Аб выніках правядзення дэкады метадычнага аб’яднання "Класныя кіраўнікі +"




Дата канвертавання27.05.2016
Памер56.28 Kb.


Справаздача

аб выніках правядзення дэкады метадычнага

аб’яднання “Класныя кіраўнікі +”

дзяржаўнай установы адукацыі “Паставіцая сярэдняя школа”

з 22 красавіка па 4 мая 2016 года
З 22 красавіка па 4 мая 2016 года ў школе праводзілася дэкада МА “Класныя кіраўнікі +”. Тэма дэкады: “Фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму як фактар маральнага і фізічнага здароўя навучэнцаў”. У рамках дэкады былі падрыхтаваны і наведаны ўрокі і мерапрыемствы па грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню вучняў.

Мэта правядзення дэкады: павышэнне прафесійнага майстэрства класных кіраўнікоў, распаўсюджванне іх педагагічнага вопыту, фарміраванне ў вучняў грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці.

23 красавіка Ніна Сцяпанаўна Зелянкова прапанавала выхаваўчае мерапрыемства ў сваім 11 класе – “Дзеці Беларусі”. Мэта мерапрыемства: фарміраванне гарамадзянскай пазіцыі, паважлівых адносін да праў іншых людзей, умацаванне нацыянальнай самасвядомасці. Мерапрыемства праводзілася ў форме гульні-практыкуму. У ходзе мерапрыемства навучэнцы ўспомнілі пра свае права і абавязкі. У час гульні вучні былі актыўнымі, хваляваліся за свае адказы. Падабраныя пытанні адпавядалі ўзросту вучняў. Гульня прабудзіла дух спаборніцтва, жаданне перамагчы. Напрыканцы мерапрыемства былі падведзены вынікі, праведзена рэфлексія.

25 красавіка для вучняў была праведзена экскурсія ў школьны музей “Старадарожскі ручнік” вучнямі 6, 10 класаў школы. Падрыхтавала яе класны кіраўнік 6 класа Ірына Канстанцінаўна Каўрэй. У ходзе экскурсіі вучні пазнаёміліся з народнымі ручнікамі, якія знаходзяцца ў музеі, вышытымі ўзорамі, элементамі арнаменту ручнікоў, іх абрадавым выкарыстаннем, навучыліся спазнаваць сімволіку арнаменту старадарожскага ручніка, дзякуючы добра падрыхтаваным экскурсаводам. Навучэнцы 10 і 6 класаў правялі майстар-клас для вучняў школы па ткацтву, вышыўцы. Інфармацыя, якую атрымалі вучні ў ходзе экскурсіі, была змястоўнай і каштоўнай.

Экскурсія была добра прадумана і падрыхтавана, зацікавіла і захапіла дзяцей і іншых прысутных. Дадзенае мерапрыемства садзейнічала патрыятычнаму выхаванню вучняў, пашырыла іх кругагляд, прывабіла ўвагу вучняў да гісторыі свайго края. Прысутныя настаўнікі адзначылі, што экскурсія была вельмі цікавай і карыснай для вучняў.

26 красавіка Аліна Дзмітрыеўна Птуха правяла інтэлектуальны марафон “З любоўю да роднага слова” у 2 класе. Мэта мерапрыемства:далучэнне вучняў да самабытнай беларускай культуры, выхаванне любові і павагі да духоўных скарбаў свайго народа. Вучні ў ходзе марафона ажыццявілі падарожжа па краіне Мовазнавіі. У марафоне ўдзельнічалі дзве каманды, якія спаборнічалі за лепшае веданне беларускіх народных казак, прыкмет, прымавак, загадак і інш. У канцы мерапрыемства дзеці ў ходзе рэфлексіі ўтварылі “паляну мудрасці”. А.Д. Птуха адказна падыйшла да распрацоўкі і правядзення інтэлектуальнага марафона. Змест і ход мерапрыемства былі добра прадуманы. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах марафона.

27 красавіка Осінцаў Артур Валер’евіч правёў у 9 класе час-зносін “Экстрымізм і мая бяспека”. У ходзе выхаваўчага мерапрыемства вучні даведаліся аб розных арганізацыях, якія карыстаюцца неінфармаванасцю, несвядомасцю людзей і ўцягваюць іх у розныя процівапраўныя і небяспечныя дзеянні, былі выпрацаваны парады па паводзінах у гэтых сітуацыях, дзеяннях па захаванню сваёй бяспекі. Навучэнцы былі зацікаўлены пачутым і ўбачаным. Атмасфера ў класе была добразычлівай. Дадзенае выхаваўчае мерапрыемства з мультымедыйным суправаджэннем было метадычна правільна распрацавана і праведзена.

28 красавіка была прапанавана і праведзена Н.У. Мядзведскай, класным кіраўніком 1 класа, конкурсная праграма “Беларуская скарбонка”. Мэта: актуалізацыя ведаў вучняў пра Беларусь, выхаванне любові да Радзімы, яе прыроды, цікавасці да вывучэння роднай мовы. У ходзе мерапрыемства дзеці ўдзельнічалі ў розных конкурсах, слухалі беларускія песні, пазнаёміліся з дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. Падабраныя пытанні адпавядалі ўзросту вучняў. Конкурсная праграма была насычана рознымі звесткамі пра Беларусь. Н.У. Мядзведская ўпэўнена накіроўвала дзяцей. Усё гэта садзейнічала дасягненню мэты мерапрыемства.

28 красавіка Віталіем Іосіфавічам Бурам быў праведзены адкрыты ўрок малявання ў 5 класе “Родныя матывы”. Мэта ўрока: выхаванне павагі і любові да свайго роднага краю, беражлівых адносін да сваёй прыроды, павагі да людзей і да сябе. У ходзе ўрока дзеці ажыццявілі віртуальнае падарожжа па родным мясцінам, з дапамогаю фарбаў выказвалі сваю любоў да роднага краю на лістах альбома малявання. Пры завяршэнні работы (адлюстраванні блізкіх сэрцу родных матываў) была арганізавана выстава гэтых малюнкаў, адзначаны найбольш дасканала выкананыя работы вучняў. Віталій Іосіфавіч вельмі скурпулёзна рыхтаваўся да ўрока, асабліва над вырабам наглядных дапаможнікаў. Дзеці з задавальненнем слухалі тлумачэнні настаўніка і з захапленнем працавалі над сваімі малюнкамі родных матываў. Дадзены ўрок быў добра прадуманы і метадычна правільна пабудаваны.

29 красавіка Ларыса Іванаўна Коршак падрыхтавала і правяла ў 4 класе інтэлектуальную гульню “Знаўца мовы”. Мэта мерапрыемства: выхаванне павагі да Беларусі і беларускай мовы, узбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў. Дзеці разгадвалі крыжаванку “Знаўца правіл”, утваралі са слоў прымаўкі і прыказкі, расшыфроўвалі імёны паэтаў Беларусі, растлумачвалі фразеалагізмы і г. д., каб паказаць свае веды па роднай мове. Напрыканцы мерапрыемства былі падведзены вынікі, праведзена рэфлексія. Дадзенае мерапрыемства было добра прадумана і падрыхтавана.

2 мая 2016 года Наталля Рыгораўна Марчанка, класны кіраўнік 10 класа, правяла інфармацыйную гадзіну “Ці важна быць патрыётам сваёй краіны?”. Дадзенае мерапрыемства садзейнічала выхаванню любові да Радзімы, Айчыны, вызначэнню адносін кожнага вучня да пазіцыі “быць гарамадзянінам”, “быць патрыётам”. На працягу інфармацыйнай гадзіны вучні адказвалі на розныя праблемныя пытанні, разважалі, выказвалі свае думкі наконт разглядаемай тэмы, дзяліліся сваімі ўраджаннямі, замацавалі свае веды аб дзяржаўных сімвалах Беларусі. Было бачна, што закранутая тэма вельмі хвалюе вучняў, цікава ім. Н.Р. Марчанка была добра падрыхтавана, правільна і ўпэўнена накіроўвала дзяцей. Усё гэта садзейнічала дасягненню мэты мерапрыемства.

2 мая Зінаідай Аляксандараўнай Філіпеняй была прапанавана і праведзена інфармацыйная гадзіна “Грамадзянін і грамадзянскасць”. У дадзеным мерапрыемстве ўдзельнічалі вучні 8 класа. Мэта інфармацыйнай гадзіны: знаёмства з паняццямі “грамадзянін” і “грамадзянскасць”, фарміраванне павагі да беларускага народа, выхаванне патрыятызму. У ходзе інфармацыйнай гадзіны вучні пазнаёміліся з дакументамі, якія сведчаць аб асобе чалавека, запісамі, якія зроблены ў пашпарце грамадзяніна Беларусі. Вучням прапанаваліся розныя формы работы: работа са слоўнікам, прагляд нататкі “Грамадзяне старажытных Афін”, работа ў групах: выбар якасцей характара чалавека, якія неабходны сапраўднаму грамадзяніну, разгадванне галаваломкі і г. д.. Выхаваўчае мерапрыемства было метадычна правільна пабудавана, узбуджала вучняў задумацца над сваім месцам у дзяржаве.

4 мая Марына Міхайлаўна Лапанік прапанавала і правяла літаратурна-музыкальную кампазіцыю у 3 класе “Вайны я не ведаю, але помню аб ёй”. Дадзенае мерапрыемства садзейнічала пашырэнню кругагляду вучняў, выхаванню павагі да герояў Вялікай Айчыннай вайны, любові да Радзімы. Мерапрыемства было насычана музыкальнымі запісамі (песні ваенных гадоў), чытаннем вершаў пра вайну, праглядам слайдаў прэзентацыі. На працягу класнай гадзіны вучні пазнаёміліся з падзеямі вайны, абаронцамі Радзімы. Дзеці ўважліва слухалі паведамленне настаўніка, вершы аб вайне. У канцы мерапрыемства вучні ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Мерапрыемства было змястоўным, насычаным, цікавым. М. М. Лапанік адказна падыйшла да падрыхтоўкі занятка.

3 мая ў настаўніцкай была прапанавана выстава метадычных распрацовак, дзе можна было пазнаёміцца з падрыхтаванымі планамі выхаваўчых мерапрыемстваў настаўнікаў школы.

Не ўдзельнічаў у дэкадзе Усік Дзмітрый Іванавіч, па прычыне хваробы.

Адметнай рысай праведзеных мерапрыемстваў было выкарыстанне ІКТ, што гаворыць аб павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў, класных кіраўнікоў у гэтым накірунку работы.

Пасля абмеркавання вынікаў дэкады метадычнага аб’яднання “Класныя кіраўнікі +”, якая праводзілася з 22 красавіка па 4 мая 2016 года настаўнікамі было адзначана, што ўсе выхаваўчыя мерапрыемствы: Н.Р. Марчанка, Н.У. Мядзведскай, Н.С. Зелянковай, С.У. Краснаўцавай, М.М. Лапанік, І.К. Каўрэй, З.А. Філіпені, Л.І. Коршак, В.І. Буры, А.Д. Птухі былі праведзены на высокім метадычным узроўні.
Кіраўнік метадычнага аб’яднання

“Класныя кіраўнікі +” З.А.Філіпеня






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка