Асаблівасці арганізацыі І развіцця пачатковай І сярэдняй юрыдычнай адукацыі беларусі ў 20 – 30-х гг. ХХ ст. І. А. Саракавік




Дата канвертавання17.03.2016
Памер194.2 Kb.
АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ І РАЗВІЦЦЯ ПАЧАТКОВАЙ І СЯРЭДНЯЙ ЮРЫДЫЧНАЙ АДУКАЦЫІ БЕЛАРУСІ Ў 20 – 30-Х ГГ. ХХ СТ.

І.А. Саракавік

Пытанням станаўлення і развіцця юрыдычнай адукацыі ў Беларусі прысвяцілі свае працы многія даследчыкі нашай дзяржавы. Да Другой сусветнай вайны з’явіліся работы С.Я. Вальфсона, С.З. Каценбогена, У.І. Пічэты, Ф.Ф. Турука. У постсавецкі перыяд гісторыі аднымі з першых сталі сумесная брашура дактароў юрыдычных навук, прафесараў А.І. Юхо і С.Ф. Сокала «История юридической науки Беларуси» (2000), а затым і кніга Л.П. Максімавай «Alma mater юристов Беларуси: история и современность юридического факультета Белорусского государственного университета» (2001). Праблемы развіцця юрыдычнай адукацыі на тэрыторыі краіны разглядаюць у асобных публікацыях С.А. Балашэнка, Г.Я. Галенчанка, Т.І. Доўнар, І.У. Вішнеўская, М.У. Сільчанка, В.Ф. Шалькевіч і іншыя даследчыкі. Аднак у іх працах, па-першае, увага надавалася найперш юрыдычнай адукацыі ў БДУ, а па-другое, многія даваенныя і архіўныя крыніцы не былі выкарыстаны. Таму аўтар імкнецца, у пэўнай ступені, ліквідаваць гэты прабел на аснове дасягнутага папярэднікамі.

Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта і Полацкай езуіцкай акадэміі царскім урадам вышэйшая адукацыя ў Паўночна-Заходнім краі перастала існаваць. І беларускія юнакі адпраўляліся найперш у Пецярбург, Маскву, Варшаву, Кіеў, Харкаў, Адэсу для яе атрымання, у тым ліку і юрыдычную.

Неаднаразовыя звяртанні эліты беларускага грамадства да імперскага ўрада з просьбай адкрыцця вышэйшай школы ў краі станоўчых вынікаў не прынеслі. Урад не пагаджаўся нават на тое, што яе матэрыяльна-фінансавае заснаванне і дзейнасць бралі на сябе Мінская гарадская дума і Мінскае губернскае земства. Успаміны пра Віленскі ўніверсітэт і Полацкую езуіцкую акадэмію як расаднікаў антыўрадавых настрояў, паўстанні 1830 – 1831 і 1863 – 1864 гг. адразу прыводзілі ў жах царскі ўрад і ён накладваў вета на такія хадайніцтвы [1, с. 179 – 180]. Адсутнасць вышэйшых навучальных устаноў не спрыяла развіццю і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у тым ліку і юрыдычных.

З утварэннем Беларускай Народнай Рэспублікі яе ўрад утварыў падрыхтоўчую камісію ў складзе А. Смоліча, М. Доўнар-Запольскага. Карскага, У. Самойлы і іншых вядомых даследчыкаў для адкрыцця Беларускага ўніверсітэта ў Мінску [2, с. 385].

У 1918 г. пытанне аб аткрыцці ўніверсітэта ў Мінску пачало напаўняцца канкрэтным зместам. Свае праекты наконт гэтага мелі аддзел народнай адукацыі пры Мінскай земскай управе, прафесар М.В. Доўнар-Запольскі, які прадставіў свой Сакратарыяту БНР, а акадэмік Я.Ф. Карскі надрукаваў свой у мінскай газеце “Вольная Беларусь”. Па меркаванню М.В. Доўнар-Запольскага, універсітэт павінен складацца з наступных факультэтаў: гісторыка-філалагічнага з дзвумя аддзяленнямі: гістарычнага і гісторыка-літаратурнага; фізіка-матэматычны з аддзяленнямі: прыродазнаўчага, хімічнага і агранамічнага; юрыдычнага; камерцыйна-эканамічнага; медыцынскага; тэалагічнага. Праект факультэтаў Карскага: тэалагічны; гісторыка-філалагічны; фізіка-матэматычны; юрыдычны; медыцынскі. Пры адпаведных факультэтах магчыма адчыненне агранамічнага і камерцыйнага аддзяленняў [3, с. 19]. Па сутнасці, гэтыя праекты нагадвалі тып ранейшых універсітэтаў Расіі.

Значыць, да з’яўленне Савецкай улады ў Беларусі практычна была падрыхтавана глеба для адкрыцця ўніверсітэта. Неабходна адзначыць, што клопат пра яго адкрыццё праяўлялі не толькі зацікаўленыя асобы і арганізацыі ў Мінску, але і нашы суайчыннікі ў Петраградзе. У гэтым жа 1918 г. Беларускі абласны камітэт пры Ўсерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў паставіў пытанне пра перавод эвакуіраваннага Нова-Александраўскага інстытута сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Горкі Магілёўскай губерні, а Петраградскі аддзел Белнацкама хадайнічаў перад Наркампрасам РСФСР пра замацаванне за Беларуссю Юр’еўскага ўніверсітэта, часовым яго пераводзе ў адзін з неакупіраваных гарадоў Заходняй вобласці: Віцебск або Смаленск. Аднак з гэтага нічога не атрымалася.

На гэты час прыходзіцца яшчэ адна падзея: на пострасійскай прасторы, у тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі практычна стыхійна пачалі стварацца навучальныя ўстановы, улада гэтаму не пярэчыла. У Віцебску быў адкрыты Пралетарскі ўніверсітэт і народная кансерваторыя, у Магілёве – Чырвонаармейскі ўніверсітэт і тэхнікум, у Горках – Горы-Горацкая сельскагаспадарчая школа, пераўтвораная ў вышэйшы сельскагаспадарчы інстытут, а ў Мінску – авакуіраваны з Яраслаўля педагагічны інстытут, пераўтвораны ў вышэйшую навучальную ўстанову, які стаў называцца Мінскі інстытут народнай адукацыі з чатырохгадовым тэрмінам навучання, утвораны Дзяржаўны палітэхнікум [1, с. 180 – 181].

Усе гэтыя ўстановы, калі не лічыць у нейкай ступені педагагічнай, хутчэй былі дэкларацыямі, заяўкамі на будучае, чым рэальнасцю. Існавалі сур’ёзныя праблемы з вучэбнымі плошчамі, інтэрнатамі, а, галоўнае, з наяўнасцю прафесарска-выкладчыцкіх кадраў, вучэбнымі праграмамі і планамі, навуковай і вучэбнай літаратурай. Таму пытанне аб адкрыцці вядучай вышэйшай навучальнай установы ў Беларусі не здымалася з парадку дня. Юрыдычны імпульс для дзеяння даў 24 лютага 1919 г. ЦВК ССРБ, які прызнаў «открытие Государственного университета в Минске весьма желательным» і асігнаваў 1 мільён рублёў на першачарговыя траты. Але ў рэальныя захады ўмешваліся то грамадзянская, то польска-савецкая вайна. І толькі пасля іх завяршэння стала магчымым яго практычнае вырашэнне.

Арганізацыйная і навукова-метадычная праца разгортвалася па двух кірунках: у Мінску і ў Маскве пры Наркамасвеце РСФСР, фінансавыя, кадравыя і навукова-вучэбныя пытанні вырашаліся ў Маскве. У сакавіку 1921 г. была створана на правах часовага кіраўніцтва ўніверсітэта камісія ў складзе члена калегіі Наркамата асветы РСФСР З.Г. Грынберга, прафесара У.І. Пічэты і Ф.Ф. Турука.

Урачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося 11 ліпеня 1921 г. [4]. Яго кіраўніцтва склалі рэктар прафесар У.І. Пічэта, намеснік рэктара па акадэмічных справах прафесар В.Н. Іваноўскі, намеснік рэктара па адміністрацыйных справах прафесар С.З. Каценбоген [5, с. 233].

З утварэннем БДУ было адкрыта прававое аддзяленне на факультэце грамадскіх навук, дэканам якога быў прызначаны У.М. Ігнатоўскі, намеснікам дэкана С.Я. Вальфсон, сакратаром А.Н. Вазнясенскі. Заняткі пачаліся 30 кастрычніка 1921 г. Працавала 14 прафесараў, 49 выкладчыкаў, 10 асістэнтаў, 5 загадчыкаў кабінетаў, 3 прэпаратары. На аддзяленні былі адкрыты крымінальны, цывільны, дзеючага заканадаўства РСФСР і судовай медыцыны кабінеты [3, с. 132].

Для працы на гэтым аддзяленні па накіраванню Народнага камісарыята асветы РСФСР прыехалі прафесары Г.С. Гурвіч, У.М. Дурдзінеўскі, У.І. Пічэта, В.М. Шыраеў [6, с. 56].

Нязначны выпуск спецыялістаў прававога аддзялення БДУ, павелічэнне тэрыторыі Беларусі за кошт вяртання значнай часткі ўсходняй этнічнай тэрыторыі беларусаў, патрэбнасці дзяржаўных устаноў БССР, асабліва праваахоўных, пастанавілі на парадак дня Народнага камісарыята юстыцыі рэспублікі неабходнасць арганізацыі падрыхтоўкі юрыдычных спецыялістаў пачатковага ўзроўню. Пэўны выхад у гэты складаны час быў знойдзены ва ўтварэнні кароткатэрміновых юрыдычных курсаў.

У сістэме Наркамата юстыцыі БССР яны ўпершыню ўпамінаюцца з 24 снежня 1925 г., калі Наркаматам юстыцыі БССР за № 6714 быў накіраваны ліст у Наркамат асветы Беларусі для зацвярджэння «Палажэння пра кароткатэрміновыя юрыдычныя курсы па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы нізавых работнікаў юстыцыі». Мэта іх – падняць кваліфікацыю нізавых судова-следчых і пракурорскіх работнікаў у галіне савецкага права. Прадаўжальнасць курсаў – 6 месяцаў.

Курсы прадвызначаліся:

а) для асобаў, якія праслужылі ў судовых органах не менш за адзін год у пасадзе не ніжэй народнага суддзі, следчага або памочніка пракурора;

б) для рабочых і сялян, якія прапаноўваліся савецкімі, партыйнымі і прафесіянальнымі арганізацыямі на судовую працу.

На курсы слухачы павінны былі камандзіравацца акруговымі партыйнымі камітэтамі, акруговымі выканкамамі, праўленнямі прафсаюзаў, акруговымі судамі, пракурорамі і Наркаматам юстыцыі па развёрсцы наркамата. Значыць, гэта павінны былі быць асобы, якія прайшлі сіта адбору праз партыйныя, савецкія, грамадскія арганізацыі і быць на баку савецкай улады.

Тым не менш, паступаўшыя падвяргаліся калоквіуму па палітычнай грамаце і савецкаму праву і павінны былі задавальняць наступным умовам:

«а) быць граматнымі, мець узрост не менш за 18 гадоў для жанчын, а для мужчын, апрача таго, адбыць абавязковую вайсковую службу або мець пасведчанне пра вызваленне ад яе;

б) быць знакомымі з асновамі палітграматы» [7].

Паступіўшыя абавязаны былі даць падпіску праслужыць у сістэме Наркамата юстыцыі БССР не менш за два гады.

Кіраванне курсамі выглядала дэмакратычным, бо ўскладалася на загадчыка, які прызначаўся НКЮ БССР па ўзгадненню з Галоўпрафобрам і саветам з прадстаўнікоў НКЮ, Галоўпрафобра, ВЦСПС, факультэта права і гаспадаркі і трох прадстаўнікоў ад слухачоў.

Праграма курсаў была насычана найперш юрыдычнымі дысцыплінамі і асновамі палітычных. Яна ўключала ў сябе асновы марксізму-ленінізму, дзяржаўнае ўладкаванне СССР і БССР, крымінальнае права і крымінальны працэс, грамадзянскае права і грамадзянскі працэс, працоўнае права, зямельнае і лясное заканадаўства, сямейнае права, а таксама беларускую мову ў сувязі з правядзеннем РКП(б) палітыкі карэнізацыі. Перавага ў выкладанні была дадзена практычным, а не лекцыйным заняткам [8].

11 студзеня 1926 г. нарада пры Галоўпрафасветы Беларусі ўнесла змены ў Палажэнне пра курсы: прымаць на вучобу без іспытаў працаўнікоў судовых устаноў, а таксама мець узрост не менш за 21 год. Ставілася задача «распрацаваць навучальны план, вызначыць настаўнікаў і прапанаваць ім скласці праграму прадметаў» [9].

І толькі 15 красавіка 1926 г. праграма курсаў была зацверджана Наркаматам юстыцыі БССР. У адпаведнасці з ёй на прадметы адводзілася наступная колькасць гадзін: грамадзянскае права – 100 гадзін, грамадзянскі працэс – 60, крымінальнае права – 70, крымінальны працэс – 40, зямельнае і лясное права – 30, працоўнае права – 25, шлюбнае і сямейнае права – 20;

асновы судаўладкавання – 16: а) пракуратура – 15, б) натарыят – 15, в) калегія абаронцаў – 4, пенітэнццыярная справа – 15; тэхніка дазнання і следства – 40, дзяржаўнае права – 30;

палітграмата: а) гісторыя партыі – 26, б) асновы ленінізму – 30; беларуская мова – 120. Усяго 700 гадзін.

У якасці лектараў былі запрошаны 26 чалавек, у тым ліку М.А. Сегал, Немытых, С. Эднерал, Пастрайтер, С.М. Гохман, Нестэр, Карачык, Баранаў, Цітовіч, Зыбко, Ф.І. Гаўзе, Шапіро, Штаер, Сіраценка, Глезераў, Цейтлін, Ватацы і інш. У асноўным гэта былі супрацоўнікі Наркамата юстыцыі БССР, праваахоўных органаў рэспублікі [10].

6 мая 1926 г. курсы дысцыплін былі размеркаваны паміж выкладчыкамі, а 14 чэрвеня гэтага ж года нарада пры Аддзеле судабудаўніцтва і нагляду НКЮ прапанавала зацвердзіць загадчыкам курсаў старшага інспектара гэтага Аддзелу Папова, а ў Савет курсаў – ад НКЮ – Энерала, Галоўпрафасветы – Багданава, ВЦСПС – Шапіра, БДУ – прафесара М.О. Грэдынгера. Выкладчыкамі былі зацверджаны 32 чалавекі. Загадчыку курсаў было даручана дамовіцца са сталоўкай аб водпуску слухачам абедаў па льготных цэнах.

«Спробна-прыёмная камісія» была ўтворана з пяці чалавек: Папова, Несцера, Карначова, Курачкіна і Шапіра. У выніку яе працы склад курсантаў склаў 60 чалавек. З іх 20 было судовых работнікаў, 10 – пракурорскіх і следчых, 30 – іншых.

Кароткатэрміновыя юрыдычныя курсы афіцыйна былі адкрыты 1 ліпеня 1926 г., а вучэбныя заняткі пачаліся 5 ліпеня. Характэрна, што яны праводзіліся ва ўстанове з 8.00 да 10.00, а затым з 18.00 да 21.00 і нават да 22.00 [11].

Усе слухачы былі размеркаваны на 8 груп для праходжання практычных заняткаў у адпаведных органах г. Мінска з такім разлікам, каб кожныя два тыдні працавалі ў адной установе з 12.00 да 16.00 у наступным парадку: акруговы суд, пракуратура, следчая частка, калегія абаронцаў, натарыят, судовы выканаўца, справаводства, народны суд. Пры тым, для кожнай вучэбнай групы мянялася чарговасць такім чынам, каб у адным месцы знаходзілася толькі адна група [12].

Камандзіраваныя асобы акруговымі судамі і пракурорамі атрымлівалі 20 руб. у месяц, а партыйнымі і іншымі органамі – 10 руб. 50 кап. [13]. За гэтыя грошы прахарчавацца ў г. Мінску было складана і таму назіраліся пропускі заняткаў. Як адзначана ў адным з лістоў кіраўніка курсаў Папова ў Наркамат юстыцыі БССР, «слушатели жили в самой крайней нужде, в последние дни недоедание стало бытовым явлением» [14].

Характэрны партрэт складу слухачоў. На верасень 1926 г. на курсах займалася 72 чалавекі, з іх па ўзросту: да 25 гадоў – 25%, да 30 – 55%, больш за 30 – 18%;



па нацыянальнаму складу: беларусаў – 44-61%, яўрэяў – 20-27%, вялікарусаў – 5-6,9 %, іншых – 2-2,7%;

па сямейнаму становішчу: сямейных – 33-45,84%, адзінокіх – 39-54,15%;

па адукацыі: сярэдняя – 26-36,1%, ніжэйшая – 40-55%, хатняя – 5-6,94%;

па сацыяльнаму становішчу: рабочых – 23-30,55%, сялян – 31-43%, служачых – 18-25%;

па партыйнасці: сяброў КПБ – 26-36,1%, кандыдатаў у КПБ – 8-11%, сяброў ЛКСМБ – 10-13,9%, беспартыйных – 27-37,5%;

па стану: мужчын – 57-79,1%, жанчын – 15-20%;

па працы: народных суддзяў – 13-18%, сакратароў – 6-8,3%, практыкантаў і следчая праца – 4-5,5%, іншых – 48-65,6%;

камандзіраваных: акрсудом – 20-27,7%, акрпракурорам і Пракуратурай – 4-5,5%, партыйнымі, савецкімі і іншымі органамі – 33-45,8%, нікім – 14-19,4%;

марксісцкая падрыхтоўка: школа – 9-12,5%, самаадукацыя – 43-59,7%, ніякай – 19-26,9%;

грамадская праца: займаецца – 51-70,8%, не займаецца – 20-27,7% [15].

Значыць, “сярэдні” слухач меў 25 – 30 гадоў, у асноўным быў беларусам, меў пачатковую адукацыю, сялянска-рабочае паходжанне, у асноўным мужчынскага полу, не працаваў у юрыдычных установах, займаўся палітычнай самаадукацыяй і грамадскай працай. Менавіта апошняе і сялянска-рабочае паходжанне мелі галоўнае значэнне пры накіраванні асобаў на кароткатэрміновыя юрыдычныя курсы.

Уражвае нізкі ўзровень адукацыі сярод слухачоў курсаў і гэта пасля не менш шасці гадоў савецкай улады, калі шырока былі адкрыты магчымасці для яе атрымання. Толькі прыкладна трэцяя частка з іх мелі сярэднюю, а астатнія – пачатковую і хатнюю. Нават судовыя работнікі не мелі элементарнай юрыдычнай падрыхтоўкі і мінімальнага стажа практычнай працы. Усё вырашалі «рэвалюцыйная законнасць» і «рэвалюцыйная мэтазгоднасць». Зразумела, чаму Наркамат юстыцыі БССР быў вельмі зацікаўлены ў адкрыцці хоць бы кароткатэрміновых юрыдычных курсаў, так як прававое аддзяленне БДУ не магло за кароткі тэрмін сур’ёзна дапамагчы ў вырашэнні гэтай кадравай праблемы.

Нацыянальны склад не ў поўнай меры адлюстроўваў этнічнае становішча ў рэспубліцы. Высокі працэнт яўрэяў тлумачыцца, па-першае, тым, што ў параўнанні з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў у іх быў больш высокі адукацыйны ўзровень. Па-другое, да рэвалюцыі сярод гарадскога насельніцтва Беларусі яўрэі складалі падаўляючую большасць. Па сведчанню некаторых даследчыкаў, ад 60 да 80%. А горад – цэнтр не толькі адміністрацыйны і эканамічны, але і духоўны. Менавіта ён прэзентую найбольш актыўную частку ўсяго насельніцтва. Беларусы ў сваіх гарадах былі толькі на чацвёртым месцы. Беларусаў пражывала ў Петраградзе, як і ў Маскве, больш, чым ва ўсіх беларускіх гарадах разам узятых.

Сацыяльнае становішча слухачоў таксама не адпавядала рэспубліканскаму. Працэнт рабочых у Беларусі быў мізэрны, не дасягаў і 7 – 8%, а сярод тых, хто вучыўся – у чатыры разы больш. Такі класавы падыход адпавядаў мэтам і задачам партыі бальшавікоў ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту, якая разглядала рабочых, як сваю галоўную палітычную апору.

У працы курсаў не ўсё добра складвалася. Не было спецыяльных памяшканняў для заняткаў, неабходнага абсталявання, свайго інтэрната для слухачоў. Праблемы былі з вучэбнай літаратурай, хоць і існавала пэўная дамоўленасць з бібліятэкай БДУ. Улічваючы, што лектарамі, як правіла, з’яўляліся практычныя работнікі як з Наркамата юстыцыі, так і з іншых цэнтральных органаў улады і кіравання рэспублікі, то з-за сваёй загружанасці асноўнай працай яны часам не маглі праводзіць заняткі. У сувязі з гэтым праграма вучобы была скарочана больш чым на 100 гадзін [16]. Тым не менш, працу першых кароткатэрміновых юрыдычных курсаў можна ацаніць станоўча. 60 практычных работнікаў завяршылі іх паспяхова, атрымалі асновы ведаў па галінах права, а, галоўнае, пазнаёміліся з вопытам працы сваіх калег-прафесіяналаў у сталіцы рэспублікі дзеля выкарыстання ў сваёй практычнай дзейнасці.

Пытанні арганізацыі і працы кароткатэрміновых курсаў перыядычна разглядаліся на пасяджэннях Наркамата юстыцыі БССР. Адно з іх адбылося 4 лютага 1927 г. пад старшынствам наркама М.А. Сегала, а дакладваў Энерал. З яго бачна, што супрацоўнікі Наркамюста прадугледзелі недахопы ў правядзенні першых курсаў. Таму зараней вызначылі памяшканне для іх, прызначылі загадчыкам Шапава, а яго намеснікам – Курачкіна. На курсы меркавалася запрасіць 24 супрацоўнікаў судоў, 12 – пракуратуры і следчых органаў, 12 прадстаўнікоў ад акруговых выканкамаў і грамадскіх арганізацый, 10 – супрацоўнікаў НКУС і 7 месц аставіць у рэзерве. Усяго 65 чалавек. Стыпендыя ўстанаўлівалася для 25 чалавек у памеры 20 руб. у месяц.

На заняткі адводзілася 880 гадзін. Выкладчыкі за адну гадзіну працы павінны былі атрымоўваць 50 кап. [17].

Калі першы выпуск паспяхова завяршылі 60 чалавек, то другі ў 1927 г. – 62. З іх членам акруговага суда накіравалі аднаго выпускніка, намеснікам акруговага пракурора – 1, народнымі суддзямі – 31, памочнікамі пракурораў – 14, судовымі выканаўцамі 2, народнымі следчымі – 9, членам калегіі абаронцаў – 1, сакратарамі – 13, справаводамі – 3 чалавек [18]. Гэтыя звесткі сведчаць, што праблема падрыхтоўкі юрыдычных кадраў заставалася ў Беларусі складанай, калі нават на пасады акруговага суддзі, намесніка акруговага пракурора, народнага суддзі, памочніка пракурора Народны камісарыят юстыцыі БССР вымушаны быў накіроўваць асоб, якія закончылі толькі кароткатэрміновыя юрыдычныя курсы. Пра сярэднюю спецыяльную і вышэйшую юрыдычную адукацыю гаварыць і не прыходзілася. З гэтага можна меркаваць і пра якасць выканання законнасці на месцах.

17 студзеня 1927 г. адбыўся выпуск юрыдычных курсаў у клубе «Медсантруд» [19].

19 лютага 1927 г. нарада пры Аддзеле судабудаўніцтва і нагляду НКЮ БССР разглядала пытанні вучэбнага плану і праграмы новых курсаў. Вучэбны план быў разлічаны на 850 гадзін, у тым ліку планавалася адвесці на беларускую мову 120 гадзін, дзяржаўнае права – 25, агульную тэорыю права – 25, асновы ленінізму і гісторыю партыі – 80, крымінальнае права – 120, грамадзянскае права – 150, крымінальны працэс – 110, грамадзянскі працэс – 110, зямельнае і лясное права – 30, працоўнае права – 25, асновы судабудаўніцтва – 30, тэхніку справаводства – 15, статыстыку – 10 гадзін [20]. Станоўча, што прэваліравалі, як бачна, юрыдычныя дысцыпліны.

Асобы, якія закончылі кароткатэрміновыя юрыдычныя курсы, размяркоўваліся на працу як непасрэдна Народным камісарыятам юстыцыі БССР, так і іншымі органамі, якія іх накіроўвалі на вучобу. Так, 13 снежня 1927 г. прэзідыум Аршанскага акруговага выканаўчага камітэту размеркаваў курсантаў, якія закончылі юрыдычныя курсы пры НКЮ БССР, у якасці народных суддзяў на 1, 5, 8, 9, 10, 14 і 15 участкі акругі [21].

23 жніўня 1929 г. калегія Наркамата юстыцыі БССР, заслухаўшы т. С. Гохмана (намесніка наркама) пра арганізацыю гадавых юрыдычных курсаў, вырашыла пачаць чарговыя курсы з 1 кастрычніка 1929 г., так як СНК БССР толькі тады адпусціць сродкі на іх арганізацыю. На курсах неабходна было арганізаваць дзве групы: «для вылучэнцаў з рабочых прадпрыемстваў і батракоў, і для перападрыхтоўкі тых, якія ўжо вылучаны і працуюць у судовых органах, але не маюць належнай адукацыі» [22].

Архіўныя матэрыялы пакуль не дазваляюць прасачыць дзейнасць кароткатэрміновых юрыдычных курсаў пасля 1929 г. Магчыма, гэта звязана з рэарганізацыяй БДУ і адкрыццём Інстытута савецкага будаўніцтва і права пры ЦВК БССР, а таксама з заснаваннем юрыдычнай школы. Канчаткова свярджаць пра гэта нельга, так як не выяўлены адпаведныя нарматыўныя прававыя акты. Наогул, сведчанні Нацыянальнага архіва Беларусі па 30-х гг. вельмі скудныя, асабліва праваахоўных устаноў рэспублікі.

Тым не менш, з загаду № 369 па Пракуратуры БССР ад 15 ліпеня 1938 г. за подпісам намесніка пракурора Гукава бачна, что 6 чалавек закончылі трохмесячныя юрыдычныя курсы пры Наркамаце юстыцыі БССР і былі назначаны на пракурорска-следчую працу ў раёны Беларусі на пасады следчага, выконваючага абавязкі пракурора і памочніка пракурора. А 16 ліпеня гэтага ж года яшчэ 13 чалавек, якія закончылі гэтыя курсы, былі накіраваны на пракурорска-следчую працу ў розныя раёны рэспублікі [23].

Наступныя трохмесячныя юрыдычныя курсы пры Пракуратуры Беларусі абвяшчаліся загадам № 583 Пракурора БССР Новіка ад 15 кастрычніка 1938 г. у адпаведнасці з указаннямі Пракурора СССР А.Я. Вышынскага аб іх арганізацыі для перападрыхтоўкі пракурорскіх работнікаў з 20 кастрычніка 1938 г. па 20 студзеня 1939 г. Дзеля гэтага на месцы была накіравана адпаведная разнарадка. Мінская і Гомельская вобласці павінны была накіраваць па 10 пракурорскіх работнікаў, Магілёўская – 12, Віцебская – 11, Палеская вобласць – 8 чалавек [24].

Гэтыя факты даюць магчымасць выказаць меркаванне аб тым, што і пасля 1929 г. маглі працаваць кароткатэрміновыя юрыдычныя курсы, хоць дакладных звестак у фондах наркаматаў юстыцыі, унутраных спраў, Пракуратуры БССР іх не выяўлена. Магчыма, гэтыя звесткі ёсць у маскоўскіх архівах.

Акрамя кароткатэрміновых юрыдычных курсаў адной з формаў вучобы стала авалодванне праграмы юрыдычнага мінімума для адказных работнікаў органаў юстыцыі. Адна з іх была вызначана як дадатак да загада Наркамата юстыцыі БССР ад 22 кастрычніка 1934 г. за № 185. Яна ўключала X раздзелаў: I – «Совецкая Дзяржава і соцыялістычная законнасць» – 60 гадзін, 2 месяцы; II – «Судабудаўніцтва» – 30 гадзін; III – «Крымінальная і папраўча-працоўная палітыка»; IV – «Крымінальны працэс» – 60 гадзін; V – «Расследаванне злачынстваў. Разгорнутая праграма для следчых» – 60 гадзін; VI – «Асновы совецкага гаспадарчага калгаснага і трудавога права» – 75 гадзін; VII – «Грамадзянскі працэс (для пракурораў і нарсуддзяў)»; VIII – «Натарыят»; IX – «Законадаўства аб выданні абавязковых пастаноў і аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў (для пракурораў)»; X – «Законадаўства аб ільготах ваеннаслужачым і іх сем’ям (для пракурораў)» [25].

Павышэнне кваліфікацыі праз авалодванне юрыдычнага мінімума супрацоўнікамі суда, пракуратуры, юстыцыі прадаўжалася і ў наступныя гады. Гэта бачна і па лісту Наркамата юстыцыі БССР ад 16 ліпеня 1937 г. на месцы. У ім паведамлялася, што існуючыя дапаможнікі па юрыдычнаму мінімуму, выдадзеныя да прыняцця Канстытуцыі СССР 1936 г., зараз не могуць быць рэкамендаваны для карыстання на занятках. Яны маюць «шэраг зусім «неправядловых» установак і памылковых палажэнняў». Наркамат юстыцыі БССР абяцаў у бліжэйшыя дні выдачу першага тому «Юрмінімума», які і павінен быць пакладзены ў бягучым годзе ў аснову работы па яго праходжанню, а ў пачатку 1938 г. меркавалася выдаць другі том [26].

Апрача пачатковай юрыдычнай адукацыі праз кароткатэрміновыя юрыдычныя курсы, арганізацыю і правядзенне юрыдычнага мінімума існавала і сярэдняя юрыдычная адукацыя. Праўда, пра яе няма звестак у “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”.

Аўтару ўдалося першыя звесткі пра Мінскую юрыдычную школу выявіць у фондзе Пракуратуры БССР. Згодна загаду № 467 пракурора БССР С.Я. Новіка ад 25 жніўня 1938 г. выпускнікі Мінскай юрыдычнай аднагадовай школы БССР прызначаліся на пракурорска-следчую працу ў Асіповічскі і Бярэзінскі раёны [27]. Ужо гэтыя звесткі даюць падставы лічыць, што гэтая школа існавала не пазней восені 1937 г. Магчыма, і раней, але звестак на сёння не выяўлена.

Аднак пастанова ЦВК і СНК СССР ад 5 сакавіка 1935 г. “О мероприятиях по развертыванию и улучшению правового образования” для падрыхтоўкі работнікаў раённых пракуратур і народных судоў утварэнне 31 прававой школы з гадзічным тэрмінам навучання [28]. Таму лагічна меркаваць, што такая школа была ўтворана не раней 1935 г. і ў сталіцы Беларускай ССР г. Мінску.

На канец 30-х гг. прыходзіцца і завочная адукацыя ў адпаведнасці з пастановай СНК СССР «Аб вышэйшым завочным навучанні» ад 29 жніўня 1938 г. [7].

Адначасова ў прыкладна гэты перыяд існавала і завочная сярэдняя юрыдычная адукацыя. Пасведчаннем таму з’яўляецца пастанова Саўнаркама БССР № 2304 ад 3 лістапада 1938 г. «О реорганизации трехгодичной заочной правовой школы НКЮ БССР». У ёй адзначалася, што ў мэтах максімальнага выкарыстання завочнай прававой школы для абавязковага навучання практычных работнікаў органаў юстыцыі, якія не мелі юрыдычнай адукацыі, Савет Народных Камісараў БССР пастанавіў рэарганізаваць трохгадовую завочную прававую школу Наркамата юстыцыі БССР у двухгадовую прававую школу [29].

14 красавіка 1940 г. камісар юстыцыі БССР С.Ц. Ладысеў выдаў загад № 24 «Аб падрыхтоўцы да набору ў юрыдычную школу» у адпаведнасці з загадам НКЮ СССР ад 29 лютага 1940 г. за № 18. План набора ў Мінскую двухгадовую юрыдычную школу пры НКЮ БССР быў вызначаны ў колькасці 100 чалавек. Яны павінны былі прадстаўляць практычных супрацоўнікаў суда і пракуратуры. Начальнікам абласных упраўленняў юстыцыі прапаноўвалася накіраваць на вучобу наступную колькасць навучэнцаў ад абласцей: Мінскай – 35 чалавек, Віцебскай, Магілёўскаё і Гомельскай – па 25, Беластоцкай і Баранавічскай – па 15, Палескай, Пінскай, Брэсцкай і Вілейскай – па 10 чалавек.

Адбор кандыдатаў на вучобу ў Мінскую юрыдычную школу трэба было завяршыць да 15 мая 1940 г.

Дырэктару школы т. Гарэліку ставілася задача скласці падрабязны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да набору, выкарыстоўваючы ўсе віды сродкаў інфармацыі аб прыёме, умовах паступлення [30].

Мінская двухгадовая юрыдычная школа пры НКЮ БССР прымала на вучобу грамадзян СССР абодвуга полу ва ўзросце ад 17 да 40 гадоў, маючых не менш за два гады стажу грамадскай працы ў партыйных, савецкіх, прафсаюзных, камсамольскіх арганізацыях і маючых адукацыю ў аб’ёме 7 класаў сярэдняй школы.

Тэрмін навучання ўстанаўліваўся ў 2 гады. Прыёмныя экзамены павінны былі адбыцца з 1 па 10 жніўня 1940 г. па прадметах у аб’ёме праграмы сямі класаў сярэдняй школы. Паступаючыя павінны былі здаваць Канстытуцыю СССР, рускую і беларускую мовы, а таксама матэматыку. Асобы, якія мелі сярэднюю адукацыю, ад экзаменаў вызваляліся.

Паступаючыя павінны былі напісаць заяву аб паступленні і да яе прыкласці аўтабіяграфію, пасведчанне аб нараджэнні, спраўку аб адносінах да вайсковых абавязкаў, спраўку аб стане здароўя, характарыстыку ад партыйных або камсамольскіх, савецкіх і прафсаюзных арганізацый, тры фотаздымкі без галаўнога ўбору з уласным засведчаннем, пашпарт, працоўную кніжку і вайсковы білет, які прадстаўляецца асабіста.

Паступіўшыя ў юрыдычную школу атрымоўвалі стыпендыю ў памеры 250 руб. у месяц. Іншагароднія забяспечваліся інтэрнатам. Заняткі пачыналіся 1 верасня [31].

Пытанні камплектавання Мінскай юрыдычнай школы разглядаліся Наркаматам юстыцыі рэспублікі і ў наступным годзе. Пра гэта сведчыць пастанова калегіі НКЮ БССР ад 18 лютага 1941 г. «Аб падрыхтоўцы да новага набору ў юрыдычныя навучальныя ўстановы Наркамата юстыцыі на 1941/42 навучальны год». Калегія адзначыла, заслухаўшы даклад дырэктара Мінскай юрыдычнай школы т. Гарэліка аб мерапрыемствах па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, што набор у яе праведзены лепш, чым у Мінскі юрыдычны інстытут. На 100 вакантных месцаў было пададзена 250 заяў.

Была звернута ўвага кіраўніцтва школы не толькі на колькаснае выкананне плана прыёма, але і на якасны склад прымаемых.

Кіраўніцтву школы было прапанавана пры прыёме кіравацца пастановай СНК СССР ад 2 кастрычніка 1940 г. і загада Ўсесаюзнага камітэта па вышэйшай школе пры СНК СССР ад 12 кастрычніка 1940 г. у частцы ўстанаўлення стыпендый і спагнання платы за навучанне [32].

Такім чынам, з прыведзенага матэрыялу бачна, што патрэбнасці праваахоўных органаў Беларусі ў міжваенны перыяд і абмежаваныя магчымасці вышэйшай юрыдычнай адукацыі рэспублікі патрабавалі ад органаў улады і кіравання БССР прыняцця дапаўняльных мер, накіраваных на задавальненне гэтых патрэб. Пашырэнне прававога навучання было выклікана і тым, што на гэты час, асабліва на 30-я гады, прыходзіцца хваля масавых рэпрэсій, якая закранула і юрыдычныя кадры. Таму замест выбыўшых патрабаваліся новыя. Адным з кірункаў стала падрыхтоўка юрыдычных кадраў праз кароткатэрміновую юрыдычную адукацыю, юрыдычны мінімум, а таксама праз сістэму сярэдняй юрыдычнай адукацыі. З апошняй чвэрці 1939 г. быў павялічаны набор курсантаў і слухачоў на такія курсы і школы і ў сувязі з павелічэннем тэрыторыі Беларусі за кошт далучэння да БССР Заходняй Беларусі.

У цэлым, арганізатары такога юрыдычнага навучання з пастаўленай задачай спраўляліся.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:

1. Турук, Ф.Ф. Университетская летопись / Ф.Ф. Турук // Труды Белорусского государственного университета в Минске. – Минск: Государственное изд. Белоруссии, 1922. – № 1. – С. 175 – 207.

2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 1. А – Беліца. – Мінск: БелЭн, 1993. – 494 с.

3. Пічэта, У.І. Пытаньне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым / У.І. Пічэта // Працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту ў Менску. № 19. – Менск: Выд. Праўленьня БДУ, 1928. – С. 3 – 19.

4. Савецкая Беларусь. – 1921. – 13 ліпеня.

5. Каценбоген, С.З. Белорусский государственный университет / С.З. Каценбоген // Працы беларускага дзяржаўнага універсітэту. – Менск: Выд. Праўлення БДУ, 1923. – № 4 – 5. – С. 230 – 281.

6. Очерки по истории юридических научных учреждений в СССР. – М.: Наука, 1976. – 238 с.

7. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 293. – Арк. 1,7.

8. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 293. – Арк. 9.

9. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 293. – Арк. 10.

10. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 293. – Арк. 31, 34.

11. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ). – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 293. – Арк. 35, 39.

12. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 293. – Арк. 144.

13. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 293. – Арк. 96, 97.

14. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 293. – Арк. 289.

15. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 293. – Арк. 248 – 248 аб.

16. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 293. – Арк. 287.

17. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 340. – Арк. 3, 6-7.

18. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 567. – Арк. 81.

19. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 646. – Арк. 1.

20. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 646. – Арк. 23.

21. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 1374. – Арк. 81.

22. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 710. – Арк. 7.

23. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 750. – Воп. 1. – Спр. 691. – Арк. 89 – 91.

24. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 750. – Воп. 1. – Спр. 691. – Арк. 195 – 197.

25. Праграма юрыдычнага мінімума для адказных работнікаў органаў юстыцыі.– Менск: НКЮ БССР, 1934. – 16 с.

26. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 750. – Воп. 1. – Спр. 689. – Арк. 12.

27. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 750. – Воп. 1. – Спр. 691. – Арк. 138, 139.

28. СУ СССР. – 1935. – № 13. – Ст. 99.

29. Собрание постановлений и распоряжений правительства Белорусской Советской Социалистической Республики. – 1938. – № 13. – Ст. 56.

30. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 750. – Воп. 1. – Спр. 701. – Арк. 1 – 4.

31. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 788. – Арк. 94.



32. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 99. – Воп. 2. – Спр. 793. – Арк. 95.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка