Асобы аляксандр тамковіч




старонка4/9
Дата канвертавання16.03.2016
Памер1.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

10.10.07


ЛІДАР ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ -- ГЕНАДЗЬ КАРПЕНКА
Цалкам згодны з тымі, хто лічыць: быў бы жывы Карпенка, ўлады мелі б значна больш праблем. Ва ўсякім выпадку спрэчак наконт “адзінства” дэмакратычны сіл, “адзінага кандыдата”, адзінага лідэра апазіцыі мы б, хутчэй за ўсё, не чулі. На жаль, гісторыя не прызнае ўмоўны лад.

На мой погляд, менавіта тое, што Карпенка меў самы рэальны шанц стаць другім прэзідэнтам Беларусі і было прычынай яго незвычайна-раптоўнай смерці. Калі іншыя нарысы я звычайна пачынаю з даты народзінаў, то гэты пачну з апошніх гадоў жыцця Генадзя Дзмітрыевіча.

24 красавіка 1994 года Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 19 ініцыятыўных групаў, якія пачалі збор подпісаў. Сярод найбольш перспектыўных лічылася і каманда Генадзя Дзмітрыевіча Карпенкі. За ім была Партыя народнай згоды, якую ён на той час ачольваў. За ім былі спартыўныя арганізацыі. Яго падтрымлівала і частка дырэктарскага корпуса. Разам з тым ён быў і першым ў краіне кандыдатам, які прыцягнуў да працы і тых, хто на выбарчых тэхналогіях зарабляе грошы. Другімі словамі, модным зараз прафесійным зборшчыкам.

І сваім эксперыментам паказаў, што на апошніх у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі стаўку рабіць нельга.

Асноўную масу подпісаў (каля 80 тысяч) сабралі, як ні дзіўна, яшчэ даволі слабыя структуры маладой партыі. 20 тысяч – спартсмены. 10 тысяч – астатнія.

Дырэктарскі корпус арганізоўваў збор подпісаў на Кебіча, на Лукашэнку, часткова і на Пазьняка. У розных аб’ёмах на магчымага пераможцу. Па словах Генадзя Дзмітрыевіча, збіралі і на яго, але (праз прадпрыемствы) свае спісы яму не аддалі.

У выніку ініцыятыўная група Карпенкі здала ў Цэнтрвыбаркам 110 тысяч сабраных подпісаў, але сапраўднымі былі толькі 93 тысячы. 11 тысяч з гэтых недастаючых 17 былі “забракаваны” ў адным Фрунзенскім раёне Мінска. Ці не першы гэта вопыт уладаў “работы” над спісамі найбольш небяспечных сапернікаў. Астатнія выбракаваныя подпісы, магчыма, і сапраўды былі “аформлены некарэктна” тымі, хто працаваў не за ідэю, а за банальныя грошы. Ясна, аднак, што надзейнага запасу трываласці ў спісах Карпенкі не было.

Стаць кандыдатам у прэзідэнты ў Генадзя Дзмітрыевіча быў і іншы шанц: сабраць не менш за 70 подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Ён гэта зрабіў, але не ўлічыў адну акалічнасць: настрой народных выбраннікаў такі ж непастаянны як і веснавое надвор’е. Асабліва ў тых, хто залежыць ад партыйна-наменклатурных інструкцый.

Першымі “далі задні ход” прыхільнікі Шушкевіча, затым тое ж самае зрабілі некаторыя члены пракебічаўскай фракцыі “Згода”. Урэшце з 78 дэпутацкіх аўтографаў засталося толькі 64.

Так у 1994 годзе Карпенка мог але не стаў кандыдатам у прэзідэнты. І такой магчымасці ў яго не з’явіцца больш ніколі. Нават на так званых “віртуальных” прэзідэнцкіх выбарах, якія абвясціў Ганчар.

Нагадаем, што пасяджэнне апазіцыйных рэшткаў Вярхоўнага Савета праходзіла ў студзені 1997 года. Супраць прапаноў Ганчара былі толькі двое. Вольга Абрамава і Генадзь Карпенка. Пра Вольгу Міхайлаўну гаворка асобная, а што датычыцца Карпенкі, то, на мой погляд, ён і не мог зрабіць інакш. Добра памятаю, як скардзіўся тады Генадзь Дзмітрыевіч на здраду многіх сваіх бліжэйшых сяброў. Справа ў тым, што да гэтага Карпенка лічыўся адзіным лідарам у значнай часткі апазіцыі. І, перш за ўсё, у сваёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі (у якую ён перайшоў у 1996 годзе, не пагадзіўшыся на фармат аб’яднання ПНЗ і БСДГ) і ў якой ён быў намеснікам старшыні. Больш за тое, ён узначальваў ценявы ўрад і меў вельмі добрыя шанцы, каб стаць на гэтых выбарах па версіі апазіцыі апанентам нумар адзін. У адрозненне ад таго ж Пазьняка, яго прымала наменклатура. Асабліва тыя, каго называюць “хозяйственниками”. Гэта невыпадкова. Карпенка добра ведаў, чым і як яны жывуць. Ён быў для іх “свой”.

Закончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Амаль сем гадоў, працаваў у навукова-вытворчай сферы, звязанай з распрацоўкамі ў галіне парашковай металургіі, у тым ліку - дырэктарам завода адпаведнага профілю ў Маладзечне. З гэтай пасады і стартаваў у палітыку – быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання.

У 1991 годзе Карпенку выбралі мэрам Маладзечна, дзе ён прапрацаваў больш як тры гады. Ды і іншыя рэгаліі вызывалі павагу. Доктар тэхнічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Аўтар 50 вынаходніцтваў, чые навуковыя распрацоўкі ўкараніліся ў 15 краінах свету і адзначаны 5 медалямі ВДНГ СССР.

Словам, ён вельмі нядрэнна глядзеўся ў параўнанні з былым кіраўніком не самага лепшага саўгаса. Быў прыцягальны для самых розных слаёў насельніцтва. За ім быў вялікі аўтарытэт і ў апазіцыі. Па сутнасці менавіта ён стаяў у вытокаў працэсу аб’яднання беларускай дэмакратыі, быў ініцыятарам Кангрэсаў дэмакратычных сіл, абіраўся яго старшынёй. Але выбараў па версіі апазіцыі ў 1999 годзе цураўся.

І тут у апазіцыі з’явіўся былы прэм’ер-міністр М. Чыгір. Вельмі многія з бліжэйшага абкружэння Карпенкі сталі працаваць менавіта на яго. Некаторыя лічаць, што галоўнымі тут былі грошы. Як сведка тых падзей, афіцыйна заяўляю, што гэта не зусім так. Ды і не было ў Чыгіра асабліва вялікіх грошай. Проста многія ўбачылі ў ім шанц нешта канкрэтнае зрабіць. Карпенка быў патэнцыяльным лідарам, а Чыгір рабіў даволі рэальныя рэчы. Па сутнасці яны не былі канкурэнтамі, хаця дакладна ведаю, што некаторыя менавіта на гэтым і рабілі акцэнт.

Вядомы выпадак, калі з Карпенка сустрэўся тагачасны віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў, агітаваў яго не ўдзельнічаць у “авантуры” Ганчара, а пазмагацца ў рэальных прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца праз два гады. І Карпенка пагадзіўся, бо перамога была б зусім не “віртуальнай” Многія лічаць, што гэта і вырашыла яго лёс.

Абставіны яго смерці да гэтага часу выклікаюць пытанні. 5 красавіка 1999 года ён размаўляў у кафэ з адной журналісткай, якая папрасіла сустрэчу. Нечакана Карпенка выйшаў, а калі вярнуўся, з ім здарыўся інсульт. З кафэ Генадзя Дзмітрыевіча адвезлі дамоў, а адтуль у бальніцу. У сёмай гадзіне 6 красавіка яго не стала.

Калі рабілі трэпанацыю чэрапа, то ўбачылі даволі вялікую гематому. Урачы кажуць, што такое бывае ад моцнага ўдару па галаве, альбо ад нейкіх хімічных прэпаратаў... Калі падобнае магло здарыцца - невядома і сёння.

Гэта быў апошні дзень жыцця Карпенкі, а я хачу нагадаць яшчэ і першы.

Яго маці расказвала даволі цікавую гісторыю знаёмства з яго бацькам. Было гэта амаль адразу ж пасля вайны. Вера Міхайлаўна толькі-толькі вярнулася з нямецкага палону ў родныя Смалявічы. Набліжаліся чарговыя Кастрычніцкія святы. Сяброўка прапанавала ёй з’ездіць у Калодзішчы на танцы, але там іх не было. Тады яны трапілі ў ваенны гарадок, дзе Вера і пазнаёмілася з Дзмітрыем. Той прыехаў за сям’ёй свайго камандзіра з Японіі. Пасля дэмабілізацыі Дзмітрый Карпенка, у якога некалькі гадоў таму ў Ленінградзе загінула першая сям’я, пераехаў у Смалявічы і яны сталі разам жыць. Хутка перабраліся ў Мінск, дзе 17 верасня 1949 года нарадзіўся сын, якога назвалі Генадзем.

16 гадоў яны жылі ў “камуналцы” і толькі потым атрымалі аднапакаёвую кватэру.

Палітычную дзейнасць Карпенка пачаў напрыканцы 80-х - дэпутатам і членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета 12-га склікання. У 1994 годзе яго выбралі ў Вярхоўны Савет 13-га склікання, віцэ-спікерам якога ён быў да самай смерці.



23.10.07

МІХАІЛ ЧЫГІР – ПРЭМ’ЕР-АПАЗІЦЫЯНЕР
Пачну з выпраўлення распаўсюджанай памылкі. «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» піша, што Міхаіл Мікалаевіч Чыгір нарадзіўся 24 мая 1948 года ў вёсцы Усава Капыльскага раёна. З гэтай фразы сапраўднай можна лічыць толькі дату. Але энцыклапедыя не вінавата.

Год таму Міхаіл Мікалаевіч расказаў мне, што на самай справе ён нарадзіўся побач — амаль у кіламетры ад Усава быў маленькі (усяго дванаццаць дамоў) пасёлак Брацкі. Там у сялянскай сям’і, у палове чацвёртай раніцы і з’явіўся на свет будучы кіраўнік першага ўрада першага прэзідэнта Беларусі. Маці, Анастасія Пятроўна, пайшла даіць карову і нарадзіла дзіця ў хляве. Прынесла дамоў у падоле. Яна доўга грукала ў шыбу, але бацька, Мікалай Сямёнавіч, не прачнуўся, бо вельмі моцна спаў. Яму было 49 гадоў, ёй 36.

Для Мікалая Сямёнавіча гэта быў ужо другі шлюб. Першая жонка прыехала з Амерыкі пагасціць, але назад яе не адпусцілі. Так і памерла ў БССР.

Міхаіл Мікалаевіч успамінаў, што нават на канвертах яны не пісалі «пасёлак Брацкі», бо паштальёны памыляліся і неслі лісты ў вёску Браткава.

Гледзячы на Чыгіра, вельмі цяжка паверыць, што некалі ён быў у школьнай камандзе па баскетболу, але гэта праўда. Настаўнік па фізкультуры лічыў, што ў кожнай камандзе павінен быць хтосьці больш жвавы.

Ва ўзгаданай энцыклапедыі гаворыцца: у 1970 годзе Чыгір скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Але сказаць, што ён марыў стаць банкірам, нельга. Проста Чыгіру вельмі падабалася матэматыка.

Ён нават хадзіў на матэматычны факультэт БДУ, там і даведаўся — у наргасе ёсць спецыяльнасць «банкаўская справа», дзе матэматыку трэба здаваць і пісьмова, і вусна, а геаграфію можна падвучыць. Было таксама і сачыненне, але Чыгір наўмысна пісаў яго кароткімі сказамі. Так менш памылак.

Дарэчы, там ён пазнаёміўся і з Тамарай Віннікавай, якая праз шмат гадоў «з’есць» Станіслава Багданкевіча. Чыгір (адзіны з тагачаснага кіраўніцтва краіны) будзе супраць яе прызначэння. І не толькі таму, што шмат разоў бачыў, як яна, калі выказвае «асабістую думку», чытае са сваіх запісаў тое, што казаў Лукашэнка некалькі месяцаў таму. Міхаіл Мікалаевіч лічыў: на такой высокай дзяржаўнай пасадзе не можа быць чалавек з «камерцыйнымі» поглядамі.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, прафесійная дзейнасць Чыгіра пачынаецца ў 1973 годзе, калі ён узначаліў Клецкае аддзяленне Дзяржбанка СССР, але гэта не зусім дакладна.

Пасля наргасу Міхаіла Чыгіра накіравалі ў Салігорск, а потым перавялі ў Беразіно. Адтуль прызвалі ў армію, бо ў наргасе не было ваеннай кафедры. Служыў ён у Івана-Франкоўску, ў авіяцыі. Пасля звальнення ў запас Міхаіла Чыгіра накіравалі ў Клецк, дзе з трагічнай нагоды (самагубства) нечакана вызвалілася пасада кіраўніка мясцовага філіяла банка. Так у 25 гадоў ён стаў самым маладым кіраўніком філіяла самага буйнога ў СССР банка.

Менавіта там ён сустрэў сваю будучую жонку Юлію. Цікава, што перад гэтым цыганка нагадала дзяўчыне, што ў яе ёсць хлопец, але замуж яна выйдзе за свайго калегу па працы, які потым будзе вельмі вялікім кіраўніком. Так і адбылося.

А сам Чыгір мне расказваў, як выбраў менавіта Юлю. У кіраўніка аддзялення была службовая трохпакаёвая кватэра. Набліжалася навагодняе свята, і Чыгір прапанаваў сваю хату. Раніцай першага студзеня посуд прыйшлі мыць толькі дзве жанчыны. Адна з іх — Юля Бабяк.

Ведаю, што некаторыя лічаць Чыгіра «подкаблучником». На мой погляд, такі падыход калгасна-прымітыўны. Безумоўна, ён прыслухваецца да сваёй жонкі, і ў гэтым няма нічога не толькі экстраардынарнага, але і дрэннага. Але рашэнні прымае толькі ён. І даволі часта зусім не тыя, якія падабаюцца Юліі Станіславаўне. Напрыклад, яна не хацела, каб муж стаў прэм’ерам або ўдзельнічаў у так званых «віртуальных» выбарах.

Першай казку пра «падкаблучніка» прыдумала маці вядомага ліберал-дэмакрата Галіна Гайдукевіч, на той час вельмі ўплывовы чалавек у банкаўскай сферы. Было гэта ў 70–80-х гадах мінулага стагоддзя. У жніўні 2001 года ў інтэрв’ю «Белорусской деловой газете» яна яшчэ раз агучыла гэтую версію, за якой нічога, на мой погляд, няма. Толькі чуткі і плёткі.

Міхаіла Чыгіра тройчы запрашалі на вельмі прэстыжны спецыяльны факультэт пры маскоўскім фінансавым інстытуце. Амаль усе слухачы потым ехалі працаваць у замежжа, дзе было нямала савецкіх банкаў.

У Маскве давалі кватэру, але Чыгір папрасіў Мінск. І сам не хацеў з’язджаць з Беларусі, і бацькоў не мог кінуць. Бацьку тады было ўжо 81 год, усяго ён пражыў 87, а маці — 69. Так яны і сказалі сыну: «Што такое мы зрабілі, што ты нас кінеш або прапануеш пераехаць у Маскву?»

Спачатку Міхаіл Мікалаевіч працаваў у Маскоўскім аддзяленні Дзяржбанка СССР, потым

перайшоў у абкам партыі, а затым стаў інструктарам эканамічнага аддзела ЦК КПБ.

У 1986 годзе ён вырашыў, што партыйная кар’ера не для яго, і зноў стаў банкірам. Дакладней, кіраўніком Мінскай гарадской канторы ўсё таго ж Дзяржбанка, бо ўнутры краіны ён быў адзіны. Адтуль у 1988 годзе Міхаіл Мікалаевіч перайшоў першым намеснікам, а потым і старшынёй «Аграпрамбанка», дзе працаваў да 1994 года.

З гэтай пасады ён і быў запрошаны на пасаду прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Некаторыя лічыць, што гэта была нейкая кампенсацыя за фінансавую падтрымку А. Лукашэнкі на выбарах. Але я прытрымліваюся версіі Сініцына, што ніякіх грошай Чыгір не даваў, а ўрад узначаліў толькі таму, што Лукашэнка не бачыў у ім канкурэнта. Пра гэта ж сведчыць і тое, што гэта пытанне з вуснаў Чыгіра ніколі не падымалася, нават тады, калі ён апынуўся ў турме.

Вядома, што першы канфлікт паміж ім і Лукашэнкам узнік у самым пачатку лістапада 1994 года, калі, каб выратаваць айчынную прамысловасць, урад павысіў кошты амаль на ўсе галоўныя прадукты спажывання.

11 лістапада 1994 года Лукашэнка тэрмінова вярнуўся з Сочы і перад тэлекамерамі загадаў ураду да 10 гадзін наступнага дня адмяніць сваё рашэнне, абяцаў таксама правесці з гэтай нагоды прамы эфір. Але ні першага, ні другога не было.

«Зламаць» Чыгіра не атрымалася. Што вельмі хацелася. За пяць хвілін да заканчэння азначанага тэрміну ў кабінет Чыгіра, дзе праходзіла адпаведная нарада, увайшоў вядомы «гранатамётчык» Віктар Кучынскі і заявіў, што калі патрабаванні прэзідэнта не будуць выкананы, у яго ёсць спецыяльны атрад. Што Кучынскі меў на ўвазе, членам тагачаснага ўрада дакладна невядома і да гэтага часу.

А потым быў лістапад 1996 года. У знак пратэсту Чыгір сышоў у адстаўку. Яго абяцалі падтрымаць усе члены ўрада, але выканаў абяцанне толькі міністр працы Аляксандр Сасноў.

Год пасля гэтага Чыгір не даваў ніякіх каментараў і інтэрв’ю, бо так абяцаў Лукашэнку. Ведаю гэта дакладна. Не аднойчы тэлефанаваў яму сам.

У 1998 годзе ён стаў кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага канцэрна «CEA» ў Расіі. Атрымліваў 10 000 долараў у месяц. А потым прыняў удзел у «віртуальных» прэзідэнцкіх выбарах і на 8 месяцаў трапіў за краты.

Не буду гадаць, што тады стала галоўным. Нагадаю толькі словы самога Чыгіра: «Ганчар і Шарэцкі расказалі мне ўсё не так, як было на самай справе, аднак зразумеў гэта я толькі тады, калі пачаў удзельнічаць у альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах». Больш за тое, яны тады прапанавалі Чыгіру ўкласці ў справу ўсе заробленыя грошы. Маўляў, потым яны вернуцца. Зразумела, ніхто і нічога так і не вярнуў. Атрымалася, што за тое, каб сесці ў турму, Чыгір яшчэ і заплаціў...

Заяву пра ўдзел у гэтай кампаніі М. Чыгір зрабіў 5 снежня 1998 года, а ўжо ў лютым 1999 была створана камісія па праверцы работы банка, калі там працаваў Міхаіл Мікалаевіч.

У сярэдзіне сакавіка ў яго падтрымку было сабрана 120 тысяч подпісаў, а ўвечары 28 сакавіка 1999 года БТ паведаміла, што ён скраў мільён долараў і ўцёк з краіны.

31 сакавіка 1999 года яго зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты, але пасведчанне атрымлівала жонка, бо 30 сакавіка Чыгіра арыштавалі. Адпусцілі толькі праз восем месяцаў. Аж 30 лістапада 1999 года.

Сваёй адстаўкай і выхадам у актыўную апазіцыйную палітыку Міхаіл Чыгір першым зрабіў знакавы маральна-палітычны крок. Пройдзе час, і гэты ж крок зробіць Міхаіл Марыніч. Пройдзе час, і гэты ж крок зробіць Аляксандр Казулін.

Зараз Чыгір палітыкай не займаецца. Не таму, што чагосьці баіцца. Проста пакуль не бачыць у гэтым сэнсу. Часам даводзіцца чуць, што ў Чыгіра няма «харызмы». Можа, гэта і так. Але ён сапраўдны гаспадарнік. На жаль, гэтай якасці якраз і не хапае ў нашай краіне. Калі Чыгір быў прэм’ерам, 92-гі бензін каштаваў 14 цэнтаў. Параўнайце з сённяшнім коштам.



26.10.07

ГАСПАДАРНІК МІХАІЛ МЯСНІКОВІЧ
Адразу падкрэслю, што гэты нарыс не мае адносінаў да з’езда навукоўцаў, які праходзіў на пачатку лістапада. Акрамя таго, вельмі спадзяюся, што спадар Мясніковіч, як кіраўнік усіх афіцыйных вучоных, добра ведае, што, згодна з усімі варыянтамі Канстытуцыі, я маю права на асабістую думку.

Цікава, але спробы знайсці афіцыйную біяграфію Міхаіла Уладзіміравіча з дапамогай «пашукавіка» інфармацыйнага агенцтва БелТА аказаліся безвыніковымі. Яе там, у адрозненне ад менш важных дзяржаўных чыноўнікаў, няма. Што, на мой погляд, таксама невыпадкова.

Аднак пра ўсё пазней, а пакуль распачнём традыцыйна.

Міхаіл Мясніковіч нарадзіўся ў вёсцы Новы Сноў Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. У 1972 годзе скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, а ў 1973-м пачаў працаваць інжынерам у вытворчым аб’яднанні «Мінскводаканал», дзе за чатыры гады зрабіў неблагую кар’еру. Спачатку стаў кіраўніком аднаго з вядучых аддзелаў, а потым галоўным інжынерам дырэкцыі па будаўніцтве аб’ектаў воднай гаспадаркі.

У 1977 годзе Мясніковіч стаў галоўным інжынерам упраўлення прадпрыемстваў камунальнага абслугоўвання Мінгарвыканкама, а затым і начальнікам. Менавіта з гэтага часу Мясніковіча пачалі лічыць «крепким хозяйственником». А калі ў 1983 годзе яго абралі (быў і такі час) старшынёй выканкама Савецкага раённага Савета народных дэпутатаў, а праз год прызначылі намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, да гэтага дадалося — апаратчык.

Паласа партыйная і паласа гаспадарчая ў іх пярэстым перапляценні выткуць канву жыцця і спраў Міхаіла Мясніковіча. У поўнай сувымернасці з характарам. У згодзе з самім сабой. Без сутыкненняў з уласным сумленнем. Але ці па здольнасцях і магчымасцях? Для сябе самога і для краіны. Разы два ў яго жыцці выпадалі моманты, калі ён мог выйсці на першую лінію і істотна (а можа, і вырашальным чынам) паўплываць на шлях развіцця краіны — да свабоды, дэмакратыі і дабрабыту. Быццам бы і спрабаваў — і адступаўся…

У 1985 годзе Міхаіл Уладзіміравіч стаў сакратаром Мінскага гаркама КПБ, а ўжо ў 1986-м яго прызначылі міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР. У 1989 годзе скончыў Вышэйшую партыйную школу, а ў 1990-м стаў намеснікам старшыні Савета Міністраў і кіраўніком Дзяржаўнага камітэта па эканоміцы і планаванні. Нікога не здзівіла, што ўжо ў 1991 годзе Кебіч прызначыў яго сваім першым намеснікам. На мой погляд, цалкам абгрунтавана. З усіх намеснікаў Кебіча Мясніковіч быў амаль самым тыповым для таго часу і самым перспектыўным на будучыню.

Асабіста я не здзівіўся б, калі б магчымы прэзідэнт Кебіч прызначыў Мясніковіча кіраўніком яго ўраду. І справа не толькі ў тым, што Міхаіл Уладзіміравіч кіраваў яго перадвыбарчым штабам. Проста іншага выбару ў Кебіча не было б. І вельмі б здзівіўся, калі б Кебіч з Мясніковічам дамовіліся пра ракіроўку і вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты не Кебіча, а Мясніковіча.

Мясніковіч разумеў неабходнасць рэформ, але… У яго і Кебіча не хапіла мудрасці і волі для распрацоўкі і рэалізацыі адпаведнай палітыкі. Здаецца, што, як тыповыя прадстаўнікі савецкай наменклатурнай школы, яны так і не паспелі зразумець, што «лінія партыі» цяпер залежыць ад іх, што ініцыятыву трэба цалкам браць на сябе, як і рызыку несці адказнасць у выпадку няўдачы. Мясніковіч быў нейкім каталізатарам прарасійскай арыентацыі. Невыпадкова, што менавіта яго Лукашэнка сваім указам за нумарам два прызначыў 22 ліпеня 1994 года адным з намеснікаў прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра. Крок выглядаў алагічным, бо Міхаіл Уладзіміравіч зусім нядаўна быў самым галоўным агітатарам за яго праціўніка. Больш за тое, Лукашэнка не адзін раз абяцаў Мясніковіча «пасадзіць», але рэальныя крокі зрабіў супрацьлеглыя. Часткова згодны з тымі, хто лічыць гэта своеасаблівай індульгенцыяй за кебічаўскі правал на выбарах. Але ёсць і іншая прычына. З самага пачатку Лукашэнка разумеў: для таго, каб захаваць уладу, трэба зрабіць нешта падобнае на тое, што было раней. І зрабіць гэта магчыма толькі з дапамогай Расіі, а яна вельмі жадае бачыць у яго атачэнні Міхаіла Мясніковіча.

Акрамя таго, хадзіла легенда, што Мясніковіч з’яўляўся нефармальным лідарам старой партыйна-савецкай наменклатуры, якая па сутнасці захавала ўладу і ў новых структурах, заняла вядучыя пазіцыі ў бізнесе.Такім чынам, з’яўленне Мясніковіча ў першым урадзе першага прэзідэнта стала вынікам не сімпатый ці антыпатый, а чыстага прагматызму.

Калі ў лістападзе 1994 года многія газеты напісалі пра загад прэзідэнта «цэны назад», Мясніковіч неаднаразова падкрэсліваў, што як «рыначнік» пойдзе ў адстаўку, калі крок на лібералізацыю не будзе падтрыманы кіраўніком дзяржавы. Але гэта былі толькі словы. Міхаіл Уладзіміравіч не з тых людзей, хто пакідае месца ва ўладных структурах добраахвотна. Больш за тое, менавіта падчас прыходу Мясніковіча ў прэзідэнцкую адміністрацыю на месца Леаніда Сініцына (нагадаем, што адбылося гэта 11 кастрычніка 1995 года) краіна павярнула ў бок адмовы ад якіх-небудзь эканамічных рэформаў. Канешне, гэта зрабіў не сам Мясніковіч, але тое, што ён дапамог гэта зрабіць — безумоўна. Апошняе, аднак, не перашкодзіла Міхаілу Уладзіміравічу абараніць доктарскую дысертацыю. Яе тэма была менш радыкальнай, чым кандыдацкая «Умовы і фактары станаўлення рынкавай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь (палітычна-эканамічны аналіз)».

Я нічога не хачу сказаць пра тое, як робяцца навуковыя працы, калі нехта займае адну з галоўных пасад у краіне. Падкрэслю толькі, што пра выключную ролю Мясніковіча ў беларускай навуцы было вядома мала, і амаль выключна ў калідорах урада і прэзідэнцкай адміністрацыі. Ва ўсякім разе, чагосьці рэвалюцыйнага ў беларускай эканоміцы не адбылося.

Таму амаль для ўсіх было абсалютна нечаканым, калі Мясніковіча прэзідэнцкім указам 19 кастрычніка 2001 года прызначылі кіраўніком Акадэміі навук. Рызыкну дапусціць, што і для самога Міхаіла Уладзіміравіча. Рызыкну дапусціць таксама, што на новай пасадзе Мясніковічу неяк няёмка і па сённяшні дзень. Кіраваць акадэміяй без рэальнага аўтарытэту навукоўца і, хай сабе і фармальнага, статуса акадэміка, ці хаця б член-карэспандэнта, вельмі цяжка. Статус фармальны, але даецца гэта званне толькі праз таемныя выбары. Ці не апошняя дэмакратычная працэдура, што ацалела. Мясніковіч кіруе. Адзін раз ён ужо хацеў павысіць свой статус. Няўдала. Наколькі мне вядома, у бліжэйшы час плануецца яшчэ адна спроба. Яна і будзе своеасаблівым «момантам ісціны».

Нагадаю, Мясніковіч быў вызвалены ад пасады кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі 12 верасня 2001 года. Літаральна праз тры дні пасля чарговай «элегантнай перамогі». І адразу ж прызначаны дарадцам прэзідэнта па асаблівых даручэннях. Сэнс тут не толькі ў тым, што «маўр зрабіў сваю справу». У той час вельмі настойлівымі былі чуткі пра тое, што Масква паставіць менавіта на Мясніковіча. І ўсе разумелі, што гэта магчыма, бо толькі Мясніковіч мог арганізаваць нейкі «апаратны» пераварот. Першым зразумеў гэта Лукашэнка.

Акрамя таго, Мясніковіч не хаваў свайго сяброўства з Міхаілам Марынічам. Больш за тое, вельмі многія лічылі, што Марыніч намінальная фігура, што вылучацца на прэзідэнта мусіў сам Мясніковіч, але ў апошні момант было прынятае іншае рашэнне. І на авансцэну выйшаў міністр і пасол Міхаіл Марыніч, за спінай якога стаяў Міхаіл Мясніковіч. Ніхто б не здзівіўся, калі б, у выпадку поспеху, за Марынічам на галоўную пасаду ў краіне прыйшоў бы Мясніковіч. Таму чыноўніцкі лёс гэтага чалавека і вырашыўся так хутка. На слэнгу, вельмі зразумелым для ўлады, Мясніковіча проста «апусцілі». Адна справа — быць у абойме галоўных людзей у дзяржаве, зусім іншая — кіраваць некалькімі тысячамі супрацоўнікаў Акадэміі навук. Калі раней Мясніковіч мог спрабаваць выратаваць Віннікаву, то зараз ён зусім у іншай вагавай катэгорыі.

Як вядома, мінулым летам няўдачу пацярпеў праект з вывадам на арбіту беларускага спадарожніка, і многія чакалі, што за гэты правал Мясніковіча зробяць «крайнім». Але абышлося. На мой погляд, па той прычыне, што ўсе ведалі, каму сапраўды належаць «касмічныя амбіцыі».

Напярэдадні першага з’езда вучоных з’явіліся чуткі, што Мясніковіча «уйдут». З’езд быў сапраўды першым. Такога ніколі не было ні ў былым СССР, ні ў адной краіне, якія ўзніклі пасля развалу Савецкага Саюза. Гэта чыста беларускае «ноу-хау». Двукоссе не выпадковае. Для таго, каб гэта зразумець, трэба шчыра адказаць самому сабе толькі на адно пытанне: «Для чаго вучоныя збіраліся і што такое вельмі важнае яны вырашылі?»

Што тычыцца магчымай адстаўкі, то час усё пакажа. Зразумела толькі: сам ад улады Мясніковіч не адмовіцца.


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка