Д. Сінькова (Мінск) фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі журналіста ў сістэме дадатковай адукацыі ў бду




Дата канвертавання06.06.2016
Памер95.84 Kb.
Г. І. Басава, Л. Д. Сінькова (Мінск)
ФАРМІРАВАННЕ КАМУНІКАТЫЎНАЙ КАМПЕТЭНЦЫІ ЖУРНАЛІСТА Ў СІСТЭМЕ ДАДАТКОВАЙ АДУКАЦЫІ Ў БДУ
Пачатак трэцяга тысячагоддзя на парадак дня паставіў у якасці галоўнага паказчыку поспеху спецыяліста ў галіне кіравання, палітыкі, сродкаў масавай камунікацыі і іншых прафесій камунікабельнасць – уменне выступаць публічна, праводзіць перамовы і інш. Веданне асаблівасцей публічнага маўлення, этапаў яго падрыхтоўкі і слоўнага афармлення, а таксама дзелавога этыкету надзвычай важнае для будучых спецыялістаў сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі. Мноства складаных задач палягае таксама ў рэчышчы міжкультурных зносін. І ва ўсіх гэтых сферах роля журналіста – гэта роля медыума, пасрэдніка паміж важнай інфармацыяй і яе спажыўцом, паміж словам (тэкстам) і суб’ектам, які яго ўспрымае.

Дзеля эфектыўнасці камунікацыі журналісту неабходна вельмі ясна ўсведамляць, наколькі ўскладнілася камунікаванне ў сучаснай інфармацыйнай прасторы. Інфармацыйны выбух, гіперэкспансія рознаўзроўневых інфармацыйных плыняў, вострая канкурэнцыя носьбітаў і каналаў інфармацыі прывялі да того, што паняцце "тэкст" саступіла экстрапаляванаму паняццю "message" (паведамленне, пасланне, ідэя); паняцце "стыль" – паняццю "дыскурс". Такім чынам і на Беларусі, як ва ўсім свеце, склалася новая сацыякультурная сітуацыя, якая патрабуе абноўленага разумення сутнасці журналісцкай працы і яе методыкі. Здаецца, "мэсідж" увайшоў у штодзённае словаўжыванне без асаблівых інтэрпрэтацыйных намаганняў, без аніякіх кагнітыўных дысанансаў (і, мажліва, да больш пэўнай прафесійнай атрыбуцыі гэтага паняцця журналістыка яшчэ вернецца). Але аператыўнае для журналіста значэнне, сэнсавае напаўненне паняцця "дыскурс" варта акрэсліць спецыяльна; такая патрэба вынікае з даволі разгалінаванай семантыкі (нават семіясферы), уласцівай гэтаму паняццю.

Найперш дыскурс – гэта таксама тэкст, толькі актуальна прамоўлены, актуалізаваны ў пэўнай сацыякультурнай сітуацыі. Калі тэкст – гэта "рэч у сабе", ён статычны і актуалізуецца найперш у адмысловым дыялогу з чытачом, то дыскурс – гэта працэс: шматбаковы, прынцыпова адкрыты, з падтэкстамі, якія разгаліноўваюцца неабмежавана (гіпертэкст), бо дыскурс мае на ўвазе не толькі тое, што выказваецца, не толькі само паведамленне (маўленне, фразу, жэсты), але і тое, як выказваецца, з якімі магчымымі матывацыямі, і яшчэ тое, як успрымаецца, кім і ў якіх абставінах. Значыць, месца журналіста – паміж выказваннем (тэкстам, мэсіджам, крыніцай інфармацыі) і тым, хто яго ўспрымае, хто з ім камунікуе; але гэтую камунікацыю можна больш правільна зразумець толькі з улікам кампетэнцый (фонавых ведаў) ды інтэнцый (эмацыйна-валявых скіраванасцяў) усіх "суразмоўцаў", а таксама з улікам агульнай сітуацыі камунікавання, і яшчэ скажэнняў у каналах перадачы інфармацыі.

Асноўная ж місія журналіста застаецца нязменнай. Яму неабходна хутка і лёгка арыентавацца ў самых складаных сістэмах знакаў, у камунікатыўных гіпертэкставых іерархіях, каб бачыць і ацэньваць не толькі літаральны "мэсідж", але і прыхаваныя кантэксты, сэнсы, устаноўкі, мэты, бачыць і разумець ідэйную, ідэалагічную скіраванасць дыскурсіўных практык, якія апелююць як да свядомасці, так і да падсвядомасці рэцыпіента.

Менавіта журналіст аператыўна выконвае задачу вылучаць галоўнае ў інфармацыйным патоку, ставіць вызначальныя акцэнты – ацэначныя, ідэалагічныя; разварочваць зыходны дыскурс у сваё вымярэнне і пераключаць увагу рэцыпіента ў свой кірунак. І тут важна падкрэсліць тую рысу журналісцкай кампетэнцыі, якую трэба назваць канстытутыўнай: безумоўную патрыятычную заангажаванасць беларускага журналіста. Павага да сваёй краіны і нацыянальнай дзяржаўнасці – гэта перадумова прафесіяналізму. Яна павінна быць безумоўнай, апрыёрнай, што не азначае, канешне, што яна мусіць быць абавязкова яўна-тэндэнцыйнай або агрэсіўна-дэманстратыўнай. Яна можа быць імпліцытнай, пазначанай толькі сугестыўна, аднак яна павінна быць неадменнай і незаменнай у прафесійным рыштунку сучаснага беларускага журналіста (у свеце гэтая пазіцыя нават не падлягае абмеркаванню – маецца на ўвазе сама сабою).

Абвастрае значнасць усведамлення новых прафесійных задач і яшчэ адна акалічнасць. Тэхнічны прагрэс энергічна заахвочвае сучаснага чалавека да таго, што назвалі кліпавым мысленнем: схільнасцю падмяняць самастойнае асэнсаванне свету спажываннем бліц-інфармацыі, ужо спецыяльна прыгатаванай, расфасаванай па рэкламных слоганах і відэакліпах. Гэта глабальная тэндэнцыя, і яна асабліва прывабная для моладзі, якая ахвотна схіляецца да спрашчэнняў. Нібыта нашто, напрыклад, чытаць і мысліць усур’ёз, калі можна заўсёды і спрэс – з гумарам а-ля комікс; нашто звяртацца да поўных варыянтаў, калі ёсць жанр дайджэсту? Гэтая тэндэнцыя і на Беларусі абвастрыла заўсёднае адрозненне інфантылізму – ад сталасці, інтэлігентнасці – ад хамаватасці, культурнай прэцэдэнтнасці – ад псеўдакультурнага "фастфуду". У гэтым плане журналісту важна разумець і акцэнтаваць адрозненне паміж прывабным культурным і прывабным псеўдакультурным дыскурсамі.

Такім чынам, сучасны журналіст мае справу са словам, гіперактыўным і гіпермабільным у сучасных інфармацыйных каналах. Гэта павышае патрабаванні да методык прафесійнай актуалізацыі інфармацыйных рэсурсаў, да камунікатыўнай кампетэнцыі журналіста.

Прынцыпы, метады і прыёмы фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі журналіста актыўна распрацоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, на факультэце журналістыкі і на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі. Так, у комплексе вучэбных дысцыплін, абавязковых для падрыхтоўкі журналіста вышэйшай (універсітэцкай) кваліфікацыі, адным з прыярытэтных для паглыбленага вывучэння з’яўляецца такое праблемнае поле, як міжкультурная камунікацыя. Забяспечваюць вучэбны працэс у названым кірунку найперш новыя адукацыйныя праграмы, што распрацаваны і дзейнічаюць у Інстытуце журналістыкі БДУ.

Прыкладам метадычнай распрацоўкі такога плану з’яўляецца праграма дысцыпліны "Міжкультурная камунікацыя" для студэнтаў спецыяльнасцей 1-23 01 08-02 Журналістыка (аўдыявізуальная), 1-23 01 07-01 Інфармацыя і камунікацыя (тэхналогіі камунікацый), 1-23 01 10-01 Літаратурная работа (творчасць), 1-23 01 10-02 Літаратурная работа (рэдагаванне), 1-23 01 09 Міжнародная журналістыка (Мінск, 2012) [1]. Гэтая праграма выразна арыентаваная на падрыхтоўку выпускнікоў, кампетэнтных у наладжванні дыялогаў, палілогаў у самых розных культурных кантэкстах – у сітуацыі, калі ў свеце ўсё больш інтэнсіўна вылучаюцца агульныя для розных арэалаў каштоўнасці, мэты, адукацыйныя стандарты, сацыякультурныя партрэты спецыялістаў, інш. У праблемным полі дысцыпліны "Міжкультурная камунікацыя" знаходзіцца развіццё ў студэнтаў цэласнага ўяўлення пра культуру сваёй краіны і краін замежных, што ўключае такія базавыя кампаненты, як культурна-моўныя веды (рэаліі, фразеалагізмы, граматычныя структуры і г. д.), працэдурныя веды (правілы зносін, этыкету), этнакультурныя веды (традыцыі, асаблівасці нацыянальнага характару), гісторыка-культурныя веды (пра краіну, яе гісторыю). Праграмай забяспечваецца сістэмнае і метадычна абгрунтаванае вывучэнне ўсіх гэтых кампанентаў. Яна распрацаваная як рознаўзроўневая і дае магчымасць акцэнтаваць той ці іншы рэсурс са зместу вучэбнага матэрыялу ў залежнасці ад непасрэднай спецыялізацыі навучэнца (аўдыявізуальная журналістыка, тэхналогіі камунікацый, літаратурная творчасць, інш.). Гэтая шматаспектнасць праграмы выразна адлюстравана ў раздзеле "Прыкладны тэматычны план", дзе змешчаны шэраг тэм, якія маюць канцэптуальны характар.

Студэнты, якія займаюцца па праграме дысцыпліны "Міжкультурная камунікацыя", атрымліваюць магчымасць не толькі вывучыць тыпы, віды, формы, мадэлі і структурныя кампаненты міжкультурнай камунікацыі. Яны маюць усе ўмовы для развіцця сваёй культурнай успрымальнасці, здольнасці да правільнай інтэрпрэтацыі розных відаў камунікатыўных паводзін. У выніку студэнты набываюць уменні распрацоўваць стартэгію зносін у міжкультурным асяроддзі, з тым, каб у далейшым самастойна рыхтаваць праекты па тэматыцы міжкультурнай камунікацыі.

Інавацыйны характар мае таксама вучэбная праграма курса па профілі "Невербальная камунікацыя ў міжкультурных зносінах" (Мінск, 2007) для спецыяльнасці 1-23 01 10-02 Літаратурная работа (рэдагаванне) [2]. Мэта гэтай праграмы – зрабіць невербальную камунікацыю цэласным аб’ектам даследавання найперш у аспектах сацыяльным, цывілізацыйным і этнапсіхалагічным, што цалкам апраўдана. Спецыфіка курса дыктуе таксама неабходнасць дастаткова працяглай самастойнай працы навучэнцаў. Студэнты-журналісты, што займаюцца па гэтай праграме, набываюць веды пра шматстайнасць камунікатыўных узроўняў і форм у самай сучаснай інтэрпрэтацыі. Яны выпрацоўваюць уменні і навыкі адэкватнага разумення тых стасункаў, што існуюць паміж рознымі этнакультурамі; вучацца ідэнтыфікаваць мноства калізій у сваёй прафесійнай практыцы як выяву менавіта сутыкнення або сыходжання адрозных культурных традыцый, што дае магчымасць больш глыбокага і ўсебаковага ўсвядомлення сацыяльнага, уласна камунікатыўнага аспектаў у сваёй прафесіі, у якой асабліва важна разумець аўтаномнасць суб'ектаў камунікацыі, улічваць канкрэтныя праявы гэтай аўтаномнасці, арганізуючы дыялогі і палілогі ў сучаснай полікультурнай прасторы. Эпоха глабалізацыі патрабуе ад сучаснага спецыяліста-гуманітарыя ўменняў акцэнтаваць не ўніфікацыю, а, наадварот, дынаміку ўзаемаспасціжэння адрозных між сабою камунікантаў. Таму асаблівую значнасць мае адлюстраванне ў праграме гэтага курса шматстайнасці камунікатыўных узроўняў і форм: камунікацыя вербальная, невербальная (найбольш вылучаная), паравербальная; паняцце не толькі пра камунікатыўны дыскурс, але і пра контрдыскурсы і нават субдыскурсы (напрыклад, гендэрныя, інш.).

Важным кампанентам у забеспячэнні падрыхтоўкі спецыялістаў з выразна сфарміраванай камунікатыўнай кампетэнцыяй у сферы міжкультурнай камунікацыі з’яўляецца дапаможнік па лінгвакультуралогіі "Святло слова" (Мінск, 2002) [3], адрасаваны студэнтам філалагічных спецыяльнасцей айчынных і замежных універсітэтаў. У дапаможніку змешчаны метадычныя распрацоўкі паэтычных тэкстаў з краіназнаўчымі канцэптамі як для аўдыторнай работы, так і для самастойнага вывучэння беларускай мовы як замежнай. Матэрыялы дапаможніка паспяхова выкарыстоўваюцца на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў практыцы выкладання такіх дысцыплін, як "Дыскурсны аналіз тэксту", "Культура маўлення", інш. Навучэнцам прапануюцца тэксты рэпрэзентатыўныя, большасць з якіх – аблігаторныя і прэцэдэнтныя – суправаджаюцца каментарыем-ключом, які, у адрозненне ад традыцыйнай методыкі, дзе ключы падаюцца ці ў канцы дапаможнікаў, ці пасля заданняў, змяшчаецца адразу пасля тэкста-верша. Гэты каментарый-ключ дае краіназнаўча-культуралагічную інфармацыю і адначасова дапамагае навучэнцу зразумець і ўспрыняць тэкст, падрыхтавацца да працы з ім, да выканання заданняў, да адказаў на пытанні да яго і да тэкстаў-вершаў для самастойнай працы. Па сутнасці, каментарый змяшчае звесткі, якія закладзены ў культурную памяць кожнага адукаванага беларуса. Іх засваенне набліжае рэцыпіента да носьбіта беларускай мовы, беларускай ментальнасці. У гласарыі змешчаны тлумачэнні слоў, што могуць выклікаць у іншакультурнага навучэнца найбольшыя цяжкасці ў іх разуменні. Пададзены ў дапаможніку і нотныя тэксты паводле самых прэцэдэнтных літаратурных узораў, што дапамагае ўспрымаць беларускую культуру сінкрэтычна, з улікам пэўных сакральных канатацый, больш выразна фіксаваць разнастайнасць форм беларускай духоўнасці. У цэлым дапаможнік змяшчае 27 тэматычных раздзелаў, якія раскрываюць перад чытачом гісторыю Беларусі, яе народа, характар беларуса, традыцыі і звычаі, культуру і г.д.

Адзначым, што ўсе адукацыйныя праграмы, якія паспяхова дзейнічаюць на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, належным чынам узгоднены з адпаведнымі міністэрствамі, у першую чаргу, з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У ліку іх – і праграма па дысцыпліне "Маўленчая камунікацыя" для спецыяльнасці перападрыхтоўкі 1-23 02 74 "Камунікацыя ў сферы грамадскіх сувязей" (Мінск, 2011) [4]. Вербальная камунікацыя тут пазіцыянуецца як адзін з самых актуальных кірункаў для даследавання ў сістэме гуманітарных ведаў. Праграма забяспечвае вывучэнне асноўных паняццяў тэорыі маўленчай дзейнасці, а таксама фарміраванне кампетэнцыі спецыялістаў па сувязях з грамадскасцю, і менавіта развіццё ўменняў ідэнтыфікацыі, ацэнкі, аналізу камунікатыўных сітуацый. Падобныя навучальныя дысцыпліны запатрабаваныя ў вучэбным працэсе дадатковай адукацыі дарослых, паколькі з’яўляюцца неабходнымі складнікамі як культуры журналіста ў цэлым, так і культуры самога чалавека, яго асобы. Гэтыя пэўныя накірункі ў прафесіяналізацыі слухачоў факультэта павінны ўдасканальвацца і развівацца імі праз усё жыццё.

Як вядома, пытанні гарманізацыі міжкультурных, міжканфесійных, міжэтнічных адносін не толькі не страчваюць сваёй актуальнасці ў сучасным свеце, але відавочна ўскладняюцца і разгаліноўваюцца. Беларусь справядліва лічыцца дзяржавай з багатымі традыцыямі талерантнасці ва ўсіх сэнсах гэтага слова, аднак праблемы ў полі сацыяльных і ўласна культурных практык робяцца ўсё больш відавочнымі і для яе насельніцтва. Таму вывучэнне гэтых праблем з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў як фундаментальных грамадазнаўчых даследаванняў, так і, у прыватнасці, навучальных праграм факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі БДУ. Вопыт вучоных БДУ, назапашаны на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў сістэме дадатковай адукацыі, з’яўляецца трывалай базай для практыкі фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі сучаснага журналіста.


Літаратура
1. Міжкультурная камунікацыя : вучэбная праграма для спецыяльнасцей 1-23 01 08-02 Журналістыка (аўдыявізуальная), 1-23 01 07-01 Інфармацыя і камунікацыя (тэхналогіі камунікацый), 1-23 01 10-01 Літаратурная работа (творчасць), 1-23 01 10-02 Літаратурная работа (рэдагаванне), 1-23 01 09 Міжнародная журналістыка / Ін-т журналістыкі БДУ; аўт.-склад. Г.І.Басава. – Мінск, 2012. – 11 с.

2. Невербальная камунікацыя ў міжкультурных зносінах : вучэбная праграма для спецыяльнасці 1-23 01 10-02 Літаратурная работа (рэдагаванне) / Ін-т журналістыкі БДУ; аўт.-склад. Г.І.Басава. – Мінск, 2007. – 11 с.



3. Басава, Г. І., Іўчанкаў, В. І., Сінькова, Л. Д. Святло слова: Дапаможнік па лінгвакультуралогіі для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей / Г.І. Басава, інш. – Мінск, 2002. – 144 с.

4. Речевая коммуникация: учебная программа для специальности 1-23 02 74 Коммуникация в сфере общественных связей / Ин-т журналистики БГУ; авт.-сост. А.И. Басова, П.Л.Соловьёв. – Минск, 2011. – 11 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка