Актуальныя праблемы тэорыі літаратуры і фальклору Працы членаў кафедры




старонка4/9
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.78 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Ізольда Ківель

СВЕТАПОГЛЯД БЕЛАРУСА ПАВОДЛЕ "ШЛЯХЦІЦА ЗАВАЛЬНІ" ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА І "ДАМАВІКАМЕРОНА" АДАМА ГЛОБУСА
Беларусь (і беларус) Яна Баршчэўскага і Адама Глобуса – гэта Беларусь "у фантастычных апавяданнях" учора і сёння, Беларусь страчаная і набытая, фальклорна-міфалагічная і квазіфальклорная, антыміфалагічная

Напэўна, любыя два-тры творы літаратуры, незалежна ад часу напісання і аўтарства, можна параўноўваць па выбраных, нават адвольна прыцягнутых, параметрах. І хаця "Шляхціца Завальню" часцей ставяць у шэраг з Кнігай тысячы і адной ночы, з Дэкамеронам Бакача, не будзе ні дзёрзкасцю, ні марнасцю суаднесці твор Яна Баршчэўскага з Дамавікамеронам Глобуса. Суаднесці з мэтай убачыць хутчэй адрозненні, чым пераемнасці.

Культурнае і гістарычнае аблічча Беларусі замацавалася ў свядомасці людзей (і не толькі беларусаў) на падставе набору стэрэатыпаў і асабістых уражанняў, што таксама навеяны шэрагам фактаў, аб'ектыўных і суб'ектыўных. Разам з абліччам краіны складваўся і светапогляд яе жыхара, грамадзяніна. Працэс гэты каранямі ўзыходзіць да такой далёкай мінуўшчыны, што вытокі яго нават не разгледзець за язычніцкім светаўяўленнем, якое было цалкам міфалагічным. Тагачаснае бачанне свету і сябе ў гэтым свеце не зафіксавана было своечасова ў помніках пісьменнасці, што, аднак, не пашкодзіла яму істотна паўплываць на свядомасць, рэлігію, мастацтва многіх і многіх пакаленяў беларусаў. Цяжка нават вызначыць, наколькі моцны гэты ўплыў: да сённяшняга дня мы знаходзімся ў палоне прымхаў, разнастайных язычніцкіх уяўленняў і нават забабонаў. А кожны больш – менш рэвалюцыйны перыяд развіцця грамадства даваў заўважны ўсплёск цікавасці да нацыянальнай міфалогіі і новую хвалю міфатворчасці. Рамантыкі ў ХІХ стагоддзі стварылі найбольш яскравыя ўзоры выкарыстання айчыннай архаікі ў арыгінальнай творчасці.

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях не проста адзін з падобных узораў. Гэта, па сутнасці, адзіны з іх у рамантычнай польскамоўнай літаратуры на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Адпаведна, меркаваць пра тое, якімі праблемамі – духоўнымі і не толькі – жыў беларус другой паловы ХVIII – пачатку ХІХ стагоддзя (а менавіта такі храналагічны кантэкст твора), можна было б і па кнізе Баршчэўскага. Аднак агульнавядома, што аўтар Шляхціца Завальні, ствараючы вобразы беларускіх сялян і шляхціцаў, не толькі “трансфармуе гісторыю ў міф” [1, 22], але трансфармуе і свядомасць герояў, стварае міф пра характар і светапогляд, лад жыцця і вераванні, уяўленні беларуса двухсотгадовай даўнасці. Уласна, паўнавартасным носьбітам нацыянальнай свядомасці і, адпаведна, нацыянальнай ідэі на прасторы Беларусі ў фантастычных апавяданнях з'яўляецца стрыжнявы (паводле сюжэтнай і, безумоўна, ідэйна - мастацкай ролі) герой – сам шляхціц Завальня.

Узнаўляючы падзеі пярэдадня чарговага падзелу Рэчы Паспалітай, Баршчэўскі імкнуўся даць адказы на горкія пытанні сучаснасці, найперш, выявіць той падмурак, асноватворчыя каштоўнасці, на якіх грунтавалася і нацыянальная філасофія, і нацыянальнае быццё. Захаваць гэтыя каштоўнасці, не здрадзіць, не перакінуцца да пераможцаў-чужынцаў-асташоў – вось да чаго літаральна заклікае Завальня ад апавядання да апавядання (заклік да шчырае малітвы, да ўшанавання магілаў і памяці продкаў, захавання чысціні як духоўнай, так і навакольнай, да сумленнай працы і асветы). Лейтматывам своеасаблівых пропаведзяў шляхціца гучыць перасцярога перад разнастайнымі навацыямі, забароненымі ведамі (іх небяспечныя носьбіты – Чарнакніжнік, пан Твардоўскі). Баршчэўскі надзяляе свайго героя прароцкім талентам і ўкладвае ў яго вусны папярэджанні пра многія праблемы сучаснага аўтару ХІХ стагоддзя (дастаткова ўзгадаць апавяданне – антыўтопію "Жабер-трава": жахнуўшыся ўбачанага ў будучыні краю, пісьменнік нават не змог завяршыць апавяданне, перарваўшы д'ябальскае відовішча выратавальным крыкам пеўня).

Але нават неверагодна багатая фантазія Яна Баршчэўскага і ўся сіла папераджальных запаветаў Завальні не маглі намаляваць той свет, у якім будзе жыць беларус канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя.

Калі ў Беларусі Баршчэўскага ўтульна і ідылічна, то ў Беларусі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя (паводле Глобуса) не вельмі хацелася б жыць, але гэта – дадзенасць, ад яе нікуды не дзенешся.

Выбітны прадстаўнік генерацыі ”Тутэйшых” (па назве літаратурнай суполкі), страчаных ідэалаў і няздзейсненых спадзяванняў, Глобус сваёй творчасцю, напэўна, найбольш выявіў “памкненні і жаданні цэлага літаратурнага пакалення, і нават шырэй – прагу тагачаснага грамадства да радыкальных пераменаў...” [1, 230]. А Дамавікамерон (Першы, Новы, Найноўшы), у сваю чаргу, стаў самым рэвалюцыйным праектам Глобуса (а значыць, і цэлага пакалення).

“Скаталогія” і “інтэлектуальная літаратура”, “парнаграфічная літаратура” і “крытыка рэчаіснасці”, “анталогія сучаснага гарадскога фальклору” і “квазіфальклор” -- як толькі не акрэслівалі ўзгаданую кнігу Глобуса. Варта прызнаць, кожны з камантатараў меў рацыю. Разважаючы пра Дамавікамероны, можна пайсці любым з накірункаў, азначаных крытыкамі Глобуса, і мы абавязкова некуды прыйдзем, падмацаваўшы тэзу – вызначэнне. Справа не ў тым, што крытыкі маюць розныя густы, выхаванне, узрост і партыйнасць. Глобус сваімі навеламі добра-такі зачапіў чытача, дагэтуль (амаль да сярэдзіны 1990-х) прыручанага і прывучанага да досыць аднастайнай у праблематыцы беларускай літаратуры (класічнай і савецкай). І атрымалася цікава: хваляць Глобуса ці ганяць, дачытваюць да канца Дамавікамерон найноўшы ці гідліва крывяцца на першых старонках – кніга напісана і дайшла да чытача. Правакацыя [4, 173] /эксперымент/, “пашпартызацыя бесаў” [5, 66] адбылася.

Паколькі нас цікавіць найперш суаднесенасць Глобус – Баршчэўскі, Дамавікамерон – Шляхціц Завальня, звернемся толькі да адной з магчымых апазіцый у выбраных кнігах: міф – антыміф. Абодва аўтары ствараюць літаратурную версіфікацыю народных паданняў і ўяўленняў пра ўладкаванне свету. Адно толькі -- задачы, мэты ў іх розныя. “Кніга Яна Баршчэўскага задумвалася і рэалізоўвалася ў кантэксце эстэтычных традыцый нашай літаратуры ХІХ – ХХ стагоддзяў, для якой кола праблем і мэт было абмежавана сацыяльным і маральным складнікамі… Традыцыйная беларуская літаратура і не ставіла перад сабой іншай мэты, акрамя маральных характарыстык герояў, вобразаў і падзеяў” [3, 261]. Баршчэўскаму прынцыпова важна было “перасяліць” міф у літаратуру, выявіўшы тым самым моцную повязь беларуса са светам пакрыёмнага, таямнічага, прадэманстраваць душу беларуса як “прыроджаную душу паэта” [6, 89]. Духоўнасць і яшчэ раз духоўнасць!

На першы і вельмі павярхоўны погляд Глобус можа падацца таксама збіральнікам і захавальнікам (літверсіфікатарам) сучаснага нам фальклору (праўда, гарадскога). Дый сам аўтар называў Дамавікамерон анталогіяй сучаснага гарадскога фальклору. Але не верце Глобусу, майстру блытаніны і містыфікацыі! Сапраўды, усё, апісанае ў Дамавікамероне, Дамавікамероне новым і Дамавікамероне найноўшым, адбываецца ў горадзе ці яго блізкіх ваколіцах (выдатна ідэнтыфікуецца Мінск і мінскія сутарэнні), адбываецца з гараджанамі розных узростаў і заняткаў. Аднак жа не варта забывацца, што сучасны Мінск больш чым напалову складаецца з вяскоўцаў, якія засялілі сталіцу за апошнія 50 гадоў, спачатку прыязджаючы з прыгарадных вёсак на працу, а пасля паціху панабудаваўшы ў горадзе кааператыўныя кватэры. Менавіта за кошт гэтай міграцыі Мінск папоўніўся не толькі гараджанамі – людзьмі, але і нячысцікамі, прывезенымі з лясоў, балот і вясковых хат (дзе, як вядома, без розных духаў ніяк нельга) у мяхах, торбах і свядомасці неамінчукоў [7, 9]. Але дзе добра чалавеку, не вельмі ўтульна нячысціку (нават і не самаму нячыстаму). Духі беларускіх палёў, лазняў і хлявоў не тое каб не прыжыліся ў мегаполісе, ім тут вузка, цесна і мала ежы (канкурэнцыя з абавязковымі спадарожнікамі камунальнай гаспадаркі – пацукамі, галубамі і бамжамі). Адсюль іх незвычайная (так і просіцца – нечалавечая) жорсткасць, разняволенасць і пажадлівасць, нават па мерках даволі смелай у сакральна- эратычных жанрах беларускай аўтэнтыкі. Здаецца, уся сіла дэманічнай прыроды сканцэнтравалася ў эратычна-сексуальнай сферы, вырваўшыся з традыцыйных межаў, устаноўленых мараллю і рэлігіяй. Якая тут духоўнасць – панства цела і інстынктаў, – здаецца, залішне настойліва даводзіць Адам Глобус. Як тут не ўспомніць настойлівасць маральных высноў Баршчэўскага ў падачы шляхціца Завальні? І як не ўспомніць яго ж занепакоенасць з нагоды урбанізацыі, яго непрыняцце згубных уплываў горада, дзе разбураецца спрадвечны лад жыцця патрыярхальнага беларуса? Вёска – натуральны асяродак бытавання беларуса, горад – чужы, варожы свет.

Не паддаючыся жаданню абвяргаць абвінавачванні ў бруталізацыі Глобусам рэчаіснасці, толькі заўважым, што такі паказ рэчаіснасці часоў перабудовы і набыцця краінай незалежнасці абумоўлены самім гэтым часам: няўдалае ўвасабленне нацыянальнай і некаторых іншых ідэй выклікала ў беларускай інтэлігенцыі расчараванне, непрыняцце абывацельскай пазіцыі большасці электарату (яе складае вясковае насельніцтва) нарадзіла скепсіс ў адносінах і да гэтага самага электарату, і да народа ў цэлым, і да самой сябе як эліты гэтага народа. Адсюль – іранічна акрэслены часавы кантэкст: “Тым часам у СССР набываў сілу нацыянальна-вызваленчы рух паняволеных народаў. ... Жыццё бегла хутка. Незалежнасць сякая-такая адваявалася.... Загаварылі пра бізнес і капіталізм. ... Яе вялікасць Бюракратыя красавала” [8, 48]. Адсюль жа – агідныя істоты, героі навел усіх трох Дамавікамеронаў. Назваць усіх гэтых вадзянікоў, цікаўнікаў, ліфтавікоў, віхурнікаў, бабнікаў, кадравікоў і, зразумела, дамавікоў у колькасці 9 асобнікаў ніжэйшымі духамі нацыянальнай міфалогіі неяк не выпадае – яны, нашыя нацыянальныя нячысцікі, не настолькі нізкія. Хто ж (ці што) такія – персанажы Адама Глобуса? Пачвары, народжаныя “снамі розуму”, падсвядомасцю сучаснікаў, гэта сублімацыя жывёльных інстынктаў і ... кампенсацыя ўсіх расчараванняў, прынесеных рэчаіснасцю. Пісьменнік стварае міфалагічныя персанажы і сітуацыі і прэзентуе іх як складнікі нашай міфалагічнай свядомасці. Містыфікацыя настолькі ўдалая, да таго ж падмацаваная рэаліямі сучаснага мінскага жыцця, што многія з чытачоў пасля чытання Дамавікамеронаў пачынаюць вышукваць сведчанні рэальнага бытавання ўсіх глобусаўскіх д’яблаў у гарадскіх парках ды пад'ездах. Але, у адрозненне ад версіфікацыі бедарускай міфалогіі Янам Баршчэўскім, Глобус не запазычыў дэманаў з міфалагічнай свядомасці беларусаў, а стварыў іх і перасяліў у свядомасць сваіх чытачоў, а адтуль яны (дэманы) пайшлі гуляць па вуліцах і сутарэннях.

Такім чынам,

– а) беларус Баршчэўскага і беларус Глобуса – зусім розныя людзі ў розных краінах, людзі з розным светапоглядам;

– б) беларус Глобуса – той жа беларус Баршчэўскага, толькі на прасторах краіны з апавядання ”Жабер трава”.

Беларускі свет і светапогляд паводле Баршчэўскага – гарманічны, высокадухоўны і маральны, што якраз і адлюстроўвае міфалагічную мадэль светаўладкавання. Так ствараюцца міфы літаратурныя.

Рэчаіснасць сучаснай Беларусі ў Глобуса і яе інтэрпрэтацыя свядомасцю сучаснікаў у абліччах монстраў – грубацялесная і амаральная, свет разбураны, ідэалы страчаны, чалавек асуджаны. Так ствараюцца антыміфы.

Мы як чытачы верым і Баршчэўскаму, і Глобусу. І не толькі таму, што абодва пісьменнікі не пазбягаюць рэалістычных прыёмаў пісьма (Баршчэўскі гарманічна спалучае рэальнае і фантастычнае, Глобус падрабязны да натуралізму). А і таму, што сваімі міфалагічнымі (ці антыміфалагічнымі) мадэлямі рэчаіснасці аўтары закранаюць тыя глыбокія пласты свядомасці беларуса, якія, здавалася, даўно страчаны, выклікаюць напамін пра нацыянальнае і чалавечнае – у адным выпадку ідэалізацыяй гэтага самага беларуса, у другім – метадам “ад адваротнага”.
Літаратура:

1. Баршчэўскі, Л., Васючэнка, П., Тычына, М. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: папулярныя нарысы / Л. Баршчэўскі, Васючэнка П., Тычына М. – Мінск, 2006.

2. Хаўстовіч, М. Мастацкі метад Яна Баршчэўскага / М. Хаўстовіч. – Мінск, 2003.

3. Акудовіч, В. Разбурыць Парыж / В. Акудовіч. – Мінск, 2004.

4. Кісліцына, Г. Новая літаратурная сітуацыя / Г. Кісліцына. – Мінск, 2006.

5. Савіцкі, А. Пашпартызацыя бесаў, або Койданаўскі Глобус / Савіцкі А. // ARCHE. – 2000. -- № 4.

6. Баршчэўскі, Я. Выбраныя творы / Ян Баршчэўскі. – Мінск, 1998.

7. Максімюк, Я. Прыручэнне дэманаў / Ян Максімюк // ARCHE. – 2000. -- № 5.

8. Глобус, А. Дамавікамерон / Адам Глобус. -- Мінск, 1999.


Славяна Шамякіна

АЎТАРСКАЯ АЦЭНКА ЯК КАМПАНЕНТ СТРУКТУРЫ МАСТАЦКАГА ВОБРАЗА

(на прыкладзе вобразаў чарадзейнай казкі)
Пры стварэнні мастацкага твора аўтар заўсёды так ці інакш выказвае свае адносіны да прадмета апісання, а праз іх выяўляе свае погляды на жыццё, з’явы рэчаіснасці. Аўтарская ацэнка, ці аўтарская пазіцыя, прасочваецца на розных узроўнях твора: яна праглядае ў сістэме падзей, выказвацца прама ў якасці маралі, шыфруецца ў загалоўку, а можа быць выяўлена ў вобразнай сістэме твора. Многія даследчыкі лічаць, што якраз апошні спосаб адлюстравання аўтарскай ацэнкі – найбольш яскравы, асабліва відавочна праяўляецца ў творы. Так, расійская даследчыца О.П. Ільініцкая сцвярджае: “Аўтарская пазіцыя як тэарэтыка-літаратурная катэгорыя ў сістэме адносін “пісьменнік – твор – чытач” аб’ядноўвае сацыяльна-аб’ектыўнае і творча-суб’ектыўнае: аўтар свядома адбірае і абагульняе факты рэчаіснасці, асаблівым чынам ацэньвае свет. Пазіцыя пісьменніка выяўляецца на ўсіх узроўнях мастацкага твора, аднак найбольш актыўна фарміруе наша ўспрыняцце аўтарскай канцэпцыі свету і чалавека вобразная сістэма твора. Праблема героя – гэта заўсёды праблема аўтарскай пазіцыі: герой – яе персаніфікаванае выражэнне” [3, 15].

Такім чынам, найлепш аўтарская ацэнка праяўляецца праз вобраз-персанаж. Аўтар можа непасрэдна ўкладваць свае думкі ў вусны пэўнага персанажа – у такім разе персанаж, як вядома, называецца “рупарам аўтарскіх ідэй”. Але аўтарская пазіцыя прасочваецца і ў іншых відах вобразаў, акрамя персанажаў. У артыкуле мы спыняем сваю ўвагу на вобразах-локусах і вобразах-рэчах, таму што названыя віды вобразаў, на наш погляд, складаюць адзіную сэнсава-структурную групу разам з вобразамі-персанажамі. Пад сэнсавым падабенствам усіх згаданых відаў вобразаў мы маем на ўвазе іх суаднесенасць з адзінкавымі аб’ектамі матэрыяльнай рэчаіснасці – напрыклад, жывымі істотамі (персанажы), месцамі, лакальна акрэсленымі адзінкамі прасторы (локусы), прадметамі (рэчы). На гэтай падставе мы будзем называць дадзеныя тры віды вобразаў “рэчыўнымі”. Іх магчыма ўявіць сабе ў якасці канкрэтных матэрыяльных адзінак (нават фантастычныя вобразы). У той час як, напрыклад, вобраз краіны і народа – зборны вобраз, які складаецца з мноства асобных адзінак; вобразы-тропы выяўляюць адносіны паміж некалькімі рознымі аб’ектамі ці з’явамі, або паміж аб’ектам і яго часткай і г.д., а таксама могуць быць абстрактнымі. Пад структурным падабенствам вобразаў-персанажаў, локусаў і рэчаў мы разумеем магчымасць прадставіць іх у якасці структуры з пэўным наборам кампанентаў. Кожны вобраз у тэксце абазначаны канкрэтнай лексемай, але сэнсавае напаўненне вобраза кардынальна адрозніваецца ад звычайнага, агульнаўжывальнага значэння дадзенай лексемы. Гэта адбываецца ў выніку прырашчэнняў сэнсаў да слова, якім абазначаны вобраз. Слова ў мастацкім творы, як адзначае акадэмік В.Вінаградаў, стварае асаблівы мастацкі свет, і таму па сваёй сэнсавай накіраванасці яно двупланавае, а значыць вобразнае. “Яго сэнсавая структура пашыраецца і ўзбагачаецца тымі мастацка-выяўленчымі прырашчэннямі сэнсу, якія развіваюцца ў сістэме цэласнага эстэтычнага аб’екту” [2, 50–51].

Дадатковыя сэнсы можна абагульніць у некалькі груп. Групы сэнсаў і ёсць кампаненты структуры вобраза, якія мы вылучаем: аўтар пры стварэнні мастацкага вобраза перапрацоўвае некаторыя жыццёвыя рэаліі і культурныя з’явы (адсюль – культурна-рэчаіснасны кампанент); надзяляе вобраз пэўнымі мэтамі і функцыямі, каб уключыць яго ў структуру тэксту, суаднесці з іншымі вобразамі (функцыянальна-мэтавы кампанент); прыўносіць пэўныя дэталі, каб надаць яму канкрэтнасць і непаўторнасць (кампанент “мастацкая дэталь”), і, у рэшце рэшт, ацэньвае, суадносячы яго са сваімі аксіялагічнымі ўстаноўкамі, этычнымі нормамі і бачаннем эстэтычнага ідэалу. Такім чынам, апошнім кампанентам у структуры рэчыўных вобразаў і будзе аўтарская ацэнка. Заўважым, што такая структура рэчыўных вобразаў таксама яскрава адрознівае іх ад тых жа вобразаў-тропаў, структуру якіх, згодна з тэорыяй даследчыка П. Паліеўскага, магчыма звесці да простых схем “А як Б”, ці “А не як Б” [4, 72-114]. Структура рэчыўных вобразаў, як бачым, намнога больш складаная. Зразумела, што не ўсялякі згаданы ў творы прадмет, месца ці асоба будуць вобразамі з такой складанай структурай. Мы лічым, што менавіта на падставе наяўнасці ўнутры вобраза складанай структуры з абазначанымі кампанентамі трэба адрозніваць паўнацэнныя рэчыўныя вобразы ад мікравобразаў-мастацкіх дэталей. Рэчыўныя вобразы маюць у творы асаблівую сэнсавую нагрузку. Напрыклад, не кожнае месца, аб’ект прасторы ў творы з’яўляецца вобразам-локусам, а толькі той, у якім адбываюцца асабліва значныя падзеі. У фальклорнай чарадзейнай казцы ў вялікай колькасці сустракаюцца не толькі вобразы-персанажы, але і локусы, і рэчы. Таму для разгляду аўтарскай ацэнкі як кампанента структуры рэчыўных вобразаў мы аналізуем менавіта казачныя вобразы.

Фальклорныя рэчыўныя вобразы маюць сваю спецыфіку ў параўнанні з літаратурнымі. І ў найбольшай ступені яна тычыцца менавіта аўтарскай ацэнкі. Гэта вынікае з асаблівасцяў фальклору як віду мастацтва, у першую чаргу яго калектыўнасці і традыцыйнасці. Літаратурныя вобразы – вынік індывідуальнай аўтарскай творчасці, фальклорныя вобразы – прадукт дзейнасці калектыўнага аўтара. Таму на літаратурныя вобразы накладвае адбітак асабістая аўтарская пазіцыя іх стваральніка-пісьменніка, а ў фальклорных вобразах праяўляецца традыцыйная народна-светапоглядная ацэнка. Даследчык фальклору В. Анікін піша: “Індывідуальнасць простага чалавека фальклор не выяўляе. Фальклор выяўляе іншае – тое, што аб’ядноўвае людзей з народа паміж сабою. На гэтай аснове і ўзнікае своеасаблівасць фальклору як мастацтва” [1, 43]. Так, у народных чарадзейных казках галоўны герой – заўсёды станоўчы персанаж, таму што так дыктуе фальклорная традыцыя. У літаратурных казках галоўны герой можа быць як станоўчым, так і адмоўным, і амбівалентным, і пераходным персанажам. Напрыклад, у казцы Г.Х. Андэрсана “Дачка балотнага цара” галоўная гераіня – выразна амбівалентны персанаж; у казцы Ш. Перо “Сіняя барада” аднайменны герой, адзін з двух галоўных, – адмоўны; у казцы В. Гауфа “Каменнае сэрца” галоўны герой Пэтар Мунк спачатку станоўчы персанаж, а потым робіцца адмоўным.

Паводле ацэначнай класіфікацыі з пункту гледжання маралі “калектыўнага аўтара”, персанажы ў беларускіх казках падзяляюцца на: 1) станоўчыя, 2) адмоўныя, 3) амбівалентныя, 4) нейтральныя, 5) пераходныя.

Станоўчы герой – носьбіт этычна-эстэтычных якасцей, якія супадаюць з народным бачаннем ідэалу. Ён – той, хто вяртае казачны свет да гармоніі і парадку. Адмоўны персанаж – той, хто парушае гармонію, інакш кажучы, носьбіт хаосу. Амбівалентнасць персанажа ў чарадзейных казках бачыцца па-рознаму. Гэта можа быць персанаж чужога для чалавека свету, які, аднак, ставіцца да героя добразычліва (напрыклад, Баба-Яга – дарыльшчыца) у межах адной казкі. Пад амбівалентным можна разумець і зборны вобраз з розных казак – персанаж, які мае ў іх адно і тое ж імя, але паводзіць сябе ў розных творах па-рознаму: і станоўча, і адмоўна (тая ж Баба-Яга, паводле даследаванняў У. Пропа, можа быць у адных казках станоўчай дарыльшчыцай, а ў іншых – адмоўнай выкрадальніцай дзяцей). У адрозненне ад амбівалентнага, пад пераходным мы маем на ўвазе такі персанаж, які на працягу дзеяння адной і той жа казкі праяўляе сабе спачатку станоўча (або нейтральна), а потым адмоўна (ці наадварот). Нейтральны персанаж – той, які не праяўляе выразна афарбаванага стаўлення да іншых персанажаў і сітуацыі ў цэлым.

Галоўным носьбітам станоўчай аўтарскай ацэнкі ў народных чарадзейных казках з’яўляецца, як ужо адзначалася, цэнтральны персанаж твора. Іншыя станоўчыя персанажы – тыя, хто свядома дапамагаюць яму ў здзяйсненні яго мэты: дарыльшчыкі, удзячныя жывёлы, нявеста-чарадзейка, багатырскі конь і інш. Яны атрымоўваюць станоўчую ацэнку, па-першае, па містычных прычынах, бо дапамагаюць ажыццяўляць галоўную мэту герою казкі – аднаўляць ў казачным свеце парушаную гармонію. Па-другое, станоўчыя персанажы звычайна надзяляюцца і добрымі рысамі з пункту гледжання маральна-этычнага і эстэтычнага: характары і паводзіны іх адпавядаюць народным маральным нормам, а знешнасць у большасці – прыгожая. У казках ухваляюцца такія рысы характару і ўласцівасці асобы, як розум, вернасць сям’і і бацькам, шкадаванне слабейшых, імкненне дапамагаць таму, хто трапіў у бяду, удзячнасць за дапамогу, самаахвярнасць, мужнасць і смеласць, працавітасць, павага да старэйшых і г.д. Так, герой самаахвярна шкадуе жывёл, не забівае іх, нягледзячы на голад, а яны ў адказ дапамагаюць яму. Герой выпраўляецца ў цяжкае падарожжа, каб здабыць маладзільныя яблыкі для бацькі. Баба-Яга ў некаторых казках дапамагае герою таму, што яго жонка – яе сястра ці пляменніца. Амаль усе героі – у выпадку, калі пакінулі бацькоў, – абавязкова вяртаюцца дадому.

Адмоўныя персанажы ў казках – Кашчэй Несмяротны, Змей і Змяіхі, Цмок, Баба-Яга-выкрадальніца, злы цар і г.д. – часта адмоўныя менавіта таму, што дзейнічаюць негатыўна з пункту гледжання элементарнай чалавечай маралі. Яны знішчальнікі і разбуральнікі: нішчаць пасадкі, крадуць жанчын, патрабуюць сабе ахвяр (часта ў выглядзе дзяўчат), імкнуцца захапіць чужую тэрыторыю, знішчаюць тых, хто знаходзіцца на іх локусе, маюць схільнасць да канібалізму і г.д. Калі адмоўнымі персанажамі ў казцы з’яўляюцца людзі, а не міфічныя істоты, іх негатыўная ацэнка часцей за ўсё тлумачыцца менавіта наяўнасцю ў іх характарах і паводзінах ярка выяўленых адмоўных рыс, недаравальных з пункту гледжання агульначалавечай маралі. Напрыклад, нявеста-здрадніца, якая хоча пагубіць свайго мужа-героя (скажам, за тое, што ён не царскага паходжання, а яе – царэўну – заручылі з ім); або ілжывы герой, які прыпісвае сабе подзвігі, здзейсненыя героем сапраўдным, – яны адмоўныя персанажы-людзі.

А вось у адносінах да адмоўных персанажаў-міфічных істот (Кашчэй, Змей, Баба-Яга) сітуацыя выглядае па-іншаму. Існуе нямала казак, дзе ніякіх асаблівых дрэнных якасцей яны не маюць (а часам нават валодаюць станоўчымі), і чаму яны адмоўныя, з пункту гледжання сучаснага чытача, зразумець немагчыма. Напрыклад, у шматлікіх казках, дзе галоўны герой (“багатырскага” тыпу) едзе з братамі ў нейкія невядомыя землі і там б’ецца з трыма Змеямі, пра гэтых Змеяў аб’ектыўна нельга сказаць амаль нічога дрэннага. Ніякія іх адмоўныя учынкі ў мінулым (накшталт спальвання пасеваў і крадзяжу царэўнаў) не апісваюцца, і нават калі герой выходзіць ім насустрач са зброяй, Змеі спачатку прапануюць яму выбар: “Ну што, будзем біцца ці мірыцца?”. Але героі мірыцца ніколі не жадаюць і, такім чынам, з пункту гледжання сучаснага чытача могуць падацца нават менш станоўчымі, чым Змеі. Аднак ацэнка калектыўнага аўтара, закладзеная ў структуру гэтых вобразаў, адназначна дыктуе, што галоўны герой – станоўчы, а яго супраціўнік – адмоўны. Такі закон жанру, а прычыны наяўнасці ў міфічных вобразаў станоўчых якасцей і пры гэтым адмоўнай аўтарскай ацэнкі можа дапамагчы выявіць грунтоўны і шматбаковы навуковы аналіз. Але калі не браць пад увагу законы жанру, то такія персанажы могуць успрымацца чытачом як амбівалентныя, а не адмоўныя.

Амбівалентнасць – увогуле яркая прыкмета міфалагічнага персанажа. Ва ўсім масіве народных казак самым яркім амбівалентным персанажам з’яўляецца Баба-Яга, вобраз якой розныя даследчыкі выводзяць з багіні-Вялікай Маці, з багіні іншасвету, са жрыцы, якая праводзіла ініцыяцыю і г.д. Амбівалентнымі (у першым значэнні – тымі, хто належыць да чужога свету, але ставіцца да героя добразычліва) могуць таксама быць: нявеста-чарадзейка, удзячны багатыр, персанажы кшталту Марозкі ў казках “жаночага” тыпу. Амбівалентнымі ў іншым значэнні (у адных казках – станоўчыя, у другіх – адмоўныя) бываюць нявеста героя, яго родзічы (так, у казцы “Дзяўчына – барання скура” адмоўным персанажам з’яўляецца маці галоўнага героя, у некаторых казках браты героя з самага пачатку паводзяць сабе дрэнна), цары (як роднай для героя краіны, так і чужых зямель) і г.д.

Персанажамі з пераходнай аўтарскай ацэнкай у казках могуць быць, напрыклад, браты героя, якія спачатку сябруюць і падарожнічаюць разам з ім, а потым кідаюць яго ў іншасвеце на пагібель, ці ўвогуле забіваюць самі. У казках тыпу “Звярынае малако” пераходным персанажам часта з’яўляецца сястра героя, з якой яны спачатку разам уцякаюць ад нейкай пачвары, але потым сястра пераходзіць на бок гэтай пачвары. Могуць быць адваротныя выпадкі – калі персанаж спачатку надзелены адмоўнай аўтарскай ацэнкай, а потым набывае станоўчую. Напрыклад, чароўны конь Кашчэя ў казцы “Шкляныя горы” спачатку дапамагае гаспадару, а потым пераходзіць на бок героя. Цар-дзявіца спачатку хоча забіць героя (напрыклад, за крадзеж з яе палаца жар-птушкі), але потым становіцца яго жонкай.

Нейтральныя персанажы – заўсёды эпізадычныя. Яны могуць дапамагчы ў нечым галоўнаму герою, але не свядома, а імкнучыся да здзяйснення нейкіх асабістых мэт. Напрыклад, у казках з матывам “пайдзі туды – невядома куды, прынясі тое, невядома што” герой часта абменьвае свайго чароўнага памочніка на розныя магічныя рэчы ў купцоў, чарцей ці іншых персанажаў, якіх сустракае па дарозе. Персанажы тыпу купцоў і чарцей і з’яўляюцца нейтральнымі: іх цікавяць свае інтарэсы, і хоць сустрэча з імі пазітыўная для галоўнага героя (ён набывае магічныя рэчы), але яны не імкнуцца дапамагаць яму.

Аўтарская ацэнка вобраза-локуса суадносіцца з ацэнкай вобраза-персанажа, з якім гэты локус звязаны. Зразумела, што прыродныя аб’екты і збудаванні, якія і з’яўляюцца вобразамі-локусамі, намнога цяжэй падвесці пад нейкія маральныя крытэрыі, чым вобразы жывых істот. У рэальным жыцці пэўнае месца можна ацаніць з эстэтычнага пункту погляду, але наўрад магчыма сказаць пра яго – станоўчае яно ці адмоўнае. Але ў мастацкіх творах такое магчыма, асабліва ў творах казачна-фантастычнага характару: тут дзейнічаюць законы не рэалістычна-лагічнага мыслення, а мастацкага і містыка-міфалагічнага. І пэўнае месца ці збудаванне могуць быць ацэнены аўтарам і ўспрымацца чытачамі выразна пазітыўна ці негатыўна, прычым у сувязі з катэгорыямі дабра і зла, а не з пункту гледжання іх знешняй прыгажосці. Напрыклад, жудасны дом з прывідамі будзе ўспрымацца як локус адмоўны, а чароўны палац добрага мага – як станоўчы. Ацэнка локуса залежыць ад культурных матываў, пакладзеных у аснову дадзенага вобраза аўтарам, ад мастацкіх дэталей, якія апісваюць яго знешні выгляд, ад падзей, што ў ім адбываюцца. А таксама – і гэты момант асабліва важны – ад вобразаў-персанажаў, звязаных з локусам. Калі ў пэўным месцы жывуць станоўчыя персанажы, то і сам локус успрымацца чытачамі як станоўчы, хоць і не абавязкова: гэта залежыць ад таго, як успрымаюць сваё месца жыхарства самі персанажы (яно можа ім і не падабацца – тады локус з’яўляецца адмоўным). У творах мае значэнне таксама ўспрыняцце тых персанажаў, для якіх дадзены локус чужы.



Згодна з сувяззю “персанаж – локус” магчыма вылучыць наступныя тыпы ўзаемадзеяння аўтарскіх ацэнак як кампанентаў структуры вобразаў-локусаў і вобразаў-персанажаў у чарадзейных казках:

  1. На локус пераходзіць тая ацэнка, якая даецца персанажу. Напрыклад, Баба-Яга-дарыльшчыца – персанаж станоўчы, але належыць іншаму свету, адпаведна яе хатка – станоўчы локус, у якім можна атрымаць дапамогу, але для персанажа ён чужы. Баба-Яга-выкрадальніца дзяцей – персанаж адмоўны і яе хатка – локус не проста чужы, але і варожы. Хоць у абодвух выпадках хатка можа выглядаць аднолькава, ды гісторыка-культурныя карані вобраза, хутчэй за ўсё, аднолькавыя, але ўспрымацца хатка будзе па-рознаму, у залежнасці ад таго, які персанаж у ёй жыве – станоўчы ці адмоўны;

  2. Персанаж і локус складаюць адзіную ацэначную сістэму. Так, кузня – сакральнае месца, і каваль – знаўца нячыстай сілы, яны разам – станоўчая сістэма вобразаў: локус, дзе галоўны герой можа атрымаць ад персанажаў дапамогу (звычайна – выратавацца ад Змяіхі);

  3. З дапамогай менавіта локуса выяўляецца ацэнка персанажа. Характарыстыкай Змея з’яўляецца яго палац – “касцяны дварэц” [5, 229], значыць, зроблены з людскіх костак. У казцы “Пра дзяўчыну – барання скура” пра гэта ж: “Яго замак гэтакі быў, што на дванаццаць кварціраў. І ўсе з касцей чалавечых” [6, 174]. Тут нават можна казаць пра тое, што ацэнка локуса – першасная ў тэксце: адразу відавочна, герой бачыць дрэннае месца, а ўжо з гэтага становіцца зразумелай і аўтарская пазіцыя адносна персанажа, якому збудаванне належыць;

  4. Локус дапамагае стварыць ацэнку персанажу – гэта значыць, ад таго, як паводзіць сабе персанаж у пэўным локусе, залежыць, якую ацэнку ён будзе мець у далейшым. Яскравым прыкладам з’яўляецца вобраз каменя (ці слупа) з надпісамі на скрыжаванні дарог. Так, у казцы “Бязногі багатыр” на слупу напісана: “Хто паедзе направа, той дабудзе сабе славу, хто налева, знайдзе багацце, а хто проста [значыць, “прама” – заўвага мая, С. Ш.], таго спаткае смерць” [5, 296]. Ад таго, якую дарогу абярэ персанаж, залежыць яго далейшы лёс. Гэты локус – быццам матэрыяльнае ўвасабленне маральнага выбару. Несапраўдныя героі (звычайна, старэйшыя браты цэнтральнага персанажа) заўсёды абіраюць тыя дарогі, дзе можна здабыць сабе славу, багацце ці жаніцца, у крайнім выпадку – дзе згубіш каня, а не сваё жыццё. Іх выбар ўказвае на тое, што героі яны несапраўдныя, і ў далейшым яны знікнуць з сюжэта ці атрымаюць адмоўную ацэнку, бо сапраўдны станоўчы герой заўсёды абірае тую дарогу, дзе можна быць забітым. Такім жа паказчыкам сапраўднасці і пазітыўнасці героя будзе знаходжанне побач з ракой Смародзінай і Калінавым мостам, і двубой са Змеямі на ім: змагаецца толькі галоўны герой, а яго браты ці спадарожнікі хаваюцца ці засынаюць.

Такім чынам, аўтарская ацэнка вобразаў-локусаў у чарадзейных казках звязана з ацэнкай вобразаў-персанажаў, прычым найбольш шчыльна гэтая сувязь праяўляецца з галоўным героем. Паводле апошняга магчыма класіфікаваць тыпы ацэнкі локусаў: 1) свой; 2) чужы; 3) дружалюбны (прыязны, сімбіятычны); 4) варожы; 5) амбівалентны; 6) нейтральны ці пераходны.

Ацэнку “свой” мае індывідуальны цэнтр галоўнага героя – яго родны дом, а таксама тыя локусы, што непасрэдна судакранаюцца з ім – напрыклад, стайня, якая належыць цару – бацьку героя (казка “Падземнае царства”). Яны ж звычайна з’яўляюцца і дружалюбнымі. Ацэнку “чужы” маюць локусы, якія сустракаюцца на шляху героя ў іншым свеце – трыдзесятым ці падземным царстве (Шкляныя горы, залатыя, сярэбрныя, медныя палацы, хатка Бабы-Ягі і інш.). Чужыя локусы часта з’яўляюцца варожымі ў адносінах да героя, але не абавязкова. Напрыклад, кузня (“кавальскі дом”), дзе хаваецца ад змяі Іскарка-парубак дзевічы сын у аднайменнай казцы, знаходзіцца недзе вельмі далёка ад роднага дома героя, з’яўляецца локусам чужым, аднак у ім герою дапамагаюць.

Часам у казках сустракаюцца локусы амбівалентныя – яны знаходзяцца ў чужой для героя прасторы і патэнцыяльна небяспечныя, аднак герой нейкім чынам выратоўваецца ад небяспекі і атрымоўвае дапамогу. Напрыклад, медны, сярэбраны і залаты палацы належаць Змею ці Кашчэю, але калі антыгерой і прыязджае туды падчас знаходжання ў іх героя, дык герой з дапамогай палонных дзяўчын хаваецца ад яго. Тыя ж дзяўчаты могуць аказаць герою і іншую дапамогу – даюць розныя магічныя рэчы (клубочак, “сілную і слабую” ваду і г.д.). У такіх выпадках станоўчы характар локуса ў адносінах да героя выяўляецца праз сувязь не толькі з героем і іншымі станоўчымі персанажамі, але і з магічнымі рэчамі.

Сустракаюцца ў чарадзейных казках, хоць і рэдка, нейтральныя локусы, якія нельга характарызаваць як дружалюбныя ці варожыя (напрыклад, мястэчка і лес у казцы “Прыгажуня-жонка”), і пераходныя локусы, якія нельга аднесці ні да сваіх, ні да чужых, бо яны знаходзяцца недзе на шляху паміж імі (гэта звычайна дарога і поле).

Вобразамі-рэчамі ў чарадзейных казках заўсёды з’яўляюцца магічныя прадметы: менавіта яны валодаюць апісанай вышэй складанай змястоўнай структурай, у якую ўваходзіць і аўтарская ацэнка. Прызначэнне магічных рэчаў у народных казках бывае розным. Але найбольш частае з іх – дапамагаць герою, забяспечыць яго перамогу. Яшчэ адной адметнай рысай фальклорнай казкі (у літаратурных творах назіраецца зусім іншая карціна), звязанай з прызначэннем магічных рэчаў у ёй, з’яўляецца амаль поўная адсутнасць рэчаў, якія толькі перашкаджаюць герою, ці такіх, якія герой не можа выкарыстаць. Абсалютная большасць рэчаў у казцы якраз можа быць выкарыстана героем. Тыя рэчы, якія шкодзяць герою, калі належаць яго ворагу, могуць быць захоплены героем і тады ўсё роўна пачынаюць яму дапамагаць. Ва ўсіх прааналізаваных намі беларускіх чарадзейных казках мы знайшлі толькі чатыры рэчы, якія герой не можа выкарыстаць: дзверы, якія заўсёды перашкаджаюць герою, кніга чараўніка і ступа, качарга, памяло Бабы-Югі (разглядаем іх як непадзельны комплекс рэчаў) – няма казак з выпадкамі ўжывання іх героем. Можна адзначыць і адзенне-пер’е дзяўчын, з дапамогай якога яны ў птушак ператвараюцца: яго крадзе герой, але ніколі сам не выкарыстоўвае.

Такім чынам, аўтарская ацэнка вобразаў магічных рэчаў звязана з іх мэтамі у сюжэце ў адносінах менавіта да галоўнага героя. Калі рэч ў казцы мае толькі мэту дапамагаць галоўнаму герою, яна атрымоўвае аўтарскую ацэнку “каштоўная”. Рэч, якая толькі перашкаджае герою, мае ацэнку “шкодная”. Рэчы, якія герой не можа выкарыстаць, ацэньваюцца як “нейтральныя”. Тыя ж рэчы, якія на працягу казкі змяняюць сваю мэту, у залежнасці ад таго, каму яны належаць, маюць ацэнку “пераходныя”.

Адпаведна, кампанент “аўтарская ацэнка” ў структуры вобразаў магічных рэчаў праяўляецца ў тэксце праз суадносіны з вобразамі персанажаў: хто з персанажаў выкарыстоўвае ў казцы дадзеную магічную рэч і каму яна мае мэту дапамагаць ці перашкаджаць.

У народных чарадзейных казках, у адрозненне ад большасці іншых фальклорных і літаратурных жанраў, вельмі часта сустракаюцца паўнацэнныя вобразы-локусы і вобразы-рэчы – гэта, па-сутнасці, усе аб’екты прасторы і ўсе прадметы з магічнымі функцыямі, якія назіраюцца ў сюжэтах казак. Яны маюць намнога большую сэнсавую нагрузку ў параўнанні з падобнымі да іх мастацкімі дэталямі, і адна з прыкмет, па якой вобразы магчыма апазнаць як рэчыўныя – наяўнасць у адносінах да іх аўтарскай ацэнкі. Цэнтральнымі аб’ектамі ацэнкі з’яўляюцца вобразы-персанажы, асабліва галоўны герой. Вобразы-локусы і рэчы падтрымліваюць аўтарскую пазіцыю ў адносінах да персанажаў, дапамагаюць лепшаму выяўленню, робяць яе больш выразнай. З аднаго боку, наяўнасць у казачных локусаў і рэчаў аўтарскай ацэнкі звязана з першапачатковымі міфалагічнымі каранямі казкі, з асаблівасцямі міфалагічнага мыслення, пры якім усе аб’екты рэчаіснасці падаюцца адушаўлёнымі, а таму ёсць магчымасць ўспрымаць іх як добрыя ці злыя. З другога боку, у пазнейшыя часы казка захавала ў большай ступені дыдактычную функцыю. Адсюль – усеагульная ацэнка, успрыманне вобразаў у аксіялагічным ракурсе.



1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка