Афганская шкатулка Аповесць




старонка10/13
Дата канвертавання10.05.2016
Памер1.77 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13

пашпарт. — За дадатковую плату, канечне!

— Ды калі ласка. Жывіце на здароўе. Абы чалавек быў харошы.

Адразу падняла настрой гэтая невялічкая ўдача. Ёсць дзе прыткнуцца — ужо няблага. Кватэра аказалася блізка каля вакзала — раз, была такая ж ахайная і чысценькая, як і яе гаспадыня — два. Праўда, і з аплатаю Крушынскі не паскупіўся.

Віка была ў захапленні. Што і казаць, не леснічоўка! Мэбля, тэлевізар, халадзільнік, тэлефон, прыбіральня, ванная…

Як толькі дзяўчынка апынулася тут і агледзела, нібы гаспадыня, усё, так адразу заявіла, што нікуды з кватэры не выйдзе, пакуль Крушынскі з усім не разбярэцца. Нават у краму не будзе выходзіць.

І не выходзіла. Крушынскі разумеў яе. Утульнасць гэтага — свайго — жытла, хоць і часовага, хоць на некалькі ўсяго сутак, але свайго, — Віка ўспрыняла як узнагароду ёй, як кампенсацыю за ўсё сваё ранейшае непрыкаяннае жыццё. Канечне, ёй трэба было проста пабыць адной. Проста пасядзець у гэтых сценах. Паляжаць у ванне. Забыцца перад тэлевізарам — а Віка глядзела ўсё падрад, ад рэкламы

да бяскончых серыялаў…

Сам Крушынскі прападаў у горадзе з ранку да вечара. Вечарам заяўляўся, стомлены і галодны. Віка сустракала яго ў парозе, хапала сумку, бегла на кухню, выкладвала ў лядоўню прадукты. Крушынскі тым часам разуваўся, ставіў мокрыя чаравікі пад

батарэю. Віка несла ў ванную яго скураную куртку, вешала там на «плечыкі».

— Ну, што? — пыталася з’едліва. — Як поспехі?

— Крыху ёсць…

Раніцаю, калі дзяўчынка яшчэ песцілася пад цёплай коўдраю, Крушынскі сыходзіў у туманны, хліпкі горад.

Прайшло тры дні. За гэты час Крушынскі паспеў пабываць на ранейшай Вікавай кватэры. Пагаварыў з суседзямі, хоць гэта аказалася не так і проста. Барадаты, падазронага выгляду чалавек не схіляў да шчырай гутаркі. Ды і сам Крушынскі ледзь

усё не сапсаваў, адрэкамендаваўшыся:

— Я з камісіі па справах непаўналетніх. Збіраю матэрыялы пра дзяўчынку, Віку, што некалі жыла тут.

На яго шчасце, знайшоўся дзядок-адстаўнік, які патлумачыў спалоханым суседкам:

— Чаго вы вылупіліся? Барады, ці што, не бачылі? Тэлевізар трэба глядзець! Цяпер барада нават у арміі дазволена!

Крушынскі даведаўся аб усім, што яму трэба было. Віка не зманіла. Іхні з маці пакойчык належаў цяпер нейкім прахадзімцам. Паперы былі аформлены паводле ўсіх правілаў.

На наступны дзень Крушынскі пачаў з вакзалаў, чыгуначнага і аўтобуснага. Распытваў прыбіральшчыц, дзяжурных, касірак, буфетчыц, нават вакзальных бамжоў. Ці не траплялася ім на вочы жанчына такой і такой знешнасці? Дзе яе можна знайсці? Ведаем, адказвалі, бачылі, была такая, усё плакалася пра сваю дачку, скардзілася, як падманулі іх з кватэраю… Дзе яна цяпер? — а хто ж ведае? Хіба што міліцыя.

І на трэці дзень Крушынскі прыняўся абыходзіць аддзяленні міліцыі і пункты праваховы. Тут яму ўжо было прасцей, і барада не перашкаджала: ён проста паказваў свае кніжачкі… Тыя самыя, што так цікавілі Віку.

Нарэшце ў Цэнтральным РАУС яму пашэнціла.

— Як жа, помню такую, — сказаў дзяжурны старлей. — Затрымлівалі яе некалькі разоў. А што толку? Грошай на штраф усё адно няма. Плача, кашляе… З падазрэннем на сухоты была накіравана ў… Зараз скажу.

Дзяжурны пачаў гартаць журнал. Крушынскі чакаў цярпліва.

— А, вось. Дыспансер-размеркавальнік.

— Што гэта такое? — здзівіўся Крушынскі.

— Ды звычайная начлежка. Для бедных, для бамжоў розных. Там іх трохі кормяць, трохі лечаць — і нам, міліцыі, спакайней, хоць перад вачыма не мільгаюць.

— Дзе яна знаходзіцца?

— А вось, перапішыце адрас.

Увечары Крушынскі быў задуманы больш, чым звычайна.

— Здарылася што? — спытала Віка, ставячы перад ім патэльню з яечняй: адзінае, што яна ўмела гатаваць.

— Віка, — сказаў Крушынскі, — як ты думаеш, а што калі Васіль сапраўды існуе? І возьме ды і аб’явіцца ў нашай Вялікай Паляне?

— Ну і хай аб’яўляецца.

— Тады я вымушаны буду выканаць сваё абяцанне. Хлопцы атрымаюць матацыкл. А табе што? Ты ж так нічога і не папрасіла!

— Я? — яна прысела на канапу, задумалася. — Не папрасіла таму, што хочацца мне многага... Я ведаю, што вашыя спецслужбы ніколі мне гэтага не дадуць.

— І ўсё ж, — не адчапляўся ён. — Напрыклад?

— Напрыклад, хачу свой куток. Хоць кватэру, хоць хату, хоць леснічоўку… Хоць нару! Але каб гэта было толькі маё! Хачу жыць з мамаю, як некалі жыла… Хачу, каб прадуктаў было многа… Апранацца хачу добра, прыгожа…

Крушынскі слухаў з усмешкаю.

— А ў школу хадзіць? — падкалоў ён.

— У школу — таксама. Толькі ў нармальную школу! Не ў такую, як нашая.

— Віка, я знайшоў, дзе твая мама, — сказаў ён без усялякай сувязі. — Заўтра мы да яе паедзем.

Дзяўчынка нічым не выявіла ні радасці, ні здзіўлення. І голас не змяніўся, калі спытала:

— Гэта абавязкова?

— А ты як думаеш? Ты ж родная дачка ёй! Ты ж толькі што хацела…

— Досыць. Едзем, дык едзем.

«Начлежка» (ці як выказаўся старлей, "дыспаснсер-размеркавальнік") знаходзілася за

Сожам, у раёне Нова-Беліцы. За гэтыя дні Крушынскі даволі добра вывучыў горад, напамяць ведаў усе маршруты — лепш за ўсё ў Нова-Беліцу было дабірацца пятым нумарам тралейбуса.

Усю дарогу Віка маўчала і ціснулася да яго. Крушынскаму падалося, што яе нават крыху ліхаманіць. Ён ужо каяўся, што выцягнуў яе з утульнай цёплай кватэры-«крэпасці»… Адно добра — дарога была нядоўгай.

Прыехалі. Адшукалі вуліцу і дом. Начлежка аказалася звычайным двухпавярховым, з бярвення баракам. Збоку над дзвярыма прыбіты быў паржавелы квадрацік бляхі, на якім ледзь угадваўся нумар дома.

Віка пазірала на гэты барак са страхам. Перад дзвярыма яна спынілася, як укапаная, і рашуча заявіла:

— Я не магу. Можна, я тут пачакаю?

Крушынскі не стаў яе ўпрошваць. Пайшоў адзін. Яна з падзякаю зірнула яму ўслед, калі за ім ляпнулі дзверы і ён знік у бараку. Яго сустрэла цемра калідора, а таксама востры пах карболкі і мокрай падлогі. У канцы калідора, дзе было святлей, ён разгледзеў жанчыну ў халаце, якая чапляла анучу на швабру. Пакіраваўся туды. Ні на адных дзвярах, што выходзілі на доўгі калідор, не было шыльдаў.

— Дзе тут у вас хто галоўны? — павітаўшыся, спытаў ён.

— Там, наверсе, — буркнула прыбіральшчыца.

Па скрыпучай драўлянай лесвіцы ён падняўся на другі паверх. Такі ж доўгі калідор. Той жа пах сырой падлогі і карболкі. Такія ж дзверы… Не, стоп! Такія, ды не такія. Вось — дэрмацінам абабітыя, з масіўнай пазалочанай ручкаю… Крушынскі паспрабаваў пастукаць, але пальцы яго патанулі ў дэрмаціне.

Але, як ні дзіўна, яго пачулі. Дзверы раптам расчыніліся і на парозе ўзнікла высокая жанчына сярэдніх гадоў, нафарбаваная, расфуфыраная, з пярсцёнкамі на пальцах абедзьвух рук. Ад яе пахла дарагой парфумай. Крушынскі ад нечаканасці аж зняў з галавы шапку. Дужа вялікі быў кантраст паміж гэтай начальніцай і ўбоствам начлежкі.

— Што вам трэба?

Крушынскі растлумачыў.

— Хадземце, я правяду вас у палату.

Жанчына зачыніла дзверы на ключ, не даўшы магчымасці Крушынскаму нават заглянуць у яе кабінет.

Палата была тут жа, на другім паверсе, побач з кабінетам. Крушынскі чакаў убачыць тут штосьці кшталту турэмнай камеры, таму не без хвалявання пераступіў парог следам за начальніцай. Аж не! Было тут, праўда, цесна — дзесяць коек стаялі амаль упрытык адна да адной і ўсе былі занятыя; стаяў тут, канечне, пах, ад якога Крушынскі ў першы момант ледзь не задыхнуўся… І ўсё ж, і тым не менш! Адносна чыста, адносна светла, адносна цёпла… Са столі не капае… Як для бамжоў, дык тут проста санаторый.

— Вось, — начальніца паказала на крайнюю койку злева. Сама не выйшла, а толькі адступіла крышку ўбок. Скрыжавала на грудзях свае пярсцёнкамі ўнізаныя рукі.

Крушынскі нерашуча наблізіўся да койкі. На ёй ляжала нейкая бабулька. З-пад коўдры відаць быў толькі яе твар, а па падушцы раскідаліся сівыя валасы. Калі бабулька, пачуўшы галасы і крокі, расплюшчыла вочы, Крушынскі ледзьве не ўскрыкнуў. Перад ім ляжала Віка, якая за пяць хвілін пастарэла на семдзесят гадоў. Ды вось чаму дзяўчына

так заўпарцілася, каб не йсці сюды! Яна прадбачыла ўсё гэта!

На бабульчыным твары адбіўся страх. Калі загаварыла, сухі нядобры кашаль перашкаджаў ёй.

— Не трэба… мяне… выпісваць!.. Я хворая… вельмі… прашу!

«Ды гэта ж яна мяне за доктара прымае, — дайшло да Крушынскага. — Ці за нейкага начальніка! Яна баіцца, што я магу зараз выпісаць яе! Гэта значыць, выкінуць на вуліцу, у гэтую макрэчу, холад і голад!»

— Колькі можна хварэць? — умяшалася начальніца. — Курорт вам тут, ці што? Паляжала трохі, падлячылася — хопіць, дай другім месца. Жадаючых навалам.

Бабулька трэслася ў кашлі. Уваленыя шчокі яе былі мокрыя ад слёз. Як добра, падумаў Крушынскі, што Віка не пайшла і не бачыць усяго гэтага!

— Можна мне з вамі пагаварыць? — звярнуўся ён да начальніцы.

Выйшлі з ёю на калідор.

— Прашу вас — не выпісвайце пакуль яе.

Начальніца слухала яго, трымаючы рукі скрыжаванымі на грудзях.

— А вы ведаеце, колькі дзяржаве абыходзіцца адзін койка-дзень? — спытала яна. — Вы ведаеце, колькі такіх, як яна, яшчэ і горшых, што па падвалах жывуць і са сметніцаў кормяцца? Якія толькі і мараць, каб патрапіць сюды?

Крушынскі палез у кішэню:

— Я гатовы заплаціць грошы.

— Дарэчы, а хто вы такі? Кім вы ёй даводзіцеся?

— Я? — сумеўся Крушынскі. — Ёй? У прынцыпе, нікім. Чужы чалавек.

— Так-такі і чужы? Не сын, не брат, не сват, не пляменнік? А то спачатку сплавіце чалавека, а потым сумленне загрызае?

Вунь яно што! Крушынскаму зрабілася горача. Ён зразумеў ход думак начальніцы. Яна думае, што ён радня Вікавай маці. Выгнаў яе на вуліцу, а цяпер клянчыць, просіць, каб пакінулі яе ў начлежцы! Аказваецца, і такі «бізнес» існуе!

— Я не заслужыў гэтага, — прамовіў ён ціха. — Я праўда зусім чужы ёй.

Падзейнічала. Пакорлівыя яго словы змякчылі суровую начальніцу.

— Дык што вы там гаварылі пра грошы? — спытала яна. — Колькі вы можаце заплаціць?

— Колькі трэба! — заспяшаўся ён. — Яшчэ і пераплачу!

— Тады добра. Хадзем да мяне ў кабінет, аформім паперы. Усё будзе афіцыйна. Абяцаю, што ўсе вашыя грошы на яе ж і пойдуць. Перавядзем у іншую палату, будуць лекі, дагляд…

Віка чакала Крушынскага на тым самым месцы, дзе ён яе і пакінуў. Кароткія хлапечыя валасы яе былі ў кропельках дажджу. Крушынскі дастаў насоўку і выцер ёй мокрыя лоб, нос і шчокі.

— Ну, усё ў парадку, — бадзёра адказаў на маўклівае яе запытанне. — Твая маці яшчэ паляжыць тут. Пакуль не паправіцца. Ёй тут добра, яна сама сказала! — паспешліва дадаў ён.

— А не выкінуць яе? — так і спытала Віка, «выкінуць», а не «выпішуць».

— Не хвалюйся. Я аб усім дамовіўся з нача… з загадчыцай аддзялення. Твая маці будзе тут столькі, колькі спатрэбіцца. За ёю будзе харошы дагляд…

— Ты заплаціў ім? — спытала дзяўчынка. Памаўчаўшы, сама сабе і адказала: — Канечне, заплаціў! Дзякуй за ўсё, Барыс…

І пацёрлася, бы кацяня, аб яго далонь.

Калі ехалі тралейбусам назад, у цэнтр, адбылася наступная сцэна. Віцы ўдалося сесці, Крушынскі стаяў побач. Раптам нейкая дзяўчына паднялася з суседняга месца:

— Сядайце, калі ласка, — ветліва прапанавала Крушынскаму.

Яго гэты эпізод толькі ўзрадваў. З палёгкаю плюхнуўся ён на праціснутае, пашарпанае сядзенне. Азірнуўся на Віку. Дзяўчынка, нахмурыўшы лоб, нервова пакусвала губы.

— Віка! Чуеш? Што з табою?

— Колькі разоў прасіла… Згалі ты гэтую бараду! Як я яе цярпець не магу!

Раздзел ХХІІ

Незнаёмец. — Дыялог у краме. — Вандроўка па Вялікай Паляне і ваколіцах. — Цім бяжыць у леснічоўку. — Пуста! — Запіска. — Куды падзець Барса?

Пакуль Крушынскі з Вікаю ўладжвалі свае справы ў Гомелі, у Вялікай Паляне таксама сеё-тое адбылося.

Роўна ў дванаццаць гадзін дня з рэйсавага аўтобуса выйшаў невысокі поўненькі мужчынка. Быў ён у скураным паліто, у капелюшы; з-пад паліта выглядвалі беленькая кашуля і гальштук.

Мужчынка выйшаў на прыпынку і з цікавасцю пачаў азірацца. Па ўсім відаць было, што тут, у сяле, ён упершыню. Тры вуліцы збягаліся да прыпынку. Мужчынка выцягнуў з кішэні нататнік з алоўкам і пазначыў план гэтых вуліц. Побач з прыпынкам бялела цэглаю вясковая крама. Нядоўга думаючы, мужчынка пакіраваўся туды.

У краме, нечакана вялікай, як для сяла, на два аддзелы, было пуста. За касавым апаратам прадаўшчыца чытала газету. Яе напарніца, абапёршыся локцямі на прылавак, піла каву і лена пазірала на адзінага наведніка.

Мужчына выбраў тую, што з газетай.Падыйшоў, павітаўся — і адразу:

— Скажыце, можна ў вашым сяле купіць дом? Ці хоць бы хату?

Валікава маці, а гэта была менавіта яна, адклала газету і адказала:

— Не. Усё параскуплялі, нават самыя развалюхі.

— І што гэта вы так нашую Вялікую Паляну ўсё палюбілі? — умяшалася напарніца. — Тут жа ні вады, ні рэчкі, адзін лес кругом.

— А хто яшчэ палюбіў? — адразу ж павярнуўся да яе цікаўны незнаёмец.

— Ды многія! Палова сяла лічы што прыезжыя. — Адзін нават леснічоўку купіў, — сказала Валікава маці. —Так і жыве сам, у глухамані.

— Праўда? У лесе жыве адзін? Не можа быць!

Жанчыны пакрыўдзіліся.

— Схадзіце ды паглядзіце, — прапанавала напарніца. — Ён толькі сюды, у краму, і заходзіць раз на тыдзень. Таму мы і ведаем яго лепш, чым хто.

— Ды я веру, веру вам! Проста дзіўна ўсё гэта…

— А вы ж можаце купіць участак зямлі, — сказала Валікава маці, — раз вам так тут падабаецца. Будуйцеся ды жывіце.

— А можна? — ізноў у руках мужчыны з’явіўся нататнік з алоўкам. — І дзе б вы мне параілі?

— Пад самым лесам. Там усе будуюцца.

А напарніцу нататнік чамусьці насцярожыў:

— Вы часам не журналіст? Ці, можа, з якою праверкаю да нас?

— Ды не, — засмяяўся мужчынка. — Я такі ж служачы, як і вы! На прыроду пацягнула, дачу купіць захацелася. Сабраў вось крыху грошай, напазычаўся… Адзін знаёмы і падказаў мне вашае сяло.

На развітанне мужчына сказаў, што збіраецца пахадзіць па сяле, па ваколіцах — можа, і выбера месца для дачы.

— А ў вас ёсць машына? — гукнула яму ўслед Валікава маці. — Тут без машыны цяжка!

— Пакуль што няма — але будзе! Проста павінна быць, — неяк загадкава паабяцаў мужчынка.

Сяло, як на тое, выглядала пустынным. Ніводны чалавек не трапіўся мужчыну на вочы. А яму толькі таго і трэба было. За ваколіцай, дзе канчаліся хаты, ён збочыў з дарогі, нагнуўшыся. зачэрпнуў снегу. Снег быў рыхлы. мяккі… Мужчына заўсміхаўся. Яго ўзрадвала гэта. Значыць, хутка адліга! Трэба адліга! І тады яны з цесцем здзейсняць

задуманае. Тады купіцца і машына, і ўчастак, і дача, і шмат, шмат чаго іншага… Толькі не ў Вялікай Паляне, шаноўныя! У Іспаніі, у Партугаліі, на Канарах!..

Агляд сяла заняў менш гадзіны. Неўзабаве у нататніку быў выкрэслены падрабязны план геаграфічнага размяшчэння Вялікай Паляны і ваколіцаў. Пазначаны быў таксама лес, поле, вуліцы, крайнія хаты… Цяпер заставалася самае галоўнае: наведацца на могілкі.

Перад тым, як зайсці ў расчыненыя варотцы, мужчына зноў паазіраўся. І зноў задаволенасць з’явілася на яго твары. Могілкі былі на водшыбе. Далекавата і ад сяла, і ад дачнага пасёлка. Вельмі добра!

Помнік загінуўшаму «афганцу» і шукаць не трэба было, ён сам кідаўся ў вочы. Мужчына абышоў яго вакол. Затым прысеў, прасунуў руку паміж прэнтамі агароджы і разгроб снег. Паказалася бетонная бардзюрынка, адна з чатырох, што складалі

надмагільны прамакутнік. Мужчына пакратаў яе, яна лёгка паддалася.

— І гэта добра! — уголас сказаў сам сабе мужчына.

Цяпер ён ведаў усё. Больш тут не было рабіць. Мужчына паглядзеў на гадзіннік і заспяшаўся назад, у сяло, каб паспець на аўтобус да Мінска.

Паспеў. Заскочыў у аўтобус. І знік чалавек, як і не было яго. Калі прыязджаў, дык хоць бы прадаўшчыцы яго бачылі, а як ад’язджаў — ніхто.

Ніхто, ды толькі не Цім! Хоць і астудзіў яго пыл падчас апошняй сустрэчы Крушынскі, аднак у хлопчыка за правіла ўвайшло цікавіцца кожным незнаёмцам, які прыязджае ў сяло. Не прамінуў яго ўвагі і мужчынка ў капелюшы. Цім бачыў, як ён выходзіў з крамы, запіхваючы ў кішэню паліто нататнік.

Мужчынка з крамы, а Цім — у краму.

— Хто гэта быў, цётка Галя? — спытаўся ў Валікавай маці нібы проста так, між ншым.

— Ды нейкі — хату, кажа, хачу купіць, ці ўчастак пад дачу…

Ёкнула ў Ціма сэрца. Застукала ў скронях. А што, калі гэта… Васіль?! Няўжо пашэнціла нарэшце?! Матацыкл будзе… Новенькі «Мінск», пажадана зялёнага колеру… Як бы ён песціў яго, гладзіў па сядзенні, мыў бы кожны дзень… А як прыемна вуркоча матацыклетны матор, а як соладка пахне бензінавы дым!

Абы спраўдзілася! Трэба толькі пераканацца, што гэта Васіль, а ніхто іншы. Каб быць упэўненым на ўсе сто. А зрабіць гэта прасцей простага: калі чалавек заходзіў на могілкі — значыць… Можна лічыць, матацыкл ужо стаіць у двары…

Цім асцярожна пашыбаваў да могілак. Вось яны, сляды! І вось яны, тыя ж самыя, каля помніка «афганцу»! І больш каля нічыйго! Цяпер у Ціма не магло быць ніякага сумнення. Гэта Васіль. І трэба хутчэй паведаміць Крушынскаму. Не забягаючы

нават да Валіка, каб не губляць дарма часу, Цім кінуўся да леснічоўкі. Так хутка ён не бегаў нават на ўроках фізкультуры.

Пуста! Нікога! Замок на дзвярах хаткі… Ах, як крыўдна! Куды яны маглі падзецца ў такі момант?

Аднекуль выскачыў Барс. Кінуўся Ціму на грудзі, заскавытаў жаласна, просячы хоць што. Вочы ў сабакі свяціліся галодным бляскам.

— Няма нічога! Я не ведаў, што ты тут сам, без гаспадароў! Ну, хадзем, хадзем… Пажывеш у мяне, пакуль яны не вернуцца.

А калі яны вернуцца? Гэтага Барс табе не скажа. Можа, сёння да вечара вернуцца. А можа, заўтра? А можа, праз тыдзень? Дык за гэты час Васіль сто разоў паспее забраць шкатулку — і шукай тады ветру ў полі!

Дома Цім схапіў ліст паперы. Напісаў: «Васіль тут!!! Быў на могілках!!!» — ляпіўшы для пераканаўчасці аж шэсць клічнікаў. Які ні быў стомлены, а нават адпачыць не прысеў. Адрэзаў скібу хлеба Барсу — і зноў у леснічоўку. Запіску, скручаную ў трубачку, запхнуў у шчыліну замка. Толькі тады трохі яму спакайней стала. Запіску немагчыма будзе не заўважыць.

А ў гэты момант фальшывы «Васіль» — на самай справе доктара Пратавіча зяць Ігар — сядзеў у хаце ў цесця і расказваў, хвалячыся, як удала правёў ён разведку. Паказаў цесцю нататнік з геаграфічным планам мясцовасці. Доктар Пратасевіч блізарука паўглядаўся. Тыцнуў пальцам:

— Вось тут яго хатка. Вось, бачыш? Тут шаша, а прыкладна вось тут, дзе ў цябе пазначаны лес, хатка…

Зяць абвёў гэтае месца кружком.

— Вы ўпэўненыя?

— Амаль не сумняваюся.

— Ды гэта ж зусім блізка ад могілак! — зяць не хаваў радасці. — Ну, цяпер будзем чакаць, калі сыйдзе снег!

— Да вясны?

— Навошта — да першай адлігі! Мне здаецца, наш барадач чакае таго ж самага. Вось і апярэдзім яго!

Доктар памаўчаў. Відаць, штосьці яму ўсё ж у гэтым плане не падабалася, не мог ён падзяліць зяцевага аптымізму.

— Ігар, ты ўсур’ёз думаеш, што можна… ну, уночы раскапаць магілу? І потым зараўняць яе, узнавіць амаль такой як была?

Зяць нават разлаваўся:

— Канечне, не! Сто разоў вам тлумачыў! Зараўняем хоць бы так, каб не адразу ў вочы кідалася! А потым усё адно на барадача падумаюць!

— Добра, добра, — заківаў доктар. — Будзем чакаць адлігі.

Раздзел ХХІІІ

Надвор’е дапамагае зяцю з цесцем. — Адліга. — Двое рыбакоў прыязджаюць… у лес. — Чаканне. — Ноч. — Крадзёж рыдлёўкі. — Могілкі.

Чакаць давялося нядоўга.

Як мы ўжо ведаем з папярэдніх раздзелаў, зіма раптам адступіла — часта бывае такое пасля моцных студзеньскіх маразоў. Закапала з дрэў. Шпарка пачаў раставаць снег. Пачарнелі дарогі; канавы ўзбоч іх былі поўныя талай вады.

Так надвор’е само прыйшло на дапамогу двум авантурыстам, умяшалася ў іх планы і міжволі прыспешыла фінал нашай гісторыі. Не толькі надвор’е, а іншыя абставіны спрыялі доктару Пратасевічу і яго зяцю: Крушынскі ж акурат быў у ад’ездзе! Праўда, аб гэтым яны пакуль што не ведалі...

План дзеянняў быў распрацаваны авантурыстамі даўно. Ён здаваўся ім ідэальным. Усё

было разлічана. Да рэалізацыі яго вырашылі прыступіць ужо заўтра, у суботу. Тут таксама мелася свая логіка. Абодва яны, зяць з цесцем, любілі зімовую рыбалку і нярэдка ў выхадныя выязджалі на Мінскае мора; бывала, што і з начоўкаю. Так што ні ў

кога іхняя адсутнасць не выкліча падазрэння. Каму якая справа да двух мужчын, апранутых у аднолькавыя хімабаронаўскія касцюмы-«скафандры» (як для нашага выпадку, дык зручныя яшчэ тым, што боты-бахілы не пакідаюць выразных слядоў), са

скрынкамі на плячах, у будаўнічых падшлемніках з доўгімі «хвастамі»? Многа такіх можна ўбачыць — асабліва на вакзалах, асабліва ў выхадныя дні.

Аднак жа трохі дзіўна было, што нашыя героі выправіліся на рыбалку не на электрычцы, як заўсёды, а на аўтобусе, які ехаў не на звыклае Мінскае мора, а ў зусім іншы бок. Што папрасілі вадзіцеля спыніцца не каля возера ці якой рачулкі, а сярод лесу, дзе звычайна толькі грыбнікі ўлетку выходзяць.

Але і ў гэтым, падумаўшы, дзіўнага мала. Ёсць, значыць, у людзей нейкая запаведная мясцінка, раз прыехалі сюды!

Было гадзіны тры дня. У лесе, куды заглыбіліся доктар Пратасевіч з зяцем Ігарам, вісеў туман і капала з дрэў. Трэба ж, зіма, а такое робіцца… Наламалі сушэйшых, з-пад самага нізу, смалістых галінаў, расклалі агеньчык. Адразу весялей стала. Зяць выцягнуў са скрынкі прыпасы: тонкія «паляўнічыя» вэнджаныя каўбаскі, хлеб, сала;

цесць — балгарскі слоік малюсенькіх марынаваных гуркоў і пляскатую бутэльку з цёмна-бурштынавай вадкасцю. Прыклаліся па чарзе да рыльца, разазагрэлі на агні каўбасу, падмацаваліся. Яшчэ весялей стала. Сытасць у жываце і смеласць на

душы… Гарыць вогнік, патрэскваюць смалістыя лапкі… Здорава!

А ў лесе тым часам пачало цямнець. Нізкае неба апусцілася яшчэ ніжэй, на самыя дрэвы, а потым і зусім апала на сырую цёмную зямлю, злілося з ёю. Уверсе, над галавой, не відаць было ні зораў, ні месяца. Надыйшла ранняя зімовая адліжная ноч.

— Пара! — скамандаваў Ігар.

Вось тут і пачаліся першыя непрыемнасці. Доктар Пратасевіч ніяк не мог знайсці дарогу да леснічоўкі. Ён жа быў у гэтых мясцінах толькі аднойчы — днём, калі вакол ляжаў белы снег, а сам доктар сядзеў у цёплай машыне. А тут цямрэча, хоць вока выкалі! Ні сцежкі, ні дарожкі, і сам лес здаецца зусім іншым…

Давялося вяртацца назад на шашу. Добра, што была яна зусім пустая ў гэты час. Зяць уключыў ліхтарык. Пахадзілі абодва, як вартавыя на пасту, узад-уперад па ўзбочыне, пакуль нарэшце не натыкнуліся на ўказальнік. «В. Вялікая Паляна, 4 км.», — высветліў ліхтарык.

— Ну, вось! — узрадваўся доктар. — Цяпер я ўсё ўспомніў!

Сапраўды, хутка знайшлася дарога. Доўга затым ішлі па ёй, цёмнай, пакручастай, свецячы ліхтарыкамі пад ногі. Спатыкаліся, лаяліся шэпатам. Пад нагамі чвякала гразь, галіны секлі па руках і тварах.

Кожны, хто хоць раз хадзіў па начным лесе, ды яшчэ ў непагадзь, пацвердзіць, што ліхтарык памагае мала. Калі памагае ўвогуле. Лепш выключыць яго і даверыцца ўласным вачам. Так нашы авантурысты і зрабілі.

Доктар збіўся-такі з дарогі і вывеў зяця да кар’ера — таго самага, дзе адбывалася хакейная баталія. Цяпер ў кар’еры стаяла вада заместа лёду. Цесць з зяцем прайшлі па самым крутым абрыве і нават не заўважылі; проста цуда нейкае, проста пашэнціла, што не пазвальваліся ўніз.

Леснічоўка ўзнікла перад імі раптоўна. Доктар, які па-ранейшаму ішоў наперадзе, ледзь не стукнуўся ілбом у дзверы.

— Вось яна! — зашаптаў, павярнуўшыся да зяця. — Тут я быў! Тут ён жыве!

— Але дзе ён? Непадобна, каб тут жылі…

Зяць зазірнуў у чорнае вакно, нібы штосьці мог там убачыць. Доктар тым часам намацаў на дзвярах замок.

— Зачынена, Ігар! Яго проста дома няма!

Пачуўшы гэта, Ігар смела ўключыў ліхтарык.

І сабакі няма, — яшчэ больш узбадзёрыўся доктар.

— А гэта што?

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка