Беларусь у перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і грамадзянскай вайны. Стварэнне беларускай дзяржаўнасці




старонка2/5
Дата канвертавання17.03.2016
Памер0.83 Mb.
1   2   3   4   5

Адкрыццё з’езду. Усебеларускі з’езд пачаўся 15 снежня. На ім сабралася 1872 прадстаўнікі беларускага народа. Ні адной нацыі за перыяд расійскай «смуты» не ўдалося арганізаваць такога прадстаўнічага форума. На з’езд прыехалі пасланнікі ад усёй этнаграфічнай Беларусі, ад усіх франтоў і тыла. Большасць дэпутатаў у палітычных адносінах належала да партыі эсэраў і да беспартыйных. Па сацыяльнаму складу з’езд з’яўляўся пераважна сялянскім. Бальшавікам не ўдавалася кантраляваць ход падзей. Дэлегатам надавала ўпэўненасць пісьмовае сведчанне ад народнага камісара па справах нацыянальнасцяў Іосіфа Сталіна, што пастанова з’езда будзе абавязковай для савецкай улады. А ў той жа час кіраўнік бальшавіцкай адміністрацыі на Беларусі Аляксандр Мяснікаў інструктаваў сваіх таварышаў, як пасварыць дэлегатаў і зрабіць з’езд безвыніковым.

Гвалтоўны разгон з’езду бальшавікамі. У ноч з 17 на 18 снежня дэлегаты прыступілі да пытання аб абвяшчэнні беларускай рэспублікі. Убачыўшы, што перацягнуць на свой бок з’езд не ўдаецца, Савет народных камісараў Заходняй вобласці на чале з Карлам Ландарам прыняў рашэнне разагнаць яго. Каля гадзіны ночы 18 снежня падагрэтыя гарэлкай вайскоўцы акружылі памяшканне, дзе праходзіў з’езд, а праз паўгадзіны ўварваліся ў залу пасяджэння і пусцілі ў ход прыклады. Дэлегаты ўзвялі барыкады і, пакуль камісары пераадольвалі іх ды «загадвалі з’езду маўчаць», паспелі прыняць рэзалюцыю аб увядзенні ў межах беларускай зямлі рэспубліканскага ладу, а таксама вылучыць са свайго асяроддзя орган краёвай улады -- Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў для кіравання краем да склікання Беларускага устаноўчага сходу. Калі прэзідыум з’езду на чале з Іванам Серадой быў арыштаваны, яго месца занялі новыя дэлегаты на чале з Міхаілам Гольманам. Пад прыцэлам бранявікоў яны паспелі прыняць рэзалюцыю пратэсту супраць дзеянняў кіраўніцтва Заходняй вобласці і непрызнання яго ўлады. Дэлегаты Усебеларускага з’езду не парывалі з бальшавіцкай Расіяй (задавальняліся аўтаноміяй і нават асцерагаліся адарвання краю ад Расіі), не адвяргалі савецкай ўлады. Яны толькі жадалі ўвесці яе ў Беларусі без дыктату франтавых камісараў.

Пераможцы і пераможаныя. У ноч з 19 на 20 снежня быў зроблены напад на былы дом губернатара, дзе месціліся кіраўніцтва Вялікай Беларускай рады, Беларускай вайсковай рады і БСГ. І зноў баявікі знаходзіліся ў нецвярозым стане. Удзень 20-га прадстаўнікі беларускіх арганізацый вымушаны былі перасяліцца на вул.Паліцэйскую (№2), а Мяснікаў Аляксандр і Карл Ландар наладзілі ў Мінску парад перамогі. З нагоды разгону з’езда ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Оршы, Полацку, Ігумене прайшлі мітынгі пратэсту. Адносіны мінчан да бальшавікоў сталі яшчэ больш недаверлівымі і нават варожымі. У апошнія дні снежня ў Мінску прайшлі забастоўкі, але адкрытае выступленне супраць мяснікоўцаў, як да таго заклікаў з’езд, не адбылося.

Палітычная нявопытнасць патрыётаў. Беларускія дзеячы, у адрозненне ад бальшавікоў, не мелі ні вопыту палітычнай барацьбы, ні моцнай партыі. Ва ўмовах Расіі асноўнымі праваднікамі нацыянальных ідэй дзесяцігоддзямі выступалі грамадскія навукова-асветныя гурткі без выразнай структуры. Беларускія патрыёты хацелі звязаць лёс свайго краю з Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікай, якой не існавала. Яны настойліва прапаноўвалі сваю мадэль федэратыўнай дзяржаўнасці, калі ўжо Расія стала савецкай (не дэмакратычнай), а Украіна -- народнай рэспублікай. Да адбудавання краю заклікаліся толькі беларусы і сяляне. Нацыянальныя лідэры доўга не адважваліся ўзяць уладу, спадзеючыся, што яна прыдзе да іх ад бальшавікоў -- і ў рэшце рэшт атрымалі ад камісараў палітычны ўрок. Тым не менш, дэлегаты з’езду фактычна дэкларавалі ідэю беларускай народнай рэспублікі.

Пераход дэлегатаў з’езда на нелегальнае становішча. Выбраная на Усебеларускім з’ездзе Рада гэтага з’езду (Усебеларускі савет) у складзе 56 чалавек на чале з Язэпам Лёсікам перайшла на нелегальнае становішча. Яна стала юрыдычнай пераемніцай усёй паўнаты ўлады, якая раней належала разагнанаму з’езду. Ужо 18 снежня ўцалелыя дэлегаты патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і пацвердзілі за Радай усебеларускага з’езду ролю выканаўчага органа разагнанага з’езду. Было вырашана таксама Цэнтральную Беларускую вайсковую раду падпарадкаваць Радзе ўсебеларускага з’езду, а іншыя палітычныя аб’яднанні з функцыямі кіравання распусціць. Са складу Рады быў вылучаны больш сціслы працоўны орган -- Выканаўчы камітэт Рады ўсебеларускага з’езду ў складзе 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Камітэт атрымаў даручэнне заняцца беларусізацыяй саветаў на месцах, а як толькі стане магчымым, узяць уладу ў свае рукі.

Бальшавіцкі рэжым. Пакуль жа гаспадарамі ў краі выступалі мясцовыя бальшавікі-мяснікоўцы. Напачатку студзеня яны разагналі практычна ўсе гарадскія думы, управы і земствы. У Мінску 2 студзеня выбухнуў галодны бунт, і бальшавікі задушылі яго з дапамогай зброі. Камісары перыядычна наляталі на рынкі і канфіскоўвалі ў гандляроў мыла, соль, тытунь, запалкі, муку. Працягваліся рэквізіцыі па вёсках. Беларускае падполле было бездапаможным. На баку бальшавікоў знаходзілася армія, а сяляне падтрымлівалі нацыянальны рух слаба.

Змаганне за беларускае войска. Патрабавалася вайсковая падтрымка. Але дэкрэт Мікалая Крыленкі аб нацыянальных палках у Беларусі не выконваўся. Затое на Румынскім фронце яго галоўнакамандуючы генерал Шчарбакоў ствараў для беларусізацыі вайсковых злучэнняў самыя спрыяльныя ўмовы. Ужо 28 снежня ў адказ на разгон Усебеларускага з’езду франтавыя нацыянальныя дзеячы дабіліся ўтварэння Беларускай вайсковай камісіі для арганізацыі беларускіх вайсковых часцей. Беларускімі вайсковымі справамі на Украіне займаўся камісар Беларускай вайсковай рады Павел Аляксюк. У канцы лютага статысячнае беларускае войска рыхтавалася да адпраўкі на Бацькаўшчыну. Яно мела артылерыю і браневікі. Беларускія вайсковыя аддзелы арганізаваліся ў Адэсе, Пскове, Віцебску, Смаленску.

Дзейнасць беларускага падполля ў Мінску. Падпольная дзейнасць канцэнтравалася вакол Беларускай вайсковай рады, якая дабілася сваёй легалізацыі пад назвай Беларускі савет салдацкіх дэпутатаў. Маленькімі групамі ў горад прыбывалі беларускія вайскоўцы і ўліваліся ў 289-ы пяхотны полк. Расейцы звальняліся на адпачынак і дэмабілізаваліся. У кожнай роце засноўваўся беларускі камітэт. Такая ж беларусізацыя праводзілася і ў мінскай каравульнай камандзе. Справай кіраваў паручнік Канстанцін Езавітаў, які стаў на чале выканкама ЦБВР. Адначасова вялася нацыянальная агітацыя па навакольных вёсках. Збіралася зброя. Актыўным агітатарам за беларускую справу выступаў Сымон Рак-Міхайлоўскі. Беларуская вайсковая рада набывала аўтарытэт. Здаралася, што ў яе памяшканні праходзілі і сходы Украінскай вайсковай рады Заходняга фронту.

Першыя праявы польскіх прэтэнзій на Беларусь. 12 студзеня 1918 г. Першы польскі корпус на чале з Юзафам Доўбар-Мусніцкім адмовіўся падпарадкоўвацца ленінскаму ўраду і неўзабаве захапіў Рагачоў, Жлобін, Бабруйск, шэраг чыгуначных станцый. Савет народных камісараў Заходняй вобласці нічога не зрабіў, каб не дапусціць гэтага выступлення. Палякам маглі аказаць супраціўленне беларускія часці, але яны былі разагнаны мясцовымі камісарамі. Польскія аддзелы абаранялі жыццё і маёмасць абшарнікаў і іншых грамадзян каталіцкай веры, бо чырвонаармейцы рабавалі маёнткі, забівалі нават параненых польскіх жаўнераў і медыцынскіх працаўнікоў. Разам з тым Польскі корпус душыў сялянскія выступленні. У Мінску працавала Польская вайсковая арганізацыя (ПВА), а таксама знаходзіўся нелегальны Вярхоўны польскі камітэт, які кіраваў усёй вайсковай справай у Расіі, у тым ліку дзейнасцю Юзафа Доўбар-Мусніцкага і Мінскай ПВА. Польскія вайсковыя арганізацыі падпольна дзейнічалі ў Вільні і ў паветах Заходняй Беларусі. На беларускіх землях побач з расійскім узмацняўся яшчэ адзін чужы полюс улады -- польскі. І ён меў падтрымку з боку мясцовых землеўласнікаў. Адраджэнне беларускай дзяржаўнасці нічога добрага для іх не абяцала. Беларускія сацыялісты ўжо заявілі аб свім намеры раздзяліць памешчыцкія землі паміж сялянамі.

Падрыхтоўка беларускіх дзеячаў да ўзяцця ўлады. З студзеня 1918 г. выканкам Рады ўсебеларускага з’езду па яго прапанове папоўніўся прадстаўнікамі ад яўрэяў і іншых нацыянальных груп. Бесперапынна працавала Цэнтральная Беларуская вайсковая рада. Ёй дапамагалі, рызыкуючы жыццём, прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый і ўрадавых устаноў. Чакаўся прыход беларускіх падраздзяленняў з Адэсы, Кіева, Віцебска. Мінскае інтэнданцтва патаемна ад Аблвыканзаха і пры ўдзеле Васіля Захаркі назапашвала абмундзіраванне. І калі амаль ўсё было падрыхтавана, каб адхіліць бальшавікоў ад улады, беларускае кіраўніцтва зноў напаткала няўдача. У ноч з 26 на 27 студзеня бальшавікі зрабілі чарговы налёт на штаб-кватэру Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады. Было арыштавана шэсць кіраўнікоў, у тым ліку Канстанцін Езавітаў, Язэп Мамонька, Васіль Захарка. Дзейнасць Рады была забаронена. Адразу ж пасля разгрому Цэнтральнай беларускай вайсковай рады ў Кіеве, Адэсе і Ясах пачаліся перамовы з украінскім і румынскім урадамі аб хутчэйшым пераходзе беларускіх палкоў праз украінска-савецкі фронт, каб у далейшым прабівацца на Мінск. Недзе 14 лютага ў Віцебску адбылася сутычка Беларускай вайсковай рады Паўночнага фронта з бальшавіцкімі ўладамі. Беларусы-вайскоўцы ўзялі верх над чырвонагвардзейцамі і выгналі іх разам з бальшавікамі з горада. Усе мясцовыя арганізацыі і прафсаюзы падтрымалі Раду. Яна ўзяла ўладу ў свае рукі і рыхтавалася дапамагчы Мінску. А беларускі конны полк у Оршы ўжо пачаў туды прабівацца. Але 17 лютага бальшавіцкі польскі дывізіён напаў на Беларускую вайсковую раду Паўночнага фронта, арыштаваў яе сяброў, абяззброіў Беларускую каравульную каманду і перадаў арыштаваных і ўладу ў Віцебску бальшавіцкаму савету. Беларускім сілам увесь час прыходзілася капітуліраваць перад бальшавікамі.

Уцёкі бальшавікоў. Пасля таго, як савецкая дэлегацыя сарвала Брэсцкія перамовы, 18 лютага 1918 г. немцы распачалі наступленне па ўсяму Усходняму фронту. У Мінску прыйшлі ў рух беларускія сілы, гатовыя выступіць супраць камісараў, і тыя 19 лютага ледзь паспелі ўскочыць у чыгуначныя вагоны. Наўздагонку ім несліся насмешкі, ляцела каменне. Усяго няпрошаных «правадыроў», што ўцякалі ў Смаленск, набралася трошкі больш сотні. Верных ахоўнікаў камісараў засталося каля двухсот. Уцекачы прыхапілі з сабой усю грашовую наяўнасць. Беларускія лідэры спрабавалі адняць грошы. Камісары ўпарта супраціўляліся, пагражалі страляць з гармат па гораду, забілі некалькі чыгуначнікаў -- пакуль працаўнікі чыгункі нарэшце не прычапілі да вагонаў лакаматыў. А наступленне немцаў працягвалася. Савецкая Расія так і не змагла абараніць Беларусь ад нямецкай акупацыі.
3. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Беларусі і Літоўска-Беларускай ССР.
Выхад з падполля нацыянальных дзеячоў. У той жа дзень 19 лютага, калі бальшавікі ўцякалі з Мінска, вызваленыя з турмы лідэры Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады сабраліся, каб узяць на сябе забеспячэнне парадку і бяспекі ў горадзе. Камендантам Мінска стаў Канстанцін Езавітаў. Да канца дня 19 лютага беларускія сілы кантралявалі асноўныя аб’екты Мінска. Але тут умяшаліся сябры Польскай вайсковай арганізацыі і некаторыя польскія вайскоўцы з корпуса Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Позна ўвечары таго ж дня яны пачалі раззбройваць атрады беларускай камендатуры. У ход ледзь не пайшла зброя, але ўдалося дамовіцца аб стварэнні агульнай беларуска-польскай ваеннай камендатуры і падзеле горада на два сектары. Беларускія сілы кантралявалі паўночна-заходнюю частку разам з плошчай Свабоды.

Абвяшчэнне беларускай улады і першага нацыянальнага ўрада. Выйшаў з падполля і Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага з’езду. Выконваючы волю Ўсебеларускага з’езду, ён абвяшчае сябе вышэйшай уладай у Беларусі, вылучае са свайго складу першы беларускі ўрад -- Народны сакратарыят Беларусі на чале з Язэпам Варонкам -- і абяцае хуткае скліканне Усебеларускага ўстаноўчага сходу. Усё гэта адзначаецца ў Першай устаўной грамаце да народаў Беларусі, апублікаванай 21 лютага. Яе складальнікі не ўспомнілі пра стары палітычны пастулат аб аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, але і абвясціць Беларусь незалежнай дзяржавай не адважыліся. У склад Народнага сакратарыяту ўвайшлі сябры БЦВР Яфім Белевіч, Іван Серада, Тамаш Грыб, Пётр Крачэўскі, Канстанцін Езасітаў. Узнавілася дзейнасць мінскай гарадской думы. На супрацоўніцтва з новым урадам пагадзіліся вядомыя земскія дзеячы. Беларускія часці аб’ядналіся ў Першы мінскі Беларускі полк пад кіраўніцтвам І.Радкевіча, шэфам міліцыі стаў вядомы тэатральны дзеяч Фларыян Ждановіч. Становішча заставалася напружаным. Перамір’е з палякамі мела часовы характар. Адзін і другі бок чакалі прыходу немцаў. Урэшце, кіраўніцтва Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады не дапусціла захопу горада польскімі вайскоўцамі і тым забяспечыла працу беларускіх палітычных структур.

Другое наступленне немцаў. Але самастойная дзяржаўная дзейнасць беларусаў працягвалася нядоўга. З 25-га лютага ў Мінску запанавалі немцы, якія з’явіліся тут яшчэ 21 лютага. Усталяваўшы сваю ўладу ў горадзе, яны забралі касу Народнага сакратарыята, сарвалі з яго будынка бела-чырвона-белы сцяг і выгналі службоўцаў. Беларускія вайсковыя фарміраванні раззбройваліся. Новыя гаспадары не прызналі беларускай улады, бо лічылі Беларусь часткай савецкай Расіі. Не прызнаваліся немцамі і польскія арганізацыі ў Мінску, у тым ліку і вайсковыя. Аднак ў выніку перамоваў, 28 лютага нямецкая ваенная адміністрацыя ў Мінску дазволіла дзейнасць Народнага сакратарыята ў якасці беларускага прадстаўніцтва. Акупанты прасунуліся на ўсход да Дняпра. Пад уладай савецкай Расіі засталіся толькі Смаленская, усходняя частка Магілёўскай і Віцебскай губерняў (шэсць паветаў поўнасцю і дзевяць часткова). Наступленне суправаджалася рабаваннем.

Брэсцкі мір і яго вынікі для Беларусі. 3-га сакавіка ў Брэсце паміж савецкай Расіяй і Германіяй разам з яе саюзнікамі быў падпісаны трактат аб міры. Пра Беларусь у ім нават не ўспаміналі. Яна трактавалася як частка тэрыторыі Расіі. Брэсцкі дагавор узаконьваў падзел беларускіх зямель паміж ваюючымі бакамі. Рабілася гэта за плячыма саміх беларусаў. Савецкая Расія адмаўлялася ад тэрыторый першай акупацыі (Эстоніі, Латвіі, Літвы і паўночна-заходняй Беларусі). Іх лес павінна была вырашаць Германія. Большая частка Беларусі да Дняпра і нават за Дняпром, занятая нямецкімі войскамі да моманту заключэння Брэсцкага міру, заставалася акупіраванай нямецкімі войскамі да выплаты Расіяй шасцімільярднай кантрыбуцыі (золатам, зернем, іншымі таварамі). Беларуская тэрыторыя на усход ад Дняпра дасталася расійскім бальшавікам. Адначасова савецкая Расія прызнавала незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі і яе права на Брэсцкі, Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі і Гомельскі паветы. Беларускія лідэры спачатку пратэставалі супраць узаконенай акупацыі немцаў. Але нельга было выключыць і верагодную мажліваць неяк дамовіцца з новымі гаспадарамі. Дзеля таго Народны сакратарыят склаў спецыяльны мемарандум да акупацыйных улад з абгрунтаваннем неабходнасці беларускай дзяржаўнасці. Згодна з Брэсцкім дагаворам, немцы абавязаліся не прызнаваць на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ніякіх новых дзяржаў, абвешчаных пасля 3 сакавіка, гэта значыць і БНР. Яна лічылася часткай тэрыторыі савецкай Расіі і разглядалася, як своеасаблівы залог пад кантрыбуцыю, якую ленінскі ўрад абавязаўся заплаціць Нямеччыне. І ўсё ж старанні Народнага сакратарыята не былі дарэмнымі. Афіцыйна не прызнаны, ён, тым не менш, атрымаў мажлівасць распачаць нарматыўную дзейнасць і хоць неяк ратаваць Беларусь, якую расцягвалі на кавалкі.

Абвяшчэнне БНР і яе канстытуцыйных прынцыпаў. 9-га сакавіка 1918 г. Выканкам Рады Усебеларускага з’езду ў адказ на Брэсцкі мір, які дзяліў Беларусь паміж Расіяй і Германіяй, выдае Другую ўстаўную грамату да народаў Беларусі, якая з’яўляецца канстытуцыйнай. У ёй нарэшце гаворыцца аб утварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі ў межах рассялення і колькаснай перавагі беларусаў. Заканадаўчую ўладу атрымлівае Рада (старшыня -- Іван Серада), а выканаўчую -- Народны сакратарыят (Алесь Бурбіс, Іван Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Канстанцін Езавітаў, Антон Аўсянік, Леанард Заяц). Канчатковае рашэнне пытання аб уладзе ў Беларусі перакладавалася на ўстаноўчы сейм, абраны шляхам свабодных выбараў. У Грамаце сцвярджаюцца сацыялістычныя прынцыпы. Шануюцца правы нацыянальных груп, касуецца прыватнае ўладанне зямлёй, якая перадаецца тым, хто на ей працуе, уводзіцца васьмігадзінны рабочы дзень. Па свайму дэмакратызму канстытуцыйная беларуская Грамата стаіць вышэй канстытуцыі савецкай Расіі 1918 г. У БНР ніхто не пазбаўляецца права выбіраць і быць абраным. У ёй забараняецца вайна супраць рэлігіі і ўсялякая цэнзура. БНР паўставала як сацыялістычная дзяржава. Немцы да фарміравання дзяржаўных структур Беларусі ніякага дачынення не мелі. Члены Рады і ўрада БНР былі абраннікамі беларускага народа (Усебеларускі сход, снежнь 1917 г.).

Аб’яднанне палітычных сіл Мінска і Вільні. Акрамя Мінска, значны палітычны асяродак беларусаў склаўся ў Вільні. Прыхільнікам беларускай справы ўдалося сабрацца там 25-27 студзеня 1918 г. на канферэнцыю і стварыць Віленскую Беларускую раду. 18 лютага гэтая Рада аб’явіла аб разрыве сваіх сувязей з Расіяй, а пасля таго, як літоўцы 19 лютага аб’явілі незалежнасць, адмовілася і ад планаў стварэння канфедэратыўнай літоўска-беларускай дзяржавы. У Мінску ж Рада Усебеларускага з’езду абвясціла сябе ў сакавіку Радай БНР і запрасіла ў свой склад дзевяць прадстаўнікоў Віленскай Беларускай рады. Сярод каапціраваных былі Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі. У Раду БНР увайшлі таксама прадстаўнікі земстваў, гарадскіх самаўпраўленняў, нацыянальных груп у Беларусі (палякі, яўрэі, рускія, украінцы, літоўцы).

Абвяшчэнне незалежнасці БНР. 23 сакавіка віленскіх членаў Рады БНР запрасілі на пасяджэнне Народнага сакратарыята. Абмяркоўвалася балючае пытанне: дзе ўзяць грошы. З прычыны таго, што бальшавікі, а потым немцы абрабавалі мінскую касу, было вырашана папрасіць пазыку ва ўрада Украінскай Народнай Рэспублікі. І гэтае рашэнне стала для Антона Луцкевіча падставай для выступлення з прапановай: перш, чым пасылаць дэлегацыю ў Кіеў, абвясціць незалежнасць Беларусі. Ён аргументаваў гэта наступным чынам. БНР фармальна з’яўляецца тэрыторыяй Расіі, бо федэратыўная сувязь з ёй, абвешчаная на Ўсебеларускім з’ездзе, ні Першай, ні Другой устаўнымі граматамі не касавалася. А таму ўкраінскі ўрад, які прызнаваўся і Расіяй, і Нямеччынай, не мог пазычыць грошы расійскай тэрыторыі без дазволу Масквы. Прымаць жа ад украінцаў ахвяраванне супярэчыла б годнасці беларусаў. Па-другое, абвяшчэнне незалежнасці стала б пратэстам супраць Брэсцкага міру, супраць падзелу Беларусі. На чарговым пасяджэнні Рады, якое пачалося а 8 гадзіне вечара 24 сакавіка, фракцыя БСГ унесла прапанову аб абвяшчэнні незалежнасці БНР. Даклад аб неабходнасці дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі зрабіў кіраўнік фракцыі, фактычна старшыня БСГ, народны сакратар земляробства Аркадзь Смоліч. Абмеркаванне даклада працягвалася дзесяць гадзін. І толькі каля шасці гадзін раніцы наступнага дня рэзалюцыя аб незалежнасці была прынята. Прыхільнікі саюза з Расіяй -- прадстаўнікі земстваў, гарадоў і Бунда -- апынуліся ў меншасці. Члены Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі і эсэры ад галасавання ўстрымаліся. Разам з упартай апазіцыяй яны складалі амаль палову Рады. У той жа дзень 25 сакавіка пасля перарыва з 7 да 12 гадзін пачалося паартыкульнае абмеркаванне Трэцяй устаўной граматы да народаў Беларусі. І нарэшце каля трох гадзін дня яна была зацверджана. З 25 сакавіка 1918 г. Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай, а Брэсцкі мірны дагавор касаваўся. Спрадвечная мара беларускіх барацьбітоў аб незалежнай сваёй дзяржаве, насуперак волі вялікіх дзяржаў, пачынала здзяйсняцца. І з акцыяй 25 сакавіка ўжо не маглі не лічыцца нават ворагі беларускай дзяржаўнасці.

Рэарганізацыя Рады БНР. Пасля абвяшчэння акта аб незалежнасці Беларусі прадстаўнікі земстваў і гарадоў (сябры пераважна рускіх і яўрэйскіх партый) выйшлі з Рады БНР, бо не маглі адмовіцца ад свайго ідэала адзінай і непадзельнай Расіі. Немцы разагналі Раду БНР і Народны сакратарыят у дзень абвяшчэння незалежнасці, а ў пачатку красавіка забаранілі дзейнасць Народнага сакратарыяту. У пошуках кампрамісу Рада БНР 12 красавіка каапціравала ў свой склад дзеячоў Беларускага народнага прадстаўніцтва ў Мінску, якое складалася з правацэнтрыскіх партый і арганізацый (БПНЗ, ХДЗ, Беларускі саюз памешчыкаў, Беларускі праваслаўны саюз і інш.) і пасля чаго стала ўлічваць інтарэсы гарадскіх домаўладальнікаў, ураднікаў, духавенства і землеўласнікаў. Лідэрамі гэтага аб’яднання з’яўляліся Раман Скірмунт, Аляксандр Уласаў, Павел Аляксюк, генерал Кіпрыян Кандратовіч, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, протоірэй Стафан Кульчыцкі. Сацыялістычная афарбоўка Рады адразу ж паблякла. І гэта супакоіла немцаў. Новыя радаўцы супраціўляліся нацыяналізацыі зямель і настойвалі на далейшым збліжэнні з акупантамі. Цікава, што перамены ў Мінску падштурхнулі Беларускі народны саюз правай арыентацыі захапіць і часова ўтрымліваць уладу ў прыфрантавым Віцебску, занятым бальшавікамі.

Перамовы з Літвой. Кіраўніцтва Віленскай Беларускай рады, якое падпарадкоўвалася ўраду БНР, не выключала мажлівасці дзяржаўнага саюзу з Літвой, якому маглі б паспрыяць немцы. На перамовах у Вільні з прадстаўнікамі Тарыбы (23 красавіка 1918) Антон Луцкевіч, Дамінік Сямашка, кс. Адам Станкевіч заявілі, што палітычным ідэалам беларусаў з’яўляецца адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага як федэрацыі Літвы і Беларусі. Для існуючай БНР рыхтавалася падстрахоўка. Літоўска-Беларуская дзяржаўная супольнасць лічылася ў тых складаных умовах больш жыццяздольнай. Спрацоўвала і гістарычная настальгія, і прагматычны разлік на тое, што спадкаемная Вялікаму Княству Літоўскаму дзяржава будзе мець большую міжнародную падтрымку і выхад да мора. Але літоўскае кіраўніцтва мела іншыя намеры: падпарадкаваць Віленшчыну і Гродзеншчыну, а тэрыторыям з беларускім насельніцтвам прадставіць аўтаномію. Каб выжыць паміж Польшчай і Расіяй, маладая літоўская дзяржава імкнулася тэрытарыяльна пашырыцца за кошт земляў гістарычнага Вялікага Княства Літоўскага. Прыхільнікі канфедэрацыі Беларусі ды Літвы былі і сярод літоўскіх палітыкаў, але перавагу ўсё ж мелі незалежнікі. Яны запрашалі прадстаўнікоў беларускага народа ў Тарыбу. Беларуская дэлегацыя не прыняла такую прапанову, але незалежнасць Літвы прызнала.

Тэлеграма Вільгельму ІІ і раскол БСГ. 25 красавіка 1918 г. па ініцыятыве Рамана Скірмунта і яго групы Рада БНР адправіла імператару Нямеччыны Вільгельму ІІ тэлеграму з падзякай за «вызваленне Беларусі ад чужацкага ўціску» і з просьбай дапамагчы ва ўмацаванні дзяржаўнай незалежнасці і непадзельнасці краю ў саюзе з нямецкім рэйхам. Якраз напярэдадні, 23 красавіка, Вільгельм ІІ прызнаў незалежнасць Літвы і перадаў ёй Віленшчыну. Аднак беларусам ні гэтае, ні іншыя намаганні дзеля юрыдычнага прызнання Германіяй БНР выніку не далі. Берлін па-ранейшаму прытрымліваўся літары Брэсцкага трактата аб міры. Тэлеграма Вільгельму ІІ выклікала раскол БСГ, найбольш уплывовай партыі ў Радзе БНР. Многія грамадаўцы ўспрынялі гэты крок як здраду беларускай дэмакратыі. Тым не менш, з пункту гледжання ўмацавання беларускай дзяржаўнасці спроба аперціся на немцаў мела сэнс.

Партыйнае размежаванне. На месцы БСГ узніклі новыя партыі: Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р, эсэры), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП, эсдэкі), Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф, эсэфы). Усе яны характарызаваліся левацэнтрызмам. Найбольш уплывовай была партыя эсэраў (лідэры Тамаш Грыб, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Мамонька), якая працавала сярод сялянства і арыентавалася на федэратыўны саюз з Расіяй. Вядомыя эсдэкі Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Аркадзь Смоліч, Алесь Гарун, Язэп Лёсік, браты Луцкевічы шмат рабілі для пашырэння беларускага руху, але заставаліся нібы штабам без арміі (вядома пралетарскай), бо рабочых беларусаў ў гарадах тады было яшчэ мала. Таму яны і арыентаваліся на падтрымку заходнееўрапейскіх краін. Да эсэфаў належалі Язэп Варонка, Алесь Цвікевіч, Пётр Крачэўскі, Васіль Захарка. Ад эсэраў іх адрознівала варожасць да бальшавізму. Правей эсэфаў стаялі група Скірмунта-Алексюка і Беларуская хрысціянская злучнасць. Сярод беларускіх клерыкалаў вылучаліся ксяндзы Вінцэнт Гадлеўскі (заснавальнік партыі), Аляксандр Астрамовіч (вядомы як паэт Андрэй Зязюля), Фабіян Абрантовіч, Адам Станкевіч, Кастусь Стаповіч (ён жа паэт Казімір Сваяк). Названыя партыі мелі сваіх прадстаўнікоў ў Радзе БНР, што сведчыла пра яе дэмакратычнасць, але і пра наяўнасць фракцыйнай барацьбы і магчымасць расколаў.
1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка