Афганская шкатулка Аповесць




старонка7/13
Дата канвертавання10.05.2016
Памер1.77 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   13

— Цікава… Ну, і што з гэтага?

— А тое. Цэлы бок касеты, якая была ў магнітафоне, аказаўся, канечне, сцёртым. Калі ж я чыста машынальна перагнаў істужку на пачатак і запусціў па-новаму… Касета была не пустая! Магнітафон запісаў трызненні «афганца»! Ты, Ігар, можа, не ведаеш (зрэшты, не дай Бог і ведаць такое!), што многія хворыя падчас аперацыі, ці пасля, адыходзячы ад наркозу, могуць падоўгу, чыстым голасам і цалкам лагічна распавядаць аб рэальных падзеях свайго жыцця. Такая атрымоўваецца міжвольная споведзь… Гэтым, дарэчы, здаўна карыстаюцца розныя спецслужбы.

— Ну-ну! — усё больш зацікаўліваўся зяць. — І што ж такога нагаварыў «афганец»?

— Ды ў тым і справа, што не помню! Праслухаў — і ўсё. Толькі падумаў яшчэ, помню, што варта зберагчы касету; прыеду ў Мінск і падарую яе сябру-псіхолагу. Яны такімі рэчамі цікавяцца… Забыў, канечне! Запрапала недзе касета, ды і псіхолаг мой, стары сябра, даўным-даўно ўжо недзе за мяжою…

— Не адхіляйцеся ад тэмы, — перапыніў гэты настальгічны экскурс зяць. — Дык што ж там усё-ткі было, на касеце? Няўжо зусім нічога не помніце?

— Чаму, сёе-тое помню… Пару-тройку слоў, што часцей паўтараліся…

— І якія словы?

Доктар задраў галаву, успамінаючы.

— Так. Шкатулка… Каштоўныя камяні… Груз двесце… Але галоўнае — сяло Вялікая Паляна! Гэтае гучала разы чатыры! Чаму я запомніў, чаму мне і ўелася ў памяць — бо Падмаскоўе ж, Тула не так далёка, а там Ясная Паляна. Дзе Талстой пахаваны, — патлумачыў цесць зяцю. — Нас туды на экскурсію вазілі…

— Пры чым тут Талстой?

— Ну, так, проста … Падобнае гучанне: Вялікая Паляна — Ясная Паляна.

Зяць быў яўна расчараваны.

— Нямнога ж вы запомнілі. Сапраўды, гісторыя цікавая… І не больш. Ды і то — цікавая хіба што толькі для вашага былога сябра-псіхіятра…

— Псіхолага, — паправіў доктар.

— Ну, псіхолага. А як для людзей звычайных, такіх, напрыклад, як мы з вамі… Не разумею, што тут да чаго можна прышпіліць?

— Да таго, — урачыста сказаў доктар, — што я сёння быў паблізу Вялікай Паляны! А барадач — ніхто іншы, як той самы сержанцік, які сябраваў з нябожчыкам-«афганцам»! З якім яны вечарамі шушукаліся!..

— Вось я-а-ак, — працягнуў зяць.

— Вось так! Хіба не дзіўны гэты збег? Чаму малады, здаровы, заслужаны чалавек раптам ні з таго ні з сяго адгадоўвае бараду і зашываецца ў глушэчу? Ды не абы-куды, а ў тое самае месца, якім трызніў чалавек перад смерцю? Згадваў гэтую Вялікую

Паляну, як заклінанне!

— Сапраўды… У гэтым нешта ёсць… А можа яшчэ што ўспомніце? — з надзеяй спытаў зяць.

— Нічога больш. Хоць забі! Вось каб цяпер паслухаць…

Зяць Ігар раптам з разяўленым ротам уставіўся на цесця.

— Пачакайце! Калі мы сюды перабіраліся… У каморы стаіць скрынка з-пад тэлевізара, можа, там засталося…

— Магнітафон?

— Ды які магнітафон!.. «Вясну» вашую даўно малы малатком пабіў, і выкінулі на сметнік! Касеты могуць быць! Клянуся, што я іх бачыў недзе… Па-ча-кай-це!

Зяць выбег з кухні. Цесць задумліва жаваў катлету. Праз нейкі час Ігар вярнуўся.

— Пуста, няма ў скрынцы. Але я пабажыцца гатовы, што…

— Ёсць прымаўка: нават самую непатрэбную рэч захоўвай тры гады. Толькі тады можна выкідваць, — уставіў доктар. Ён з задавальненнем назіраў за зяцевай мітуснёю. Прыемна было, што ягоная даўняя гісторыя так узбудзіла Ігара.

— Дык жа не тры, а пятнаццаць гадоў прайшло!

Усё ж штосьці не давала зяцю супакою. Адклаў відэлец, ізноў усхапіўся. Падсунуў табурэтку да антрэсоляў:

— Падайце газету, калі ласка. Вунь, на падаконніку.

Падаслаў газету на табурэт, узабраўся на яго, тоўсценькі і нізенькі, расчыніў дзверцы антрэсоляў. Паваліліся, зазвінелі парожнія бутэлькі…

— Ёсць! — усклікнуў зяць. — Я ж казаў? Казаў жа? Вось яны!

Ён працягнуў цесцю скрынку з-пад абутку. Сам саскочыў, разаслаў на падлозе газету. Высыпаў ўсё са скрынкі.

Нейкі час зяць з цесцем моўчкі глядзелі на груду бліскучай, у клубкі зблытанай істужкі.

— Чорт, здаецца, ніводнай цэлай! — сказаў Ігар.

Доктар, крэкнуўшы ад болю ў паясніцы, нагнуўся; абодва пачалі ў чатыры рукі шнырыць у кучы. Доктар адшукаў кавалак пластыку, на якім можна было прачытаць «…ясна» — «Вясна». Вочы яго затуманіліся. Відаць, гэтыя старыя, некалі любімыя

рэчы нагадалі цяпер яму вясну яго жыцця.

Затое зяцю было не да настальгіі. Варушыў, калупаўся ў гэтым ворасе — з настырнасцю механіка, што шукае сярод рознага металічнага друзу вельмі патрэбны шурупчык ці гайку… Марна!

Падняліся.

— Як жа вы так не збераглі? — ізноў упікнуў цесця зяць.

— Вось так і не збярог…

Ігар паглядзеў на гадзіннік.

— Ну што, збірайцеся памалу. Хутка нашая з’явіцца. А я прыбяру тут…

І праўда, позна ўжо было. Развіталіся. Доктар паехаў дамоў, у сваю пустую, такую ж, як сам адзінокую хату. Гадзін у дванаццаць ночы яго разбудзіў

тэлефонны званок.

— Усё ў парадку! — пачуўся ў трубцы ўзбуджаны зяцеў голас. — Я знайшоў кавалак плёнкі з голасам «афганца»! У вашай Вялікай Паляне схаваны каштоўнасці!..

Раздзел ХІV

Высачылі! — Версія Валіка. — Планы Крушынскага. — Арыгінальны спосаб палявання на курапатак. —Крушынскі прызнаецца ў тым, што ён злачынец. — Недавер Вікі. — Цені за вакном.

Дні тры нашы хлопцы, Цім з Валікам, сачылі за таямнічай лясной хаткаю. Станавіліся пасля ўрокаў на лыжы — і ў лес. Проста катаюцца людзі — што, ужо і пакатацца нельга ў сваім родным лесе? Падгадвалі час, калі Крушынскі быў на паляванні.

Падбіраліся да самай хаткі.

Сапраўды, дзіцячыя сляды вакол яе на снезе! Замка няма на дзвярах, а гаспадар жа ў адлучцы! Зазіралі ў вакенца, але яно было закрыта фіранкаю.

І тым не менш многа чаго хлопцам ўдалося дасягнуць. Напрыклад, яны пасябравалі з Барсам. Ён пазнаваў іх і, пачуўшы свіст, нёсся да іх стрымгалоў, ведаючы, што перападзе яму пачастунак.

Увечары трэцяга дня Цім з Валікам нарэшце атрымалі самае надзейнае пацверджанне, што леснічоўка не пустуе і ў адсутнасць барадача. Фіранка была адкрыта! Калі ж яны, азіраючыся па баках, асцярожненька наблізіліся, у вакне з’явілася дзіцячая рука і фіранку зашморгнула!

— Ну, што? — не ўнімаўся Цім, калі хлопцы ехалі з лесу ў вёску. — А ты не верыў!

— Ну, не верыў… Цяпер веру. Сапраўды, штосьці тут загадкавае, нячыстае, — вымушаны быў пагадзіцца Валік. — Вось толькі чаму барадач не замыкае дзверы? Чаму гэты ягоны кватарант сам хаваецца ад людзей?

Але не так проста Ціма збіць з тропу. Самыя неверагодныя здагадкі так і пёрлі з яго.

— Як ты не разумееш? Яны з барадачом заадно! З аднае кампаніі. Адседжваюцца пасля якога-небудзь злачынства. Цяпер ведаеш колькі такіх выпадкаў, калі дарослыя ўцягваюць у свае банды дзяцей? Менш падазрэнняў!

— Не, — рашуча сказаў Валік. — Лухта гэта ўсё. Я думаю, што ні барадач, нія яго госць ніякія не злачынцы.

— Аднак жа не проста так ён жыве тут, і па лесе цягаецца! Усё як бы шукае нешта…

— Можа, ён — агент спецслужбаў? Які выконвае тут важнае заданне?

Цім, якому абы прастор для фантазіяў, ахвотна пагадзіўся.

— Магчыма! Тут жа была некалі ракетная ваенная база; можа, цяпер хочуць яе аднавіць, вось ён і выбірае прыгоднае месца…

Крушынскі таксама бачыў сляды лыж і чаравікаў каля хаткі. Гэта ўстрывожыла яго. Асабліва тое, што цікавяцца ім не дарослыя, а падлеткі. З дарослым можна пагаварыць, даросламу можна растлумачыць, а ад гэтых ніколі не ведаеш, чаго

чакаць.


З Вікай яны дамовіліся так: яна нібыта яго пляменніца. Прыехала з Гомеля да яго ў госці. Чаму не ў школе вучэбнай парою? — вось з гэтым узніклі цяжкасці.

Абое доўга выдумлялі прычыну, чаму Віка не вучыцца.

— Казаць, што ты хворая? — гадаў Крушынскі. — Узяла даведку ў паліклініцы?

Віка, падумаўшы, адмоўна хіснула галавой. Валасы ў яе прыкметна адраслі нават за гэты кароткі час; яна пахарашэла, паздаравела і ўжо наўрад ці можна было б зблытаць яе з хлопчыкам.

— Так доўга не хварэюць, — сказала яна. — Даведку дні на тры могуць даць. Ну, на тыдзень. Але ж не настолькі.

— Тады што?

— Скажам, што я выдатніца. І вучуся па індывідуальным раскладзе. Нібыта мне давзолена свабоднае наведванне ўрокаў. Бо настаўнікі ведаюць, што ў канцы года я і так здам усё на «выдатна».

Крушынскі здзівіўся:

— Ну, ад сціпласці ты, я гляджу, не памрэш.

Пачакай, а што, хіба цяпер у школе здаюць кожны год іспыты?

— У школах не, а ў гімназіях здаюць.

Пачынаючы з пятага класа. А я нібыта вучуся ў гімназіі…

На тым і пагадзіліся. Хоць уся гэтая версія была, канечне, шыта белымі ніткамі.

План далейшых дзеянняў Крушынскага быў наступны (ён падзяліўся ім з Вікаю ў той дзень, калі яны вярнуліся з Мінска і дзяўчынка, шчаслівая, прымярала першыя ў жыцці абноўкі). Віка пакуль што будзе жыць у леснічоўцы. Раз ужо лёс звёў іх, раз

ужо Крушынскі ўратаваў яе, дык павінен давесці справу да канца — тым ці іншым чынам дзе-небудзь уладкаваць дзяўчынку.

— … Збыць цябе з рук, — вырвалася ў яго неабдумана.

Паводзіць сябе яна павінна як мага больш скрытна. Будзе старацца не трапляць на чужыя вочы.

Сам Крушынскі тым часам пашле ў Сімферопаль пісьмовы запыт: ці пражывае там такая й такая, і па якім адрасе? Пісьмо будзе заказное. Акрамя таго, у асобнай прыпісцы ён укажа, што калі за гэтыя паслугі трэба плаціць, ён заплаціць далярамі. З такой прыпіскаю, на яго думку, сімферопальскія чыноўнікі хутчэй будуць варушыцца.

Гэта быў найлепшы варыянт. І Віку ён задавальняў цалкам. Сама не магла ж яна паслаць у Сімферопаль пісьмо. Па-першае, у яе не было месца, куды мог бы прыйсці адказ, а па-другое, яна проста не ведала, як гэта робіцца.

— Сімферопаль — адзіная наша зачэпка, — уголас разважаў Крушынскі. — Нават калі не дачакаемся адказу — давядзецца ехаць туды.

Паходзім, папытаем у людзей — хоць нехта ды будзе тую тваю цётку ведаць… Але паездка магчымая толькі вясною ці летам. Грошы, зноў-такі ў іх усё ўпіраецца!.. Але я дастану. Мне вінаватыя многа, калі я яшчэ бізнесам займаўся…

Гэтыя яго словы ўразілі Віку больш, чым што.

— Ты быў бізнесменам?! Самым сапраўдным? Такім, якія ў дарагіх машынах ездзяць?

— Быў, — неахвотна прызнаўся Крушынскі. — Самым сапраўдным, як у фільмах па тэлевізары паказваюць… У малінавым пінжаку, з сотавым тэлефонам у нагруднай кішэні і з растапыранымі пальцамі… Аднак канчаем гэтую тэму. Дамовіліся?

Віка кіўнула.

— Грошы я дастану. Любым чынам. На крайні выпадак у мяне яшчэ ёсць варыянт, самы надзейны… Так што вышэй нос! Не сумуй… сынок! — пажартаваў Крушынскі. — Усё павінна атрымацца.

А яна і не сумавала. Яна ўжо бачыла, што прапасці ёй гэты чалавек не дасць. Яна і не ведала, што такія людзі на свеце бываюць. Ёй было добра тут. І які ён дужы, разумны. добры! І загадкавы. Быў сапраўдным бізнесменам, а жыве чамусьці тут, у глушэчы. адзін… Мае нейкія дакументы, ад якіх міліцыянеры выцягваюцца перад ім «смірна». Яму вінаватыя грошы, а ён не спаганяе іх… Суцэльныя тайны!

Так яны і пачалі жыць, дзіўны барадаты Крушынскі і прыблудная дзяўчынка. Расклад іхніх дзён быў даволі аднастайны. Віка спала на тапчане, Крушынскі — на падлозе ля печы. Падымаўся ён рана. Ціха ступаючы па хатцы, дзе кожная рэч была пад рукою, гатаваў сняданак. Затым — а дзяўчынка яшчэ спала — сыходзіў з сабакам у лес.

Яму шэнціла. Рэдкі быў дзень, калі ён вяртаўся без здабычы. Прыносіў зайцаў, а часцей — курапатак, якіх налаўчыўся здабываць нават без стрэльбы, і блізка каля хаткі, у бярэзніку, дзе птушкі начавалі. Для гэтага трэба была бутэлька з-пад шампанскага. Крушынскі наліваў у яе кіпню і рабіў у снезе пад бярозамі дзіркі, штук пяць, пакуль не астывала вада. Курапаткі лезлі ў гэтыя дзіркі, як куры на седала. За ноч дзіркі зацягвала тонкім лядком і хоць, канечне, трэба быў пэўны спрыт, каб ухапіць птушку — часта яны целам прабівалі лёд і ўзляталі, усё ж адна-дзве перападала і Крушыскаму.

Гэтую сваю ўдачлівасць ён звязваў з Вікаю. У яго мільгала містычная думка, што гэта яму знак «зверху» — як узнагарода, як падзяка ад нейкіх сілаў за тое, што ўратаваў чалавека і цяпер апякуецца над ім.

Яму нават удалося-такі ўпаляваць старога ліса. Мо з тыдзень, пакуль сохла расцягнутая на папярочках скурка, у леснічоўцы стаяў такі «пах», што Віка кашляла і эмастратыўна заціскала нос. Але вось скурка падсохла. Вечары два Крушынскі сядзеў над ёю, дубячы; далоні ў яго зрабіліся сінімі, як вымазаныя ў атрамант. Нарэшце каўнер быў гатовы.

Крушынскі накінуў яго дзяўчынцы на плечы. Адступіўся:

— Дык ты, аказваецца, красуня!

— Праўда? — яна заірдзелася. — Як шкада, што люстэрка вялікага няма!..

Разы два Крушынскі ездзіў у горад па нейкіх сваіх справах. Вяртаўся невясёлы. Відаць, не так лёгка, як яму здавалася, было выбіваць пазыкі…

Добра было вечарамі. Лес кругом. Цемра. Шумяць хвоі… На стале лямпа, да святла якой хутка прывыкла Віка. Барс у сваім цёплым кутку бурчыць у сне… Ідылія сям’і, утульнасці, нават дастатку!..

Абое любілі маўчаць такімі вечарамі. Крушынскі курыў перад грубкай. Віка, закутаўшыся ў коўдру, сядзела на тапчане, пазірала на яго і думала аб ім. Колькі ўжо разоў яна спрабавала разгаварыць яго — марна!

— На ўсё свой час, — суха адсякаў Крушынскі.

Цікавасць распірала дзяўчынку. Хто ён урэшце? Што за дакументы паказваў тады

міліцыянеру на вакзале? Пакуль Крушынскі быў у адлучках, яна абшукала кожны куточак у хаце. У каморы, «у шафе» пад бялізнаю… Нічога! Канечне, Крушынскі заўсёды трымаў гэтыя важныя дакументы пры сабе.

— Ведаеш, — прамовіў ён адным з такіх вечароў, седзячы перад грубкаю, — ведаеш, Віка, як я многа думаю апошнім часам… Пра цябе. Пра сябе. Я столькі паспеў у жыцці нарабіць памылак, столькі награшыў, што цяпер думаю — ці не сам Бог цябе прыслаў? Збавеннем мне…

— Якіх гэта грахоў ты паспеў нарабіць? — спытала яна з недаверам. — Таксама мне — злачынец! — яна гмыкнула чыста па-жаночы. — Крушынскі, я даўно табе хацела сказаць… Згалі ты гэтую бараду! Не пасуе яна табе! Сапраўды, можна падумаць, што злачынца якісьці…

Ён, не адказваючы, перавёў размову на другое.

— Віка, вось што б ты рабіла зараз, калі б, напрыклад, даведалася, што я забіваў на вайне людзей? Альбо што я сядзеў у турме? Ці што я здзейсніў злачынства, аб якім ніхто пакуль не ведае?

Што б ты рабіла? Па-ранейшаму жыла б тут, ці збегла б даўно куды вочы глядзяць? — ці ўсур’ёз, ці то жартам дапытваўся Крушынскі.

— Я ведаю, ты маніш. Нічога гэтага, ніякіх злачыстваў ты нарабіць не мог. Проста табе захацелася чамусьці папалохаць мяне — нібы я дзіця малое…

У гэты момант ускінуўся на сваёй ляжанцы Барс. Выбег на сярэдзіну хаты і забурчэў на вакно. За вакном мільгануліся дзве цені.

Крушынскі, у чым быў, не апранаючыся, выскачыў на двор. Сабака за ім. Аднак

«сачыльшчыкаў» ўжо і след прастыў.

Здзівілі Крушынскага паводзіны Барса. Ён не гаўкаў, і не кінуўся за чужакамі ўпагоню — хоць бы крышку, для адводу вачэй… Ён паводзіўся сябе так, як бы гэтыя людзі былі знаёмыя яму.

Крушынскі вярнуўся ў хатку. Яго трэсла ад холаду і ад злосці. Усё, з гэтым сачэннем ён пакончыць! Заўтра ж!

— Хто там? — спытала Віка.

— Ніхто. Сойкі на падваконне прылятаюць… Не бойся!

— А я і не баюся. У цябе ёсць такія паперы, што нас ніхто не зможа зачапіць.

— Адкуль ты ведаеш?

— Ты ж пры мне міліцыянеру паказваў, каля вакзала!

— Запомніла? Вось іменна: міліцыянеру, — прамармытаў Крушынскі. — На якога-небудзь сержанціка ці на старшыну гэтыя «важныя паперы» яшчэ могуць падзейнічаць… І не больш. Усё, Віка. Давай спаць. Заўтра ты будзеш адна цэлы дзень. Зварыш бульбы, сала падсмажыш…

— А ты зноў у горад?

— Зноў.

Раздзел ХV

Знаёмства. — Дык хто ж такі Крушынскі? — Засцігнутыя на месцы злачынства. — Нарэшце ў леснічоўцы. — Допыт. — Версія Валіка. — «Антымілітарысцкі» ма-

налог Крушынскага.

Віка і праўда зусім не сумавала, калі Крушынскі з’язджаў у горад ці сыходзіў на

паляванне. Наадварот, яна любіла адзіноту. Тады ўзнікала адчуванне, што яна гаспадыня ўсяго гэтага. І хаткі, і дабра ў ёй, і вакольнага лесу. Раней яна ніколі не жыла дзе-небудзь у вёсцы, сярод прыроды. Таму ўсё тут здавалася ёй новым, цікавым, нязведанным.

У лесе ў яе быў любімы куток. Той самы бярэзнічак, дзе Крушынскі здабываў з-пад снегу курапатак. Сапраўдныя бярозы падобныя былі на тыя, што некалі ў школе ёй так лёгка ўдавалася маляваць — кантуры ствала і ўпоперак заштрыхаваныя рыскі…

Крушынскі выправіўся ў горад прыкладна з гадзіну назад. Віка выйшла на двор і паманіла сабаку. Той грыз у кутку пад дрывотняю костку і не выказаў ніякага жадання ісці з ёю.

Пайшла сама.

Сцяжынка была вузкая, у адзін крок. Паветра пахла смалой і снегам. Лес маўчаў. Сонца толькі-толькі падымалася.

Маршрут у Вікі заўсёды быў адзін і той жа. Бярозавы гай, які яна абагне паўкругам. Вялізная разлапістая елка. Некалькі кустоў арэшніку, абсыпаных серабрыстым інеем. Рачулка, якую цяпер, пад снегам, і не відаць. Масток праз яе, вельмі прыгожы, з круглых бярвенцаў, гарбаты пасярэдзіне.

Віка нікуды не спяшалася. Сёння на душы ў яе было неяк асабліва ціха, спакойна, нават урачыста…

Аднак да любімага мосціка ёй дайсці не ўдалося. Не паспела яна прамінуць сваю елку, як ззаду пачуўся хлапечы голас:

— Эй!


Яна сама ўскрыкнула ад нечаканасці. Азірнулася. Пад елкаю, усяго за якіх пяць крокаў ад сябе яна ўбачыла двух хлапчукоў, высокага і нізкага. Віка застыла на месцы. Хлапчукі выйшлі на сцежку і пакіраваліся да яе.

— Не бойся нас, — дружалюбна сказаў нізкі, падыходзячы.

— Нічога мы табе не зробім, — падтрымаў яго высокі.

Сапраўды: Віка нейкай інтуіцыяй адчула, што пагрозы ад іх ёй чакаць не варта. На выгляд гэта былі звычайныя вясковыя хлопчыкі, прыблізна яе аднагодкі. Адкрытыя твары, чыстыя вочы, добрыя галасы… «Хатнія» такія, дамашнія хлапчучкі. Зусім не

падобныя да той шпаны, што набачылася яна ў Гомелі (сама абы-дзе бадзяючыся…) Гэтыя наўрад ці будуць дражніць яе, прыставаць, абзывацца. Хлопцы падыйшлі зусім блізка.

— Дык ты… дзяўчынка? — высокі прысвіснуў, больш пільна яе агледзеўшы. — Як цябе завуць?

Яна адказала не адразу. А калі загаварыла, у голасе яе была дзёрзкасць.

— А вы хто?

— Ты, галоўнае, не бойся, — паўтарыў высокі. — Мы мясцовыя, з Вялікай Паляны. Мяне завуць Валік, яго — Цімох, альбо, для скароту, проста Цім…

— Ну, мяне, дапусцім, Віка. А што вы тут робіце? А-а! — здагадалася яна раптам. — Гэта вы былі ўчора пад вакном? І ўвогуле — гэта вы сочыце за хаткаю?

— Мы, — пакорліва прызнаўся Цім.

— Але навошта? Што вы тут выглядаеце?

— Мы падумалі…

Валік замяўся, пазірнуў на сябра. Цім сказаў:

— Мы думалі, што табе патрэбна наша дапамога. Можа, ты ў небяспецы?

— З чаго вы ўзялі?

— Ну, чалавек гэты барадаты… Падазроны…

— Чым ён вам падазроны? Тым, што барадаты? — спытала яна з’едліва, а ў самой

пахаладзела ўсярэдзіне.

— Са стрэльбаю ходзіць… Людзей цураецца…

— Жыў адзін, цяпер ты з ім, — дадаў Валік.

Яна задумалася на хвілінку. Як лепш іх пераканаць? Высмеяць, або пагаварыць з імі

сур’ёзна, так, як вучыў яе Крушынскі? Выбрала другое.

— Ніякі ён не падазроны! І нікога не цураецца! Гэта мой родны дзядзька. Я прыехала з Гомеля да яго ў госці.

Хлопцы пераглянуліся.

— Ну, — насмешліва спытаў Валік у Ціма.

Сябар толькі развёў рукамі і патупіўся.

Маўляў — чаго ўжо тут, бывае! І я ж не святы, магу памыляцца… Але я нават рады, паказваў яго вінаваты выгляд, што памыліўся і што барадач ніякі не бандыт…

— Фу! — раптам крыкнула Віка. Па сцежцы з усіх ног нёсся да іх Барс.

— Не чапаць!

Валік прысеў. Сабака з разгону кінуўся яму … у абдымкі. Цім таксама нагнуўся і пацерабіў Барса за вушы. Потым дастаў з кішэні і кінуў яму лусту хлеба.

— На, Барс.

— Вось яно што-о, — працягнула Віка. — Дык вы знаёмыя? Вы яго проста падкупілі?

— Гэта было няцяжка, — сказаў Цім. — Ён добры вельмі…

— Віка, — спытаў Валік, разгінаючыся, — а ўсё-такі хто ён?

— Як хто? Сабака.

— Ды не, твой дзядзька!

— А, дзядзька? Ну, ён…

Хацела б яна і сама гэта ведаць! Віка яшчэ раз уважліва агледзела хлопчыкаў. Не, першае ўражанне ад іх не было памылковым. Такім можна давяраць. І калі яна з імі пасябруе, як Барс… Крадком, канечне, ад Крушынскага… Вось было б здорава. Бо, што там

ні кажы, а яна такая адзінокая! Даўно разгубляла ўсіх сяброў і сябровак… А галоўнае — і праўда ж! — яны цікавяцца тым самым, што й яна: хто такі гэты Крушынскі? І калі яны аб’яднаюць намаганні, пачнуць разгадваць гэта разам… Хто ведае? Можа,

тады атрымаецца наадварот: не яны ад яе, а яна ад іх штосьці пра свайго «роднага дзядзьку»? Для пачатку Віка прыкінулася наіўнай.

— Дык а чым ён вас канкрэтна цікавіць?

— Ну, жыве адзін…

Яшчэ перад гэтым яны, не змаўляючыся, адно каб не стаяць на месцы, памалу пайшлі ў напрамку леснічоўкі. Віка — сцежкаю, а хлопцы з бакоў, цаліком. Сабака недзе знік.

Тройца параўналася з елкаю.

— …Маўчыць, — працягваў Валік, — невядома на якія грошы жыве…

— А што яшчэ робіць?! — раздаўся ззаду голас.

Гэта быў Крушынскі. Ён хаваўся за елкаю і ўсё чуў.

Хлапчукі рвануліся было ўрассыпную… Але позна! За шкірку і аднаго, і другога схапілі моцныя, што абцугі, далоні.

— Дык я пытаю: што ён яшчэ робіць? — грозна казаў Крушынскі.

Хлапчукі маўчалі. Нават марыць вырвацца з гэтых «абдымкаў» нельга было.

— Пайшлі! — так і павёў іх Крушынскі, перад сабою, трымаючы за каўняры. Віка ішла ззаду. Яна спалохалася крыху, бо не ведала, чым гэта ўсё скончыцца. Ёй было шкада

новых сяброў. Але што магла яна зрабіць? Адно толькі малілася ў думках, каб Крушынскі не зрабіў хлапчукам чаго кепскага, не застрашыў іх, бо тады б яны напэўна перасталі б сюды прыходзіць…

Адзін Барс дурэў ад радасці, насіўся сабе па снезе. Чаму б і не радавацца? Усе людзі, добрыя яго сябры, якія кормяць яго, гуляюцца з ім, якіх ён любіць усім сваім сабачым сэрцам, нарэшце сабраліся ў адным месцы, усе разам!

Падыйшлі да хаткі. Крушынскі ўштурхнуў хлопцаў у дзверы. Адступіўся, даючы зайсці Віцы, і сам зайшоў апошнім.

Вось і спраўдзіліся мары Ціма з Валікам пабываць у таямнічай леснічоцы. Саміх «запрасілі»! Толькі радасці ад такога «запрашэння" было, канечне, нямнога…

Крушынскі паставіў хлопцаў побач пасярод хаткі. Сам сеў на табурэт. Рукі паклаў на стол. У яго быў выгляд строгага суддзі, што чакае ад падсудных апошняга слова. Не хапала толькі стоса папераў перад ім, ды з бакоў — народных засядацеляў.

— А ты што стаіш? — звярнуўся раптам да Вікі. — Ці да іх хочаш? Пазнаёміліся ўжо?

Дзяўчынка здзіўлена падняла на яго вочы. Ён што, рэўнуе? Ці ёй проста падалося?

Хлопцы глядзелі ў падлогу. Перад гэтым абодва, не змаўляючыся, паздымалі шапкі і цяпер яшчэ больш падобныя зрабіліся на непаўналетніх злачынцаў. Віка ціхенька прысела на другую табурэтку. «Допыт» пачаўся.

— Так, — строга сказаў Крушынскі. — На пытанні адказваць хутка і коратка. Па чарзе. Высокі, ты адказваеш першы. Усё зразумела? Тады паехалі! Як даўно вы тут ашываецеся? Колькі часу?

— Тыдзень, — буркнуў, галавы не падымаючы, Валік. — Нават больш…

Каму расказвалі, каму хваліліся?

— Нікому! — усклікнулі хлопцы ў адзін голас.

— І пра яе ніхто, акрамя вас, не ведае?!

— Ніхто!

— Ніводзін чалавек больш!

Крушынскі задумаўся.

— Калі не хлусіце, — змякчыўся ён голасам, — тады гэта мяняе справу. З падазроных вы аўтаматычна пераходзіце ў разрад проста сведкаў…

Дазваляю сесці. Туды, на тапчан. Цім з Валікам прымасціліся з краю, плячо да

пляча. Віка з палёгкаю выдыхнула.

— Паселі, як вераб’і! — нават асмелілася пажартаваць яна.

— А ты памаўчы, — сказаў Крушынскі. — з табой яшчэ будзе размова. Асобная. І так, хлопцы! Давайце цяпер сур’ёзна. Я сёння, вось зараз, хачу паставіць на ўсім гэтам кропку. Мне надакучыла гэта. Пагадзіцеся, не дужа прыемна жыць пад

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка