Агародная // Franciszkańska, am Kloster str., Огородная Агародная №2 — Касцёл Маці Боскай Анёльскай i манастыр францысканцаў




старонка10/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.57 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   23

Замкавая № 22Верхні замак, Стары замак, Dom oficera połskiego.

а) Стары замак. На працягу другой паловы XIV ст. і пачатку ХV ст. замак неаднойчы вытрымліваў штурмы. Пяць разоў — у 1284, 1306, 1311, 1328, 1393 гг., крыжакам удавалася захапіць замак. У 1398 г. у Верхнім замку адбыўся вялікі пажар. Згодна легендзе, князь Вітаўт разам з жонкай выратаваліся толькі дзякуючы малпачцы, што крыкам разбудзіла іх. Пасля гэтага здарэння князь загадау паставіць замест драўлянага мураваны замак. Будоўля апошняга скончылася прыкладна ў 1400 г. Было ўзведзена моцнае фартыфікацыйнае збудаванне, у плане блізкае да трохкутніка, што адпавядала канфігурацыі тэрыторыі пагорка. Працягласць крапасных сцен была каля 300 м, а таўшчыня іх дасягала 2,5-3 м. У замку было пяць вежаў. Першая — уязная вежа-брама, пад якой размяшчалася вязніца, мела пад'ёмны мост. Вежу аддзяляў ад горада 50-метровы сухі роў. Другая вежа стаяла на поўдзень ад першай, трэцяя — на заходнім баку гары, на мысе па-над Гараднічанкай, чацвёртая — у паўночна-ўсходнім нарожніку з боку горада, пятая — у заломе муроў з усходняга боку, блізка ад уязной вежы. Паміж чацвёртай і пятай вежамі знаходзіўся палац. Княскі палац меў невялікія памеры і быў двухпавярховым. Паверхі ў пакоях размяшчаліся ў адзін рад. На замку адбываліся перамовы князя Вітаўта і караля Ягайлы, жылі князі Свідрыгайла, Жыгімонт Кейстутавіч. 3 1440 г. — ва ўладанні вялікага князя Казіміра. 6 чэрвеня 1492 г. у Гродзенскім замку памёр Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір. У 1579 г. замак перабудоўваецца па загаду караля Стэфана Баторыя у познерэнесансны палац па праекце архітэктара Санці Гучы з Фларэнцыі. Гэта быў будынак з высокім двухсхільным дахам, накрытым чырвонай дахоўкай. У цэнтры галоўнага фасада знаходзілася парадная лесвіца, якая вяла на другі паверх. Яна ўяўляла сабой двух'ярусны рызаліт з аркадамі. Балюстрада была каменнай, а часткова нават з жалеза. Фасад з боку горада ўпрыгожвалі эркеры. Па баках былі шасцігранныя эркеры з шасцю вокнамі і купалападобнымі дахамі, а ў цэнтры фасада змяшчаўся прамавугольны эркер з чатырма вокнамі. Фасады і франтоны аздабляла двухколернае сграфіта. Ніжні пласт тынкоўкі быў цё'мна-шэры, а верхні — белы. Усяго на першым паверсе было дзесяць памяшканняў. У цэнтры знаходзіліся квадратныя сені. Толькі з іх можна было трапіць у ізаляваны ад іншых памяшканняў невялікі пакой з двума вокнамі ў бок горада, які выконваў ролю скарбніцы. Найбольш цікавай была вялікая скляпеністая зала ў паўночна-заходняй частцы палаца. Яе скляпенні трымаліся на арыгінальных васьмігранных калонах. Зала мела сем вокнаў, з якіх тры выходзілі на надворак, а чатыры былі ў сцяне з боку горада. Другі паверх займалі каралеўскія пакоі — парадныя і жылыя, якія аб'ядноўваліся ў тыпавую палацавую анфіладу. Іх было 14: сені, зала сталовая, пакой з боку двара, невялікая пярэдняя, пакой з боку горада з эркерам, пакой «бакавы», другі пакой «бакавы», трэці пакой «бакавы» з выхадам у сярэдні эркер, чацвёрты «бакавы» пакой, пакой з боку горада, пакой «убок ад надворка», памяшканне для целаахоўнікаў, пакой «таксама ад надворка», з якога дзверы вялі ў сені і на парадную лесвіцу. Апошняй у інвентары пазначана каралеўская спальня, кутні пакой з усходу, які меў выхад у эркер. Гэта былі багата аздобленыя вялікія памяшканні з высокімі столямі. Сцены былі аблямаваны паліраваным гіпсам, столі — разьбяныя ці ляпныя. Асабліва адметным было скляпенне ў сталовай зале «з ружамі і лялькамі залацістымі», аналагічнае скляпенню пасольскай залы на Вавелі. Дзверы разьбяныя і паліхромныя, часцей за ўсё з мармуровымі парталамі. Падлога была выкладзена мармурам ці рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. Своеасаблівым упрыгожаннем пакояў былі разьбяныя каміны і кафляныя печы. Апошнія аблямоўваліся зялёнай паліванай ці паліхромнай рэльефнай кафляй. У атыку знаходзіліся памяшканні трэцяга паверха, якія асвятляліся невялікімі вокнамі. Сюды можна было трапіць толькі па пакручастай лесвіцы ў паўночным тарцы палаца. Унутранай сувязі паміж паверхамі не было, кожны з іх меў асобныя ўваходы. Жытло караля злучалася закрытай галерэяй з брамамі і лазняй. Уезд на палацавы надворак быў размешчаны крыху на ўсход ад ранейшай уязной вежы Верхняга замка. Брама мела вялікую арку-праезд, над якой было памяшканне, дзе, верагодна, знаходзілася капліца. Дах брамы — купалападобны, быў пакрыты меддзю. Да брамы падыходзіў пяціпралётны каменны мост, умацаваны 16 вежачкамі. Перад самай брамай мост меў пад'ёмнае звяно. Да вежы з боку Нёмана, што засталася ад часоў Вітаўта, дапасоўвалася каралеўская лазня. Над ёй знаходзілася «алебастравая зала» — улюбёнае месца адпачынку караля. Праз некаторы час залу аздабляюць мармурам, але яна захоўвае сваю ранейшую назву. Далей па замкавай сцяне ішла другая крытая галерэя да двухпавярховага будынка, на другім паверсе якога знаходзіліся парадныя памяшканні, а на першым — склады. На мысе, дзе раней была вежа, месціліся кухня і пякарня. Да паўночнага крыла каралеўскага палаца прымыкала жытло «дворнага». Большую частку замкавага двара займалі драўляныя гаспадарчыя пабудовы і дамы замкавай чэлядзі.

У палацы Стэфан Баторый прымаў пасольствы, адсюль выступіў у ваенны паход на Смаленск і Пскоў, выязджаў на паляванні. Тут ён цяжка захварэў і памёр 12 снежня 1586 г. Вельмі часта наведваў сваю гродзенскую рэзідэнцыю і кароль Уладзіслаў IV. Разам з узвядзеннем палаца на месцы Верхняга замкаў 80-я гады XVI ст. змянілася забудова і суседняга ўзвышша, што было адлюстравана на гравюры 1600 г. Т. Макоўскага. Пасля руска-польскай вайны сярэдзіны XVII ст. замкі сталі значна пашкоджанымі. У 1673 г. на Варшаўскім сейме прымаецца рашэнне аб правядзенні кожнага трэцяга генеральнага сейма ў Гродне. Пасяджэнні планавалася праводзіць у Старым замку, і таму паўстала пытанне аб тэрміновым аднаўленні каралеўскай рэзідэнцыі для патрэб сейма. Рамонтна-будаўнічыя работы адбываліся на працягу пяці гадоў пад кіраўніцтвам вялікага літоўскага канцлера Крыпггофа Паца. Каля замкавай сцяны з боку Нёмана быў узведзены будынак, які прызначаўся для пасяджэнняў сейма і меў дзве залы — Пасольскую і Сенатарскую. Сенатарская зала праз галерэі і вежу-браму злучалася з каралеўскім палацам. Быў спрошчаны фасад самога палаца: перароблены вокны, ляпны барочны дэкор змяніў каменныя аблямаванні (ліштвы), ліквідаваны эркеры, а замест рызаліту з лесвіцай з'явілася аднапралётная лесвіца барочнага тыпу. Першы гродзенскі сейм пачаў свае пасяджэнні ў снежні 1678 г., яго маршалам быў Францішак Сапега, літоўскі канюшы. На гэтым сейме было зацверджана Андросаўскае перамір'е з Расіяй. Чарговы сейм праходзіў у 1688 г. У хуткім часе адбылася нейкая значная катастрофа, якая вымусіла весці ў замку аднаўленчыя работы, а ў 1699 г. трэці і апошні раз паслы і сенатары сабраліся на сейм у сценах Старога замка. У 1708 годзе будынак быў настолькі моцна знішчаны шведамі, што выкарыстоўваць яго для сеймаў было зусім немагчыма. У 1729 г. у Старым замку адбылася чарговая рэканструкцыя, якой кіраваў архітэктар Пёпельман. Былі знесены флігелі з боку Гараднічанкі, уздоўж нёманскай часткі замкавых сцен пабудавалі казарму, двор забрукавалі пад плац. Дэкор фасадаў самога палаца быў знішчаны, дах пакрыты жалезам. Над цэнтральнай часткай палаца надбудавалі трэці паверх, што дазволіла стварыць двухсветлавыя залы. Пасля рамонту ў Старым замку размясцілі розныя службы і частку світы караля.

Цягам усяго ХІХ і першых дзсяцігоддзяў ХХ ст. замак знаходзіўся у веданні рускіх, нямецкіх і польскіх вайсковых уладаў. Тут былі казармы, афіцэрскі сход, ваенны шпіталь, склады. Яшчэ каля 1880 года над брамай замка знаходзіўся герб Стэфана Баторага, зняты рускай вайсковай адміністрацыяй.

На здымках Старога замку 1920-х гг. у сцяне бачна месца для ўмацавання вялікай пліты, цяпер замураванае. Магчыма тут знаходзілася памятная табліца, прысвечаная аднаўленню замка і пачатку праходжання ў ім сейма Рэчы Паспалітай у 1678 г. У 1920-х гг. гэтую табліцу, ужытую ў сярэдзіне ХІХ ст. для пабудовы століка ў альтанцы на Завершчызне, дарэмна спрабаваў адшукаць Юзаф Ядкоўскі. Не менш цікавай была таксама памятная пліта з радавым гербам роду Баторыяў, усталяваная ў памяць 400-годдзя з дня нараджэння С. Баторыя ў 1933 г. у прысутнасці прэзідэнта польскай дзяржавы. Лёс гэтай пліты, знятай хутчэй за ўсё у 1939 г., таксама невядомы.

Стары Замак пацярпеў пад час вераснёўскіх баёў 1939 года не вельмі значна, хаця менавіта ў замку па некаторай інфармацыі абараняліся апошнія часткі гродзенскіх гімназістаў і паліцыі. У канцы верасня супрацоўнікі музея пад кіраўніцтвам апошняга «польскага» дырэктара Марыяна Мяшчынскага наводзілі парадак у экспазіцыі, а чырвонаармейцы, якія размшчаліся ў замку, канфіскавалі частку мэблі, друкарскія машынкі і тэлефоны.

б) Ніжняя царква. Твор архітэктуры Гродзенскай школы дойлідства. З'яўлялася саборным храмам замка. Уяўляў сабой прамавугольны ў плане (16.8 х 11,6 м) будынак са зрэзанымі вугламі, падзелены 6 слупамі на 3 нефы, цэнтральны з якіх завяршаўся паўкруглай апсідай, бакавыя — акруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны, выкладзенай тонкай цэглай-плінфай на вапнавай рошчыне. Падмурак складзены з дробных камянёў без вапнавай рошчыны. Дах меў пакрыццё са свінцовых лістоў і купал у завяршэнні, бліжэй да заходняга фасада, аб чым сведчыць размяшчэнне апорных слупоў. Знадворку і ўнутры сцены крапаваны плоскімі лапаткамі, у верхняй частцы размяшчаліся вокны-біфорыумы. Дэкор фасадаў стваралі абчасаныя гранітныя глыбы, каменная паліхромная інкрустацыя, маёлікавыя ўстаўкі ў форме крыжа карычневага і зялёнага колераў, круглых разетак. У паўднёва-заходнім вуглу храма захаваліся рэшткі вітых сходаў, якія вялі на хоры. Залу перакрывала цыліндрычнае скляпенне на падпружных арках. Царква мела 3 уваходы па галоўных восях падкупальнага квадрата. Акустыку залы пашырала выкарыстанне галаснікоў-рэзанатараў. Падлога мела мазаічны маёлікавы плітачны набор зялёнага, жоўтага і карычневага колераў. Знойдзены дэталі ўбрання драўлянай алтарнай перагародкі — пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў Фядота, Паўла і Сімяона ў абрамленні расліннага і плеценага арнамента. Іпацьеўскі летапіс паведамляе аб пажары царквы 1183 г., які прывёў яе да разбурэння. У XIII—XIV стст. зруйнаваныя сцены храма служылі агароджай невялікіх могілак. Руіны храма адкрыты ў 1932—1933 гг. у час раскопак Замкавай гары (кіраўнік Ю. Ядкоўскі). У 1937-1939 гг. іх даследаваў 3. Дурчэўскі, з 1949 г. раскопкі прадоўжыў археолаг М. Варонін.

в) Верхняя царква — Пабудавана прыкладна ў XIV ст. на месцы больш старажытнага храма на брукаванай платформе. Уяўляла сабою невялікі, квадратны ў плане храм (8,9 х 8,9 м) са срэзанымі вугламі, цаглянай падлогай і паўкрутлай-эліптычнай апсідай. Сцены царквы былі рознай таўшчыны і непаралельныя паміж сабою. Адкрыта ў 1933 г. Ю. Ядкоўскім падчас археалагічных раскопак на Замкавай гары. Пасля кансервацыі ў 1939 г. была перанесены ў асобны павільён, дзе захоўваецца да гэтага часу.

г) княжацкі церам — Пабудаваны ў другой палове XII ст. Мураваны двухпавярховы палац. Адкрыты у 1932 г.

д) мост — Цагляны арачны мост пабудаваны замест
драўлянага ў другой палове XVII ст..

Замак і архелагічныя помнікі на Замкавай гары патрабуюць звыштэрміновай кансервацыі.




Замкавы тупік // Цесная, Мясная Яурэйская, SchustergangСфармавалася як завулак ад вул. Замкавай уздоўж юрыдыкі Масальскіх. Захаваўшаяся да сённяшніх дзён забудова адносіцца да пачатку XX ст.
На пачатку вуліцы — мемарыяльны знак памяці ахвяр гродзенскага гета.

Гета было арганізавана ў Гродне ў верасні 1941 г., а дакладней гэта былі два гета. Адно з іх вядома гродзенцам па шыльдзе на вуліцы Замкавай. Яно займала тэрыторыю так званага "Школьнага Двара", ахоплівала раён вуліцаў Вялікай і Малой Траецкіх уключаючы тэрыторыю старых яўрэйскіх могілак. Другое гета было арганізавана ў раёне цяперашняга аўтавакзала (тады Скідальскі рынак). Да 1 лістапада 1941 г. практычна ўсе гродзенскія яўрэі былі сагнаны ў два гэтыя гета. Сюды ж пазганялі яўрэяў і з навакольных вёсак. Тэрыторыя абодвух гета была агароджана высокім драўляным плотам паверсе якога цягнуўся калючы дрот. У свой час аўтару не ўдалося набыць даволі рэдкі здымак вуліцы Замкавай 1942 г. на якім відаць, што агароджа гета стаяла паміж тратуарам і праезджай часткай вуліцы. У гета немцы арганізоўвалі самакіраванне: паліцыю, узброеную палкамі, управу, санітарна-медыцынскую службу і г.д. Старшынёй самакіравання гета быў гродзенскі доктар Бравер. Вядомы таксама імёны некалькіх членаў праўлення: адвакат Шулькес і купец Бас. Абодва засталіся жывыя. Функцыю начальніка паліцыі выконваў вядомы гродзенскі капіталіст Ноах Срэбрнік. Гэта была найбольш складаная фігура ў сістэме самакіравання гродзенскага гета. Яго дзейнасць часта выходзіла за межы дапусцімага супрацоўніцтва з фашыстамі. Ноах Срэбрнік у рэшце рэшт загінуў у канцэнтрацыйным лагеры. Дарэчы, яго ненавідзелі практычна ўсе вязні гродзенскага гета. Жыхары гета працавалі як на сваёй тэрыторыі, так і па за яе межамі. Іх выводзілі асобнымі брыгадамі ў горад, дзе часцей за ўсе яны выконвалі будаўнічыя работы, шылі абутак для нямецкіх салдатаў, збівалі яшчыкі для патронаў і снарадаў. Пабегаў з гета практычна не было нават у 1943 г., калі ўжо шмат хто разумеў чым усё павінна скончыцца.

Яўрэйская паліцыя ў гета праіснавала нядоўга. 2 лістапада 1942 г. гестапа яе ліквідавала. З гэтага часу на тэрыторыі гета ўжо нельга было сустрэць чалавека ў спецыяльнай шапцы, з павязкай на руцэ і палкай. З самага пачатку знешнюю ахову гета несла гарадская паліцыя. Прычым, калі ў 1941-1942 г.г. у ёй служылі ў асноўным гродзенскія палякі, то ў 1943 г. ў ёй налічвалася больш беларусаў. Дарэчы, у Навагрудку гета ахоўваў літоўскі батальён у функцыю якога ўваходзілі і растрэлы. Некаторы час гродзенскай гарадской паліцыяй кіраваў капітан Osterode. У функцыі паліцыі ўваходзіла выдача прапускоў, знешняя ахова, транспартыроўка грузаў у гета і адтуль. Паліцэйскія, за магчымасць пранесці ў гета харчы, бралі ў яўрэяў залатыя і сярэбраныя рэчы. Гестапа такі варыян не задавальняў і з лістапада 1942 года ахову гета сталі несці нямецкія салдаты. Пасля гэтага практычна цалкам знікла магчымасць мець нейкія стасункі з жыхарамі горада. Сярод вязняў гродзенскага гета не назіралася спробаў актыўнага супрацоўніцтва, стварэння падполля і г.д. Невялікая падпольная арганізацыя ў гродзенскім гета ўсё ж узнікла напачатку 1942 г.. У яе ўваходзілі Шая Хмельнік, Эліяш Танкус, Мірыям Папко і інш.. Сябры гэтай групы займаліся зборам інфармацыі, кантактамі з гета ў Беластоку, але спробаў актыўнага супрацоўніцтва не прадпрыймалі.

2 лістапада 1942 г. пачалася першая дэпартацыя яўрэяў з гродзенскага гета ў канцэнтрацыйныя лагеры. Каля двух тысяч чалавек з гродзенскіх гета і лагера Калбасіно былі вывезены ў Асвенцым. Да канца 1942 г. яўрэяў з Гродзенскага гета №2 і канцлагера ў Калбасіно цалкам вывезлі ў Асвенцым і Трэблінку, дзе практычна ўсіх знішчылі. Праўда, прыкладна 1000 вязняў гета №2 перавялі ў гэты перыяд у гета №1, а прыкладна каля тысячы старых людзей, жанчын і дзяцей з гета №1 перавялі ва ўжо апусцеўшы лагер у Калбасіно, а затым вывезлі ў Трэблінку. У студзені 1943 г. пачалася масавая дэпартацыя ў канцлагеры жыхароў гета №1.Спісы першай партыі складалі сумесна начальнік СД Wiese і член самакіравання гета Шулькес. Адабраных для адпраўкі яўрэяў замыкалі ў галоўнай сінагозе, дзе любімым заняткам немцаў было практыкаванне ў стральбе ў жывыя мішэні. Вязні Мотэль Капельман, Нахум Кравец, Каплан і Гурэвіч раздабылі пісталет і спрабавалі напасці на Streblow'a, але спроба аказалася няўдалай - усе яны былі забіты аховай гестапаўца. Падчас лютаўскай дэпартацыі вязні гета, якіх сабралі ў галоўнай сінагозе, збунтаваліся і спрабавалі ўцячы, але большасць іх усе ж не падтрымала. Праўда, некаторым бунтаўшчыкам усе ж удалося ўцячы. Напрыканцы студзеня 1943 г. ў беластоцкае гета прыбыў доктар Браўдэ, які ўцёк з Трэблінкі і распавядаў праўду аб канцлагерах. Інфармацыя дайшла і да Гродна. Апошні транспарт з гродзенскага гета - прыкладна тысяча вязняў, перш за ўсё работнікаў высокай кваліфікацыі - вывезлі з Гродна ў Трэблінку ў другой палове лютага 1943 г.. У той самы час два члены Арміі Краёвай - капітан "Лось" і падхаружы "Страла" адбілі, пераапрануўшыся ў нямецкую форму, трох спецыялістаў па радыётэхніцы якраз падчас іх пагрузкі.

У сярэдзіне сакавіка ў гета засталося трохі больш тысячы чалавек, у асноўным членаў яўрэйскага самакіравання. Іх вывезлі ў Трэблінку апошнімі. Праўда, з гэтай групы ўдалося збегчы 15 вязням. Вясной 1943 г. у Гродна засталося не больш за 20 яўрэяў.


Захарава // Новая, Артылерыйская, Artyleryjska, Jupiterstr. - Першыя пабудовы ў гэтым раёне адносяцца да 1860-х гг. Першапачаткова ваенны гарадок 26-й артылерыйскай брыгады складаўся з драўляных казармаў. У 1880-х гг. тут быў пабудаваны гарадок з цагляных казармаў. Тут было 56 цагляных казармаў і гаспадарчых пабудоваў, аб’яднаных у чатыры асобныя групы. Забудова ваеннага гарадка мела правільную прамавугольную форму. Пад час Першай сусветнай вайны значная частка будынкаў (не менш пяці) згарэла, аднак на нямецкім плане 1916 г. большасць будынкаў яшчэ захоўваецца. На плане 1926 г. на тэрыторыі казармаў Бэма (так яны называліся ў час міжваеннай Польшчы) асноўнага комплекса забудовы ўжо няма (магчыма згарэлі ў 1920 г.). У 1926 г. там размяшчалася 31 казарма з іх каля 14 пабудованых у часы Расіі. Тут дыслакаваліся 2-і і 3-і дывізіёны 29-га палка палявой артылерыі (з 1931 г. 29-га палка лёгкай артылерыі) 29-й пяхотнай дывізіі. У каждым дывізіёне было па 3 батарэі (4 гарматы ў кожным).
Захарава № 4 – Жылы пяціпавырховы дом.

На 1923 г. на гэтым месцы знаходзілася фабрыка машын ды ліцця «Фейнгольд Х».



Захарава № 22 — Пабудаваны ў 1920-30-я гг. Даволі цікавы прыклад драўлянага канструктывізма. Часткова абтынкаваны. Каля будынка цагляны гараж, пабудаваны, верагодна, перад Другой Сусветнай вайной.

Захарава № 24 — Пабудаваны на пачатку XX ст. Прыклад арыгінальнай архітэктуры. Знесены ў 2009 г..

Захарава № 25 — Пабудаваны на пачатку XX ст. Прыклад эклектыкі.

Захарава № 34 – Будынак казармы 26-й артылерыйскай брыгады. Эклектыка змененая рамонтам у міжваенны час і пасляваенныя гады.

Захарава № 36 – Будынак казармы 26-й артылерыйскай брыгады. Эклектыка змененая рамонтам у міжваенны час і пасляваенныя гады.

Захарава № ? – Будынак юдэнтрата гета № 2.

К
Калючынская // Калюцінская, Каложская, Калужанская, Калажанская, Цюрэмны завулак, Залатарскі завулак, Marienburgstr., Пасіянарыяў Упершыню ўзгадваецца ў 1561 годзе, калі каралеўскімі чыноўнікамі Дыбоўскім і Войнай была праведзена "Памера на валокі горада Гродна". У гэты час вуліца не мела спецыяльнай назвы і яе назвалі ў гонар самага буйнога домаўладальніка на гэтай самай вуліцы - Калючыны. У "Памеры..." адзначалася: "Калючына мае дом дваранскі".

Яшчэ раней вуліца сфарміравалася, як ракадная, якая дубліравала Віленскую, цяпер Савецкую. У ХVІ ст. забудова была драўлянай, на ёй акрамя Калючыны жылі рамеснікі: каваль, мяснік, ганчар і г.д. У ХVІІ ст. назва вуліцы не памянялася. Камісарская рэвізія дакументаў, пляцаў і даходаў каралеўскага горада Гродна 1680 года адзначала больш шчыльную забудову вуліцы, але дамы найхутчэй таксама былі драўлянымі. Вуліца ў той час мела доўгую назву: "Вуліца Калючынская ідучы ад Гарадніцы на Рынак". Восем надзелаў належыла гарадскім рамеснікам, а чатыры - магнатам і царкве.

У ХVІІІ ст. склад насельніцтва значна памяняўся: тут былі пабудаваны дамы гродзенскага маршалка Юндзілы, Віленскага епіскапа, магнатаў Тызэнгаўзаў і Аляксандровічаў. У XIX ст. назва Калючынская трансфармавалася напачатку ў "Калужанскую", а затым "Каложанскую".

Асноўная гістарычная забудова адносіцца да перыяду пасля пажару 1885 года, аднак ужо ў 1870 годзе палова вуліцы была забудавана каменнымі дамамі. У канцы 70-х гадоў XIX ст. адрэзак вуліцы ад сучаснай Савецкай плошчы да вуліцы Кірава называўся – Турэмны завулак, а ў 20-30-я гады - Златарскім. Напрыканцы XIX пачатку XX ст. на вуліцы мясціліся даходныя дамы, канторы, дзяржустановы, гатэль "Пецярбург", электрамельніца і кандытарская (на тым месцы, дзе зараз кінатэатр "Гродна"), дзьве харчовыя, мануфактурная і тытунёвыя крамы. 3 1944 года вуліца называлася Пасіянарыі. Частка дамоў была пашкоджана падчас Другой сусветнай вайны, акрамя таго, гістарычную забудову разабралі падчас будаўніцтва кінатэатра. А ўжо напачатку 90-х гадоў насупраць турмы быў знесены прыгожы дом з элементамі стылю мадэрн. Маўляў, яго хацелі рэстаўраваць. Пасля гэтага вуліца цалкам страціла сваю гістарычную планіроўку.
Калючынская № 1 Магчыма, дом Гажанскага. Год пабудовы — 1890.

Калючынская № 3 — Даходны дом, магчыма належаў Кноту. Год пабудовы — 1889. Эклектыка. З 1921 г. працавала спажывецкая крама Гітель Кураж-Камёнскай.

Калючынская № 5 Верагодна, дом Паплаўскага. Год пабудовы— 1889. Эклектыка. З 1924 г. працуе спажывецкая крама Фейгі Лазоўскай.

Калючынская 6 — Пабудаваны на пачатку XX ст.

Калючынская 7 Верагодна, дом Сокала. Год пабудовы — 1880. Эклектыка.

Калючынская 8 — Пабудаваны на пачатку XIX ст. Элементы стылю эклектыкі.

Калючынская 10 — Пабудаваны на пачатку XX ст. На 1954 г. – Абласны аўтаклуб.

Калючынская 16 — Пабудаваны напрыканцы XIX ст. У кастрычніку 1944 г. – Гродзенская абласная кантора Прамысловага банка.

Калючынская № 18 – У 1926 г. жыў вядомы гродзенскі ўрач Варашыльскі [ Informator miasta Grodna...s. 36 ].

Калючынская № 21 – На 1946 г. Гродзенская абласная кантора “Заготскот”. У 1947 г. – “Облмаслопромтрест”.

Калючынская № 23 — Магчыма, дом Янкеля Лапіна, дом Эйхгорна, хедэр Захарыя Фінкеля, іешыва “Шаар Ха Торах”. Пабудаваны напрыканцы XIX ст.

Паводле І.Соркінай на 1879 г. гэты пляц належыў Янкелю Лапіну. Маёмасць апошняга складалася з мураванага трохпавярховага дома, мураванага двухпавярховага свірана, частка другога паверху якога планавалася пад габрэйскую малітоўную школу, мураваных двух- і аднапавярховых домоў ды двух драўляных дамоў. [ НГАБ у Гародні, Ф. 8, воп. 2, спр. 255, арк. 5. ]. Пасля пажару 1885 г. гарадскія ўлады размесцілі ў трохэтажным доме купца Лапіна каля сямідзесяці самых бедных сямей пагарэльцаў за плату ў 3 тысячы рублёў. Дзеля нагляда за парадкам і чысцінёй у доме, былі наняты наглядчык, два надзірацеля, два сторажы і дзьве прыслужніцы. комнаты былі падзелены часовымі перагародкамі. У падвальных памяшканнях былі ўладкаваны дзьве кухні: асобня для хрысціян і для яўрэяў [ В.Черепица Звенья цепи единой: Большие и малые события в истории Гродненщины XIX – XX столетий. – Гродно, 2009. – с. 36 ].

Больш за тры гады, з лета 2006-га да восені 2009-га гг. цягнулася эпапея з высяленнем жыхароў з гэтага будынка. Спачатку на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў жыхарам дома абяцалі правесці капітальны рамонт будынка, а пасля таго, як ў доме нарэшце пачалі трэскацца сцены, аб’явілі аб яго непрыдатнасці да рамонта. Пачынаючы з 2006 года газета «Гродзенская праўда» рыхтавала глебу для зноса гэтага дома, друкуючы лісты жыхароў будынка аб тым гаротным становішчы ў якім яны апынуліся, дзякуючы, уласна кажучы, нядбайнасці гарадскіх уладаў і іх няўвагі да архітэктурнай спадчыны горада. Між тым будынак разам з жыхарамі быў прададзены Народнаму пенсійнаму фонду, які з самага пачатку паставіў сабе задачу або пабудаваць на месцы дома навадзел, або наагул зрабіць стаянку для будучага «Муравьёфф» гатэля (глядзі артыкул «Савецкая плошча №2»). Восенню 2009 г. апошнія жыхары былі з будынка выселены а ўваходы ў пад’езды замураваны пенаблокамі. Знос гэтага дома канчаткова знішчыць трасіроўку вуліцы Калючынскай на адрэзку ад Савецкай плошчы да кінатэатра «Гродна».

Знесены дамы Апрэйскага, Фрейдовіча ды Яноўскага.



1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка