Беларусь у перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і грамадзянскай вайны. Стварэнне беларускай дзяржаўнасці




старонка3/5
Дата канвертавання17.03.2016
Памер0.83 Mb.
1   2   3   4   5

Змена ўрадаў. Тэлеграма германскаму імператару выклікала крызіс і беларускага ўрада. У пачатку мая Народны сакратарыят пакінулі Аркадзь Смоліч, Палута Бадунова, Тамаш Грыб, Леанард Заяц. Прэм’ер Язэп Варонка падаў у адстаўку. Сацыялісты пакідалі і Раду БНР. У выніку правацэнтрысты атрымалі ў беларускім парламенце большасць і сфарміравалі свой урад на чале з Раманам Скірмунтам. У яго кабінет уваходзілі Кіпрыян Кандратовіч, Павел Алексюк, Радаслаў Астроўскі. Новы ўрадавы крызіс распачаўся ў чэрвені. Правым і левым удалося дамовіцца аб стварэнні кааліцыйнага ўраду, які ўзначаліў Іван Серада. Старшынёй Рады БНР стаў Язэп Лёсік. Але супярэчнасці захоўваліся. Прадстаўленая ва ўрадзе БНР новая інтэлігенцыя з сялян, якая прытрымлівалася пераважна народніцкай ідэалогіі, ніяк не магла паразумецца з прадстаўнікамі мясцовай шляхты.

Надзяленне урада БНР элементамі рэальнай улады. Непрызнаная Берлінам Рада БНР знайшла, урэшце, паразуменне з камандуючым 10-ай акупацыйнай арміі генералам Эрыхам фон Фалькенгайнам. Найперш ён дазволіў беларускай Радзе арганізоўваць мясцовы апарат ўлады. Пастанова аб гэтым была апублікавана ўжо 27 сакавіка. А неўзабаве, 20 красавіка, Рада разаслала па вёсках, валасцях, гарадах, паветах і губернях загад аб стварэнні мясцовых рад (выбарных органаў БНР) і прыняцці імі на сябе ўлады ад акупантаў. Выкананне загада ва ўмовах акупацыі ўскладнялася, але з 21 чэрвеня армейскае камандаванне пачало ўключаць у склад павятовых нямецкіх камендатур беларускіх дарадцаў, абраных урадам БНР. У кампетэнцыі Народнага сакратарыята знаходзіліся гандаль, прамысловасць, асвета, сацыяльнае забеспячэнне, справы бежанцаў і інш. Аднак тэрыторыя, на якой дзейнічалі ўстановы БНР, была абмежаванай і вызначалася на захадзе лініяй першай нямецкай акупацыяй, на поўдні – межамі Украінскай Народнай Рэспублікі, на ўсходзе – лініяй нямецка-бальшавіцкага фронта. Значны абшар усходняй Беларусі знаходзіўся пад кантролем Першага польскага корпуса Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Толькі пад канец мая немцы раззброілі польскія аддзелы і падпарадкавалі сабе іх раён дыслакацыі. На беларускія землі, што на поўнач ад Кобрына і Пружан, свае прэтэнзіі выказвалі дзеячы літоўскай дзяржавы. Таму беларускі ўрад дабіваўся і ўрэшце дабіўся ад немцаў паўнамоцтваў у галіне міжнародных адносін.

Міжнародная дзейнасць урада БНР. Летам 1918 г. праз нямецкае вайсковае камандаванне ён спрабаваў пераканаць ленінскі ўрад даць згоду на аб’яднанне з тэрыторыяй БНР усходніх раёнаў Беларусі, занятых расійскімі войскамі. З гэтай мэтай і дзеля прызнання БНР у Маскву ездзіла спецыяльная беларуская місія, але народны камісар замежных спраў Георгій Чычэрын яе нават не прыняў. Затое БНР прызналі найперш Украіна і Літва, а потым і Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Чэхаславакія. Консульствы БНР адчыніліся ў Расіі, Германіі, Польшчы, Даніі і Турцыі. Беларускія палітыкі рабілі ўсё магчымае, каб абвясціць міжнароднай супольнасці аб існаванні беларускай дзяржавы.

Сімвалы дзяржаўнасці. Самасцвярджэнню нацыі садзейнічаў ужо сам факт існавання беларускай дзяржавы. БНР выдавала сваім грамадзянам беларускія пашпарты, зацвердзіла у якасці дзяржаўнай нацыянальную сімволіку: свой дзяржаўны герб -- «Пагоню» (узброены рыцар на кані) і свой дзяржаўны бела-чырвона-белы сцяг тры гарызантальныя паласы аднолькавай шырыні). Нават у Адэсе ў кастрычніку 1918 г. вялікая колькасць беларусаў выказала жаданне стаць грамадзянамі БНР.

Мова і патрыятычнае выхаванне моладзі. 12 красавіка Народны сакратарыят БНР прыняў пастанову аб абвяшчэнні беларускай мовы дзяржаўнай і абавязковай для грамадзян рэспублікі. Намаганнямі Браніслава Тарашкевіча, Антона Луцкевіча, Язэпа Лёсіка, Янкі Станкевіча распрацоўваліся яе правапіс і нормы граматыкі, пашыралася беларуская тэрміналогія. У маі па ініцыятыве Беларускай вучнёўскай грамады заснавалася Таварыства беларускіх сагайдакаў (байскаўтаў). Тады ж узнікла і такая юнацкая арганізацыя, як «Беларуская студэнцкая раніца». Сваю задачу яна бачыла ў выхаванні нацыянальных інтэлектуалаў.

Рэлігійнае пытанне. Католікі. Яшчэ ў пачатку 1917 г. заснаваны ў Мінску Саюз ксяндзоў-беларусаў налічваў каля 200 чалавек. Тады ж тагачасны Беларускі нацыянальны камітэт і пачаў барацьбу за выкарыстанне ў касцёлах беларускай мовы. А ў 1918 г. гэтая мова ўжо гучала ў многіх храмах. Хрысціянская дэмакратычная злучнасць, пад уплывам дзейнасці БНР і дзякуючы намаганням ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, прыняла новую назву -- Хрысціянская дэмакратычная злучнасць беларусаў -- і ўключыла ў сваю праграму патрабаванне будаўніцтва незалежнай беларускай дзяржавы. 1-га кастрычніка ў Мінску пачала дзейнічаць каталіцкая семінарыя, якая рыхтавала святароў-беларусаў. Яе рэктарам стаў доктар філасофіі Фабіян Абрантовіч. Актыўны ўдзел ў нацыянальных справах віленскіх беларусаў прымалі ксяндзы Уладзіслаў Талочка і Ян Семашкевіч. У адказ каталіцкі клір стварыў у чэрвені 1918 г. у Мінску рымска-каталіцкую кафедру на чале з прапольскім епіскапам Зыгмунтам Лазінскім.

Праваслаўныя. У 1918 г. на Беларусі з’явіліся і праваслаўныя прыходы, дзе пропаведзі чыталіся на беларускай мове. Айцец Андрэй Карніловіч, свяшчэннік Хонаўскай царквы Вілейскага павета склаў цэлы зборнік пропаведзяў на беларускай мове. Святар В.Раманаў выдаў у 1918 г. у Мінску перакладзеную на беларускую мову царкоўную кніжку «Першыя малітвы і пазнанне праваслаўнай веры». Спагадліва ставіўся да БНР і праваслаўны архіепіскап Мінскі і Тураўскі Георгій. Ён згадзіўся супрацоўнічаць з беларускім ўрадам у вяртанні на радзіму эвакуіраваных святароў і царкоўнага дабра. Асаблівая патрэба ў праваслаўных свяшчэнніках адчувалася ў раёнах «старой акупацыі», на Віленшчыне і Гродзеншчыне, дзе пазакрываліся цэрквы і ўзмацнялася паланізацыя беларусаў праз касцёлы. Калі раней толькі палякі ўсіх католікаў, у тым ліку і беларусаў, залічвалі да сваей нацыі, то з атрыманнем дзяржаўнасці тое ж самае пачалі рабіць і літоўцы. Беларусы-католікі сталі для іх літоўцамі. Каб аслабіць анексіянісцкія памкненні з боку польскага і літоўскага духавенства, ўрад БНР дабіўся таго, што летам са згоды немцаў у межах «старой акупацыі» пачалі аднаўляцца праваслаўныя прыходы.

Адукацыя. Акадэмік Яўхім Карскі апекаваўся сярэднімі школамі, доктар Вацлаў Іваноўскі -- прафесійнымі, а кандыдат філалогіі Пецярбургскага універсітэта Браніслаў Тарашкевіч -- народнымі пачатковымі школамі. Пры Народным сакратарыяце працавалі бюро распрацоўкі школьных падручнікаў і таварыства «Прасвета», што займалася іх выданнем. 1-га красавіка былі арганізаваны курсы беларусазнаўства. З 1-га верасня працавалі настаўніцкія курсы, а праз месяц быў заснаваны «Беларускі вучыцельскі саюз» пад кіраўніцтвам Сымона Рак-Міхайлоўскага. Урад БНР арганізаваў збор ахвяраванняў на развіццё асветы. Яны паступалі ад земстваў, ксяндзоў, княгіні Магдалены Радзівіл. У Мінску ўжо ў ліпені дзейнічалі каля 20 пачатковых школ, адчыніўся Беларускі педагагічны інстытут. Яго рэктарам стаў Вацлаў Іваноўскі, а выкладчыкамі – Яўхім Карскі, Браніслаў Тарашкевіч, Усевалад Ігнатоўскі. Стараннямі прафесара Жураўлёва была створана першая Беларуская ўрадавая кансерваторыя. Спецыяльная камісія на чале з прафесарам Мітрафанам Доўнар-Запольскім рыхтавала адкрыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мелася мажлівасць сабраць амаль поўнасцю прафесарскі склад з беларусаў. У Слуцку і Браславе адчыніліся гімназіі, а ў Свіслачы -- настаўніцкая семінарыя.

Культурна-асветная дзейнасць. У 1918 г. у БНР на беларускай мове выходзілі шэсць газет і тры часопісы, працавалі 11 выдавецтваў, якія выпусцілі 35 беларускіх кніг. Актывізавалася і культурнае жыццё. Цэнтрам яго ў Мінску стаў Беларускі народны дом імя Максіма Багдановіча, адкрыты 19 мая. У той жа дзень на базе Таварыства драмы і камедыі ўзнік Беларускі дзяржаўны тэатр БНР. Старшыня Народнага сакратарыята Язэп Варонка заказаў мастаку С.Валянсевічу галерэю партрэтаў выдатных беларускіх пісьменнікаў і вучоных, а сам рыхтаваў да друку «Белую кнігу Беларусі» з асноўнымі моманатамі гісторыі беларускага руху 1917-1918 гг. Са жніўня культурна-асветнай дзейнасцю займаліся такія гурты, як «Бацькаўшчына», «Мінскае таварыства навукі, літаратуры і мастацтва». У маі-чэрвені 1918 г. у Вільні прайшла выстаўка беларускай культуры. Яе ініцыятарамі выступілі германскія беларусазнаўцы доктар Энке, публіцыст Брамэр і беларускі вучоны Іван Луцкевіч. Рыхтавалася выстаўка памяці Францыска Скарыны.

Залежнасць ад спагады акупантаў. Пад наглядам немцаў беларускія лідэры займаліся дзяржаўнай дзейнасцю ва ўсіх яе галінах, акрамя ваеннай. Беларускаму ўраду не дазвалялася мець сваё войска і міліцыю. Ваеннае камандаванне не дапусціла перадыслакацыю ў Беларусь з Румынскага фронту стотысячнага беларускага войска. Расчараванне немцамі падштурхнула беларускіх эсэраў да стварэння сялянскай партызанкі для барацьбы з акупантамі. З гэтай мэты была створана спецыяльная арганізацыя (Саюз беларускага працоўнага сялянства), наладжавалася супрацоўніцтва з бальшавіцкім падполлем. Але як гэта не парадаксальна, толькі пад аховай 10-ай акупацыйнай арміі немцаў беларусы і змаглі даказаць сваю здольнасць да дзяржаўнага будаўніцтва. Іначай, без нямецкіх гарантый, зрабіць гэта наўрад ці ўдалося б ва ўмовах незацікаўленасці бліжэйшых суседзяў.

Запознены перагляд акупацыйнай палітыкі. Паспяховая дзейнасць беларускай адміністрацыі ўражвала. Калі спачатку немцы цярпелі БНР пераважна дзеля папярэджвання супраціўлення акупацыйнаму рэжыму, то ўжо праз некалькі месяцаў пачалі разглядаць яе як істотны фактар у сваіх дыпламатычных планах. Прызнанне беларускай дзяржавы давала мажлівасць кайзераўскай Германіі ліквідаваць небяспечны расійскі клін, якім паводле Брэсцкага міру, была Беларусь. Гэты клін убіваўся паміж новаўтворанымі дзяржавамі -- Украінай і Літвой. У Берліне разумелі і тую карысць, якую прыносіла існаванне ўкраінскай і беларускай дзяржаў для германскай палітыкі адносна Польшчы і Расіі. Нямецкія акупанты разглядалі ўрад БНР як рэзервны, якому пры станоўчым для Германіі выніку вайны можна будзе перадаць усю паўнату ўлады ў Беларусі. Але пагаршэнне ваеннага становішча не дазволіла Нямеччыне ажыццявіць свае планы. Пасля выплаты значнай часткі кантрыбуцыі, як і было раней дамоўлена з савецкай Расіяй, 27 жніўня 1918 г. немцы пачалі датэрміновую эвакуацыю сваіх войскаў з беларускіх земляў паміж Дняпром і Беразіной. А 29 жніўня савецкі ўрад аб’явіў аб скасаванні дагавораў царскай Расіі з Аўстра-Венгрыяй і Прусіяй аб падзелах Рэчы Паспалітай. Ствараліся юрыдычныя падставы для ўтварэння самастойных дзяржаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны. Рабіўся дыпламатычны ход, разлічаны на падтрымку народамі былой Рэчы Паспалітай барацьбы савецкай Расіі з Германіяй і пашырэнне ідэалаў сацыялістычнай рэвалюцыі.

У пошуках выратавання. Міжнароднае становішча БНР ускладнялася. Беларускі ўрад раздзіралі сваркі. У сувязі з адыходам немцаў на захад пасля паражэння ў першай сусветнай вайне ішоў пошук захавання ў Беларусі нацыянальнай дзяржаўнасці. Адны арыентаваліся на Расію, другія -- на Польшчу, трэція на дзяржаўны саюз з Літвой ці з Украінай. Газеты «Беларускі шлях» і «Беларусь» абгрунтоўвалі думку аб заснаванні канфедэратыўнага саюза Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і, магчыма, Украіны для супрацьдзеяння імперскім замахам Расіі і Германіі. На поўную дзяржаўную самастойнасць разлічваць не даводзілася. Пра незалежніцкія ідэалы беларускі народ быў слаба дасведчаны.

Рэарганізацыя ўрада БНР. Каб падняць аўтарытэт беларускага ўрада, у кастрычніку Народны сакратарыят БНР пераймяноўваецца ў Раду народных міністраў. На чале яе ставіцца вельмі аўтарытэтны палітык Антон Луцкевіч. У новы чацвёрты кабінет БНР увайшлі эсэры і сацыял-дэмакраты (між іншым, і Вацлаў Іваноўскі). Сацыялістычны ўрад адразу ж пахінуўся да сацыялістычнай Расіі.

Перамовы з Масквой. Антон Луцкевіч робіць спробу дамовіцца з бальшавікамі. З гэтай мэтай ён едзе ў Кіеў і вядзе там перамовы з вядомым дзеячам бальшавіцкай партыі Х.Ракоўскім, а ў пачатку лістапада робіць візіт у Маскву, дзе, відаць, сустракаецца з Уладзімірам Леніным. Антон Луцкевіч згаджаўся на федэратыўны саюз БНР з бальшавіцкай Расіяй, на ўвядзенне ў Беларусі савецкай канстытуцыі, настойваў толькі на прызнанні ленінскім урадам незалежнасці беларускай рэспублікі. Але савецкі ўрад яшчэ не бачыў у тыя дні неабходнасці для сябе надзяляць Беларусь дзяржаўнай самастойнасцю. Па некаторых дадзеных, удалося дамовіцца толькі аб тым, што ў Мінску пасля адступлення немцаў застанецца частка беларускіх дзеячоў, якія разам з бальшавікамі ўтвораць савецкі беларускі ўрад. Не далі вынікаў і перамовы з “белай” Расіяй (Антонам Дзянікіным), а таксама Польшчай. Украіна сама апынулася ў такім жа цяжкім становішчы.

Пазіцыя Берліна. Яшчэ ў верасні-кастрычніку 1918 г. немцы пакінулі Сененскі, Лепельскі, Аршанскі і Магілёўскі паветы, якія падпадалі пад уладу савецкай Расіі. Рэвалюцыя ў Германіі і яе капітуляцыя на Заходнім фронце (11 лістапада 1918 г.) паскорылі адступленне германскага войска. Дэлегацыя Рады БНР безвынікова хадайнічала ў Берліне аб перадачы ёй улады ў Беларусі пасля адступлення немцаў. Такімі ж безвыніковымі былі і перамовы Рады з Салдацкім саветам 10 нямецкай арміі, які ўзнік у ходзе Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі. Дарэчы, таго ж спрабавалі дабіцца ад Салдацкага савета і аб’яднаныя палітычныя сілы рускіх і яўрэйскіх палітычных партый і арганізацый. Немцы да апошняга стрымлівалі фарміраванне беларускіх вайсковых злучэнняў, бо асцерагаліся, што яны будуць скіраваны супраць выпеставанага імі бальшавіцкага рэжыму ў Расіі. Не скарысталіся акупанты і магчымасцю стварэння адзінага антыбальшавіцкага фронта з вайсковых фарміраванняў Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі. А самі гэтыя дзяржавы такі і не змаглі дамовіцца паміж сабой.

Надзеі на незалежную Літву. Адзінай дзяржавай, якая згадзілася падтрымліваць адносіны з кіраўніцтвам БНР, была Літва. Цікава, што ідэю дзяржаўнага саюза з Літвой спачатку падтрымалі і клерыкальна-памешчыцкія колы Міншчыны. У кіраўніцтве БНР іх прадстаўляў урад Рамана Скірмунта. З пачаткам германскага адступлення (кастрычнік 1918) яны абралі дэлегацыю на чале з Ежы Чапскім і перадалі ад яе імя мемарандум шэфу штаба 10 арміі, дзе прасілі імператара Вільгельма ІІ стварыць пад апекай Германіі Вялікае Княства Літоўска-Беларускае. У лістападзе 1918 г. з літоўскім урадам пачала супрацоўнічаць Віленская беларуская рада, якая накіравала ў Тарыбу Літоўскай Рэспублікі шэсць сваіх прадстаўнікоў (Вацлава Ластоўскі, Дамініка Сямашка, К.Фалькевіч, Уладзіслаў Талочка, Янка Станкевіч, Антон Луцкевіч). Беларускі генерал Кіпрыян Кандратовіч стаў намеснікам міністра абароны Літвы. Пачалося фарміраванне беларускіх вайсковых аддзелаў. Былы першы прэм’ер БНР Язэп Варонка быў запрошаны ў склад літоўскага ўрада на пасаду міністра беларускіх спраў. Ён згаджаўся на нацыянальна-культурную аўтаномію ў рамках літоўскай дзяржавы -- абы толькі не расійская залежнасць. Лідэр віленскіх беларусаў Антон Луцкевіч быў незадаволены памяркоўнасцю Язэпа Варонкі і яго варожасцю да беларусаў-католікаў. Але не толькі Язэп Варонка спадзяваўся тады, што міністэрства беларускіх спраў стане асновай для далейшай дзяржаўнай федэралізацыі двух суседніх народаў. 1-3 снежня 1918 г. Беларускі нацыянальны кангрэс Гродзеншчыны вынес рэзалюцыю аб далучэнні гродзенскай часткі БНР да Літвы дзеля абароны ад Польшчы. Большасць беларускіх дзеячаў ішла на супрацоўніцтва з літоўцамі з надзеяй захаваць беларускую дзяржаўнасць хоць бы ў форме канфедэрацыі Беларусі і Літвы.

Захоп БНР расійскімі бальшавікамі. Адразу ж пасля таго, як у Германіі выбухнула рэвалюцыя, Уладзімір Ленін дэнансаваў Брэсцкі мірны дагавор і 17 лістапада Чырвоная Армія пачала наступ на Беларусь. Савецкая Расія не прызнала незалежнасці Беларусі. Актывізавалася бальшавіцкае падполле. 10 снежня чырвонаармейцы захапілі Мінск, а 5 студзеня 1919 г. -- Вільню. Услед за немцамі Палессе пакінулі і ўкраінцы. Створаны намаганнямі мясцовых левацэнтрысцкіх партый «Дэмакратычны краёвы цэнтр» спрабаваў супрацьстаць бальшавіцкай агрэсіі, але безвынікова. Захоп тэрыторыі Беларусі чырвонымі часцямі і ўзнаўленне ці ўстанаўленне тут савецкай улады суправаджалася рабункамі, канфіскацыямі маёмасці, арыштамі і расстрэламі ворагаў савецкай улады і ўвогуле ўсіх падазроных. Беларускія эсэры абвясцілі савецкую Расію другім пасля Германіі акупантам беларускай зямлі. 3-га снежня 1918 г. Рада і ўрад БНР перабраліся ў Вільню. Тарыба да гэтага часу ўжо ўстанавіла кантроль над беларускімі землямі Віленскай губерні, а таму знаходжанне ў Вільні беларускага ўрада, які пратэставаў супраць гэтага, было для літоўскага кіраўніцтва непажаданым. 27 снежня кабінет Антона Луцкевіча пераехаў у Гродна і знаходзіўся там пакуль нямецкія войскі не пакінулі горад у красавіку 1919 г. З набліжэннем чырвонаармейцаў і кіраўніцтва Літвы ў пачатку студзеня 1919 г. перабралася з Вільні ў Коўну. Міністэрства беларускіх спраў спрабавала замацавацца ў Гродне, але ў сакавіку вымушана было ехаць услед за літоўскімі апекунамі. Частка беларускіх дзеячаў БНР (у іх ліку Вацлаў Іваноўскі, Язэп Лёсік) засталіся ў Мінску з надзеяй паразумецца з беларускімі бальшавікамі і пад апекай Масквы стварыць кааліцыйны ўрад. Аднак марна.

Чаму БНР не змагла абараніць сябе. БНР не змагла абаперціся на дзеяздольнае беларускае войска. Яго стварэнню перашкаджалі і Часовы ўрад, і бальшавіцкі рэжым, і нямецкія акупанты. Не было дастатковай падтрымкі беларускага насельніцтва, якое заставалася халодным да беларускага руху. Не хапала афіцэрскіх кадраў за-за малалікасці беларускай інтэлігенцыі. Не ўдалося аб’яднаць пад штандарты беларускай арміі мабілізаваных на вайну мужчын Беларусі, расцярушаных па франтах па-за межамі роднага краю. На беларускіх землях знаходзілася, як мяркуе Алег Латышонак, удвая болей расійскіх і нямецкіх салдат, чым мужчын-беларусаў, здольных насіць зброю. Не хапала сродкаў. Іх маглі даць памешчыкі, але яны звязвалі свае надзеі з адраджэннем Рэчы Паспалітай. Іх маглі даць яўрэйскія прадпрымальнікі, але яны былі раўнадушнымі да беларускага руху і, як беларускія сяляне, больш спадзяваліся на Расію і нармалізацыю расійскага жыцця. Супраціў Беларусі аслаблялі экспансіянісцкія памкненні рускіх, палякаў, літоўцаў, украінцаў. І нягледзячы на ўсё гэта, беларускім патрыётам усё ж удаецца стварыць – і не проста беларускі ўрад, а Беларускую Народную Рэспубліку, якая на доўгія гады становіцца ўзорам і сімвалам нацыянальнай дзяржаўнасці.

Бальшавіцкі ўрад савецкай Расіі, руйнуючы БНР, прапаноўваў сваю мадэль савецкай дзяржаўнасці. У жыхароў Беларусі быў выбар.



Дзейнасць беларускіх камуністаў. Ленінскі ўрад меў справу з беларускім рухам, які разгортваўся на тэрыторыі савецкай Расіі сіламі бежанцаў і беларускіх камуністаў. Беларуская праца гуртавалася вакол Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама), які быў створаны бальшавіцкім урадам у Петраградзе 31 студзеня 1918 г. пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей. “Камісарам беларусаў” прызначылі Аляксандра Чарвякова, яго таварышам -- Уладзіслава Скарынку, сакратаром -- Зміцера Жылуновіча. Ініцыятарам стварэння Белнацкама выступіла Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП), якая ўзнікла восенню 1917 г. на базе петраградскіх арганізацый БСГ, а ў красавіку 1918 г. ператварылася ў звычайную беларускую секцыю Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) -- РКП (б). Такія секцыі ўзнікалі сярод бежанцаў і ў іншых гарадах Расіі. У сакавіку 1918 г. Белнацкам пераехаў у Маскву і працаваў там на працягу года. У Петраградзе, Віцебску і Смаленску былі створаны яго аддзелы. А ў расійскія губерні, дзе пражывалі беларусы, пасылаліся эмісары. Апарат Белнацкама вельмі варожа ставіўся да БНР і заклікаў беларусаў да пакорлівасці бальшавікам. Яго незалежніцкія памкненні не выходзілі за межы стварэння Беларускай вобласці на правах аўтаноміі ў складзе савецкай Расіі.

Фота 50. Зміцер Жылуновіч ( Цішка Гартны). (З архіва БелЭн).



Пазіцыя абласнікоў. Аднак нават такую вельмі сціплую праграму кіраўнікі Аблвыкамзаха і Паўночна-заходняга абкама РКП (б), якія перабраліся з Мінска ў Смаленск, не падтрымлівалі. У красавіку 1918 г. неакупіраваныя немцамі часткі Магілёўскай і Віцебскай губерняў разам з губерняй Смаленскай былі аб’яднаны ў Заходнюю вобласць. У верасні 1918 г. дэлегаты ІІІ з’езда саветаў гэтай вобласці, назвалі сваю падапечную тэрыторыю Заходняй камунай. Прапанаваная Белнацкамам назва «Беларуска-Літоўская вобласць» для абласнікоў не падыходзіла. На ўсходнебеларускіх землях стаўленнікі Масквы не адчынілі ніводнай беларускай школы, не выдалі ніводнага беларускага падручніка.

Нацыянальная актыўнасць бежанцаў. Больш радыкальна была настроена беларуская бежанская грамадскасць. Яна выказвалася за асобную савецкую беларускую рэспубліку ў складзе Расіі. І гэта было вынікам таго нацыянальнага самасцвярджэння, якое не маглі прыпыніць і бальшавікі. У 1918 г. у Петраградзе працавалі вышэйшыя курсы па беларусазнаўству, у Маскве -- Беларускі народны ўніверсітэт, дзе выкладалася беларусазнаўства. Культурна-асветныя гурткі беларусаў дзенічалі у Архангельску, Арэнбургу, Калузе, Арле -- практычна ўсюды, дзе пражывалі бежанцы з Беларусі.

Гродзенскі фарпост БНР. У сярэдзіне лютага 1919 г. Чырвоная Армія замацавалася на лініі Вільня--Ліда--Слонім--р.Шчара--Агінскі канал--Сарны. Большая частка БНР апынулася пад уладай савецкай Расіі. Па меры прасоўвання на захад бальшавікі сутыкаліся з ўсё большай папулярнасцю ідэі беларускай дзяржаўнасці, якую пакінула пасля сябе БНР. Да таго ж яе ўлада яшчэ трымалася на Гродзеншчыне. Нягледзячы на супрацьдзеянне палякаў, яна аж да адыходу немцаў (красавік 1919) заставалася жыццядзейным кавалкам беларускай рэспублікі. Стараннямі каменданта Гродны Мікалая Дземідава ўдалося стварыць І-ы Беларускі полк пяхоты. Функцыяніравалі беларускія культурныя ўстановы (“Беларуская хатка”, “Лучына”, “Бацькаўшчына”), працавалі беларускія школы, выходзілі беларускія газеты, на дамах віселі бела-чырвона-белыя сцягі. Дзейнічалі беларускія камісары і павятовыя рады, якія вясной збіраліся дзяліць памешчыцкія землі. Раслі беларускія гурткі, развіваўся нацыянальны тэатр. Для маскоўскіх камісараў станавілася відавочным, што без дэкларавання беларускай дзяржаўнасці на беларускіх землях не ўтрымацца.

Палітычныя гульні з беларускай суверэннасцю. Спачатку ў Маскве планавалася стварэнне савецкай Літвы, да якой павінны былі адыйсці большасць беларускіх земляў. 23 снежня 1918 г. бальшавіцкі Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт (пастаянны вышэйшы орган савецкай улады) прыняў рашэнне аб захаванні для беларусаў усяго толькі Заходняй камуны. Аднак ўжо 25 снежня з Масквы ў Смаленск, дзе знаходзілася кіраўніцтва Заходняй камуны, прыйшла тэлеграма ЦК РКП(б) з дазволам на фарміраванне беларускага савецкага ўрада. Часткова гэта было звязана з адраджэннем Польшчы, дзе пэўнымі палітычнымі коламі ставілася пытанне аб адбудаванні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У бальшавікоў не было ўпэненасці, што яны замацуюцца ў Вільні. Таму фактар польскай пагрозы стаў для іх апошнім доказам неабходнасці стварыць беларускую савецкую рэспубліку, якой адводзілася роля буфера паміж Расіяй і Польшчай. Паўплывала на рашэнне РКП(б) і канферэнцыя беларускіх камуністычных секцый, якая прайшла ў Маскве 21-23 снежня і выказалася за дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі. Беларускае пытанне абмяркоўвалася на пасяджэннях Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў, які ўзначальвася Іосіфам Сталіным. І гэты бальшавіцкі камісар выказаў тады патрабаванне, каб правы будучага цэнтральнага бюро Кампартыі Беларусі і аддзелаў будучага ўрада савецкай Беларусі заставаліся такімі ж, як былога Аблвыканкама партыі і аддзелаў Аблвыкамзаха. Іосіф Сталін раіў Аляксандру Мяснікову правесці толькі некаторыя змены структуры Аблвыкамзаха. Вось такая рыхтавалася беларусам «суверэннасць».

Смаленская канферэнцыя. Узброеныя «каштоўнымі ўказаннямі» таварыша Сталіна, група Аляксандра Мяснікова правяла 30-31 снежня ў Смаленску YІ Паўночна-заходнюю абласную канферэнцыю бальшавікоў, абвясціўшы яе І з’ездам КП(б)Б як непадзельнай часткі РКП(б). Аляксандр Мяснікоў прапанаваў выказацца за абвяшчэнне беларускай савецкай рэспублікі. Ён тлумачыў неабходнасць гэтага выключна знешнепалітычнымі абставінамі. З’езд прыняў прапанову Мяснікова аб стварэнні савецкай Беларусі ў межах Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў з часткамі сумежных з імі суседніх губерняў (Віленскай і Чарнігаўскай), дзе пераважала беларускае насельніцтва. Памеры будучай рэспублікі прыкладна супадалі з тэрыторыяй рассялення беларускага этнасу, якую вызначыў акадэмік Яўхім Карскі. Старшынёй Цэнтральнага бюро Кампартыі Беларусі стаў Аляксандр Мяснікоў. Ад беларускіх камуністычных секцый у склад пятнаццаціасабовага кіруючага органа партыі ўвайшло толькі двое, ды і то Зміцер Жылуновіч хутка пакінуў мяснікоўцаў. Там жа, на з’здзе, бальшавікі сфарміравалі склад беларускага ўрада, хоць не мелі на тое ніякіх паўнамоцтваў ад беларускага народа. Спіс камісараў-міністраў ўжо загадзя прадыктавала Масква. Яна дапусціла да кіравання Беларуссю тых жа мяснікоўцаў, пераважна не беларусаў, і прадстаўнікоў камуністычных беларускіх секцый, якія супрацоўнічалі з бальшавікамі, бо верылі ў іх добрыя намеры і не бачачылі іншага шляху дабіцца хоць нейкай дзяржаўнасці для сваёй Айчыны. Старшынёй беларускага ўрада стаў Зміцер Жылуновіч. Сярод народных камісараў было дзесяць прадстаўнікоў Заходняй камуны і сем прадстаўнікоў беларускіх секцый Расійскай кампартыі (бальшавікоў). Беларускія камуністы, народныя камісары Зміцкр Жылуновіч, Усевалад Фальскі, Язэп Дыла, Аляксандр Чарвякоў і інш.) патрабавалі выключэння з урада Аляксандра Мяснікова, Майсея Калмановіча і Рычарда Пікеля, якія раней актыўна выступалі супраць стварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці. Напужаны Аляксандр Мяснікоў 1 студзеня 1919 г. накіраваў тэлеграму-скаргу Іосіфу Сталіну, і той катэгарычна патрабаваў ад Зміцера Жылуновіча падпарадкавацца рашэнням ЦК партыі. Такім чынам кучка партыйцаў выдала сваю канферэнцыю за Устаноўчы сход і вырашыла лёс цэлага народа.
1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка