Часопіс Arche, №2, 2005. С. 129-148 аналітыка уладзімер Калупаеў




старонка1/3
Дата канвертавання17.03.2016
Памер380.85 Kb.
  1   2   3



Часопіс Arche, №2, 2005. С. 129-148

АНАЛІТЫКА

Уладзімер Калупаеў

Уладзімер Калупаеў – эканаміст. Адзін з аўтараў зборніка «Эўрапейскі выбар для Беларусі / Беларусь: сцэнары рэформаў» (Варшава, 2003).



Забыты Рэнэсанс


Беларуская эканамічная школа 1920-х
Нас аб’яднала адно моцнае жаданьне, адзінае творчае імкненьне – культурна-эканамічны Рэнэсанс Беларусі…

Гаўрыла Гарэцкі, 1921 г. — ЭПІГРАФАМ


Пасьля закрыцьця Віленскага ўнівэрсытэту ў 1832 годзе ў Беларусі не засталося ніводнага цэнтру разьвіцьця фундамэнтальнай эканамічнай навукі. Такое становішча доўжылася без малога 90 гадоў, пакуль не адчыніліся Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт у 1921 годзе і Інстытут беларускай культуры ў 1922 годзе. За гэты час перарвалася традыцыя айчыннай эканамічнай навукі, якая была знаходзілася пад уплывам ангельскай палітычнай эканоміі. Практычна ўся беларуская моладзь, па навуцы ў сярэдніх школах, дзеля далейшай адукацыі была змушаная ехаць углыб Расеі, у Польшчу або далей у Эўропу – да чужых людзей, чужых народаў... і цэлымі масамі заставалася ўжо там на ўсё жыцьцё, бо дома для іх месца не было. Сюды царскі ўрад насылаў процьму чужынцаў, верных служкаў рэжыму ў нішчаньні самабытнасьці Беларусі1; у гэты пэрыяд не вялося сыстэмнага збору статыстычных зьвестак і не праводзілася досьледаў аб развіцьці эканомікі беларускага краю.

Такая вось “спадчына” дасталася пакаленьню беларускіх эканамістаў, якія жылі ў часы пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў 1918 годзе. Але ўжо празь дзесяць гадоў узровень навуковых працаў і вынікі аграрнай палітыкі далі магчымасьць казаць пра рэнэсанс беларускай эканамічнай навукі. Закончыўся гэты рэнэсанс у засьценках АДПУ. Амаль увесь наклад выдадзеных кніг быў спалены, а іх аўтары былі арыштаваныя і рэпрэсаваныя па сфабрыкаваных справах.

Гэты непрацяглы, здавалася б час, ад абвяшчэньня БНР да вынішчэньня бальшавікамі беларускай інтэлігенцыі (1918-1929), які пасьпеў зьмясьціць у сабе і супярэчлівы савецкі пэрыяд НЭПу, дае сёньняшнім эканамістам апірышча ў выглядзе існаваўшай на Беларусі эканамічнай школы, якую па сучасным крытэрам класіфікацыі можна аднесьці да неаклясічный, ці хутчэй нават да інстытуцыянальнай плыні, і якую марксіскія артадоксы адносілі да буржуазнай тэорыі.

Вывучэньне Беларусі як фактар культурна-эканамічнага адраджэньня


Пасьля ўваходжаньня ў склад Расейскай імпэрыі і закрыцьця галоўнага ўнівэрсытэту беларускі край зрабіўся настолькі забытым, што, акрамя этнаграфічных досьледаў, у навуковай сфэры тут не рабілася фактычна нічога. Эканамістам, як і прадстаўнікам іншых навук, давялося пачынаць з краязнаўства, каб здабыць тыя неабходныя зьвесткі, якія папярэднічаюць сур’ёзным эканамічным досьледам, найперш – статыстычныя, дэмаграфічныя, аб стане гаспадаркі і інш. Задачы пачатку 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя трапна акрэсьліў тады яшчэ студэнт Гаўрыла Гарэцкі: “Вывучэньне Беларусі навучыць беларусаў той азбуцы, бязь веданьня якой нельга чытаць Вялікую Кнігу Рэнэсансу”2.

У першыя гады Незалежнасьці ў 1918—1920 гадах ініцыятыва па вывучэньні Беларусі прыйшла з-за яе межаў. У Маскве і Пецярбурзе былі створаны найбольш уплывовыя арганізацыі — адпаведна Беларуская навукова-культурная асацыяцыя (далей БНКА) пры Пятроўскай с.-г. акадэміі (старшыня — Г. Гарэцкі) і Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (куды ўваходзілі эканамісты Я. Канчар, Я. Пятровіч). Ідэю падхапілі беларускія студэнты іншых навучальных устаноў Расеі (у тым ліку суполка Маскоўскага межавага інстытуту, куды ўваходзіў Я. Кісьлякоў), і ў Маскве было створана Бюро, якое займалася ўжо каардынацыяй дзейнасьці беларускіх арганізацый, дзе было задзейнічана каля 300 студэнтаў. Яны ладзілі дасьледчыя экспедыцыі ў родны край, зьбіралі і апрацоўвалі неабходныя статыстычныя зьвесткі для Наркаму земляробства Беларусі (Н.К.З.Б.). Беларускія студэнцкія арганізацыі існавалі і ў іншых краінах, дзе беларускія студэнты навучаліся эканамічнай навуцы. У 1927 годзе ў Празе была адчыненая першая дасьледчая ўстанова — Беларускі навуковы габінэт (БНГ), які ўпершыню на прафэсійнай аснове распачаў збор матэрыялаў па Беларусі, у тым ліку пра стан яе эканомікі. У 1928 годзе БНГ выдаў адозву да ўсіх беларускіх эміграцыйных асяродкаў з заклікам да каардынацыі і супрацоўніцтва ў справе зьбіраньня і вывучэньня беларускай культурнай і навуковай спадчыны.

Як толькі ў Беларусі пачалі адчыняцца інстытуты, да супольнай справы далучаліся іх выкладчыкі і студэнты. У 1919—1924 гадах пры Горацкім с.-г. інстытуце працавала беларуская сэкцыя студэнтаў (старшынямі былі ў розны час С. Журык і М. Ганчарык), пры Беларускім політэхнічным інстытуце на працягу 1921—22 гадах дзейнічала таварыства, аднаймёнае Пецярбурскаму (туды ўваходзіў С. Скандракоў). У Інбелкульце ў 1922 годзе была заснаваная сельскагаспадарчая сэкцыя, якая аб’яднала супрацоўнікаў Інбелкульту і Н.К.З.Б. (у 1926 годзе туды ўваходзіла 62 чалавекі, старшынём быў Зьм. Прышчэпаў, намесьнікам — А. Смоліч). У 1925 годзе частка чальцоў гэтай сэкцыі, якая знаходзілася ў Горках, аб’ядналася ў Навуковае таварыства па вывучэньні Беларусі. Дзейнасьць яго 115 чальцоў (сярод якіх — С. Скандракоў, Б. Бойка, С. Журык, Т. Плятнэр, М. Лайкоў, С. Тупяневіч) разгортавалася ў шасьці сэкцыях. Да 1930 годзе навуковым таварыствам было выдадзена сем тамоў прац, якія ўключалі вялікі і разнастайны матэрыял па сельскай і лясной гаспадарцы, сабраны ў экспэдыцыях і атрыманы ў выніку правядзеньня экспэрымэнтаў.

У тых умовах нельга было абысьціся без арганізацыйнай працы. Была створана сетка краязнаўчых арганізацый, адчыняліся дасьледчыя станцыі. Але самае галоўнае — трэба было рыхтаваць уласныя кадры, дзеля чаго патрэбен быў хоць адзіны сапраўдны ўнівэрсытэт. У праекце камісіі, у працы якой бралі ўдзел М. Доўнар-Запольскі і Я. Карскі, былі ўлічаныя пажаданьні беларускіх навуковых колаў адкрыць адразу два факультэты эканамічнага профілю – камэрцыйна-эканамічны і агранамічны. Мясцовыя кадры патрэбнай кваліфікацыі адсутнічалі, таму былі запрошаныя прафэсары зь іншых унівэрсытэтаў, беларусы па нацыянальнасьці. Сьпіс з 36 прафэсараў-беларусаў быў настолькі прадстаўнічы, што Беларускі ўнівэрсытэт ужо з моманту аднаўленьня мог стаць адным з самых моцных ва Ўсходняй Эўропе. Але людзі, адказныя за гэтую справу, плянавалі запрашаць выкладчыкаў з Маскоўскага, Кіеўскага, і іншых унівэрсытэтаў, без увагі на іх нацыянальнасьць. Тым ня менш беларусызацыя, што пачалася неўзабаве, парушыла гэтыя пляны, бо ахвочых прыехаць амаль не было. Затое менавіта дзякуючы беларусізацыі пачалі вяртацца беларускія навукоўцы-эканамісты, якія дасягнулі посьпехаў на навукова-выкладчыцкай ніве за межамі Бацькаўшчыны. Ільля Герцык вярнуўся з Рыгі, Аркадзь Смоліч – зь Вільні, Гаўрыла Гарэцкі – з Масквы, Аляксандар Цьвікевіч – з Прагі, а апошнім, пасьля доўгіх блуканьняў паміж Кіевам, Харкавам і Баку, вярнуўся Мітрафан Доўнар-Запольскі. У новаствораным БДУ зьмест лекцыяў па асноўных эканамічных дысцыплінах, у тым ліку па эканамічнай тэорыі, гісторыі эканамічнай думкі, сусьветнай эканоміцы, банкаўскай справе, грашовым абарачэньні і крэдыце (агульны аб’ём тэкстаў склаў больш за сто разьдзелаў) распрацаваў Ільля Герцык3. Ён чытаў гэтыя дысцыпліны з 1921 па 1931 год, пакуль ня быў арыштаваны. На ўнівэрсытэцкі ўзровень выкладаньня арыентаваліся М. Доўнар-Запольскі і У. Пічэта, якія чыталі лекцыі па гісторыі народнай гаспадаркі, А. Смоліч і Г. Гарэцкі – па эканамічнай геаграфіі (апошні ў Горках). У той час БДУ усё ж набліжаўся да сапраўднага ўнівэрсытэту. Там чыталі лекцыі навукоўцы, якія ў сваёй галіне мелі распрацоўкі на ўзроўні ўласных тэорый, вядомых за мяжой, напрыклад, М. Доўнар-Запольскі і ягоны вучань У. Пічэта4.


Фармаваньне беларускай нацыянальнай групоўкі эканамістаў
Разам з вывучэньнем роднага краю ў дасьледчыкаў-эканамістаў адбывалася фармаваньне нацыянальнай сьвядомасьці – гэтаксама, як гэта было з польскамоўнымі філаматамі і філарэтамі, з расейскамоўнымі этнографамі ў ХІХ стагодзьдзі. Па-беларуску імкнуліся весьці працу сябры БКНА на чале з Г. Гарэцкім, Горацкай беларускай сэкцыі на чале з С. Журыкам і М. Ганчарыкам.

У маладых эканамістаў прызнаным лідэрам культурна-эканамічнага адраджэньня быў Аркадзь Смоліч. Ён стварыў камісію па распрацоўцы эканамічнай тэрміналёгіі, сам актыўна ўдзельнічаў у яе працы, а таксама прыцягнуў туды акрамя маладых эканамістаў вядомых яму з маладых гадоў Янку Купалу і Якуба Коласа. Смоліч увогуле быў адным з распачынальнікаў працэсу беларусізацыі эканамічнай навукі. Будучы намесьнікам с.-г. сэкцыі Інбелкульту, якая тады выконвала ролю акадэмічнага цэнтру, ён запрашаў на працу навукоўцаў-эканамістаў з улікам іх стаўленьня да адраджэньня; у выніку за часы працы ў гэтай сэкцыі склалася і акрэпла нацыянальна сьвядомая групоўка эканамістаў. Пад уплывам Смоліча прыхільнікам беларусізацыі стаў старшыня с.-г. сэкцыі, наркам земляробства Зьміцер Прышчэпаў (1896--1940), які з 1926 году пачаў выдаваць свае працы выключна на беларускай мове. Менавіта Смоліч угаварыў М. Доўнара-Запольскага вярнуцца ў Менск, прыцягнуў яго да рэдактарскай справы. На той час у сэкцыі ўжо працавалі “сьвядомыя беларусы”5 – эканамісты Я. Кісьлякоў, С. Скандракоў, Г. Гарэцкі, Я. Грабоўскі, А. Трахімаў, М. Лайкоў, К. Кіпрыянец. Але праца с.-г. сэкцыі была арганізавана на добраахвотнай аснове; разгортаваньню патрэбных эканамічных досьледаў перашкаджала благое забесьпячэньне матэрыяльнымі рэсурсамі. Таму яшчэ ў канцы 1925 году Смоліч распрацаваў праект стварэньня на аснове с.-г. сэкцыі першай нацыянальнай установы ў галіне дасьледчай справы па сельскай гаспадарцы, дзе працавалі б навукоўцы, якія прыхільна ставяцца да беларусізацыі. Задуму ўдалося рэалізаваць, і на пачатку 1927 году Беларускі НДІ сельскай і лясной гаспадаркі быў адчынены, але ягоным дырэктарам стаў Г. Гарэцкі.

Адначасова была зроблена спроба стварыць першую беларускую нацыянальную вышэйшую навучальную ўстанову (бо БДУ зь яго запрошанымі выкладчыкамі-небеларусамі ня быў у поўным сэнсе нацыянальным). Было вырашана зрабіць яе на падмурку Горацкага с.-г. інстытуту, каб акрамя ўсяго іншага спрыяць і беларусізацыі Ўсходняй Беларусі; Менскі с.-г. інстытут далучылі да Горацкага, і такім чынам у 1925 годзе была ўтворана Бел. с.-г. акадэмія (БСГА). Беларусізацыю ў новай установе было вырашана правесьці наступным чынам – у Горках абаперціся на беларускую групу ў выглядзе Горацкага навуковага таварыства па вывучэньні Беларусі, якое існавала на правох сэкцыі ІБК, і на частку беларускамоўных выкладчыкаў былога с.-г. інстытуту, а таксама ўзмацніць далучыць “сьвядомых беларусаў” зь ліку навуковых кадраў Менскага с.-г. інстытуту. Каго абраць у склад навуковага пэрсаналу будучай с.-г. акадэміі, вырашаў галоўным чынам А. Смоліч; ён жа фактычна даручыў Г. Гарэцкаму каардынаваць дзейнасьць беларускай групоўкі, увёўшы яго ў склад управы БСГА. Цалкам зрабіць з БСГА беларускую нацыянальную ВНУ доўга не ўдавалася; ніяк не маглі абраць на пасаду рэктара чалавека, які б прыхільна ставіўся да справы беларусізацыі. Але беларуская групоўка паступова пашырала свой уплыў: колькасьць яе чальцоў неўзабаве дасягнула свайго максімума – 115 чалавек, працы гэтага таварыства, а таксама запіскі БСГА выходзілі выключна на беларускай мове і сёньня зьяўляюцца гістарычным помнікам беларусізацыі аграрнай эканамічнай навукі. Як сьведчыў у 1929 годзе М. Ганчарык, – “Па сутнасьці БСГА зьяўляецца сапраўднай беларускай вышэйшай навучальнай установай. Малодшыя катэгорыі нав. супрацоўнікаў усю вучэбную працу вядуць выключна на беларускай мове, шэраг дацэнтаў і прафэсараў гэтак-жа ўжо перайшлі ў выкладаньні на бел. мову, а частка пераходзіць у бліжэйшы час. Зараз пры сэкцыі навуковых працаўнікоў працуюць спэцыяльныя курсы для вывучэньня бел. мовы”6. Пры Навуковым таварыстве працягвала працу тэрміналягічная камісія, якая займалася між іншым і ўдасканаленьнем беларускай эканамічнай тэрміналёгіі (адказным быў Т. Плятнэр); для гэтай справы ІБК былі выдаткаваныя немалыя грошы, каб набыць чэскую, польскую і ўкраінскую тэрміналягічную літаратуру7 (заўважце: не расейскую).

З 1927 году акадэмічным цэнтрам эканамічнай навукі стаў БНДІ сельскай і лясной гаспадаркі. Сельскагаспадарчая сэкцыя ІБК, як і плянавалася, была распушчаная, а ўся яе дасьледчая справа перайшла ў новы інстытут. Дырэктарам інстытуту быў прызначаны Г. Гарэцкі, а Смоліч стаў загадчыкам аднаго з ключавых аддзелаў – с.-г. эканоміі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. Чаму дырэктарам інстытуту стаў не ўплывовы А. Смоліч, а малады, як потым будуць казаць нядобразычліўцы, недавучаны асьпірант Г. Гарэцкі? Тым болей, што калі ў 1927 годзе статут ІБК фактычна стаў акадэмічным, і туды маглі выбірацца толькі тыя, хто ўзбагаціў навуку ў сваёй галіне асабліва значнымі працамі, правадзейным членам быў абраны з эканамістаў толькі Смоліч, у той час, як у 1924--26 гадах такіх было болей за 10 чалавек, у тым ліку і Г. Гарэцкі8. Напэўна, ужо тады з боку партыйнага кіраўніцтва да Смоліча стаўленьне рабілася ўсё больш крытычнымі, і ягонае прызначэньне было немагчымае. У наступным годзе яго ня вылучаць на акадэміка, прыгадаўшы “грахі” маладосьці – арыентацыю на капіталістычны захад (з агульнапалітычных і нацыянальных матываў выступаў супраць Расеі падчас першай сусьветнай вайны), дзейнасьць супраць савецкай улады ў часы адстойваньня БНР на міжнароднай арэне. Аднак забараніць працаваць яму пакуль ніхто ня мог, і часопіс “Сельская і лясная гаспадарка”, які прапанаваў стварыць Смоліч, а таксама “Працы аддзела с.-г. эканоміі…”, надрукавалі грунтоўныя эканамічныя досьледы, праведзеныя ў сярэдзіне 1920-х.

Беларусізацыя эканамічнай навукі патрохі ахапіла і дзяржаўныя ўстановы, у прыватнасьці Н.К.З.Б. і Дзяржплян. Гэты працэс можна бачыць на прыкладзе палітычна-эканамічнага часопісу Дзяржпляну “Савецкае будаўніцтва”. У 1926--27 (да № 4 уключна) часопіс выходзіў па-расейску, у 1927--30 частка матэрыялаў па-расейску, частка па-беларуску, з 1931 – толькі па-беларуску.

Акрамя згаданых А. Смоліча, З. Прышчэпава, Г. Гарэцкага, М. Доўнара-Запольскага, у беларускую нацыянальную групоўку эканамістаў уваходзілі Ян Кісьлякоў, Сяргей Скандракоў, Барыс Бойка, Міхась Ганчарык, Сьцяпан Журык, Аўдакім Ярашчук, былыя чальцы БКНА Сяргей Ждановіч, Ян Грабоўскі, Мікіта Лайкоў, Пётра Хоцкі, а таксама маладыя эканамісты-асьпіранты Тодар Плятнэр, Кірыл Кіпрыянец, Алесь Дзямідовіч. Усе гэтыя эканамісты выдавалі свае працы па-беларуску, заклаўшы падмурак па-сапраўднаму беларускай эканамічнай навукі. Нават акты абвінавачаньня ў нацдэмаўшчыне пісаліся на беларускай мове. Такім чынам, існавала ня толькі эканамічная навука ў нэаклясычнай традыцыі, але яна была яшчэ і пераважна беларускамоўнаю.


Ідэя эканамічнага адраджэньня – канцэпцыя “Беларусь-Данія”

Упершыню ідэя арыентаваньня Беларусі на разьвітыя эўрапейскія краіны ўзьнікла ў публіцыстыцы. Газэта “Наша Ніва” часьцяком зьмяшчала матэрыялы аб дасягненьнях у сельскай гаспадарцы Даніі, Швайцарыі, Усходняй Прусіі і іншых краінаў, якія ў некаторых пазыцыях мелі нават горшыя, чым у Беларусі, умовы для гаспадараньня9.

Затым гэтая ідэя набыла папулярнасьць у студэнцкіх колах, а таксама сярод палітычнай эліты абвешчанае БНР. У дыспутах паміж чальцамі БКНА пры Пятроўскай с.-г. акадэміі была вылучана ідэя ператварыць праз 20--30 гадоў Беларусь у Данію, – “набліжаюцца адказныя часы, у якія эканамічны разьвітак Беларусі павінен злажыць ёй гісторыю Даніі і Бэльгіі”, – казаў на штогадовым паседжаньні Г. Гарэцкі10. Эканамічна моцная і падобная да беларускага краю прыродна-кліматычнымі і дэмаграфічнымі ўмовамі Данія была абраная не выпадкова. Прыклад яе эканамічнага росквіту абвяргаў даўнія стэрэатыпы, што адсутнасць значнай колькасці карысных выкапняў, неспрыяльны клімат для вядзеньня сельскай гаспадаркі ды недастатковая гушчыня насельніцтва быццам бы перашкаджаюць Беларусі стаць заможнай краінай. Сябры БКНА, якія затым зрабіліся знакавымі постацямі ў беларускай эканамічнай навуцы, – Гаўрыла Гарэцкі, Сяргей Ждановіч, Ян Грабоўскі, Мікіта Лайкоў, Пётра Хоцкі, а таксама сябры маладзёвых арганізацый іншых ВНУ – Ян Кісьлякоў, Сьцяпан Журык, Барыс Бойка – галоўнымі чыньнікамі росквіту Беларусі лічылі падвышэньне рынкавасьці яе эканомікі і нацыянальнае адраджэньне. Ажыцьцяўленьне гэтай ідэі было падмацавана распрацоўкай адпаведнай канцэпцыі эканамічнага разьвіцьця з працоўнай назвай “Беларусь-Данія” (сустракаліся, праўда, і іншыя назовы-параўнаньні, напрыклад “Беларусь-Бэльгія”, “Беларусь-Нідэрлянды”).

У пэрыяд так званага НЭПу вакол гэтай канцэпцыі аб’ядналася беларуская нацыянальная групоўка эканамістаў. Праўда, яе назва, з улікам паноўнай у той час афіцыйнай ідэалёгіі, была зьмененая на “Беларусь -- Чырвоная Данія”11, але ад гэтага яна не зрабілася менш прарынкавай і празаходняй. Акрамя ўжо згаданых Г. Гарэцкага, С. Ждановіча, Я. Кісьлякова, С. Журыка, яе падтрымлівалі З. Прышчэпаў, А. Смоліч, Р. Бонч-Асмалоўскі. Каб упэўніцца ў дакладнасьці сваіх меркаваньняў, Гарэцкі і Прышчэпаў адмыслова ад Інбелкульту праходзілі навуковую стажыроўку ў Нямеччыне, Польшчы і Даніі ў жніўні-верасьні 1926 году12. У 1927 годзе ад БелНДІ сельскай і лясной гаспадаркі ў Нямеччыне і Даніі чатырохмесячную стажыроўку праходзіў Сьцяпан Журык, дзе знаёміўся зь сьвінагадоўляй і з адкормам сьвіней на бэкон, вывучаў спэцыяльную навуковую літаратуру. Па вяртаньні, напісаўшы некалькі прац13, Журык узначаліў спачатку дасьледчую станцыю, а потым і інстытут сьвінагадоўлі, дзе выкарыстоўваў замежны досьвед.

Лічылася, што ліквідаваць адсталасьць беларускай сельскай гаспадаркі ад Польшчы, Чэхіі, краін Балтыі, ня кажучы ўжо пра заходнеэўрапейскія краіны, можна толькі шляхам перайманьня ў гэтых краін прагрэсіўных мэтадаў і тэхналёгій гаспадараньня. У адрозьненьне ад цяперашніх часоў тады існавала традыцыя параўноўваць разьвіцьцё народнай гаспадаркі Беларусі з такімі краінамі, як Нямеччына, Бэльгія, Данія, Нідэрлянды альбо ўжо як крайні выпадак – з эўрапейскай часткай Расеі14. Харызматычны наркам земляробства З. Прышчэпаў казаў: “Беларусь у разьвіцьці сельскай гаспадаркі павінна ісьці па шляху Даніі і мусіць стаць Даніяй на Ўсходзе Эўропы”15.

Арганізацыйна-вытворчая школа ў Беларусі (1920--1930)

Эканамічная думка Беларусі ў 1920-х падпадала пад уплыў арганізацыйна-вытворчай школы расейскай эканамічнай навукі. Амаль усе працы, якія можна аднесьці да фундамэнтальнай эканамічнай навукі, напісаныя ў гэты пэрыяд на Беларусі, адносяцца да гэтай мэтадалягічнай традыцыі.

Пачынальнікам гэтай школы лічыцца Аляксандар Чаянаў (1888-1937), які ў 1911 годзе прапанаваў стварыць навуку аб арганізацыі сялянскай гаспадаркі. Гэтую ідэю падтрымала групоўка прагрэсіўных расейскіх эканамістаў, у тым ліку прафэсар Расейскага (Новаалександрыйскага) інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводзтва (г. Новая Александрыя, цяпер г. Пулавы, Польшча), Аляксандар Чалінцаў (1874-1962). Першым часам Чаянаў і Чалінцаў былі галоўнымі тэарэтыкамі (абодва былі намесьнікамі міністра земляробства ў апошнім складзе Часовага ўраду) новага кірунку, сутнасьць якога палягала ў вывучэньні арганізацыі сялянскай гаспадаркі на падставе тэрытарыяльных, дэмаграфічных, глебавых, ляндшафтных і іншых фактараў. У часы НЭПу цэнтрам “арганізацыйна-вытворчай школы”, акрамя НДІ сельскагаспадарчай эканоміі (дырэктар А. Чаянаў), кан’юктурнага інстытуту (дырэктар М. Кандрацьеў), быў эканамічны факультэт Пятроўскай с.-г. акадэміі, дзе катэдры і іх загадчыкі падбіраліся пад кірункі новай тэорыі – Чаянаў стаў загадчыкам катэдры арганізацыі сельскай гаспадаркі, Чалінцаў – раянаваньня сельскай гаспадаркі, Мікалай Макараў (1887-1980), аўтар самога панятку “арганізацыйна-вытворчая школа”, – плянаваньня сельскай гаспадаркі, Аляксандар Рыбнікаў (1877-1939) – эканамічнай геаграфіі. У пачатку 1920-х у гэтай акадэміі ў А. Чаянава, А. Чалінцава, М. Макарава, А. Рыбнікава, М. Канрацьева навучалася болей за 200 беларускіх студэнтаў.

Паміж знакавымі постацямі беларускай і расейскай эканамічнай навукі ў тыя часы склаліся шчыльныя творчыя сувязі. Аркадзь Смоліч навучаўся ў А. Чалінцава (1909--10; 1913--1915) у Нова-Александрыйскім інстытуце. У 1914--15, калі інстытут быў эвакуяваны ў Харкаў, ён пад кіраўніцтвам Чалінцава ўдзельнічаў у навуковай экспэдыцыі для дасьледаваньня сялянскіх гаспадарак у паўднёвых губэрнях Расеі і Ўкраіны. Ужо ў часы самастойнай працы ў Беларусі А. Смоліч падтрымліваў шчыльныя навуковыя сувязі са сваім былым настаўнікам. У 1924 годзе прыяжджаў у Маскву, каб паказаць зроблены ім пераклад на беларускую мову кнігі Чалінцава “Аб рахункавым аналізе сялянскай гаспадаркі”.

Самыя вядомыя на той час у сьвеце расейскія эканамісты – Кандрацьеў і Чаянаў16 – выкладалі эканамічную тэорыю ў Пятроўскай с.-г. акадэміі вялікай групе студэнтаў-ураджэнцаў Беларусі. Чаянаў выступаў зь лекцыяй перад сябрамі БКНА на тэму “Праблемы Краю”. Цікава, што Г. Гарэцкі мог абраць сваім навуковым кіраўніком у час вучобы ў асьпірантуры і Чаянава, і Кандрацьева. Ён некалькі разоў быў на кватэры Чаянава ў памяшканьні Сэлекцыйнай Станцыі ў Разумоўскім, зьвяртаўся па кансультацыі да М. Кандрацьева, які, у прыватнасьці, вычытваў рукапіс адной з самых грунтоўных эканамічных прац Г. Гарэцкага “Народны прыбытак”. Але ў выніку Г. Гарэцкі выбраў навуковым кіраўніком А. Рыбнікава. Менавіта Рыбнікаў у 1926 годзе напісаў прадмову да працы “Народны прыбытак”, а ў 1927 годзе яны выдалі сумесную працу “Экономическое влияние Москвы на организацию сельского хозяйства области”, прадмову да якой напісаў ужо А. Чаянаў. У сваёй прадмове Чаянаў высока ацаніў навуковы ўзровень Г. Гарэцкага і вынікі ягонай экспэдыцыі, адзначыў навіну выкарыстанага ім мэтаду эканамічнага профілю для вывучэньня недасьледаваных прастораў, у тым ліку Беларусі. Але яшчэ да гэтай працы Чаянаў пісаў рэкамэндацыйны ліст Г. Гарэцкаму на францускай мове, калі той ехаў на навуковую стажыроўку ў Польшчу, Нямеччыну, Данію (жнівень-верасень 1926). Пазьней паміж Чаянавым і Г. Гарэцкім вялося ліставаньне. У часы працы ў Беларусі Г. Гарэцкі таксама не аднойчы наведваў М. Кандрацьева у Каньюнктурным інстытуце і нават запрашаў яго чытаць лекцыі па дысцыпліне “каньюнктура і рынкі” ў БСГА ў Горках17.

Г. Гарэцкі быў, безумоўна, адным з самых актыўных беларусаў, якія навучаліся і працавалі ў той час у Маскве. Ён узначальваў БКНА (1920--22), у 1922 годзе пасьля першага арышту яго плянавалі выслаць у Нямеччыну на тым самым параходзе, які на загад Леніна вывез інтэлігенцыю за межы Расеі. Акрамя Чаянава, Кандрацьева і Рыбнікава, Г. Гарэцкі меў сяброўскія адносіны з прафэсарам Фартунатавым (які быў, дарэчы, этнічным беларусам), быў асабіста знаёмы зь Юроўскім, Студзенскім, Літошанкам, Ванштэйнам; у 1928 годзе разам з А. Чалінцавым аглядаў Харкаўскую дасьледчую станцыю, запрашаў на працу ў Горкі прафэсара А. Фабрыканта. Заснавальнікі арганізацыйна-вытворчай школы Чаянаў, Кандрацьеў, Чалінцаў і Макараў, знаходзячыся ў Бутырскай турме, калі трэба было назваць лідэра т.зв. беларускай філіі, вылучылі на гэтую роль менавіта Г. Гарэцкага (праўда, быў названы яшчэ С. Ждановіч). Сьледам за імі Г. Гарэцкі быў арыштаваны і дастаўлены ў Маскву, сядзеў спачатку ў адной камэры са сваім былым навуковым кіраўніком А. Рыбнікавым, а потым у супольнай камэры на 60 чалавек з усёй групай прафэсараў, якія праходзілі па сфабрыкаванай АДПУ справе Працоўнай сялянскай партыі. Ён быў вымушаны даць паказаньні пра свае адносіны з расейскімі эканамістамі, што выкладалі ў бадай самай моцнай на той час у Расеі Пятроўскай с.-г. акадэміі, і гэта сёньня ёсьць асноўная крыніца нашых ведаў. Без сумненьня, творчыя сувязі мелі і іншыя выпуснікі, але яны застаюцца амаль ня вывучаныя. Вучнямі Чаянава, Кандрацьева і іншых расейскіх эканамістаў, заснавальнікаў арганізацыйна-вытворчай школы, можна лічыць выпускнікоў маскоўскіх ВНУ пачатку 1920-х, ураджэнцаў Беларусі, якія потым разьвівалі беларускую эканамічную навуку ў межах нэаклясычнай традыцыі. Акрамя Г. Гарэцкага, гэта былі Ян Кісьлякоў, Сяргей Ждановіч, Ян Грабоўскі, Пётра Опра, Пётра Хоцкі і іншыя. Былі кантакты і іншага кшталту, напрыклад, прафэсар М. Доўнар-Запольскі пасьля вымушанага ад’езду зь Менску ў 1926 годзе пераехаў у Маскву і выкладаў у Пятроўскай с.-г. акадэміі.

Чаму беларускія эканамісты таго пакаленьня ня сталі шырока вядомымі ў сусьветнай эканамічнай навуцы? На маю думку, ім папросту не хапіла часу. У сваёй большасьці яны былі вучнямі вядомых у сьвеце расейскіх эканамістаў, таму іх працы ішлі са спазьненьнем прыкладна на 10 гадоў, а ўвогуле лёс адвёў ім часу на навуковую працу ўсяго 5--7 гадоў. Шмат сілаў было згублена на дасьледаваньне каляэканамічных тэмаў і вырашэньне каляэканамічных праблемаў. Тым ня менш, пэўнае прызнаньне на рэгіянальным узроўні ўсё ж было. Навуковымі інстытутамі, найперш БНДІ сельскай і лясной гаспадаркі, была наладжана сыстэма шырокай рассылкі працаў беларускіх эканамістаў за межы Беларусі (50 % усіх выданьняў ішло за межы БССР, а з гэтага ліку каля паловы і за межы СССР). Выданьні згаданага НДІ, а таксама Н.К.З.Б. і БСГА ў Горках канцэнтравалі на той час найлепшыя эканамічныя досьледы, надрукаваныя па-беларуску; рассылка іх за мяжу, на думку Г. Гарэцкага, павінна была стаць цудоўнай дэманстрацыяй дасягненьняў найвышэйшых формаў беларускай культуры18, у тым ліку ў галіне эканамічнай навукі. Таму пераважная большасьць эканамічных працаў таго часу мелі разгорнутае рэзюмэ на нямецкай альбо ангельскай мовах (на расейскай мове рэзюмэ амаль не сустракалася). Паводле сьведчаньня Міхася Мушынскага19, праца “Межы заходняй Беларусі ў Польшчы”, выдадзеная на беларускай мове з разгорнутым рэзюмэ на ангельскай мове, атрымала шырокую вядомасьць, і Гаўрыла Гарэцкі быў запрошаны чытаць лекцыі ў славуты Кембрыдзкі ўнівэрсытэт. Яшчэ раней, у 26 гадоў, Г. Гарэцкі выдаў перадавую кнігу “Народны прыбытак Беларусі”, бо на той час у сьвеце ўласны народны прыбытак падлічвалі ня болей за 15 краінаў. Залатым мэдалём расейскага геаграфічнага таварыства (станоўчую рэцэнзію даў П. Сямёнаў-Цяньшанскі) былі ўзнагароджаны працы А. Смоліча20. Шырокі рэзананс у расейскай навуковай літаратуры атрымала дасьледаваньне Яна Кісьлякова “Пасёлкі (оптымум тэрыторыі і эфэкт землеўпарадкаваньня”, у якім ён фактычна працягнуў распрацоўку навукі аб арганізацыі сялянскай гаспадаркі А. Чаянава. Потым у абвінаваўчых дакумэнтах АДПУ быў уведзены нават тэрмін “кісьлякоўцы” у тым самым разуменьні, што і “чаянаўцы”. Бо, сапраўды, у “беларускіх пятроўцаў”, як яны самі сябе называлі ў студэнцкія гады, у канцы 1920-х пачалі зьяўляцца вучні, беларускія эканамісты, якія атрымалі адукацыю ўжо ў Беларусі – Т. Плятнер, М. Макараў, А. Камінскі (навуковы кіраўнік Я. Кісьлякоў), К. Кіпрыянец, А. Дзямідовіч, С. Маргелаў (навуковы кіраўнік Г. Гарэцкі)21. Тыя адзінкі, якія ўсё ж дачакаліся рэабілітацыі ў сярэдзіне 1950-х, дасягнулі значных посьпехаў у іншых навуках – Г. Гарэцкі стаў выдатным беларускім геолягам, заснавальнікам новай навукі палеапатамалёгіі (навукі пра рэкі мінулага), доктарам геоляга-мінэралягічных навук, акадэмікам, а М. Ганчарык – доктарам біялягічных навук, дырэктарам Інстытуту біялёгіі Акадэміі навук.

Калі ўпершыню знаёмішся з працамі беларускіх эканамістаў сярэдзіны 1920-х, можа скласьціся ўражаньне, што іх нават нельга залічыць да эканамічнай навукі – нейкая сьвінагадоўля, севазвароты, плошчы і культуры пасеваў і г.д. Зьдзіўляе, аднак, высокі індэкс цытаваньня працаў прадстаўнікоў расейскай арганізацыйна-вытворчай школы – М. Кандрацьева, А. Чаянава, А. Чалінцава, М. Макарава, А. Рыбнікава, Л. Літошанка, Г. Студзенскага, Л. Юроўскага, А. Вайнштэйна, А. Фартунатава, А. Фабрыканта. Іначай гэтыя працы ўяўляюцца, калі ведаеш, што яны адносяцца да навукі аб арганізацыі сялянскай гаспадаркі22. Ва ўмовах, калі Беларусь была пераважна аграрным краем (у 1913 годзе вага сельскай гаспадаркі ў ВУП складала 62,3 %, колькасьць занятых – 89 %) з наяўнасьцю такіх старажытных перажыткаў у вядзеньні гаспадаркі, як трохпольле (заставалася яшчэ ад аграрнай рэформы на валокі 1557 году), шнуры, цераспалосіца, шматпольле (узьніклі пасьля скасаваньня прыгону ў 1861 годзе), першай задачай эканамічнай навукі было абгрунтаваць перабудову сялянскіх гаспадарак з улікам шмат якіх абставін: прыродна-гістарычных (асаблівасьці эвалюцыі сельскай гаспадаркі Беларусі, гушчыня насельніцтва, клімату), эканамічных (становішча адносна рынкаў збыту, транспартных шляхоў), геаграфічных (ляндшафтныя, глебавыя, і інш. асаблівасьці). Трэба было аптымальна па-новаму разьмясьціць сялянскія гаспадаркі з максымальным эфэктам атрыманьня прыбытку, правесьці новае эканамічнае раянаваньне. Аграрная ж палітыка хутарызацыі, утварэньня пасёлкаў, землеўпарадкаваньня, інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, за часамі наркамзема Зьмітра Прышчэпава ў 1924--29 гады праводзілася ўжо на падмурку гэтай новай эканамічнай навукі23. Я. Кісьлякоў называў яе тэорыяй разьвіцьця нашае сельскае гаспадаркі, альбо беларускай сельскагаспадарчай эканоміяй. Зь іншага боку гэтая навука зусім ня ўлічвалася ў часы калектывізацыі пры ўтварэньні вёсак, якія ствараліся як цэнтры калгасаў шляхам прымусовага сьцягваньня хутароў і пасёлкаў. Нежыцьцяздольнасьць такіх штучна створаных пасяленьняў без уліку вышэйзгаданых абставінаў, яшчэ на момант іх стварэньня дакладна прадказаў Т. Плятнер24. Падкрэсьліваў адсутнасьць тэарэтычнага абгрунтаваньня пераваг калгасных вёсак над сялянскімі гаспадаркамі і Г. Гарэцкі, які разглядаў першыя посьпехі калектывізацыі як цуд, альбо другую рэвалюцыю25. Гэта адказ таму, хто не зразумеў дагэтуль, чаму вялікія вёскі, якія былі створаныя за часамі калектывізацыі, выміраюць на Беларусі ў першым-другім пакаленьні (засталіся дзеці, якія зь нейкіх прычынаў выявіліся непрыдатныя да гарадзкога жыцьця, ня здолелі зьбегчы з калгасу і вымушаны там працаваць ва ўмовах бязладзьдзя, ад чаго дэградуюць), а прататыпы былых беларускіх хутароў і пасёлкаў, ужо праз пару кілямэтраў за Берасьцем – за польскай мяжой – зьдзіўляюць нас сваім росквітам і хараством.

Дарэчы, мэтадалёгія навукі аб арганізацыі сялянскай гаспадаркі дала штуршок разьвіцьцю такой дысцыпліны як “эканамічная геаграфія”, элемэнты якой аднымі зь першых акрэсьлілі ў сваіх артыкулах А. Чаянаў і А. Чалінцаў. Потым, як ужо адзначалася, у Пятроўскай с.-г. акадэміі была створана катэдра эканамічнай геаграфіі, якую ўзначальваў А. Рыбнікаў і на якой працаваў асьпірантам Г. Гарэцкі, бо абраў у якасьці спэцыялізацыі якраз “эканамічную геаграфію”. Гэта, дарэчы, унесла істотную блытаніну ў вызначэньне навуковай спэцыялізацыі некаторых эканамістаў. Дагэтуль, напрыклад, некаторыя беларускія дасьледчыкі лічаць Г. Гарэцкага і А. Смоліча географамі, тады як насамрэч яны былі эканамістамі, выбітнымі прадстаўнікамі беларускай арганізацыйна-вытворчай школы.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка