Асобы аляксандр тамковіч




старонка6/9
Дата канвертавання16.03.2016
Памер1.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

30.11.07

СЯМЁН ШАРЭЦКІ — АПОШНІ СПІКЕР ВС
Сваё першае інтэрв’ю з Шарэцкім я рабіў у 1997 годзе. У гэты час ён ужо быў у апазіцыі. Сямён Георгіевіч запрасіў мяне дамоў у Малінаўку, быў вельмі ветлівы і гасціны. Але ўразіла не толькі гэта. Звычайная шматпакаёвая кватэра ў абсалютна звычайным доме, які, мякка кажучы, далёка ад цэнтра горада.

А яшчэ запомніўся пах ежы, якую рыхтавала яго жонка, — вараная квашаная капуста. Нават не верылася, што перада мной былы спікер Вярхоўнага Савета.

Сямён Георгіевіч нарадзіўся 23 верасня 1936 года ў вёсцы Лаўрашова Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Мабыць, менавіта гэтыя абставіны і паўплывалі на тое, што сярод палітычнай эліты ён заўжды лічыўся «деревенским». У вёсках нарадзіліся амаль усе беларускія палітыкі, але з часам іх менталітэт змяніўся. У Шарэцкага — не.

Памятаю, адзін з калег са смехам расказваў, што быў сведкам, як падчас віртуальных выбараў Шарэцкі з Ганчаром зайшлі ў кавярню паесці. Ганчар пачаў чытаць меню і спытаў, што Шарэцкі будзе есці. Той важна з выразным сялянскім акцэнтам адказаў — суп з акульіх плаўнікоў.

У 1959 годзе С.Г. Шарэцкі скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і стаў працаваць у калгасе «Звязда». Спачатку намеснікам старшыні, а з 1963 года — старшынёй. У 1970 годзе ён скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ і шэсць гадоў у ёй працаваў старшым выкладчыкам, а ў 1976 годзе ўзначаліў кафедру «Эканоміка і арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці».

У 1972 годзе Шарэцкі абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1984-м — доктарскую. Я не вельмі добра абазнаны ў навуковых рэгаліях, таму без каментараў проста пералічу яго званні, азначаныя ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». У 1989 годзе Шарэцкі стаў прафесарам, у 1996-м — акадэмікам Акадэміі аграрных навук РБ, а таксама членам-карэспандэнтам Расійскай сельскагаспадарчай акадэміі, акадэмікам Украінскай акадэміі аграрных навук і Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій.

У 1984 годзе Шарэцкі зноў вярнуўся «на зямлю». Па савецкай традыцыі, з дапамогай выбараў яго прызначылі старшынёй калгаса «Чырвонае Знамя» Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Але гэта быў не проста калгас, а ў задуме — буйны аграрны камбінат, новая форма, якая нараджалася па ініцыятыве кубанскіх аграрыяў. Сямён Георгіевіч выступаў тут наватарам, і шчыра верыў, што гэтым шляхам можна вывесці сельскую гаспадарку на перадавыя рубяжы.

Адтуль праз сем гадоў Кебіч забраў Шарэцкага да сябе дарадцам. Пачыналася новая гістарычная паласа ў жыцці краіны, і новыя старонкі біяграфіі Сямёна Георгіевіча аказаліся зусім не падобнымі на, здавалася б, даўно прадвызначаныя.

У 1994 годзе ён стварае Аграрную партыю Беларусі. Праз год абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання, а ў студзені 1996-га — старшынёй. Сябры Аграрнай партыі склалі самую буйную фракцыю ў парламенце. З’яўленне ў Вярхоўным Савеце фракцый можна смела аднесці да несумненнай заслугі Шарэцкага, лічыць яго буйным палітычным поспехам. Гэта быў важны крок да трансфармацыі ВС у сапраўдны парламент.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, Аграрная партыя, наколькі я ведаю, існуе і сёння. Толькі самога Шарэцкага ў ёй няма. «Ушли» яго ў 1997 годзе. Як толькі стала канчаткова відавочна, што «Акела прамазаў». Калі прытрымлівацца логікі Калінкінай і Шарамета, то выпадковымі бываюць не толькі прэзідэнты, але і спікеры. Мякка кажучы, Шарэцкі быў не зусім тым чалавекам, які павінен займаць другую пасаду ў краіне. Ды яшчэ ў той складанай і драматычнай сітуацыі.

Тым не менш, здарылася так невыпадкова. Добра памятаю, як на пачатку 1996 года абіралі чарговага старшыню Вярхоўнага Савета. Сярод тых, хто рэальна мог прэтэндаваць на гэта крэсла, выдзяляліся тры дэпутацкія фракцыі: камуністычная, аграрная і прапрэзідэнцкая. Каб атрымаць перамогу, патрэбны быў альянс. Кіраўнік ПКБ Сяргей Калякін успамінаў: яны тады дамовіліся з аграрыямі, што спікерам стане той, чыя кандыдатура ў першым туры набярэ больш галасоў. За Калякіна прагаласавалі 60 чалавек, за Шарэцкага — 61. Камуністы слова стрымалі. Унікальны выпадак у нашай найноўшай гісторыі: у першы і апошні раз адзін дэпутацкі мандат вырашыў лёс усёй краіны.

Адзін з вышэйшых кіраўнікоў тых часоў мне раскаваў, што калі б Лукашэнка наблізіў да сябе Шарэцкага, то ніякіх канфліктаў проста не было б. Адносіны паміж палітыкамі не склаліся адразу ж, яшчэ ў 1994 годзе, калі Лукашэнку і Шарэцкаму арганізавалі тайную сустрэчу. Перш за ўсё таму, што падобнае не было патрэбным Лукашэнку. Мяркую, ён адразу ж не ўбачыў у Шарэцкім вартага праціўніка. А, як вядома, сіла прызнае толькі сілу. Кажуць, што яго вельмі парадавала абранне менавіта Шарэцкага кіраўніком Вярхоўнага Савета, а не Калякіна.

Яшчэ раз нагадаю, што ў студзені 1996 года С.Г. Шарэцкі стаў старшынёй Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Ніякай містыкі, але пакуль 13-ы ВС — апошні. А сам Шарэцкі апошні спікер.

Гэтая прыступка не была самай высокай у яго палітычнай кар’еры, бо 20 ліпеня 1999 года Сямён Георгіевіч стаў выконваючым абавязкі прэзідэнта. Але ўсе разумелі, што пасада віртуальная, як і тыя выбары, што абвясціў Ганчар.

Разумелі ўсе, аднак некаторыя былі вымушаны гэта прыняць. Дарэчы, у тым, што яны выдавалі жаданае за рэальнае, вінаваты, перш за ўсё, сам Шарэцкі. Тым, што «здаў» генерала Захаранку і «Народную газету». Прызначэнне і адстаўка міністра ўнутраных спраў былі прэрагатывай Вярхоўнага Савета, а «Народная газета» — яго органам.

Тое, што літаральна праз восем-дзевяць месяцаў Шарэцкі страціў усе рычагі ўплыву, найбольш яскрава высветлілася, калі ў жніўні 1996 года на пашыраную нараду не прыехалі ўсе кіраўнікі аблвыканкамаў. І справа не толькі ў тым, што на той час іх прызначаў прэзідэнт. Гэтым яны выказалі і свае адносіны да Сямёна Георгіевіча. У тым ліку быў нават гродзенскі губернатар А. Дубко, якога яшчэ два гады таму кандыдатам у прэзідэнты «двигала» менавіта Аграрная партыя Шарэцкага.

Улада была страчана дэ-факта, а дэ-юрэ гэта высветлілася восенню 1996 года. Асабліва ў сітуацыі з адхіленнем ад пасады Віктара Ганчара. На наступны дзень пасля захопу службай бяспекі кабінета кіраўніка ЦВК, прайсці яму ў будынак дапамагалі Сямён Шарэцкі і тагачасны генеральны пракурор Васіль Капітан. І не змаглі.

А пасля скасавання паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета 13-га склікання стала відавочна, што ў Шарэцкага ўвогуле нічога няма. Ні партыі, ні магчымасці на што-небудзь рэальна ўплываць. Засталася толькі пасада, якую ва ўсім свеце лічылі легітымнай. Але і яна была толькі намінальнай, асабліва пасля ад’езду ў эміграцыю ў Вільню.

Аднойчы мне пашанцавала Шарэцкага там бачыць. Магчыма, два ахоўнікі за яго спінай былі патрэбнымі, але выглядала гэта даволі тэатральна. У 2001 годзе Шарэцкі атрымаў палітычны прытулак у ЗША, з ім — яго сям’я, яны жывуць зараз у штаце Каліфорнія.

Некаторы час таму Беларускае тэлебачанне расказала, што Шарэцкі стаў у Амерыцы амаль бамжом. Канешне, гэта звычайныя фантазіі: узровень яго дабрабыту там абсалютна нармальны па амерыканскіх стандартах, а па нашых — дык і значна пераўзыходзіць.

Бясспрэчна, на жаль, іншае. У Беларусі яго пачынаюць забываць. Што мог — не зрабіў. Вельмі сумныя для палітыка вынікі.



09.12.07

ДЗМІТРЫЙ БУЛАХАЎ — ТРАГІЧНЫ ЛЁС ПАЛІТЫКА


Я вельмі шкадую гэтага чалавека і не падзяляю меркаванні тых, хто бачыць у Булахаве звычайнага здрадніка. Яго жыццё было даволі складаным, адзначаным многімі нелагічнымі і супярэчлівымі паваротамі, сумнеўнымі рашэннямі. Гэта ён сам усведамляў і перажываў. У адным са сваіх інтэрв’ю горка пажартаваў, што недзе ёсць і яго палітычная магіла. На жаль, праз некалькі гадоў яна стане не віртуальнай, а рэальнай. І адной з прычын яго ранняй заўчаснай смерці можна лічыць стрэс, унутраны разлад з самім сабой, абумоўлены яго вяртаннем ва ўладу, з якой некалі сышоў.

Адбылося гэта ў кастрычніку 1996 года, калі ў «Народнай волі» быў надрукаваны артыкул Дзмітрыя Пятровіча Булахава «Ліст да бацькоў», дзе ён вельмі жорстка крытыкаваў Лукашэнку за жаданне пашырыць свае паўнамоцтвы. Было гэта літаральна напярэдадні рэферэндуму, таму ўсе мелі падставы лічыць, што Булахаў больш ніколі не вернецца «наверх». Калі быць больш дакладным, то працаваць у прэзідэнцкай адміністрацыі ён перастаў яшчэ ў 1994 годзе, але ў 1996-м разрыў, як тады бачылася, быў канчатковым. Калі 31 сакавіка 2000 года яго прызначалі пастаянным прадстаўніком Беларусі ва ўстаўных і іншых органах СНД, дзе ён пазней стаў першым намеснікам старшыні выканкама, гэтаму не хацелася верыць. Там ён будзе працаваць да верасня 2005 года. А потым была паўза аж да 13 красавіка 2006-га, калі Лукашэнка прызначыць Булахава дарадцам прэзідэнта — паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта ў Нацыянальным сходзе. Аднак ён не прапрацаваў на гэтай пасадзе і паўгода. У ноч з 7 на 8 верасня Дзмітрый Пятровіч Булахаў памёр...

Дзмітрый Булахаў нарадзіўся ў 1959 годзе ў Магілёве. Прозвішча ў яго было вельмі старажытным, але этымалогія тут дакладна не вылучана. Найбольш верагодным будзе тое, што слова «Булак» узятае рускімі ад татар у значэнні «падарунак», «узнагарода» і прысвойваецца доўгачаканаму, жаданаму сыну.

Пасля школы Булахаў скончыў Мінскую вышэйшую школу МУС. Працаваў следчым упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама.

У 90-х гадах пачалася яго палітычная кар’ера. Імклівая і яркая. І, на жаль, кароткая. На хвалі перабудовы, што ламала, здавалася, акамянелыя і непахісныя структуры савецкай сістэмы, малады і дагэтуль нікому не вядомы следчы ў барацьбе за мандат дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання па Магілёўска-Юбілейнай выбарчай акрузе № 275 атрымаў перамогу.

У ВС ён узначаліў камісію па заканадаўстве. Адну, на той час, з найважнейшых, ключавых. Выпрабаваннем для гэтай камісіі і асабіста для Дзмітрыя Булахава, якое мела лёсавызначальныя для краіны палітычныя вынікі, стала пытанне пра рэферэндум за правядзенне нечарговых парламенцкіх выбараў.

23 лютага 1992 года сфармаваная БНФ ініцыятыўная група пачала збор подпісаў грамадзян у падтрымку правядзення рэферэндуму. У кароткі тэрмін было сабрана 446 601 подпіс, аднак 29 кастрычніка 1992 года Вярхоўны Савет прыняў пастанову пра забарону на правядзенне гэтага рэферэндуму. І адну з галоўных роляў там адыграў менавіта Булахаў. Юрыдычнымі тэрмінамі ён канчаткова заблытаў тых, хто сам вельмі жадаў быць заблытаным. Памятаю, у той час у рэдакцыю «Свободных новостей», дзе я працаваў, Мікалай Камароў прынёс такое чатырохрадкоўе:

Народ когда-нибудь поймет,

Как референдум пошел прахом.

Неясно только — прав Булахов

Или не прав во всем народ?

15 сакавіка 1994 года тагачасны спікер Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мечаслаў Грыб падпісаў першую Канстытуцыю Беларусі. Першапачаткова «ўзроставы цэнз» не дазваляў балатавацца Лукашэнку. Яго паплечнікаў, у тым ліку і Булахава, гэта не задавальняла. Яны дакладна пралічылі шанцы на яго перамогу, бачылі ў тым і свой інтарэс, але не ведалі наступстваў. Магчыма, Дзмітрый Пятровіч, якому было толькі 35 гадоў, не выключаў і свой выхад у якасці кандыдата. Разам з Ганчаром яны тады пайшлі да старшыні ВС Грыба, каб пераканаць таго цэнз знізіць.

Як толькі гэта стала вядома, пэўныя колы ў Савеце Міністраў паспрабавалі рэанімаваць прыпыненую крымінальную справу супраць Булахава, якая ўзнікла з трагічнага выпадку на дарозе. 6 студзеня 1993 года ля райцэнтра Бялынічы пад машыну, якой кіраваў Булахаў, трапіла жанчына, якая потым памерла. Тады пракуратара прызнала Булахава невінаватым. Гэтыя высновы былі пацверджаны і ў 1994 годзе.

Дзмітрый Пятровіч Булахаў узначаліў ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі, але ўсе разумелі, што гэта намінальна. Асноўную работу там рабіў Сініцын. Ведаў гэта і Лукашэнка, таму, як толькі з’явілася магчымасць, ён як бы аддаліў ад улады Булахава.

Дзмітрый Пятровіч не хаваў свайго імкнення пасля перамогі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах стаць на чале Канстытуцыйнага суда. Пасады, на якую ў той час абіралі дэпутаты. Лукашэнка, як і абяцаў, перашкаджаць гэтаму не стаў, але і дапамагаць таксама. Булахаў застаўся ўвогуле без якой-небудзь падтрымкі прэзідэнцкай адміністрацыі, а значыць, і без падтрымкі самога прэзідэнта. А без яе атрымаць большасць галасоў у той час было проста немагчыма.

Адносіны і дэпутатаў, і журналістаў, якія працавалі ў Вярхоўным Савеце, да Булахава былі аднолькавымі. Паважалі за веды, за прафесіяналізм, за працаздольнасць, за прастату і прыветлівасць у адносінах. Аднак і бачылі яго незвычайны нарцысізм. Толькі адны зайздросцілі, а другія жартавалі.

Пасля правалу на выбарах у старшыні КС спецыяльна для Булахава, каб нейкім чынам «кампенсаваць» яго амбіцыі, прыдумалі пасаду дзяржсакратара Прэзідэнцкага савета. Праўда, ніхто не разумеў, «што гэта такое і з чым яго есці». Адзін з тагачасных паплечнікаў Лукашэнкі казаў мне, што гэта будзе нешта падобнае да Кандалізы Райс, што ён і сам не супраць заняць такую пасаду.

Аднак і на гэтай пасадзе Булахаў доўга не пратрымаўся. Дакладней, нават не паспеў яе заняць. На яго «наехалі», як піша ў сваёй кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» Аляксандр Фядута, адразу ж пасля першай прэс-канферэнцыі яшчэ ў якасці «кандыдата ў дзяржсакратары». Дзяржаўныя СМІ пачалі ў адзін голас трубіць пра дачыненне Булахава да камерцыйных структур. Маўляў, карыстаючыся сваёй блізкасцю да прэзідэнта, вырашаў усякія пытанні. Гэта было як прысуд.

У 1995 годзе Булахаў зноў стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Выступаючы на адной з сесій ВС, А. Лукашэнка прызначыў яго і Анатоля Лябедзьку сваімі прадстаўнікамі ў парламенце, але без якога б там ні было афіцыйнага — распараджэннем, загадам, дэкрэтам - афармлення. Той жа Лябедзька сёння не без падстаў лічыць, што ніякім «прадстаўніком» прэзідэнта ў парламенце ён тады не быў. Ды і сам Булахаў імкнуўся гэты момант не афішаваць.

Калі напрыканцы 1996 года паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета былі скасаваныя, Булахаў не ўвайшоў у склад таго кола палітыкаў, хто дэманстратыўна працягваў адстойваць Канстытуцыю 1994 года. Ён, як кажуць, адышоў у цень. Сам Булахаў неаднойчы тлумачыў мне потым, што не хацеў «засвечваць» тых, хто з ім займаецца бізнесам. Але і бізнэсмен з яго не атрымаўся. Як і кіраўнік партыі. Створаную ім Партыю ўсебеларускага адзінства і згоды памятаюць хіба толькі спецыялісты.

Так атрымалася, што недзяржаўны інстытут, дзе ён чытаў лекцыі, і наша рэдакцыя арандавалі плошчу на адным паверсе. Я выходзіў у калідор пакурыць і вельмі часта сустракаў там Булахава, які заўжды на некалькі хвілін спыняўся. Ён так шчыра крытыкаваў рэжым, што звесткам пра яго вяртанне ва ўладу я напачатку не паверыў. Аказалася — праўда. «Зламаўся»? Не бачыў перспектыў да перамен? Не бачыў месца для сябе ў несістэмнай апазіцыі? Хацеў добра жыць? Амбіцыі, апраўданыя талентам, ведамі, працаздольнасцю і знешняй прыгажосцю (нездарма яму жанчыны далі мянушку Ален Дэлон) увайшлі ў невырашальную супярэчнасць з рэчаіснасцю? Магчыма, усё разам. Такія, як ён, прыйшлі, уварваліся ў публічную палітыку, яна была іх стыхіяй. Але вецер дэмакратычных перамен згас, і іх жыццёвыя караблі пацярпелі крушэнне. Калі я рыхтаваў гэты нарыс, спецыяльна паглядзеў «Энцыклапедыю гісторыі Беларусі» 1995 года выдання і тую, што выдаецца зараз. У абодвух прозвішча Булахава няма. І гэта невыпадкова. Для адных ён стаў чужым, для другіх так і не стаў сваім.

14.12.07
БАГДАНКЕВІЧ — БАНКІР І ПАЛІТЫК
Пачну са знакамітай «упартасці». 26 ліпеня 1993 года Цэнтрабанк Расіі прыпыніў дзеянне савецкіх рублёў і тых грошай, якія былі зроблены ў 1992 годзе. У адказ Нацбанк Беларусі вырашыў увесці так званыя «зайчыкі». Гэта была асабістая ініцыятыва Станіслава Антонавіча Багданкевіча і не супадала з намерамі ні Шушкевіча, ні Кебіча. Абодва хацелі разыграць «расійскую карту».

19 жніўня 1993 года Шушкевіч сустрэўся з Ельцыным, а праз два тыдні Кебіч падпісаў з Чарнамырдзіным пагадненне пра аб’яднанне грашовых сістэм. Абодвум перашкодзіла «ўпартасць» Багданкевіча.

Станіслаў Антонавіч Багданкевіч нарадзіўся 1 студзеня 1937 года ў вёсцы Шапавалы Валожынскага раёна Мінскай вобласці, якая тады была «пад Польшчай». З гэтай нагоды жартуе, ён у нейкім сэнсе «іншаземец». Так у афіцыйных біяграфіях, але сам Багданкевіч расказваў мне, што ў пэўнай ступені гэта не адпавядае рэчаіснасці. Справа ў тым, што Шапавал (так больш дакладна) — гэта не вёска, а звычайны хутар, што недалёка ад чыгуначнай станцыі Радашковічы. Да сярэдняй школы ў вёсцы Дубрава было пяць кіламетраў пехам.

Яе Багданкевіч і скончыў. Пасля паступіў на паскораныя курсы Пінскага падлікова- крэдытнага тэхнікума. А праз паўтара года стаў працаваць начальнікам крэдытнага аддзела Маладзечанскага філіяла Збербанка СССР. Чаму менавіта гэты горад? Таму, што жыць у Маладзечна пераехалі бацькі.

Праз некалькі гадоў прапанавалі ўзначаліць Клецкі раённы банк. Праз пэўны час месцам яго пастаяннай працы на доўгі перыяд стаў Беларускі рэспубліканскі банк Дзяржбанка СССР, які зараз з’яўляецца Нацыянальным банкам. Аднак не буду пералічваць канкрэтныя пасады, што займаў Багданкевіч.

У 1964 годзе Багданкевіч з адзнакай закончыў Усесаюзны завочны фінансава-эканамічны інстытут па спецыяльнасці «Фінансы і крэдыт». Знакаміты МФЭІ. Прычым вучыўся там, як кажуць, «без балды». Ён лічыць амаль лепшай формай навучання саманавучанне. Гэта калі чалавек сам атрымлівае інфармацыю з першых крыніц. У 1978 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1991-м — доктарскую, якую, дарэчы, менавіта як доктарскую, не пісаў. Новае вучонае званне яму далі па сукупнасці апублікаванага.

У 1981 годзе Станіслава Антонавіча прызначылі загадчыкам кафедры грашовага абароту і крэдытаў Беларускага інстытута народнай гаспадаркі. Прапрацаваў там дзесяць гадоў і ў 1991-м стаў старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Цікава, як адбылося само прызначэнне. Калі Беларусь стала суверэннай, тагачасныя кіраўнікі краіны чамусьці паехалі шукаць галоўнага эканаміста Беларусі ў Маскву. Там вельмі здзівіліся, бо самі хацелі забраць да сябе Багданкевіча. Станіслава Антонавіча паклікалі да Мікалая Дземянцея, дзе той і прапанаваў яму ўзначаліць Нацбанк. Як жартуе сам Багданкевіч, гэта зрабілі не дэмакраты, а партакраты. Ён увогуле вельмі любіць жартаваць.

Са сваім трэцім сынам Паўлам, які нарадзіўся 25 жніўня 1996 года, на дачы ён рые ямы. Суседзі пытаюцца, што гэта будзе, а Станіслаў Антонавіч адказвае: жадаем дабрацца да цэнтра зямлі.

Каб адразу ж перапыніць усе магчымыя гутаркі і плёткі наконт дзяцей і жонак Багданкевіча, крыху закрану і гэту тэму. Так, Багданкевіч ажаніўся другі раз. Першая яго жонка Таццяна вельмі рана памерла ад цяжкай хваробы. Ад яе ў Багданкевіча два сыны — Эдуард і Антон. Эдуард з’яўляўся адным з саўладальнікаў сумна вядомай фірмы «Піяск». Той самай, якую спачатку разарылі, а потым сказалі, што ніякага крыміналу не было.

Пасля смерці Таццяны, Багданкевіч пяць гадоў не жаніўся. Сваю другую жонку — Вольгу Аляксандраўну Шыбко — ён ведаў яшчэ па наргасу. На кафедры яна працавала асістэнткай.

Калі нарадзіўся Павел, Станіславу Антонавічу было ўжо 59 гадоў. І яшчэ дэталь: аднаго з унукаў назвалі ў гонар дзеда Станіславам. Атрымалася — Станіслаў Антонавіч Багданкевіч.

Калі Шушкевіч вырашыў прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, на тэлеэкране БТ з’явіўся яго будучы магчымы прэм’ер-міністр Станіслаў Багданкевіч. Гэта было сігналам, што рэформы, якія нівеліраваў урад Кебіча, урэшце адбудуцца.

Атрымаўшы ўладу, Лукашэнка не стаў адразу ж прызначаць новага кіраўніка Нацбанка. І не таму, што апошняга прызначаў Вярхоўны Савет. Зразумела, што Багданкевіча з самага пачатку нельга было прылічыць да кола прэзідэнцкіх людзей. Але таксама зразумела і тое, што толькі ён у той час мог стрымаць інфляцыю.

Станіслаў Антонавіч на пасадзе главы Нацбанка пратрымаўся аж да 14 верасня 1995 года, калі яго месца заняла Тамара Віннікава. Што з гэтага атрымалася, усе ўбачылі напрыканцы наступнага года. Па тэмпах росту інфляцыі мы займалі адно з першых месцаў у свеце. Тое, як Багданкевіча здымалі з пасады, падобна на дрэнны дэтэктыў. Служба бяспекі прэзідэнта змяніла ахову ў Нацбанку. Увесь Мінск «гудзеў», што Багданкевіч раптоўна знік, а ён у той час адпачываў у кабінеце Чыгіра.

Без якіх-небудзь цяжкасцяў Станіслаў Антонавіч Багданкевіч стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Што, на мой погляд, было нечаканым для ўлады. На былога банкіра «вешалі ўсіх сабак», знішчылі фірму яго сына — а тут такі пракол. Тлумачыцца ўсё вельмі проста. У той час не толькі гаварылі пра «элегантныя перамогі», але і лічылі галасы выбаршчыкаў.

Багданкевіч быў адным з кандыдатаў на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета, але асаблівай прагі да ўлады ў яго не было. Гэта стала відавочна, калі ў 2000 годзе ён саступіў сваё крэсла рэальнага кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі маладому Анатолю Лябедзьку.

У парламенце Багданкевіч узначальваў фракцыю «Грамадскае дзеянне», а ў лютым 1998 года стаў намеснікам сфармаванага апазіцыяй Нацыянальнага выканаўчага камітэта.

У 2002 годзе Багданкевіча зноў паклікалі ў Нацбанк, дзе абмяркоўвалася пытанне ўвядзення адзінай з Расіяй валюты. Багданкевіч яшчэ раз агучыў тое, што хацела пачуць на той момант улада. Тое, чаго ён прытрымліваўся ўсё жыццё.

Не выпадкова Лукашэнка тады назваў яго «разумным чалавекам з апазіцыі». І не выпадкова, што прозвішча Багданкевіча ёсць у энцыклапедыі, што зараз выдаецца. Пакуль адзінага з апазіцыянераў.

25.12.07

ВАСІЛЬ ЛЯВОНАЎ — АПАЛЬНЫ МІНІСТР
Прызнаюся, калі пачуў, што пасля вызвалення з турмы Васіль Лявонаў паехаў у ААЭ на месяц адпачыць, думаў: ён больш не вернецца. У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах жыве яго малодшая дачка Зоя з мужам-бізнэсменам. Пасля таго, што адбылося, Васіль Севасцьянавіч меў на гэта і права, і падставы. Аднак я памыліўся. І гэта памылка была вельмі прыемнай.

Васіль Севасцьянавіч Лявонаў нарадзіўся 16 красавіка 1938 года ў вёсцы Дубеяц Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Чарнобыльская зона, зараз, лічы, вёскі больш няма. Няма малой радзімы. Бацька Васіля загінуў на вайне, таму гадавала будучага сакратара абкама КПБ, міністра сельскай гаспадаркі і харчавання адна маці. І вуліца. Калі я рабіў кнігу «Лёсы», Лявонаў успамінаў: «Старэйшыя прымушалі паліць, інакш — у зубы. Пасля першай-другой папяросы выцягвала душу, пасля трэцяй — ужо прызвычайваўся».

Пасля школы паехаў паступаць у Горацкую сельгасакадэмію, але ў той год увялі льготы для «армейцев и производственников». У Лявонава не было ніякіх шанцаў. З прыёмнай камісіі ён забраў дакументы пасля першага ж экзамену па хіміі, дзе пры выдатным адказе нечакана атрымаў «добра» і пад настрой перакінуў іх у Шадрынскае вышэйшае ваеннае вучылішча. Але за месяц жыцця ў казарме да першага экзамену «перагарэў» і вярнуўся дадому.

Стаў працаваць цесляром у калгасе «Кранштадт». Прывёў да ладу хату, усё адрамантаваў і паехаў у горад Шахты зарабляць грошы. Шахту Чырвонагвардзейскую 12/13БІС запомніў на ўсё жыццё.

Праз год вярнуўся і паступіў у БІМСГ (Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі). Лявонаў быў студэнтам, як кажуць, «пры грошах», нават купіў маці карову. Я, напрыклад, больш такіх студэнтаў не ведаю.

Калі запрашаў сваю будучую жонку Антаніну Міхайлаўну ў тэатр, то квіткі купляў у партэр.12 сакавіка 1963 года яны пабраліся шлюбам. За час сумеснага жыцця змянілі 24 месцы жыхарства.

Антаніна Міхайлаўна нарадзіла трох дачок — Таццяну, Святлану і Зою. Мабыць, гэтыя жанчыны і дапамаглі Лявонаву асіліць усе выпрабаванні лёсу. Мабыць, пра такіх, як яны, і сказаў французскі пісьменнік Луі Арагон: «Жанчына — будучыня мужчыны».

У 1964 годзе Лявонаў скончыў БІМСГ. Першым працоўным месцам стала пасада інспектара-арганізатара па механізацыі Краснапольскага вытворчага ўпраўлення. Праз некалькі месяцаў яго прызначылі інжынерам-механікам саўгаса «Клімавіцкі», а праз тры гады — дырэктарам саўгаса «Міласлаўскі». У 1972 годзе Лявонава зрабілі першым намеснікам начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі, а ў 1975-м выбралі старшынёй Горацкага райвыканкама.

У 1975 годзе пачынаецца яго партыйная кар’ера. Спачатку Лявонаў становіцца першым сакратаром Горацкага райкама КПБ, у 1979-м — сакратаром, а ў 1982-м — першым сакратаром Магілёўскага абкама КПБ. Па савецкіх стандартах — цар, бог і воінскі начальнік адной шостай тэрыторыі Беларусі.

Але ў 1989 годзе запахла пераменамі. Выбары народных дэпутатаў, кал і за дэпутацкія месцы ўжо прыходзілася змагацца ўсур’ёз. На адной з выбарчых акруг сышліся дырэктар саўгаса Лукашэнка і прэм’ер Кебіч. Перамога апошняга была вынікам працы перш за ўсё Лявонава, які кінуў сваю выбарчую акругу, дзе таксама балатаваўся, і ўсе сілы накіраваў на дапамогу Кебічу.

А праз год Васіль Севасцьянавіч, адзіны з сакратароў абкамаў КПБ, у той самай акрузе, дзе пацярпеў паразу на выбарах у саюзны парламент, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання. Таго самага, дзе пазней Лукашэнка назаве яго сваім настаўнікам.

Тады ж Лявонаў па асабістай ініцыятыве саступіў крэсла ў абкаме КПБ Вадзіму Папову і стаў кіраўніком Магілёўскага аблвыканкама. Нагадаю, што адбылося гэта амаль за год да жнівеньскага путчу 1991 года. Сам путч Васіль Севасцьянавіч сустрэў у Германіі, дзе амаль тры гады працаваў гандлёвым прадстаўніком Беларусі. У Германію ён ехаў чалавекам, які стаў сумнявацца ў перавагах савецкай формы гаспадарання, а вярнуўся адтуль перакананым “рыначнікам”. І ўсімі сіламі імкнуўся рэалізаваць рэформы на практыцы, хаця б у адной галіне — сельскай гаспадарцы.

Па дакладна распрацаваных пад яго ж кіраўніцтвам праграме і плану. Па сутнасці, ён быў першым са «старой» і «новай» наменклатуры, хто ўсур’ёз узяўся за рэформы. На жаль, ці не адзіным.

І быў спынены. Але паспеў надаць ім той стартавы штуршок, які надзвычай актуалізаваўся ў сённяшняй сітуацыі, якая з відавочнасцю патрабуе сістэмных пераўтварэнняў.

Перш за ўсё, па ініцыятыве Лявонава, пры падтрымцы тагачаснага прэм’ера Міхаіла Чыгіра, у лістападзе 1994 года сталі больш рэальнымі цэны практычна на ўсе прадукты харчавання. Цікава, што з Сочы Лукашэнка вярнуўся ў Мінск 11 лістапада 1994 года, Але чапаць тады Лявонава не стаў. Разумеў яго ролю ў выратаванні беларускай эканомікі. Васіля Севасцьянавіча арыштавалі толькі 11 лістапада 1997 года. Звычайнае супадзенне. Тэлекарцінку, як міністра арыштоўваюць у службовым кабінеце, надзяваюць наручнікі, бачылі ўсе. Шок.

Першапачаткова Лявонава абвінавацілі ў падрыхтоўцы забойства магілёўскага кантралёра Яўгена Мікалуцкага. Маўляў, той дзейнічаў сумесна са Старавойтавым. Аднак асудзілі Лявонава за іншае: за хабар у выглядзе гарнітура з лазы, за які быццам бы не было заплачана. У суд з 220 сведак не выклікалі толькі аднаго, але самага галоўнага — Васіля Канстанцінавіча Старавойтава, на прадпрыемстве якога і быў выраблены той самы гарнітур.

Калісьці сумна вядомы сталінскі пракурор Андрэй Вышынскі лічыў царыцай усіх доказаў прызнанне віны самога «вінаватага». У справе Лявонава следства і суд абмежаваліся ўсяго толькі пратаколам допыту Старавойтава. Нават на суд прывозіць яго не сталі. Мабыць, нехта баяўся, што там той скажа нешта непажаданае. Помніцца, пракурор запрасіў 8 гадоў зняволення Лявонаву, а суд «даў» толькі чатыры. Дарэчы, сам суд цягнуўся звыш пяці месяцаў і «забойства» ператварылася ў 115 долараў нанесеных дзяржаве страт. Прысуд прагучаў 14 студзеня 2000 года, але вызвалілі Лявонава праз 9 месяцаў па амністыі і толькі тады, калі прыйшла тэлеграма пра смерць роднага брата Івана.

Пра адносіны паміж Лявонавым і Старавойтавым трэба сказаць асобна. Па сутнасці ён, як кажуць, «здаў» свайго міністра, і было б цалкам лагічна, калі б той змяніў сваё стаўленне да двойчы Героя Сацыялістычнай працы. Аднак гэтага не адбылося. Наадварот, Васіль Севасцьянавіч неаднаразова падкрэсліваў, што, як і раней, ставіцца да Старавойтава з вялікай павагай. І гэта — шчыра, ад душы, а не для піяру. Лявонаў проста дараваў Старавойтаву тую слабасць, добра разумеючы, як таго былі павінны «ламаць». Прычым, я ўпэўнены, што многім іншым такая высакароднасць не пагражае.

Рэч не пра помслівасць. І не пра мяккацеласць. Калі патрэбна, Васіль Севасцьянавіч бывае даволі жорсткім. Я, напрыклад, быў сведкам, як Лявонаў «распекал» журналіста А. Гуляева. Быццам перад ім хлопчык, а не чалавек, які пражыў амаль палову стагоддзя. Гэта не ёсць добра. Свайго роду радзімая пляма стылю кіраўніцтва савецкай адміністрацыйнай школы. Справа тут яшчэ і ў жаданні дамагчыся неабходных дэмакратычных перамен у нашай краіне. А яны магчымы толькі тады, калі ёсць яснасць адносінаў, межаў абавязкаў і адказнасці.

Узгадваецца вельмі непрыгожы выпадак з прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. Выбарчым штабам Уладзіміра Ганчарыка кіравала Валянціна Палевікова. А калі Ганчарык стаў адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі, ён прапанаваў на гэту пасаду Васіля Лявонава. Палевікова пра гэта ведала. Стварылася сітуацыя падвойнага кіраўніцтва, што было не на карысць справе.

Яшчэ адзін выпадак. Добра памятаю, што падчас адной з прэс-канферэнцый менавіта Лявонаў перадаў Ганчарыку проста ўнікальныя звесткі пра зніклых палітыкаў, аднак апошні такой “бомбай” належным чынам не скарыстаўся.

Удзел Лявонава ў тых прэзідэнцкіх выбарах — бадай што самая значная старонка яго дзейнасці як апазіцыйнага палітыка. Яго ўплыў у вызначэнні канфігурацыі апазіцыйнага блока, стратэгіі і тактыкі кампаніі дастаткова важны. Па ацэнках адных — з перавагай пазітыўных вынікаў, паводле другіх — наадварот, негатыўных. Але тут я хацеў бы падкрэсліць іншае: Лявонаў ніколі ні ў адной з жыццёвых сітуацый не ўспрымаў дваістасці ў выбары пазіцыі і адкрыта вызначыў сваё месца. Больш таго, ён на той час аказаўся першым, і ці не адзіным са старой наменклатуры, хто не толькі зразумеў, але і на практыцы імкнуўся зладзіць дыялог паміж наменклатурай і апазіцыяй. Як неабходнай перадумовы перамен. На жаль, бакі, найперш наменклатурны, на той час да гэтага былі не гатовы. Як, на жаль, і сёння.

У 2002 годзе Лявонаў стварыў і ўзначаліў рэгіянальны фонд «За новую Беларусь». Зарэгістравалі яго ў Расіі. Не таму, што фонд займаўся расійска-беларускімі адносінамі. Проста айчыннае Міністэрства юстыцыі рабіць гэта адмовілася. «Займаўся», таму што не займаецца зараз. На жаль, у сённяшнім кіраўніцтве Расіі вырашылі, што займацца Беларуссю больш не трэба.

Сказаць, што ў гэты момант Лявонаў робіць нейкі бізнэс у Расіі, было б не вельмі дакладна. Ён па ўзросту даўно ўжо не працуе. А расійскіх бізнэсменаў проста кансультуе, бо ведамі і вопытам у галіне сельскай гаспадаркі валодае сапраўды ўнікальнымі.


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка