11. Методологические вопросы истории. Мн., 1996. 103 с




старонка9/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.96 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   21

Як ідэолаг самастойнасці ўкраінскага народа, асобнай яго гісторыі, Грушэўскі адмаўляў пазіцыю, што гісторыя ўкраінскага народа з’яўляецца часткай агульнарасійскай гісторыі. Ён лічыў «агульнарускую народнасць» і «агульнарускую» гісторыю міфам. На яго думку, ад «украінска-рускай» народнасці пайшла Кіеўская Русь, а ад «вялікарускай» - Уладзіміра-Маскоўскае княства. Аўтар не бачыў гістарычнай сувязі апошняга са Старажытнарускай дзяржавай. У метадалагічным плане для прац Грушэўскага характэрны этнацэнтрызм – падыход, згодна якога гісторыю кожнага народа неабходна вывучаць паасобна. Ён прытрымліваўся комплекснага падыходу да ацэнкі гістарычных з’яў і падзей. Нацыянальную гісторыю даследчык трактаваў як гісторыю ўсіх пластоў народа (княжацкіх дынастый, паноў, шляхты, магнатаў, сялянства, мяшчанства, казацтва). Шмат увагі ён надаваў дзяржаўна-палітычнаму ладу, сацыяльным аспектам, царкоўна-рэлігійным адносінам, «культурна-нацыянальным» рухам.

У гісторыі ВКЛ даследчык галоўнае месца адводзіў пастаяннай барацьбе да сярэдзіны ХV ст. паміж літоўскімі каталіцкімі і рускімі (украінска-беларускімі) маганатамі і шляхтай. На яго думку, літоўская народнасць трапіла пад уплыў славянскіх дзяржаўных і грамадскіх форм, рэлігіі, быту, пісьменнасці, беларуская мова мела дзяржаўны статус. Таму літоўская дынастыя абрусела, і частка князёў прыняла праваслаўе.

Гісторыя Беларусі закранаецца ў творах М.С.Грушэўскага галоўным чынам пры даследаванні агульнагістарычных працэсаў, што развіваліся ў ВКЛ, або асабліва аб’ядноўвалі украінскія і беларускія землі (грамадска-палітычныя традыцыі, духоўнае жыццё, царква, брацтвы і інш.). Аўтар вызначыў асобную ролю беларускіх зямель у палітычным і духоўным развіцці ВКЛ, абгрунтоўваў гэта іх геапалітычным становішчам і больш доўгім знаходжаннем у яго складзе.

Даследчык неправамерна лічыў украінскімі па характару Берасцейскую зямлю, Турава-Пінскае Палессе, творы Ф.Скарыны. Ён шкадаваў, што «слава і заслуга ўкраінскага народа не раскрыта перад еўрапейскай гісторыяй».

Сугучна М.С.Грушэўскаму пазіцыя яго брата, вядомага ўкраінскага гісторыка, прафесара Аляксандра Сяргеевіча Грушэўскага (1877 – 1943 гг.). У першай частцы кнігі «Пинское Полесье» (1901 г.) ён раскрыў летапісныя звесткі пра гарады і князёў Турава-Пінскай зямлі, іх сувязі з Кіевам. Даследчык паказаў гаспадарчае і сацыяльнае становішча насельніцтва, прааналізаваў працэс хрысціянізацыі Турава, развіцця культуры. У другой частцы (1903 г.) на падставе матэрыялаў Літоўскай Метрыкі гісторык разглядзеў мінулае гэтага рэгіёна ў складзе ВКЛ.

Таксама А.С.Грушэўскі займаўся вывучэннем гісторыі гарадоў Вялікага княства Літоўскага. У 1918 г. ён выдаў манаграфію «Города Великого княжества Литовского в ХIV – ХVI вв.: Старина и борьба за старину», у якой паўтарыў канцэпцыю Уладзімірскага-Буданава аб негатыўным уплыве магдэбургскага права на гарады ВКЛ. Аўтар лічыў, што асновай развіцця гарадскіх паселішчаў з’яўлялася адзінства горада і воласці. А.С.Грушэўскі раскрыў сутнасць гарадскога кіравання, сацыяльнае жыццё мяшчан, падатковую сістэму, параўноўваў становішча дзяржаўных і прыватных гарадоў.

Да гісторыі цэхавой арганізацыі ў гарадах Беларусі і Літвы звяртаўся Ф.В.Кліменка. У кнізе «Западноруские цехи ХVI – ХVIII вв.» ён прааналізаваў праблему развіцця рамеснай вытворчасці і яе арганізацыі ў гарадскіх паселішчах ВКЛ. Даследчык лічыў, што ўзнікненне цэхаў было выклікана ўнутранымі сацыяльна-эканамічнымі зменамі, а не знешнім фактарам (уніямі з Польшчай). Гэта пазіцыя адзяляла аўтара ад заходнерусістаў, якія разглядалі цэхі як форму царкоўна-рэлігійнага саюза. Праўда, Кліменка не раскрыў прычыны іх з'яўлення, механічна пераносіў рысы арганізацыі цэхаў ХVІІІ ст. на ХV – ХVІІ ст., а нормы цэхаў г. Вільні – на усе гарады Беларусі.

Ліберальная традыцыя ў вывучэнні гісторыі Беларусі ў беларускай гістарыяграфіі звязана з прозвішчамі Яўхіма Карскага, Івана Лапы, Арсена Турцевіча, якія зыходзілі з самабытнага характару беларускай гісторыі.

«Энцыклапедыяй беларусазнаўства» стала фундаментальная праца Карскага «Беларусы», якая выйшла ў сямі выпусках (трох тамах) з 1903 па 1922 гг. На аснове комплекснага параўнальна-гістарычнага абагульнення разнастайных пісьмовых і этнаграфічных крыніц даследчык абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа, маючага сваю багатую і арыгінальную культуру, старажытныя традыцыі.

У першым томе «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» аўтар даследаваў паходжанне беларускага народа. Прарадзімай славян Карскі лічыў Палессе (басейн Прыпяці, верхняга Нёмана і ніжняй Бярэзіны), вызначыў час фарміравання беларускай народнасці – у ХІІІ – ХV ст. Гісторык сцвярджаў, што аснову беларускай народнасці склалі плямёны дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў, прыйшоў да высновы аб іх аўтахтоннасці на тэрыторыі Беларусі. У навуковым артыкуле, апублікаваным у «Магілёўскіх губернскіх ведамасцях» (1902 г.), Карскі вызначыў тэрытарыяльныя межы распаўсюджвання беларускай мовы. Карта была надрукавана ў 1917 г.

З крыніцазнаўчых прац Карскага можна вызначыць «Два памятника старого западнорусского наречия: 1) «Лютеранский катехезис 1562 г.» и 2) «Католический катехезис» 1585 г.» (1893 г.), «О языке так называемых литовских летописей» (1894 г.), «Западнорусские переводы псалтыря в ХV – ХVII вв.» (1896 г.). Да 1908 г. яго даследаванні ў галіне палеаграфіі былі адзінымі вучэбнымі работамі Из лекций по славянской кириллической палеографии», «Образцы славянского кирилловского письма с Х по ХVIII вв.», «Очерк славянской кирилловской палеографии»).

Навуковая спадчына Карскага не страціла сваёй значнасці па сённяшні дзень і з’яўляецца асновай для далейшай распрацоўкі беларусазнаўства.

Асноўныя працы Лапы прысвечаны сацыяльна-палітычнай гісторыі ВКЛ у ХVI ст.: «Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569 – 1586). Опыт исследования политического и общественного строя» (1901 г.), «Великое княжество Литовское во второй половине ХVI ст. Литовско-русский повет и его сеймик» (1911 г.), «Западная Россия и ее соединение с Польшей в их историческом прошлом: Исторические очерки» (1924 г.).

Лапа ў сваіх даследаваннях прйшоў да высновы аб федэратыўнай пабудове Рэчы Паспалітай. Ён лічыў, што пасля Люблінскай уніі 1569 г. ВКЛ захоўвала дзяржаўную самастойнасць ад Польшчы. Гісторык глыбока вывучыў асаблівасці сацыяльна-палітычнай структуры ВКЛ на двух узроўнях: макраструктуры (сацыяльныя і палітычныя інстытуты ВКЛ) і мікраструктуры (мясцовыя органы ўлады і «рэгіянальны» воблік шляхты). Відавочна блізкасць аўтара да гісторыкаў дзяржаўна-прававой школы.

Турцэвіч уяўляе сабою прыклад эвалюцыі ў гістарыяграфіі: ад кансерватыўнай да ліберальнай пазіцыі. Даследчык напісаў падручнік «Руская гісторыя (у сувязі з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага)» для гімназій, які меў 13 перавыданняў. Раздзелы падручніка, дзе раскрывалася гісторыя ВКЛ, лічыліся неабавязковымі для настаўнікаў. Але Турцэвіч настойліва рэкамендаваў сваім калегам не ігнараваць іх, паколькі «заходнеруская» гісторыя мае такое ж вялікае значэнне як і «паўночнаруская» гісторыя.

У кнізе маюцца 26 тэм, тры з іх цалкам прысвечаны гісторыі Заходняга краю («Вялікае княства Літоўскае», «Заходняя Русь у XVI – першай палове XVII ст.», «Уз'яднанне Заходняй Русі»). У некаторых тэмах таксама змешчаны звесткі па заходнерускай гісторыі.

Падручнік А.В.Турцэвіча быў забяспечаны метадычным апаратам: у ім меліся пытанні для паўтарэння, радаслоўная і храналагічная табліцы, каляровыя гістарычныя карты, а таксама ілюстрацыі. Тэкст падручніка падзяляўся на асноўны і дадатковы. Дадатковы матэрыял, на думку аўтара, меў другароднае значэнне, аднак ён раіў выкладчыкам звяртаць увагу на гэты матэрыял пры вывучэнні тэм па заходнерускай гісторыі. Варта адзначыць, што падручнік напісаны даступнай, вобразнай мовай.

Турцэвіч акрамя падручніка стаў складальнікам і навучальнага дапаможніка «Хрэстаматыя па гісторыі Заходняй Расіі». У хрэстаматыі, якая ўбачыла свет у 1892 г., былі падабраны артыкулы вядомых гісторыкаў таго часу, прысвечаныя некаторым праблемам гісторыі Паўночна-Заходняга краю. Навучальны дапаможнік прызначаўся для навучэнцаў сярэдніх класаў мужчынскіх і жаночых навучальных устаноў.

Пасля 1905 г. погляды гісторыка набываюць ліберальны характар. У манаграфіі «Русские крестьяне под владычеством Литвы и Польши» (1911 г.) аўтар прыйшоў да «скандальнай» высновы аб пагаршэнні становішча сялян пасля ўваходжання Беларусі ў склад Расіі.

Неабходна канстатаваць, што уплыў беларускіх гісторыкаў ліберальнага накірунку быў нязначным у параўнанні з уплывам рускіх і ўкраінскіх даследчыкаў.
4. Гісторыя Беларусі ў даследаваннях польскіх гісторыкаў.

На рубяжы ХІХ – ХХ ст. узрастае цікавасць польскіх даследчыкаў да гісторыі Беларусі, што было абумоўлена патрэбамі польскага нацыянальнага руху, каб абгрунтаваць права Польшчы на «крэсы ўсходнія».

У польскай гістарыяграфіі склаліся дзве асноўныя гістарыяграфічныя школы па вывучэнню мінулага Беларусі і Літвы: кракаўская і варшаўская. Але нямецкі даследчык Р.Лінднэр іх вызначыў чатыры, дадаўшы познаньскую і кансерватыўную.

Прадстаўнікі кракаўскай школы (Валер’ян Калінка, Юзэф Шуйскі, Міхал Бабжыньскі, Станіслаў Смолька) у супрацьвагу Лялевелю лічылі, што ля вытокаў Польшчы знаходзілася не народная дэмакратыя, а княжацкі абсалютызм. Яны выступалі з пазіцыі моцнай улады па ўзору Аўстра-Венгрыі, лічылі шкоднымі ідэі Асветніцтва, пісалі аб станоўчай ролі каталіцкай царквы на тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі. Прафесар Кракаўскага універсітэта М.Бабжыньскі прапагандаваў цывілізатарскую місію Польшчы на ўсходзе. У 1912 – 1914 гг. лідэр ППС Леон Васілеўскі апублікаваў кнігу «Літва і Беларусь». Аўтар бачыў галоўную тэндэнцыю гістарычнага развіцця Літвы і Беларусі ў збліжэнні з Польшчай. Уніі тлумачыліся як прагрэсіўныя акты па сацыяльнаму ўраўнанню ВКЛ і Кароны. Даследчык лічыў, што польская культура на ўсходзе і паланізацыя шляхты садзейнічалі дэмакратызацыі ВКЛ. Статус беларускай мовы ацэньваўся як пераходны. Л.Васілеўскі і іншыя польскія даследчыкі вымушаны былі прызнаць, што палякі яшчэ ў часы Вітаўта пачалі асядаць на былых яцвяжскіх землях, а ў літоўскіх гарадах пачалі сяліцца польскія рамеснікі. Дробная шляхта знаходзіла службу ў магнатаў, а пасля Люблінскай уніі 1569 г. шырэй пачала перасяляцца на землі ВКЛ і займаць афіцыйныя пасады. Сучасная польская гістарыяграфія лічыць гэта перабольшаннем, адзначаючы, што польскі ўплыў адбываўся не шляхам дэмаграфічных змен насельніцтва, а ў выніку культурна-цывілізацыйнага ўзаемадзеяння.

Гісторыкі варшаўскай школы (Тадэвуш Корзан, Уладзіслаў Смаленьскі) зыходзілі з «ягелонскай ідэі» безгістарычнасці народаў: калі народ не мае сваёй уласнай дзяржавы, то ён не мае сваёй гісторыі. Адпаведна беларусы - «безгістарычны» народ. Упершыню тэрмін «ягелонская ідэя» увёў у навуковы зварот Фелікс Канечны – аўтар кнігі «Ягайла і Вілаўт падчас Крэўскай уніі». Падобны падыход дамінаваў у польскай гістарыяграфіі да Першай сусветнай вайны. Оскар Галецкі ў манаграфіі «Літва, Русь і Жмудзь як часткі ВКЛ» (1916 г.) адзначыў самастойнасць Княства ад Маскоўскай Русі, але ўсю гісторыю Беларусі зводзіў да збліжэння з Польшчай.

Даследчыкі пазнаньскай школы (Іаахім Лялевель, Анджэй Марачэўскі) на падставе асветніцкай ідэалогіі сцвярджалі аб мірным і легальным заваяванні Польшчай Заходняй Русі і Галіцыі яшчэ з ХІ ст. А гісторыкі кансерватыўнага накірунку (Бібіяна Марачэўская, Валер’ян Урублеўскі) абвінавачвалі вышэйшыя колы ўкраінскага грамадства ў палонафобіі, у непрыманні цывілізатарскай місіі Польшчы і «праўдзівага» хрысціянства.

Польскія даследчыкі не разглядалі ВКЛ у якасці самастойнага суб’екта ўнутранай і знешняй палітыкі. Яны зыходзілі з таго, што Беларусь і Літва – пэрыферыйная правінцыя Польшчы.

На ІІІ-м з’ездзе польскіх гісторыкаў (1900 г.) канчаткова распаўся лагер пазітывісцкіх гісторыкаў. Вызначыліся новыя накірункі ў гістарыяграфіі: гісторыка-юрыдычны, неарамантычны і эканамічны.

Гісторыка-юрыдычную плынь прадстаўляў прафесар Кракаўскага універсітэта Станіслаў Кутшэба (1876 – 1946 гг.), аўтар двухтомнай «Гісторыі дзяржаўнага ладу Польшчы» (1914 г.). У другім томе «Літва» паказана сувязь дзяржаўных устаноў і права з грамадскім ладам і класавай структурай грамадства. Аўтар разглядаў гісторыю ВКЛ да 1791 г. як самастойнае дзяржаўнае ўтварэнне.

Неараманскі накірунак вызначылі працы Станіслава Закшэўскага (1873 – 1936 гг.), які сталі новым словам у метадалогіі. У 1908 г. ён выдаў манаграфію «Гістарычныя праблемы», у якой адзначыў вялікую ролю інтуіцыі ў гістарычным даследаванні, прапанаваў гераічную канцэпцыю, згодна якой гісторыю ажыццяўляюць «моцныя асобы». Прадстаўнікі неарамантызму імкнуліся суаднесці гістарычныя з’явы з ідэаламі барацьбы за незалежнасць.

Эканамічны накірунак прадстаўлялі Уладзіслаў Грабскі (1874 – 1938 гг.), Францішак Буяк (1875 – 1953 гг.), Ян Руткоўскі (1886 – 1949 гг.), якія сталі выкарыстоўваць новыя крыніцы і звяртацца да эканамічных сюжэтаў польскай гісторыі.

У канцы XIX – пачатку XX ст. у польскай гістарыяграфіі змяніліся прыярытэты ў адносінах да праблемы беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі. Пасля публікацыі матэрыялаў Віленскай археаграфічнай камісіі і вынікаў Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г. польскія гісторыкі сталі больш асцярожна выказвацца аб колькасці палякаў на тэрыторыі Беларусі, іх паходжанні, этнічных межах беларусаў. Польскія гісторыкі выводзілі колькасць палякаў на тэрыторыі Беларусі не па этнічнай прыкмеце, а па веравызнанню – лічылі ўсіх католікаў палякамі. Гэта дазволіла ім павысіць колькасць палякаў у Беларусі з 2,4 % да 13 – 13,5 % па веравызнанню.

Пад уплывам работ Я.Ф.Карскага некаторыя польскія гісторыкі (Л.Васілеўскі і інш.) вымушаны былі значна пашырыць межы рассялення беларусаў. Яны прызналі, што заходняя граніца беларускага этнасу праходзіць уздоўж р. Нараў і Сураж, паўднёвая – выключае з беларускай этнічнай тэрыторыі Палессе на карысць украінцаў (як у Карскага), усходняя – у Смаленскай, Арлоўскай, Калужскай, Цвярской і Пскоўскай губернях. Адначасова яны адзначалі пярэстасць этнічнага складу насельніцтва Гродзенскай і паўднёвай часткі Віленскай губерняў, польска-літоўскія анклавы на іх тэрыторыі.

Гэтыя змены ў ацэнцы становішча беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі сведчаць аб больш гнуткіх падыходах польскай гістарыяграфіі да гістарычнага мінулага Беларусі.


Тэма Пачатак фарміравання беларускай нацыянальнай

гістарыяграфічнай канцэпцыі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.
План
1. Станаўленне беларусазнаўства як асновы беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.

2. Погляды К.Каліноўскага і беларускіх народнікаў на мінулае беларускага народа.

3. Этнаграфічнае і археалагічнае вывучэнне Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.

4. Роля беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. у станаўленні беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.

5. Гістарычная публіцыстыка «Нашай долі» і «Нашай нівы».

6. Станаўленне дэмакратычнай плыні беларускай гістарыяграфіі.


Літаратура
1. Алексеев Л. В. Археология и краеведение Беларуси ХУІ в. – 30-е годы ХХ в. – Мн.: Беларуская навука, 1996. – С. 81 – 173.

2. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1. – Мн.: БелЭн, 2005. – 768 с.

3. Беларусы: У 8 т. Т. 3: Гісторыя этналагічнага вывучэння. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – С. 51 – 256.

4. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. – Мн.:БелЭн, 2005. – 688 с.

5. Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі / Пад рэд. В.Ф.Кушнера. – Мн., 1995.

6. Довнар-Запольский М. В. История Белоруссии. – Мн.: Беларусь, 2003. – 680 с.

7. Карев Д. В. Белорусская историография во второй половине ХІХ – начале ХХ в. // Очерки истории науки и культуры Беларуси ІХ – начала ХХ в. / П.Т.Петриков, Д.В.Карев, А.А.Гусак и др. – Мн.: Наука и техника, 1996. С. 40 – 47.

8. Карев Д. В. Белорусская историография в эпоху капитализма (1861 – 1917 гг.) // Наш радавод. – Кн. 3. – Ч. 1. – Гродно, 1991. – С. 49 – 115.

9. Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVІ – ХІХ стст. – Мн: Навука і тэхніка, 1984. – С. 73 – 77.

10. Копысский З. Ю., Чепко В. В. Историография БССР (эпоха феодализма): Учеб. пособие. – Мн.: Университетское, 1986. – С. 20 – 62.

11. Кушнер В. Стваральнік канцэпцыі беларускай нацыянальнай гісторыі // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. - № 9. – С. 53 – 59; № 10. – С. 53 – 60.

12. Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. – Мн.: Універсітэцкае, 1993. – 126 с.

13. Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ – ХХ ст. – СПб.: Неўскі прасцяг, 2003. – С. 70 – 146.

14. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. – Мн.: БелЭн., 1995. – 671 с.

15. Турук Ф. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. – М.: Типография Под/отдела Инвалидов, 1921. – 141 с.

16. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Мн.: БелЭН, 1993. – Т. 3. – С. 19 – 21.


1. Станаўленне беларусазнаўства як асновы беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.

Асаблівасцю гістарыяграфіі Беларусі з’яўляецца працяглае панаванне ў ёй дзвух канцэпцый – велікапольскай і велікарускай, якія адмаўлялі сам факт існавання беларускага этнасу, яго мовы, культуры, прызнавалі Беларусь часткай Польшчы ці Расіі, а беларусаў – галіной адпаведна польскага або рускага народаў. Панаванне іншанацыянальных канцэпцый у нацыянальнай гістарыяграфіі – сведчанне прыгнечанага становішча адпаведнай краіны. У суверэнных дзяржавах такая з’ява немагчымая. Кожны цывілізаваны народ мае сваю нацыянальную гістарыяграфію, якая адлюстроўвае менавіта яго гістарычную памяць, яго погляд на ўласны гістарычны шлях, а таксама на гісторыю суседніх народаў, сусветную гісторыю ў цэлым. Менавіта нацыянальная гістарыяграфія з’яўляецца апорай нацыянальнай самасвядомасці кожнага народа.

Станаўленне нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі цесна звязана з развіццём навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ – беларусазнаўствам. У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. Беларусь у навуковых адносінах заставалася амаль зусім не вывучаным рэгіёнам. Адсутнічалі даследаванні аб мове, вуснай народнай творчасці, матэрыяльнай культуры, этнічных межах рассялення беларусаў, гісторыі краю. Не існавала адзінай назвы народа і краіны. Назва «Беларусь» на той час замацавалася толькі за ўсходнімі губернямі – Віцебскай і Магілёўскай. У асобных публікацыях да Беларусі далучалася Смаленская губерня (яе цэнтральная і заходняя часткі). Мінская, Гродзенская і Віленская губерні называліся Літвою, а іх насельніцтва – ліцвінамі або літоўцамі. Сацыяльныя вярхі грамадства і інтэлігенцыя былі паланізаваны. У грамадска-культурным жыцці краю панавала польская мова. Таму многімі прадстаўнікамі расійскай інтэлігенцыі Беларусь успрымалася як частка Польшчы.

На развіццё этнічнай самасвядомасці беларускага народа адмоўна ўплываў яго раскол па веравызнанні на праваслаўных і католікаў. Праваслаўе ўспрымалася як «руская» вера, каталіцызм – як «польская». Адпаведную прапаганду вялі царква і касцёл. Веравызнаннем вызначалася этнічная прыналежнасць не толькі ў свядомасці селяніна, але і ў разуменні інтэлігенцыі, нават вучоных.

Расійская афіцыйная навука ўзброіла Кацярыну II дэвізам «Отторженная возвратих», які зыходзіў з вялікадзяржаўнага погляду на Беларусь як гістарычнае ўладанне расійскіх манархаў, і на беларусаў як частку рускага народа, «сапсаваную» польска-каталіцкім ўплывам. З другога боку, польскія вучоныя (А.Нарушэвіч, Т.Чацкі, С.Ліндэ і інш.) імкнуліся тэарэтычна абгрунтаваць погляды польскай і апалячанай шляхты на Беларусь як частку Польшчы і разглядалі беларусаў этнаграфічнай групай польскага народа. Супраць вялікадзяржаўных расійскіх і польскіх поглядаў на Літву-Беларусь і яе гісторыю ў пачатку ХІХ ст. выступала група прафесараў славістыкі, гісторыі і права Віленскага універсітэта: М.К.Баброўскі, І.Даніловіч, І.Ярашэвіч і інш. Яны асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных пазіцый, выказываліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзяржаўнага статуса старабеларускай пісьмовай мове, лічылі уніяцтва нацыянальнай верай беларускага народа і звязывалі з ёю магчымасць пераадолення супрацьстаяння на Беларусі праваслаўя і каталіцызму.

Паступова разгортваліся этнаграфічныя і археалагічныя даследаванні Беларусі, вынікі якіх публікаваліся ў польскіх і расійскіх перыядычных выданнях. У 1837 – 1846 гг. Ян Чачот выдаў у Вільні шэсць фальклорных зборнікаў «Вясковых песень», сабраных ім на Беларусі. У прадмове да апошняга зборніка ён прааналізаваў асаблівасці беларускай лексікі і граматычнага ладу беларускай мовы, якую называў «славяна-крывіцкай». Даследчык выказаў пэўныя сумненні ў яе далейшым лёсе, але адназначна заявіў пра неабходнасць складання граматыкі і слоўніка беларускай мовы і заклікаў да гэтай работы прадстаўнікоў малодшага пакалення інтэлігенцыі. Знаўцам старажытнай гісторыі славян, пачынальнікам беларускай археалогіі, фалькларыстыкі і мовазнаўства быў З.Я.Даленга-Хадакоўскі. Каштоўныя дакументы па гісторыі Беларусі ў 9-ці тамах выдаў у 40-я гг. І.І.Грыгаровіч. Ён таксама склаў два слоўнікі беларускай мовы. Значны ўклад у гістарычнае краязнаўства Беларусі братоў Тышкевічаў. Шмат зрабіў для развіцця культуры і навукі Беларусі А.Кіркор. У 1850 – 1860-я гг. вакол яго літаратурнага гуртка ў Вільні групавалася беларуская, польская і літоўская інтэлігенцыя.

У папулярызацыі ведаў пра Беларусь і беларускі народ у розных пецярбургскіх выданнях значную ролю адыгралі шматлікія публікацыі П.М.Шпілеўскага. Ён склаў слоўнік і граматыку беларускай мовы. Аднак Расійская Акадэмія навук адхіліла апошнюю, спаслаўшыся на тое, што «дыялекты не могуць мець уласных граматычных катэгорый».

Складальнікі расійскіх этнаграфічных атласаў у 60 – 70-я гг. ХІХ ст. пры вызначэнні этнічнай прыналежнасці насельніцтва Беларусі зыходзілі з веравызнання і ўсіх беларусаў-католікаў запісывалі ў палякі. Адным з першых супраць такога ненавуковага падыходу гісторык і этнограф П.В.Баброўскі. У сваім даследаванні «Материалы для зеографии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния» (1863 г.) ён зрабіў апісанне жылля і гаспадарчых будынкаў, адзення і страў, хатняга і сямейнага побыту, вераванняў, абрадаў і звычаяў, працоўнай дзейнасці беларусаў. Крытэрыем вызначэння этнасаў Баброўскі лічыў мову, якая ўжывалася ў штодзённай гутарцы, песнях і прымаўках. З мовай ён звязываў асаблівасці нацыянальнага характару, мыслення, норм маралі, традыцый і звычаяў народа. П.В.Баброўскі адзначаў, што «беларус-селянін ці будзе ён праваслаўны, ці католік, мае свае перакананні, сваю маральную філасофію і перадае гэта разам з мовай сваім дзецям і ўнукам». Адсутнасць этнічнай самасвядомасці ў большасці беларусаў у сярэдзіне ХІХ ст. і нават тое, што яны не называлі сябе беларусамі, на думку Баброўскага, не мела істотнага значэння.

У 30 – 50-я гг. ХІХ ст. сярод прагрэсіўных вучоных, найперш расійскіх і ўкраінскіх, шырылася прызнанне факта існавання самастойнага беларускага этнасу. Сярод іх былі расійскія рэвалюцыянеры-дэмакраты А.І.Герцэн, М.А.Бакунін, М.П.Агароў, М.А.Дабралюбаў. У сваіх праграмах стварэння славянскай федэрацыі яны вызначалі для Беларусі статус, раўнапраўны з Расіяй, Украінай, Польшчай, Чэхіяй.
2. Погляды К.Каліноўскага і беларускіх народнікаў на мінулае беларускага народа. Справе абуджэння беларускага народа прысвяціў сваё жыццё Кастусь Каліноўскі.

Погляды Каліноўскага па беларускаму пытанню былі наступнымі: 1) адрозніваў сваю радзіму – Літву-Беларусь – ад Польшчы і Расіі і выступаў за ўтварэнне самастойнай Літоўска-Беларускай рэспублікі; 2) прапагандаваў у «Мужыцкай праўдзе» рэвалюцыйна-дэмакратычныя шляхі вырашэння аграрнага і агульнапалітычнага пытанняў; 3) паказываў істотнае пагаршэнне становішча беларускага сялянства пасля далучэння да Расійскай імперыі; 4) даваў негатыўную ацэнку далучэнню уніятаў да праваслаўя. К.Каліноўскі ацэньваў унію як нацыянальную веру беларускага народа.

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка