Алфрэд Эдвард Хаўсмэн/ Alfred Edward Housman




Дата канвертавання23.03.2016
Памер91.26 Kb.




Алфрэд Эдвард Хаўсмэн/ Alfred Edward Housman (1859 – 1936). Уплыў Алфрэда Эдварда Хаўсмэна, ангельскага філолага і паэта, знакамітага перадусім зборнікам вершаў “Шропшырскі хлопец”, на пазнейшую літаратуру – не толькі ангельскую і не толькі мадэрнісцкую – вельмі складана пераацаніць.
Ад Клі да неба...

Вершы
Са зборніка “Шропшырскі хлопец”

(A Shropshire Lad)


І
1887
Ад Клі да неба светлы дол,

Абшар відаць да краю.

Знак графствы падаюць вакол –

І зноў маяк палае.


Зірні, і тут, і ў вышыні –

Агні, святла залева:

Бог паўстагоддзя, дзень пры дні,

Бароніць Каралеву.


Не бачныя больш гарады

Ім за зямным парогам...

Мы помнім хлопцаў, што заўжды

Дзялілі працу з Богам.


Да родных неба і зямлі,

Што сэрцы знітавалі,

Іх абаронцы не прыйшлі –

Сябе не ўратавалі.


Крануў індыйскі ранак зноў

Ангельскую магілу,

Імёны з Сэверну хлапцоў

Хаваюць хвалі Нілу.


Мы прысягаем на вякі

Ўладарцы найласкавай –

Да небасхілу маякі

Палаюць мёртвых славай.


Спяваем мы: “На ўсе часы

Дай шчасця Каралеве”, –

І чуем вашы галасы

У гэтым хваласпеве.


Калі найлепшае ў бацькох

Сынам перадасце вы –

Ніколі не пакіне Бог

Краіны й Каралевы.


пераклад з ангельскай – Кацярына Маціеўская

IV
Пабудка

(Reveille)


Уставай – бо на зыходзе

Срэбны змрок начной пары,

Сеў на мель ужо на ўсходзе

Яркі карабель зары.


Уставай – бо ля парога

Крокі ценю ўсё лягчэй,

Ды рыззё шатра начнога

Над зямлёй вісіць яшчэ.


Хлопча, уставай! Світанне,

Барабаны б’юць наўсцяж,

І дарог чуваць вітанне:

“Хто ідзе ў кірунак наш?”


Вабяць гарады і сёлы,

Клічуць вежы й маякі:

“Не спазнае свет вясёлы

Той, хто на пад’ём цяжкі!”


Хлопча, уставай – ляжанку

Лепш пакінуць часам тым.

Сон апоўдні, сон уранку

Не да твару нам, жывым.


Спім – а кроў прыгод чакае,

Не надыхацца ў запас.

Хлопча, уставай – спаткае

Вечны сон калісьці нас.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


XIII
Калі было мне дваццаць,

Сказаў мудрэц: “Няхай

Ты раздасі алмазы –

Ды сэрца захавай.

Раздай гінеі, кроны,

Ды вольным будзь, мой брат!”

Тады было мне дваццаць,

Не слухаў я парад.


Калі было мне дваццаць,

Сказаў мудрэц: “З грудзей

Аддаць дарэмна сэрца

Не змог ніхто з людзей.

Расплатай – скруха злая,

Бясхмарнасці – канец...”

Мне дваццаць два. Я знаю:

Меў рацыю мудрэц.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


XVI
Страчае крапіва світанкі,

Вітае вецер зноў

На могілках, дзе спяць каханкі:

Забіла іх любоў.


І крапіва вітае ранак,

І вецер – між дубоў.

Каханак у труне – каханак,

Што мёртвы праз любоў.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


ХХ
О, яснасць неба і раўнін –

Такой няма нідзе!

Аднак найлепшая з краін

Хаваецца ў вадзе.


Рака абмые луг, лясы,

Аблокаў чараду.

Не знойдзеш больш такой красы –

І толькі я знайду.


Бо сочачы за бегам хваль,

Я мару пра адно:

Вось зараз я адкіну жаль,

Нырну й сыду на дно.


Але з празрыстае вады,

З блакіту ручая

Глядзіць уверх хлапчук худы

І хоча быць, дзе я.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


XXVIII
Валійскія межы

(The Welsh Marches)


Флюгер Шрусбэры з вышынь

Сэверну вітае плынь;

Мост над пенным шалам вод

Лучыць з захадам усход.


Пераможны ранак зноў

Да захопнікаў прыйшоў;

На дарогах Ўэльсу ўзбоч

Вечар зваявала ноч.


...Балявалі груганы,

Чула маці шал вайны:

Дол, напоены крывёй,

Стаў вясельным ложкам ёй.


Смерць нагбом піла рака...

Ля магільнага грудка,

Дзе спаў брат яе ў труне,

Сакс з рабой зачаў мяне.


Здзейсненае той вайной

Зло не выкуплена мной –

Мне, здаецца, праз вякі

Несці гэты грэх цяжкі.


Ува мне штодзень, штогод

Б’ецца з захадам усход –

Горай ад мяча й нажа

Кроіць сэрца мне мяжа.


Хтось без роздуму і сну

Доўжыць гэтую вайну,

І ў дваістай барацьбе

Я знішчаю сам сябе.


Сілаў болей не стае,

Бо дзве існасці мае,

Змогшы злосці кругаверць,

Раз’яданае толькі смерць.


О, калі ж агорне тло

Ўчыненае бацькам зло,

Каб з мяне смяротны сон

Мацярынскі зняў праклён?


пераклад з ангельскай – Кацярына Маціеўская

Са зборніка “Апошнія вершы”

(Last Poems)


І
Захад

(The West)


За верасамі – далягляд...

– На захад не глядзі, салдат!

Сядае сонца, і відно

У чашы дзённай працы дно.


І фронт зусім непадалёк –

Ён там, дзе лінію аблок,

Што над зямлёю, як сцяна,

Самотна сцеражэ сасна.


І сын жанчыны той парой

Спрабуе ўгледзець, поўны мрой,

На захадзе, за сотні ліг,

Радзіму – і хавае ўздых.


Вялікі свет – у ім адным

Ёсць родным месца і чужым,

Ёсць дом і ёсць намёт стары,

Ёсць эль і добрыя сябры.


На захад я па вечарах

Гляджу са скрухай у вачах,

І побач сябра ў цішыні

Стаіць са мною дзень пры дні.


– На захад не глядзі, салдат!

Не вернеш сэрца ты назад,

Ды паімчыцца ў далячынь

Тваіх тужлівых думак плынь.


Там, дзе прамень апошні згас,

Хтось ходзіць з вудаю за нас,

Пакліканых на гэты бой,

Дзе смерць чакае нас з табой.


Не цягне хай душу адчай

Ныраць у зманлівы ручай,

Не пакідай сваіх адзеж

Ля самых вечаровых меж.


Занадта рана мы прыйшлі

Да гэтай паласы зямлі

Будзіць ваду, што ў страшны час

Вачыма іншых сочыць нас.


Вялікі белы свет – аднак

Дамоў не трапіць аніяк.

У гэтых землях прарасці –

Нам больш на захад не ісці.


Як выбухам нас разарве,

Мы ляжам у чужой траве.

Хай ціша ці снарадаў град –

На захад не глядзі, салдат!


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


V
Грэнадзёр

(Grenadier)


Прызваны Каралевай я.

Сяржант зірне ў кішэнь:

“Цана салдацкая твая –

Трынаццаць пені ў дзень”.


Мяне не ўзяў тады спалох:

Я форму апрануў,

Дайшоў да месца, дзе я лёг

І назаўжды заснуў.


Сцякае па кашулі кроў,
Пячэ ўнутры агмень...

Памёр я вольны ад даўгоў –

Трынаццаць пені ў дзень.
І новы хлопец стане ў строй,

Паслужыць не дарма.

Між Каралеваю і мной

Рахункаў больш няма.


Скасуюць сёння плату мне,

Пусцее зноў кішэнь,

Бо не заробіш у труне

Трынаццаць пені ў дзень.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


XLI
Адпяванне любові

(Fancy’s Knell)


Прыходзяць хлопцы з працы,

Як толькі дзень міне,

А значыць, час збірацца –

І кліча хтось мяне.

З-за гор палоскай тонкай

Лёг дзень на сенажаць.

Я з флейтай звонкай

Іду на танцах граць.


У песнях несціханых

Хапае шчасця ўсім:

Хлапцам – абняць каханых

І адпачыць – старым,

А мне – з вышынь знаёмых

За днём не адступаць

І недзе ў стромах

Пакласці сонца спаць.


Юнак шукае пару,

Каб закружыцца з ёй.

Запросіць Робэрт Сару,

І з Томам танчыць Джой.

І погляд, шчасця поўны,

І водар блізкіх паш –

Які чароўны

Наш вечар, танец наш.


Хай Вэнлак і сцямнелы,

У нас не гасне дзень,

Прамень апошні смелы

Хаваецца ў ячмень.

Калі ж у канюшыне

Прыцішыць дзень свой крок,

Тады застыне

Ў ангельскім небе змрок.


У небе – змроку шаты,

Ноч крочыць напрасткі.

Смяюцца хай дзяўчаты,

Хай танчаць юнакі!

Збірацца заўтра трэба –

Я з флейтай лёс дзялю.

Напеў у неба,

А я ў зямлю.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Са зборніка “Дадатковыя вершы”

(Additional Poems)


XVIII
Што за малады злачынец у кайданах там ідзе?

І чаму так вінавата пазірае на людзей?

Чым ён выклікаў пагрозы й безліч гнеўных галасоў?

Сядзе грэшнік у вязніцу за свой колер валасоў.


Здзек з прыроды чалавечай – мець такія валасы,

Гэткіх вешалі ў старыя блаславёныя часы;

Зрэшты, гэтага замала, кары не знайсці назоў...

Чвартаваць бы за пачварны, гнюсны колер валасоў.


Мноства гора і пакутаў зазнаваў праз гэта ён,

Валасы хаваў пад шапкай, фарбаваў у людскі тон,

Толькі каб глядзець дасхочу і аблаяць сто разоў,

Збілі шапку й пацягнулі ў суд за колер валасоў.


Будзе катарга адплатай: портлэндскі кар’ер штодня,

Праца горкая – няважна, холад ці гарачыня;

А ў кароткіх перапынках, між каменняў ці лясоў

Зможа ён праклясці Бога за свой колер валасоў.


пераклад з ангельскай – Кацярына Маціеўская


Жартоўныя вершы
Кракадзіл, альбо Грамадская прыстойнасць

(The Crocodile or Public Decency)


Няхай смяюцца што ёсць сілы –

Мне кракадзіл зусім не мілы.

Агідны ён: перадусім

Я шчырасці не бачу ў ім.


У тых краях, дзе Ніл зычлівы

Пустэльню робіць урадлівай,

Ля плёсу, дзе шуміць бамбук,

Гуляе голенькі хлапчук,

І сябры Лонданскае рады

На жаль, не маюць там улады.

Аднак што там за бервяно

На хлопчыка глядзіць даўно,

Схаваўшыся на свой капыл? –

Суровы й строгі кракадзіл.


“Дзіця ў Адамавай хламідзе!

А раптам еўрапеец прыйдзе

І ўбачыць – о, які канфуз! –

Цябе, мой голы карапуз?

І, не забыўшы пра манеры,

Адразу счырванеюць пэры.

Таму ў спякотны гэты дзень

Хаця б мяне пакуль адзень”.


І вось знікае ў хвалях Ніла

Хлапчук, адзеты ў кракадзіла:

З усёй прыстойнасцю дзіця

Было пазбаўлена жыцця.

І маці распачне ў даліне

Егіпецкі свой плач па сыне,

Ды стогн той іерагліфічны

Не зміласцівіць лёс трагічны.

І кракадзіл рыдае тут,

Хоць і не зведаў ён пакут,

Ад слёз яго разліўся Ніл.

Маўчы, ілжывы кракадзіл!


“Задзьмулі гэта мо пасаты,

Ці таюць снегавыя шаты?” –

Спытаў фелах, які прыплыў,

Каб нільскі ацаніць разліў.

Насупіўшы ў Каіры бровы

На Ніл глядзіць сердар суровы,

Яму прамармытаў хедыў:

“Зноў кракадзіл тут слёзы ліў”.

Усе заліўшы краявіды,

Узяўся Ніл за піраміды,

І дзе быў Сфінкс, там сёння плёс,

Тырчыць адно адбіты нос.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута

Афрыканскі леў
О кепскія дзеці, як любіць вас леў –

Сустрэць вас не траціць надзей!

Аднак справядліва ніколі не еў

Ён добрых нясмачных дзяцей.


Калі ж і адкусіць кавалак які,

Дык крывіць ікласты свой рот

І з рыкам імчыць у пясках напрасткі

На поўнач, на захад, на ўсход.


Таму не збягае такое дзіцё,

Убачыўшы льва на пяску,

Бо ведае: страціць яно не жыццё,

А толькі нагу ці руку.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута
© Кацярына Маціеўская, пераклад, 2009

© Ганна Янкута, пераклад, 2009



prajdzisvet.org




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка