Дадатак №1 Патрыёт і змагар за свабоду




Дата канвертавання18.03.2016
Памер160.61 Kb.
Дадатак №1

Патрыёт і змагар за свабоду

Да 255-годдзя з дня народзінаў Андрэя Тадэвуша Касцюшкі
Герой амерыканскага, польскага і беларускага народаў Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (ураджэнец Брэсцкай вобласці) паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Пачатак роду паклаў Хведар, які быў пісарам у Вялікага князя Казіміра. Яго сын Канстанцін Хведаравіч, якога Вялікі князь ласкава называў Касцюшкам і надаў прозвішча ўсяму роду. У 1509 годзе Касцюшка атрымаў ад Вялікага князя Жыгімонта ІІ Старога маёнтак Сяхнавічы. Адсюль прозвішча ягонае часта пісалася Касцюшка-Сяхнавіцкі. Аднак нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка 4 лютага 1746 году ў фальварку Мерачоўшчына (Івацэвіцкі раён). Гэтую сядзібу ягоны бацька адсудзіў у Сапегаў. Таму Сяхнавічы і Мерачоўшчына лічацца радавым гняздом Касцюшкаў.

Продкі Тадэвуша былі праваслаўнымі. Але ў ХVII ст. у часы “патопу”, яны былі ўжо каталікамі, пратэстантамі, ці вуніятамі. Прабабка Тадэвуша – Канстанцыя Гарэшка (Orzeszko) была каталічкай, але пахаваная была ў Сяхнавіцкай вуніяцкай царкве. Менавіта ў гэтай вуніяцкай царкве, у якой набажэнства вялося на беларускай мове, быў ахрышчаны наш герой, атрымаўшы імя Андрэй. Бацька Людвік Тадэвуш Касцюшка, зацяты каталік, перахрысціў сына ў Косаўскім касцёле, дзе і надалі яму другое імя Тадэвуш. Можа два гэтыя хрышчэнні і прадвызначылі Андрэю Тадэвушу Касцюшку доўгі век і слаўнае жыццё.


Чытаў Вальтэра і Русо
Вучыцца Тадэвуша аддалі ў калегію піяраў у Любешаве за Пінскам. Піяры давалі адукацыю на еўрапейскім узроўні, таму пасля 6 гадоў навучання, у 1765 годзе, Касцюшка бясклопатна паступіў у наваствораны Варшаўскі кадэцкі корпус – тагачасная вышэйшая афіцэрская вучэльня, дзе спецыялізаваўся па ваеннай інжынерыі. Тут ён атрымаў ад калегаў-студэнтаў мянушку “Швед з-пад Брэста”. Касцюшка, падобна шведскаму каралю Карлу ХІІ, падымаўся а чацвёртай гадзіне раніцы і, каб прагнаць сон, апускаў ногі ў балею з ледзяной вадой, якую з ночы ставіў пры ложку.

Потым Тадэвуш вучыўся ў Парыжы, дзе ён працягваў ваенную навуку. У вольную хвіліну наведваў Акадэмію жывапісу і мастацтваў. Гэта быў вельмі шчаслівы час, бо жыў ён у сталіцы свету, меў добрых сяброў, хадзіў па салонах, чытаў Вальтэра і Русо. Атмасфера будучай свабоды і роўнасці людзей, якая была напярэдадні французкай буржуазнай рэвалюцыі 1789 году, выхоўвала ягоную свядомасць. Нездарма ўсё сваё астатняе жыццё Андрэй Тадэвуш Касцюшка аддаў ідэалам братэрства, роўнасці і свабоды.


Сэрцы Тадэвуша і Людвісі працяў стрэламі Амур
Вясною 1775 году А.Т. Касцюшка з Францыі вярнуўся на Радзіму. Вакантнага месца ў войску не было. Ён жыў даволі бедна і таму наняўся настаўнікам малявання і французкай мовы да дачкі фанабэрыстага ваяводы Сасноўскага, Людвісі, якая мела 19 гадоў, а Тадэвуш – 27. Маладзёны пазнаёміліся ў траўні, і не дзіўна, што вясенні росквіт прыроды, стары парк з утульнымі альтанкамі, травеньскія зоркі, салаўіныя песні паспрыялі каханню Тадэвуша і Людвісі. Аднак ваявода Сасноўскі вырашыў парадніцца з князямі Любамірскімі. Ён катэгарычна заявіў Тадэвушу, што дачка панская не для дробнага шляхціца. Але страціць каханую Тадэвуш не жадаў, таму склаў план, як скрасці Людвісю і вянчацца з ёю без згоды пыхлівага пана гетмана. Ён склікаў сяброў і выкраў паненку, але харугва гайдукоў адбіла Людвісю. Касцюшка змушаны быў хавацца, уцякаць за мяжу, бо за “наезд” на маёнтак ваяводы Сасноўскага, яго маглі пакараць смерцю.

Так Касцюшка зноў апынуўся ў Францыі, дзе ўжо меў шмат сяброў. У той час амерыканскія штаты ваявалі з Ангельшчынай за незалежнасць. Манархічная Францыя, як адвечны вораг “туманнага Альбіёну”, падтрымлівала амерыканцаў. Нягледзячы на тое, што на акіянскіх прасторах Атлантыкі дзеялі бязлітасныя ангельскія карсары, у 1776 годзе Касцюшка сышоў на амерыканскую зямлю. Толькі тут сын зямлі беларускай убачыў тое, што не магло яму нават прысніцца на радзіме: вольных людзей, якія ўпершыню ў гісторыі стварылі дзяржаву без саслоўяў. Гэтай вайне за свабоду і роўнасць людзей Тадэвуш аддаў 9 гадоў жыцця. Дзякуючы яго ваеннаму таленту амерыканская рэспубліканская армія атрымала адну з важнейшых перамог – пад Саратогай у 1777 годзе. Тадэвуш сябраваў з першым прэзідэнтам ЗША Дж. Вашынгтонам і аўтарам першай канстытуцыі Томасам Джэферсанам. Праз 7 гадоў у чыне брыгаднага генерала А.Т. Касцюшка вярнуўся на Бацькаўшчыну.


Галоўныя справы жыцця
Яго Радзіма, Рэч Паспалітая абодвух народаў, памірала. Але патрыятычна настроеная шляхта склікала знакаміты Чатырохгадовы вальны сойм, які прыняў першую ў Еўропе Канстытуцыю 3 траўня 1791 году. Звод законаў забараніў выбарнасць караля і абвяшчаў спадчыннасць праўлення, свабоду веравызнання, правы чалавека і грамадзяніна; ураўноўваліся перад законам усе саслоўі, мяшчанству дазвалялася займаць ваенныя і свецкія пасады. Рэч Паспалітая абодвух народаў, як пісаў Фрыдрых Энгельс, сталася авангардам рэвалюцыйнае Францыі. Манархічныя Расія, Прусія і Аўстрыя не маглі дазволіць, каб у цэнтры Еўропы звіла сабе гняздо рэвалюцыя, ці рэспубліканская дзяржава. Зноў накінуліся яны на Рэч Паспалітую, каб канчаткова знішчыць гэтую шляхецкую рэспубліку і дэмакратычныя ідэі Канстытуцыі 3 траўня 1791 году.

У 1792-м падчас вайны з Расіяй А.Т. Касцюшка камандаваў дывізіяй ва Украіне, паказаў сябе здольным камандзірам у баях пад Зяленцамі і Дубенкаю. Пасля таго, як кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі здаўся, Расея, Прусія і Аўстрыя ажыццявілі ІІ падзел Рэчы Паспалітай у 1793 годзе. Каб уратаваць дзяржаву, патрыёты Рэчы Паспалітай узнялі вызвольнае паўстанне ў 1794 годзе супраць “каранаваных разбойнікаў”. На чале паўстання стаў наш зямляк А.Т. Касцюшка. Паўстанне пачалося 24 сакавіка 1794 году ў Кракаве, дзе Касцюшка абвясціў “Акт паўстання”, а 4 красавіка разбіў пад Рацлавіцамі войскі расійскага генерала Тармасава. На беларускіх землях паўстаннем камандаваў палкоўнік Якуб Ясінскі, што належыў да так званых “віленскіх якабінцаў”. Ён, як і Касцюшка, быў гарачым прыхільнікам свабоды і роўнасці, хацеў знішчыць прыгоннае права, пісаў па-беларуску, скіраваныя да сялянаў пракламацыі.

Аднак паўстанне 1794 года было задушана рэгулярнай, загартаванаю ў захопніцкіх паходах арміяй А. Суворава. Якуб Ясінскі загінуў, а Касцюшка трапіў у палон. Так у 1795 годзе перастала існаваць Рэч Паспалітая. Беларусь была захопленая імперскай Расіяй, якую Маркс, у свой час, называў “жандарам Еўропы”, а Ленін – “турмою народаў”.

У снежні 1795-га суседам Касцюшкі ў Петрапаўлаўскай турме стаў апошні кароль РП Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які мусіў адмовіцца ад кароны па ІІІ-му падзелу дзяржавы. Былая каханка імператрыца Кацярына ІІ не знайшла яму лепшага прытулку, як турма. Наступны расійскі імператар Павал І вельмі ненавідзеў сваю маці Кацярыну ІІ і таму, як толькі апынуўся на троне пасля яе смерці, вызваліў з Петрапаўлаўскай крэпасці Тадэвуша Касцюшку, які з’ехаў у Амерыку, потым вярнуўся ў Еўропу і жыў у Швейцарыі.

Пры канцы жыцця ён напісаў тэстамент аб вызваленні ад прыгону сяхнавіцкіх сялянаў. Подпіс і пячатка натарыуса зрабілі аркуш паперы дакументам. Беларускія сяляне станавіліся вольнымі людзьмі. Гэта быў вельмі моцны крок чалавека, які ўсё жыццё ваяваў за свабоду і роўнасць людзей. Але імператар Аляксандр І сваёй пастановай скасаваў акт вызвалення сяхнавіцкіх сялянаў. Цар не задаволіў апошнюю волю А.Т.Касцюшкі, помсцячы за паўстанне 1794 году.

У гонар Касцюшкі названыя вуліцы і паркі ў шматлікіх краінах, ўсталяваныя помнікі ў Польшчы і ЗША. А на Радзіме – нічога. Крыўдна, да болю ў сэрцы крыўдна.



газета “Intex-press” 8 лютага 2001 года
КІТ навукі і беларускасці
Да 90-годдзя з дня нараджэння самага знакамітага беларускага навукоўца ХХст. Барыса Кіта.
Раней сцвярджалі,што Зямля трымаецца на трох кітах.Калі гэта так,то адзін з гэтых кітоў – беларускі.

Беларусь і космас
Наша беларуская зямля нарадзіла шмат славутасцяў, дзеячоў навукі і тэхнікі, якія маюць самы беспасярэдняе дачыненне да космасу.

У 1650 годзе беларускі навуковец Казімір Семяновіч надрукаваў кнігу “Вялікае мастацтва артылерыі”.Ён упершыню ў свеце прапанаваў ідэю шматступянёвай ракеты, апісаў канструкцыю ракет, гармат і іх выкарыстанне. Казімір Семяновіч стаў фактычна бацькам сучаснай касманаўтыкі. Па гэтай кнізе вучыліся весці артылерыйскі бой такія сусветнавядомыя палкаводцы, як Карл ХІІ, Пётр І, Напалеон Банапарт. Мы, беларусы, павінны шанаваць імя К.Семяновіча, ганарыцца нашым выдатным навукоўцам эпохі сярэднявечча.

Вельмі цікавым выдаўся лёс Паўла Восіпавіча Сухога (1895-1975) – знакамітага авіяканструктара, аднаго са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі. Ён нарадзіўся ў в.Глыбокае Гомельскай вобл. і стаў адным з вядучых авіяканструктараў Савецкага Саюзу. Яго шматмэтавыя звышгукавыя знішчальнікі “Су-9”,”Су-15” лічыліся самымі дасканалымі ў свеце. І сёння канструктарскае бюро Сухога з’яўляецца адным з наймацнейшых і перспектыўных.

Хацеў бы адзначыць, што генерал Ілля Яфімавіч Прус (паходзіў з Баранавіч) удзельнічаў у будаўніцтве сусветна вядомага касмадрому Байканур. А самымі знакамітымі начальнікамі Байкануру былі беларусы Канстанцін Васільевіч Герчык і Юрый Аверкіевіч Жукаў (абодва паходзілі са Слуцкага раёну).

На ўвесь свет сталі вядомыя беларускія касманаўты: Пётр Клімук,які ў 1973 годзе ажыццявіў свой першы палёт у космас; Уладзімір Кавалёнак, які ў 1977-м таксама зведаў касмічныя прасторы. Такім чынам, беларусы зрабілі шмат чаго карыснага ў справе асвойвання космасу.Але калі гаварыць пра космас,то нельга не згадаць самага знакамітага навукоўца-беларуса ХХст. Барыса Уладзіміравіча Кіта. Раней сцвярджалі,што Зямля трымаецца на трох кітах. Калі гэта так,то адзін з гэтых кітоў – беларускі.
Кіт навукі
Пяць гадоў таму, у дзень 85-ці годдзя Барыса Кіта, народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў на тытульным лісце сваёй кнігі “У тумане” напісаў: “Найпершаму Беларусу з беларусаў у свеце, шаноўнаму спадару Барысу Кіту. З нізкім паклонам – аўтар”.

Хто ж ён такі, гэты найгалоўнейшы Беларус з беларусаў у свеце? Беларускі юнак з вёскі Агароднікі (Карэліцкі раён) стаў самым вядомым беларускім навукоўцам ХХст. Біяграфія Кіта разам з біяграфіямі другіх навукоўцаз укладзеная ў капсулу часу, якая знаходзіцца ў бібліятэцы Роберта Годара ў Вашынгтоне і будзе адкрыта нашымі нашчадкамі толькі праз 500 гадоў!

Сёння імя нашага суайчынніка добра вядомае навуковай грамадскасці свету, дзякуючы яго працам па касмічнай праграме ЗША. З сярэдзіны 60-х гадоў Б.Кіт удзельнічаў у падрыхтоўцы першых амерыканскіх касмічных і ракетных сістэм. Як эксперт па астранаўтыцы ЗША ён прымаў удзел у міжнародных з’ездах, перамовах ЗША і СССР аб наладжванні паміж імі супрацоўніцтва ў галіне касмічных даследаванняў.

Барыс Кіт з’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў па тэарэтычных пытаннях ракетнай тэхнікі і касмічных даследаванняў,першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве, кнігі “Гісторыя і сучасны стан савецкай астранаўтыкі”,а таксама артыкулаў па гісторыі навукі і педагогіцы.У 1983 годзе абараніў дысертацыю па гісторыі матэматыкі і атрымаў дыплом доктара філасофіі Рэгенесбурскага універсітэту.

Веды Барыса Кіта прызнаныя і высока ацэненыя ў свеце. Ён старэйшы сябра Амерыканскага астранаўтычнага таварыства, ганаровы сябра Брытанскага міжпланетнага таварыства, сябра Дырэктарату нямецкага астранаўтычнага таварыства,сябра камітэту гісторыі Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Парыж).Яму нададзенае званне заслужанага прафесара Мэрылендскага універсітэту. Таварыства імя Эберта (ФРГ) узнагародзіла Барыса Кіта залатым медалём за заслугі ў галіне астранаўтыкі. Артыкулы пра Кіта ёсць у многіх аўтарытэтных бібліяграфічных даведніках і энцыклапедыях. Барыс Кіт выдатна валодае лацінскай, ангельскай, нямецкай, французкай, польскай, расійскай мовамі. Аўтар гэтага артыкулу тэлефанаваў Барысу Кіту ў Франкфурт-на-Майне і быў вельмі прыемна ўражаны прыгожаю беларускай моваю, якой цудоўна валодае і карыстаецца сусветнавядомы навукоўца.

На жаль, Акадэмія навук Беларусі не жадае бачыць Б.Кіта ў шэрагу сваіх сяброў.Але ён, не тоячы крыўды ў сэрцы, перапоўнены жаданнем адкрыць на Беларусі нацыянальны універсітэт, бо адсюль пачынаўся ягоны шлях у вялікае жыццё.

Барыс Кіт пакінуў Беларусь у 1944 годзе.Сёння навуковец жыве ў Франкфурце-на-Майне і лічыць,што зрабіў у 1944-м адзіны правільны выбар. Ён душой і сэрцам адчуваў, што не здолее проста фізічна жыць пры Саветах. Чалавека, які пры немцах быў дырэктарам камерцыйна-гандлёвага інстытуту, чакаў толькі сталінскі астрог. Ён сядзеў у турме пры паляках, быў арыштаваны немцамі і зведаў гестапаўскую турму. Рызыкаваць у чарговы раз Барыс Кіт не пажадаў. Замест сталінскага ГУЛАГа ён абраў Вольны Свет. Барыс Кіт з’ехаў у Амерыку, дзе і расквітнеў яго навуковы талент. Ад’язджаў ён на падводзе з малым сынам і жонкай і не думаў,што ў дзень развітання з Бацькаўшчынай на чыгуначным вакзале з’явіцца вялікая грамада ягоных выхаванцаў, каб выказаць падзяку чалавеку,які запаліў для іх святло ведаў. Хто тады мог падумаць, што сустрэча адбудзецца толькі амаль праз 50 гадоў.
Самы знакаміты беларускі навуковец ХХст. спаткаў сваё каханне ў Баранавічах
Барыс Уладзіміравіч Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 году ў Пецярбургу. Яго бацька меў усяго 5 гектараў зямлі ў вёсачцы Агароднікі (Карэліцкі раён) і змушаны быў з’ехаць з Бацькаўшчыны ў пошуках шчасця. Ён узяў шлюб з Ксеняй Зуравай і ў выніку гэтага кахання нарадзіўся сын-першынец Барыс. Лютаўская, а потым Кастрычніцкая рэвалюцыі прынеслі шмат пакутаў простаму народу. Бацькі вымушаныя былі вярнуцца да родных ніў у Агароднікі. Барыс паступіў вучыцца ў Наваградскую беларускую гімназію,а ў 1934 годзе скончыў Віленскі універсітэт імя Стэфана Баторыя і атрымаў ступень магістра матэматыкі.З 1933 г. выкладаў матэматыку ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а ў 1939-м стаў яе дырэктарам.

Барыс Кіт быў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.Ён быў звязаны з Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыяй, Таварыствам беларускай школы, Беларускай сялянска-работніцкай грамадой.

У 1940 годзе ён заняў пасаду акруговага інспектара Баранавіцкай навучальнай акругі, арганізоўваў беларускамоўныя школы ў Баранавіцкім, Слонімскім, Валожынскім і Ваўкавыскім раёнах. Кіт прыклаў шмат намаганняў, каб аднавіць работу беларускай гімназіі ў Наваградку.

Адначасова з гэтай дзейнасцю інспектар Кіт працаваў яшчэ і выкладчыкам матэматыкі ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце (месціўся ў цяперашнім будынку музычнае вучэльні па вул.Горкага). Тут Барыс Уладзіміравіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Нінай Корсак. Самы знакаміты беларускі навуковец ХХ ст. спаткаў сваё каханне ў Баранавічах. Але радасць сямейнага жыцця была кароткай, бо 22 чэрвеня 1941 году грымнула вайна з немцамі.У час гітлераўскай акупацыі, узначальваючы семінарыю і школу ў Паставах і Маладзечна, Барыс Кіт ратаваў беларускую моладзь ад вывазу ў Германію.

На сваёй Бацькаўшчыне ён становіцца вядомым толькі цяпер, калі Беларусь атрымала незалежнасць.Толькі пасля таго,як абвалілася “жалезная заслона”, стала магчымым наведаць радзіму.У 1994 годзе Барысу Кіту быў уручаны Дыплом ганаровага грамадзяніна Наваградка.

Так паступова адбываецца вяртанне на Бацькаўшчыну імя і справаў яе славутага таленавітага сына. І можа не толькі Амерыка, але і Беларусь прызнае яго сваім грамадзянінам. Спадзяюся, што наступны юбілей Барыс Кіт сустрэне сярод нас, у дэмакратычнай і вольнай Беларусі.



газета “Intex-press” 18 мая 2000 года
420 гадоў таму назад быў прыняты найдасканалейшы звод законаў у тагачаснай Еўропе: Статут 1588 года
Для пачцівага чалавека нічога не

можа быць лепшым над вольнасць.
Леў Сапега
У мінулым годзе грамадскасць Беларусі адзначала 450-я ўгодкі з дня народзінаў выдатнага правазнаўца, беларускага дзяржаўнага дзеяча і палітыка Льва Сапегі. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі амаль нічога не напісалі пра знанага дзяржаўнага дзеяча, не было інтэлектуальных спрэчак аб навуковай і юрыдычнай спадчыне Сапегі. Нічога не гаварылася аб тым, як наш канцлер бараніў незалежнасць краіны ад Варшавы і Масквы. Не назвалі ў гонар Сапегі ні адной вуліцы ва ўсёй краіне, якую ён сумленна праславіў у вольным свеце. Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў 2007 годзе сабрала 4 536 подпісаў, каб назваць адну з вуліц Мінска ў гонар Сапегі, але пакуль безвынікова. Хто ж ён такі гэты канцлер Леў Сапега, за якога ў Баранавічах падпісалася 497 чалавек?
Беларускі Цыцэрон
Нарадзіўся Леў Іванавіч Сапега ў 1557 годзе ў сям’і праваслаўнага шляхціца ў фальварку Астроўна на Віцебшчыне. Спачатку вучыўся ў кальвінісцкіх настаўнікаў у Нясвіжы, потым у Германіі ў Лейпцыгскім універсітэце, дзе прыняў пратэстантызм і ідэі рэфармацыі. Леў Сапега актыўна адстойваў незалежнасць беларуска-літоўскай дзяржавы пасля Люблінскай уніі 1569 года, якая аб’яднала польскае каралеўства і беларука-літоўскую дзяржаву ў адзіную Рэч Паспалітую (Рэспубліку) абодвух народаў. Ён стварыў незалежную ад Польшчы судовую сістэму, якая лічылася адной з самых дасканалых і дэмакратычных у Еўропе. Суды былі незалежнымі ад улады, абвяшчалася публічнасць суда і адзінства законаў для ўсіх. Кожны абвінавачваемы меў права на адваката, якія ў нас з’явіліся ўжо ў 16 стагоддзі (дарэчы, у Расіі толькі у 1864 годзе). Пазямельнымі спрэчкамі займаліся падкаморскія суды, а крымінальнымі – замкавыя суды. Дзейнічаў традыцыйны копны суд, на якіх суддзямі былі старцы копныя з сялян.

Але вечным помнікам Сапегу стаў падрыхтаваны і выдадзены з яго дапамогай Статут 1588 года, зацверджаны 28 студзеня (420 гадоў таму) і выдадзены ў друкарні братоў Мамонічаў у Вільні.


Статут 1588 – першая беларуская канстытуцыя
Тое, што статут быў зацверджаны, – цалкам заслуга Льва Сапегі. Пры звычайных абставінах гэты статут кароль Рэчы Паспалітай ніколі б не зацвердзіў. Статут 1588 года адназначна сцвярджаў, што найважнейшыя пытанні (вайна ці мір, падаткі, прыняццё законаў) меў права вырашаць толькі беларуска-літоўскі парламент. З прычыны антылюблінскага характару гэтага зводу законаў польскі бок не збіраўся прымаць Статут на супольным сойме. Але Леў Сапега пераканаў новага караля Рэчы Паспалітай падпісаць Статут, як умову прызнання Жыгімонта III Вазы з боку беларуска-літоўскай шляхты.

Уладаром беларуска-літоўскай дзяржавы прызнаваўся Вялікі князь, названы ў Статуце гаспадаром. Леў Сапега няўхільна прытрымліваўся 12-га артыкула 3-га раздзела Статута, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і пасады ў беларуска-літоўскай дзяржаве. Калі кароль Рэчы Паспалітай абодвух народаў Жыгімонт III Ваза прызначыў паляка Бернарда Мацяеўскага на пасаду віленскага біскупа, то Сапега, як кіраўнік беларуска-літоўскай дзяржаўнай канцылярыі, адмовіўся зацвердзіць гэтае вырашэнне дзяржаўнаю пячаткаю. Леў Сапега ўсё ж такі дабіўся, каб гэтую пасаду заняў не паляк, а ліцвін. Во смелыя людзі былі, не тое што цяпер.


Ідэі Статута
У Статут увайшлі нормы канстытуцыйнага права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх краін. Статут упершыню ў нашай гісторыі падзяліў уладу на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (Вялікі князь, Рада паноў) і судовую (Галоўны Трыбунал). Значна пазней, толькі ў 17-18 стст., знакамітыя еўрапейскія асветнікі Лок і Мантэск’е тэарэтычна абгрунтуюць неабходнасць падзелу ўлады, а ў нас гэта ўжо было нормаю дзяржаўнага жыцця.

Статут абвясціў свабоду слова і рэлігійную талерантнасць. Не толькі католікі, але праваслаўныя і пратэстанты мелі права займаць дзяржаўныя пасады. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу.

Безумоўна, Статут абараняў найперш інтарэсы феадалаў, таму канчаткова запрыгоніў сялян. Але для шляхты Статут прадугледжваў крымінальную адказнасць за забойства простага чалавека. Забаранялася перадаваць у няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынствы. У якасці нявольнікаў разглядаліся толькі ваеннапалонныя.

У прадмове да Статута Сапега з гонарам адзначаў: “Не чужой якой моваю, але сваёю ўласнай правы пісаныя маем”. Артыкул I раздзела IV Статута зацвердзіў дзяржаўнасць старабеларускай мовы.

У Беларусі III Статут скасавала толькі Кацярына II пасля інкарпарацыі (далучэння) тэрыторыі Беларусі ў склад Расійскай імперыі, але Павел I вярнуў Трэцяму Статуту сілу закону. Толькі Мікалай I канчаткова забараніў дзейнасць Статута ў 1840 годзе.

Статут 1588 – гэта яскравы ўзор выдатнейшай праўнай думкі і культуры. Гэта сведчанне таго, што толькі ва ўмовах свабоды могуць нараджацца такія законы, якія дзейнічаюць некалькі стагоддзяў і імі ганарацца нашчадкі.



газета “Intex-press” 28 жніўня 2008 года
Адважныя сэрцам

(да 345 угодкаў Палонкаўскай бітвы 1660 года)

...І няма ў людзей больш простага спосабу

ўдасканальвацца, як праз веданне дзеяў мінулых.

Палібій
З ініцыятывы Баранавіцкай грамадскай супольнасці lijaraі Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы 28 чэрвеня 2005 года адбылася святочная імпрэза з нагоды 345 угодкаў Палонкаўскай бітвы 1660 года.

Вечарыну распачаў грэка-каталіцкі святар айцец Яўген, які адправіў імшу па загінуўшых за незалежнасць Бацькаўшчыны на Палонкаўскім полі (Баранавіцкі раён) 345 гадоў таму. Імша суправаджалася спевамі царкоўнага хору. Потым навучэнка першага курса Баранавіцкага эканоміка-юрыдычнага каледжа Яна Норкіна падрабязна распавяла ўсім прысутным аб асноўных момантах Палонкаўскай бітвы, якая адбылася 28 чэрвеня 1660 года, падчас вайны 1654-1667 гадоў паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай абодвух народаў. Яна паведаміла, што стратэгічнай мэтай чарговай вайны для Расійскай дзяржавы было далучэнне ўсёй тэрыторыі Беларусі і Украіны і атрыманне выйсця да Балтыйскага мора. Наступленне расійскіх войскаў пачалося 21 траўня 1654 года. Войскі маскоўскіх ваяводаў Трубяцкога, Шарамецева і казакоў Залатарэнкі захапілі Смаленск, Віцебск, Полацак, Крычаў, Шклоў, Воршу. Вайна суправаджалася страшэннымі разбурэннямі і жудасным вынішчэннем людзей. Салдаты ваяводы Трубяцкога ўшчэнт разбурылі Мсціслаў і забілі 10 тыс. жыхароў гэтага невялікага горада, які аказаў мужнае супраціўленне захопнікам. Гомель казакам Залатарэнкі ўдалося захапіць толькі пасля больш чым 40-дзённай аблогі. Не паддаліся толькі Стары Быхаў і Слуцк. Гетман беларуска-літоўскай дзяржавы Януш Радзівіл не здолеў стрымаць 100 тыс. царскае войска, бо меў толькі каля 12 тыс. ваяроў і вымушаны быў ухіляцца ад генеральнай бітвы, каб захаваць сваё войска і магчымы паратунак. У 1655 годзе царскія ваяводы ўзялі Менск, а 31 ліпеня пала Вільня – сталіца Вялікага княства Літоўскага. За выключэннем паўднёва-заходніх раёнаў, уся Беларусь апынулася ў руках царскага войска. Рэч Паспалітая абодвух народаў памірала, бо ваявала ў гэты час яшчэ з украінскімі казакамі і Швецыяй. Гэта быў сапраўдны “патоп” і мала хто верыў, што Рэч Паспалітая абодвух народаў здолее ўратавацца ў гэтых неспрыяльных умовах.

Але, заключыўшы 3 мая 1660 года са Швецыяй Аліўскае пагадненне, войска Рэчы Паспалітай на чале з П. Сапегам і С. Чарнецкім не толькі залячыла раны, але і перайшло ў наступленне на расійскую армію, якая знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. З Брэста праз Слонім нашае войска рушыла на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны войскам маскоўскага ваяводы І.А. Хаванскага. Даведаўшыся пра наступленне харугваў Рэчы Паспалітай абодвух народаў, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў насустрач жаўнерам Сапегі і Чарнецкага. Войскі сустрэліся 28 чэрвеня 1660 года каля мястэчка Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі).

На каляровай карце яна паказала ўсім прысутным, што ваявода Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, а на левым – князь Шчарбаты, пасярэдзіне – рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай абодвух народаў размяшчалася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), а на флангах – харугвы П. Сапегі, А. Палубяткі і С Кміціча (6 тыс. чал.).

Яна Норкіна слушна адзначыла, што атака гусараў Рэчы Паспалітай абодвух народаў была настолькі імклівай, што расійская пяхота, якая стаяла перад пераправай, змагла зрабіць толькі адзін залп. У выніку ашаламляльнага ўдару гусараў, маскоўская пяхота была не толькі змята, але пасечана і патоплена ў р. Палонка. Паспяховай была атака гусараў і панцырных, якія прымусілі расійскую конніцу ўцякаць на ўсход. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй расійская пяхоце. Палонкаўская бітва 28 чэрвеня 1660 года цягнулася 2,5 гадзіны і скончылася поўным разгромам войск Хаванскага, які быў так напалоханы рашучасцю харугваў Сапегі і Чарнецкага, што ўцёк аж у Полацак.

Потым слова ўзяў вядомы баранавіцкі краязнаўца, дырэктар Цешаўлянскай СШ Васіль Дубейка. Ён распавёў пра тое, як сёння беларускія, польскія і рускія гісторыкі ацэньваюць падзеі і вынікі Палонкаўскай бітвы 1660 года. Яшчэ зусім нядаўна нават гісторыкі не ведалі ўсёй праўды пра Палонкаўскую бітву і жахлівыя вынікі вайны 1654-1667 гадоў. На вялікі жаль, і сёння робіцца ўсё магчымае, каб людзі не ведалі ўсёй сапраўднасці як Палонкаўскай бітвы, так і ўсяго “патопу” 1654-1667 гадоў. Васіль Міхайлавіч слушна адзначыў, што Палонкаўская перамога не толькі ўратавала Рэч Паспалітую абодвух народаў, але і садзейнічала вызваленню як Заходняй, так і Цэнтральнай Беларусі. Гэтая бітва прывяла да заключэння Андросаўскага замірэння 1667 года, па якому Беларусь засталася ў складзе Рэчы Паспалітай абодвух народаў. На заканчэнне Васіль Дубейка адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў святочной імпрэзы, прысвечанай 345 угодкам Палонкаўскай бітвы.

Напрыканцы імпрэзы студэнткі Юля Раскова і Наталля Глухава прачыталі вершы “Арыя 1655 года” і “О, Рэч Паспалітая!” з кнігі баранавіцкага паэта Алеся Корнева “Крыжы зямелькі нашае”, прысвечаныя падзеям самай жахлівай вайны 1654-1667 гадоў у нашай гісторыі. Вершы са свае кніжкі “Пыл саркафагаў” прачытаў баранавіцкі паэт Ян Збажына.

Заспяваўшы песні-гімны “Пагоня” і “Магутны Божа” і добра разглядзеўшы палонкаўскія ваколіцы, удзельнікі святочнай імпрэзы з цудоўным настроем пакінулі Палонкаўскае поле бітвы і паехалі ў гарод Баранавічы, “дзеля праўды, што захоўваецца ў нас ды якая застаецца з намі ў вечнасці “ (Ян,2).



Наша Ніва”


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка