўжо дзіця свайго часу, атрымаўшая выхаванне пры савецкай уладзе. Перад вайной закончыла Аршанскае педагагічнае вучылішча і працавала настаўніцай. Камсамолка. Калі прыйшлі немцы, то яна ўсёй душою ўзненавідзела захопнікаў, аб чым неаднойчы гаварыла родным і знаёмым, і прыняла ўдзел у падпольнай рабоце ў вёсцы Аўсянка, а потым, калі пачалі арганізоўвацца партызанскія атрады, стала сувязной.

Аднойчы разам з партызанамі Жэня прыйшла ў Сахараўку і зайшла да сваёй сястры ў хату. Партызаны знаходзіліся ў гэты час на вуліцы. У хаце быў паліцай, які быў нейкім далёкім сваяком дзеду Фёдару. Ён праславіўся ўжо сваімі нядобрымі справамі, таму пачаў прасіць Жэню, каб яна яго не выдала партызанам. Да таго ж бабуля таксама сказала, што за яго немцы могуць растраляць яе і дзяцей. Жэня паслухалася. Паліцай схаваўся ў чулане, а партызаны зайшлі ў хату, бабуля пакарміла ўсіх, і яны пайшлі разам з Жэняй у лес.

Пазней гэты вырадак данёс на Жэню немцам, яны арыштавалі яе ў Аўсянцы (мая маці-дзяўчынка знаходзілася там і бачыла ўсё), адвезлі ў Горкі, і пачалі яе катаваць, каб выдала сваіх падпольшчыкаў і партызан. Нічога ад яе не дабіўшыся, вырашылі растраляць. У лета і восень 1942 года немцы асабліва лютавалі, калі ўбачылі, што шырыцца падпольны і партызанскі рух пасля паражэння іх войск пад Масквой. У Горках ўжо было растрэляна і павешана шмат патрыётаў.

Растрэльвалі яны некалькі чалавек і прыгналі туды мясцовых жыхароў, каб застрашыць усіх, і каб яны расказалі другім людзям, што чакае іх пры супрацьдзеянні нямецкім уладам. У растрэле удзельнічаў і той самы паліцай. Калі вязняў паставілі каля ямы, ён падскочыў да Жэні і пачаў зрываць паліто, каб яго не сапсаваць кулямі. Паліто гэта яна прыдбала перад самай вайной на свае першыя настаўніцкія заробкі. Яно мела каўнер з добрай футры, і ў ім Жэня засталася ў нашай памяці на апошнім сваім фотаздымку. Дзяўчына супраціўлялася. Немцам гэта надакучыла, яны загаргаталі і паліцай адчапіўся. У апошнюю хвіліну жыцця Жэня крыкнула людзям, што нашы вернуцца і адпомсцяць за іх гэтым гадам.

Калі партызаны зноў наведаліся да бабулі, яна ўсё расказала ім пра Жэню, што стала ёй вядома. Хлопец Жэні пакляўся аб помсце і немцам, і паліцаю за яе. Праз некаторы час у суседняй вёсцы паліцай быў ноччу ўзняты партызанамі з цёплага ложа, выведзены за вёску і на яе могілках забіты, што потым і ўбачылі мясцовыя жыхары…

Праходзяць гады. У вёсцы застаецца ў жывых усё меньш і меньш людзей, якія перажылі вайну. Колькі ж яшчэ ўсяго самага страшнага і жудаснага давялося ім тады перажыць! Многа чаго вядома, што было тады і нам, нарадзіўшымся ў першыя гады, дзесяцігоддзі, пасля вайны. Многімі ўспамінамі паспелі падзяліцца нашы родныя і сваякі, а многае, многае пайшло разам з імі ў небыццё. І з усіх тых падзей асаблівае ўражанне на мяне аказваюць ліпеньскія дні 1941 года. Пры самых цяжкіх абставінах, калі над галовамі нашых салдат пастаянна віселі сеючыя смерць і раны фашысцкія крумкачы, грымелі іхнія танкі і гарматы, і калі здавалася, што нішто не можа астанавіць і зламаць нямецкую машыну, людзі змагаліся і гінулі ў гэтай няроўнай барацьбе. І станавіліся без весткі згінуўшымі, таму што іх хавалі ці баявыя таварышы, якія прымалі смерць у наступных баях, ці мясцовыя дзяды, якія за доўгія тры гады няволі гублялі звесткі, калі яны ў іх былі, а многія і самі не дажылі да Перамогі. Засталісь і не пахаваныя воіны.

Калі чытаеш кніжкі “Памяць”, выдадзеныя ў Беларусі па кожнаму яе раёну, то там, дзе прыводзяцца імёны салдат, загінуўшых у межах гэтых раёнаў, ёсць звесткі толькі аб вызваляўшых Беларусь у 1943 і 1944 гадах. Імён загінуўшых у 1941 годзе амаль няма, а іх жа было многа дзесяткаў тысяч чалавек.

Няма вестак аб героях, але мы і будучыя пакаленні павінны памятаць, што такія людзі былі. Многа было сярод іх розных: і добрых, і ў чымсці грэшных людзей, але ўсе яны аддалі сваё жыццё за Радзіму ў змаганні з ворагам, і засталісь чыстымі і святымі і перад Богам, і перад людзьмі.

Аб гэтым я і напісаў свае некаторыя вершы.



1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка