Беларускіх чарадзейных казках




старонка3/5
Дата канвертавання18.03.2016
Памер0.49 Mb.
1   2   3   4   5

1.10. Лексема шчотка ў чарадзейных казках
У сучаснай беларускай мове назоўнік шчотка мае некалькі значэнняў:

  1. Прыстасаванне для чысткі, мыцця, змятання чаго-небудзь у выглядзе плоскай калодачкі з густа насаджаным на яе шчаціннем ці іншым матэрыялам.

  2. У коней: частка нагі над капытом і пучок валасоў на гэтым месцы (спец.).

  3. Прыстасаванне ў электрамашыне для перадачы току ад вярчальных частак да нерухомых (спец.) (ТСБЛМ, с. 766).

У казках назоўнік мае спецыфічнае казачнае значэнне: шчотка – гэта рэч, якая валодае магічнай уласцівасцю ствараць лес ці сцены, равы і рэчкі, калі кінуць яе за спіну. Назоўнік шчотка выкарыстоўваецца звычайна ў тых жа казках, што і слова грабёнка (гл.) і іх функцыі ў розных казках пераблытаны. Як і ў выпадку з грабёнкай, знешні выгляд шчоткі невядомы, але ён, відаць, супадае з апісаным у літаратурным значэнні 1.

Казачнае значэнне рэалізуецца спалучэннем назоўніка шчотка з дзеясловамі:



  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • браць шчотку: Бярыце з сабой шчотку і грабёнку, і хустку і садзіцесь на мяне! (С. 158);

  • узяць шчотку: Не, не дагоніць, толькі ты, малец, вазьмі шчотку, а ты, дзеўка, грабло! (С. 150);

  • кідаць шчотку: Малец кінуў шчотку – узніклі сцены, равы, рэчкі (С.151). Мар’ячка кінула шчотку – стаў бальшы густы лес! (С. 158).

Назоўнік шчотка агульнаславянскі па паходжанню, мае адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: руск. щётка, серб.-харв. четка, польск. szczotka.

Раздзел 2. Лексемы са значэннем адзежы і ўпрыгожанняў
2.1. Лексемы зялезныя боты, чаравікі ў чарадзейных казках
У тэкстах чарадзейных казак сустракаюцца два назоўнікі, якія маюць аднолькавае казачнае значэнне – боты зялезныя і чаравікі залезныя. Іх спалучэнне з прыметнікам зя(а)лезны сінтаксічна непадзельнае.

У сучаснай беларускай мове лексема боты мае значэнне: ‘скураны абутак з высокімі халявамі’ (ТСБЛМ, с. 92). Лексема чаравікі ўжываецца ў значэнні: ‘невысокі, да шчыкалаткі і кроху вышэй, скураны абутак на шнурках’ (ТСБЛМ, с. 742).

У чарадзейных казках абодва гэтыя назоўнікі маюць аднолькавае спецыфічнае значэнне: зя(а)лезныя боты, чаравікі – гэта рэч з магічнымі функцыямі, вырабленая з жалеза, якую гераіня казкі павінна насіць да таго часу, калі боты стопчуцца і разваляцца – толькі пры гэтай умове яна можа знайсці свайго зачараванага жаніха і зняць з яго закляцце.

Спалучэнне зялезныя боты ці назоўнік боты ў гэтым значэнні выступае ў казках у спалучэнні з іншымі словамі:



  1. Лічэбнік+спалучэнне (прыметнік+назоўнік):

  • трое ботаў зялезных: Яна стала скучаць сваему аццу, каб ён гэтыя вешчы ёй справіў: трое ботаў зялезных, тры кіі зялезных і тры праскуры зялезных (С. 105).

  1. Лічэбнік+назоўнік:

  • другія боты: Як іці, дык іці, як іці, дык іці – скора то гаворыцца, да трудоў многа прыняла: другія стаптала боты, збіла другі кій, з’ела і другі хлеб, ад мужа благаславенны (С. 105);

  • трэція боты: Доўга ўрэмя страждала ў сваім паходзе, мала оддыху мела... трэція стаптала боты, трэці аббіла кій, з’ела і трэці хлеб (С.106).

  1. Дзеяслоў+спалучэнне (прыметнік+назоўнік):

  • стаптаць зялезныя боты: Хто да мяне цяпер захочаць дайці, дык ён стопчаць трое ботаў зялезных... (С. 105).

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • прыбіць боты: Боты прыбіла, кіёк адзін ужо ізбіла, нарачонны хлеб зялезны, каторы муж сказаў, ужо з’ела – стаіць ёй на пуці дом (С.105);

  • надзяваць боты: Доўга ўрэмя страждала яна – надзявала трэція боты, брала трэці кіё у руку і начынала трэцюю праскуру ес[ц]ь (С. 106).

Спалучэнне чаравікі залезныя ці назоўнік чаравікі ў казачным значэнні рэалізуюцца ў спалучэннях з дзеясловамі:

  1. Дзеяслоў+спалучэнне (прыметнік+назоўнік):

  • даць залезныя чаравікі: І даў ёй залезныя чаравікі да й кажа... (С. 111).

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • стаптаць чаравікі: Як гэтыя чаравікі стопчаш, то тады хіба я выпакутуюся (С. 111).

  • чаравікі падраліся: Варочаецца яна да палацу, ажно на дарозе чаравікі падраліся, так ён як бач і перакінуўся зноў у чалавека (С.112).

Назоўнік боты існаваў у ст.-польск. bot (польск. but), якое мае адпаведнікі з франц. botte, або лац. botta. Беларускае слова таксама мае адпаведнікі і ў іншых славянскіх мовах: руск. боты, укр. бот, чэш. botky.
2.2. Лексема вірмяк-ненавідзец у чарадзейных казках
Вірмяк-ненавідзец – сінтаксічна непадзельнае спалучэнне ў дыялектнай форме. У літаратурнай мове, відаць, павінна гучаць як армяк-невідзімка. Назоўнік армяк мае значэнне: ‘від верхняга адзення з тоўстага сукна, кафтан (даўней у сялян)’ (ТСБЛМ, с. 65). Назоўнік невідзімка мае значэнні: ‘1. Нябачная істота. 2. Маленькая тонкая шпілька або заколка для жаночай прычоскі’, а таксама : ‘шапка-невідзімка – у казках – шапка, якая робіць нябачным таго, хто яе надзене’ (ТСБЛМ, с. 384). Гэтае дадатковае значэнне для шапкі амаль адпавядае таму значэнню, што мае ў казках вірмяк-ненавідзец, а таксама капялюш (гл. ніжэй). Гэта – варыянты шапкі-невідзімкі.

Такім чынам, у казках: “Вірмяк-ненавідзец – гэта рэч, якая валодае магічнай здольнасцю рабіць нябачным таго, хто яе надзене”. У гэтым значэнні ўжываюцца спалучэнні:



  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • зністожыць ненавідзец: Цяпер жа ён зністожыў і кавёр тэй і ненавідзец і пайшоў пяшком, каня выслужываць (С.73). (Гл. адпаведнае словазлучэнне з назоўнікам “кавёр-самалёт”).

  1. Дзеяслоў+прыназоўнік+назоўнік:

  • увярнуцца ў вірмяк-ненавідзец: Цяпер з кавёра ссеў і ўвярнуўся ў вірмяк-ненавідзец. Ён як надзеў, дак яго і не відзе ніхто (С. 71).

Назоўнік армяк, хутчэй за ўсё, запазычаны з рускай мовы: руск.армяк, якое, магчыма, запазычана з тат. рмак. Ст.-бел., ст.-укр., ст.-польск. запазычана з рускага пасрэдніцтва. У ст.-бел. мове і бел. дыялектах мае мадыфікацыі: ермяк, ормяк, кгермак, дыял. гармяк. Мае адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: укр. арм’як, ст.-польск. giermak, чэш. armjak.


2.3. Лексема капялюш у чарадзейных казках
У сучаснай беларускай мове назоўнік капялюш ужываецца ў значэнні: ‘галаўны мужчынскі ўбор з палямі, жаночы – розных фасонаў’ (ТСБЛМ, с.277).

У казках гэтае значэнне спецыфічна развіваецца: капялюш – гэта рэч, якая валодае магічнай здольнасцю рабіць нябачным таго, хто яе надзене. Капялюш з’яўляецца варыянтам вірмяка-ненавідца, але выкарыстоўваецца без слова, што апісвае яго магічныя функцыі (ненавідзец ці невідзімка) – у тэксце казкі функцыі капялюша растлумачваюцца аналітычна. Казачнае значэнне рэалізуецца ў наступных спалучэннях:



  1. Займеннік+назоўнік:

  • капялюш такавы: Капялюш такавы, што як улажыць, то ніхто не ўгледзіць... (С. 84).

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • знайсці капялюш: Як нам не біцца, калі мы знайшлі капялюш, шаблю і дывана да й то ніяк не можам падзяліцца (С. 84);

  • капялюшам накрыцца: Так то чэрці адзін за другім пайшлі ў воду, а ён тымчасове з сваею паненкаю стаў на дыване, капялюшам накрыўся, шаблю ўзяў у руку... (С. 84);

  • ухапіць капялюш: Тут усе аж патрупянелі, такая струшня, кралевіч жа, нядоўга ждучы, ухапіў шаблю да й капялюш, да то выбегшы на двор, стаў на дыван... (С. 84);

  • зняць капялюш: Ён да яе гаворыць, а яна яго не бачыць; потым зняў капялюш, тады яго і ўгледзела (С. 84).

Назоўнік капялюш запазычаны з польскай мовы: польск. kapelusz, якое запазычана з с.-лац. capellus. Таксама мае адпаведнік ў серб.-харв.мове: капа.
2.4. Лексема мундзір у чарадзейных казках
У сучаснай беларускай мове лексема мундзір мае значэнне: ‘ваеннае або цывільнае форменнае адзенне’ (ТСБЛМ, с. 351).

У казачных тэкстах літаратурнае значэнне назоўніка мундзір трансфармуецца. Як правіла, мундзір як рэч выконвае магічную функцыю надзяляць надзвычайнай сілай таго, хто ў яго апранецца. У гэтым значэнні выступаюць спалучэнні:



  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • даць мундзір: Ну, дак старык даў яму гэтакі мундзір, дак як ён зашпіліцца, такі сільны зробіцца, што невазможна, якая ў яго сіла! (С.174);

  • палажыць мундзір: Узяў той мундзір палажыў і шаблю палажыў (С.176);

  • забраць мундзір: Тады ўжо выйшаў той муж, забраў у яго мундзір, забраў у яго шаблю, і астаўся ўжо сын так, усё (С. 177);

  • вісіць мундзір: Шые адзін дзень, бачыць, яго мундзір вісіць, бачыць, яго меч вісіць. Яны не знаюць, як камандаваць імі (С. 177);

  • адзець мундзір: ... а як адзеў свой мундзір, так ужо сіла знайшла, шаблю ўзяў і падышоў пад іх (С. 177).

  1. Дзеяслоў+прыназоўнік+назоўнік:

  • адзецца ў мундзір: От ён бачыць, што яны паснулі, спяць ўжо, а ён усё шые, ён зараз у свой мундзір адзеўся... (С. 177).

Назоўнік мундзір запазычаны з французскай мовы (франц. monture) праз нямецкую мову, а ў беларускай мове, магчыма і праз рускую. Мае адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: руск. мундир, серб.-харв. мундир, польск. mundur.

2.5. Лексема пярсцёнак у чарадзейных казках
У сучаснай беларускай мове назоўнік пярсцёнак мае значэнне: ‘прадмет, звычайна з дарагога металу, у форме абадка, абруча, часта з каштоўнымі камянямі, які носіцца на пальцы як упрыгожанне ці як сімвал шлюбу’ (ТСБЛМ, с. 529).

У чарадзейных казках гэтае значэнне развіваецца магічнымі функцыямі: пярсцёнак – рэч, якая належыць казачнай істоце і, дзякуючы сваім магічным якасцям, дапамагае герою застацца жывым, калі ён кідаецца ў кацёл з кіпенем з мэтай вярнуць сабе маладосць. У гэтым значэнні выкарыстоўваюцца спалучэнні:



  1. Займеннік+назоўнік:

  • свой пярсцёнак: Дала яна яму ў руку свой пярсцёнак; кінуўся ён у кацёл, тры разы перавярнуўся там і выскачыў такім маладым, што не налюбуешся (С. 60).

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • даць пярсцёнак: Дала яна яму ў руку свой пярсцёнак... (С. 60).

Назоўнік пярсцёнак па свайму паходжанню агульнаславянскі, мае адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: руск. перстень, серб.-харв. прстен, польск. pierscien, чэш. prsten.

2.6. Лексема хустка (хустачка, платок)
Назоўнік хустка ў сучаснай беларускай мове мае значэнне: ‘кавалак тканіны ці вялікага палатна, звычайна квадратнай формы, які завязваюць на галаву, шыю, ці накідваюць на плечы’ (ТСБЛМ, с. 726). У казках выкарыстоўваецца лексема хустка і яе памяншальная форма – хустачка. Сустракаецца таксама варыянт гэтага назоўніка платок, які з’яўляецца русізмам ці дыялектызмам.

У казках функцыі хусткі па-рознаму трансфармуюцца і яна набывае некалькі значэнняў:



  1. Хустачка – рэч з магічнымі функцыямі, якая, будучы атрыманай героем ад яго жонкі-чараўніцы, дапамагае казачным істотам (Бабе-Юзе і інш.) пазнаць у героі мужа адной з іх і прыняць яго за “свайго”, калі герой пачынае праціраць хустачкай вочы.

  2. Хустка (платок) – рэч, якая валодае магічнай здольнасцю знішчаць вялікія прадметы (ці памяншаць іх да мікраскапічных памераў), захоўваць іх у сабе, а пры патрэбе – узнаўляць у першапачатковым выглядзе, калі махнуць гэтай хусткай.

  3. Хустачка – рэч, якая валодае магічнай здольнасцю ўпрыгожваць любое памяшканне, ствараць прадметы інтэр’еру і ежу, калі махнуць ёю тры разы.

  4. Хустачка – рэч, якая выконвае магічную функцыю дапамагаць чалавеку, які падарожнічае праз пекла, нармальна пераносіць спякоту, калі абціраць хустачкай твар, і прымушаць пякельны агонь раступацца перад чалавекам.

  5. Хустка – рэч, якая выконвае магічную функцыю дапамагаць героям казкі пераходзіць праз водную прастору (возера ці мора) ці ўцякаць ад пагоні: калі махнуць хусткай (адзін раз ці тройчы), яна стварае мост ці прымушае водную прастору знікаць і зноў аднаўляцца.

  6. Хустачка – рэч, якая валодае магічнай здольнасцю неабмежаваную колькасць разоў рабіць старога чалавека маладым і наадварот, калі ўціраць твар то адным яе канцом, то другім.

Трэцяе і чацвёртае значэнні сустракаюцца ў адной і той жа казцы, хустачкі з гэтымі функцыямі належаць у ёй адной і той жа асобе, таму можна меркаваць, што гэта адна і тая ж хустачка з рознымі функцыямі.

У першым значэнні ўжываецца назоўнік хустачка ў спалучэнні з іншымі словамі:



  1. Часціца+займеннік+назоўнік:

  • вот табе хустачка: І вот табе, – гавора, – хустачка (С. 29).

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • выняць хустачку: Выняў хустачку і стаў праціраць вочы (С. 30);

  • убачыць хустачку: Баба ўбачыла хустачку і ўвазнала яго, хто ён такі (С. 30);

  • праціраць хустачкай: Як станеш ты хустачкай праціраць вочы, дак баба цябе і ўзнае, хто ты такі... (С. 29).

У другім значэнні ўжываецца назоўнік платок у спалучэнні з дзеясловамі:

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • выняць платок: Сейчас выняла платок з кармана... (С. 37);

  • махнуць платком: Сейчас выняла платок з кармана, махнула платком, караб гэты нівесь ідзе дзеўся – не стала карабля на моры (С. 37);

  • аддаць платок: І аддала яму гэты платок у карман (С. 37).

Трэцяе значэнне рэалізуецца спалучэннем назоўніка хустачка з дзеясловамі і прыслоўем:

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • махнуць хустачкай: Стала яна ў парозе, трэйчы махнула хустачкай (С. 56).

  1. Прыслоўе+дзеяслоў+назоўнік:

  • трэйчы махнуць хустачкай: Стала яна ў парозе, трэйчы махнула хустачкай, што была ў яе ў руках, і лазенька як азалацела: і стол з’явіўся, і лаўкі, і пасцель, і яда – усё, што трэба (С. 56).

Чацвёртае значэнне рэалізуецца спалучэннем назоўніка хустачка з іншымі часцінамі мовы:

  1. Часціца+займеннік+назоўнік:

  • вот табе хустачка: Вот табе мая хустачка і вот табе мой пярсцёнак... (С. 57). Значэнне магічнасці праяўляецца ў гэтым спалучэнні тым, што хустачка атрымана героем ад магічнай істоты.

  1. Займеннік+назоўнік:

  • мая хустачка: Вот табе мая хустачка і вот табе мой пярсцёнак... (С.57). Значэнне магічнасці ў тым, што хустачка тут належыць магічнай істоце.

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • трымаць хустачку: Вот табе мая хустачка і вот табе мой пярсцёнак, пярсцёнак надзень на палец, хустачку трымай у руках (С. 57);

  • абцірацца хустачкай: Жарка табе будзець – хустачкай абцірайся (С.57);

  • махнуць хустачкай: Ты тады падойдзеш к агню, хустачкай махні – агонь перад табой расступіцца, ты ідзі далей (С. 57).

У пятым значэнні выступае спалучэнне назоўніка хустка з дзеясловамі і прыслоўямі:

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • даць хустку: Кот даў ім клубочак і хустку і пусціў іх, а сам сеў за кросны (С. 143);

  • браць хустку: Бярыце з сабой шчотку і грабёнку, і хустку і садзіцесь на мяне! (С. 158);

  • узяць хустку: Узялі яны шчотку, грабёнку і хустку, селі на воліка і паехалі (С. 158);

  • махнуць хусткай: Ідзі, ідзі – прыйшлі к агнянному мору. Махнулі хусткай – стаў мост (С. 143). Махні хусткай на вазяро!” Ён махнуў тры разы на вазяро – і здзелалась суха (С. 151).

  1. Дзеяслоў+прыслоўе+назоўнік:

  • махнуць узнова хусткай: Перайшлі яны па ім чэраз мора, узнова махнулі [хусткай] – мост прапаў (С. 143). Махні ўзнова хусткай на вазяро!” Ён махнуў тры разы – і здзелалась вазяро (С. 151);

  • махнуць назад хусткай: “Ну, махай назад хусткай!” Мар’ячка махнула – і стала бальшое мора (С. 159).

У шостым значэнні ўжываюцца наступныя спалучэнні з назоўнікам хустка ці хустачка:

  1. Назоўнік+назоўнік:

  • ражок хустачкі: Прыйшлі ў хату; молад чалавек умыўсь, уцёрся ражком хустачкі, і стаў стары-стары (С. 218).

  1. Займеннік+назоўнік:

  • мая хустка: Калі мяне пахаваеш, табе мая хустка дастанецца! (С.220).

  1. Лічэбнік+назоўнік+назоўнік:

  • адзін (другі) ражок хусткі: Дак я й цяпер гэтай самай хусткай – адным ражком утрусь, стану молад, другім утрусь, стану старым старыком (С.220).

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • дастанецца хустка: Калі мяне пахаваеш, табе мая хустка дастанецца (С.220). У казцы герой атрымлівае хустку ад магічнай істоты пры ўмове выканання пэўнага даручэння.

  1. Дзеяслоў+назоўнік+назоўнік:

  • уцерціся ражком хустачкі: Прыйшлі ў хату; молад чалавек умыўсь, уцёрся ражком хустачкі, і стаў стары-стары (С. 218).

Лексема хустка (хустачка) з’яўляецца, магчыма, уласнабеларускай. Лексема платок, хутчэй за ўсё, ст.-рускае вытворнае ад платъ – “кавалак тканіны” з дапамогай суфікса -ъкъ: руск. платок.

Раздзел 3. Лексемы са значэннем прадметаў мастацтва
3.1. Лексема гуслі ў чарадзейных казках

У сучаснай беларускай літаратурнай мове лексема гуслі мае значэнне: ‘мнагаструнны шчыпковы музычны інструмент славянскіх народаў’ (ТСБЛМ, с. 161).



У чарадзейных казках гэтае значэнне спецыфічна развіваецца, удакладняецца магічнымі функцыямі. Назоўнік гуслі ў казках можа мець два значэнні:

  1. Гуслі – рэч, музычны інструмент, што валодае магічнай здольнасцю іграць самастойна, без удзелу чалавека. У гэтым значэнні назоўнік гуслі часта ўжываецца з удакладняючым азначэннем “самаграйныя”, спалучэнне з якім можна лічыць сінтаксічна непадзельным.

  2. Гуслі – рэч, музычны інструмент, што валодае магічнай здольнасцю прымушаць скакаць-танцаваць усе жывыя істоты, калі на ім іграе пэўны чалавек-музыка, якому належаць гэтыя гуслі.

Першае значэнне рэалізуецца наступнымі спалучэннямі:

  1. Прыметнік+назоўнік:

  • самаграйныя гуслі: Паслаць яго к Воўку Мінчыгрэю за самаграйнымі гуслямі (С. 52).

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • даць гуслі: Воўк Мінчыгрэй даў Івану гуслі (С. 53);

  • есць гуслі: У мяне есць гуслі гатовыя (С. 53).

  1. Часціца+дзеяслоў+назоўнік:

  • не прыставіць гусель: Еслі ты не прыставіш нам самаграйных гусель, то табе плаха і меч і галаву з плеч (С. 52).

  1. Дзеяслоў+прыназоўнік+назоўнік:

  • паслаць за гуслямі: Паслаць яго к Воўку Мінчыгрэю за самаграйнымі гуслямі (С. 52).

  1. Дзеяслоў+займеннік+назоўнік:

  • гуслі самі гралі: Селядоршая просіць прывезці ёй такія гуслі, каб яны самі гралі (С. 117).

У другім значэнні ўжываюцца спалучэнні назоўніка гуслі з іншымі словамі:

  1. Прыназоўнік+назоўнік+назоўнік:

  • у гуслях шчасце: На, – кажа, – у гэтых гуслях усё тваё шчасце (С. 531).

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • даць гуслі: Але ось прыйшоў Хрыстос, а можа гэта яму прыснілася, да й даў яму гуслі (С. 531);

  • палажыць гуслі: Скакаў той [пахцяр] разам з сваімі каровамі датуль, пакуль Іваньчык здаволіўся да й палажыў тыя гуслі (С. 532);

  • выняць гуслі: От ужэ кат падвёў Іваньчыка к шыбеніцы да й хацеў накласці яму на шыю вяроўку, але той выняў з-пад пахі гуслі да як зайграе, дак усе і пусціліся скакаць, баццэ гарох на гарачай скаварадзе (С.532).

  1. Дзеяслоў+прыназоўнік+назоўнік:

  • і(й)граць на гуслях: От выганіць ён каровы на пашу, сядзе сабе на купіну да як пачне йграць на гуслях, дак і пусціцца ўсе скакаць (С. 531).

Назоўнік гуслі па свайму паходжанню з’яўляецца агульнаславянскім: руск. гусли. Утвораны з дапамогай суфікса –slь ад асновы god-. У рускай і беларускай літаратурных мовах назоўнік гуслі замацаваўся ў форме множнага ліку, але ў адной з беларускіх чарадзейных казак сустракаецца форма адзіночнага ліку: “Падыходзе Іван і к гуслям і просе аддаць яму адну гуслю” (С. 61). Мае адпаведнікі і ў іншых славянскіх мовах: серб.-харв. гусли, чэш. gusli.
3.2. Лексема дудка (дудачка, пасвірэль) у чарадзейных казках
У літаратурнай беларускай мове назоўнік дудка мае два значэнні:

  1. Музычны інструмент з трыснёгу або з дрэва ў выглядзе трубкі з дзірачкамі.

  2. Круглае, звычайна пустое ўнутры сцябло чаго-небудзь (разм.) – (ТСБЛМ, с. 186).

У казках дудка, відаць, мае такі выгляд, які апісаны ў значэнні 1, але ёй нададзены спецыфічныя казачныя функцыі: дудка – рэч, вырабленая з дрэва, што вырасла на месцы пахавання чалавека, забітага сваімі родзічамі (братамі, сёстрамі, мачахай), якая валодае магічнай уласцівасцю спяваць чалавечым голасам (голасам таго забітага чалавека) і выкрываць забойцаў, калі зайграць на ёй. У некаторых варыянтах казак, калі бацька забітага чалавека ламае дудку, гэты чалавек уваскрасае. У тэкстах ужыванні лексемы дудка ў гэтым значэнні адзінкавыя, часцей выкарыстоўваецца лексема дудачка ў наступных спалучэннях:

  1. Прыметнік+назоўнік:

  • чарадзейная дудка: Ужываецца ў назве казкі (С. 429);

  • дзіўная дудка: А, брат, – кажа купец, – дзіўная якая дудка! (С. 430);

  • цудоўная дудка: Ужываецца ў назве казкі (С. 438).

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • здзелаць дудачку: Вырас на Кірылку дубчык залаты і сярэбраны. Вот ехалі там купцы, убачылі той дубец, выразалі яго і здзелалі дудачку (С.430).

  • зрабіць дудачку: Зрабіў ён дудачку, сеў на воз і зайграў (С. 434);

  • дудачка грае: Дудачка грае: “Грай, грай, мой купчык...” (С. 434);

  • дудачка выігрывае: Стала адна іграць, а дудачка выігрывае... (С. 430);

  • дудка зайграла: Зайграў, тая дудка зайграла зноў... (С. 435);

  • дудачка кажа: Стала бабка йграць, а дудачка кажа... (С. 430);

  • дудачка прыгаварвае: Пастушок жане, гэтак іграе, дудачка прыгаварвае (С. 437);

  • дудачка пяе: Ці не пра Кірылку яна [дудачка] пяе? (С. 430);

  • пераламаць дудачку: Ён узяў дудачку тую на калена і пераламаў. І перад ім стала яго дачка (С. 435).

  1. Дзеяслоў+прыназоўнік+назоўнік:

  • зайграць на дудачцы: Зайграў купец на дудачцы, а яна выігрывае... (С.430).

  • пайграць на дудачцы: Дай жа ж я пайграю на гэтай дудачцы... (С.435).

  • спяваць праз дудачку: Раз дзедка прайграў, другі раз прайграў, дык бачыць, што гэта ж яго дачушка праз тую дудачку спявае гэтак (С.435).

  1. Дзеяслоў+назоўнік+назоўнік:

  • вымаўляе словы дудка: Той купец прыслухаўся, дак вымаўляе словы дудка (С.435).

  1. Дзеяслоў (загадны лад)+назоўнік (у форме зваротку):

  • іграй, дудачка: Іграй, іграй, дудачка (С. 437);

  • пацяшай, дудачка: Іграй, іграй, дудачка,// Пацяшай майго бацюшку (С.437).

У тым жа казачным значэнні, што і дудка, можа ўжывацца лексема пасвірэль, што выступае ў спалучэннях:

  1. Дзеяслоў+назоўнік:

  • здзелаць пасвірэль: А на том месце, ідзе дурак ляжаў, турасцінка. Пастухі зрэзалі яе і здзелалі пасвірэль, і сталі іграць (С. 439).

  1. Дзеяслоў+прыназоўнік+назоўнік:

  • чуць із(з) пасвірэлі(я): Ігралі яны, ігралі, чуюць голас із пасвірэлі... (С.439). Стаў ён іграць і чуець голас з пасвірэля... (С. 439).

Назоўнік дуда, дудка па свайму паходжанню агульнаславянскі: руск. дудка, дудочка. Паходзіць ад праславянскага *duda, *dudьka і з’яўляецца старым утварэннем гукапераймальнага характару. Назоўнік пасвірэль мае адпаведнікі ў славянскіх мовах: руск. свирель, серб.-харв. свирала.
1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка