Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 7 ліпеня 2004 г. №44 і прызнанні страціўшымі сілу некаторых нарматыўных прававых актаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь




старонка2/5
Дата канвертавання19.03.2016
Памер0.89 Mb.
1   2   3   4   5

ГЛАВА 3

СТРУКТУРА АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЙ УСТАНОВЫ


20. Для ажыццяўлення навучання і выхавання вучняў як правіла аднаго ўзросту па адпаведных вучэбных планах і вучэбных праграмах вучні ў агульнаадукацыйных установах аб’ядноўваюцца ў класы.

21. У агульнаадукацыйнай установе могуць стварацца:

класы, у якіх вывучэнне асобных вучэбных прадметаў ажыццяўляецца на павышаным і (або) паглыбленым узроўнях;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне спецыяльных вучэбных прадметаў мастацка-эстэтычнай накіраванасці;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне спецыяльных вучэбных прадметаў спартыўнай накіраванасці;

класы, у якіх ажыццяўляецца профільнае навучанне (профільныя класы);

класы, у якіх навучанне ажыццяўляецца па вучэбных планах гімназій (гімназічныя класы);

класы, у якіх навучанне ажыццяўляецца па вучэбных планах ліцэяў (ліцэйскія класы);

класы, у якіх навучанне ажыццяўляецца па вучэбных планах вячэрняй (зменнай) школы;

спецыяльныя класы для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця;

класы інтэграванага (сумеснага) навучання і выхавання для сумеснага навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і асоб, якія не маюць фізічных і (або) псіхічных парушэнняў.

22. Парадак стварэння і асаблівасці функцыянавання класаў, вызначаных у пункце 21 гэтага Палажэння вызначаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

23. Для аказання ўсебаковай дапамогі сям’і ў навучанні і выхаванні дзяцей, стварэння ўмоў для развіцця творчых здольнасцей дзяцей, іх удзелу ў пазакласнай і пазашкольнай дзейнасці, ў агульнаадукацыйных установах пры ажыццяўленні імі навучання і выхавання на I і II ступенях агульнай сярэдняй адукацыі могуць стварацца групы падоўжанага дня.

Парадак адкрыцця, камплектавання, арганізацыі дзейнасці груп падоўжанага дня агульнаадукацыйнай установы вызначаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

24. У агульнаадукацыйных установах могуць адкрывацца вучэбна-кансультацыйныя пункты, пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, інтэрнаты (акрамя школ-інтэрнатаў, санаторных школ-інтэрнатаў, спецыяльных школ закрытага тыпу, спецыяльных агульнаадукацыйных школ (школ-інтэрнатаў)).

 Агульнаадукацыйныя ўстановы могуць мець вучэбна-вопытныя ўчасткі (гаспадаркі), школьныя і міжшкольныя вучэбна-вытворчыя майстэрні, школьныя вучэбна-вытворчыя камбінаты працоўнага навучання і прафесіянальнай арыентацыі, цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі і іншыя вучэбна-вытворчыя аб’екты, якія забяспечваюць рэалізацыю задач і статутных мэтаў агульнаадукацыйнай установы.
ГЛАВА 4

МОВЫ НАВУЧАННЯ І ВЫХАВАННЯ

Ў АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНЫХ УСТАНОВАХ
25. Навучанне і выхаванне ў агульнаадукацыйных установах ажыццяўляецца на беларускай і (або) рускай мовах.

26. Асноўная мова навучання і выхавання ў агульнаадукацыйнай установе (беларуская або руская) вызначаецца яе заснавальнікам з улікам пажаданняў вучняў і іх законных прадстаўнікоў.

27. Абласныя выканаўчыя камітэты, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт на падставе вывучэння прапаноў аддзелаў (упраўленняў) адукацыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і заяў законных прадстаўнікоў вучняў могуць прыняць рашэнне аб стварэнні агульнаадукацыйнай установы або класаў у агульнаадукацыйных установах, навучанне і выхаванне ў якіх ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці.

Законныя прадстаўнікі дзяцей, якія жадаюць, каб іх дзеці, пачынаючы з I класа, навучаліся ў агульнаадукацыйнай установе або класе ў агульнаадукацыйнай установе, навучанне і выхаванне ў якіх ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці, падаюць да 25 мая заяву ў аддзел (упраўленне) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, на тэрыторыі якога яны пражываюць.

28. Абласныя выканаўчыя камітэты, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт рашэнне аб адкрыцці агульнаадукацыйнай установы або класаў у агульнаадукацыйнай установе, навучанне і выхаванне ў якіх ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці, прымаюць па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

29. У агульнаадукацыйных установах вывучэнне беларускай, рускай і адной з замежных моў з’яўляецца абавязковым, за выключэннем асоб з парушэннем слыху і асоб з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Вывучэнне беларускай (рускай) і замежнай моў асобамі з парушэннем слыху і асобамі з цяжкімі парушэннямі маўлення, якія навучаюцца на рускай (беларускай) мове, арганізуецца па жаданні законных прадстаўнікоў вучняў.

30. Абавязковая для вывучэння ў агульнаадукацыйнай установе замежная мова вызначаецца яе заснавальнікам з улікам патрэб дзяржавы і магчымасцей агульнаадукацыйнай установы.

31. Парадак вывучэння беларускай і (або) рускай моў вучнямі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, вызначаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 5

ТЫПАВЫЯ ВУЧЭБНЫЯ ПЛАНЫ І ВУЧЭБНЫЯ ПРАГРАМЫ


32. Для арганізацыі адукацыйнага працэсу ў агульнаадукацыйных установах распрацоўваюцца:

тыпавы вучэбны план;

тыпавыя вучэбныя планы на бягучы навучальны год для ўсіх тыпаў навучальных устаноў (далей – тыпавыя вучэбныя планы на бягучы навучальны год).

33. Тыпавы вучэбны план распрацоўваецца адзін раз у дванаццать гадоў з мэтай забеспячэння паступовага пераходу агульнаадукацыйных устаноў усіх тыпаў на новы і абнаўлёны змест агульнай сярэдняй адукацыі і з’яўляецца асновай для распрацоўкі тыпавых вучэбных планаў на бягучы навучальны год.

34. Структура тыпавога вучэбнага плана, які распрацоўваецца адзін раз у дванаццаць гадоў, складаецца з дзяржаўнага кампанента і кампанента агульнаадукацыйнай установы.

Дзяржаўны кампанент тыпавога вучэбнага плана забяспечвае адзіныя патрабаванні да аб’ёму вучэбнай нагрузкі пры вывучэнні вучэбных прадметаў на базавым, павышаным, паглыбленым узроўнях, устанаўлівае абавязковую тыднёвую колькасць гадзін па класах на аднаго вучня пры вывучэнні ўсіх вучэбных прадметаў на базавым узроўні, максімальную вучэбную нагрузку на аднаго вучня.

Кампанент агульнаадукацыйнай установы вучэбнага плана забяспечвае стварэнне ўмоў для арганізацыі варыятыўнага навучання з улікам індывідуальных патрэб, здольнасцей і запытаў вучняў, тыпу і магчымасцей агульнаадукацыйнай установы.

Кампанент агульнаадукацыйнай установы не з’яўляецца абавязковым для ўсіх вучняў. Пры правядзенні заняткаў з ліку вучэбных гадзін кампанента агульнаадукацыйнай установы неабходна прадугледжваць максімальна дапушчальную вучэбную нагрузку на аднаго вучня.

35. Тыпавыя вучэбныя планы на бягучы навучальны год распрацоўваюцца на падставе тыпавога вучэбнага плана і з’яўляюцца асновай для распрацоўкі вучэбных планаў агульнаадукацыйнымі ўстановамі на бягучы навучальны год.

Да тыпавых вучэбных планаў на бягучы навучальны год распрацоўваецца тлумачальная запіска па арганізацыі адукацыйнага працэсу.

36. У структуры тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год для пачатковай школы, базавай школы, сярэдняй школы, вячэрняй (зменнай) школы, гімназіі, ліцэя, школы-інтэрната, вучэбна-педагагічнага комлекса пры ажыццяўленні імі навучання і выхавання на ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, выдзеляюцца дзяржаўны кампанент і кампанент агульнаадукацыйнай установы.

У структуры тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год для санаторнай школы-інтэрната выдзеляюцца дзяржаўны кампанент, кампанент агульнаадукацыйнай установы і карэкцыйна-рэабілітацыйны кампанент.

У структуры тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год для спецыяльнай школы закрытага тыпу выдзеляюцца дзяржаўны кампанент, кампанент агульнаадукацыйнай установы і вытворчы кампанент.

У структуры тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год для спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы (школы-інтэрната) выдзеляюцца дзяржаўны кампанент, кампанент агульнаадукацыйнай установы і карэкцыйны кампанент.

37. Дзяржаўны кампанент тыпавых вучэбных планаў на бягучы навучальны год:

вызначае пералік вучэбных прадметаў, абавязковых для вывучэння ў агульнаадукацыйных установах;

устанаўлівае тыднёвую колькасць вучэбных гадзін па класах на вывучэнне вучэбных прадметаў на базавым, павышаным, паглыбленым узроўнях;

устанаўлівае абавязковую тыднёвую колькасць гадзін па класах на аднаго вучня пры вывучэнні ўсіх вучэбных прадметаў на базавым узроўні, максімальную вучэбную нагрузку на аднаго вучня.

38. Кампанент агульнаадукацыйных устаноў тыпавых вучэбных планаў на бягучы навучальны год забяспечвае варыатыўнасць і асобасную арыентацыю адукацыйнага працэсу з улікам умоў і магчымасцей кожнай агульнаадукацыйнай установы.

Вучэбныя гадзіны кампанента агульнаадукацыйнай установы тыпавых вучэбных планаў на бягучы навучальны год выкарыстоўваюцца для:

вывучэння:

асобных вучэбных прадметаў на павышаным і (або) паглыбленым узроўнях;

спецыяльных вучэбных прадметаў мастацка-эстэтычнай накіраванасці;

вучэбных прадметаў, якія не ўваходзяць у дзяржаўны кампанент тыпавога вучэбнага плана;

правядзення:

стымулюючых, падтрымліваючых заняткаў у I – XII (XIII) класах;

заняткаў па інтарэсах у I – IV класах;

факультатыўных заняткаў у V – VII класах;

курсаў па выбары ў VIII – XII (XIII класах);

грамадска-карыснай працы ў III – XII класах;

кансультацый для вучняў вячэрніх (зменных) школ.

39. Стымулюючыя заняткі – форма арганізацыі адукацыйнага працэсу ў пазаўрочны час з найбольш здольнымі вучнямі.

40. Падтрымліваючыя заняткі – форма арганізацыі адукацыйнага працэсу ў пазаўрочны час з вучнямі, якія адчуваюць часовыя цяжкасці ў вывучэнні асобных вучэбных прадметаў.

41. Заняткі па інтарэсах – форма арганізацыі адукацыйнага працэсу ў пазаўрочны час, накіраваная на развіццё інтарэсаў вучняў да вучэбнай і пазнавальнай дзейнасці, развіццё іх здольнасцей і схільнасцей, набыццё імі першапачатковага вопыту ўдзелу ў розных відах пазнавальнай дзейнасці.

42. Факультатыўныя заняткі – форма арганізацыі адукацыйнага працэсу ў пазаўрочны час, накіраваная на пашырэнне і паглыбленне ведаў вучняў па вучэбных прадметах у адпаведнасці з іх запытамі, здольнасцямі і схільнасцямі, павышэнне актыўнасці іх пазнавальнай дзейнасці, а таксама на падрыхтоўку да выбару вывучэння асобных вучэбных прадметаў на павышаным і (або) паглыбленым узроўнях.

43. Курсы па выбару – форма арганізацыі адукацыйнага працэсу ў пазаўрочны час, накіраваная як на пашырэнне, паглыбленне і сістэматызацыю ведаў вучняў па вучэбных прадметах, так і на падрыхтоўку вучняў да прафесіянальнага самавызначэння і прадаўжэння адукацыі ў адпаведнасці з выбраным профілем навучання.

44. Кансультацыі для вучняў вячэрніх (зменных) школ – форма арганізацыі адукацыйнага працэсу ў пазаўрочны час з вучнямі, якія па ўважлівых прычынах адсутнічалі на ўроках і адчуваюць часовыя цяжкасці ў вывучэнні асобных вучэбных прадметаў.

45. Грамадска-карысная праца – форма арганізацыі адукацыйнага працэсу ў пазаўрочны час з вучнямі з мэтай прывіцця навыкаў самаабслугоўвання і працоўнай дзейнасці.

46. Кампанент агульнаадукацыйнай установы тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год вызначаецца і размяркоўваецца педагагічным саветам агульнаадукацыйнай установы, зыходзячы з розніцы паміж агульнай колькасцью вучэбных гадзін, якія фінансуюцца з бюджэту, і колькасцю вучэбных гадзін дзяржаўнага кампанента тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год.

47. Карэкцыйна-рэабілітацыйны кампанент тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год для санаторнай школы-інтэрната вызначае абавязковыя вучэбныя гадзіны на правядзенне заняткаў па рухальнай рэабілітацыі і, пры наяўнасці ўмоў, – лячэбным плаванні.

48. Карэкцыйны кампанент тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год для спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы (школы-інтэрната) змяшчае спецыяльныя прадметы, якія накіраваны на выпраўленне або кампенсацыю парушэнняў маўленчага развіцця, развіццё пазнавальнай дзейнасці, агульнай маторыкі.

49. Вытворчы кампанент тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год для спецыяльнай школы закрытага тыпу вызначае абавязковыя вучэбныя гадзіны на грамадска-карысную і вытворчую працу.

50.  Тлумачальная запіска па арганізацыі адукацыйнага працэсу вызначае:

працягласць навучальнага года;

тэрміны правядзення канікул на працягу навучальнага года, у тым ліку дадатковых канікул для вучняў I і II класаў;

тэрміны правядзення выпускных экзаменаў за перыяд навучання на ўзроўнях агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі;

патрабаванні да рэжыму функцыянавання агульнаадукацыйных устаноў;

парадак фарміравання груп для правядзення стымулюючых, падтрымліваючых заняткаў, арганізацыі заняткаў па інтарэсах, факультатыўных заняткаў, курсаў па выбары;

парадак арганізацыі грамадска карыснай працы, вучэбна-палявых збораў і медыцынскай практыкі, працоўнай практыкі, прафесіянальнай падрыхтоўкі вучняў;

асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу па асобных вучэбных прадметах, спецыяльных вучэбных прадметах мастацка-эстэтычнай, спартыўнай накіраванасці;

парадак дзялення класа на групы пры вывучэнні асобных вучэбных прадметаў;

асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў асобных тыпах агульнаадукацыйных устаноў;

асаблівасці адукацыйнага працэсу пры навучанні і выхаванні вучняў дома, ва умовах арганізацый аховы здароўя, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях.

51. Для вывучэння вучэбных прадметаў дзяржаўнага кампанента тыпавых вучэбных планаў на бягучы навучальны год, вучэбных прадметаў, якія не ўваходзяць у дзяржаўны кампанент тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год, правядзення ў межах вучэбных гадзін кампанента агульнаадукацыйнай установы тыпавога вучэбнага плана на бягучы навучальны год абавязковых урокаў па асновах бяспекі жыццядзейнасці, радыяцыйнай бяспецы, бібліятэчна-бібліяграфічнай культуры, а таксама заняткаў па інтарэсах, факультатыўных заняткаў, курсаў па выбары распрацоўваюцца вучэбныя праграмы.

Вучэбныя праграмы зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

52. Тыпавыя вучэбныя планы агульнаадукацыйных устаноў на бягучы навучальны год, вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах дзяржаўнага кампанента распрацоўваюцца на падставе адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі.

53. Тыпавыя вучэбныя планы агульнаадукацыйных устаноў, якія распрацоўваюцца адзін раз у дванаццаць гадоў, тыпавыя вучэбныя планы агульнаадукацыйных устаноў на бягучы навучальны год зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 6

АСАБЛІВАСЦІ НАВУЧАННЯ

ПА ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ВУЧЭБНЫХ ПЛАНАХ
54. У агульнаадукацыйных установах дапускаецца навучанне вучняў па індывідуальных вучэбных планах.

55. Пры арганізацыі навучання па індывідуальным вучэбным плане вучню дазваляецца вывучаць самастойна ўсе або асобныя вучэбныя прадметы, прадугледжаныя індывідуальным вучэбным планам.

56. Для вырашэння пытання аб пераводзе вучня на навучанне па індывідуальным вучэбным плане яго законныя прадстаўнікі як правіла да 31 жніўня падаюць заяву на імя кіраўніка агульнаадукацыйнай установы.

57. Рашэнне аб пераводзе вучня на навучанне па iндывiдуальным вучэбным плане, аб парадку і формах правядзення прамежкавай атэстацыі (за чвэрць, трыместр або паўгоддзе) па вучэбных прадметах, якія вучань вывучае самастойна ў межах індывідуальнага вучэбнага плана, прымаецца педагагічным саветам агульнаадукацыйнай установы, зацвярджаецца загадам яе кіраўніка і даводзіцца да ведама вучня і яго законных прадстаўнікоў.

58. Індывідуальныя вучэбныя планы распрацоўваюцца агульнаадукацыйнай установай у адпаведнасці з вучэбнымі планамі агульнаадукацыйнай установы на бягучы навучальны год і (або) тыпавымі вучэбнымі планамі на бягучы навучальны год для адпаведнага тыпу агульнаадукацыйнай установы па ўзгадненні з законнымі прадстаўнікамі вучняў.

Індывідуальныя вучэбныя планы зацвярджаюцца кіраўніком агульнаадукацыйнай установы.

59. Вучань, якi навучаецца па iндывiдуальным вучэбным плане, лiчыцца ў спiсах вучняў агульнаадукацыйнай установы. У класным журнале ў графах аб наведваннi вучнямi ўрокаў па вучэбных прадметах (прадмеце), якія ён вывучае самастойна, робiцца запiс – ”навучаецца па індывідуальным вучэбным плане“.

60. Навучанне вучня па iндывiдуальным вучэбным плане можа быць спынена:

па заяве яго законных прадстаўнiкоў;

па рашэнні педагагічнага савета агульнаадукацыйнай установы, калі вучань атрымаў гадавую адзнаку ”0“ балаў па адным з вучэбных прадметаў, які ён вывучаў самастойна.

61. Рашэнне педагагiчнага савета аб спыненні навучання вучня па індывідуальным вучэбным плане, зацвярджаецца загадам кіраўніка агульнаадукацыйнай установы, які ў тыднёвы тэрмiн даводзiцца да ведама вучня i яго законных прадстаўнiкоў.
ГЛАВА 7

АРГАНІЗАЦЫЯ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ


62. Адукацыйны працэс у агульнаадукацыйных установах павінен забяспечыць ахову здароўя вучняў, падтрыманне іх працаздольнасці на працягу вучэбнага дня, вучэбнага тыдня, навучальнага года, неабходную рухальную актыўнасць, развіццё індывідуальных здольнасцей па інтарэсах.

63. Для арганізацыі адукацыйнага працэсу агульнаадукацыйныя ўстановы:

вызначаюць структуру навучальнага года па чвэрцях, трыместрах або паўгоддзях з улікам патрабаванняў санітарных нормаў, правіл, гігіенічных нарматываў;

распрацоўваюць вучэбныя планы агульнаадукацыйнай установы на бягучы навучальны год на падставе тыпавых вучэбных планаў на бягучы навучальны год і тлучамальнай запіскі па арганізацыі адукацыйнага працэсу;

выкарыстоўваюць вучэбныя праграмы, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

64. Структура навучальнага года ўзгадняецца агульнаадукацыйнай установай з адпаведным мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і тэрытарыяльным органам дзяржаўнага санітарнага нагляду.

65. Вучэбныя планы зацвярджаюцца кіраўніком агульнаадукацыйнай установы па ўзгадненні:

для дзяржаўных агульнаадукацыйных устаноў – з дзяржаўным органам кіравання адукацыяй, якому падпарадкавана агульнаадукацыйная ўстанова;

для прыватных агульнаадукацыйных устаноў – з аддзелам (упраўленнем) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа па месцы знаходжання агульнаадукацыйнай установы.

66. Штодзённая колькасць урокаў у агульнаадукацыйнай установе і іх паслядоўнасць вызначаецца раскладам урокаў, які складаецца з улікам патрабаванняў санiтарных правiлаў, нормаў, гігіенічных нарматываў. Расклад урокаў зацвярджаецца кіраўніком агульнаадукацыйнай установы.

Абавязковыя ўрокі па асновах бяспекі жыццядзейнасці, радыяцыйнай бяспецы, бібліятэчна-бібліяграфічнай культуры, а таксама стымулюючыя, падтрымліваючыя заняткі, заняткі па інтарэсах, факультатыўныя заняткі, курсы па выбары праводзяцца ў адпаведнасці з раскладами, якiя зацвярджаецца кіраўніком агульнаадукацыйнай установы.

67. Працягласць перапынкаў памiж урокамі вызначаецца зыходзячы з канкрэтных умоў працы агульнаадукацыйнай установы, неабходнасцi забеспячэння арганiзацыi харчавання вучняў i iх адпачынку ў адпаведнасцi з патрабаваннямi санiтарных правiлаў, нормаў, гігіенічных нарматываў.

68. Патрабаванні да фарміравання вуснай і пісьмовай мовы вучняў агульнаадукацыйных устаноў, правядзення, праверкі і ацэньвання навучальных і кантрольных работ, якія праводзяцца ў пісьмовай форме, прыкладная колькасць і аб’ём кантрольных работ, парадак вядзення і афармлення сшыткаў, рэфератаў, дзеннікаў і класных журналаў вызначаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

69. Вынікі вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбных прадметах, паводзіны вучняў агульнаадукацыйных устаноў ацэньваюцца пры правядзенні іх атэстацыі.

Парадак і формы правядзення атэстацыі вучняў агульнаадукацыйных устаноў, пераводу іх у наступны клас, перагляду станоўчай гадавой адзнакі, вызвалення ад выпускных экзаменаў, допуску да выпускных экзаменаў, арганізацыі выпускных экзаменаў і выпуску вучняў агульнаадукацыйных устаноў вызначаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Пералік захворванняў, якія з’яўляюцца падставай для вызвалення вучняў агульнаадукацыйных устаноў ад выпускных экзаменаў за перыяд навучання на ўзроўнях агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі, вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

70. Вучэбныя дасягненні вучняў на занятках па інтарэсах, факультатыўных занятках, курсах па выбары ацэньваюцца слоўна на змястоўна-ацэначнай аснове без выстаўлення адзнак.
ГЛАВА 8

АСАБЛІВАСЦІ ПЕРАВОДУ Ў НАСТУПНЫ КЛАС АСОБНЫХ ВУЧНЯЎ


71. З мэтай вырашэння пытання аб датэрміновым пераводзе ў наступны клас вучня агульнаадукацыйнай установы, які самастойна засвоiў матэрыял, прадугледжаны вучэбнымi праграмамi па ўсіх вучэбных прадметах адпаведнага класа, або вучня, які навучаецца па індывідуальным вучэбным плане, агульнаадукацыйным установам дазваляецца на працягу першага месяца навучальнага года праводзіць выніковую атэстацыю за год.

72. Для вырашэння пытання аб пераводзе вучня ў наступны клас яго законныя прадстаўнікі падаюць да 10 верасня заяву на імя кіраўніка агульнаадукацыйнай установы.

73. Для правядзення выніковай атэстацыі за год вучняў, азначаных у пункце 71 гэтага Палажэння, загадам кіраўніка агульнаадукацыйнай установы ствараецца камісія ў складзе кіраўніка агульнаадукацыйнай установы або яго намесніка па асноўнай дзейнасці (старшыня камісіі) і педагагічных работнікаў, якія выкладаюць адпаведныя вучэбныя прадметы.

74. Камiсiя:

вызначае формы і тэрміны правядзення выніковай атэстацыi за год па кожным вучэбным прадмеце;

распрацоўвае матэрыялы для правядзення выніковай атэстацыі за год у адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі па вучэбных прадметах.

Матэрыялы для правядзення выніковай атэстацыі за год зацвярджаюцца старшынёй камісіі.

75. Расклад правядзення выніковай атэстацыi за год зацвярджаецца кіраўніком агульнаадукацыйнай установы і даводзіцца да вучняў і іх законных прадстаўнікоў не пазней, чым за тыдзень да яе правядзення.

76. Вынікі правядзення выніковай атэстацыі за год па кожным вучэбным прадмеце ўносяцца ў пратаколы.

77. Правядзенне паўторнай выніковай атэстацыi за год не дазваляецца.

78. Рашэнне аб пераводзе вучняў у наступны клас на падставе пратаколаў камісіі прымаецца педагагічным саветам агульнаадукацыйнай установы, зацвярджаецца загадам кіраўніка агульнаадукацыйнай установы і даводзіцца да ведама вучняў і іх законных прадстаўнікоў да 1 кастрычніка.

У класным журнале i iншай дакументацыi агульнаадукацыйнай установы робяцца адпаведныя запiсы.


ГЛАВА 9

ПАЗАКЛАСНАЯ І ПАЗАШКОЛЬНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ У АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЙ УСТАНОВЕ


79. Асноўнай формай арганізацыі пазакласнай і пазашкольнай дзейнасці ў агульнаадукацыйнай установе з’яўляюцца заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах.

Аб’яднанне па інтарэсах – аб’яднанне вучняў аднаго або рознага ўзросту на падставе агульнага інтарэсу да канкрэтнага накірунку дзейнасці.

80. Да аб’яднанняў па інтарэсах адносяцца гурток, клуб, секцыя, студыя, майстэрня, лабараторыя, тэатр, школа юных, навуковае таварыства і іншыя аб’яднанні па інтарэсах.

81. Аб’яднанні па інтарэсах ствараюцца ў адпаведнасці з інтарэсамі вучняў, пажаданнямі іх законных прадстаўнікоў, а таксама з улікам магчымасцей агульнаадукацыйнай установы, устаноў, якія забяспечваюць пазашкольнае выхаванне і навучанне.

82. Змест дзейнасці аб’яднання па інтарэсах вызначаецца кіраўніком гуртка, клуба, секцыі, студыі, майстэрні, лабараторыі, тэатра, школы юных, навуковага таварыства і іншых аб’яднанняў па інтарэсах, якія прадугледжаны статутам агульнаадукацыйнай установы, з улікам навучальна-выхаваўчых праграм.

83. Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах вядуцца па навучальна-выхаваўчых праграмах, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У асобных выпадках у агульнаадукацыйнай установе па некаторых профілях дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах праграмы могуць быць складзены іх кіраўнікамі, творчымі, навуковымі, педагагічнымі работнікамі, якія ўзгадняюцца педагагічным саветам і зацвярджаюцца кіраўніком агульнаадукацыйнай установы.

84. Напаўняльнасць аб’яднанняў па інтарэсах, асаблівасці іх работы такія ж, як і пры арганізацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах ва ўстановах, якія забяспечваюць пазашкольнае выхаванне і навучанне.

85. Аб’яднанні па інтарэсах фарміруюцца на падставе заяў вучняў (іх законных прадстаўнікоў) на імя кіраўніка агульнаадукацыйнай установы, а таксама з улікам здароўя вучняў.

86. Дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах ажыццяўляецца па раскладзе, які зацвярджаецца кіраўніком агульнаадукацыйнай установы.

87. Аб’яднанні па інтарэсах у агульнаадукацыйных установах могуць быць арганізаваны ўстановамі, якія забяспечваюць пазашкольнае выхаванне і навучанне, у парадку і ва ўмовах, якія вызначаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

88. Агульнаадукацыйная ўстанова ў працэсе ажыццяўлення пазакласнай і пазашкольнай дзейнасці можа праводзіць конкурсы, фестывалі, форумы, алімпіяды, спаборніцтвы, злёты, канферэнцыі, выставы, экспедыцыі, паходы і іншыя мерапрыемствы.


ГЛАВА 10

ПАДРЫХТОЎКА ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ ДА НАВУЧАННЯ Ў АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЙ УСТАНОВЕ


89. Па жаданні законных прадстаўнікоў дзяцей дашкольнага ўзросту, у тым ліку дзяцей, якія не наведваюць дашкольныя ўстановы, у агульнаадукацыйнай установе можа ажыццяўляцца падрыхтоўка іх дзяцей да навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

90. Падрыхтоўка дзяцей дашкольнага ўзросту да навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца ў агульнаадукацыйнай установе на спецыяльна арганізаваных занятках з дзецьмі (далей – заняткі), а таксама праз аказанне законным прадстаўнікам дзяцей кансультацыйнай дапамогі (далей – кансультацыі).

91. Правядзенне заняткаў, кансультацый накіравана на забеспячэнне сацыялізацыі дзяцей у калектыве аднагодак і дарослых, фарміраванне асноў гатоўнасці да навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Заняткі і кансультацыі праводзяцца ў адпаведнасці з вучэбным планам і па вучэбнай праграме, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

92. Для правядзення заняткаў фарміруюцца групы, напаўняльнасць якіх складае не больш за 20 дзяцей.

93. Заняткі і кансультацыі праводзяцца ў час канікул, у тым ліку і летніх канікул.

Тэрміны і працягласць іх правядзення, колькасць груп вызначаюцца агульнаадукацыйнай установай.

94. Расклад заняткаў, правядзення кансультацый зацвярджаецца кіраўніком агульнаадукацыйнай установы і даводзіцца да ведама законных прадстаўнікоў дзяцей.

95. Заняткі, кансультацыі праводзяць педагагічныя работнікі агульнаадукацыйнай установы ў межах іх працоўнага часу з улікам устаноўленага аб’ёму педагагічнай работы.
ГЛАВА 11

АГУЛЬНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ПРЫЁМУ, ПЕРАВОДУ І АДЛІЧЭННЮ ВУЧНЯЎ АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНЫХ УСТАНОЎ


96. Кожны грамадзянін мае права звярнуцца за атрыманнем адукацыі ў любую агульнаадукацыйную ўстанову, якая павінна разглядзець зварот у адпаведнасці з правіламі прыёму.

  Прыём дзяцей у агульнаадукацыйную ўстанову, за выключэннем прыёму ў гімназію, гімназію-каледж мастацтваў, лінгвістычную гімназію-каледж, ліцэй, ажыццяўляецца без уступных іспытаў.

97. У I клас дзяржаўных агульнаадукацыйных устаноў, за выключэннем сярэдніх школ-каледжаў мастацтваў, школ-інтэрнатаў, санаторных школ-інтэрнатаў, якія размешчаны ў гарадах і пасёлкаў гарадскога тыпу, якія з’яўляюцца цэнтрамі раёнаў, прымаюцца ў першую чаргу дзеці, якія пражываюць на тэрыторыі мікрараёнаў, замацаваных за гэтымі агульнаадукацыйнымі установамі рашэннямі гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў і мясцовых адміністрацый.

Дзеці, якія не пражываюць на тэрыторыі мікрараёнаў, якія замацаваны за гэтымі агульнаадукацыйнымі установамі, могуць быць залічаны ў гэтыя агульнаадукацыйныя ўстановы пры наяўнасці ў іх свабодных вучнёўскіх месцаў. Залічэнне на свабодныя вучнёўскія месцы агульнаадукацыйныя ўстановы ажыцяўляюць у парадку чарговасці падачы заявы законнымі прадстаўнікамі вучняў.

У I клас дзяржаўных агульнаадукацыйных устаноў, за выключэннем сярэдніх школ-каледжаў мастацтваў, школ-інтэрнатаў, санаторных школ-інтэрнатаў, якія размешчаны ў сельскіх населеных пунктах і пасёлках гарадскога тыпу, якія не з’яўляюцца цэнтрам раёнаў, прымаюцца дзеці, якія пражываюць на тэрыторыі населеных пунктаў, замацаваных за гэтымі агульнаадукацыйнымі установамі рашэннямі сельскіх (пасялковых) выканаўчых камітэтаў

98. Прыём у школу-інтэрнат, санаторную школу-інтэрнат, вячэрнюю (зменную) школу, гімназію, гімназію-каледж мастацтваў, лінгвістычную гімназію-каледж, сярэднюю школу-каледж мастацтваў, ліцэй ажыццяўляецца ў адпаведнасці з плануемым іх заснавальнікамі кантынгентам вучняў (далей – кантрольныя лічбы прыёму).

Кантрольныя лічбы прыёму плануюцца з улікам напаўняльнасці класаў і колькасці вучнёўскіх месцаў.

99. Прыём дзяцей у I клас ажыццяўляецца з шасці гадоў або больш старэйшага ўзросту.

100. Для прыёму дзяцей ў I клас у агульнаадукацыйную ўстанову законныя прадстаўнікі ў перыяд з 1 чэрвеня па 28 жніўня падаюць заяву на імя кіраўніка агульнаадукацыйнай установы і прадастаўляюць наступныя дакументы:

копію пасведчання аб нараджэнні дзіцяці;

даведку аб стане здароўя дзіцяці.

101. Рашэнне аб залічэнні дзяцей у агульнаадукацыйную ўстанову для навучання ў I класе афармляецца загадам кіраўніка агульнаадукацыйнай установы не пазней за 31 жніўня і даводзіцца да іх законных прадстаўнікоў.

102. Прыём у парадку пераводу вучня з адной агульнаадукацыйнай установы ў іншую для навучання ў адпаведным класе на I і II ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, за выключэннем гімназіі, гімназіі-каледжа мастацтваў, лінгвістычнай гімназіі-каледжа, ліцэя, ажыццяўляецца на падставе заявы яго законных прадстаўнікоў.

Агульнаадукацыйная ўстанова, дзе навучаўся вучань, не павінна перашкаджаць пераводу вучня ў іншую агульнаадукацыйную ўстанову.

103. Для залічэння ў агульнаадукацыйную ўстанову ў парадку пераводу, за выключэннем гімназіі, гімназіі-каледжа мастацтваў, лінгвістычнай гімназіі-каледжа, ліцэя, законныя прадстаўнікі вучня разам з заявай на імя кіраўніка агульнаадукацыйнай установы прадастаўляюць наступныя дакументы:

асабовую картку вучня;

даведку аб стане здароўя дзіцяці.

104. Рашэнне аб залічэнні вучня ў агульнаадукацыйную ўстанову ў парадку пераводу для навучання ў адпаведным класе афармляецца загадам кіраўніка агульнаадукацыйнай установы не пазней за тры дні з дня падачы заявы і даводзіцца да законных прадстаўнікоў вучня.

105. Прыём асоб у агульнаадукацыйныя ўстановы для навучання ў адпаведным класе на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, за выключэннем прыёму ў ліцэй, ажыццяўляецца на падставе заявы на імя кіраўніка агульнаадукацыйнай установы і наступных дакументаў:

пасведчання аб агульнай базавай адукацыі;

даведкі аб паспяховасці, даведкі аб навучанні (акадэмічнай даведкі) – для асоб, адлічаных з устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі;

даведкі аб стане здароўя дзіцяці.

106. Рашэнне аб залічэнні асоб у агульнаадукацыйныя ўстановы для навучання ў адпаведным класе на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі афармляецца загадам кіраўніка агульнаадукацыйнай установы не пазней за 31 жніўня, а асоб, адлічаных з устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі, не пазней трох дзён з дня падачы заявы і даводзіцца да іх законных прадстаўнікоў.

107. Перавод вучняў у iншыя агульнаадукацыйныя ўстановы ў выпадку рэарганізацыі, ліквідацыі або адмовы ў дзяржаўнай акрэдытацыі агульнаадукацыйнай установы, забяспечваецца заснавальнікам са згоды законных прадстаўнiкоў вучняў i па ўзгадненнi з агульнаадукацыйнымі установамі, у якія пераводзяцца вучнi.

108. Вучні адлічваюцца з агульнаадукацыйнай установы:

у сувязі з завяршэннем навучання ў агульнаадукацыйнай установе;

у сувязі з пераводам у іншыя агульнаадукацыйныя ўстановы або ва ўстановы, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі;

па асабістым жаданні ў сувязі з пераходам на самастойную форму атрымання адукацыі;

за непаспяховасць, сістэматычнае парушэнне вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку агульнаадукацыйнай установы пры навучанні на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

109. Рашэнне аб адлічэнні вучняў з агульнаадукацыйнай установы на падставах, якія вызначаны абзацами другім і пятым пункта 108 гэтага Палажэння, прымаецца педагагічным саветам агульнаадукацыйнай установы.

Рашэнне педагагічнага савета агульнаадукацыйнай установы аб адлічэнні з III ступені агульнай сярэдняй адукацыі непаўналетняга вучня за непаспяховасць, сістэматычнае парушэнне вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку агульнаадукацыйнай установы прымаецца па ўзгадненні з адпаведнай тэрытарыяльнай камісіяй па справах непаўналетніх.

Рашэнне педагагічнага савета агульнаадукацыйнай установы аб адлічэнні з III ступені агульнай сярэдняй адукацыі дзіцяці-сіроты і дзіцяці, які застаўся без апекі бацькоў, за непаспяховасць, сістэматычнае парушэнне вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку агульнаадукацыйнай установы прымаецца па ўзгадненні з органам апекі і папячыцельства па месцы жыхарства вучня.

110. Адлічэнне вучняў з агульнаадукацыйнай установы афармляецца загадам яе кіраўніка з указаннем падставы і даводзіцца да законных прадстаўнікоў вучняў, аддзелаў (упраўленняў) адукацыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, на тэрыторыі якіх знаходзіцца агульнаадукацыйная ўстанова.

ГЛАВА 12


АСАБЛІВАСЦІ ФУНКЦЫЯНАВАННЯ ПАЧАТКОВАЙ ШКОЛЫ
111. Пачатковая школа – агульнаадукацыйная ўстанова, якая ажыццяўляе навучанне і выхаванне на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі і функцыянуе ў складзе I – IV класаў.

112. Па рашэнні заснавальніка ў пачатковай школе могуць стварацца, пачынаючы з I класа:

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне на павышаным узроўні вучэбнага прадмета ”Замежная мова“;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне спецыяльных вучэбных прадметаў мастацка-эстэтычнай накіраванасці;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне спецыяльных вучэбных прадметаў спартыўнай накіраванасці.

113. Па рашэнні мясцовага выканаўчага і распарадчага органа навучанне і выхаванне вучняў I класаў, пры наяўнасці ўмоў – іншых класаў пачатковай школы можа быць арганізавана на базе дашкольнай установы.

114. Вучні I класаў уваходзяць у склад дзіцячага калектыву дашкольнай установы. Іх рэжым дня з’яўляецца састаўной часткай агульнага рэжыму дня дашкольнай установы.

115. Кожны дзень прыём вучняў I класаў у дашкольную ўстанову, як і іншых узроставых груп, а таксама арганізацыя іх дзейнасці пасля завяршэння адукацыйнага працэсу ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з рэжымам дня дашкольнай установы.

Адукацыйны працэс у I класах ажыццяўляюць педагагічныя работнікі пачатковай школы, астатні час дня з вучнямі I класаў працуюць педагагічныя работнікі дашкольнай установы.

116. У перыяд канікул, у тым ліку дадатковых і летніх, вучні I класаў могуць наведваць дашкольную ўстанову на агульных падставах.

117. Плата за харчаванне вучняў I класа ў дашкольнай установе ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

118. Арганізацыя навучання і выхавання вучняў II – IV класаў на базе дашкольных устаноў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з рэжымам дня пачатковай школы. Адукацыйный працэс у гэтых класах ажыццяўляюць педагагічныя работнікі агульнаадукацыйнай установы.

119. Вучні, якія закончылі пачатковую школу і атрымалі агульную пачатковую адукацыю, працягваюць навучанне ў агульнаадукацыйнай установе, якая ажыццяўляе навучанне і выхаванне на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
ГЛАВА 13

АСАБЛІВАСЦІ ФУНКЦЫЯНАВАННЯ БАЗАВАЙ ШКОЛЫ


120. Базавая школа – агульнаадукацыйная ўстанова, якая ажыццяўляе навучанне і выхаванне на І і ІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі і функцыянуе ў складзе I – Х класаў.

121. Па рашэнні заснавальніка ў базавай школе могуць стварацца:

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне на павышаным узроўні вучэбнага прадмета ”Замежная мова“, пачынаючы з I класа;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне спецыяльных вучэбных прадметаў мастацка-эстэтычнай накіраванасці, пачынаючы як з I, так і з V класа;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне спецыяльных вучэбных прадметаў спартыўнай накіраванасці, пачынаючы як з I, так і з V класа;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне на павышаным і (або) паглыбленым узроўнях вучэбнага прадмета ”Замежная мова“, пачынаючы з V класа;

классы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне на павышаным узроўні вучэбнага прадмета ”Працоўнае навучанне“, пачынаючы з V класа;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне на павышаным і паглыбленым узроўнях іншых вучэбных прадметаў, пачынаючы з VIII класа.

122. Вучні, якія вывучалі вучэбны прадмет ”Замежная мова“ на павышаным узроўні ў I – IV класах, могуць, пачынаючы з V класа, працягваць яго вывучэнне на павышаным або паглыбленым узроўнях.

123. Па рашэнні мясцовага выканаўчага і распарадчага органа навучанне і выхаванне вучняў I класаў, пры наяўнасці ўмоў – II – IV класаў базавай школы можа быць арганізавана на базе дашкольных устаноў.

124. Арганізацыя навучання і выхавання вучняў I – IV класаў на базе дашкольных устаноў ажыццяўляецца ў парадку і на ўмовах, азначаных у пунктах 114– 118 гэтага Палажэння.
ГЛАВА 14

АСАБЛІВАСЦІ ФУНКЦЫЯНАВАННЯ СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЫ


125. Сярэдняя школа – агульнаадукацыйная ўстанова, якая ажыццяўляе навучанне і выхаванне на І, ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі і функцыянуе ў складзе I – ХІІ класаў.

126. Па рашэнні заснавальніка ў сярэдняй школе могуць стварацца:

классы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне на павышаным узроўні вучэбнага прадмета ”Замежная мова“, пачынаючы з I класа;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне спецыяльных вучэбных прадметаў мастацка-эстэтычнай накіраванасці, пачынаючы як з I, так і з V класа;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне спецыяльных вучэбных прадметаў спартыўнай накіраванасці, пачынаючы як з I, так і з V класа;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне на павышаным і (або) паглыбленым узроўнях вучэбнага прадмета ”Замежная мова“, пачынаючы з V класа;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне на павышаным узроўні вучэбнага прадмета ”Працоўнае навучанне“, пачынаючы з V класа;

класы, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне на павышаным і паглыбленым узроўнях іншых вучэбных прадметаў, пачынаючы з VIII класа;

гімназічныя класы для вучняў V – XII класаў;

ліцэйскія класы для вучняў XI – XII класаў;

класы з профільным навучаннем для вучняў XI – XII класаў;

класы, у якіх навучанне ажыццяўляецца па вучэбных планах вячэрняй (зменнай) школы, пачынаючы з ХI класа.

127. Вучні, якія вывучалі вучэбны прадмет ”Замежная мова“ на павышаным узроўні ў I – IV класах, могуць, пачынаючы з V класа, працягваць яго вывучэнне на павышаным або паглыбленым узроўнях.

128. Па рашэнні мясцовага выканаўчага і распарадчага органа навучанне і выхаванне вучняў I класаў, пры наяўнасці умоў – II – IV класаў сярэдняй школы можа быць арганізавана на базе дашкольных устаноў.

129. Арганізацыя навучання і выхавання вучняў I – IV класаў на базе дашкольных устаноў ажыццяўляецца ў парадку і на ўмовах, азначаных у пунктах 114– 118 гэтага Палажэння.

130. Па рашэнні заснавальніка ў сярэдняй школе можа ажыццяўляцца прафесійная падрыхтоўка вучняў XI – XII класаў на базе:

школьных і міжшкольных вучэбна-вытворчых майстэрняў;

школьных і міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў працоўнага навучання і прафесіянальнай арыентацыі вучняў;

устаноў адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі.

131. Кіраўнік сярэдняй школы не мае права адмовіць у залічэнні ў ХI клас асобам, якія атрымалі агульную базавую адукацыю ў гэтай агульнаадукацыйнай установе.


ГЛАВА 15

АСАБЛІВАСЦІ ФУНКЦЫЯНАВАННЯ ВЯЧЭРНЯЙ

(ЗМЕННАЙ) ШКОЛЫ І ПАРАДАК ПРЫЁМУ Ў ЯЕ
132. Вячэрняя (зменная) школа – агульнаадукацыйная ўстанова, якая ствараецца з мэтай забеспячэння права грамадзян на атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку без адрыву ад працоўнай дзейнасці або навучання ў групах устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, дзе не прадугледжана атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі.

133. Магчымасць навучання ў вячэрняй (зменнай) школе не абмяжоўваецца ўзростам грамадзян.

Вячэрняя (зменная) школа можа мець у сваёй структуры вучэбна-кансультацыйныя пункты.

Парадак стварэння і дзейнасць вучэбна-кансультацыйных пунктаў вызначаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

134. Вячэрняя (зменная) школа функцыянуе ў складзе ХI – XII (ХIII) класаў, а для асоб з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця – ў складзе ХI – ХIII класаў.

135. Навучанне ў вячэрняй (зменнай) школе можа ажыцяўляцца па вочнай (дзённай і вячэрняй) і завочнай формах атрымання агульнай сярэдняй адукацыі.

136. Па рашэнні заснавальніка ў вячэрняй (зменнай) школе могуць стварацца класы з профільным навучаннем, ажыццяўляцца прафесійная падрыхтоўка вучняў.

137. Прыём у вячэрнюю (зменную) школу ажыццяўляецца з 1 чэрвеня па 30 жніўня на падставе заявы на імя кіраўніка вячэрняй (зменнай) школы з указаннем формы атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, тэрмінаў навучання і наступных дакументаў:

пасведчання аб агульнай базавай адукацыі;

копіі пасведчання аб агульнай базавай адукацыі (для асоб, якія навучаюцца ў групах устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, дзе не прадугледжана атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі) і даведкі аб навучанні ва ўстанове, якая забяспечвае атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі.

Залічэнне ў вячэрнюю (зменную) школу афармляецца загадам яе кіраўніка не пазней за 31 жніўня.

138. Дазваляецца ажыццяўляць прыём у вячэрнюю (зменную) школу на працягу навучальнага года асоб, адлічаных з устаноў адукацыі, якія ажыццяўляюць навучанне на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

139.Рашэнне аб залічэнні іх у вячэрнюю (зменную) школу для працягу навучання ў адпаведным класе прымаецца яе кіраўніком і ажыццяўляецца на працягу трох дзён з дня падачы заявы на імя кіраўніка вячэрняй (зменнай) школы і наступных дакументаў:

пасведчання аб агульнай базавай адукацыі;

даведкі аб паспяховасці - для асоб, адлічаных з устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі;

даведкі аб навучанні (акадэмічнай даведкі) - для асоб, адлічаных з устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі;

ведамасць адзнак па выніках бягучай (прамежкавай) атэстацыі (для асоб, адлічаных з агульнаадукацыйных устаноў).

140. Вучням, што спалучаюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі ў вячэрніх (зменных) школах з працоўнай дзейнасцю, прадастаўляюцца гарантыi, устаноўленыя працоўным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.


ГЛАВА 16

АСАБЛІВАСЦІ ФУНКЦЫЯНАВАННЯ ГІМНАЗІІ


1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка