Асаблівасці выкарыстання параўнанняў у жорсткіх рамансах




Дата канвертавання17.03.2016
Памер71.28 Kb.
Алена Кукрэш

БДПУ, Мінск


АСАБЛІВАСЦІ ВЫКАРЫСТАННЯ ПАРАЎНАННЯЎ У ЖОРСТКІХ РАМАНСАХ
Жорсткі раманс – вельмі цікавы і непаўторны ў беларускім фальклоры песенны жанр, які, бадай што, апошні яшчэ адносна актыўна бытуе сярод простага народу. З развіццём сродкаў масавай інфармацыі і шырокім пранікненнем іх у гарадское і вясковае асяроддзе людзі ўсё больш пачалі спяваць аўтарскія, часам “заказныя” песні, страцілася патрэба і пачала праходзіць цяга да менавіта фальклорных песень. Але, нягледзячы на гэта, жорсткія рамансы не пакінулі сэрцы сваіх выканаўцаў і слухачоў. І гэта адбылося дзякуючы не толькі выразным, запамінальным сюжэтам, але і вельмі яркім выяўленчым сродкам.

Літаратурная аснова рамансаў мае некалькі вытокаў. Гэта маглі быць і больш-менш пераробленыя вершы славутых і не надта вядомых паэтаў, што пераходзілі ў вусную форму выканання з друкаваных крыніц. Гэта былі і тэксты, народжаныя простым народам, пераважна прадстаўнікамі гарадскога насельніцтва, часцей за ўсё ніжэйшага саслоўя, мала-, а то і зусім неадукаванымі людзьмі. Адпаведна гэтаму, і паэтычная форма рамансаў мела вельмі розны ўзровень, а найчасцей і зусім была пазбаўлена мастацкіх якасцяў. Але нават і тыя наіўныя тэксты, што не неслі на сабе адзнакі паэтычнага таленту, ствараліся паводле ўзораў фальклору ці прафесійных твораў.

Раманс – паэтычны твор, у аснову якога пакладзена гісторыя кахання (трагічнага ці з лірычнай афарбоўкаю). Гэта невялікія гісторыі з жыцця, якія заўсёды хочацца даслухаць, бо развязка прываблівае сваім трагічным “перажываннем”. А вельмі падрабязныя, бывае “вычурныя”, апісанні распальваюць эмоцыі і ўражваюць выканаўцу і слухача. І якраз больш поўна намаляваць цікавую гісторыю дапамагаюць вобразна-выяўленчыя сродкі жорсткіх рамансаў.

Не могуць не прыцягнуць увагу і не здзівіць параўнанні, на якіх хацелася б спыніцца. Вядомы беларускі мовазнаўца і пісьменнік Фёдар Янкоўскі яшчэ ў 1973 годзе падкрэсліў ролю параўнання як выразнага моўнага сродка: “Параўнанне пачуеш, калі касец расказвае пра навальніцу, якая заспела яго на лузе. Параўнанне сустрэнеш у мове пісьменніка, калі той апісвае штосці ці разважае або аддае свайму герою маналог… Параўнанне напаткаеш у апавяданні падарожніка пра дзівосы незнаёмых краёў і краін. … І параўнанне дапамагае вучонаму расказаць пра законы развіцця грамадства, пра будову атама і нескончанасць сусвету” [1, с. 3, 4].

Без параўнанняў нельга ўявіць, напэўна, і ніводны фальклорны жанр, і асабліва песні. Ніл Гілевіч піша: “Народнапесеннае параўнанне вызначаецца трапнасцю, змястоўнасцю, глыбінёй і ёмістасцю мастацкага абагульнення, а таму яно валодае вялікай сілай эмацыянальнага ўздзеяння” [2, с. 63].

Чалавек жыве ў прыродзе як яе частка, і таму, праз вобразы раслін, дрэў, птушак, жывёл, з’яў прыроды, праз супастаўленне чалавека з імі можна адчуць, наколькі рамантычна і з любоўю, а бывае, з сарказмам і жудасцю, раскрываюцца вобразы менавіта праз параўнанні. І ў жорсткіх рамансах - фальклорнай з’яве больш позняга паходжання, параўнанне сустракаецца часцей за іншыя вобразна-выяўленчыя сродкі. Яно адрозніваецца тым, што можа быць вельмі кароткім і мае агульны пашыраны сэнс толькі ў парным прачытанні (“і грудзь завянет, как трава” [3, с.136, 141, 250, 251, 289, 316, 326]), асобна ж гэтыя словы трацяць “сэнс і жыццяздольнасць” [2, с.60]: Усе людзі жывуць, як цвіты цвітуць, / Только ж я ажна вяну, як трава [3, с. 176, 329, 367, 397].

Часцей за ўсё сустракаюцца параўнанні з вобразамі: кветкі: “Я, як розачка, цвіла” [3, c. 75, 92, 95, 96, 97, 110, 126, 127, 141, 148, 167, 168, 176, 224], “ружа” [3, с. 216,], “алая роза” [2, с,165, 168, 206, 242]; “аленькім” [3, с. 105, 317, 340], – чырвоны колер тут чытаецца ў значэнні прыгажосці, напоўнены хараством; “як майская роза” [3, с. 25, 280], “весеннім” [3, с. 364] ці проста са словам “цвецік”, [3, с. 167, 202]; “цветок” [3, c. 176, 202, 329, 367, 397]. А як, на думку выканаўцаў, “прыгожа” і спачувальна гучаць параўнанні: Асыпаюцца белыя розы, Як асыпалась ласка твая [3,с.153]. Вобраз белай ружы паказвае страту ідэальнага, чыстага вобраза кахання, юнацтва, надзей.

дрэў (клён : Сярод палей шырокіх я, як клён, цвіла [3, с. 326], топаль : Ноч праходзіць, а я у парога, Слоўна топаль у края сяла [3, с. 301]); Чытаючы гэты прыклад, адразу бачыш вялікую таполю, дрэва, якое з ўсіх бакоў бачна, ўсе вятры хістаюць яго і імкнуцца зламіць, а самой гэтай таполі і прыхіліцца няма да кого.

ракі : Жызнь мая атрадная, як рака, цякла [3, с. 326, 344];

І кроў палілась, точна рэчкай, Запрыгал, как бешаны кот [3, с. 231];



льну: Лён полей шырокіх, я, как лён, увяла [3, с 344];

птушак (сарокі) :

А княгіня к нему льнула, як сарока на злата [3, с. 83];



Любілісь, кахалісь абое, Як пташкі ў зялёным саду [3, с. 126, 170]) разам са сталым эпітэтам (зялёны сад);

Агню, ільду :

Как не віжу страдаю, думаю, Как увіжу, – баюсь, как агня. [3, с. 162], Круглаліцая зажымалася, но мяне, как агнём абажгла [2, с. 357]; А цеперь мой мілый стал, как лёд весной [2, с. 344];

нябеснымых свяцілаў (зоркай) :

Красіва, как зорка на небе, Так Валя была хороша [3, с. 206];



звышнатуральнх істот (анёлам): “Я па свету, как ангел, скітался. Для цебя я дабычу іскал. Грабежом, варавством занімался, За жэлезну решотку папал” [3, с. 201];

звяроў [3, с. 109]: А быў, як звер разлаблены, і к ізменшчыцы падскачыў. З вялікай пячальнай дасады па ручку кінжал я ўванзіў [3, с. 208];

А муж так экстренна являецца,/Аткрывает ціха дверь.

Перед парачкай несчастнаю,/Муж предстал, рыча, как зверь [3, c. 368]; Выняў ножык, дражашчай рукою/І крадусь, як ахотнік на льва [3, c. 48];

Свойскіх жывёл (каня, ката):

Жызнь мая, ты ляціш, слоўна конь.

Я цябе ўдзержаць не магу [3, с. 313];



І тут яна ўмылася кроўю і свалілась, как рэзаны кот [3, с. 196];

І кроў палілась, точна рэчкай,/Запрыгал, как бешаны кот,

Но ў глазах, точна свечкай,/Сверкал зялёный агонь [3, с. 231].

Вельмі маляўніча, хаця і вельмі незвычайна, з аддценнем нейкага казачнага свету гучаць такія тэксты;



дзяцей [3, с. 167, 168, 171, 362, 370];

А сам цалуе і ўсё плача,/Як будта малае дзіця [3, с. 171]; І хто любоўю забаўляўся, как куклай рэзвае дзіця [3, с.362].



станам душы: шальная:

Мілая дзевушка в беленькіх туфельках,

Словна шальная, па грязі бредзёт [3, с. 155];

С ревальверыкам, як бязумная, / На апушку прабралась яна.

І ўселася ў кустарнічку, / Пабледнела, как будто мертва [3, с. 24].

з непатрэбнымі рэчамі: Как гразную трапку, ненужную вешч,/Он бросіл, навекі пакінул [3, с. 109]. Параўнанне дзяўчыны з анучай ёміста і прыніжальна. Мы бачым распластаную “трапку”, якая не можа мець душы, крыўды і асабістых пачуццяў, яе можна проста зрабіць смеццем пад нагамі. На жаль, гэты вобраз распаўсюджаны ў жорсткіх рамансах.

з рознымі прадметамі: Ана, как статуя, стаяла,/Ў нарадзе пышнам пад вянцом/І, к сажаленью, вазбуждала / Сваім ісцерзаным ліцом (фальклорны архіў кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ).

У жорсткіх рамансах можна сустрэць і запазычаныя з традыцыйнай песеннай лірыкі адмоўныя параўнанні, у якіх “…пэўная якасць ці адзнака падкрэсліваюцца адмаўленнем станоўчага сцвержання” [2, с. 65]: Купі мне гітару дзіця забаўляць,/Была не гітара, а наша любоў [3, с. 129]. Купі мне гармошку дзяцей весяліць./Но эта не гармошка, усё наша любоў [3, с. 336].

Вельмі рэдкая з’ява - параўнанне ў творным склоне:

В каком непанятнам сне он авладзел, безумец, мною

І ліха ввел в душу мне, любовь каверкнула змеёю. [3, с. 187]

Змяя - сімвал мудрасці, а тут, у каханні, такім чыстым пачуцці, дзе не магло быць падману, вобраз змяі успрымаецца як здрада. А яе джала можа быць смяротным, і ўсё гэта можна адчуць, прачытаўшы нязвыклае слова каверкнула. Як быццам бы падкавырнула, зачапіла, змяніла, “злосна пажартавала”.

I там нашы карыя вочы так ярка гарэлi агнём [3, с. 170];

Перарэзала шыю белую, кроў стралой па целу пацякла [3, с. 63]. (гіпербалізаванае параўнанне)

Яшчэ радзей можна напаткаць параўнанне ў родным склоне:

Ох пачарнела маё сэрца хужа чорнага пера [3, с. 116, 336].

Час ад часу ў рамансах сустракаецца разгорнутае параўнанне – вобразны псіхалагічны паралелізм. Як і ў традыцыйнай народнай паэзіі, у рамансах ён “набывае фармальны характар і выкарыстоўваецца звычайна як вельмі прыдатны кампазіцыйны прыём” [2, с. 59]:



Калі каліна не цвіла, – то не ламай каліну,

Калі ты ў арміі не быў, – то не кахай дзяўчыну [3, с. 367, 368];

А васілёк сіній, зачем расцёт ва ржы?

А васілёк цвецёт для ўкрашэнія.

А паренёк завлёк для развлеченія,

А васілёк цвецёт да асыпанія,

А паренёк завлёк для забыванія [3, с. 59];

Цвяточкі, мае вы палявыя,/Зачэм вы так рана расцвілі?

Падружкі, мае вы дарагія,/Зачэм вы міне не ўберэглі? [3, с. 321];

Сколька я лесу ні рубіла,/ Но крэпча дубу не знайшла.

Сколько я хлопцаў ні любіла,/А лучшэ Адама не знайшла [3, с. 193].

Асыпаецца ліст у бярозы,/Так асыпалась юнасць мая [3, с. 314]; Асыпаюцца белыя розы,/Адлятае ўся юнасць мая [3, с. 295].

З прыведзеных прыкладаў бачна, што параўнанні ў жорсткім рамансе, як і ў традыцыйнай народнай песні, вельмі разнастайныя. Зразумела, што яны не вылучаюцца значным мастацкім узроўнем і не адрозніваюцца вялікімі паэтычнымі знаходкамі, але іх прысутнасць надае творам яшчэ большую каляровасць і вобразнасць.


Літаратура


    1. Янкоўскі, Ф.М. Беларускія народныя параўнанні / Ф.М. Янкоўскі. – Мінск : “Вышэйшая школа”, 1973. – 238с.

    2. Гілевіч, Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі / Н.С. Гілевіч. – Мінск : “Вышэйшая школа”, 1975. – 285с.

    3. Кукрэш, А.М. Жорсткі раманс / А.М. Кукрэш. – Мінск : “Кнігазбор”, 2010. – 435с.



ЗАЯЎКА

на ўдзел у ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі

«Фальклор і сучасная культура»

Прозвішча, імя, імя па бацьку Кукрэш Алена Мікалаеўна

Месца працы БДПУ імя Максіма Танка

Пасада _ ст. выкладчык кафедры фартэпіяна

Вучоная ступень не маю

Паштовы адрас 220071 г.Мінск вул. Берасцянская д.11 кв.2

Кантактны тэлефон хатні 8017 2936856, маб. 8029 6720375

пошта (e-mail) kukresh3677@mail.ru



Назва даклада АСАБЛІВАСЦІ ВЫКАРЫСТАННЯ ПАРАЎНАННЯЎ У ЖОРСТКІХ РАМАНСАХ
Дата 11.03.2011

Подпіс Кукрэш А.М.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка