Н. Гілевіч
* * *
Ах, якая над Гайнай купальская ноч! Самы раз бы шукаць кветку-папараць, Самы раз уплятаць летуценні ў вянок, Самы раз белы корань выкапываць!
Ды ні гуку над Гайнай — пад цёмным шатром. Толькі зоркі — як вочкі Купаліны. Дзе ж вы, хлопцы, дзяўчаты? Чаму за сялом, Над ракою, агні не запалены?
Раскладайце, паліце Купалля агні! Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына, А каб лепей убачыць наступныя дні, Да вытокаў душой дакрануўшыся...
Раскладайце агні — хай плывуць па рацэ, Можа, ў зыркім святле іх вы ўгледзіце Постаць Янкі Купалы з кійком у руцэ — Запрасіце яго прысуседзіцца!
Ён вас, пэўна, папросіць «Каліну» спяваць I, напэўна, ад слёз не стрымаецца, Скажа: «Ах жа, якое купаллейка ў вас! Ах, якую вы спадчыну маеце!..»
1970
Н.Гілевіч
* * *
Паклон табе, мой беларускі краю! Ты — мой, я — твой: ад роду і навек. Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю Твой ліст дубовы — як чароўны лек.
За хлеб, што ем, за песні, што спяваю, За шчасце звацца іменем тваім — Паклон, паклон табе, мой родны краю! Ты — мой, я — твой: усюды і ва ўсім!
1973
Н.Гілевіч
* * *
Святочны, старажытны дух калядны, Магічны дух язычніцкіх акрас, Смалення дух, дух кміну і каляндры, Дух на шасце падвешаных каўбас, Калісьці ўсемагутны, усеўладны, Што ж на куццю ты не збіраеш нас? О, Божа! Што ў душы маёй паселіцца? I з нашых хат, і з нашых песень-дум.
1974 |