Чаму беларуская ўлада ангажуе касцёл Пётра Рудкоўскі Пытанні для дыскусіі




Дата канвертавання05.05.2016
Памер61.73 Kb.




BISS БЛІЦ

BB #12/2009BY, 27 красавіка 2009 г.





Чаму беларуская ўлада ангажуе касцёл

Пётра Рудкоўскі
Пытанні для дыскусіі
На працягу апошніх некалькіх тыдняў намецілася актывізацыя беларускай дыпламатыі ў канфесійнай сферы, што праявілася, ў прыватнасці, ў працяглых перамовах А. Лукашэнкі з Патрыярхам Кірылам і ў падрыхтоўцы беларускім МЗС візіту прэзідэнта ў Ватыкан, дзе плануецца сустрэча з Папам Рымскім. У гэтых варунках складаецца ўражанне, што афіцыйны Мінск спрабуе выкарыстаць у сваіх палітычных мэтах даўнюю ідэю сустрэчы каталіцкага і праваслаўнага іерархаў на тэрыторыі Беларусі. Або, як праграму мінімум, зарганізаваць візіт Папы ў Беларусь.
Гэта б паспрыяла далейшаму выхаду Беларусі з міжнароднай ізаляцыі і ўключэнню яе ў агульнаеўрапейскія працэсы. У сувязі з гэтым узнікае шэраг пытанняў, звязаных з наступствамі такіх магчымых падзеяў:



  • Як візыт зменіць палітычную ролю каталіцкага касцёла ў Беларусі?

  • Як гэта паўплывае на ўспрыманне беларускай улады сярод беларускіх каталікоў?

  • Як зменіцца міжнародны статус беларускіх уладаў пасля магчымага візіту Папы ў Беларусь?



Адказы эксперта:
Праведзеныя ў 2005 годзе Незалежным інстытутам сацыяльна-палітычных і эканамічных даследаванняў сацыялагічныя апытанні паказалі, што сярод каталікоў маецца найбольшы (спасярод іншых хрысціянскіх канфесій) адсотак тых, хто крытычна ацэньвае дзяржаўню палітыку. 35% каталікоў адказалі, што сітуацыя ў Беларусі развіваецца ў няправільным накірунку. Сярод пратэстантаў гэты адсотак склаў 20%, сярод праваслаўных – толькі 14%1.
У перыяд паміж 2005 г. і сённяшнім днём займела месца серыя прыніжэнняў і несяброўскіх крокаў з боку дзяржаўнай улады у стасунку да Касцёла: рэгулярнае выдаленне замежных святароў і законніц, публікацыя ў “Рэспубліцы” антыкаталіцкага пашквіля “Новые крестоносцы”2, “пажаданне” (тагачаснага) віцэ-прэм’ера А. Косінца, каб цягам сямі год усе замежныя каталіцкія святары былі заменены мясцовымі3, скандал вакол касцёла св. Язэпа ў Менску, гучны канфлікт з парафіяй Маці Божай Вастрабрамскай у Горадні4. Апроч пералічаных, заставаліся (застаюцца) і “старыя” праблемы: адмова ўладамі рэгістраваць новыя парафіі, практычная немагчымасць атрымаць дазвол на пабудову новых касцёлаў, нежаданне дзяржавы вяртаць Касцёлу будынкі і маёмасць, канфіскаваныя савецкай уладай ігд. Сваё значэнне мела таксама брутальнае ўмяшанне ў функцынаванне Саюзу палякаў у Беларусі, што прывяло ў выніку да расколу арганізацыі на “афіцыйную” і “падпольную”. Хоць прапаганда дзяржаўных СМІ здолела часткова нейтралізаваць абурэнне каталікоў-палякаў (якія складаюць як мінімум траціну ўсіх каталікоў Беларусі), то ўсё ж насцярожанасць да ўлады, схільная перарасці ў адкрытую незадаволенасць, засталася. У сувязі з усім тым, што было названа вышэй, можна меркаваць, што адсотак незадаволеных дзяржаўнай палітыкай з боку каталікоў, напэўна не паменшыўся ў стасунку да выяўленага НІСЭПД у 2005 г., а найпраўдападобней узрос.

Беларускі рэжым не можа сабе дазволіць ігнараваць настроі ў супольнасці, якая складае 15-17% яго электарату. Лукашэнка занадта прагматычны, каб пайсці на супрацьстаянне з Касцёлам, бо пераслед паўтарамільённай канфесіі, якая пры гэтым мае міжнародны характар, быў бы намнога больш рызыкоўны, чым стан “хісткай раўнавагі”, якім характарызуюцца дагэтулешнія стасункі паміж дзяржавай і Касцёлам. Дзеля захавання такой “раўнавагі” ўлады час ад часу дэманстратыўна аказваюць “падтрымку” каталікам, найчасцей чыста вербальную (віншаванні прэзідэнта з нагоды вялікіх каталіцкіх святаў, падкрэсліванне “духоўнай ролі” гэтай канфесіі для беларускага грамадства), хоць часам і дзейсную (грашовая дапамога ў аднаўленні Кафедральга касцёла ў Менску). Свой уклад у захаванне такой раўнавагі чыняць і каталіцкія ерархі, усяляк – нават у крытычных выпадках – пазбягаючы канфрантацыйнай рыторыкі, утаймоўваючы апазіцыйна настроеных святароў і дасылаючы прынагодныя віншаванні або падзякі беларускаму кіраўнітву.

Запланаваны на 27 красавіка візіт беларускага прэзідэнта ў Ватыкан сутнасна не зменіць дачыненняў паміж беларускай дзяржавай і Касцёлам, можа, аднак, паспрыяць пэўным мадыфікацыям. З аднаго боку, сустрэча А. Лукашэнкі і Бэнэдыктам ХVІ можа паспрыяць усталяванню больш глыбокага і трывалага кансэнсусу паміж абодвума бакамі наконт мірнага сімбіёзу, у чым, бадай, зацікаўлены абодва бакі, з другога боку, можа перахіліць гэты кансэсус у напрамку больш карысным для Касцёла, чым для дзяржавы. Вядома, што для абсалютнай большасці каталікоў папа рымскі ўяўляе намнога большы аўтарытэт, чым кіраўнік іхняй дзяржавы. Нават для тых, што верна падтрымліваюць Лукашэнку, згода пантыфіка сустрэцца з прэзідэнтам успрымаецца як гонар, аказаны першым другому, а не наадварот. Такім чынам, візіт, хутчэй за ўсё, дадасць каталікам смеласці і павысіць у іх свядомасць сваёй аўтаноміі ў стасунку да дзяржавы, хоць, магчыма, пры нагодзе нейкая доля рэспекту і прыпадзе і Лукашэнку: калі папа рымскі яго прызнае, то чаму ж нам яго не прызнаваць?

Для беларускай улады, а ў прыватнасці, для А. Лукашэнкі Ватыкан – гэта своеасаблівае акно ў Еўропу. Важна, аднак, разумець, якую функцыю гэта акно тут выконвае. Лукашэнка не мае намеру праз гэта акно “выйсці ў Еўропу”, ён мае намер паказацца ў гэтым акне ў ролі еўрапейца. Прапагандысцка-піярны эфект гэтай падзеі для рэжыму важнейшы, чым рэальныя магчымасці павароту знешняй палітыкі, якія з’яўляюцца з гэтай нагоды (а таксама нагоды запрашэння ў Прагу)5. Тое, што зараз адбываецца ў беларускай палітычнай сферы, можна назваць “еўрапеізацыяй аўтарытарызму”, якая палягае ва ўвядзенні касметычных лібералізацыйных зменаў у функцыянаванне дзяржаўнай улады пры захаванні яе аўтарытарнай сутнасці (замацаванай, зрэшты, Канстытуцыяй у выданні 2006 г.).

Сустрэча з папам рымскім і вербальныя рэверансы ў бок каталіцкага Касцёла з’яўляюцца адным з ключавых момантаў гэтай “еўрапеізацыі”. Беручы пад увагу тое, што беларускі рэжым зацікаўлены ў сустрэчы не ў меншай ступені, чым Касцёл, папа Бэнэдыкт мог бы скарыстаць гэту магчымасць, каб наўпрост ці прынамсі ўскосна звярнуць увагу на этычнае вымярэнне правоў чалавека і шанаванне аўтаноміі не толькі рэлігіі, але таксама культуры і навукі. Нельга цалкам выключаць, што такія заявы будуць зробленыя, верагоднасць гэтага, аднак, невысокая, калі зважыць, што цяперашні папа, хоць і вельмі адчувальны на цярпенне чалавека і ўсякія формы несправядлівасці, вельмі насцярожана ставіцца да лібералізму, заходнееўрапейскай дэмакратыі і рознага роду “дэмаратычных місій”. Папа не схільны духоўнае адраджэнне звязваць наўпрост з дэмакратыяй, у сувязі з чым цалкам імаверна, што 27 красавіка гаворка пойдзе пра перспектывы адраджэння каталіцызму на Беларусі, дыялог з праваслаўнымі, прыезд папы ў Беларусь і, магчыма, пра біяэтычныя праблемы. Тэма дэмакратызацыі, нават калі і з’явіцца, не будзе прыярытэтнай.

Калі беларускі бок добра падрыхтуецца да спаткання (а напэўна так і будзе, дзякуючы парадам лорда Бэла), спатканне можа прайсці досыць гладка. Лукашэнка без асаблівых праблем зможа прадставіць сваю пазіцыю адносна “імперыялістычнай Амерыкі” і “сапсаванага Захаду” ў версіі найбольш прымальнай для папы, а дзякуючы сваёй крытыцы “дзікага капіталізму” і адстойванню “сацыяльнай справядлівасці” ён можа нават здабыць пэўную сімпатыю ў пантыфіка, які пасля нядаўняга падарожжа ў Афрыку стаў асабліва адчувальны на праблему галечы і сацыяльнай маргіналізацыі бедных.



Падагульняючы, можна сказаць, што візіт Лукашэнкі ў Ватыкан не прынясе істотных змен у стасункі паміж беларускай дзяржавай і Касцёлам. Для беларускіх каталікоў ён будзе мець, хутчэй, духоўна-псіхалагічнае значэнне, для беларускіх уладаў – прапагандысцка-піярнае, для Ватыкана і беларускай касцёльнай ерархіі будзе нагодай для смялейшага фармулявання сваіх патрабаванняў, а для Еўропы і свету – прадмовай да ненапісанай, але тэарэтычна магчымай гісторыі беларуска-еўрапейскай кааперацыі.



1 Манаев, Олег. Религия как фактор социально-политического развития в Беларуси, февраль 2006 г. – www.iiseps.org

2 Андреенко, Антон. Новые крестоносцы // Рэспубліка. 2007. 15 чэрвеня.

3 Маецца на ўвазе выступ 19 верасня 2007 падчас сустрэчы з прадстаўнікамі асноўных канфесій у Беларусі.

4 Вернікі парафіі Маці Божай Вастрабрамскай (якая налічвае каля 8 тыс. парафіянаў) спрабавалі атрымаць дазвол на пабудову касцёла цягам амаль дзесяці гадоў, але безвынікова. Згубіўшы надзею, з 1 снежня каталікі на чале з пробашчам кс. Аляксандрам Шэметам вырашылі распачаць галадоўку пратэсту. Колькасць яе ўдзельнікаў дасягнула 16 чалавек. Галадаючых каталікоў у Горадне падтрымалі прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій, а сама падзея атрымала шырокі рэзананс у Беларусі і за яе межамі.

5 Тое, што рэальнай “перабудовы” ў Беларусі ў найбліжэйшы час не плануецца, стала ясна пасля звароту Аляксандра Лукашэнкі да народа і парламента 23 красавіка б.г. Послание Президента белорусскому народу и Национальному собранию // «Советская Белоруссия» 24 апреля 2009 г. http://www.sb.by/post/84410/



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка