Аб асаблівасцях юраўскіх звычаяў І абрадаў жыхароў смаленшчыны




Дата канвертавання29.03.2016
Памер104.95 Kb.
А.Ф.Літвіновіч

Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт (Мінск)


АБ АСАБЛІВАСЦЯХ ЮРАЎСКІХ ЗВЫЧАЯЎ І АБРАДАЎ ЖЫХАРОЎ СМАЛЕНШЧЫНЫ (НА МАТЭРЫЯЛАХ КАНЦА ХІХ – ПАЧАТКУ ХХ СТ.)
Прагортваючы польскі этнаграфічны часопіс “Люд” (“Lud” (“Народ”), я асаблівую ўвагу звярнуў на працу Баляслава Брэжгі “Жывёлы ў вераваннях беларусаў Смаленскай губерні”14. Работа ўяўляе цікавасць для беларускай фалькларыстыкі і этнаграфіі ў асноўным дзякуючы свайму фактычнаму матэрыялу. Хто ж такі Баляслаў Брэжга, і чаму яго работы маюць у сваёй большасці навуковае значэнне для сучаснай беларускай навукі?

Баляслаў Брэжга нарадзіўся у 1887 г. пад Рэжыцай (Рэзекне) былой Віцебскай губерні І . Ён з’яўляецца латышскім і беларускім археолагам, гісторыкам, археографам, філолагам. Доктар гісторыі (1933 г.). Скончыў Віцебскую гімназію (1910 г.), Маскоўскі археалагічны інстытут (1916 г.). З 1918 г. ён быў загадчыкам Віцебскага аддзялення гэтага інстытута, з 1922 г. працаваў у Віцебскім губернскім архіве, з 1925 г. – у Латвіі. Даследаваў гістарычныя сувязі беларусаў і літоўцаў, гісторыю паўстання 1863 -- 1864 гг. на тэрыторыі Віцебшчыны, вывучаў полацкія летапісы (“Адносіны палачан і латышоў у VIII – ХІІІ стст.” (1926 г.). “Замкі Віцебшчыны” (1933 г.), “Нарысы па гісторыі сялянскіх рухаў у Латгаліі 1577 – 1907” (1956 г.). Брэжга складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі, збіраў матэрыял для параўнальнага аналізу беларускай мовы і латгальскага дыялекту, у Латвійскім універсітэце чытаў курс старажытнага беларускага пісьменства9. Памёр Б.Р. Брэжга ў 1957 г.

Гэты латышскі вучоны мае некалькі прац па традыцыйнай культуры беларусаў. Так, адзін артыкул быў прысвечаны Смаленшчыне ІІ . І гэта праца – адна з найбольш цікавых і каштоўных для нас. У ёй адлюстраваны ў асноўным юраўскія звычаі і абрады нашых продкаў. Матэрыялы для гэтага артыкула былі перададзены Р.Б. Брэжгу вядомым даследчыкам Смаленшчыны Уладзімірам Дабравольскім. Даная праца Брэжгам была прачытана ў студзені 1926 г. на пасяджэнні Інстытута антрапалагічных навук Варшаўскага навуковага таварыства ўжо пасля смерці Дабравольскага. Дарэчы, яна не была згадана ў даследаваннях беларускіх вучоных, прысвечаных Юр’ю, юраўскай абраднасці беларусаў[2, с. 487-489; 4, с. 174-187; 5, с. 211-217; 8 с. 419-420; 10, с. 89-96; 11, с. 101-108; 12, с. 124-128; 13, с. 126-134]. Таму важная яе ўвесці ў сучасны навуковы кантэкст.

Трэба падкрэсліць, што вучоны, дзякуючы старанням У. Дабравольскага, прыводзіць частковую пашпартызацыю, указваючы, напрыклад, з якой вёскі, павета паходзіць той ці іншы забабон, звычай, абрад. Неабходна, зазначыць, што, бадай, усе матэрыялы, якія засталіся яму ад У. Дабравольскага, Брэжга, па ўсёй верагоднасці, без зменаў змясціў у даным артыкуле. На карысць гэтага, з аднаго боку, сведчыць той факт, што некаторыя думкі і высновы Дабравольскага выглядзяць незавершанымі і фрагментарнымі. З другога, матэрыялы, якія дасталіся Брэжгу ад Дабравольскага, вылучаюцца добрым веданнем звычаяў і абрадаў ды і наогул духоўнай культуры жыхароў Смаленшчыны. А іх дасканала мог ведаць толькі ўраджэнец Смаленскага краю.

Артыкул латышскага даследчыка такім чынам называецца “Жывёлы ў вераваннях беларусаў Смаленскай губерні”, у якім для нас найбольш цікавай з’яўляецца тая частка, якая прысвечана юраўскім звычаям і абрадам беларусаў Смаленскага краю.

Звернем асаблівую ўвагу на тыя звычаі і абрады, якія мне не давялося сустрэць у іншых публікацыях.

З’яўленне цяляці на Смаленшчыне, адзначаецца ў публікацыі, - ёсць важная падзея ў сялянскай гаспадарцы. У залежнасці ад таго, у які дзень з’яўляецца на свет цяля, піша Брэжга, гаспадыня на Смаленшчыне давала яму адпаведнае імя: пятроўка, серадоўка і інш ІІІ .

Далей Брэжга ўказвае на адзін звычай, распаўсюджаны ў некаторых мясцовасцях Смаленшчыны і пра які нам больш нідзе не давялося прачытаць. Магчыма, ён на беларускай этнічнай тэрыторыі або на ўсходняй славяншчыне больш нідзе не сустракаўся. Калі ацеліцца “первасцінка” (карова, якая першы раз ацялілася), то ёй аказваюць ўсякія знакі ўвагі, кладуць на рогі “мяшочак” (“worek”) -- фату, што нагадвае ўбор маладой замужняй жанчыны [14, s. 54]. Яна носіць гэты “убор”, пакуль не згубіць.

У публікацыі заўважаецца, што найбольш важныя культавыя дзеянні праводзяцца менавіта ў хаце ў адносінах да каровы, якая першы раз ацялілася. Тут, у хаце, гаспадыні гатовяць кашу, а таксама “малозіва”, кладуць іх на сене. Гаспадыня бярэ вечка ад кадкі, на гэтым вечку, на сене, яна прыносіць “малозіва”, якое ўрачыста ставіць на стол[14, s. 54]. Затым усё сямейства моліцца і спажывае “малозіва” з кашай. Гаршчок з-пад кашы, падобна як падчас радзін (хрэсьбін) урачыста разбіваецца.

Важна падкрэсліць, што вобраз кароўкі (ялаўкі) сустракаецца ў смалян і ў вясельным абрадзе. Напрыклад, “прапіццё ялаўкі”, то бок разразанне і кіданне вясельнай булкі характэрна апошняму адданню нарачонай на вечары. У гэты момант сваты з боку жаніха кажуць: “Аддайце кароўку, аддайце ж і пастронак”. Пасля таго, як яны забяруць нявесту, дамагаюцца булкі, званай “ялаўкай”, “кароўкай”[14, s. 54]. Гэтая булка, падкрэсліваецца ў публікацыі, грае вялікую ролю ў вясельных абрадах. Цікава, што невялікі піражок, спечаны з таго самага, што і “ялаўка” цеста, называецца “пастушком”. У час правядзення абрадаў мужчыны стараюцца выкрасці для кабет менавіта гэты піражок.

На Смаленшчыне як і ў іншых месцах усходняй славяншчыны вельмі ўрачыста адбываўся выган кароў на пашу ў дзень св. Юрыя, хаця меліся і свае рэгіянальныя асаблівасці. У гэты час у кожнай хаце перад выганам свойскай рагатай жывёлы гаспадар і гаспадыня запальваюць перад абразамі свечкі, пасвенчаныя ў перадвелікодны тыдзень. Затым накрывалі стол чыстым абрусам, клалі на яго белы, акруглы буханак хлеба, ставілі напоўненую соллю сальніцу і маліліся. Затым гаспадар браў ікону св. Юрыя і свечкі, а гаспадыня ж хлеб і соль і пачыналі рабіць абход свойскай жывёлы, кажучы: “Святой Ягорый, батюшка, здаём на рукі табе сваю скатінку і просім тябе, сахрані яё ад зверя лютыга, ад чаловека ліхова”.

Як і ў іншых мясцінах усходняга славянства, потым клалі пад уязную браму на зямлі замок і ключ і гаварылі: “Штоб пасць ваўчыная так крепко запіралась, як замок на ключ запіраіцца”. Над брамай ставілі ікону і выганялі жывёлу на вуліцу. Пастух зноў абходзіў увесь статак з іконай св. Мікалая – цудатворца, кажучы: ”Святой Нікола, батюшка, здаю табе на парукі усё стадо і прашу тябе, сохрані яго ад зверя лютыга” [55, s. 55]. Па гэтай малітве ўсе выганялі скаціну на поле, трымаючы ў руках галінкі вярбы. Гаспадыні давалі пастуху і пастушкам саланіну і яйкі, з якіх яны павінны прыгатаваць у полі яешню.

Дабравольскі запісаў рытуал, які выкарыстоўваўся дзеля засцярогі статку ад памроку, сурокаў і дзікіх звяроў. Калі ж яешня ўжо гатовая, пастух вызначае, хто з пастушкоў будзе зайцам, а хто – сляпым, каторы - кульгавым, хто – замком, а каторы – калодай. Пастух расстаўляе ўсіх іх вакол статка, бярэ прыгатаваную яешню, ідзе з ёй, пытаючыся перш за ўсё ў зайца:

“Заяц, заяц, горька лі осіна?”

Ён адказвае: “горька”.

--“Дай Бох, штоб і наша скатінка для зверя была горька”.

Потым пастух пытае ў сляпца: “Сляпэй, сляпэй, ці відіш ты?”

Сляпы адказвае: “Ня віжу”.

--“Дай Бох, штоб і наша скатінка ні відала звярінка”. Потым чарга даходзіць да кульгавага, замка і калоды. Усе яны адказваюць на пытанні пастуха, адпаведна і пастух, ужываючы словазлучэнне “Дай Бох”, выказвае па сутнасці замоўныя словы, формулы.

Такім чынам пастух, як і ў некаторых іншых месцах славянскага свету, абходзіць статак тры разы. Затым усе, хто браў у дзел у цырымоніі, сядаюць і спажываюць яешню.

У хуткім часе потым, самым вечарам, пастухі прыганяюць кароў у вёску дадому. Яшчэ адна асаблівасць Смаленшчыны: праз пэўны час па прыгоне кароў дамоў пачынаюцца танцы, як на радаўніцу.

Амаль кожны павет Смаленскай губерні, падкрэслівае аўтар, мае свае характарыстычныя рысы.

У Парэцкім павеце, напрыклад, як і ў шэрагу месцаў Усходняй Славіі пры першым выгане кароў у поле абходзяць жывёл з абразам у хлеве, у варотах хлева кладуць пояс, брытву, сякеру, калодку і касу, і абавязкова самы выганяюць жывёлу ў поле.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць яшчэ на наступны звычай. Выгнаўшы жывёлу ў поле, кожная кабета кідае ў тое месца, адкуль яна выгнала свойскую рагатую жывёлу, вербныя галінкі, якімі яе (жывёлу) паганяла і пачынала праз іх скакаць (ад 3-х да 5-ці разоў), прытым старалася як мага вышэй падскочыць. Звычай скакання праз вербінкі сяляне тлумачылі па-рознаму. Адны казалі, піша Брэжга, што так рабілі, каб скаціна заўсёды скакала, то бок заўсёды была здаровая і вясёлая. Іншыя ж казалі, што скаканне адбывалася з мэтай выклікання лепшага ўраджаю на лён. Рацыю, аднак, мелі першыя. Гэты звычай асноўваўся на сімільнай, або ініцыяльнай, магіі: праз падобнае выклікалася жаданае.

Трэба адзначыць, што юраўскія звычаі і абрады Смаленшчыны надзвычай багатыя. У некаторых іншых мясцовасцях Смаленскага краю ў дзень св. Юрыя прадстаўніцы жаночага полу рабілі так: кабеты ў полі пілі гарэлку, адна ў другой зрывалі з галавы хустку, цягалі адна другую за валасы, паўтараючы: “каб гаспадар меў жыта буйнае і густое, як валасы”[14, s. 57].

На Смаленшчыне, як і ў іншых месцах Беларусі і Расіі, верылі што калі рана выгнаць жывёлу ў поле, то яна трапляе пад апеку св. Юрыя, які, паводле народных вераванняў, ў гэты дзень з самай раніцы аб’язджае палі і якую жывёлу там ўбачыць, то тая будзе захавана цягам цэлага лета ад хвароб і дзікіх звяроў.

Можна ўказаць яшчэ пра адзін звычай, які, праўда, панаваў у час Юр’я на Ельніншчыне Смаленскага краю. Тут гаспадыні, сцвярджаецца ў публікацыі, у дзень св. Юрыя выганяюць буйную рагатую жывёлу ў поле. Адна з іх нясе хлеб, соль і абраз св. Юрыя. Жывёл зганяюць у кола і не дазваляюць ім разыходзіцца. Кожная жанчына трымае ў руках вербную галінку, пасвенчаную ў Вербніцу, а таксама крапіла, якім святар крапіў іх хату пры здзяйсненні набажэнства ў Страсны Тыдзень. Калі жывёла збярэцца ў кола, прысутныя пачынаюць маліцца, просячы св. Юрыя ўзяць яе пад сваю апеку. Потым пастух з некалькімі хлопцамі абходзіць статак тры разы з абразам і соллю [14, s. 58]. Памаліўшыся яшчэ раз, пастух выганяе свой статак, кожная з кабет ідзе на ўласнае поле, дзе ўтыркае ў зямлю вербіну і крапіла, каб жыта было, па народных уяўленнях, густое і высокае.

Усе гаспадары, гаспадыні і пастухі збіраюцца і моляцца перад абразам, узятым кім-небудзь з гаспадароў. Затым пастухі становяцца вакол статку, а ўсе астатнія, гаспадары і гаспадыні, абходзяць з абразам увесь статак. Вакол гэтага цырыманіялу яны затрымліваюцца чатыры разы, і пры кожным затрымліванні стралец, які стаіць недалёка, страляе з ружжа [14, с. 58]. От апошняе акалічнасць наводзіць на пытанне: адкуль у шэрагу мясцінах паўночнай часткі Беларусі [11, с. 104], а таксама ў пэўных месцах Смаленшчыны (не зусім ясна сказана, дзе гэта зафіксавана) узяўся такі звычай: стральба з ружжа?

Па-першае, ён мог з’явіцца ў паўночнай частцы Беларусі, а таксама на Смаленшчыне самастойна (незалежна ад існавання яго ў іншых народаў), бо служыў для адпужвання дзікіх звяроў ад свойскіх жывёл. Гэта, па-першае. Па-другое, такі звычай мог узнікнуць, напрыклад, у смалян і пад уплывам скандынаўскага (шведскага) субстрату ІV. Праўда, падобнае дапушчэнне малаверагодна. Па-трэцяе, гэтая культурная з’ява на Юр’е магла распаўсюдзіцца на Беларусі (асабліва паўночнай яе частцы) і пад уплывам перасяленцаў з краін германскай моўнай сям’і (Германія, Скандынавія V), Усходняй і Паўднёва-Усходняй Балтыі (Лівонія, Прускае Каралеўства), якія ў11-19 ст. пражывалі не толькі ў беларускіх гарадах і мястэчках, але і сельскай мясцовасці.

Такім чынам, Дабравольскі, бадай, як ніякі іншы даследчык канца ХІХ -- пачатку ХХ ст. дасканала вывучыў традыцыйную духоўную культуру беларусаў Смаленшчыны. Добра ён вывучыў і аналагічную культуру рускіх гэтай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Яго працы не страцілі сваёй навуковай каштоўнасці да нашага часу. Уладзімір Дабравольскі добра ведаў мову жыхароў Смаленскага краю. Брэжга, змясціўшы ў сваёй працы матэрыялы У. Дабравольскага, значна узбагаціў наша ўяўленне пра юраўскія звычаі і абрады смалянаў, у тым ліку беларусаў увогуле.


Каментарыі

І. Баляслаў Брэжга, магчыма, меў пэўныя дачыненні да беларусаў, бо нарадзіўся ў той частцы Латвіі (Рэжыцкі павет), дзе з даўніх часоў пражывалі беларусы. Ён добра ведаў мову нашых продкаў.

ІІ. Для У. Дабравольскага не было сакрэтам тое, што ў сярэдняй і заходняй частках Смаленшчыны ў другой палове 19 -- пачатку 20-га ст. пражывалі беларусы. Насельніцтву гэтага краю ў ХІ – ХХ стст. давялося перажыць шмат войнаў, няшчасцяў, бедстваў. Жыхары Смаленскага і Полацкага княстваў, нягледзячы на іх аднолькавае этнічнае паходжанне (з’яўляліся патомкамі славян і балтаў, адносіліся да племяннога саюза крывічы), часам варагавалі паміж сабой. Адбілася на іх этнічнай самасвядомасці і тое, што Смаленшчына па сутнасці была памежнай зонай паміж Вялікім княствам Літоўскімі, Рэччу Паспалітай, з аднаго боку, і Вялікім княствам Маскоўскім, Расійскай імперыяй, з другога. Адыграла сваю ролю і тое, што царква, адукацыйная сістэма, армія і іншыя дзяржаўныя структуры функцыянавалі ў апошнія некалькі стагоддзяў на рускай мове. Доўгае пражыванне ў складзе Расіі моцна паўплывала на этнічнае самаўсведамленне смалянаў. Праўда, у 19- пачатку 20-га ст. беларускія (Я. Карскі і інш.) і шэраг добрасумленных расійскіх даследчыкаў (М. Цэбрыкаў, С. Максімаў і інш.) Смаленшчыну, у асаблівасці яе сярэднюю і заходнюю часткі, адносілі да беларускай этнічнай тэрыторыі. Гл., напр.: [ 7, с. 428-472]. Такі аўтарытэт, як Карскі, напрыклад, сцвярджаў: “… большая часть губернии населена белорусским племенем и лишь четыре восточные уезда (Юхновский, Вяземский, Сычевский и Гжатский) принадлежат южновеликорусскому наречию [6, с. 43]. Заўважым, большасць патомкаў беларусаў, пра культуру якіх пісалі Брэжга і У.Дабравольскі, у цяперашні час адносіць сябе да рускіх.

ІІІ. На конт мянушак аўтар сказаў бегла. На Смаленшчыне, як і ў іншых месцах Усходняй Славіі давалі каровам мянушкі не толькі ў гонар дня свайго нараджэння, але і па іншых прыкметах, асабліва часта па масці жывёлы. На Беларусі, напрыклад, былі вядомыя такія мянушкі, як Белка, Зорка, Красуля, Лыса, Лыска, Лысуха, Маліна, Малінка, Рабава, Рабіна, Рабінка, Рабка, Рабушка, Пяструха, Пяструшка, Пасцілка, Рамашка, Чарнава, Чарнуха, інш.

ІV. Брэжга ўказвае на тое, што нешта падобнае распаўсюджана і ў народаў германскай моўнай сям’і (шведаў). У шведаў першы выган свойскай рагатай жывёлы ў поле лічыцца вялікім святам і прыпадае ён найчасцей на палову траўня. Свята пачынаецца напярэдадні запаленнем у розных месцах вогнішчаў (як вогнішчы, так і стрэлы з ружжа -- з’явы ў нечым блізкія). У гэты час, піша Б. Брэжга, вясковыя хлопцы ўсю ноч ездзяць па лесе, страляюць з ружжа, трубяць у рог, вытвараюць неверагодныя гукі[14, s. 58-59 ]. На думку М. Галдзянкова, у Смаленску готы (шведы) былі адзінымі жыхарамі як мінімум першыя пяцьдзесят гадоў існавання гэтага горада. У 12-ці кіламетрах ад сучаснага Смаленска, у вёсцы Гнездава выяўлены пахаванні нарманаў, пачынаючы з сярэдзіны 9-га ст. Гл.: [3, с. 11.]

V. Скандынаўскія воіны, дружыннікі, гандляры і інш. ў 9-13 ст. адыгралі пэўную ролю ў гісторыі і культуры Полацкага і іншых княстваў на тэрыторыі Беларусі, аднак хутка аславяніліся. .

Літаратура

1. Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік. Мн., 2004.

2. Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі (В. Ф. Бацяеў, В.М. Бялявіна, А.У. Гурко і інш.- Мн.: Беларуская навука, 2002. 606 с.

3. Голденков М. Кровь викингов еще течет // Секретные исследования. 2008, № 5, март. С.11.

4. Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі / Укладанне, класіфікацыя, сістэматызацыя матэрыялаў і каментарый А.І. Гурскага; уступны артыкул А.І. Гурскага, А.С. Ліса.- Мн.: Навука і тэхніка, 1990. 405 с.

5. Каляндарна-абрадавая паэзія // А.С. Ліс, А.І. Гурскі, В.М. Шарая, У. М. Сівіцкі; навуковы рэдактар А.С. Фядосік.- Мн.: Беларуская навука, 2001.- 515 с.

6. Карский Е. Ф. Белорусы: 3 т. Т. 1. Мн.: БелЭн, 2006.- 656 с.

7. Максимов С.В. Белорусская Смоленщина с соседями // Живописная Россия: Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении: Литовское и Белорусское Полесье: Репринтное воспроизведение издания 1882 г.- 2-е изд.- Мн.: БелЭн, 1994. С. 429-472.

8. Народная культура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / пад агульнай рэдакцыяй В.С. Цітова. Мн.: БелЭн, 2002.- 432 с.

9. Панізнік С. Ён уздымаў старонкі даўніны // Голас Радзімы. 1978, № 18. 4 мая. С. 7.

10. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6т. Т. 1. Магілёўскае Падняпроўе. Мн.: Беларуская навука, 2001.- 797 с.

11. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6т. Т. 2. Віцебскае Падзвінне / Т.Б. Варфаламеева, А.М. Боганева, М.А. Козенка і інш.; складальнік Т.Б. Варфаламеева.- Мн.: Беларуская навука, 2004.- 910.

12. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 3. Гродзенскае Панямонне. У 2 кн. Кн. 1. Мн.: Вышэйшая школа, 2006.- 608 с.

13. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 4. Брэсцкае Палессе. У 2к. Кн.1 / В.І. Басько [і інш.].- Мн.: Вышэйшая школа, 2008.-559 с.



14. Breżgo B. Zwierzęta w wierzeniach Białorusinów gub. Smoleńskiej // Lud. Ser. II. T. V. Rok 1926. S. 52-59.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка