Чарнавокая Аляксандра Фальклор і беларуская міфалогія ў прозе Лукаша Калюгі




Дата канвертавання17.03.2016
Памер57.73 Kb.
Чарнавокая Аляксандра

Фальклор і беларуская міфалогія ў прозе Лукаша Калюгі

Лукаш Калюга быў адным з найталенавітых беларускіх празаікаў 20-х гадоў ХХ стагоддзя, бо меў уласную арыгінальную эстэтычную праграму. "Народны апавядальнік народнага жыцця народнаю моваю" – так характарызаваў Калюгу Антон Адамовіч. Прычым у сваёй народнасці гэты пісьменнік пайшоў значна далей за іншых тагачасных празаікаў, стаў сапраўды ўнікальным творцам. Калюга не бачыў неабходнасці забаўляць чытача, ідэалізаваць вясковую рэчаіснасць і герояў-сялян, наследаваць заходне- ці усходнелітаратурным канонам. Мэтай Калюгі, верагодна, было стварэнне адмысловай беларускай прозы, дзе творца адштурхоўваецца выключна ад асаблівасцей беларускага (абавязкова сялянскага!) светаўспрымання, беларускай псіхалогіі, беларускай гаворкі.

Адмысловасць стылю Лукаша Калюгі – гэта арыентацыя пісьменніка амаль выключна на вясковыя рэаліі, на спецыфіку сялянскага светаўспрымання ("папытаюць чаго – нібы секачом адсячэ, гаворыць – што рэдзьку скрыляе", "кніжкі-бліны", "сціхата школьнага класа, падобнага на склеп з бульбаю", "нядэшлая скамейка, што па-авечаму бляе", "кусты вішэнніку здаюцца кучамі гною", "дзеравянныя цвікі, як іклы ў малога шчаняці"). Метафары, параўнанні, у якіх аўтар звяртаецца да сучасных рэалій, чужасных традыцыйнаму селяніну, вельмі рэдкія для Л. Калюгі ("неба, што дапрызыўніцкая мішэнь, пабіта на бліскучыя дзіркі", "Езус … проста на сваёй высокай шыбеніцы робіць гімнастыку, якая развівае плечукі").

Яркія фарбы ў даволі аднатоннай, "зязюлістай" Калюгавай прозе – урыўкі з народных песняў і прыпевак. Найчасцей яны ствараюць каларыт моладзевага вясковага жыцця:

І ты – полька,

І я – полька. Не чапай майго падолка.

Мой падолак срэбрам шыты, -

Будзеш дурань ты набіты! – такой прыпеўкай-дрындушкай распачынаюцца ўспаміны пра вёску Хвядоса з аповесці "Ні госць, ні гаспадар". "Якая табе глуш?! Чуеш, як пяюць?" – здзіўляецца аднойчы Хвядос незадаволенасці сябра. Прыпеўка абавязкова спадарожнічае мужыку, які вяртаецца з карчмы. Замест уласных разважанняў пра дысгармонію, якую нясе п'янства ў сям'ю, Лукаш Калюга прыводзіць ужо сфармуляванае народнае стаўленне да гэтай праблемы:

Гальяшу йдзе на душу,

А Гальяшысе хоць задушыся!..


Рада баба, рада баба,

Што дзед утапіўся…

Ліха яму, ліха яму –

За корч ухапіўся!..

У рамане "Пустадомкі" народная песня выяўляе прычыны сямейнага крызісу Арсеня Пакумейкі – жаданне Любы пазбавіцца шлюбных абавязкаў і хатніх клопатаў – "самага лютага жалю было паўнюсенька ў засмучонай песні":

Во запрагу коні, коні вараныя,

Ды паеду даганяць леты маладыя…

Вярніцеся млоды леты,

Хаця ка мне ў госці.

Хараство народных святаў выяўляецца праз урыўкі з песняў каляндарна- абрадавай лірыкі:

"- Да ляцела пава да павістая.

Вясна-красна на дварэ.

Пагубляла пер'я залацістыя.

Вясна-красна на дварэ, -

З гэтага пачалі валачобнікі. Дармо, што тая пава ніколі не лятала тут, што толькі ў гэтай песні і чулі пра яе. А можа, й ляцела калі праз Баркаўцы, але за сном бачыць яе не давялося. Ды, такі, пяюць, так смела пяюць – аж цяжка даць веры, што нязнаная птушка пава ў нас. Чуваць у голасе надзея: а ну, можа!.. Можа, калі і на наш скапытаваны двор згубіць пава залацістае пяро".

Залацістая пава, якая нясе вясну-красну – адзін з самых паэтычных, самых яркіх і сімвалічных вобразаў Калюгавай прозы, прычым, заўважым, што гэта вобраз-матыў (з "прыгодаў і летуценняў" "Нядоля Заблоцкіх" ён трапляе ў аповесць "Дзе косці мелюць", напісаную ўжо на выгнанні). Слухаючы песні валачобнікаў Савоста Заблоцкі адмаўляецца ад "дармовых дадаткаў да"Нівы" дзеля "песень, казак, прывабнага лганства". Між тым, у часопісе "Ніва" (1869 – 1918) друкавалася большасць класікаў рускай літаратуры – ад А. Талстога да А. Блока… Агулам у вядомых нам творах Лукаша Калюгі некалькі дзесяткаў уставак з прыпеўкамі альбо урыўкамі народных песняў, кожная з якіх мае сваю мастацкую функцыю. Зварот да фальклорных твораў – асаблівасць тагачаснай літаратуры (у прыватнасці, прозы М. Гарэцкага і З. Бядулі), бо менавіта фальклор выклікаў першыя эстэтычныя перажыванні ў чулых да прыгажосці людзей. Але менавіта ў творчасці Калюгі такія ўстаўкі з'яўляюцца найбольш матываванымі, напоўненымі максімальным сэнсам.

У сваіх творах пісьменнік дае шмат апісанняў народных прыкмет (колькі масла не бі – не саб'ецца, калі благія вочы паглядзяць), абрадаў (купанне дзяўчат у жыце на Купалле), народных святаў (Купалле, Дажынкі, Вялікдзень, Дзяды). Для Лукаша Калюгі абсалютна чужасная тэндэнцыя да высмейвання і выкрыцця шкоднасці "бабчыных казалаў". Лукаш Калюга ўлічваў самыя розныя рысы, самыя розныя ўзроўні беларускай свядомасці. Таму пісьменнік не мог не звярнуць увагу на вельмі цікавую суаднесенасць рацыянальнага і ірацыянальнага ў беларускім светаўспрыманні пачатку ХХ стагоддзя.

Лукаш Калюга класіфікуецца сёння як рэаліст – а як вабна было б абвясціць яго адзіным на першую палову ХХ стагоддзя прадстаўніком беларускага магічнага рэалізму! На жаль, у прозе гэтага пісьменіка не так шмат старонак, прысвечаных містычнаму, чароўнаму, невытлумачальнаму – аднак справа не толькі ў колькасці, але і ў спецыфіцы аўтарскага падыходу…

Так, гэтаксама як для прадстаўнікоў магічнага рэалізму, творчай мэтай пісьменніка было выяўленне і сцвярджэнне самабытнасці нацыянальнай культуры і рэчаіснасці, якія ідэнтыфікуюцца з міфалагічнай свядомасцю тутэйшага жыхара (як для Калюгі, то да таго ж – з мясцовымі традыцыямі і побытам). У апавяданні "Тахвілін швагер" (1929) галоўны герой Юстап Заблоцкі бясспрэчна мае дарацыянальную свядомасць і магічнае светабачаннне, што выяўляецца вельмі звычайна: ва ўсіх сваіх нягодах мужык-селянін абсалютна шчыра вінаваціць жончыну сястру Тахвілю, якая мае "благія вочы" і ўмее чараваць – таму "чорта на Юстапава дабро наслала" ды яшчэ й "блох паднесла". Сваё гора Юстап нясе ў карчму, а ратаванне бачыць у суседавых фармазонскіх грошах ("баркаўчане веры не давалі", каб у Андрука іх не было – Юстап з'яўляецца носьбітам калектыўнай міфалагічнай свядомасці, што ёсць яшчэ адной значнай рысай магічнага рэалізму).

Справу, аднак, псуе апавядач - носьбіт больш сучаснага светапогляду, - які, пераказваючы вясковыя чуткі, шукае значна менш містычныя тлумачэнні Тахвілінай неаўтарытэтнасці на вёсцы і нарэшце абсалютна дыскрэдытуе Юстапава светабачанне: "Ілгуць старыя. Ого! шчэ і як ілгуць! У іх гаворцы ў дзесяць столак маны болей, як праўды". А разынка твораў магічнага рэалізму – гэта якраз тое, што магічнае мае статус рэальнага, пісьменнік сістэматычна замяняе свой погляд цывілізаванага чалавека на погляд прымітыўнага чалавека і спрабуе паказаць рэчаіснасць праз прызму міфалагічнай свядомасці – таму героі твораў абавязкова прымаюць, не аспрэчваюць і не аналізуюць логіку магічных элементаў.

Праўда, у апошняй частцы апавядання апавядач здзіўляецца дакладнасці і пераканаўчасці старэчых баек і пастанаўляе: "хай сабе!". І ў "прыгодах і летуценнях" "Нядоля Заблоцкіх" пісьменнік пачынае зусім інакш пісаць пра чароўнае. Некалькі старонак аўтар распавядае пра далейшыя стасункі Юстапа і Тахвілі – са шматлікімі падрабязнасцямі і акалічнасцямі, аб'ектыўна, нібыта пра сапраўды рэальнае. Чорт пачынае слугаваць Юстапу і насіць яму дабро ды грошы (гэта "заўважылі баркаўскія даходныя людзі"), але кабета сурочвае швагра, праз што ля карчмы паўстае цэлая гара. "І не адлучыць тут ніяк праўды ад казкі," – у 1929 г. фармулюе пісьменнік галоўную рысу "магічнага рэалізму", гаворку пра які французскі крытык Эдмон Жалу распачне толькі ў 1931 г. Нават брывом не вядзе аўтар, калі сябар Савосты вылятае з астрогу на спіне ў намаляванага крывёю фармазонскага птаха. Дзіцячае "куга-а" напрасткі тлумачыцца савінымі песнямі і буслярняй на грунце Стусінскага.

У рамане "Пустадомкі" аўтар ужо без ваганняў звязвае адшуканы пад час жніва залом у полі з "пустым канцом" Чугуеўскіх, якіх магла значна раней папярэдзіць і цыганка-варажбітка. У адрозненне ад еўрапейскага міфалагізму ХХ ст., які бачыць у рэалізацыі мары найперш эстэтычны феномен, магічны рэалізм звязаны з сучаснымі народнымі вераваннямі і забабонамі. Для магічнага рэалізму ўласцівая і наяўнасць прыхаванага сімвалізму (згадаем "паву") і ўвага да побытавых і пейзажных дэталей, што ёсць адметнай рысай прозы Калюгі.

Такім чынам, для Лукаша Калюгі спалучэнне рэальнага і чароўнага – адзін са шляхоў мастацкага бачання нацыянальнай культуры. "Вынаходкі трапляюцца так: ні на што большае не стае фантазіі, тады што-небудзь самае звычайнае знойдзецца на падэшве – яго бяруць, і гэта, як потым разгледзяцца, самае каштоўнае," – прадбачыў пісьменнік.
Літаратура:

Адамовіч, А. Да гісторыі беларускае літаратуры / А. Адамовіч // Мінск: Выдавец ІП Зьміцер Колас, 2005. – 1464 с.



Калюга, Л. Творы: Раман, аповесці, апавяданні, лісты / Укладальнік, прадмова Я. Лецка. // Мінск: Мастацкая літаратура, 1992. – 607 с. – (Спадчына)






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка