-
Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны
ад грамадскага аб’яднання
“Цэнтр “Трэці сектар”
а/с 54, Гародня, 230009,
тэл./факс (0-152) 75-71-72,
e-mail: trecisektar@yahoo.com
сайт http://3sektar.by/
Выпуск 27 (495) (11 жніўня 2011 г.) Рэдактар выпуску: Кася Крот Пры выкарыстанні матэрыялаў “Кронікі” спасылка на крыніцу абавязковая |
-
“Крэўскі кірмаш” запрашае 2
Старыя гродзенскія дрэвы пад пагрозай знішчэння 3
Конкурс “Будзь у Трэцім!” 4
Юбілейны набор у Школу маладога журналіста! 4
Семінар для маладых праваабаронцаў 5
Конкурс «Як я правёў лета» 6
Міжнародны трэнінг для моладзевых лідэраў 6
Тэатр “Лялька” абвяшчае конкурс п’есаў для дзяцей 7
Беларускі Гістарычны Агляд шукае аўтараў 7
Конкурс лагатыпаў 8
Конкурс перакладаў з нямецкай на беларускую 8
Гранты на падарожжа ад фундацыі Шварцкопф 9
9
-
уверх
“Крэўскі кірмаш” запрашае
13 жніўня аматараў традыцыйнай беларускай культуры запрашае рэгіянальны фэст у Крэве.
Яго ладзіць мясцовы дабрачынны фонд “Крэўскі замак” у супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі.
Праграма свята, папярэдне разлічаная на два дні, скарацілася да аднаго.
Вольга Кастрамінава, адна з арганізатарак:
- Праграма распачнецца ў 15.30. Спецыяльна пачынаем пазней, каб як мага больш мясцовых жыхароў змаглі паўдзельнічаць, бо вясковыя людзі ў гэтую пару вельмі занятыя.
У вялікім канцэрце будуць удзельнічаць мясцовыя калектывы і госці з Менску. Чакаем гурты «Князь Мышкін», “Гарынь”, «Нагуаль», «Рацыянальная дыета», «Святкі», «Фолкінэры», «The Silicon», іншыя калектывы, будуць барды.
Музычная праграма будзе перамяжацца выступамі паэтаў. Абяцалі прыехаць Леанід Дранько-Майсюк, Пашкевіч, Т.Беланогая…
У прынцыпе сцэна будзе адкрытая для ўсіх, паўдзельнічаць зможа кожны, прачытаўшы свае вершы ці заспяваўшы.
Падчас канцэрта на тэрыторыі замка будзе працаваць горад майстроў (рамесніцкі кірмаш) і майстар-класы па танцах і вырабе народных лялек.
Праграма фэсту скончыцца каля 21 гадзіны.
Завяршальным акордам стане ўганараванне пераможцаў конкурсаў у намінацыях:
-“Крэўскі гаспадар-2011” (гледачы выбіраюць асобу (жыхара Крэва), якая лепш за ўсё прадставіла ўласны падворак),
-“Крэўская гаспадыня-2011” (гледачы выбіраюць асобу (жыхарку Крэва), якая лепш за ўсё прадставіла ўласны падворак),
-“Крэўскі кухар–2011” (гледачы выбіраюць асобу, якая згатавала самую смачную страву фестываля. Удзельнікі дадзенай намінацыі прадстаўляюць рэцэпт прыгатаванай стравы ў аргкамітэт. Па выніках фестывалю плануецца выданне кнігі “Крэўскі кухар”),
-“Крэўская князёўна–2011” (гледачы выбіраюць асобу (выступоўцу, госцю фестываля або жыхарку Крэва), якая больш за ўсіх прадстаўляе вобраз старажытнай Крэўскай зямлі),
-”Крэўскі князь–2011” (гледачы выбіраюць асобу (выступоўца, госця фестываля або жыхара Крэва), якая больш за ўсіх прадстаўляе вобраз старажытнай Крэўскай зямлі),
-“Крэўскі фальклёр-2011” (гледачы выбіраюць гурт, які лепш за ўсё адлюстраваў беларускую фальклёрную спадчыну ў песнях),
-“Крэўскі авангард-2011” (гледачы выбіраюць гурт, які лепш за ўсё адлюстроўваў эксперыментальны музычны накірунак беларускай музыкі),
-“Крэўскі бард-2011” (гледачы выбіраюць лепшага спевака фестывалю),
-“Крэўскі паэт-2011” (гледачы выбіраюць лепшага паэта-вершаскладальніка фестывалю),
-“Крэўскі цуд – 2011” (гледачы выбіраюць асобу (выступоўцу, госця фестываля або жыхара Крэва), якая больш за ўсіх здзівіла прысутных сваім убраннем, выступам, праведзеным майстар-класам ды інш.).
-“Крэўскі майстар-2011” (гледачы выбіраюць лепшага майстра, рамесніка фестывалю. Улічваюцца знешні воблік, рамесныя навыкі, уменне падаць выраб перад пакупніком),
-“Крэўскі гандляр–2011” (гледачы выбіраюць лепшага гандляра фестывалю. Улічваюцца знешні воблік, навыкі продажу, уменне падаць тавар перад пакупніком),
-“Крэўскі валанцёр-2011” (прыз ад журы самаму актыўнаму валанцёру ў справе арганізацыі і правядзення фестывалю).
Вольга Кастрамінава:
-Нашы валанцёры будуць раздаваць гасцям і ўдзельнікам кірмашу бюлетэні, дзе кожны зможа адзначыць упадабанага намінанта. Пераможцы атрымаюць прызы: спецыяльна распрацаваныя і вырабленыя для “Крэўскага кірмашу” статуэткі.
Падрабязная праграма “Крэўскага кірмашу” - на сайце Мясцовага дабрачыннага фонду “Крэўскі замак”.
уверх
Старыя гродзенскія дрэвы пад пагрозай знішчэння
У Гродне ўбачыла свет праца па маніторынгу знішчэння зялёных насаджэнняў, якую падрыхтаваў краязнаўца Ігар Лапеха. На працягу 3 гадоў ён выяўляў неабгрунтаваную выразку хмызоў і дрэваў.
На думку аўтара, асаблівую небяспеку прадстаўляе стан дрэваў у гістарычных мясцінах:
- Пагражае высыханне каштану Ажэшкі, пагражае высечка каштанам Панятоўскага на вуліцы Рэпіна, парку ў Панямуні.
Саматужная дарога да дачных участкаў засыпала яры без адводу грунтавых вод, г.зн. без труб пад гэтай дарогай, што зменіць гідралагічны стан і там будуць засыхаць ліпы і дубы, і палавіна паркаў у Панямуні можа быць знішчана.
Паводле меркавання аўтара маніторынгу, Гродна за апошнія гады вырасла па плошчы ў 3 разы і такім чынам да горада далучылася вялікая колькасць няўлічаных гістарычных зялёных зонаў.
Ігар Лапеха спадзяецца, што грамадскасць больш актыўна ўключыцца ў абарону дрэваў не толькі ў час рэканструкцыі двароў камунальнікамі, але і паркавых ансамбляў пакінутых нашымі продкамі.
Паводле http://t-styl.info
уверх
А бвесткі:
|
уверх
Конкурс “Будзь у Трэцім!”
Кожную хвіліну ва ўсім свеце людзі па добрай волі робяць добрыя справы на карысць іншых людзей. Робяць не дзеля ўлады, не дзеля грошай. Такімі людзьмі багатая і наша Гарадзеншчына. Гэтыя людзі заслугоўваюць таго, каб пра іх ведалі!
Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр «Трэці сектар» абвяшчае конкурс «Будзь у Трэцім!».
Яго мэтай з’яўляецца заахвочванне людзей да больш актыўнага ўдзелу ў паляпшэнні якасці жыцця нашага грамадства, папулярызацыя грамадска-карыснай дзейнасці грамадскіх арганізацый ды грамадскіх ініцыятываў.
Арганізацыі ды рознага кшталту ініцыятывы, дабраахвотна заснаваныя грамадзянамі для вырашэння розных праблемаў грамадства, прынята адносіць да трэцяга сектару (першы аб’ядноўвае дзяржаўныя арганізацыі, другі – камерцыйныя). Ва ўсім свеце ўдзел у дзейнасці арганізацый трэцяга сектару з’яўляецца ганаровым, усяляк заахвочваецца з боку дзяржавы, установаў адукацыі, кіраўніцтва фірмаў і прадпрыемстваў.
У межах нашага конкурсу вы маеце добрую магчымасць зрабіць сваю грамадскую дзейнасць больш вядомай, далучыць да яе новых людзей. Пераможцы конкурсу атрымаюць дыпломы і прызы.
Конкурс праводзіцца ў дзвюх намінацыях:
• Лепшы інтэрнэт-рэсурс, які папулярызуе ідэю грамадскай актыўнасці;
• Лепшая грамадская ініцыятыва альбо грамадская інтэрнэт-кампанія, скіраваная на вырашэнне праблем грамадства, дапамогу людзям.
На перамогу ў намінацыі “Лепшы інтэрнэт-рэсурс” могуць прэтэндаваць сайты грамадскіх арганізацый Гарадзеншчыны.
Пераможцу будуць вызначаць прызнаныя эксперты ў вобласці інтэрнэт-журналістыкі і сувязяў з грамадскасцю. Намінацыя прадугледжвае і вызначэнне прыза глядацкіх сімпатыяў.
У намінацыі “Лепшая грамадская ініцыятыва альбо грамадская інтэрнэт-кампанія” пераможцу будуць вызначаць інтэрнэт-карыстальнікі праз галасаванне ў сацыяльных сетках (у групе арганізацыі ў Кантакце і на старонцы ў Фэйсбуку).
Кожны ахвотны можа падаць заяўку на ўдзел у конкурсе, запоўніўшы далучаную да гэтай абвесткі анкету і даслаўшы яе на скрынку 3sektar@gmail.com .
Апошні тэрмін - да 12 жніўня ўключна.
Галасаванне за намінантаў пачнецца з 13 жніўня і будзе працягвацца да 23 верасня.
Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 27 верасня на ўрачыстым мерапрыемстве, дзе кожны ўдзельнік конкурсу зможа прэзентаваць сябе і сваю дзейнасць.
Анкету на ўдзел глядзі тут .
Паводле http://3sektar.by/news
уверх
Юбілейны набор у Школу маладога журналіста!
Марыш браць інтэрвью і рабіць рэпартажы? Да журналістыкі адзін крок!
Гродзенскае грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” абвяшчае набор у Школу маладога журналіста – 15.
ШМЖ - гэта твае новыя веды і ўменні ад майстроў сваёй справы - практыкуючых журналістаў. За час навучання ты пазнаёмішся з асновамі журналістыкі, атрымаеш магчымасць працаваць у рэдакцыі рэальнага выдання.
ШМЖ – гэта 7-месячныя курсы, якія складаюцца з тэарэтычнага і практычнага блокаў.
Тэарэтычная частка прысвечана асновам журналістыкі: “Уводзіны ў журналістыку”, “Жанры журналістыкі”, “Асаблівасці газетнай, радыё- і інтэрнэт-журналістыкі”, асновы крымінальнай і экалагічнай журналістыкі і іншыя.
У ШМЖ-15 ты таксама даведаешся, як робяцца радыёперадачы, паспрабуеш сябе ў ролі відэааператара.
Практыку навучэнцы праходзяць у рэдакцыі інтэрнет-газеты “Твой стыль”.
Выкладчыкі і трэнеры – журналісты беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама юрысты, філолагі.
Праект “Школа маладога журналіста” (ШМЖ) існуе з 1997. За 14 гадоў ШМЖ прайшло каля 300 хлопцаў і дзяўчат. Некаторыя з іх сталі лаўрэатамі нацыянальных і міжнародных узнагарод у галіне журналістыкі. Выпускнікі ШМЖ працуюць ў газетах “Вечерний Гродно”, “Гродзенская праўда”, “Перспектива”,”Наша Ніва”, “Белорусы и Рынок”, на тэлеканале АНТ, радыё “Гродна”, а таксама ў замежных СМІ.
Да ўдзелу ў праекце “Школа маладога журналіста -15“ запрашаюцца гарадзенскія юнакі і дзяўчаты ад 16 да 25 гадоў.
Заявы на ўдзел прымаюцца з 15 жніўня да 11 верасня на сайце 3sektar.by і па адрасе: г.Гродна, вул. Будзёнага, 48а - 11, з 12:00 да 17:00 (акрамя суботы і нядзелі).
Больш падрабязную інфармацыю з 15 жніўня можна будзе атрымаць на блогу ШМЖ - shmzh.blogspot.com, па тэлефонах: 8 (0152) 75 71 72; 8 (029) 7 830 845, эл.пошце shmzh.grodno@gmail.com .
уверх
Семінар для маладых праваабаронцаў
Міжнародны Моладзевы Праваабарончы Рух (МПР) і Міжнародная Школа правоў Чалавека і Грамадзянскіх Дзеянняў абвяшчаюць набор на ўдзел у адукацыйным праекце для маладых праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў.
“Базавы семінар Школы”, які адбудзецца 21 жніўня ў Кіеве, – гэта магчымасць для маладых актывістаў праваабарончых і грамадскіх арганізацый, маладых журналістаў і супрацоўнікаў дзяржаўных органаў па працы з моладдзю атрымаць базавыя звесткі па правах чалавека і моладзевых дзеяннях па абароне правоў чалавека.
На семінары вы зможаце пачуць адказы на наступныя пытанні:
-Правы чалавека: філасофская канцэпцыя альбо сістэма прававых нормаў?
-Навошта патрэбныя Правы Чалавека?
-Чым парушэнні правоў чалавека адрозніваюцца ад любой формы несправядлівасці?
-Хто павінны назіраць за выкананнем Правоў Чалавека?
-Правы чалавека і палітыка: у чым падабенства і розніца?
-Як можна і трэба абараняць Правы Чалавека.
Працоўная мова – руская.
Вядзе семінар – Андрэй Юраў (трэнер Савета Еўропы, дырэктар стратэгічнага развіцця Маскоўскай Хельсінкскай Групы).
Удзел бясплатны. Арганізатары забяспечваюць харчаванне ўдзельнікаў. Аплата праезду і пражывання іншагароднім удзельнікам магчымая па дамоўленасці з арганізатарамі.
Выпускнікі семінара змогуць паўдзельнічаць у разнастайных адукацыйных мерапрыемствах прасунутага ўзроўню Міжнароднай Школы правоў Чалавека і Грамадзянскіх Дзеянняў.
Для ўдзелу неабходна запоўніць анкету http://inthrschool.org/application/anketa-bazovogo-seminara.
Рэгістрацыя – да 16 жніўня.
Магчыма правядзенне суразмовы.
Дадатковая інфармацыя: тэл:+38067 546 49 96, e-mail:admin.ua@inthrschool.org.
уверх
Конкурс «Як я правёў лета»
Вы файна патусілі ў валанцерскім летніку, арганізавалі фэст, альбо былі яго актыўным удзельнікам? З’ездзілі ў Амерыку ці непадалёк у Польшчу, зарабілі валюты і паглядзелі свет?
Уражанні распіраюць, сябры чакаюць фоткі і відосы, а вы добра валодаеце клавай і маеце інтэрнет… Пішыце нам, і пра вас, паспяховых і прыгожых, даведаецца ўся Беларусь! Аўтары лепшых гісторый атрымаюць каштоўныя прызы!
Прымаюцца матэрыялы з летнікаў, фестываляў, тусічаў, дзе вы былі арганізатарамі альбо актыўнымі ўдзельнікамі, валанцёрамі, з месцаў файнай моладзевай падпрацоўкі ў Беларусі і за межамі. Важна: эмоцыі, уражанні, апісанні, а таксама карысныя спасылкі, парады, рэкамендацыі для тых, хто захоча паехаць на наступны год туды ж.
Гісторыі з відосамі і фоткамі (альбо без іх) будуць апублікаваныя на сайце АМП.
Прымаюцца матэрыялы аб’ёмам не менш за 1000 сімвалаў (без прабелаў).
Апошні тэрмін – да 15 верасня.
Адна лепшая гісторыя будзе вызначана рэдакцыяй ampby.org. А яшчэ адна гісторыя, у намінацыі “прыз глядацкіх сімпатый”, будзе вызначана нашымі чытачамі. У дадзенай намінацыі лепшым будзе названы артыкул, які ў суме набярэ максімальную колькасць “лайкаў” у сацыяльных сетках facebook и ВКонтакте.
Важна! Улічвацца будуць толькі «лайкі», зробленыя на сайце ampby.org. Галасаванне ў намінацыі “прыз глядацкіх сімпатый” праводзіцца да 25 верасня ўключна.
Спяшайся скінуць лінк на свой матэрыял сябрам і папрасіць залайкаць тваю гісторыю!
Пераможцы будуць абвешчаны 30 верасня.
Матэрыялы неабходна дасылаць на адрас: konkurs@ampby.org.
Паводле http://ampby.org
уверх
Міжнародны трэнінг для моладзевых лідэраў
Моладзевыя лідэры запрашаюцца да ўдзелу ў міжнародным трэнінгу “Міжкультурная фасілітацыя як метад пераадольвання дыскрымінацыі”, які адбудзецца 9 – 15 кастрычніка ў г. Сумы (Украіна).
Праект рэалізуе СМГО «Центр єўрапейскіх ініцыятыў» (Сумы, Украіна) у супрацоўніцтве з Фондам “Шчаслівае дзяцінства” (Польшча) пры падтрымцы Еўрапейскага міжнароднага фонду Савета Еўропы.
Удзельнікамі праекту стануць хлопцы і дзяўчаты з краін-суседак Украіны – Польшчы, Малдовы, Румыніі, Расіі, Беларусі.
Мэтавая група: моладзевыя лідэры – прадстаўнікі арганізацый, якія працуюць з моладдзю ў сваіх краінах.
Патрабаванні да ўдзельнікаў:
- узрост: 18-30 гадоў;
- працаўнікі моладзевых арганізацый і моладзевыя лідэры;
- магчымасць распаўсюдзіць атрыманыя веды;
- матывацыя і энтузіязм;
- вопыт працы ў грамадскім аб’яднанні, папярэднія навыкі кіравання ініцыятыўнымі групамі;
- ўзровень валодання англійскай мовай – сярэдні.
Арганізатары пакрываюць расходы на пражыванне і харчаванне.
Рэгістрацыйны ўнёсак – 15 еўра.
Для ўдзелу неабходна запоўніць онлайн анкету
Апошні тэрмін – да 5 верасня.
За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся: Юлія Сакунова (Центр еўрапейскіх ініцыятыў) тэл: (099) 641 41 85, e-mail: j.sakunova.cei@gmail.com.
http://www.civicua.org/news/view.html?q=1664050
Паводле http://ngo.by
уверх
Тэатр “Лялька” абвяшчае конкурс п’есаў для дзяцей
Беларускі тэатр “Лялька” (Віцебск) запрашае да супрацоўніцтва таленавітых айчынных паэтаў-драматургаў незалежна ад узросту, досведу і сяброўства ў пісьменніцкіх арганізацыях.
На дадзены момант тэатр мае патрэбу ў п’есе, якая адпавядала б наступным патрабаванням:
• меркаваны ўзрост гледачоў — ад 4-5 гадоў;
• займальны дынамічны сюжэт з ненавязлівым выхаваўчым падтэкстам (фабула можа быць як арыгінальнай, так і пазычанай з фальклору ці сусветнай літаратуры);
• вершаваная форма, ці, прынамсі, наяўнасць вялікай колькасці прыгожых і лёгкіх для ўспрымання вершаў на беларускай мове (мяркуецца выкарыстанне на сцэне аркестра з ліку артыстаў з выкананнем песняў пад жывую музыку);
• аб’ём у памеры 12-17 старонак 14-м памерам стандартнага шрыфту.
Да разгляду прымаюцца таксама мастацкія пераклады адпаведных твораў. У якасці ўсім вядомага прыкладу можна назваць “Кошчын дом” С. Маршака.
Творы прымаюцца да разгляду на конкурснай аснове.
Апошні тэрмін - да 1 снежня.
Кантакты: тэл.: 37-34-61. e-mail: info@lialka.vitebsk.net
Паводле http://prajdzisvet.org
уверх
Беларускі Гістарычны Агляд шукае аўтараў
Рэдакцыя БГА плануе прысвяціць адзін з бліжэйшых нумароў гістарычнай палітыцы.
Хоць выкарыстанне мінулага ў палітычных інтарэсах дзяржаўных уладаў у апошняе дзесяцігоддзе стала звычайнай з’явай публічнага жыцця Беларусі, тэрмін “гістарычная палітыка” яшчэ не ўвайшоў у навуковы дыскурс беларускай гуманітарыстыкі.
Між тым, інструменталізацыя гісторыі, незалежна ад нашага стаўлення да яе, робіцца ўсё больш вызначальнай рэальнасцю нашага часу і ўжо таму павінна сама станавіцца прадметам навуковага разгляду.
У чарговым нумары БГА мяркуецца разглядзець наступныя аспекты праблематыкі:
-Паняцце гістарычнай палітыкі і яго шматзначнась
-Гістарычная палітыка і пастулаты навуковай гістарыяграфіі
-Патрэбы і акторы гістарычнай палітыкі
-Магчымасці і сродкі ўплыву на гістарычную свядомасць грамадства
-Гістарычная палітыка – канструяванне памяці – выбар традыцыі?
-Практыкі гістарычнай палітыкі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе і ў Беларусі
Тэксты (да 60 тыс. знакаў) просім дасылаць да 31.01.2012 г.
Паводле http://www.belhistory.eu
уверх
уверх
Конкурс лагатыпаў
Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” абвяшчае конкурс лагатыпаў
Умовы конкурсу:
Калі ласка, дасылайце свае працы на электронную скрыню konkyrspakarannie@gmail.com
Апошні тэрмін - да 25 жніўня.
У 2009 годзе ў Беларусі распачалася кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, мэта якой - спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.
Паводле http://spring96.org
уверх
Конкурс перакладаў з нямецкай на беларускую
Інстытут імя Гётэ ў Мінску і часопіс перакладной літаратуры "ПрайдзіСвет" абвяшчаюць конкурс на пераклад урыўка тэкста Генрыха фон Кляйста з нямецкай мовы на беларускую.
Увазе маладых перакладчыкаў прапануецца ўрывак з навелы Генрыха фон Кляйста "Землятрус у Чылі".
Свой пераклад вы можаце даслаць на адрас:
dolm@minsk.goethe.org.
Апошні тэрмін - да 1 верасня.
Урывак з навелы Генрыха фон Кляйста "Землятрус у Чылі" для перакладу (PDF, 30 KB)
Паводле http://www.goethe.de
уверх
Гранты на падарожжа ад фундацыі Шварцкопф
Нямецкая фундацыя Шварцкопф запрашае моладзь ва ўзросце 18-26 гадоў паўдзельнчаць у конкурсе на атрыманне гранта на падарожжа ў Нямеччыну, якое дае магчымасць пазнаёміцца з еўрапейскімі краінамі і правесці даследаванні палітычных і культурных падзеяў.
Форму заяўкі глядзіце на сайце: http://www.schwarzkopf-stiftung.de/index.php?area=4&areaS=661
Апошні тэрмін падачы заявак - 1 верасня.
Падрабязнасці пра праграму глядзіце на сайце http://www.schwarzkopf-stiftung.de/index.php?area=4&areaS=661.
Паводле adukacyja.info
уверх
|