11. Методологические вопросы истории. Мн., 1996. 103 с




старонка8/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.96 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   21

Асноўныя працы прысвечаны гісторыі Беларусі, Польшчы і Расіі. У магістэрскай дысертацыі «Литовская церковная уния» (апублікавана ў 1859 – 1861 гг.) і доктарскай дысертацыі «История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 г.)» (апублікавана ў 1873 г.) М.В.Каяловіч звярнуўся да вывучэння праблемы Берасцейскай царкоўнай уніі. Аўтар адным з першых звярнуў увагу на працэс лацінізацыі уніі праз дзейнасць базыльянскага ордэна, рашэнні Замойскага сабора, паставіў пытанне аб крызісе ўніяцкай царквы.

З сінтэтычных абагульняючых прац, якія атрымалі грамадскае гучанне, можна назваць «Лекции по русской истории» (1862 – 1864 гг.), якія мелі чатыры выданні, і «Чтения по истории Западной России» (1884 г.). У іх Каяловіч прапанаваў уласную гістарычную канцэпцыю гісторыі Заходняй Расіі. Ён зыходзіў з вяршэнства праваслаўя ў гістарычным мінулым Беларусі, адзінстве інтарэсаў мясцовага насельніцтва з рускай арыстакратыяй. Гісторыю Беларусі аўтар зводзіў да нацыянальна-канфесійнага пытання, а сацыяльна-эканамічныя праблемы не закранаў.

Гістарыяграфічны падыход Каяловіча грунтаваўся на пазіцыі, што Заходняя Расія – гэта «западная Русь», якая ахоплівала «Белоруссию, западную Малороссию, или т. н. Украину, и Литву в собственном смысле слова». Дзяржаўнасць спачатку сфарміравалася ў межах рускага арэала «заходняй Русі», а потым пад націскам перасяленцкіх працэсаў была ўспрынята суседнімі літоўцамі. Да гэтага аб’яднальнага працэсу пад пагрозай крыжакоў з часам далучыліся жэмайты, якія ўжо ў ХІІІ ст. мелі свае дзяржаўныя формы.

Фактарам гістарычнага развіцця ён лічыў барацьбу «дзвух сіл»: рускай і польскай. Гісторыя Заходняй Русі да канца ХVІІІ ст., сцвярджаў Каяловіч, была прасякнута барацьбой польска-каталіцкай і русскай праваслаўнай цывілізацый. Задача даследчыка заключаецца ў вывучэнні крыніц і прычын «польскага трыумфа». Польскі ўплыў сапсаваў заходнерускае грамадства, садзейнічаў яго расколу. Каяловіч адзначаў, што «польская, езуіцкая» цывілізацыя - «вельмі дурная цывілізацыя», якая не прынесла народам Заходняй Расіі нічога карыснага (нават прыгоннае права прыйшло адтуль), бо палякі былі прасякнуты «духам лацінства», абсалютна не прымальнага славянамі. Збліжэнне з Польшчай, Люблінская і Берасцейская уніі дэфармавалі духоўнае жыццё у ВКЛ, апалячылі, акаталічылі значную частку заходнерускай шляхты, але асноўныя пласты народа нязменна цягнуліся да Расіі, бо адчувалі з ёю сваё племянное, культурнае, моўнае і рэлігійнае адзінства. Асноўнай апорай Русі з часоў фарміравання маскоўскага самадзяржаўя з яго земскімі саборамі, народным прызнаннем і праваслаўем аўтар лічыў цэнтральныя землі Расіі, якія захоўвалі сваю аб’яднаўчую, матэрыяльную, духоўна-цывілізацыйную і абарончую ролю і ў сярэдзіне ХІХ ст. Гісторык адзначаў безальтэрнатыўнасць і прадвызначанасць гістарычнага лёсу Рэчы Паспалітай, падзелы гэтай краіны садзейнічалі ўз’яднанню заходнерускіх зямель з Расіяй, іх духоўнаму адраджэнню.

Свае меркаванні Каяловіч падмацоўваў прыкладамі і характарыстыкай шырокага кола гістарычных крыніц. У яго публікацыях выкарыстоўваліся і некаторыя іншыя аргументы: прэтэнзіі Польшчы на землі Беларусі і Украіны ў межах 1772 г. не мелі пад сабой падстаў; само разуменне народа сярод прыхільнікаў тэорыі афіцыйнай народнасці (з галоўнай апорай на сялянства) прыкметна адрознівалася ад поглядаў апазіцыйнай польскай гістарыяграфіі з яе акцэнтацыяй на палітычную роль шляхты.

У гісторыі Заходняй Расіі Каяловіч вылучаў пяць этапаў на падставе знешнепалітычнага становішча края: 1) падзел рускага народа на дзве палавіны і спробы Заходняй Расіі ўтварыць свой цэнтр; 2) злучэнне Заходняй Расіі з Літвой; 3) злучэнне Літоўска-Заходнерускага княства з Польшчай праз знешні саюз; 4) зліццё Заходняй Расіі з Польшчай і распад Руска-Польскай дзяржавы; 5) анамальнае развіццё руска-польскага пытання (у складзе Расійскай імперыі).

Даследчык займаўся і гісторыка-этнаграфічным вывучэннем Беларусі, аб чым сведчаць працы «О расселении племен Западного края России», «Об этнографическом атласе западных губерний», «Об этнографической границе между Западной Россией и Польшей» і інш. Каяловіч лічыў, што беларуская народнасць склалася ў Х – ХІ ст. з плямён крывічоў і дрыгавічоў і раднілася па веры, мове і традыцыях з рускімі і украінцамі. Пэўную розніцу паміж заходнімі і ўсходнімі беларусамі гісторык выводзіў ад міжэтнічных кантактаў з літоўцамі і палякамі ў ХІV – ХVІІІ ст., а таксама палітыкі паланізацыі і акаталічвання ў Рэчы Паспалітай.

Вядомы ўклад М.В.Каяловіча ў выданне крыніц па гісторыі Беларусі. Па даручэнню археаграфічнай камісіі ў 1865 г. ён апублікаваў «Документы, объясняющие историю Западной России и ее отношение к Восточной России и Польше», у 1867 г. – «Летопись осады Пскова Стефаном Баторием», «Дневник последнего похода Стефана Батория», у 1869 г. – «Дневник Люблинского сейма 1569 г.».

Канцэпцыя Каяловіча ўпісалася ў афіцыйную расійскую гістарыяграфію і публіцыстыку. На спрошчаным узроўні яна была размножана ў шматлікіх вучэбных, асветніцкіх і палемічных публікацыях. Кантрасная выключна адмоўная ацэнка яго поглядаў была дадзена з боку дэмакратычнай ліберальнай грамадскасці другой паловы ХІХ ст. і панегірычная – з боку афіцыйных і царкоўных колаў. У навейшай гістарыяграфіі погляды Каяловіча былі раскрытыкованы У.І.Пічэтам («прекрасный показатель того, как не нужно изучать исторические явления»), а таксама адным з заснавальнікаў савецкай канцэпцыі ўтварэння ВКЛ У.Ц.Пашутам, М.М.Улашчыкам, Д.У.Каравым і інш.

У Пецярбургскай духоўнай акадэміі М.В.Каяловіч стварыў заходнерускую гістарычную школу, заснаваную на ідэях вялікадзяржаўнасці і манархізма. Але яе прадстаўнікі ўлічвалі ўплыў ліберальнай гістарыяграфіі, таму большую ўвагу сталі надаваць сацыяльнаму кантэксту ў гісторыі канфесійных адносін.

Адным з вядомых прадстаўнікоў заходнерускай гістарычнай плыні і вучняў Каяловіча з'яўляўся Платон Жуковіч.

Жуковіч стаў вядомы пасля выхаду ў 1892 г. працы «Кардинал Гозий и польская церковь его времени». Яна сведчыла аб далейшым, пасля М.В. Каяловіча, даследаванні гісторыі рэлігійных адносін у Рэчы Паспалітай. Цэнтральная месца па-ранейшаму займала царкоўная унія, аб чым гавораць наступныя працы: «Борьба против унии на современных ей польско-литовских сеймах (1595 – 1660 гг.)» (1897 г.), «Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией» (1901 – 1912 гг.).

Жуковіч, як і Каяловіч, лічыў Берасцейскую царкоўную унію большым злом для насельніцтва Заходняй Расіі, чым Люблінскую. Прычыну царкоўнай уніі ён бачыў у імкненні праваслаўных іерархаў усталяваць кантроль над праваслаўнымі брацтвамі, у імкненні папскай курыі пашырыць свой уплыў на Усходзе за кошт Маскоўскай дзяржавы і інш. Даследчык указаў на адсутнасць падтрымкі ўніі з боку насельніцтва і яе накіраванасці ў бок каталіцкай царквы. Праўда, у адрозненне ад Каяловіча, Жуковіч займаў больш стрыманую пазіцыю ў ацэнцы сквапнасці праваслаўных іерархаў ВКЛ, паказаў альтэрнатывы развіцця канфесійнага пытання ў Рэчы Паспалітай. Новым падыходам можна назваць раскрыццё ўнутрыпалітычных падзей у Рэчы Паспалітай на шырокім міжнародным фоне.

Жуковіч з'яўляецца адзіным прадстаўніком заходнерускай гістарыяграфіі, які звярнуўся да пытанняў сацыяльна-эканамічнай гісторыі, найперш, аграрнай гісторыі Беларусі канца ХVІІІ – сярэдзіны ХІХ ст. У 1895 г. ён выдаў працу «О русском землевладении в Северо-Западном крае от времени присоединения его к России». З аднаго боку, аўтар зыходзіў з канонаў заходнерусізма і ўсхваляў працэс уз’яднання «Заходняга края» з Расіяй. З другога боку, ён заўважыў, што на тэрыторыі Беларусі дазвалялася прадаваць сялян без зямлі, што раздача дзяржаўных маёнткаў рускім памешчыкам праводзілася не на падставе ідэалагічных матываў, што ў гісторыі Заходняй Русі было дзве важныя падзеі: 1839 г. (рэформа П.Д.Кісялёва) і 1861 г. (адмена прыгоннага права). Аўтар пісаў аб заслугах віленскага генерал-губернатара М.М. Мураўёва перад мясцовымі сялянамі – у арганізацыі рускіх пасяленняў.

Напрыканцы жыцця Жуковіч звярнуўся да аналізу салоўнага складу насельніцтва Заходняй Расіі ў перыяд Кацярыны ІІ. Раскрываючы стан рэгіёна пры Паўле І, даследчык вызначыў аграрнае пытанне ў якасці галоўнага, а не ўніяцкае. Гэта сведчыла аб пэўнай эвалюцыі поглядаў аўтара ў ліберальным накірунку.

Да старэйшых выкладчыкаў школы Каяловіча адносіцца Канстанцін Харламповіч.

Навуковыя працы Харламповіча прысвечаны культуралагічнай праблематыцы ў кантэксце гісторыі праваслаўнай царквы: «К истории западнорусского просвещения. Виленская братская школа в первые полвека своего существования» (1897 г.), «Острожская православная школа» (1897 г.), «Западнорусские церковные братства и их просветительская деятельность в конце ХVI и начале ХVII в.» (1899 г.). Галоўнай працай яго жыцця стала кніга «Западнорусские православные школы ХVI и начале ХVII в. …» (1899 г.), за якую ён атрымаў Увараўскую і Карпаўскую прэміі. Аўтар упершыню разглядзеў рэлігійныя адносіны ў ВКЛ з пазіцый ліберальнай гістарыяграфіі, увёў у навуковы зварот значны і каштоўны факталагічны матэрыял. Харламповіч вельмі падрабязна, а гэта асаблівасць ягонага стылю, параўноўваў каталіцкую, праваслаўную і пратэстанцкую сістэмы навучання, раскрыў уплыў польскай культуры на заходнерускае насельніцтва.

Яркім прадстаўніком заходнерускай гістарыяграфіі з’яўляецца рускі гісторык- славянафіл, археограф Іван Бяляеў.

Бяляеў даследаваў гісторыю Беларусі да сярэдзіны ХVІ ст. У працы «Очерк истории Северо-Западного края России» (1867 г.) ён прасачыў гістарычнае развіццё Беларусі са старажытнасці да Крэўскай уніі 1385 г. Як і Каяловіч, разглядаў мінулае праз прызму барацьбы праваслаўнага насельніцтва супраць «націску лацінства і Нямеччыны». Аўтар падкрэсліваў, што яго кніга павінна «способствовать развитию у учащихся верных понятий в исконном господстве православия и русской народности…».

У «Истории Полотска или Северо-Западной Руси от древнейших времен до Люблинской унии», якая была надрукавана ў 1872 г., Бяляеў прааналізаваў сацыяльны і нацыянальны склад насельніцтва, гісторыю царквы, адміністрацыі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Па сутнасці, аўтар паспрабаваў стварыць этнічную мадэль Полацкай зямлі. Вучоны лічыў, што тэрыторыя паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной, Дняпром і Нёманам, Літва, землі суседніх прыбалтыйскіх плямён былі аб’яднаны ў працэсе славянскай каланізацыі ў адну Полацкую дзяржаву. Увесь разгляд гісторыі Полаччыны ў яго пабудаваны на прынцыпе аналогіі сацыяльнага жыцця Полацка і Ноўгарада (вечавыя сходы гараджан, арганізацыя купецтва і інш.) як вынік славянскай каланізацыі Полацка з Ноўгарада. Даследчык выказаў ідэю бесканфіктнай садружнасці ўлады і народа, першы з рускіх гісторыкаў зрабіў этнаграфічнае апісанне беларусаў, якіх лічыў крывічамі.

Найбольш выразна заходнеруская гістарыяграфічная пазіцыя прасочваецца ў працах рускага гісторыка Паўла Бранцава.

Кнігі Бранцава («История Литовского государства с древнейших времен» (1889 г.), «Польский мятеж 1863 г.» (1891 г.), «Очерк древней Литвы и Западной России» (1896 г.) і інш.) паказывалі добратворны ўплыў на лёс «Заходняга краю» усяго праваслаўнага і рускага і адмоўны ўплыў усяго каталіцкага і польскага: «…после Люблинской унии было реализовано усиленное стремление поляков к окончательному уничтожению… самостоятельности Литовского государства». На яго думку, заслугай беларускіх князёў з'яўлялася іх барацьба за абарону праваслаўя. Рускія цары вызвалілі беларусаў ад літоўскай і польскай асіміляцыі. Аўтар станоўча ацэньваў дзейнасць віленскага генерал-губернатара М.М.Мураўёва, накіраваную на ліквідацыю паўстання 1863 г.

Адным з першых выкарыстаў тэрмін «Заходняя Русь» прадстаўнік позняга заходнерусізма І.П.Філевіч, які ў 1896 г. апублікаваў «Историю древней Руси». У сваім даследаванні аўтар паказаў негатыўны ўплыў Ягайлы на лёс Беларусі, раскрыў складванне мясцовай спецыфікі пад уплывам каталіцызму і нямецкага права, што прывяло да гістарычнай несамастойнасці Заходняй Русі ў параўнанні з Масквой, патрабаваў уніфікаваць «рускае» жыццё рэгіёна па маскоўскаму ўзору.

Прапагандысцка-публіцыстычны накірунак у заходнерускай гістарыяграфіі прадстаўляў Іван Карнілаў.

У 1901 г. Карнілаў выдаў «Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в муравьевскую эпоху». Аўтар у прадмове раскрыў свой погляд на гісторыю Беларусі і Літвы, найперш, у ХІХ ст. Ён лічыў, што «Западный край, это наша древнейшая коренная страна, оплот православия и русской народности…». Аўтар ухваляў дзейнасць віленскага генерал-губернатара Мураўёва па знішчэнню польскага ўплыву ў гэтым рэгіёне, крытыкаваў пазіцыю А.Патапава, называў рускіх лібералаў ворагамі Заходняй Расіі.

Працы Карнілава, не гледзячы на іх нізкі навуковы ўзровень і суб’ектывізм цікавы тым, што абвяргаюць тэзіс аб выключнай аўтаномнасці заходнерусізма як грамадска-палітычнай і навукова-гістарычнай думкі. Яны сведчаць аб зацікаўленасці ўрадавых колаў у яго развіцці.

Прыхільнікі заходнерусізма з русафільскіх і палонафобскіх пазіцый вялі барацьбу з беларускім нацыянальна-культурным рухам, лічылі яго «польскай інтрыгай», а дзеячоў называлі «белаляхамі». З другога боку, заходнерусісты супрацьстаялі польскаму ўплыву на Беларусі, які стаў узмацняцца пасля рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.
3. Ліберальны накірунак у расійскай, украінскай і беларускай гістарыяграфіі.

Пад уплывам пазітывізму ў другой палове ХІХ ст. у расійскай гістарыяграфіі сфарміравалася дзяржаўная або дзяржаўна-прававая школа, ля вытокаў якой знаходзіліся К.Д.Кавелін, Б.М.Чычэрын, С.М.Салаўёў. Гісторыкі праяўлялі зацікаўленасць да філасофіі гісторыі Гегеля, яго дыялектычнаму метаду, сфармулявалі канцэпцыю гістарычнага развіцця расійскай дзяржаўнасці, яе інстытутаў і прававых норм. Дзяржава разглядалася імі як суб’ект і рухавік гістарычнага прагрэсу.

Да другога пакалення прадстаўнікоў дзяржаўна-прававой школы адносяцца Міхаіл Уладзімірскі-Буданаў, Федар Леантовіч.

У сваіх працах («Немецкое право в Польше и Литве» (1868 г.), «Население Юго-Западной России от пол. ХIII до пол. ХVIII в.» (1886 г.)) Уладзімірскі-Буданаў аснову гістарычнага развіцця Вялікага княства Літоўскага бачыў у развіцці заканадаўчых норм краіны. Праўда, крыніцы і інстытуты права ён лічыў рускімі. Пагаршэнне становішча сялян тлумачыў тым, што нормы звычаёвага права былі выцеснены дзяржаўным правам, напрыклад «Уставай на валокі» Жыгімонта ІІ Аўгуста.

Уладзімірскі-Буданаў распрацаваў тэорыю «абшчыннага права» як «поўнага, вечнага і спадчыннага ўладання землямі нараўне з зямянамі і баярамі ў ХVІ ст.», якая пазней была абвергнута М.К.Любаўскім.

Зыходзячы з пазіцый прававога ідэалізму, даследчык лічыў, што магдэбургскае права, прынесенае ў ВКЛ з Польшчы разам з феадалізмам, стала прычынай заняпаду не толькі гарадоў Рэчы Паспалітай, але і краіны ў цэлым. Адзначым панславянскую пазіцыю Уладзімірскага-Буданава, які выступаў з ідэяй аб'яднання славянскіх народаў пад эгідай Расіі.

У манаграфіях «Очерки истории литовско-русского права» (1894 г.), «Сословный тип территориально-административного состава Литовского государства и его причины» (1895 г.) Леантовіч прааналізаваў працэс утварэння ВКЛ (аўтар сфармуліраваў тэзіс аб добраахвотным аб’яднанні Русі з Літвой дзеля вызвалення ад татара-мангольскага іга), ахарактарызаваў сацыяльны стан беларускіх зямель у складзе гэтай краіны, прававое становішча розных катэгорый сялянства ВКЛ, класіфікаваў сялянскія павіннасці. Даследчык развіваў тэорыю абшчыннага паходжання Рускай дзяржавы.

Аўтарам шырокага гістарычнага сінтэзу, складзенага на падставе лекцыйнага курсу ў Маскоўскім універсітэце, стаў выдатны прадстаўнік ліберальнай гістарыяграфіі рускі гісторык Мацей Любаўскі.

На працягу трох дзесяцігоддзяў Любаўскі чытаў у Маскоўскім універсітэце спецкурс па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, вёў семінары па крыніцазнаўству ВКЛ. Але рукапісы і матэрыялы даследчыка дайшлі да нас у нязначнай колькасці – у аб’ёме каля 200 старонак.

Найбольш значная абагульняючая работа па гісторыі ВКЛ – «Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно» (1910 г.). Выданне падобнай сінтэзнай працы аўтар растлумачыў адсутнасцю даступных абагульняючых дапаможнікаў, а ў навуковым сэнсе – вывучэннем парадаксальна розных шляхоў гістарычнага равіцця «Літоўскай» і Паўночна-Усходняй Русі» і тым самым для лепшага разумення станаўлення і эвалюцыя апошняй. Любаўскі стаў пачынальнікам тыпалагічна-параўнальнага метада ў вывучэнні гісторыі ВКЛ. У гістарыяграфіі традыцыйна залічваюць аўтара ў групу пазітывістаў гісторыкаў дзяржаўна-прававой школы, што патрабуе значнай карэктыроўкі. Ён імкнуўся да шырокага асвятлення гісторыі ВКЛ і толькі недахоп сур’ёзных культуралагічных і сацыяльна-эканамічных прац перашкодзілі яму ў ажыццяўленні ягоных планаў.

Манаграфія стала абагульненнем магістэрскай і доктарскай работ аўтара. На падставе папярэдняй гістарыяграфічнай традыцыі Любаўскі раскрыў сацыяльна-палітычную эвалюцыю ВКЛ у ХІІІ – ХVІ ст. Даследчык прыйшоў да новых высноў: 1) ВКЛ – легітымная дзяржава – спадкаемца Кіеўскай Русі; 2) ВКЛ – дэмакратычная альтэрнатыва Маскве; 3) феадальнае грамадства ВКЛ ідэнтычнае заходнееўрапейскаму.

Значная ўвага адводзілася характарыстыцы дзяржаўнага ладу, зменам дзяржаўна-адміністрацыйнай сістэмы, развіццю сацыяльна-палітычных рухаў, цэнтральнаму і мясцоваму кіраванню, прывілегіям пануючага саслоўя, землеўладанню, становішчу сялянства і мяшчанства. Прычынамі своеасаблівай палітычнай эвалюцыі ВКЛ і збліжэння з Польшчай у ХІV – ХVІ ст. аўтар лічыў слабую цэнтралізацыю дзяржаўнага ладу, што часткова тлумачыцца даволі працяглым захаваннем палітычнай спадчыны з часоў Кіеўскай Русі, супярэчнасці паміж Літвой і «літоўскай Руссю» з яе неагляднай тэрыторыяй, насельніцтвам, гаспадарчымі і ваенна-палітычнымі магчымасцямі, ўласныя інтарэсы магнатаў і шляхты, ціскам з боку Ордэна, а з канца ХV ст. Маскоўскай Русі і Польшчы. Люблінскую унію 1596 г. аўтар ацаніў як канец самастойнай гісторыі ВКЛ.

Навуковай падставай для Любаўскага служылі яго ўласныя папярэднія працы («Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута» (1892 г.), «Литовско-Русский сейм» (1900 г.), «К вопросу об удельных князьях и местном самоуправлении в Литовско-Русском государстве» (1894 г.), «О распределении владений и об отношениях между великими и другими князьями Гедиминова рода» (1896 г.)), а таксама «Гісторыя Украіны-Русі» М.С.Грушэўскага, работы польскага гісторыка права С.Кутшэбы і інш. У дадатку да кнігі аўтар змясціў тэксты асноўных агульназемскіх і абласных прывілеяў.

Прычынай своеасаблівасці дзяржаўнага ладу ВКЛ, яго палітычнай слабасці аўтар лічыў старажытную карнявую аселасць мясцовога насельніцтва Літвы і Заходняй Русі, - ад сялян, што спакон веку жылі тут «племяннымі гнёздамі», да князёў, паноў і баяр, якія стагоддзямі захоўвалі свае ўладанні. Гэта «вячыстая» устойлівая землеўласнасць мясцовых баяр (у адрозненне ад маскоўскіх, што жылі гасударавым «жалаваннем») разам з такімі ж старадаўнімі «вячыстымі» гарадамі забяспечылі (не характэрную для Маскоўскай дзяржавы) устойлівасць мясцовых саюзаў землеўласнікаў, гараджан, сялян, палітычных аб'яднанняў. Над усім гэтым моцна арганізаваным грамадствам можна было б надстроіць уплывовую цэнтральную ўладу, калі б вялікія князі праяўлялі «больш творчай волі і разума», а не абмяжоўваліся нязначнымі зменамі і рэформамі па прынцыпу «мы старыны не рушым, а навін не ўводзім».

Другой галоўнай прычынай аўтар лічыў уплыў Польшчы. Ужо першая ўнія дала землеўласнікам польскія правы і вольнасці, асабліва важнае права выбіраць вялікага князя, садзейнічала пашырэнню саслоўных і палітычных набыткаў землеўласнікаў (што яшчэ больш абмяжоўвала вярхоўную ўладу), развіццю феадалізму, які разлажыў дзяржаву і прывёў да росту абласнога і вотчыннага патрыятызму замест агульнадзяржаўнага.

Высновы Любаўскага заслугоўваюць увагі, але яны далёка не поўныя, да таго ж недакладныя. Перабольшана не толькі ступень аселасці насельніцтва (бо ужо з ХІІІ ст. на яе ўздзейнічала масавая міграцыя з поўдня пад уплывам мангола-татарскага нашесця і татарскіх набегаў, войны, перасяленні сялян у гарады, каланізацыйныя працэсы), але і рэальныя магчымасці вярхоўнай улады. Пры тым раскладзе дэмаграфічных, матэрыяльных і інш. рэсурсаў у Літве і «літоўскай Русі» варыянт абсалютнай манархіі (аналагічнай маскоўскаму самаўладдзю) быў немагчымы. Спрэчнай з’яўляецца і трактоўка працэса ўзнікнення буйной зямельнай уласнасці ў «літоўскай Русі», які быў звязаны не толькі са шматпакаленнай аселасцю баярства, але і з асаблівасцямі фарміравання шляхецкага саслоў’я ў ХV – ХVІ ст., інтарэсамі і палітыкай вярхоўнай улады і пануючага асяроддзя.

Аб высокім узроўні рускай гістарыяграфіі гісторыі ВКЛ у пачатку ХХ ст. сведчыць праца прафесара Пецярбургскага універсітэта А.Е.Праснякова «Лекции по русской истории (читанные автором в 1908—1910 гг.)» (1939 г.), які фактычна стаяў на глебе эканамічнага матэрыялізма. Сацыяльна-эканамічныя інтарэсы вярхоўнай улады, мясцовых князёў з іх вотчынамі, розных іншых пластоў насельніцтва знаходзяцца ў цэнтры яго абагульняючай працы пры апісанні ўсіх унутраных і знешнепалітычных працэсаў і сацыяльна-палітычных рухаў. Храналагічна курс лекцый ахоплівае перыяд ад часоў Кіеўскай Русі да Люблінскай уніі і панавання Стэфана Баторыя. Упершыню ў навуковых і дыдактычных працах такога узроўню гісторыя Заходняй Русі – Беларусі і Украіны – прадстаўлена самастойным аб’ектам даследавання і ў пэўнай ступені суб’ектам уласнай гісторыі і тэматычна выдзелена з агульнай гісторыі «Літоўска-Рускай» дзяржавы. Нямала месца адведзена характарыстыцы нацыянальна-канфесійных адносін, дзяржаўнага ладу, палітычнай кансалідацыі шляхты, запрыгоньванню сялянства.

Праснякоў сфармуляваў дзве новыя канцэпцыі, якім была суджана доўгая дыскусійная гісторыя ў пазнейшай гістарыяграфіі: 1) Кіеўская Русь, на яго думку, стала асновай зараджэння трох народнасцей – беларускай, украінскай і рускай; 2) у адрозненне ад Любаўскага, задоўга да манаграфіі І.І.Лапы, аўтар прыйшоў да высновы, што дзяржаўнасць ВКЛ захоўвалася і пасля Люблінскай уніі. Лекцыі Праснякова былі апублікаваны толькі ў 1939 г., а ў пачатку ХХ ст. былі вядомы толькі абмежаванаму колу студэнцкай моладзі.

У другой палове ХІХ ст. фарміруецца ліберальная плынь ва ўкраінскай гістарыяграфіі, прадстаўленая «кіеўскай школай» У.Б.Антановіча. Погляды яе прадстаўнікоў на «літоўскі» перыяд у развіцці ўкраінскіх і беларускіх зямель былі прынцыпова рознымі, але падыходы і метадалогія даследавання насілі дэмакратычны характар. Яны не прымалі пазіцыю расійскай афіцыйнай гістарыяграфіі аб супадзенні дзяржаўнай і народнай гісторыі. У работах Антановіча і яго навуковага апанента М.П.Дашкевіча падкрэсліваўся пераважна мірны характар фарміравання ВКЛ у ХІІІ – ХІV ст., захаванне традыцый старога палітычнага ладу, узаемадзеянне дзвюх пануючых этнаграфічных і культурна-бытавых стыхій. У адрозненне ад Антановіча, які лічыў, што саперніцтва літоўскай і «рускай» народнасцей у палітычным і духоўным жыцці ВКЛ мела драматычныя вынікі ўжо на ранніх этапах яго гісторыі, Дашкевіч меркаваў, што гэты працэс пачаўся пасля уніі з Польшчай у 1386 г. Абодва даследчыкі адзначалі вялікі ўплыў «рускіх» дзяржаўных інстытутаў, матэрыяльных і дэмаграфічных рэсурсаў, духоўнай і пісьмовай культуры на Літву, пры чым, па слушнай заўваге У.Ц.Пашуты, Дашкевіч у працы «Заметки по истории Литовско-Русского государства» (1885 г.) першым паставіў пытанне аб сінтэзе некаторых літоўскіх і рускіх элементаў у грамадскіх, палітычных і культурных адносінах ВКЛ

Сярод даследчыкаў «кіеўскай школы» вылучаецца арганізатар акадэмічнай гістарычнай навукі ва Украіне Міхаіл Грушэўскі.

Грушэўскі ўпершыню ва ўкраінскай гістарыяграфіі напісаў абагульняючую 10-томную працу «Історія України-Руси» (1898 – 1936 гг.). Некалькі кніг (Т. ІV – «ХІV – ХVІ віки – відносини політічни», т. V – грамадска-палітычна эвалюцыя украінскіх зямель «під литовським і польским режімом (ХІV – ХVІІ вік.)»; т. VІ – эканамічнае жыццё, культурныя і нацыянальныя адносіны) асвятляюць перыяд станаўлення і развіцця ВКЛ.

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка