Асобы аляксандр тамковіч




старонка5/9
Дата канвертавання16.03.2016
Памер1.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

07.11.07
КАПІТАН КАМАНДЫ – ЛЕАНІД СІНІЦЫН
Без усякіх перабольшванняў Леаніда Сініцына можна лічыць капітанам перадвыбарчай каманды Лукашэнкі. І не толькі таму, што быў кіраўніком ягонага штаба. Сініцына лічылі сапраўднымі “мазгамі” і моцным арганізатарам. Ён заўжды прыдумляў нешта неардынарнае.

Памятаю, быў сведкам адной сустрэчы Лукашэнкі з выбаршчыкамі. Кандыдат у прэзідэнты трос на трыбуне “папкай з кампраматам” на тагачаснае кіраўніцтва краіны і абяцаў “усіх пасадзіць”. Не ўсе ведаюць, што была тая папка пустой і прыдумаў гэты ход менавіта Сініцын.

7 кастрычніка 1995 года (усе даты ўзгоднены з самім Сініцыным, каб пазбегнуць памылак, якіх ужо не мала гуляе ў СМІ) Леанід Георгіевіч Сініцын перастаў быць кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі, а 26 ліпеня 1996 публічна сышоў з пасады аднаго з віцэ-прэм’ераў.

У той дзень якраз праходзіла пасяджэнне Савета Бяспекі. Віктар Шэйман зрабіў вельмі крытычны “разнос” усяму ўраду і перш за ўсіх прэм’еру Лінгу. Сініцын хацеў яго абараніць, але слова яму не далі, а “на арэхі” дасталася самому Леаніду Георгіевічу. Між ім і Лукашэнкам узнікла вельмі жорсткая спрэчка. Калі пасяджэнне скончылася, Сініцын адразу ж перадаў прэзідэнту заяву, якую літаральна тут і напісаў. Праз некалькі дзён прэзідэнт выклікаў Сініцына і вярнуў заяву з прапановай падумаць, але Леанід Георгіевіч адмовіўся: рашэнне ўжо прынятае і будаваць дыктатуру ён не збіраецца. Адзін з асноўных архітэктараў перамогі сышоў з палітычнага карабля першага прэзідэнта. Мадэль аказалася не той, якую ён хацеў адбудаваць.

Менавіта як будаўніка Сініцына і ведаюць.

Леанід Георгіевіч Сініцын нарадзіўся 28 ліпеня 1954 года ў Полацку. У 1977 годзе скончыў Новаполацкі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці інжынер-будаўнік.

У некаторых крыніцах напісана, што самастойна працаваць ён пачаў тады, калі пасля інстытута адслужыў у войску. Дакладней - у 1979 годзе. Гэта не зусім так. Працаваць Сініцын пачаў яшчэ да таго, як стаў студэнтам. У 1971 годзе ён уладкаваўся ўпакоўшчыкам на Полацкаю мэблевую фабрыку.

Яго бацька Георгій Аляксеевіч па нацыянальнасці быў рускім, вайскоўцам, маці Кацярына Фёдараўна – беларуска, шмат гадоў працавала на Полацкім малаказаводзе. Звычайна я на такія моманты не звяртаю ўвагі, але ў дадзеным выпадку вырашыў зрабіць выключэнне. Можа гэта дапаможа зразумець, чаму ў 1995 годзе менавіта Леанід Сініцын, без якіх-небудзь ваганняў, стаў тым чалавекам, які замест “Пагоні” намаляваў варыянт беларускага герба. Той самы, што і стане крыху пазней асновай герба сённяшняга. Прычым, сам Сініцын ніколі не лічыў, што валодае мастацкімі якасцямі. За маляванне ж герба ўзяўся таму, па-першае, што не бачыў у гэтай справе нічога асабліва складанага. А, па другое, гэту справу дыктавала палітыка. І намаляваў ён не тое, чаго патрабавалі гістарычная традыцыя і геральдысты, а што хацеў бачыць электарат. Магчыма, з маральнага пункту гледжання тут шмат пытанняў, але з палітычнага на той час іх камандзе гэта падавалася мэтазгодным.

На гэтым эпізодзе, магчыма будзе лягчэй зразумець, чаму Сініцына заўсёды называлі адным з самых “прарасійскіх” палітыкаў і чаму ў красавіку 2007 года ён разам з Парфяновічам, знакамітым спартсменам, дэпутатам і апазіцыянерам выдаў Маніфест, які выклікаў такую бурную рэакцыю.

На тым, як, кім і дзе Сініцын працаваў у перыяд з 1979-га па 1990-ы падрабязна спыняцца вялікага сэнсу не бачу. Адзначу толькі, што ў будаўнічай галіне ён ведае даволі шмат.

У 1990 годзе пачынаецца цалкам палітычная кар’ера Леаніда Георгіевіча, якая аднак на першым этапе ўсё ж такі была звязана з яго асноўнай прафесіяй. Ён выбіраецца дэпутатам у Вярхоўны Савет 12-га склікання і становіцца намеснікам старшыні Камісіі па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Але трымаюць гэты факт у памяці хіба толькі даследчыкі. У адрозненне ад іншых палітыкаў, якія любілі пакрасавацца ля мікрафонаў, Сініцын трымаўся ў цені. На мой погляд, менавіта гэта якасць яго характару ў многім паспрыяла яго вылучэнню на ролю кіраўніка каманды Лукашэнкі, на ролю, як кажуць футбалісты, гуляючага трэнера. Дакладней капітана, бо доўга чамусьці вучыць такога іграка, як Лукашэнка, вельмі цяжка.

Не той гэта чалавек, які ўвогуле здольны ўспрымаць нейкія правілы.

Як вядома, у 1994 годзе Сініцын узначаліў перадвыбарчы штаб Лукашэнкі і фактычна забяспечыў яму перамогу. Пачынаў ён з нуля, бо за спінай у Лукашэнкі нічога яшчэ не было. Ні сваёй партыі, ні так званага адміністрацыйнага рэсурсу. За даволі кароткі тэрмін Сініцын змог сабраць у групу падтрымкі больш за 20 тысяч чалавек. Канешне, час тады быў другі, але нешта падобнае бачна і сёння – стомленасць ад існуючай улады. Розныя толькі фазы.Тады набліжаўся канец, зараз самы пачатак.

Дарэчы, структуры былі па ўсёй краіне, але справа не толькі ў іх колькасці. Галоўнае – знаёмствы. На маё меркаванне, на гэту базу Сініцын паспрабуе абаперціся і ў 2001 годзе, калі сам пойдзе на прэзідэнцкія выбары. Але час сапраўды быў другі і супраць канкурэнтаў гулялі па іншых правілах.

У тагачасным атачэнні Лукашэнкі былі вельмі розныя па амбіцыях і характарах людзі. Усе канфлікты Сініцын “гасіў” і называў гэта “здольнасцю перамоўнага працэсу”. Наколькі ў яго добра атрымлівалася, раскажа шмат пазней адзін з тагачасных яго падначаленых Аляксандр Фядута ў кнізе “Лукашэнка. Палітычная біяграфія”: “Сініцын не перабольшваў сваю “здольнасць перамоўнага працэсу”. Штаб пераканаўся ў гэтым, калі ён на два тыдні з’ехаў у ЗША, пакінуўшы замест сябе Ціцянкова. Калі б ён затрымаўся ў Хьюстане на тыдзень больш, уся выбарчая кампанія рассыпалася б, не гледзячы на асабісты аўтарытэт нашага кандыдата. Іван Ціцянкоў быў цалкам не прымальны ў якасці паўнапраўнага кіраўніка штаба.”

Не буду пералічваць і аналізаваць усе справы Сініцына на адной з першых у краіне пасад. Бо, думаю, большасць з маіх меркаванняў могуць стаць дыскусійнымі. У гэтым нарысе я не хачу ні з кім спрачацца. Мая задача зусім іншая – расказаць пра чалавека, пра яго найбольш яскравыя ўчынкі.

Мяне, напрыклад, вельмі ўражвае той факт, што Сініцын сышоў з пасады сам, а не быў ад яе са скандалам вызвалены. Безумоўна, яго дзейнасць на пасадах кіраўніка адміністрацыі і віцэ-прэм’ера выклікае шмат пытанняў, аднак галоўнае тут, што ён сышоў, калі мог спакойна застацца. Сышоў не проста добраахвотна і ціха, а ў знак пратэсту палітыкай кіраўніка дзяржавы. Аб чым і напісаў у “Народнай волі” 31 ліпеня 1996 года: “На мой погляд, прынцыпы і метады, якімі Вы карыстаецеся ў апошні час, кіруючы дзяржавай, памылковыя.” Калі гэта сказаць больш ясна, то Сініцын выступіў супраць дыктатуры таго чалавека, якога ў 1991 годзе прапанаваў на прэзідэнта. І, як і многія з нас, памыліўся. Іншая справа - цана памылкі. Урок, які варта засвоіць: думаць аб фінішы яшчэ на старце.

Добра памятаю, як пасля першага тура выбараў Сініцын па даручэнні Лукашэнкі выступіў з заявай, дзе паабяцаў прэсе сапраўдную свабоду. А ў наступным годзе краіна была шакіравана “белымі плямамі” ў газетах і выгнаннем з друкарні Дома друку найбольш уплывовых апазіцыйных выданняў. Для Сініцына гэта было цалкам нечакана, але яшчэ не стала знакам для пераасэнсавання курсу кіраўніка дзяржавы на выхад за межы некалі разам акрэсленых рамак.

Нагадаю, што пасля Ганчара гэта быў другі выпадак, калі нехта пакінуў каманду прэзідэнта. Сініцын сышоў таму, што зразумеў: ён не можа больш уплываць на палітыку Лукашэнкі.

У 2001 годзе Леанід Георгіевіч сам вырашыў стаць прэзідэнтам. Аб гэтым намеры ён выказаўся яшчэ ў кастрычніку 2000-га. Яго праграма была настолькі “прарасійскай”, што ніхто не сумняваўся – ход Крамля. Не хаваў гэта і сам Сініцын. Хутчэй за ўсё, пэўныя палітычныя сілы Расіі такім чынам давалі сігнал Лукашэнку: калі не будзеш слухацца, мы знойдзем іншага. Зразумеў гэта і сам Сініцын і таму з-за “выбракоўкі” больш за 30 тысяч з сабраных ім подпісаў ляманту падымаць не стаў.

Ён пакідае палітыку і пераходзіць у бізнэс у якасці віцэ-прэзідэнта грамадскага аб’ядання “Сацыяльныя тэхналогіі”. Але ў палітыку час ад часу будзе вяртацца. Іншы раз дастаткова гучна. У прыватнасці, шуму нарабіў выдадзены ў красавіку 2007 года ім і Парфяновічам Маніфест за саюз з Расіяй.

У чым яго сутнасць - пераказваць не стану, каб нікога не заблытаць. Адзначу толькі, што супраць Маніфесту адразу ж выступілі не толькі прыхільнікі БНФ, але і ўся, па сутнасці, тытульная апазіцыя. І самае галоўнае – ніхто толкам не разумее, дзе там логіка.

14.11.07

ГЕНЕРАЛ ЮРЫЙ ЗАХАРАНКА
Апошні раз мы бачыліся ў Чыгіра, які жыве паміж Паўночнымі могілкамі і Мінскім морам. У Захаранкі раптам перастаў працаваць рухавік “мерседэса”, і я на сваёй “сігары” цягнуў яго аўтамабіль на тую самую стаянку, з якой 7 мая 1999 года ён не вернецца дадому. Дарэчы, Чыгір жыве ў катэджы, які пачалі “трэсці” яшчэ падначаленыя Захаранкі.

Юрый Мікалаевіч Захаранка нарадзіўся 4 студзеня 1952 года ў горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1977 годзе ён скончыў Валгаградскую школу МУС СССР, а праз дзесяць гадоў акадэмію.

У 1970 годзе яго “забралі” на тэрміновую ваенную службу. Так будучы міліцэйскі генерал стаў радавым матросам Балтыйскага флоту.

Я не буду пералічваць усе пасады, якія ён займаў у структурах МУС спачатку СССР, а потым і РБ. Скажу толькі, што ў адрозненне ад тых, хто стане міністрамі ўнутраных спраў пасля, Юрый Мікалаевіч ведаў усе асаблівасці міліцэйскай работы. Для таго, каб гэта было бачна больш наглядна, узгадаю толькі некалькі кар’ерных момантаў. У 1977 годзе Захаранка стаў следчым Светлагорскага РАУС, а ў 1989 намеснікам начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама. У 1991 годзе яго прызначылі намеснікам начальніка Міжрэгіянальнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС СССР, а ўжо праз год Захаранка ўзначаліў Следчы камітэт МУС РБ, які сам і стварыў. Сапраўдных злачынцаў ён бачыў не толькі на карцінках, калі іх нехта шукае. І лічыў, што галава патрэбна чалавеку не толькі для таго, каб разбіваць цэглу...

Менавіта пры ім беларуская міліцыя перажыла свой сапраўдны росквіт. У сістэме МУС была створана крымінальная разведка і рэарганізавана ўся структура ведамства. А галоўнае – міліцыянеры перасталі быць паслухмянымі цэрберамі сістэмы. Не выпадкова, калі ў кастрычніку 1995 года Захаранку адхілялі ад улады, узброены захоп будынка МУС ўзначаліў начальнік Службы бяспекі прэзідэнта Ю. Бародзіч. На самым версе добра ведалі, што тады такі загад міліцыянеры не выканалі б.

Юрый Захаранка прымаў удзел у апошнім з’ездзе КПСС. І не таму, што быў такім шчырым камуністам. Хутчэй наадварот. Для тых, хто гэтага не ведае, скажу: членамі партыі ў той час былі ўсе чыноўнікі такога рангу, а стаць дэлегатам партыйнага сходу лічылася вельмі крута.

Міністрам унутраных спраў Ю.М. Захаранку Лукашэнка прызначыў амаль адразу ж пасля сваёй перамогі. Нагадаю, ужо 1 ліпеня 1994 года быў адпаведны ўказ, а праз пэўны час ён стаў генерал-маёрам. Калі я не памыляюся, то Захаранка быў самым маладым міністрам унутраных спраў сярод усіх краінаў былога Савецкага Саюза. Гэтаму прызначэнню ў МУС абрадаваліся – свой. А не нейкі былы камсамольскі работнік.

Аднак менавіта гэта, на мой погляд, пазней і будзе прычынай апалы. Не маючы вопыту апаратных інтрыгаў, малады міністр пачаў “капаць” там, дзе гэта рабіць не дазвалялася. Напрыклад, вельмі шмат магчымых судовых матэрыялаў было пра тагачаснага “заўгаса краіны” Івана Ціцянкова. Як вядома, апошні паводзіў сябе ў адносінах да закона так нахабна, што нават у вышэйшага кіраўніцтва краіны, якое яго заўжды “крышевала”, лопнулі нервы.

Адзін з супрацоўнікаў Савета Бяспекі расказваў, што для Ціцянкова была падрыхтавана ў “амерыканцы” камера, а на камп’ютары набраны адпаведны тэкст. Чакалі да позняга вечара і толькі тады прыйшоў “адбой”. Але было гэта тады, калі Захаранка ўжо не ўзначальваў МУС... Я наўмысна не буду ўжываць ніякіх словаў пра забойства, хаця ўсе ўсё добра разумеюць. Проста ёсць людзі, якія вераць, што Захаранка калі-небудзь вернецца.

Ціцянкова заўжды лічылі “денежным мешком” Лукашэнкі і можна толькі здагадвацца колькі з гэтай нагоды было ў Захаранкі “сігналаў”. Упэўнены, што ён бы “пасадзіў” Ціцянкова (напрыклад, прасіў тую ж Віннікаву даць яе “фактуру”), калі б той краў толькі для сябе. Фактаў у Захаранкі было дастаткова. Больш за тое. Менавіта Захаранка зрабіў уцечку ў прэсу матэрыялы пра скандальна вядомую фірму “Торгэкспо”. Добра памятаю, які тады быў лямант. Як на станцыі “Калодзішчы” стаялі арыштаваныя вагоны з кантрабанднымі гарэлкай, цыгарэтамі і мэбляй.

Мабыць, ён яшчэ не ведаў, што да ўлады прыходзяць для таго, каб лягчэй было красці.

Думаю, што ўсё гэта вельмі напужала Лукашэнку і 16 кастрычніка 1995 года той сваім указам зняў Юрыя Мікалаевіча з пасады. А 16 красавіка 1996-га панізіў у званні, аднак я палкоўніка Захаранку ніколі не бачыў.

Згодна з тагачаснай Канстытуцыяй кіраўнік дзяржавы мог зрабіць такі крок толькі з дазволу Вярхоўнага Савета. На тое пасяджэнне журналістаў сабралася як ніколі. Захаранка жвава выйшаў на трыбуну, пачаў гаварыць і ў гэты момант спікер Сямён Шарэцкі ўстаў са свайго крэсла, падышоў да Лукашэнкі і павярнуўшыся да Захаранкі спінай пачаў з прэзідэнтам аб нечым шаптацца. Усе зразумелі, што службовая кар’ера Захаранкі скончылася. Гэта быў самы ганебны аркуш з палітычнай біяграфіі Шарэцкага. З таго часу асабіста я, як і многія калегі, перастаў Шарэцкага паважаць.

Аднак вернемся да катэджа Чыгіра. Не трэба быць Касандрай, каб зразумець, што Захаранка толькі выконваў чыйсьці загад. І няцяжка здагадацца чый. І, хутчэй за ўсё, сутнасць загада была ў тым, каб што-небудзь “нарыць”. Але Юрый Мікалаевіч гэтага не зрабіў. Дакладней, выканаў загад не так, як ад яго чакалі. Скрупулёзная праверка паказала, што “рыць” няма чаго, таму што ў будаўніцтве ўсё законна. А фальсіфікаваць, як гэта будуць потым рабіць іншыя, Захаранка не ўмеў і вучыцца не жадаў.

У доме Чыгіра я сустракаў Захаранку даволі часта. Калі б нешта было не так, такое проста немагчыма. Дарэчы, і Вольга Барысаўна Захаранка час ад часу тэлефанавала Юліі Станіславаўне Чыгір, і размаўлялі яны падоўгу. А ў жанчын, як вядома, больш жорсткія крытэрыі чалавечых адносінаў.

У 1994 годзе Захаранка быў у абкружэнні Лукашэнкі, у 1999-м – адной з давераных асобаў Чыгіра, але вопытным палітыкам яго лічыць нельга. Як і генерала Лебедзя. Напрыклад, ён публічна абвінаваціў міністра замежных спраў Германіі Клаўса Кінкеля ў тым, што той прыехаў у Мінск, каб “заліць Беларусь крывёй”. Іронія лёсу, але менавіта ў Германіі жонка і дзеці зніклага Захаранкі ў 2000 годзе знойдуць палітычны прытулак. Зразумела, што так у буйной палітыцы не робіцца ўвогуле, аднак знік Захаранка, на мой погляд, менавіта за палітыку.

Пасля звальнення з пасады міністра ён пачаў ствараць Саюз афіцэраў Беларусі, але гэтая справа ішла даволі вяла. Актывізавалася ўсё пасля таго, як 5 снежня 1998 года Чыгір заявіў аб сваім удзеле ў віртуальных прэзідэнцкіх выбарах. Па розных крыніцах на момант знікнення Захаранкі ў складзе Саюза афіцэраў налічвалася каля двух тысяч чалавек. Нямнога. Але гэта толькі на першы погляд. Як праўдзіва кажуць, тут важная не колькасць, а якасць.

Па-першае, у гэтай арганізацыі былі амаль толькі шчырыя ідэйныя праціўнікі ўлады. Не хачу нічога сцвярджаць, але, на мой погляд, створанае днямі аб’яднанне “Белая Русь” будзе існаваць роўна столькі, колькі Лукашэнка будзе пры ўладзе. Вельмі сумніўна, што хто-небудзь з прыхільнікаў гэтага руху выйдзе абараняць рэжым пасля яго падзення.

Па-другое. У Саюз афіцэраў уваходзілі людзі, якія ведаюць, што трэба рабіць са зброяй. Не выпадкова ва ўсім свеце ўлады да тых, хто калісьці насіў пагоны, ставяцца вельмі добра.

І трэцяе. Захаранку паважалі ў МУС. Я сам быў сведкам, як ён, калі арыштавалі Чыгіра, без усякіх перашкод прайшоў у Следчы камітэт, які тады ўзначальваў адзін з яго “пратэжэ”. У адрозненне ад нас паставыя пабаяліся спыняць свайго былога шэфа. Ды і “пратэжэ” Захаранкі на той час былі ўсюды.

Такім чынам тое, што зрабіла ўлада 7 мая 1999 года, яна павінна была зрабіць. Інстынкт самазахавання. І гэта не толькі мой асабісты вывад. Фактычна гэта ж сцвярджае ў сваім мемарандуме, што прагучаў 28 красавіка 2004 года, дэпутат Еўрапарламенту Хрыстосас Пургурыдзіс.

Многія лічаць, што ў сярэдзіне дзевяностых гадоў былі створаны так званыя “эскадроны смерці”. Такая жудасная аналогія з Аргенцінай – вынік таго, што па дадзеных былога следчага Алега Случака, групай, створанай вядомым ва ўнутраных войсках Д. Паўлючэнкам, здзейснена каля 30 забойстваў. Спачатку гэта былі толькі крымінальныя аўтарытэты. Захаранка стаў першым “палітычным”. Наколькі ўсё адпавядае рэчаіснасці? Зразумела, што сам я нічога сцвярджаць не буду. Але так напісана ва ўзгаданым мемарандуме Пургурыдзіса.


20.11.07
РЫЦАР ДЭМАКРАТЫІ ВАЛЕРЫЙ ШЧУКІН
Пра яго знакамітую бараду ўжо пачалі складаць палітычныя легенды. Уношу поўную яснасць. Як расказваў мне сам Валерый Аляксеевіч, бараду ён пачаў насіць у 1982 годзе, калі нарадзілася першая ўнучка Жэня. Так Шчукін вырашыў адзначыць тое, што ён стаў дзедам. На гэты момант Валерый Аляксеевіч мае сем унукаў. Бараду сілай згалілі толькі аднойчы: у 2001 годзе ў пастарунку, дзе апынуўся ў чарговы раз.

Дарэчы, доўгі час ён быў па «сутках» рэкардсменам сярод апазіцыянераў, і толькі ў апошнія гады саступіў іншым. Аднак з гэтай нагоды не скардзіцца. «Канкурэнты» больш маладзейшыя.

Нарадзіўся Валерый Шчукін 22 сакавіка 1942 года ў расійскім Уладзівастоку. Па гараскопу — Авен. З гэтай нагоды ў адной размове са мной настойліва падкрэсліваў, што па жыцці ён упёрты, як баран. І прыводзіў шмат прыкладаў. Калі яго дачка вучылася іграць на піяніна, ён набыў падручнік па музыцы і прачытаў яго пяць разоў. Першыя тры нічога не зразумеў. Інструментаў у іх ваенным гарадку не было. Шчукін выразаў прамавугольную фанерку, намаляваў клавішы і сачыў за тым, каб дачка не махлявала.

У 1951 годзе маці Шчукіна вярнулася ў родную вёску ў Беларусь. Так параілі ўрачы, бо прыморскі клімат ёй шкодзіў. Працаваць Валерый Аляксеевіч пачаў у 15 гадоў, што зразумела — у сям’і было чацвёра дзяцей. Шчукін спачатку стаў вучнем слесара, а потым і слесарам. Калі вы будзеце ў мінскім цырку, звярніце ўвагу на літыя поручні лесвіцы. Іх зрабіў Валерый Аляксеевіч.

Ваенным мараком ён вырашыў стаць па вельмі празаічнай прычыне — каб пазбегнуць канфліктаў з бацькамі. У 1964 годзе паспяхова скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча і паехаў служыць на Ціхаакіянскі флот, які і да гэтага часу дарагі яго сэрцу. Капітан другога рангу — вышэйшая прыступка службовай кар’еры. Далей — стоп. Справа ў тым, што дзве сястры яго жонкі жылі ў Швецыі, пра што Шчукін добрасумленна і напісаў у анкеце. Па савецкіх стандартах гэта было несумяшчальна з высокімі званнямі і пасадамі. Колькі кар’ер і лёсаў абламалася на такога кшталту фактах біяграфіі, пра якія многія нават і не ведалі. А хто ведаў — маўчалі. Але ж не Шчукін з яго імкненнем да праўды і справядлівасці, што стала, па сутнасці, непераадольнай рысай характару. Урэшце вярхі паставілі крыж на яго службовай кар’еры.

У запас Валерый Аляксеевіч звольніўся як толькі яму споўнілася 45 гадоў. І пенсія прыстойная, і ўзрост найбольшых магчымасцяў: ёсць ужо багаты жыццёвы досвед і яшчэ ёсць сілы. Як многія былыя вайскоўцы, Шчукін не шукаў лёгкай працы і ўтульнага спакойнага месца. Яму хацелася фізічна актыўнай працы. Так у яго працоўнай кніжцы з’явіўся запіс: з 1987 па 1995 — машыніст крана-трубаўкладчыка.

Са спасылкай на аповед Валерыя Аляксеевіча канстатую: новую прафесію ён набыў амаль выпадкова. Суседам па купэ ў цягніку з Масквы ў Мінск, якім ён ехаў пасля звальнення ў запас, аказаўся будаўнік газаправодаў. Ён і паўплываў на былога «капдва». Прафесія не для тых, хто любіць аселае жыццё. За ніткай праводу праз палі і горы. І — новая будоўля. Рамантыка. Так Шчукін апынуўся паміж Новалукомлем і Наваполацкам. Потым былі яшчэ Цюмень і Казахстан.

У 1995 годзе яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання. «Двигать» яго ў дэпутаты вырашыла мясцовая ячэйка Камуністычнай партыі, і ён, як чалавек дысцыплінаваны (вайсковец), даручэнне выканаў. Тым больш, што ідэі перабудовы ўжо захапілі яго не на жарт. Шчукін нават напісаў варыянт новага статута КПСС, які і адаслаў у ЦК КПБ. І як мне распавядаў адзін з былых супрацоўнікаў Інстытута гісторыі партыі, якому далі азнаёміцца з праектам Шчукіна, навукоўцы напачатку паставіліся да гэтага праекта «трактарыста» як да чарговай праявы палітычнага графаманства. Але калі прачыталі, былі здзіўлены, што напісаны ён пісьменна з добрым разуменнем сутнасці сітуацыі і хвароб партыі. Па сутнасці, варыянт шчукінскага статута абапіраўся на ідэі сацыял-дэмакратыі. Зразумела, што яго ніхто не разглядаў.

На выбарах Валерый Шчукін дастаткова лёгка перамог, апярэдзіў у тым ліку і такога канкурэнта, як папулярны артыст Уладзімір Гасцюхін. З гэтага моманту пачынаецца Шчукін-палітык. Ён стаў адным з самых актыўных дэпутатаў тагачаснага парламенту, сакратаром Камісіі па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю. Амаль адным з першых ён прыйшоў ды былога спікера Мечаслава Грыба і папрасіў не пасаду, а... камп’ютар, каб працаваць больш эфектыўна.

Памятаю, што Шчукін даволі хутка стаў вялікім улюбёнцам прэсы, бо па сутнасці не было пытанняў, адносна якіх нельга было б атрымаць яго каментар. І не ад вельмі вялікай прагі да піяру. Проста ён імкнуўся дасканала разабрацца ў любым пытанні. Нават спрачаўся з лібералам Лябедзькам адносна трансплантацыі чалавечых органаў. Прычым рабіў гэта так эмацыйна, што многія яшчэ доўга будуць памятаць яго словы пра вельмі інтымныя рэчы. Тады нават не верылася — пройдуць гады, і яны разам будуць у адных і тых жа апазіцыйных акопах.

Сярод тых, хто супрацьстаяў жаданню Лукашэнкі атрымаць «царскія паўнамоцтвы», Шчукін быў адным з самых актыўных. Менавіта ён уваходзіў у той дэпутацкі трыумвірат, які літаральна ўварваўся ў кабінет Ціхіні і выказаў меркаванне наконт адсутнасці ў апошняга паўнамоцтваў спыняць працэдуру імпічменту. Аднак, на жаль, Ціхіня зрабіў тады па-іншаму. Прызначанае на пэўны час пасяджэнне не адбылося. Але пра гэта я ўжо пісаў, паўтарацца не буду. Адзначу толькі — Шчукін не пайшоў на кампрамісы з уладай. І прычынай была не вядомая «ўпёртасць», а прынцыповая грамадзянская пазіцыя. А яшчэ пачуццё ўласнай годнасці, чалавечай і мужчынскай, абвостранае пачуццё справядлівасці. Менавіта яны дыктавалі яму паводзіны і ўчынкі, якія выклікалі павагу як сяброў, так і апанентаў.

Дазволю сабе не пагадзіцца з тым негатыўным сэнсам, які хто-ніхто ўкладае ў выслоўе «сухапутны марак» на адрас Шчукіна. Сапраўды, у 1969 годзе яго «спісалі на бераг». І абумоўлена гэта было зноў-такі нацыянальнасцю жонкі і тым, што яе сёстры жылі за мяжой. Мабыць, нехта для службовай кар’еры развёўся б, але гэта не пра Шчукіна...

Калі хтосьці ў чарговы раз расказвае пра новы эпатажны ўчынак Валерыя Аляксеевіча, я ніколі не падтрымліваю іроніі. Так, са Шчукіным можна многа ў чым не пагаджацца, але адназначна: ён пастаянна трымае ўладу ў нейкай напружанасці. І яшчэ не вядома, што для яе страшней — чарговая апазіцыйная рэзалюцыя або разбітыя шыбы, калі Шчукіна зноў забірае АМАП. Але і АМАП ён прымусіў сябе паважаць. Аднойчы чуў, як з рацыі падчас адной з дэманстрацый услед за камандай на разгон прагучала: «Щукина не трогать!» Асобна трэба сказаць пра не зусім звычайныя адносіны Валерыя Аляксеевіча да жанчын. Яны, натуральна, джэнтльменскія і не залежаць ад любых абставінаў. Перш за ўсё ўзгадваю Людмілу Маслюкову, якая спачатку працавала ў «Народнай волі», а потым перайшла ў ідэйны антыпод — «Советскую Белоруссию» і пачала вельмі жорстка крытыкаваць сваіх учарашніх паплечнікаў. Зараз я не буду разважаць пра мараль, а толькі звярну ўвагу на адну акалічнасць. Калі пасля такой гучнай палітычнай здрады некаторыя мае калегі нават перасталі з Маслюковай вітацца, то Шчукін, наадварот, ці не адзіны з апазіцыі, хто паспрабаваў яе зразумець. Яго не аднойчы бачылі ў кампаніі з Людмілай на розных апазіцыйных мерапрыемствах, што нават спарадзіла адпаведныя жарты з прысмакам. Пакінем іх па-за ўвагай. Як бы там ні было, у дачыненні да Маслюковай Шчукін паводзіў сябе як сапраўдны Мужчына.

Калі ў 1998 годзе яго выключылі з апазіцыйнай Партыі камуністаў Беларускай за тое, што Шчукін быў іншадумцам і друкаваўся ў ідэйна блізкай да БНФ газеце «Народная воля», асабіста мне было сорамна за «калякінцаў». Па сутнасці, яны зрабілі тое ж самае, што нядаўна адбылося ў сядзібе БНФ з газетай «Таварыш».

Тое, што Валерый Аляксеевіч з’яўляецца ідэйным камуністам, ведаюць усе. Больш за тое, з 1991 года ён быў членам Мінскага райкама ПКБ, а потым шэсць гадоў запар — членам ЦК. Таму я, мякка кажучы, не разумею логіку тых, хто рабіў у адносінах да яго «аргвывады». Некалькі гадоў таму я зрабіў са Шчукіным інтэрв’ю пад назвай, якая раскрывае ўсё: «Камуніст з бел-чырвона-белым сцягам».


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка