Аляксей Дудараў Чорная панна Нясьвіжа




старонка1/3
Дата канвертавання13.05.2016
Памер0.53 Mb.
  1   2   3
Аляксей Дудараў

Чорная панна Нясьвіжа

 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Жыгімонт Аўгуст — польскі кароль.

Барбара — магнатка Вялікага княства Літоўскага.

Радзівіл Чорны — нясвіжскі князь, стрыечны брат Барбары.

Радзівіл Руды — ваявода, родны брат Барбары.

Бона Сфорца — польская каралева, маці Жыгімонта Аўгуста.

Мнішак — прыдворны.

Бжэнка.

Чорная Панна.



 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ. СМЕРЦЬ

Нясвіж. Лета 1551 года. Палац Радзівілаў.

Уваходзяць князь Радзівіл Чорны, Радзівіл Руды і Мнішак.

Мнішак.

Мяне прыслала каралева Бона

Даведацца, што робіць тут кароль.

Радзівіл Чорны.

Пасля хаўтур сястры ён мне сказаў,

Што хоча нейкі час жыць у Нясвіжы,

Пабыць ля дрэў, што бачылі яе,

I пахадзіць па парку, дзе сцяжынкі

Хаваюць цеплыню яе слядоў.

Вось ужо месяц неўпрыкмет прайшоў,

I боль ва ўсіх суцішыўся, а ён,

Як цень, блукае,

Безупынна плача.



Радзівіл Руды.

Ён п'е віно, а потым горка плача...

Калі ж віно павыцекне слязьмі,

Ён зноўку п'е і зноўку горка плача.



Радзівіл Чорны.

Калі ён слёзы выплача да дна,

Ў Літве не знойдзеш кропелькі віна.

Мнішак.

Скажу па шчырасці: у Кракаве ўсе лічаць,

Што вы знарок трымаеце яго,

I хочаце, каб жыў кароль у княстве,

Каб па Барбары вечна смуткаваў.

Радзівіл Руды.

Не па Барбары, а па каралеве!



Мнішак.

Па каралеве...



Радзівіл Чорны.

Ён мой уладар,

Нашчадак па прамой вялікага Ягайлы,

Што з княства ў Польшчу каралём прыйшоў.

Хоць быў ліцвінам, стаў палякам лепшым.

Радзівіл Руды.

Як караля мы можам затрымаць?

Ён гаспадар Літвы і майго замка...

I муж нашай нябожчыцы-сястры.



Мнішак.

Паўгода Польшча ўжо без караля,

Спачатку ён сядзеў ля ложка хворай,

А потым пахаванне рыхтаваў,

А зараз трызну ладзіць у Нясвіжы.

Бязладдзе ўсюды... Даручыў мне Сойм

Пры вашай дапамозе Жыгімонта

Вярнуць хутчэй у Кракаў на пасад.

Ён каралеву пахаваў... Навошта ж

Праз гэта і краіну ўсю хаваць?

Я буду гаварыць з ім...

Радзівіл Чорны.

Гэта марна.

Ён размаўляе зараз толькі з ёй...

Мнішак.

З кім «з ёй»?



Радзівіл Руды.

З Барбарай! З каралевай...



Мнішак.

Ён, пэўна, звар'яцеў...



Радзівіл Чорны.

Калі сам пан

Ў сваім жыцці кахання слодыч зведаў,

То ведае й чароўны гэты сад.

Хто ў яго трапіў — той ужо вар'ят...

А тут... іх целы разлучыла смерць,

А душы разлучыць ніяк не можа.

Радзівіл Руды.

Вунь ён ідзе... Дзівіцеся.



Мнішак.

Мой Божа!

Адыдзем прэч!

Радзівіл Руды.

Ды ён нас не заўважыць.

Уваходзіць Жыгімонт Аўгуст са свечкай і з чарай віна.

Жыгімонт (гледзячы на свечку).Барб-а-а... Барба... Я ведаю, я ведаю, ты тут... I твая постаць цьмяная мільгае сярод дрэў... не пакідай... не пакідай мяне... Усім на свеце тут кіруе д'ябал... Ці Бог тут пекла нам усім зрабіў... Навошта?! Навошта нас спачатку было злучыць, з'яднаць у адно... так, што я не заўважаў і не адчуваў... не бачыў, дзе ты, а дзе я... У нас былі адны вусны, адны рукі, адзін твар... I гэта ўсё... па-жывому нехта разарваў... разрэзаў... Дзе ты?! Дзе я?! Дзе ты, мая каханая, дзе я, душа мая, забраная мая?.. Ты мёртвая, ды не жывы і я... Душа мая, забраная мая. Сёння па парку бегала маленькая дачка дварэцкага... Бялявае кірпатае дзяўчо... Яна пляскала ў ладкі... і... смяялася... Як званочак... Гэта твой голас, Барба... Ты смяешся над усім светам... Барба-а-а...

Выходзіць са свечкай.



Мнішак.

Аж маё сэрца нават затрымцела.

О, боль які! Якое пачуццё!

Калі ён звар'яцеў — дык розум ёсць вар'яцтва,

Калі ж разумны — дык наш свет вар'ят...

На гэткі покліч нават з таго свету

Хто хочаш вернецца. Як ён кахаў яе!

Радзівіл Чорны.

Ён не кахаў! Ён і цяпер кахае...

Яшчэ мацней... Заўжды перад канцом

Успыхне моцна полымя і... згасне...

Спявае лебедзь гучна і... памрэ...

I разгарыцца лета... перад сцюжай...

Калі ў прыродзе нешта забуяе

Не на дабро... Там смерць ужо гуляе.



Мнішак.

Вы спрабавалі што-небудзь зрабіць?



Радзівіл Чорны.

Спытайце лепей, што не спрабаваў.

Хаваў віно — ды ён яго знаходзіў.

I гаварыў не раз з ім — ён маўчыць.



Радзівіл Руды.

Не раз і сонных зёлак падсыпаў.

Ён зёлкі піў, але не засынаў!

Мнішак.

Не тое каралю вы падавалі,

Галоўны сродак не паспрабавалі.

Радзівіл Руды.

Вы пра жанчын? Ды ён глядзіць праз іх,

Як мы праз шкло... Ён бачыць сваю Барбу...

Мнішак.

Няхай наяве ўбачыць сваю мару...

Хадзі сюды, дзіця маё...

Уваходзіць Бжэнка, вельмі падобная на Барбару Радзівід.



Радзівіл Чорны.

О Божа!


Ці замагільны свет прыйшоў сюды,

Ці сам цяпер я ў свеце замагільным?



Радзівіл Руды.

Барбара, гэта ты?!



Мнішак.

Ідзі, дзіця...

Бжэнка выходзідь.

Радзівіл Чорны.

Што тут было? Ці гэта ўсё трызненне?

Ці прывід ейны у Нясвіж прыйшоў?!

Барбара тут... Сястра наша! Барбара!

Ты прыплыла на заклік караля!

Мнішак.Супакойцеся, князь... Яна такая ж вам сястра і жонка каралю, як я вам — маці. Бжэнка... Дачка дробнага купца... Кракаўская мяшчанка й распусніца. У пятнаццаць год мела чатырох палюбоўнікаў адначасова... Спакусіла свайго духоўніка. Маладых лашчыла за так, са старых брала грошы. I вялікія! Яе змясцілі на выхаванне ў манастыр... Там яе выпадкова ўбачыла каралева Бона. Ведаючы душэўны стан свайго сына, яго каханне да вашай сястры, каб зменшыць яго боль... і пакуты...

Радзівіл Руды....Яна вырашыла зрабіць каралеве Барбары замену?

Мнішак.Можна сказаць, што так.

Радзівіл Чорны.I замена гэта... кракаўская распусніца?!

Мнішак.Князь Радзівіл! Ды хай бы любая жанчына ў Польшчы, любая графіня, дачка ці жонка гетмана, канцлера, маршалка мела такое падабенства на спачыўшую сястру вашу — даю слова, яна апынулася б у абдымках караля. Хто ж вінаваты, што такі твар, такая постаць, такія валасы, такія вочы дасталіся ну... не самай святой жанчыне каралеўства... Вы толькі зірніце... Хадзі сюды!

Уваходзідь Бжэнка.

Вы толькі зірніце! Каралева не была так падобна на сябе, як гэта істота на яе... Вы хоць толькі ад прывіду пачалі адмахвацца, а я, калі мне паказалі яе ў манастыры, вобзем грымнуўся... Вадой адлівалі... Ну, думаю, аджыла, зноў пачнецца... Не разумею, што вас абражае? Ваша сястра на вябёсах, і гэта... дзяўчо ёй не саперніца... Я зірнуў на караля — мне стала страшна... Калі ён пабудзе ў такім стане яшчэ адзін тыдзень — ён памрэ... Нябожчыкаў кахаць вялікі грэх. Хай спусціцца на зямлю і... вось, калі ласка... кахае копію... Яна верне яго да рэальнага жыцця, і мы не страцім караля.

Радзівіл Руды

(аглядае Бжэнку). Ўсё супадае: вусны, вочы, шыя.



Мнішак.

О, колькі давялося адмываць...



Радзівіл Чорны.

Няўлоўнае бывае падабенства,

А тут непадабенства не відаць.

Хіба вось толькі... гэтая радзімка.



Мнішак.

Тут не адмыеш, трэба габляваць.



Радзівіл Чорны.

Скажы што-небудзь, мілая дзяўчынка.



Бжэнка.

Мне гэты пан забараніў казаць.

Мне можна толькі трошкі паўсміхацца.

Мнішак.

Ды ладна, гавары ўжо.



Бжэнка.I няпраўда, што я такая і гэткая... Самі ж спачатку бедную паненку да ложка зацягнуць, самі ж усю ноч без перадыху спакушаюць, а потым і я ж сама вінаватая. I мяне ж у манастыр! За што? Хіба я магла сілай спакусіць свайго святога айца, калі ён высокі, як вы, пане, ды яшчэ й таўсцейшы... Я яму каюся, а ён мае грудзі цісне... I мне інквізіцыя. I мне манастыр!

Радзівіл Чорны.Даволі.

Бжэнка.Маўчу.

Радзівіл Чорны.

Магутны Бог! Вось два твае стварэнні

Цудоўныя... Адно напоўніў ты

Высакародствам, розумам, пяшчотай,

Ў другім — прытулак бруду і граху.

Мнішак.

На свеце трэба ўсё... ураўнаважыць.

Ні святасць грэх, ні грэх не спляжыць святасць.

Ты, Бжэнка, лепей князю заспявай.



Бжэнка (спявае).

На моры вутачка купалася,

Пакупалася, у бор паляцела,

У барочку шчыранька грагаць стала: —

Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?

Ад майго гняздзечка адчураліся.

Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?

Ад майго гняздзечка адчураліся.

З'яўляецца Жыгімонт.

Жыгімонт (крычыць нема).

Барбара! Любая Барбара!

Каханая! Хадзі! Хадзі сюды!

Я ведаў, што ты вернешся ў Нясвіж...

Я абдыму цябе... Я ў гэта верыў...

Абдымае Бжэнку. Навальнічная бліскавіца. Жыгімонт падае.



Мнішак.

О літасцівы Божа, ён памёр!



Бжэнка.

Ну вось ізноў. Ізноў я вінавата...



Радзівіл Руды (схіляецца).

Цішэй... Заснуў... Заснуў нарэшце ён.



Радзівіл Чорны.

І дзякуй Богу... Доўгім будзе сон...

Выносяць караля.

Мнішак (Бжэнцы).

А ты ідзі цяпер гуляць па парку.

Ды блізка да людзей не падыходзь,

Спявай ціхутка... Можаш і паплакаць,

I застагні, усхліпні мімаходзь.

Хай думаюць, Барбара зноў прыйшла

I ў замку тут прытулак свой звайшла.

Выходзяць.

 

ЧАСТКА ДРУГАЯ. КАХАННЕ

Вільня, 1543 год. Сад перад палацам Барбары Радзівіл. Ноч.

Уваходзіць Барбара.

Барбара.

Баль адшумеў, і ціша навакол.

У чорным небе дрэмле ясны месяц,

Абліты цьмяным срэбрам лес і дол,

I болей не чутно птушыных песень.

Усімі зоркамі мяне цалуе ноч,

Ласкавы ветрык лашчыць, лашчыць грудзі,

I гладзіць цемра мне павейкі воч...

Я зведаю... чаго не зведаць людзям...

З'яўляецца каралевіч Жыгімонт.



Жыгімонт.

А я ўжо зведаў...



Барбара.

Божа!


Жыгімонт.

Я пабачыў...

Што ўбачыць хіба можа толькі Бог.

Барбара.

Як вы пасмелі?!



Жыгімонт.

Гэта абурэнне...

Прымусіла прыстойнасць растаптаць.

Зірнуць на тое, ад чаго аслепнуць

Навекі можна...

Барбара.

Значыць, вы сляпы...

Цяпер кажыце ваша абурэнне,

А потым абурацца буду я...



Жыгімонт.

Як дазваляць, каб цемра цалавала

Такія вусны... Каб вятрыска мог

Брыльянты найкаштоўнейшыя лашчыць?

Ці ноччу вас кахае толькі ноч?

Куды ж глядзяць прыгожыя ліцвіны?



Барбара.

Усё! Даволі! Прэч! Сыдзіце з воч!

А то я закрычаць павінна буду.

Жыгімонт.

Ды вам нашто крычаць? Я закрычу:

Літва! Твая багіня сёння ноччу

Кахала месяц, той кахаў яе.

Я ўбачыў нерэальнае каханне

I з зайздрасці свяціла захінуў

Свінцона-чорнай хмарай.

Барбара.

Ён заходзіць...



Жыгімонт.

Я перамог...



Барбара.

Ну, а цяпер пайшоў...

Да сціплых паннаў ходзяць госці ранкам.

Жыгімонт.

Дык запрасіце, панна, калі ласка,

I я прыйду за некалькі гадзін

Да часу запрашэння і чакаць

Ля брамы буду... Гэта асалода —

Чакаць хвіліны, каб убачыць вас.



Барбара.

Ой, майстра гаварыць...



Жыгімонт.

Зусім не ўмею!

Ні гаварыць, ні на жанчын глядзець.

Барбара.

А што ж цяпер вы робіце?



Жыгімонт.

Малюся.


Барбара.

Я не святая...



Жыгімонт.

I таму вышэй...



Барбара.

Усё... Ідзіце, хлопчык мой...



Жыгімонт.

Бывайце...

Даруйце мне... Я болей не прыйду...

Барбара.

Не прыйдзеце? А як жа запрашэнне? Ці ветліва?



Жыгімонт.

Дык запрашэнне ёсць?!



Барбара.

Прыходзьце заўтра да мяне апоўдні

Не праз акно, вядома, як цяпер.

Жыгімонт.

Ды не, вы што... ды я прыйду праз дзверы.



Барбара.

Вы неяк разгубіліся?



Жыгімонт.

Ага...


Барбара.

Чакаю вас...



Жыгімонт.

Бывайце, мая панна...

Накіроўваецца да выхада.

Барбара.

Скажыце мне, каго я запрасіла.



Жыгімонт.

Я — Жыгімонт.

Выходзіць.

Барбара.

О Божа! Каралевіч!

Я чую грозны голас твой, о лёс.

Ці на дабро ты мне яго прынёс?

Кракаў. Палац на Вавелі. Пакоі каралевы Боны.

Уваходзяць каралева Бона і Мнішак.



Бона.

Што ў Вільні робіцца? I як там каралевіч?



Мнішак.

Жыве, як і належыць маладым.

Вясёлы баль змяняецца банкетам,

Банкет затым змяняецца на баль.

Ды ўсё ж часцей бывае паляванне.

Бона.

Без рызыкі?



Мнішак.

Без рызыкі, вядома.

Зуброў ён лічыць сімвалам і іх

Ніколі не чапае, а касулі,

Ласі, алені, козы, вепрукі...

Для рыцара ці будуць небяспекай?



Бона.

Ён п'е зашмат?



Мнішак.

Не дужа. Нейкі келіх.



Бона.

Ці мае ён жанчын?



Мнішак.

О каралева! У такім узросце...



Бона.

Мне ўсё вядома пра ягоны ўзрост,

Пытаюся: жанчыны ў яго ёсць?

Мнішак.

Так, ёсць ужо.



Бона.

І хто ж яны?



Мнішак.

Яны?.. Гэта яна.

Брыльянт найпершы у Вялікім княстве,

Як каралевіч кажа.



Бона.

Што... брунетка?



Мнішак.

Не, каралева...



Бона.

Ды няўжо бландзінка?



Мнішак.

Незразумела. Валасы ў яе

Нібы святлом пранізаны. Такія

Бываюць, мабыць, толькі у русалак.



Бона.

Або ў вядзьмарак...



Мнішак.

Мусіць, так і ёсць.



Бона.

Яна адна ў яго?



Мнішак.Мая нябожчыца маці, калі добразычлівыя суседзі сказалі, што ў яе мужа (майго, спадзяюся, бацькі) вельмі багата жанчын, сказала мудра і глыбока: «Чым больш, тым менш. Абы адна не завялася».

Бона.

Яна адна ў яго?



Мнішак.

Яна ў яго адна.



Бона.

Відаць, дурная пакаёўка з замка,

Ім аддаюць каханне хлапчукі.

Мнішак.

Ваш сын высакародяы, каралева.

Высакародныя ж кахаюць каралеў

Або нікога.



Бона.

У Вільні каралева?

Там нават роду добрага няма.

Мнішак.

Той род магутны. Гэта Радзівілы.



Бона.

Што? Радзівілы? Хочаш ты сказаць... I хто ж яна?



Мнішак.

Барбара.


Бона.

Не!


Мнішак.

Барбара...

Ён трэці месяц з ёй ужо шчаслівы... ёй вершы піша.

Бона.

Ўсемагутны Бог!

Як ты дазволіў?!

Чорная блуднідаі

Нікчэмнасць!

Ведзьма дзікае Літвы.

Разбэшчаная дрэнь майго дзіцёнка

Спіхнула ў багну бруду і граху.

Яна звяла ў магілу свайго мужа,

Ёй не хапае соцень мужыкоў,

Каб спаталяць юрлівыя жаданні.

I ёй цяпер патрэбны Жыгімонт?!

Я сына ад цябе абараню!

Перад табой сцяна агню паўстане!

Або адыдзеш прэч, або цябе не стане!

Вільня. Спальня Барбары.

Жыгімонт і Барбара на ложы. Ноч.

Жыгімонт.

Ці дзень ці ноч цяпер на белым свеце?



Барбара.

Цяпер на свеце толькі ты і я,

I зоркі ўсе на наша ложа свецяць.

Жыгімонт.

Каханая, каханая мая.



Барбара.

Здаецца мне — я толькі што памерла

I нарадзілася... Мінулае маё

Ляжыць цяпер на могілках далёка.

I там не я... I там не я...

Жыгімонт.

Барбара...



Барбара.

Я толькі-толькі вершы раз дыхнула,

Заплакала... і я яшчэ дзіця.

Жывая мама... Бацька на руках

Мяне ласкава гушкае... А потым

Бягу па парку... Родны мой Нясвіж!

Мая Літва, мае лясы і пушчы...

Я — чыстая... Нічога не было,

Што без цябе... Сплыло... Сплыло... Сплыло...

(Засынае.)



Жыгімонт.

Спі, любая... Хай прыляціць анёл...

Не! Не хачу! Ён будзе любавацца

Тваім празрыстым целам... Толькі змрок

Цябе схавае ад вачэй нясціплых.

Але ж тады не буду бачыць я...

Як мне цябе схаваць, але каб бачыць.

Самому... Трэба ў сэрца увабраць,

З табою зліцца і адзіным стаць.

Засынае. Грукат у дзверы.



Голас Радзівіла Рудога.

Барбара! Барбара! Зараз жа адчыні!



Барбара.

Хто там?


Радзівіл Чорны.

Не прыкідвайся, ты пазнала нас. Адчыні!



Барбара.

Што вам трэба?



Радзівіл Руды.

Нам трэба, каб ты адчыніла дзверы.



Барбара.

Навошта?


Радзівіл Чорны.

Пагаварыць.



Барбара.

Пагаворым заўтра.



Радзівіл Чорны.

Сёння. Толькі сёння.



Радзівіл Руды.

Калі ты не адчыніш сама, клянуся, я ўзламлю дзверы.



Барбара (ціха Жыгімонту).

Ідзі.


Жыгімонт.

Бывай.


Барбара.

Бывай.


Радзівіл Руды.

Барбара!


Жыгімонт выскоквае праз акно. Барбара адчыняе дзверы. Заходзяць Радзівілы.

Барбара.

Што адбылося, каб сярод начы

Ламіцца ўпарта ў дзверы да жанчыны?

Радзівіл Чорны.

Не да жанчыны, Барба! Да сястры!



Радзівіл Руды.

Так, да сястры, што гонар свой згубіла!



Барбара.

Брат мой...



Радзівіл Руды.

Маўчы! Няхай бы толькі свой...

Ты гонар роду збэсціла!

Барбара.

Пра што ты?



Радзівіл Руды.

У княстве сёння кожны дурань знае:

Што ты наложніца! Ты дзеўка Жыгімонта!

Падсцілка каралеўскага сынка!



Жыгімонт (з'яўляецца ў акне і з кінжалам кідаецца на Радзівіла Рудога).

Вы за абразу сплоціце спаўна!

Б'юцца.

Радзівіл Чорны.

Ваша высокасць! Хто ж вас абражае?



Барбара.

Спыніцеся!



Жыгімонт.

Прасіце прабачэння!



Радзівіл Руды.

За што прасіць? Ці я сказаў няпраўду?

Тады чаму вы тут сярод начы?

Б'юцца. Барбара хапае са століка штылет і прыціскае вастрыём да грудзей.



Барбара.

Спыніцеся! Ці я сябе зарэжу!!!

Жыгімонт і Радзівіл Руды апускаюць зброю.

Мой брат... Дазволіць можа гэта

Раўнівы муж... Але ж ты мне не муж!

Радзівіл Руды.

Я і шкадую, што яго няма.

Інакш бы ён абараняў твой гонар!

Абараняў бы гонар Радзівілаў.



Барбара.

Што ж я такога грэшнага зрабіла?

Хіба ў мяне каханкаў не было?

I хіба ты пра іх зусім не ведаў?



Радзівіл Чорны.

Яны былі ніжэйшымі за вас!

Яны заўжды былі для вас як слугі,

Як цацкі, як забава, як капрыз,

Як неабходнасць маладой жанчыны.

Барбара.

I ты на іх увагі не звяртаў?

Глядзеў спакойна, як сястра грашыла?..

Калі ж на гэта ложа ласкай Божай

Ўзышоў вось ён, адразу ж вы прыбеглі?

Каго мой брат забіць тут зараз хоча?

Яго? Забі. Але заб'еш мяне.

Я ў ім уся. Крывінкі нашы разам.

Я зараз побач Бога адчуваю...

Кахаю, мілы брат мой, я кахаю...



Радзівіл Чорны.

Ты нарадзілася, сястра, не для таго,

Каб некаму быць простаю каханкай,

Хай ён хоць каралевіч! Хоць кароль!



Жыгімонт.

Я вас прашу: пакіньце маю жонку.

Прашу, браты, бо я вам дараваў.

Даруй і ты, Барбара, за абразу.

Цябе абразіла братэрская любоў,

А не браты.



Барбара.

Ды я ўжо даравала.



Жыгімонт.

Кажу яшчэ раз! Гэта мая жонка.



Радзівіл Руды.

Калі ўсё так... Тады я на каленях.

Пакорліва прашу мне дараваць,

Хоць вы мяне і закалоць хацелі.



Жыгімонт.

А я й напраўду мог вас закалоць.



Радзівіл Руды.

Што да мяне, скажу вам вельмі шчыра:

Крыві б я каралеўскай не праліў.

А вось яе гатовы быў знічтожыць.

Вы зразумейце...

Жыгімонт.

Я ўсё разумею.



Радзівіл Чорны.

Вы павянчаліся? Паклікаць святара?



Жыгімонт.

Мне ўсё адно.



Барбара.

I мне.


Радзівіл Чорны.

Тады паклічам.

Радзівілы выходзяць. Жыгімонт і Барбара становяцца на калені.

Жыгімонт.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа...



Барбара.

Прымі, як непадзельнае — Адно...



Жыгімонт.

Прымі, як непадзельнае — Адно...



Барбара.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа...



Жыгімонт.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў.



Барбара.

Ты ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў.



Жыгімонт.

Ты ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў.



Барбара.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў.

З'яўляюцца Радзівілы.

Радзівіл Руды.

Нас ненавідзіць каралева Бона.



Радзівіл Чорны.

Але цяпер у нас... у нас яе карона!

Кракаў. Палац на Вавелі. Пакоі каралевы Боны.

Каралева Бона і Мнішак.



Мнішак.

Вітаю на каленях каралеву.

Вітаю і паведаміць хачу,

Што каралевіч едзе з Вільні ў Кракаў

Па выкліку. Ён хутка будзе тут.

Бона.

У Вільні не змянілася нічога?

Яна не надакучыла яму?

Мнішак.

Хто? Вільня ці...



Бона.

Так, гэтая... Барбара...



Мнішак.

Я засмуціць баюся каралеву,

Ды там хутчэй усё наадварот.

Каб не мазоліць вочы гараджанам,

Ён паміж замкамі зрабіў таемны ход.

I гэтым ходам ходзідь да Барбары.

I кажуць людзі: прынц наш крот і кот.

Бона.

О Божа, каб так нізка апусціцца!



Мнішак.

Яшчэ даруйце...



Бона.

Ну, кажыце, што там...



Мнішак.

Ды гэта толькі плётка можа быць.


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка