Аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама




Дата канвертавання06.06.2016
Памер40.48 Kb.


Аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Лысіцкі навучальна- педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”

Раённы конкурс сачыненняў

“Зброяй яго стала “ пявучае” і “ вострае” слова…”


Аўтар : Жабенка Марыя Вячаславаўна,

вучаніца 10 класа

Кіраўнік : Мышкавец Ірына Вацлаваўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

вышэйшай катэгорыі

Нясвіж

2016


Аднойчы я завітала ў школьную бібліятэку ў пошуках пэўнай інфармацыі, неабходнай на ўрок. Мае рукі павольна перабіралі кнігі, пяшчотна дакраналіся да шэрых старонак; вочы прабягалі па радках зместу, вышуквалі патрэбныя звесткі. І раптам, я памятаю, цёплая ўсмешка кранула мае вусны: у руках ляжала вялікая тоўстая кніга ў бела-ружовай вокладцы. Ружовыя і сінія жучкі літар складваліся ў прыгожую трапную назву: ”Кандрат Крапіва. Выбраныя творы ў двух тамах. Том 1. Вершы. Байкі. Эпіграмы. Паэмы. Апавяданні. Фельетоны”. І хаця, шчыра кажучы, на той момант такая кніга мн была зусім не патрэбная, я не змагла проста так, не перагарнуўшы колькі старонак, адкласці яе ўбок. Дзіўнае пачуццё ахапіла раптам мяне: здавалася, што я адкрываю нейкую новую планету ці раблю новае адкрыццё ў матэматыцы.

Кандрат Крапіва… Гэтае шырока вядомае, акружанае народнай любоўю імя прыйшло ў літаратуру праз досціп смеху, які цэлай ракой хлынуў з баек, сатырычных вершаў, што ўбачылі свет у пачатку дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. Стыхія камічнага была такой напорыстай, магутнай, што адразу забяспечыла самую шырокую і ўдзячную аўдыторыю. Паэт-гумарыст размаўляў са сваім чытачом на вельмі зразумелай і блізкай яму мове. Сапраўдны вялікі талент заўсёды ўсімі сваімі карэннямі ўваходзіць у родную глебу, жывіцца яе сокамі.

Калі я перагарнула старонкі, дзе была напісана прадмова, на вочы трапіліся радкі:

Хто сустрэўся быў са мною,

Дакрануўся раз ці два,

Дык той ведае ўжо хто я:

Я – пякучка – крапіва.

З гэтых радкоў становіцца зразумелым, чаму аўтар узяў сабе такі псеўданім – Крапіва. Так, як гэтая “ марная трава” гатова апячы кожнага, хто датыкаецца да яе, так і пісьменнік не можа моўчкі прайсці каля любой заганы чалавечага грамадства, абавязкова “апячэ“ таго, хто з’яўляецца парушальнікам дысцыпліны, адным словам, амаральным чалавекам. Хто толькі не трапляўся на вострае пяро Крапівы: гультаі, дэмагогі, кар’ерысты, тыя, хто любіў пажывіцца за чужы кошт, невукі.

Падымаю галаву ад радкоў паэта, і мне здаецца, быццам сустракаюся позіркам з вачамі, мудрымі, незнаёмымі. Усміхнуўшыся мне загадкавай усмешкай, ён пытаецца:

- Ну як?


- Падабаецца, – адказваю нясмела.

- Ох, і любіце ж вы хваліць у вочы, але ці чытала ты хоць які-небудзь мой твор? - пытаецца Кандрат Кандратавіч.

- Чытала, нават вучыла на памяць байку, - зноў нясмела адказала я.

- О, дык гэта ж добра, што сучасная моладзь чытае мае творы цяпер. Значыць, жыў я ды пісаў недарэмна.

- А чаму Вы сталі пісаць сатырычныя творы? - зноў нясмела пытаюся я.

- Выкрыццё нейкай заганы праз смех, на маю думку, больш дзейснае, чым проста ўказанне на гэтую загану. На такі метад людзі звычайна рэагуюць хутчэй, пагэтаму самыя злосныя парушальнікі дысцыпліны станавіліся героямі маіх баек. Напрыклад, у байцы “ Махальнік Іваноў” я паспрабаваў выкрыць адну з найбольш распаўсюджаных заган чалавечай прыроды - падхалімства. На жаль, гэту рысу характару чалавека даводзіцца часта сустракаць у жыцці. У байцы “Грышча” выкрыў амаральнасць бацькоў, якія паказваюць адмоўны прыклад сваім дзецям:

Вось – забава для вялікіх.

Вось – навука для малых:

Ў самагонцы, скоках дзікіх,

Ў мацюках заместа кніг.

Цікава апісаныя сцэны, жывыя дыялогі прывабліваюць чытача і вымушаюць яго смяяцца. А пасмяяўшыся – задумацца… - сказаў паэт.

- Сапраўды так, смяешся адразу, а пасля задумваешся і разумееш, што гэта смех скрозь слёзы, - згадзілася я. – Прайшло ўжо шмат гадоў з таго часу, калі Вы пісалі байкі, аднак актуальнасць іх не знікла і сёння. Шкада і крыўдна, але ў нашым грамадстве зараз хапае і дыпламаваных бараноў, і махальнікаў івановых, і саманадзейных коней. А пакуль ёсць гэтыя заганы, то не будуць траціць свайго значэння і Вашы байкі. Хай сабе яны і не выкараняць з нашага грамадства пералічаныя недахопы (а мы, праўда, не ўсе пералічылі), аднак не даюць людзям забыцца на тое, што гэтыя з’явы не норма жыцця, з імі трэба змагацца.

- Дзякуй табе, мая дзяўчынка, што ты разгарнула маю кніжку, пагартала старонкі, значыць, нешта карыснае і патрэбнае ўзяла для сябе, - сказалі вочы чалавека, які ўсміхаўся мне з вокладкі кнігі.

… Вяртаюся з задумення. Аказваецца, што Кандрат Крапіва - той чалавек, у творах якога можна знайсці разумныя парады, бо ён жыў клопатам пра здаровае грамадства. Зброяй “пякучага“ і “вострага“ слова ён хацеў “умяшацца ў жыццё і тое-сёе ў ім паправіць”. На вялікі жаль, што яго няма цяпер з намі.



Выйшаўшы з бібліятэкі, я падумала, што трэба часцей туды заходзіць. У наступны раз мая дарога будзе адразу да паліцы, дзе стаяць творы Кандрата Крапівы. Паэт навучыць мяне разумець сапраўднае мастацтва, больш сур’ёзна ставіцца да жыцця, каб “марная трава” не апякла рукі-ногі.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка