Дадатак да круглага стала




Дата канвертавання07.05.2016
Памер72.99 Kb.
ДАДАТАК да КРУГЛАГА СТАЛА

Месца нацыянальнай свядомасці ў фармаванні сацыяльна актыўнага грамадзяніна”.
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СЬВЯДОМАСЬЦЬ і ДЭМАКРАТЫЯ

Алесь Астроўскі


Любая нацыянальная сьвядомасьць, ня збочаная ў шавінізм ці аслабленая да адсутнасьці, зьяўляецца канструктыўным фактарам грамадскага існаваньня. Яна неабходна для паўнавартаснага жыцьця чалавека, арганізацыі кожнага канкрэтнага грамадства і ўсяго чалавецтва – для іх аб’яднаньня, гарманічнага ўладкаваньня і прагрэсіўнага разьвіцьця.

З навуковых пазіцый відавочна, што здаровае грамадства – сістэма грамадзян, а ня іх простая сума. Гэта значыць, што ў грамадстве людзі-грамадзяне й іх групы павінны быць зьвязаны паміж сабой натуральнымі ўзаемапрыцягальнымі сувязямі. У аснове такіх сувязяў – агульнанацыянальныя каштоўнасьці (мова, культура, сімвалы, гісторыя, генафонд, сьветагляд, этнічная тэрыторыя, агульныя мэты), якія ёсьць у кожнага народу й разьвіваюцца ў яго гісторыі. У кожным грамадстве ёсьць й іншыя натуральныя сувязі – паміж бацькамі й дзецьмі, жанчынамі й мужчынамі – але яны яднаюць ня ўсё грамадства, а толькі яго асобныя часткі.

 

Натуральныя агульнаграмадскія сувязі функцыянуюць дзякуючы ўзаемадзеяньню двух кампанентаў. Першым зь іх зьяўляецца агульнае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе (ад народных паданьняў да сістэмы адукацыі й СМІ), у межах якога ўвесь час узгадваюцца і прапагандуюцца агульнанацыянальныя каштоўнасьці. Такое асяроддзе выконвае ролю своеасаблівага агульнаграмадскага клею. Другім кампанентам зьяўляецца кожны канкрэтны грамадзянін, які ўспрымае сябе неад’емнай часткай свайго народу, сваёй краіны-дзяржавы і, у выніку, законным гаспадаром на зямлі сваіх продкаў. Такі грамадзянін-гаспадар здольны ўключыць у сьпіс уласных каштоўнасьцяў аб’ектыўныя каштоўнасьці свайго народу (у гэтым выпадку яго сьветагляд будзе выконваць функцыю нібы рэцэптара для зьвязваньня з вышэй памянёным “клеем”) і праз гэта быць элементам адапаведнага нацыянальнага грамадства.



 

Варта канстатаваць, што толькі апісаныя грамадзянін і грамадства маюць тыя ўласьцівасьці, якія забясьпечваюць станаўленьне найбольш прагрэсіўнай формы дзяржаўнага ўладкаваньня – зьмястоўнай дэмакратыі (пры ёй улады вымушаны рэалізоўваць аб’ектыўныя інтарэсы грамадства). Толькі ў межах апошняй можа найбольш поўна рэалізоўвацца вышэйшая грамадская каштоўнасьць, скіраваная ў будучыню, якой зьяўляецца максімальнае раскрыцьцё стваральнага патэнцыялу ўсяго грамадства.

 

Відавочна, што здаровае грамадства, зьяднанае агульнанацыянальнымі сувязямі, патрэбна ня толькі самому сабе. Яно патрэбна і кожнаму асобнаму чалавеку для рэалізацыі яго важнейшай жыцьцёвай каштоўнасьці (раскрыцьця ўласнага жыцьцёвага стваральнага патэнцыялу), для жыцьця паўнавартаснага, напоўненага радасьцю, сэнсам. Яно патрэбна і ўсяму чалавецтву для адносна бязкрызіснага натуральнага неабмежаванага прагрэсіўнага разьвіцьця. Бо чалавецтву, каб забясьпечыць азначаныя рысы ўласнага існаваньня, абавязкова трэба складацца зь вялікай колькасьці асобных дыскрэтных частак – нацыянальна афарбаваных грамадстваў, нацыяў-дзяржаваў.



 

Штучнае касмапалітычнае разбурэньне сістэмы агульнанацыянальных каштоўнасьцяў, уключна са зьнішчэньнем у сьветаглядах людзей прыкмет нацыянальнай сьвядомасьці, сваім наступствам мае нерэалізацыю людзьмі свайго жыцьцёвага прызначэньня, іх бязрадаснае, бессэнсоўнае, некрафільнае існаваньне, вядзе да немагчымасьці забясьпечыць натуральную зьяднанасьць грамадства й існаваньне рэжыму зьмястоўнай дэмакратыі, нерэалізацыю грамадскага патэнцыялу, замаруджваньне гуманістычнага прагрэсу чалавецтва і шмат што іншае. Такім чынам, такое разубурэньне ёсьць злачынствам. Аналіз паказвае, што падобнае дэструктыўнае ўзьдзеяньне на грамадства, як правіла, патрэбна розным соцыя-паразітычным сілам. Напрыклад, на беларускім грамадска-палітычным полі з дадзеных паразітычных сіл найбольш відавочнымі зьяўляюцца: мясцовая кампрадорская бюракратыя, расейская імперская бюракратыя, міжнародная фінансавая алігархія, сіянакратыя. Паколькі іх узьдзеяньне зьяўляецца выключна дэструктыўным, злачынным, яно павінна рашуча спыняцца, а яго ініцыятары і выканаўцы – асуджацца і карацца.


ДАДАТАК да КРУГЛАГА СТАЛА
“Месца нацыянальнай свядомасці ў фармаванні сацыяльна актыўнага грамадзяніна”
ЗАЦЕМКІ ДА АКРЭСЛЕННЯ НАШАЙ ПАЗІЦЫІ

Ігар Кузьмініч

Дзейнасць афіцыйных палітычных колаў, ідэі, якія агучваюцца акадэмікам А.Рубінавым, дзейнасць моладзевых структураў БРСМ, таксама як дзейнасць апазіцыйных палітычных партый і пра-дэмакратычных грамадскіх аб’яднанняў сведчаць аб зацікаўленасці ў выхаванні сацыяльнай актыўнасці ў маладых людзях. Іншымі словамі, і ўлады і апазіцыя разумеюць патрэбу ў сацыяльна-актыўных грамадзянах і нават дзейнічаюць у дадзеным кірунку, выкарыстоўваючы навучальныя ўстановы, грамадскія аб’яднанні, грамадскія ініцыятывы ў якасці інстытутаў грамадзянскай адукацыі. Але каштоўнаснае напаўненне кожнай з пазіцый, таксама як разуменне мэты сацыяльнай актыўнасці, істотна адрозніваюцца. На сённяшні дзень акрэсліліся, як мінімум, тры прынцыповыя пазіцыі адносна выхавання сацыяльна-актыўнага грамадзяніна, якія здзяйсняюцца праз фармальную і нефармальную грамадзянскую адукацыю. Паспрабуем разгледзець дадзеныя пазіцыі.

Афіцыйная пазіцыя зыходзіць з таго, што неабходна падрыхтаваць сацыяльна-актыўнага грамадзяніна, які, базуючыся на адаптаваных савецкіх каштоўнасцях, стаў бы актыўным правадніком палітыкі кіруючых колаў.

Апазіцыя, з нашага пункту гледжання, мае, як мінімум, два асноўныя падыходы. Першы заключаецца ў тым, што для таго каб прыйсці да ўлады, трэба стварыць як мага больш шырокі фронт, далучыць максімальную колькасць сацыяльнаактыўных грамадзян, уцягнуць іх у дадзены працэс. Адсюль асноўны ўхіл робіцца на перадачу спосабаў дзейнасці, заснаваных на каштоўнасцях, не прывязаных да канкрэтнай беларускай нацыянальнай свядомасці. Дадзены падыход накіраваны на тое, каб спачатку атрымаць свабоду, а пазней разбірацца, як будаваць беларускае грамадства.

Другі падыход апазіцыі арыентаваны на тое, што немагчыма заваяваць свабоду, папярэдне не аб’яднаўшыся вакол беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў, беларускай мовы, і такім чынам не стварыўшы базу для падтрымкі палітычных перамен. З гэтага пункту гледжання немагчыма заваяваць свабоду, ня ведаючы, нашто і для каго яна патрэбна. Ня ведаючы адказы на дадзеныя пытанні, свабода прывядзе да новай дыктатуры. Свабода неабходна для таго, каб будаваць сучасную беларускую дзяржаву, а будаваннем можна займацца толькі праз стварэнне паўнавартаснай нацыі, аб’яднанай нацыянальнай мовай і каштоўнасцямі.

Разыходжанні ў падыходах апазіцыі тычацца самога тэрміна “беларускі”. З пункту гледжання першай часткі, якая грунтуецца на так званай грамадзянскай канцэпцыі нацыяўтварэння, пад тэрмінам беларускі можна разглядаць любую з’яву, якая адбываецца на тэрыторыі Беларусі. Новую беларускую культуру і новую беларускую мову можна будаваць, базуючыся на расейскай мове (крэольскі варыянт). Другая частка апазіцыі грунтуецца на этнічнай канцэпцыі нацыяўтварэння, а значыць – пад беларускай разглядае толькі беларускую мову і культуру.

Кожная з трох вышэйакрэсленых пазіцый гаворыць пра неабходнасць пабудовы новай культуры, новай свядомасці, новых каштоўнасцяў. Але кожная з пазіцый акрамя таго, што ўкладае розны змест у паняцце беларускіх каштоўнасцяў, па рознаму бачыць сам працэс пабудовы беларускага грамадства. У залежнасці ад выбару канкрэтнай пазіцыі будзе вызначана, запрагарамавана асаблівая стратэгія далейшага развіцця беларускай супольнасці.

У выпадку перамогі афіцыйнай пазіцыі, беларуская супольнасць можа сутыкнуцца з няздольнасцю прыстасаваць, адаптаваць традыцыі, каштоўнасці, светагляд савецкага перыяду да патрэбаў сучасных рынкавых адносін і прынцыпаў дэмакратычнай дзяржавы, што прывядзе да новага ідэалагічнага крызісу.

Выбар, прапанаваны так званым ліберальным крылом апазіцыі, базуецца на неабходнасці запазычваць каштоўнасці і традыцыі і ўкараняць іх на беларускай глебе, выкарыстоўваючы як асноўную тую мову і культуру, якія сёння замацаваліся на нашай тэрыторыі. Запазычанне-прышчапленне новых каштоўнасцяў і іх развіццё на расейскай мове назаўжды замацуе комплекс нацыянальнай непаўнавартавасці і прывядзе да падзелу беларускага грамадства. У кожным новым пакаленні будзе знаходзіцца частка маладых людзей, якія будуць зноў і зноў звяртацца да беларускамоўнай традыцыі, як аўтэнтычна беларускай, і змагацца за яе адраджэнне. Акрамя гэтага, супольнасць, пабудаваная на запазычаных каштоўнасцях, на запазычаных спосабах дзейнасці і культурных традацыях, вымушана будзе заўсёды знаходзіцца ў кільватары развіцця тых народаў, ад якіх пераняла і засвоіла гэтыя спосабы дзейнасці.

Падыход беларускамоўнай часткі апазіцыі заклікае не да простага, адвольнага і літаральнага адраджэння-аднаўлення каштоўнасцяў, якія былі характэрныя беларускаму грамадству ў мінулым, а творчае іх асэнсаванне і ўкараненне ў беларускую нацыянальную свядомасць, зыходзячы з сучасных умоваў і ўлічваючы гісторыю развіцця гэтых каштоўнасцяў у мінулым.

Засваенне новых каштоўнасцяў – гэта своеасаблівая рэвалюцыя ў свядомасці асобы. Пераход на беларускую мову – гэта падвойная Рэвалюцыя. Пераход на беларускую мову азначае і адначасовае прыняцце агульнапрынятых у беларускамоўным атачэнні каштоўнасцяў, ідэалаў, спосабаў дзейнасці. Пераход на беларускую мову – гэта не проста засваенне новых каштоўнасцяў, але гэта штодзённая маніфестацыя засвоеных каштоўнасцяў перад навакольным атачэннем (грамадствам, сям’ёй, калегамі). Гэта якасная змена як самой асобы, так і яе паводзінаў. Сам пераход на беларускую мову сведчыць пра тое, што асоба выбірае для сябе складаны шлях з акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй як спосаб жыцця. Гэты пераход цяжка даецца асобе, але раз перайшоўшы – асоба спальвае пасля сябе масты. Зваротнага шляху няма, ёсць толькі рух наперад. Зваротны шлях – гэта здрада ў першую чаргу сабе.

З другога боку, беларуская мова можа стаць тым чыннікам, які прывядзе да рэальнага задзіночання людзей, да пашырэння прынцыпаў салідарнасці і ўзаемападтрымкі, характэрных для беларускамоўнага атачэння нават у сённяшніх умовах.



Разыходжанні ў падыходах да нацыя- і дзяржаваўтварэння цягнуць за сабой разыходжанні ў чакаемых выніках. Улады праз грамадзянскую адукацыю імкнуцца ахапіць усю моладзь. Пры выбары такой шырокай мэтавай групы ў спалучэнні з пераважнай фармалізаванасцю ў межах сістэмы адукацыі навучаньне, як правіла, зводзіцца да перадачы элементарных грамадскіх кампетэнцый з выкарыстаннем ідэалагічных штампаў і можа быць эфектыўнае пераважна ў адносінах да апалітычнай часткі моладзі. Першая частка апазіцыі робіць стаўку на колькасць сацыяльна-актыўных. Але ў гэтым сваім імкненні яна вымушана змагацца з палітычнай уладай за сектар апалітычнай моладзі, канкуруючы з больш эфектыўнай для гэтай мэтавай групы дзяржаўнай сістэмай грамадзянскай адукацыі. Беларускамоўная частка апазіцыйных да ўлады арганізацый робіць ухіл на якасць тых, хто займае актыўную грамадзянскую пазіцыю.

 


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка