Беларуская студэнцкая юрыдычная алімпіяда 2013 індывідуальны залік складанне праекта правапрымяняльнага акта




Дата канвертавання15.03.2016
Памер20.04 Kb.

БЕЛАРУСКАЯ СТУДЭНЦКАЯ ЮРЫДЫЧНАЯ АЛІМПІЯДА - 2013

індывідуальны залік

складанне праекта правапрымяняльнага акта


Пракурору горада Х

Пятрову Пятру Петровічу

грамадзяніна Пяткевіча Дзмітрыя Анатольевіча

(пражываю па адрасе г. N, вул. Акадэмічная, д. 23, кв. 28)


НАГЛЯДНАЯ СКАРГА.
Я пражываю ў кватэры, якая належыць мне на праве асабістай уласнасці. Кватэра знаходзіцца ў доме, які належыць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У кватэры № 30, што размешчана над маёй, ёсць пяць пакояў, у якіх пражываюць:

- у пакоі 1 – Сядуцкі Максім Максімавіч, пакой належыць яму на праве асабістай уласнасці па спадчыне, аднак фактычна ён у кватэры амаль не бывае, бо мае іншае жыллё;

- у пакоях 2 і 3 – Пернікава Ілона Барысаўна, яе муж Макаеў Ігар Ігаравіч, іх сын Макаеў Арцём Ігаравіч; адказным кватэраздымшчыкам з’яўляецца Пернікава І. Б.;

- у пакоі 4 – Кракадзілаў Генадзь Віктаравіч, з’яўляецца адказным кватэраздымшчыкам;

- у пакоі 5 – Волкава Жанна Мікалаеўна (уласнік жылога памяшкання) і яе грамадзянскі муж Кароткіх Іван Сяргеевіч.

Суседзі зверху неаднаразова залівалі мяне з санвузла і кухні. Факты заліцця зафіксаваны адпаведнымі актамі заліцця, складзенымі спецыялістамі УП “Кіраўніцтва дамамі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі”, у трох выпадках складзены падрабязныя дэфектныя акты. Аднак практычнага значэння гэта не мела, бо ва ўсіх выпадках, акрамя аднаго, калі відавочна вінаваты быў Кароткіх І.С., абсалютна не прадстаўляецца магчымым устанавіць, хто неспрэдна спрычыніўся да факта заліцця: суседзі пастаянна перакладваюць віну адзін на аднаго і адмаўляюцца кампенсаваць урон. Акрамя таго, Макаеў І.І. і Кароткіх І.С. вядуць асацыяльны лад жыцця і спагнаць з іх што б там ні было ў працэсуальным парадку практычна нерэальна.

У сувязі з вышэй выкладзеным я звярнуўся ў суд N-скага раёна з іскам, у якім прасіў суд прымусіць жыльцоў кватэры № 30 застрахаваць сваю грамадзянскую адказнасць з нагоды заліцця. Аднак рашэнне суда ад 10 верасня 2012 г. было не на маю карысць. Мне было растлумачана, што суд не можа прымусіць гэтых грамадзян застрахаваць сваю адказнасць, бо не ўсе з іх з’яўляюцца ўласнікамі. Лічу такое рашэнне незаконным і неабгрунтаваным, бо яно перашкаджае мне абараніць мае маёмасныя правы, фактычна пазбаўляе мяне магчымасці забяспечыць захаванне маёй маёмасці.

У касацыйным парадку рашэнне суда N-скага раёна ад 10 верасня 2012 г. не было абскарджана, бо ў дзень вынясення рашэння я быў вымушаны выехаць у доўгатэрміновую замежную камандзіроўку.



Прашу ў парадку пракурорскага нагляду апратэставаць рашэнне суда N-скага раёна ад 10 верасня 2012 г., каб я змог быць упэўненым у кампенсацыі матэрыяльнага ўрону.

10 лютага 2013 г. Асабісты подпіс


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка