Часопіс Arche, №2, 2005. С. 129-148 аналітыка уладзімер Калупаеў




старонка2/3
Дата канвертавання17.03.2016
Памер380.85 Kb.
1   2   3

Досьледы заняпаду эканомікі беларускага краю ў 1861--1914 гадах

Дзякуючы досьледам беларускіх эканамістаў у 1920-я гады сёньня можна зрабіць рэканструкцыю разьвіцьця эканомікі беларускага краю ў эпоху станаўленьня тут капіталізму. Дарма што наша краіна ў ХІХ стагодзьдзі знаходзілася ў складзе Расейскай імпэрыі, шляхі разьвіцьця эканомік Беларусі і Расеі ў гэты час значна розьніліся. Асабліва значныя разыходжаньні сталі складвацца ў другой палове ХІХ стагодзьдзі, калі пачала адбывацца экспансія заходняга капіталу. Буйны замежны капітал, каб пранікнуць сюды, павінен быў атрымаць дазвол царскіх уладаў і прыняць выстаўленыя ўмовы. Вядомы факт, што капіталізм, які разьвіўся у Расейскай імпэрыі да кастрычніцкага перевароту, адрозьніваўся ад заходняга тым, што тут так і не адбылося аддзяленьня эканомікі ад дзяржавы. Царскі ўрад накіроўваў замежны капітал галоўным чынам на разьвіцьцё рэгіёнаў вакол Масквы і Пецярбургу.

У дачыненьні да Беларусі ў гэты пэрыяд праводзілася асобная эканамічная палітыка. Пасьля паўстаньня 1863-64 гадоў распачалася хваля русіфікацыі. Царскія ўлады разгарнулі барацьбу з так званымі “польскімі маёнткамі”, забараніўшы каталікам і асобам “польскага паходжаньня” купляць зямлю. Землеўладальнікі баяліся прадаваць зямлю і ўкладаць грошы ў прамысловасьць, бо ў выніку няўдачы маглі застацца ні з чым. З другога боку, каб атрымаць канкурэнтаздольную прадукцыю ў сельскай гаспадарцы, ужо ў той час патрабавалася набыцьцё мэханічных прыстасаваньняў, штучных угнаеньняў і г.д. Без пачатковага капіталу падняць яе на адпаведны ўзровень было складана. Дадатковыя ж даходы можна было атрымаць толькі з вытворчасьці, якая б абапіралася на ўласную сыравіну – зь лесанарыхтовак, бровараў, і таму шмат гаспадарак банкрутавала. Іх танна набывалі прыежджыя расейцы, часьцяком для таго, каб толькі высечы лес і прадаць далей. Калі ў 1874-90-х на сусьветных рынках яшчэ і ўпалі цэны на збожжа, банкруцтва мясцовых панскіх маёнткаў набыло масавы характар. Але яшчэ да таго расейскі ўрад нанёс “сьмяротны” ўдар па эканоміцы беларускага краю. Каб выціснуць так званых польскіх памешчыкаў на тэрыторыю карэннай Польшчы (у тую яе частку, якая ўваходзіла ў склад імпэрыі), мытная мяжа, якая аддзяляла Расею ад танных замежных тавараў, была праведзена не па Польшчы, а паміж Беларусьсю і Польшчай. У выніку эўрапейскі капітал, найперш нямецкі, уздымаў прамысловасьць у Варшаве, Лодзі, Беластоку, а адтуль польскія танныя тавары траплялі на беларускі рынак. З другога боку расейскія танныя тавары траплялі на беларускі рынак. І расейцы, і палякі, разглядалі Беларусь як рынак збыту ўласных тавараў. Пра зацікаўленасьць царскіх уладаў разьвіваць тут прамысловасьць з дапамогай замежнага капіталу не магло быць і гаворкі. Гэты край быў яшчэ вельмі чужы, ён быў больш польскі, чым расейскі. Паводле зьвестак А. Смоліча, перад першай сусьветнай вайной прамысловасьць Беларусі вырабляла тавараў на суму ня больш як 150 млн руб., у той час як толькі расейская частка Польшчы вырабляла на 800 мільёнаў, а прамысловасьць толькі Падмаскоўнага раёну давала тавараў больш чым на мільярд рублёў у год.

Акрамя таго, царскія ўлады чынілі дыскрымінацыю жыдоў, увёўшы для іх стаўкі падаткаў у 3--5 разоў вышэйшыя, чым для астатніх прадпрымальнікаў. З улікам таго, што, напрыклад, у 1897 годзе ўдзельная вага жыдоў у гандлі складала 88,6 %, а ў прамысловасьці – 56,5 %, такая падатковая палітыка моцна стрымлівала разьвіцьцё прамысловасьці ў Беларусі. Нездарма большасьць беларускіх дасьледчыкаў пасьля абвяшчэньня БНР, а потым БССР, якія разглядалі гэты пэрыяд разьвіцьця эканомікі беларускага краю з нацыянальных інтарэсаў (А. Смоліч, Г. Гарэцкі, М. Доўнар-Запольскі, А. Цьвікевіч, А. Луцкевіч)26, у адзін голас называлі эканамічную палітыку царскай Расеі ў дачыненьні да Беларусі каляніяльнай.

Беларускі селянін быў у найгоршым становішчы: зямлю кідаць страшна, бо назад ня вернешся (да 1885 году яе было забаронена набываць і сялянам-каталікам, тады як, напрыклад, у 1830 годзе сярод сялян налічвалася толькі 6 % праваслаўных), на фабрыку ня пойдзеш – бо няма блізка, на казённую службу пайшоў бы, ды не бяруць тутэйшага27. Акрамя таго, мужык плаціў 80-працэнтны падаходны падатак, ды яшчэ зямельны падатак (для параўнаньня – у 1902 годзе з мужыцкае дзесяціны бралі 90--150 кап., а з дворнай – 15 кап.). У выніку сельскаму насельніцтву, якое складала амаль 90 %, не было за што набываць фабрычных тавараў, а гэта была ўжо другая прычына, чаму тут не зачэплівалася прамысловасьць.

Такім чынам, да абвяшчэньня БНР, а затым усталяваньня БССР Беларусь была пераважна аграрным краем, а разьвіцьцё прамысловасьці адставала нават ад эўрапейскай часткі Расеі яшчэ да другой сусьветнай вайны. У дадатак самыя буйныя прамысловыя раёны былі разьмешчаны па ўскраінах этнаграфічнай Беларусі – Беластоцка-Берасьцейскі, Віленскі, Дзьвінскі, Віцебскі, Гомельска-Клінцоўскі, што стварала цэнтрабежнасьць беларускай гаспадаркі. У першыя гады савецкай улады, так званага НЭПу, таксама мелі месца праявы каляніяльнай палітыкі; калі Савецкая Расея ў 1924 і 1926 гадах вяртала беларускія землі, адным са значных фактараў, які ўлічвала Масква, быў улік уласных эканамічных інтарэсаў. Дарма што мясцовыя ўлады гарадоў Рудня, Любавічы (сучасная Смаленская вобл.), Навазыбкаў, Клінцы, Злынка, Старадуб (сучасная Бранская вобл.) былі згодныя ўвайсьці ў склад Беларусі, яны не былі вернутыя, як лічаць дасьледчыкі28, з прычыны існаваньня там буйных ткацкіх і сярнічных фабрык. Якраз пасьля гэтага нарадзілася ідэя індустрыялізаваць менавіта Менск, а ня ўскраіны, як геаграфічны цэнтар і сталіцу будучай аб’яднанай этнаграфічнай Беларусі29.



Капіталізацыя сялянскай гаспадаркі на Беларусі

Вельмі важным для разуменьня сучасных праблем у сельскай гаспадарцы зьяўляецца вывучэньне пэрыяду капіталізацыі беларускай вёскі ў 1861--1939 гадох. Ён паказвае, якой магла быць сялянская гаспадарка ў Беларусі і дазваляе сёньня лёгка правесьці мяжу – дзе постсавецкія стэрэатыпы, а дзе тыя мажлівасьці, на якія можна разьлічваць з тае прычыны, што так ужо было.

Дробныя сялянскія гаспадаркі пакутавалі ад старажытнага архаічнага землеўпарадкаваньня. Справа ў тым, што ў паноў зямля яшчэ з аграрнай рэформы 1557 году была нарэзана на валокі (21,36 га), якія складаліся з трох палёў, што адпавядала 3-польнай сыстэме севазвароту. З адменай прыгону сялянам пачалі прадаваць зямлю, абмерваючы яе дзесяцінамі (надзел роўны 1/10 вярсты). У выніку надзел селяніна, як правіла, уяўляў сабой некалькі загонаў даўжынёй больш за кілямэтар, які ў народзе зваўся “шнуром” (напрыклад, 4 дзесяціны (4,5 га) – гэта надзел шырынёй 4 метры, а даўжынёй – 1066 м). Гэта не дазваляла перайсьці з адсталага трохпольнага на шматпольны севазварот, падвышаць інтэнсіўнасьць гаспадаркі (вырошчваць болей інтэнсіўных культур), пераходзіць са збожжавай скіраванасьці на жывёлагадоўчую. Калі паўстала пытаньне падвышэньня таварнасьці гаспадарак (г.зн. большай вытворчасьці сельскагаспадарчых тавараў для продажу), стала зразумела, што без землеўпарадкаваньня не абысьціся. Іначай нельга было канкураваць з заходнімі замежнымі вытворцамі.

Ідэя вырашэньня праблемы прыйшла да нас з Польшчы і Балтыі, дзе яшчэ ў канцы ХІХ стагодзьдзя пачалася практыка разьмеркаваньня сялян на хутары. Памер зямельнага надзелу вызначаўся з улікам таго, каб хапіла наладзіць так званую культурную гаспадарку. Для Беларусі ён прыкладна складаў 10 гектараў. Наладзіць дзевяці- ці болей -польны севазварот (дзевяць культур з розным прызначэньнем, якія чаргуюцца, і адна культура трапляе на тое самае месца празь дзевяць гадоў) на адным кавалку зямлі на аднолькавай адлегласьці ад сядзібы і гаспадарчых будынкаў. Гэтых культур павінна было хапіць, каб, апрача земляробства, можна было разьвіваць жывёла- і птушкагадоўлю, пчалярства, іншыя формы землекарыстаньня.

Існуе распаўсюджаны міт, што беларускі край абавязаны хутарызацыяй Сталыпіну. На самай справе Сталыпін менавіта ў часы свайго губэрнатарства на Гарадзеншчыне падгледзеў гэтую ідэю і пачаў яе рэалізоўваць па ўсёй імпэрыі. Што сапраўды можна паставіць у заслугу Сталыпіну, дык гэта тое, што ён паскорыў працэс хутарызацыі, надаў яму сыстэмнасьць правядзеньнем заахвочвальнай крэдытнай і падатковай палітыкі. Увогуле ж і да Сталыпіна, і пасьля яго працэс хутарызацыі на Беларусі насіў аб’ектыўны няспынны характар, бо праходзіў на добраахвотнай аснове. Найлепшыя гаспадары ад самага пачатку разумелі, што цераспалосіца, трохпольле, шнуры і іншыя анахранізмы замінаюць прагрэсіўнаму вядзеньню сельскай гаспадаркі, і самі жадалі ствараць хутарскія гаспадаркі. Сталі зьяўляцца паказальныя хутары, якія вялі рахункавыя запісы расходаў і даходаў сваёй гаспадарчай дзейнасьці, а таксама дасьледчыкі, якія на падставе тых зьвестак рабілі адпаведныя колькасныя разьлікі і даводзілі да астатніх сялян выгаднасьць пераносу сваёй гаспадаркі са шнуроў на хутар30. Адбывалася камунікацыя паміж сялянамі і на месцы. У выніку знаходзіліся ўсё новыя ахвотнікі перасяліцца. Працэс хутарызацыі то паскараўся, то запавольваўся, але не спыняўся ні ў час першай сусьветнай вайны, ні пасьля кастрычніцкага перавароту, ні ў часе палітыкі “суцэльнай калектывізацыі” і вынішчэньня так званых “кулацкіх” гаспадарак. З тэхнічных прычынаў (сродкі на перанос сядзібы, на аплату землеўпарадкавальных работ, атрыманьне крэдыту, узрост і колькасьць дзяцей і г.д.) гэты працэс ня мог адразу ахапіць усіх ахвотных, а прапускная здольнасьць яго для Беларусі была ў сярэднім каля 5 тыс. хутароў у год. Пры гэтым можна вызначыць тры хвалі паскарэньня хутарызацыі на Беларусі, калі палітыка ўладаў актыўна спрыяла гэтаму працэсу – акрамя першага паскарэньня за Сталыпіным (1906--1911), гэта пэрыяд хутарызацыі за Прышчэпавым (1924--1929), а таксама нейкм час пасьля артыкулу Сталіна “Головокружение от успехов”. К 1937 году ў Савецкай Беларусі налічвалася каля 190 тыс. хутарскіх гаспадарак, альбо 24 % ад усіх двароў31. З 1927 году пачалася масавая хутарызацыі і ў Заходняй Беларусі, дзе да 1938 г. на хутары перасялілася 259,3 тыс. сялянскіх гаспадарак, каля 43 % ад усіх двароў, якія мелі 60 % сялянскай зямлі32. Сустракаліся ў Беларусі і суцэльна хутарскія раёны. Напрыклад, самым хутарскім раёнам на Беларусі ў канцы 1930-х быў Лёзьненскі раён, дзе колькасьць хутарскіх гаспадарак складала каля 95 % (з 10048 двароў 9416 былі на хутарах). Гушчыня насельніцтва ў ім была большая за 70 чал. на км2, роўная сёньняшняй найбольшай канцэнтрацыі сельскага насельніцтва ў Беларусі вакол буйных гарадоў. Сёньня Лёзьненшчына -- адзін з самых адсталых раёнаў Віцебскай вобласьці, мае ўсяго 18 фэрмэрскіх гаспадарак, і шчыльнасьць насельніцтва – 14 чал. на км2.

Хутарызацыя спрыяла ліквідацыі паўпрыгонных адносінаў і расчышчала шлях для разьвіцьця капіталізму ў вёсцы. Такая палітыка прынесла чаканыя вынікі – у 1937--1938 гадох Віленскае, Наваградзкае, Палескае ваяводзтвы Заходняй Беларусі дасягнулі паводле ўраджайнасьці збожжа і бульбы паказьнікаў Францыі33.

Нягледзячы на шматлікія перашкоды, спачатку з боку царскіх, потым з боку савецкіх уладаў, у акрэсьлены пэрыяд беларуская сельская гаспадарка мела посьпехі, якіх сёньня ня мае АПК, заснаваны на калгаснай сыстэме, дзяржаўнай уласнасьці і дзяржаўнай падтрымцы. Напрыклад, пакуль захоўвалася самастойнасьць сялян у вырашэньні пытаньняў, што вырабляць, у якім памеры, каму і куды прадаваць, у дачыненьні да Беларусі дзейнічала тэорыя адносных пераваг Д. Рыкарда34. Хоць прадукцыйнасць працы беларускага селяніна была тады ў 2--3 разы меншая, чым ангельскага ці нямецкага, беларускія тавары пранікалі глыбока ў Заходнюю Эўропу. Як пісала ў 1910 годзе “Наша Ніва”, “ангельцы ў Лёндане ядуць масла зь Дзісны й яйкі з-пад Радашкавічаў”. Пры гэтым сяляне ўлічвалі ня толькі попыт на ўнутраным рынку, але і сусьветныя цэны на сельскагаспадарчыя прадукты. У залежнасьці ад зьмяненьня каньюнктуры цэнаў зьмянялася і прапанова тавараў. Напрыклад, з 1890-х гадоў, калі пачалі падаць цэны на збожжа, сяляне скарацілі яго вытворчасьць і край стаў яго імпартаваць. Але, як зазначаў А. Смоліч, на пачатку 1920-х гадоў “Беларусь прывозіць хлеб са стараны не таму, што не можа прахарчавацца сваім, а таму, што гаспадарка яе цяпер ужо менш цікавіцца вырабам зярна й сваю ўвагу што раз, то больш звяртае на больш зыскоўныя галіны гаспадаркі. Усе на захад ад Беларусі ляжачыя эўрапейскія краі гэтак сама, як і Беларусь, маюць недахоп уласнага хлеба і прывозяць яго са стараны. Наадварот, Маскоўшчына і асабліва Ўкраіна вывозяць шмат хлеба за граніцу”35. Той жа Смоліч даводзіў, што беларускія глебы добра прыдатныя для вырошчваньня травы, а таксама тэхнічных культур, такіх як бульба, буракі, лён, канюшына, і таму тут заўсёды будзе эканамічна выгадна адносна іншых краін займацца жывёлагадоўляй. Наркам Прышчэпаў казаў пра гэта так: “Да сацыялізму на свіньні”. Такім чынам, гісторыя беларускай сельскай гаспадаркі пераканаўча сьведчыць, што ў рынкавых умовах сяляне самі здольныя сфармаваць эфэктыўную структуру вытворчасьці, выявіць адносныя перавагі і знайсьці сваё месца ў міжнародным падзеле працы без умяшальніцтва дзяржавы.
Зьнікненьне ў прорве “вялікага пералому”
Згодна з падлікамі У. Адамушкі, у пэрыяд 1917--29 г. было толькі судовымі органамі рэпрэсавана 10 тыс. чалавек, 1929--34 – 46 тыс., 1935--40 – 85 тыс., 1941--45 – 55 тыс., 1946 -- 53 – 50 тыс36. Рэпрэсіі ў бок навукоўцаў распачаў яшчэ Ленін. У 1922 годзе ён выслаў у Нямеччыну каля 200 прадстаўнікоў вольнадумнай інтэлігенцыі. Зь беларусаў планавалася выслаць Г. Гарэцкага.

У першыя гады пасьля стварэньня Савецкага Саюзу шмат хто з тагачаснай мясцовай палітычнай і навуковай эліты лічыў Савецкую Беларусь асобнай краінай. Статус Цэнтральнага бюро ЦК(б)Б дазваляў яшчэ бараніць беларускіх навукоўцаў ад саюзных сілавых органаў. Акрамя Г. Гарэцкага, у тым самым 1922 годзе АДПУ прыняло рашэньне аб высылцы зь Беларусі эканаміста С. Скандракова. Аднак за яго заступіўся тагачасны наркамзем А. Славінскі. У пастанове ЦБ ЦК(б)Б, прынятай адносна Скандракова, гаварылася “Пакінуць для работы ў Н.К.З.Б. пад асабістую адказнасьць Славінскага, аб чым паведаміць ДПУ”37. Але ў 1926 годзе бюро ЦК(б)Б амаль у нязьмененым складзе ўжо не падтрымала хадайніцтва старшыні Дзяржпляну Сяргея Карпа (1892--1937) пакінуць М. Доўнара-Запольскага ў Беларусі, які, на на яго думку, быў кваліфікаваным спэцыялістам у галіне народнай гаспадаркі38.

Кропкай адліку фізычнага вынішчэньня інтэлектуальнай эліты стала канфэрэнцыя аграрнікаў-марксістаў у сьнежні 1929 году, на якой Сталін у сваёй прамове сказаў: “Непонятно только, почему антинаучные теории “советских” экономистов типа Чаяновых должны иметь свободное хождение в нашей печати…”. Тут жа яму ў лад рэктар БСГА П. Пінчук і М. Карклін сярод буржуазных прадстаўнікоў эканамічнай навукі на Беларусі назвалі С. Ждановіча, Я. Кісьлякова, Зьм. Прышчэпава, А. Смоліча, Г. Гарэцкага. Прагучала думка, што кандрацьеўшчына і чаянаўшчына ў Беларусі – самая моцная ў Савецкім Саюзе.

Пасьля канфэрэнцыі з мэтай тэарэтычнага абгрунтаваньня агучаных абвінавачаньняў у нацдэмаўшчыне, супрацьстаяньні калектывізацыі і падтрымцы рынкавых адносінаў, шэраг навукоўцаў на замову, згодна з усталяванаю каньюнктурай, пачалі пісаць адпаведныя артыкулы і кнігі. Для крытыкі, зразумела, была абраная беларуская нацыянальная групоўка эканамістаў. Былыя калегі і вучні – С. Маргелаў, Г. Бондар, М. Ганчарык – выдалі крытычныя заўвагі на працы З. Прышчэпава, М. Доўнара-Запольскага, Я. Кісьлякова, С. Ждановіча, М. Лайкова, М. Макарава, А. Ярашчука, Г. Гарэцкага, С. Скандракова, а Г. Арцямкоў – на Р. Бонч-Асмалоўскага. М. Ганчарык пісаў абвінаваўчы артыкул пра дзейнасьць інстытута Г. Гарэцкага, хоць яны былі сябрамі і Гарэцкі ў час адпачынку пакідаў яго сваім намесьнікам; Шэйнін і Каплан давалі абвінаваўчыя паказаньні, ад якіх пазьней адмовіліся. Абвінаваўчыя артыкулы пісалі таксама С. Вальфсон, І. Верба, Д. Чудноўскі, М. Гольман, Р. Выдра. Аўтары, як ім здавалася, рабілі усё ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі панаваўшай ідэалёгіі, але рэпрэсіўны мэханізм пасьля не пашкадаваў і іх.

Па справе т. зв. “Саюзу вызваленьня Беларусі” зь беларускай нацыянальнай групоўкі эканамістаў праходзілі А. Смоліч, Я. Кісьлякоў, З. Прышчэпаў, С. Скандракоў, А. Ярашчук, па справе беларускай філіі “Працоўнай сялянскай партыі” (ПСП) – Г. Гарэцкі, С. Ждановіч, Б. Бойка, Р. Бонч-Асмолоўскі, П. Хоцкі, па справе “Беларускай філіі меншавікоў” – І. Герцык, па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтру” – М. Ганчарык.

Былі расстраляныя Смоліч, Ждановіч (?), Бойка, Бонч-Асмалоўскі, Герцык, памерлі ў зьняволеньні Прышчэпаў, Журык. Выратаваліся, але не дажылі да рэабілітацыі Кісьлякоў, Скандракоў. З тых, хто выжыў (Г. Гарэцкі, М. Ганчарык), ніхто ня стаў больш займацца эканамічнай навукай, бо для гэтага патрабавалася адрачыся самога сябе, сваіх поглядаў. Тое самае датычыць і расейскай арганізацыйна-вытворчай школы, дзе толькі Вайнштэйн знайшоў у сабе моц ў 1960-я гады завяршыць свае працы аб праблемах народнага прыбытку (хоць там выжылі Чалінцаў, Макараў, Даярэнка і інш.). Дый патрэбы ў такой тэорыі ўжо не было, бо сялянскія прыватныя гаспадаркі былі ўжо зьнішчаныя. Як заўважыў Главэлі, “узьніклая на заклік А. Чаянава ў год паўвекавога разьняволеньня сялян арганізацыйна-вытворчая школа праіснавала меней за 20 год – да новага, калгасна-саўгаснага, зьняволеньня – і зьнікла ў прорве “вялікага пералому”39.

Без разуменьня таго, што адбылося ў часы ліквідацыі бальшавікамі прыватных уласьнікаў на сяле немагчыма сёньня знайсьці выйсьце ў вырашэньні аграрнага пытаньня. У 1929 годзе была забароненая хутарская форма землекарыстаньня. У 1935 годзе ў Маскве было прынятае рашэньне аб зьнішчэньні хутароў шляхам іх “сьцягваньня” на цэнтральныя калгасныя сядзібы. Былі даведзеныя плянавыя лічбы і вылучана адпаведнае фінансаваньне. Першапачаткова высяленьне плянавалася правесьці на добраахвотнай аснове, але рэальнае становішча рабіла гэта немагчымым. Тры гады запар беларускія ўлады не маглі выканаць пляны па ліквідацыі (у 1936 з заплянаваных 13000 было выселена 5623, у 1937 з 13000 – 4273, у 1938 з 30000 – 21406)40. Хутарызацыя адбывалася ажно да той пары, пакуль бальшавікі не перайшлі да фізычнага вынішчэньня сялянства. У адпаведнасьці з пастановай ЦК ВКП (б) і СНК СССР ад 27.5.1939 г. “О мерах по охране общественных земель колхозов от разбазаривания”, усе хутарскія гаспадаркі да верасьня 1940 году падлягалі ліквідацыі. На гэты час на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавала яшчэ каля 425 тыс. хутароў. За 1939--1940 ва Ўсходняй Беларусі было зьліквідавана болей за 160 тыс. хутарскіх гаспадарак; распачалася іх ліквідацыя і ў далучанай Заходняй Беларусі, але пачатая неўзабаве вайна перапыніла гэты працэс, таму канчатковая ліквідацыя хутароў на Беларусі адбылася ў 1950-я гады. За два гады да вайны і за два гады пасьля вайны было ліквідавана прыблізна па 200 тыс. хутароў. Калі ўлічыць, што ў сярэднім памер сям’і складаў 8 чалавек, дык выходзіць прыблізна 3,4 млн. скалечаных лёсаў.
* * *

Неабходная сёньня рынкавая трансфармацыя эканомікі зьяўляецца адлюстраваньнем адваротнай трансфармацыі народнай гаспадаркі (ад рынка да пляну), якая адбылася на Беларусі ў 20-я гг. ХХ ст. Вывучэньне навуковых набыткаў арганізацыйна-вытворчай школы можа спрыяць стварэньню ўласнай тэорыі, на грунце якой можна было б дасягнуць народнага дабрабыту, роўнага такім краінам, як Данія і Бэльгія (калі гаварыць пра аднаўленьне канцэпцыі “Беларусь-Данія”).



Сёньня ёсьць патрэба ў выданьні анталёгіі найбольш яскравых працаў, якія датычацца навукі аб арганізацыі сялянскай гаспадаркі. Аднаўленьне беларускай арганізацыйна-вытворчай школы магло б спрыяць адраджэньню фэрмерскіх гаспадарак і працэсу дэурбанізацыі Беларусі. Тэарэтычныя канцэпцыі арганізацыйна-вытворчай школы сёньня можна выкарыстовываць для распрацоўкі стратэгіяў разьвіцьця рэгіёнаў Беларусі, у прыватнасьці для распрацоўкі мадэляў прасторавай адаптацыі прамысловасьці з улікам урбанізацыйных, агламэрацыйных, глябалізацыйных, і іншых эфэктаў.


1 Выраз належыць М. Доўнару-Запольскаму: Bieіaruski Uniwersytet / Homan, №61, 6 ћniŭnia 1918 h. (трансьлявана з лацінкі з захаваньнем стылю); ацаніць памер інтэлектуальнага донарства Беларусі дазваляе факт, які прыводзіў на пачатку 1920-х г. Г. Гарэцкі з даведніка “Наука России” – “у адным толькі Пецярбурзе (Ленінградзе) зьяўляліся ўраджэнцамі Беларусі некалькі акадэмікаў, дырэктар Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў, 55 прафэсараў, 51 дацэнт, а ўсяго з улікам навуковых супрацоўнікаў, асыстэнтаў, і г.д. – 176 чалавек” (Аб Беларусізацыі вышэйшых навучальных устаноў БССР // Выбранае. Г. Гарэцкі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2002. – С. 76—77).

2 Г. Горецкий Изучение Белоруссии, как фактор ее Возрождения // Первый год Деятельности Белорусской Культурно-Научной Ассоциации студентов Петровской с.-х. академии. Материалы первого годичного собрания Ассоциации. 14 ноября 1921 г. — Типография Горецкого с.-х. института, 1922. — С. 9.

3 Нарадзіўся ў 1872 годзе ў Магілёўскай губэрні ў сям’і гандляра першай гільдыі. Скончыў Рыскі політэхнічны інстытут, там жа атрымаў навуковую ступень кандыдата камэрцыйных навук. Працягваў вывучэньне эканамічнай тэорыі ў Бэрліне. Пэўны час працаваў у банку, затым быў загадчыкам гарадзкой статыстыкі ў Менску.

4 Як сьведчыць Р. Платонаў, лёнданскі “The Slavoniс Rewiew” пісаў на пачатку 1924 г.: “Зь беларускіх навукоўцаў, зь якімі навуковаму сьвету славонікі ўжо даводзіцца сур’ёзна лічыцца, упамянём М. Доўнара-Запольскага, У. Пічэту…”. Калі ў 1926 годзе М. Доўнара-Запольскага сьвядома і мэтанакіравана прымусілі пакінуць Менск, “арганізаваўшы” яго ад’езд, Масква прыняла яго як сусьветна вядомага навукоўца. Яго вылучылі на акадэміка, ён пачаў выкладаць у Пятроўскай с.-г. акадэміі // Аб выдаленні М. Доўнара-Запольскага з Беларусі (нарыс) / Лёсы. Менск, 1998. – С. 27--40.

5 З паказаньняў Г. Гарэцкага органам АДПУ відаць, што найменьні “шчыры” і “сьвядомы” беларус існавалі ужо ў 1920-я г. // Гл. Гарэцкі Р. Ахвярую сваім “я”… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія). – Менск: Беларуская навука, 1998. (Серыя “Людзі беларускай навукі”). С. 201.

6 Ганчарык М. Беларуская Дзяржаўная Акадэмія Сельскае Гаспадаркі: к 10-годзьдзю Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі // Сельская і лясная гаспадарка. Кн. 8, 1929. С. 18.

7 Гл. Важнейшыя моманты справаздачы Навуковага таварытсва па вывучэньні Беларусі пры БСГА ў Горках ІБК // Праца Навуковага таварыства па вывучэньні Беларусі пры БСГА ў Горках, Т. 1, 1926. С. 184.

8 Правадзейныя сябры ІБК у 1924--26 гадах, якія так ці іначай маюць дачыненьне да эканамічнай навукі, – А. Смоліч, Г. Гарэцкі, М. Доўнар-Запольскі, З. Прышчэпаў, С. Скандракоў, Я. Пятровіч, А. Цьвікевіч, І. Краскоўскі, М. Бурштэйн, Ч. Родзевіч, А. Кірсанаў, М. Козыраў, Э. Русецкі // Інстытут беларускай культуры. Мн.: Навука і тэхніка, 1993. С. 252-253.

9 Сельская гаспадарка ў Даніі // Наша Ніва, №51--52, 1909. – С. 756--758; Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) Пераклад кнігі Сямёнава С. Па чужынскім землям (пра сельскую гаспадарку Швайцарыі, Ангельшчыны, Італіі) // Наша Ніва, № 22, 23--24, 36, 1910. С. 339--341, С. 360--362, С. 548--551.

10 Первый год Деятельности БКНА студентов Петровской С.-Х. Академии. Материалы первого годичного собрания Ассоциации. 14 ноября 1921 г. – Типография Горецкого с.-х. института. 1922. – С. 2

11 Канцэпцыя “Беларусь-Данія” павінна стаць асобнай тэмай досьледу. Дарма што існаваньне гэтай канцэпцыі было адным з пунктаў абароненай В. Буськом доктарскай дысэртацыі (гл. манаграфію "Экономическая мысль Беларуси в период НЭПа (20-е годы)". – Менск: Право и экономика, 2000. – С. 247--248), яе апісаньне зьмешчана ім у асобным артыкуле (О концепции “Беларусь -- Красная Дания” / Белорусский экономический журнал. – №4. 2000. – с. 108--117), і яна некалькі разоў узгадваецца ў Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, усё ж ёсьць сумневы ў фізычным існаваньні гэтай канцэпцыі. Хутчэй за ўсё яна існавала віртуальна, у выглядзе ідэі, альбо аднолькавых поглядаў групы эканамістаў, якія лепей за ўсё падсумоўваў Прышчэпаў, – “Беларусі трэба ісьці па шляху заходнеэўрапейскай сельскай гаспадаркі, а не трымацца за які-небудзь свой дамарошчаны”. Трэба вылучыць тых эканамістаў, якія ў сваіх працах рабілі параўнаньні з Даніяй і інш. разьвітымі краінамі, мелі там стаж, і на аснове гэтага зрабіць рэканструкцыю гэтай канцэпцыі, а не шукаць выпадковыя праявы рынкавай схільнасьці ў працах усіх аўтараў таго часу, як гэта робіць В. Бусько.

12 Па выніках гэтай паездкі З. Прышчэпаў напісаў артыкул “Сельская гаспадарка Прусіі і Даніі ў параўнаньні з Беларускай” // Сельская і лясная гаспадарка. Кн. 2. – 1927. – С. 66--82

13 Журык С. Халоднае сіласаваньне. -- Менск, 1928; Пытаньні бэканізацыі ў БССР. -- Менск, 1930. (Заўв. аўт. -- Усе спасылкі ў працах -- на замежныя крыніцы, параўнаньні з Даніяй і Нямеччынай).

14 Гл. напрыклад З. Прышчэпаў Задачы рэканструкцыі сельскай гаспадаркі // Савецкае будаўніцтва. 1928. – № 3--4. С. 59

15 Т. Процька. Вынішчэньне сялянства. Вёска Усходняй Беларусі пад цяжарам бальшавіцкіх рэпрэсіяў 30-х гадоў. Менск: БГАКЦ, 1998. С. 51.

16 М. Кандрацьеў і А. Чаянаў яшчэ пры сваім жыцьці былі вядомымі ў сьвеце эканамістамі. Іх працы выдаваліся ў іншых краінах. “Працы М. Кандрацьева атрымалі высокую адзнаку за мяжой у водгуках Сямёна Кузьняца (адзінага Нобэлеўскага ляўрэата па эканоміцы, ураджэнца Беларусі
1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка