95-годдзя са дня нараджэння Міколы Аўрамчыка




Дата канвертавання08.05.2016
Памер29.99 Kb.

Да 95-годдзя

са дня нараджэння Міколы Аўрамчыка








Мікола Якаўлевіч Аўрамчык нарадзіўся 14 студзеня 1920 года у вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Прайшоў нямецкі палон і каменнавугальныя шахты. Скончыў філфак БДУ (1949) Працаваў у рэдакцыях газет "Чырвоная змена", "Літаратура і мастацтва", у часопісе "Полымя". Рэдактар аддзела паэзіі часопіса "Маладосць" (1953-80). 
Аўтар больш за 10 зборнікаў паэзіі. Аўтар "Сказу пра Лысую гару" (разам з Н. Гілевічам).
Сябра СП СССР з 1947 года. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік "Сустрэча былых канагонаў". 
Мае трох дачок.

Мікола Аўрамчык — без перабольшвання, легендарная постаць у айчыннай літаратуры. Хто падштурхнуў яго да творчасці? Зараз можна смела сказаць: маці і... Аляксандр Пушкін. Бо ў адным з інтэрв’ю Мiкалай Якаўлевiч згадвае, што ў яго роднай вёсцы Цялуша, на Бабруйшчыне, пахавана ўнучка Пушкiна, Наталля Аляксандраўна. Яна ў свой час выйшла замуж за адстаўнога афiцэра i пераехала з iм на яго радзiму. Была тая жанчына вельмi прыязная, адукаваная, і мацi Міколы Аўрамчыка яе добра ведала, як, дарэчы, i творы Пушкiна. Нават сама спрабавала складаць вершы. “Напэўна, i ў мяне гэта ад мацi, — прызнаўся паэт. — Яшчэ ў школе захапiўся вершаскладаннем.” Першыя вершы ён дасылаў у бабруйскую раённую газету. А падахвоцiла да сур’ёзнай літаратурнай працы сустрэча з Якубам Коласам у гарнiзонным Доме афiцэраў.

Пачатковец Аўрамчык на вялікай аўдыторыi зачытаў адзiн са сваіх вершаў і атрымаў падтрымку песняра: “Працуйце, з вас, як мне здаецца, нешта вартае атрымаецца!” Ён браў урокі майстэрства, жыццёвага досведу ў беларускага класіка пры непасрэдных сустрэчах. І госцем Коласава дома бываў яшчэ пры жыцці гаспадара. А калі адкрыўся музей, то і ў ім стаў заўсёднікам. Доўгая і цёплая гісторыя стасункаў Міколы Аўрамчыка з домам дзядзькі Якуба прадстаўлена дакументамі, фотаздымкамі. Мікола Аўрамчык стаў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”, “сплочваў доўг”. Але ужо не Коласу, а сваім вучням і наступнікам. Многія з іх сталі гонарам нашага прыгожага пісьменства: Уладзімір Дамашэвіч, Мікола Мятліцкі, Казімір Камейша, Віктар Гардзей, той жа Генрых Далідовіч…

Мікола Аўрамчык. 1938 год, Мінск, курсы пры Саюзе пісьменнікаў для творчай моладзі з рэгіёнаў

Сам Мікола Аўрамчык перажыў шматлікія жыццёвыя нягоды: быў на фронце, у нямецкім палоне... Але захаваў непахіснасць духу, душэўнасць і веру ў дабрыню.

Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).

Першыя вершы апублікаваў у 1937 г. у бабруйскай газеце «Камуніст». Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як надалоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), рамана «У падзямеллі» (1986), «Анкета: Выбранае» (1990). Выдаў зборнік вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). Выйшлі «Выбранае» (1976) і Выбраныя творы ў 2 тамах (1980).
Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, І.Франка, М.Джаліля, Г.Эміна, зборнікі вершаў С.Міхалкова «А што ў вас?» (1950), В.Бычко «Тры сястры» (1953), паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.
УНІКАЛЬНЫ ЎСПАМІН

Да вайны, згадвае Мікола Аўрамчык, у мінскім кінатэатры “Чырвоная зорка” можна было перад пачаткам сеансу сфатаграфавацца – і пасля прагляду атрымаць картку. Альбо нават запісаць свой голас – і пасля фільма атрымаць кружэлку, пластыкавую такую, гнуткую. У Аўрамчыка была такая кружэлка – там ягоны сябар Коршак аб’яўляў “верш Міколы Аўрамчыка, чытае аўтар!”, а ён, Аўрамчык, дэкламаваў свой верш “Адлёт жураўлёў”…


Я сябе лічу шчаслівым чалавекам. Хаця мае сябры смяюцца, калі я так кажу – Макаёнак смяяўся: “Цябе ўсё жыццё ў чорным целе трымаюць, а ты сябе шчаслівым лічыш”… Усякае, канешне, было – не выпускалі мяне ніколі за мяжу, скажам, першы раз не выпусцілі ў Варшаву з Уладзіславай Францаўнай, удавой Купалы… Але ўспаміны: як я пачынаў пісаць, як гэта было сустрэта… А пасля вайны – і друкаванне, і праца… Мяне пыталі, чаму я не застаўся пасля вызвалення з палона там, на Захадзе. І сапраўды – у мяне на вачах сотні заставаліся. Але для мяне ёсць – Радзіма, мова, бацькі. Як я мог застацца?! Усе гэтыя думкі даюць мне разуменне, што я – шчаслівы чалавек…


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка