11. Методологические вопросы истории. Мн., 1996. 103 с




старонка7/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.96 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   21

Шмат краязнаўчых прац аставіў пасля сябе Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч).

Вывучэнню Беларусі Сыракомля прысвяціў шэраг прац, у прыватнасці, нарыс «Нясвіж», які прызначаўся для «Старажытнай Польшчы» М.Балінскага. У нарысе ў храналагічнай паслядоўнасці апісаны найбольш важныя ваенныя бітвы, звязаныя з гісторыяй горада, дадзена высокая ацэнка яго архітэктурным помнікам.

Да лепшых узораў краязнаўчага апісання адносіцца праца Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах...», якая ўбачыла свет у 1853 г. Аўтар зрабіў гістарычныя нарысы мястэчак Любчы і Міра, разглядзеў мясцовыя падзеі ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі. Ён лічыў, што Мірскі замак маладзейшы за Наваградскі, Лідскі і Крэўскі. Аўтар падрабязна апісаў беларускую вёску, у прыватнасці, жыллё, вясковае адзенне, звычаі і абрады мясцовых сялян – у наваколлі Міра, Нясвіжа, Стоўбцаў, Койданава, Слуцка.

Сыракомлі належыць «Апісанне Мінска» (1857 г.) – своеасаблівай хронікі горада. Даследчык прадставіў асноўныя этапы з жыцця гараджан, адзначыў запамінальнасць яго архітэктуры, выказаў думку, што Мінск пачаў забудоўвацца з захаду на ўсход.

Пад уплывам манаграфіі К.Тышкевіча «Вілія і яе берагі» краязнавец стварыў працу «Нёман ад вытокаў да вусця», выдадзеную ў 1861 г. Гэта першае апісанне беларускай ракі, у якім прапаноўвалася методыка падобнага тыпу даследаванняў.

Вядома, што Сыракомля захапляўся археалогіяй – праводзіў раскопкі ў Віленскім, Навагрудскім і Ковенскім паветах. Ён прымаў удзел у арганізацыі Віленскага музея старажытнасцей, з’яўляўся членам Віленскай археалагічнай камісіі.

Для навуковай апрацоўкі і публікацыі гістарычных крыніц у 1855 г. у Вільні пры Музеі старажытнасцей была створана Археалагічная камісія пад старшынствам Я. Тышкевіча. Ён жа ахвяраваў музею сваю калекцыю кніг, рукапісаў і прадметаў быту з Лагойска.

Археалагічная камісія павінна была скласці збор (калекцыю) старажытных кніг, актаў, рукапісаў, манет, зброі, паясоў, партрэтаў, садзейнічаць захаванню помнікаў старажытнасці, арганізаваць даследчыцкую дзейнасць па вывучэнню мінулага Беларусі і Літвы. Арганізатары камісіі марылі аб стварэнні універсітэта. Ужо ў 1860 г. функцыянавала бібліятэка з фондам 15 тыс. кніг, была сабрана нумізматычная калекцыя (47 тыс. экспанатаў), археалагічная калекцыя (3412 экспанатаў), калекцыя бюстаў, галерэя карцін.

Камісія ўключыла ў сваю дзейнасць такіх вядомых гісторыкаў і аматараў мінуўшчыны як Т.Нарбут, А.Кіркор, М.Маліноўскі, Ю.Крашэўскі і інш. З 1858 г. сталі выходзіць «Запіскі». У тым жа годзе на высокім археаграфічным узроўні было выдадзена «Собрание государственных и частных актов, касающихся Литвы и соединенных с нею владений (1387 – 1710 гг.)», у 1860 – 1862 гг. - «Skarbiec diplomatуw…» І.Даніловіча.

Царская адміністрацыя з недаверам ставілася да дзейнасці камісіі, бачыла ў ёй асяродак польскага і літоўскага сепаратызму. Публічна сваю незадаволенасць улады выказалі пасля выдання камісіяй «Збора» М. Круповіча – падборкі дакументаў палонафільскага характару. Тым не менш, члены Археалагічнай камісіі абуджалі інтарэс да духоўнага і матэрыяльнага мінулага беларускага народа.

У другой трэці ХІХ ст. афармляецца плынь літоўскай гістарыяграфіі, прадстаўленая Сіманасам Даўкантасам (1793 – 1864 гг.). Даследчык адмоўна ставіўся да Польшчы, выступаў за адраджэнне Літвы. У «Деяниях древних литовцев и жемайтов» (1822 г.) ён у даступнай для чытачы форме раскрыў гісторыю літоўскага народа са старажытных часоў да смерці Вітаўта. Як і В.Віюк-Каяловіч, аўтар лічыў, што літоўцы паходзяць ад племені герулаў, якое пасля доўгіх вандровак асела ў Прыбалтыцы. Барацьба з мясцовымі плямёнамі была вырашана жрацом Вайдэвутасам: «Ніякага падпарадкавання не павінна быць. Усе ўлады павінны быць выбарнымі». Гэта была першая праца па гісторыі Літвы, напісаная на літоўскай мове.

Працуючы ў канцылярыі Сената ў Пецярбургу, Даўкантас на падставе новых крыніц Метрыкі ВКЛ напісаў кнігу «Быт старажытных літоўцаў, аукштайтаў і жэмайтаў» (1845 г.), у якой ідэалізаваў мінулае літоўскага народа. Але самай значнай працай даследчыка стала двухтомная «Гісторыя Літвы», у якой аўтар прааналізаваў гістарычныя падзеі ад старажытнасці да Люблінскай уніі.

Стан беларускай гістарыяграфіі ў другой трэці ХІХ ст. характарызуецца больш марудным развіццём у параўнанні з гістарыяграфіяй Расіі і Украіны. Але ў гэты час фарміруюцца спецыяльныя (археалогія, этнаграфія) і дапаможныя (нумізматыка, палеаграфія, генеалогія і інш.) гістарычныя дысцыпліны.

У гэты перыяд была закладзена вялікадзяржаўная канцэпцыя гісторыі Беларусі, правадніком якой сталі прадстаўнікі ўрадавых устаноў: губернскія статыстычныя камітэтаў, афіцэры Генеральнага штаба, праваслаўныя святары. З падачы расійскіх даследчыкаў і з дапамогай ураджэнцаў беларускіх губерняў гістарыяграфіі быў нададзены дваранскі характар.

Разам з афіцыйнай канцэпцыяй гісторыі Беларусі фарміруецца плынь «мясцовых даследчыкаў», часта непрафесійных, якія прадметам вывучэння выбралі мінулае ВКЛ. Нягледзячы на іх вялікапольскі падыход у ацэнцы гістарычных падзей, аўтары заклалі аснову планамернага і грунтоўнага вывучэння айчыннай гісторыі. Асяродкам тутэйшых даследчыкаў былі віленскія часопісы і Віленская археалагічная камісія.

Тэма


Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў

60-я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст.


План
1. Русіфікатарская палітыка ўрада пасля паўстання 1863 г. Дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі.

2. «Заходнерусізм» і яго прадстаўнікі ў расійскай гістарыяграфіі.

3. Ліберальны накірунак у расійскай, украінскай і беларускай гістарыяграфіі.

4. Гісторыя Беларусі ў даследаваннях польскіх гісторыкаў.


Літаратура
1. Булахов М.Г. Е.Ф.Карский: Жизнь, научная и общественная деятельность / Под ред. В.И.Бобковского. – Мн.: Изд-во БГУ, 1981. – 271 с.

2. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. – Мн.:БелЭн, 2005. – 688 с.

3. Гулак А.А. Ідэі заходнерусізму ў «Гісторыі беларускага краю» Пятра Бяссонава // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. - № 4. – С. 34 – 37.

4. Историография истории южных и западных славян: Учеб. пособие для студ. высш. учеб. заведений. – М.: Изд-во МГУ, 1987. – С. 50 – 65.

5. Карев Д.В. Академик М.К.Любавский. Судьба и наследие // Наш радавод. – Гродна, 1994. – Кн. 6. – Ч. 3. – С. 450 – 619.

6. Карев Д.В. Белорусская историография во второй половине ХІХ – начале ХХ в. // Очерки истории науки и культуры Беларуси ІХ – начала ХХ в. / П.Т.Петриков, Д.В.Карев, А.А.Гусак и др. – Мн.: Наука и техника, 1996. – С. 40 – 47.

7. Карев Д.В. Белорусская историография в эпоху капитализма (1861 – 1917 гг.) // Наш радавод. – Кн. 3. – Ч. 1. – Гродно, 1991. – С. 49 – 115.

8. Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР (эпоха феодализма): Учеб. пособие. – Мн.: Университетское, 1986. – С. 20 – 62.

9. Коялович М.О. История русского самосознания по историческим памятникам и научным сочинениям. – Мн.: Лучи Софии, 1997 . – 688 с.

10. Кушнер В. Стваральнік канцэпцыі беларускай нацыянальнай гісторыі // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. - № 9. – С. 53 – 59.

11. Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ – ХХ ст. – Спб.: Неўскі прасцяг, 2003. – С. 70 – 146.

12. Литвинский А., Карев Д. Западноруссизм в российской историографии второй половины ХIХ – начала ХХ веков // Стэфан Баторый у гістарычнай памяці народаў Усходняй Еўропы. – Гродна: ГЦДУЕ, 2004. – С. 195 – 324.

13. Новік Н.Я. Выкладанне гісторыі ў навучальных установах дарэвалюцыйнай Беларусі // Гісторыя: праблемы выкладання. – 2001. - № 1. – С. 39 – 51.

14. Цвікевіч А. «Западнорусизм»: Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993. – 352 с.

15. Цыхун А.П. Акадэмік з вёскі Лаша. Я.Ф.Карскі: краязнаўча-біяграфічны нарыс. – Гродна, 1992. – 76.

16. Черепица В.Н. М.О.Коялович. История жизни и творчества. – Гродно: ГрГУ, 1988. – 328 с.

17. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Мн.: БелЭн, 1993. – Т. 3. – С. 19 – 21.

18. Яцкевіч З. Віленская археаграфічная // Беларуская мінуўшчына. – 1994. - № 2. – С. 32.



1. Русіфікатарская палітыка ўрада пасля паўстання 1863 г. Дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі.

Моцны ўплыў на развіццё айчыннай гістарыяграфіі парэформеннага часу аказала паўстанне 1863 г. у Польшчы, Літве і Беларусі. Яно зноў звярнула ўвагу ўрада і расійскага грамадства, у цэлым, на заходні рэгіён краіны, заставіла нанава адкрыць Беларусь і яе гісторыю. Каб абвергнуць польскія прэтэнзіі на Беларусь і Літву, царскі ўрад пачаў актыўна даказываць рускі характар «заходняга края» імперыі. Дзеля гэтага былі выдадзены два гістарычныя атласы.

Першы атлас з шасці карт падрыхтаваў палкоўнік Р.Ф.Эркерт (1863 г.). Выданне раскрывае арэал рассялення ў «заходнім краі» рускіх, палякаў, літоўцаў, латышоў, немцаў і яўрэяў. Зразумела, што ўкраінцы і беларусы былі аднесены да рускага этнасу. Першае выданне атласа выйшла на французскай мове і прадназначалася для еўрапейскай дыпламатыі ў адказ на падзеі 1863 г.

У 1864 г. выйшаў атлас, складзены падпалкоўнікам А.Ф.Рыціхам пад кіраўніцтвам Пампея Ббцюшкава.

У 1864 г. падпалкоўнік А.Ф.Рыціх пачаў збор матэрыялаў для складання атласа. За аснову ён узяў дадзеныя, атрыманыя з МУС і чыноўнікаў, якія спецыяльна былі накіраваны ў заходнія губерні для агляду стана праваслаўных цэркваў і манастыроў. Дзесяць карт атласа раскрываюць геаграфію рассялення рускіх, пад якімі разумеліся ўсе праваслаўныя, і палякаў (усе католікі).

Актыўную падтрымку ўраду аказалі прадстаўнікі позняга расійскага славянафільства і ліберальная інтэлігенцыя, аб чым сведчаць публікацыі ў славянафільскіх выданнях «День», «Москва», «Русь». Да супрацоўніцтва з імі быў запрошаны прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі, ідэолаг заходнерусізма М.В.Каяловіч, які звярнуўся з заклікам да расійскіх газет размяшчаць этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы аб «Заходняй Расіі». Погляды М.В. Каяловіча вабілі славянафілаў сваёй палонафобіяй: на гістарычных прыкладах даследчык паказаў, колькі зла «заходнерускаму народу» прынёс Захад, Польшча і каталіцызм. Таксама ён выдвінуў тэзіс пра сапсаванасць «лацінскага свету» і яго несумяшчальнасць з праваслаўным светам. Газета «Московские ведомости» абвясціла аб неабходнасці «духоўнага заваявання заходняга края Расіі».

Пазіцыя М.В.Каяловіча знайшла падтрымку ў віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Ён разумеў усю карысць гісторыі ў працэсе фарміравання грамадскай самасвядомасці жыхароў заходніх губерняў. Генерал-губернатар, акрамя русіфікацыі мясцовай адміністрацыі, прапанаваў імператару Аляксандру ІІ правесці рэформу школ і радыкальна змяніць змест гістарычнай адукацыі: «Необходимо всем и постоянно разъяснить, что край Северо-Западный всегда был и есть русский, и что польский элемент есть временный, заброшенный в эпоху польского владычества».

У пачатку 1864 г. Мураўёў задумаў выданне кнігі пра падзеі 1863 года. Гродзенскаму і ковенскаму губернатарам ён накіраваў даручэнне скласці «Очерк о начале и ходе бывшего мятежа по губернии и о польской революционной организации, которая существовала в ней». Падобныя прадпісанні атрымалі начальнік інфлянцкіх паветаў Віцебскай губерні, віленскі, віцебскі, магілёўскі губернатары, старшыні следчых камісій. Восенню 1864 г. у канцылярыю Мураўёва сталі паступаць першыя нарысы. Іх абагульненнем займаўся са сваімі памочнікамі генерал-маёр Васіль Фёдаравіч Ратч (1816 – 1870 гг.). Вынікам стала двухтомная праца, выдадзеная ў 1867 – 1868 гг., «Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западном крае». Затым кнігу пераклалі на французскую мову і выдалі ў Парыжы.

Для прапаганды ўрадавай палітыкі М.М.Мураўёў запрасіў у Вільню Ксенафонта Гаворскага.

У 1857 – 1858 гг. Гаворскі з’яўляўся рэдактарам неафіцыйнай часткі «Віцебскіх губернскіх ведамасцей». Яго заўважылі расійскія славянафілы, увялі ў навуковыя сталічныя салоны і зрабілі вядучым спецыялістам па «польскаму» пытанню. Прафесар М.В.Каяловіч садзейнічаў прызначэнню Гаворскага рэдактарам часопіса «Вестник Юго-Западной и Западной России», які выдаваўся з 1862 г. у Кіеве. Часопіс быў эклектычным – у ім друкаваліся дакументы з Кіеўскай археаграфічнай камісіі па гісторыі рэлігіі і царквы, матэрыялы па гісторыі Украіны і Беларусі. Выданне падтрымлівалі Сінод, МУС, Міністэрства народнай асветы, Пецярбургская духоўная акадэмія. Але ў Кіеве часопіс быў непапулярным, і ў хуткім часе яго зачынілі.

Па просьбе Мураўёва і папячыцеля Віленскай навучальнай акругі І.П.Карнілава выданне з 1864 г. перанеслі ў Вільню пад назвай «Вестник Западной России». Па тэматыцы публікацый часопіс быў гісторыка-літаратурным, але, з другога боку, ён з’яўляўся выразнікам афіцыйных поглядаў на палітыку, навуку, публіцыстыку. Аўтары змешчаных у ім артыкулаў аддавалі пашану праваслаўю, якое вызваліла Беларусь ад іга паланізма і лацінізма. Часопіс выходзіў пад дэвізам – «Калі Польшча не загінула, хай загіне – мы так хочам!». Уся гісторыя Беларусі падавалася аўтарамі «польскай інтрыгай» і «каталіцкім прымусам».

Тэндэнцыйнасць выдання прадвызначыла яго непапулярнасць і ў Вільні. Сітуацыю не выправіла нават абавязковая падпіска для духавенства і чыноўнікаў. У 1871 г. часопіс зачынілі.

Каб пераарыентаваць гістарычную свядомасць насельніцтва Беларусі і Літвы па прыкладу Пецярбурга і Кіева ў Вільні з 29 красавіка 1864 г. пачала дзейнічаць Віленская археаграфічная камісія. Выбар Вільні быў заканамерным. Там размяшчаліся багатыя архіўныя зборы (Архіў Галоўнага Трыбунала, Архіў Скарбавага трыбунала, справы Троксага архіва, архівы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў, архіў Сапег), кніжныя сховішчы, друкарні. Вільня з’яўлялася цэнтрам генерал-губернатарства, таму вельмі зручна было кантраляваць і накіроўваць працу камісіі.

Перад членамі Археаграфічнай камісіі былі пастаўлены наступныя задачы: «а) доказать фактически, что Западный край никогда не был счастлив под польским правительством; б) что цивилизация Польши, а с нею и Западного края далеко отставала от той степени совершенства, на которую ставили ее поляки; в) что только под русским правительством Западный край забыл свои страдания, исцелил прежние раны и начал свое историко-политическое существование». У цэлым камісія павінна быда гісторыка-дакументальна даказаць, што Беларусь мае праваслаўную і рускую прыроду.

Адразу ад камісіі запатрабавалі працу ў вялікім аб’ёме, хаця ўмовы для гэтага створаны не былі. Само сховішча размяшчалася ў двух паўпадвальных памяшканнях Віленскага універсітэта. З чатырох сябраў камісіі, уключаючы старшыню, працаваць з першакрыніцамі мог толькі адзін – архіварыўс (загадчык) архіва, кандыдат філасофска-тэалагічных навук Мікіта Іванавіч Гарбачэўскі (1804 – 1879 гг.). Ён зрабіў велізарнейшую чарнавую працу, склаўшы «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай…» (1872 г.), выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы» (1874 г.). Плённа працаваў выпускнік Рыжскай духоўнай семінарыі Іван Якаўлевіч Спрогіс (1833 – 1918 гг.). За некаторыя гады ён прачытываў ад 20 да 60 тыс. рукапісных лістоў, напісаў прадмовы да 11 тамоў. Даследчык таксама склаў геаграфічныя паказальнікі па дакументам архіва.

Вынік працы Віленскай археаграфічнай камісіі ўражвае. За 1865 – 1915 гг. было выдадзена 39 тамоў «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі». Разам з Віленскай навучальнай акругай супрацоўнікі камісіі выпусцілі 14 тамоў «Археаграфічнага зборніка дакументаў па гісторыі Паўночна-Заходняй Русі» (1867 – 1904 гг.). Агульны аб’ём выдадзеных крыніц склаў каля 29 тыс. старонак. Камісія апублікавала матэрыялы копных і земскіх судоў, дакументы гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, магістрацкія акты, матэрыялы пра руска-польскую вайну 1654 – 1667 гг., вайну 1812 г., царкоўную унію. Негледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца каштоўнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі беларускай мовы.

У другой паловы XIX – пачатку XX ст. гісторыя выкладалася ва ўсіх ніжэйшых і сярэдніх навучальных установах Беларусі. У курс уваходзілі сусветная і руская гісторыя з элементамі мясцовай гісторыі Паўночна-Заходняга краю. Расійская адміністрацыя, у тым ліку і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі, імкнулася пашырыць рускі ўплыў у заходніх губерніях.

З 1877 г. руская і сусветная гісторыя выкладаліся ў рамках адзінага курса, у якім матэрыял па рускай гісторыі ўключаўся паміж адпаведнымі раздзеламі сусветнай гісторыі. З 1913 г. руская гісторыя была вылучана ў самастойны курс. На аснове тыпавых міністэрскіх праграм настаўнік складаў рабочую праграму і прадстаўляў яе на разгляд педагагічнага савета.

Праграмы сведчаць аб наяўнасці ў курсе гісторыі некаторых сюжэтаў з мясцовай гісторыі, напрыклад, «Літоўскія плямёны, іх побыт, норавы і рамёствы, першыя літоўскія князі (Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Кейстут)». У рамках курсу гісторыі даваліся характарыстыкі Ягайле, Вітаўту, Крэўскай уніі. У рамках пытання «Маскоўская і Літоўская Русь» разглядаліся ўзаемаадносіны ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы. У падраздзеле «Заходняя Русь у XVI – XVIII стст.» даваліся звесткі пра Люблінскую ўнію, пранікненне езуітаў, Берасцейскую царкоўную унію, прычым акцэнт рабіўся на рэлігійныя праследванні праваслаўных у Рэчы Паспалітай, дзейнасць праваслаўных брацтваў. Перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай у праграме быў адлюстраваны ў наступнай фармулёўцы: «Умяшальніцтва Кацярыны II у польскія справы. Польская выбарчая сістэма. Пытанне аб дысідэнтах. Барская канфедэрацыя. Паўстанне на Украіне. I-ы падзел Польшчы і становішча пасля яго. Канстытуцыя 3 мая і Таргавіцкая канфедэрацыя. II-і падзел Польшчы. Паўстанне ў Польшчы і III-ці падзел». Курс гісторыі закранаў і падзеі XIX ст. Навучэнцы вывучалі такія пытані як «Змова дзекабрыстаў», «Паўстанне ў Польшчы 1830 г.», «Мяцеж у Польшчы 1863 г.».

Працэс выкладання гісторыі быў забяспечаны падручнікамі і вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі, у тым ліку і створанымі выкладчыкамі навучальных устаноў Беларусі. Сярод іх – А.Турцэвіч, П.Аляксандраў, В.Ярмаловіч і інш. У навучальных установах Беларусі набыла распаўсюджанне «Кніга для чытання па рускай гісторыі» (пад рэдакцыяй М.В.Доўнар-Запольскага), якая выйшла ў Маскве ў 1904 г. На думку складальнікаў, гэтае выданне павінна было стаць карысным для выкладчыкаў, навучэнцаў, для ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй. Кожны артыкул уяўляў сабой самастойны нарыс і быў напісаны спецыяльна для дапаможніка. Аўтары не пазбягалі дыскусійных пытанняў, аднак імкнуліся зрабіць дапаможнік даступным для чытача як па зместу, так і па аб'ёму асобных артыкулаў. Дапаможнік мог быць выкарыстаны для класнага і хатняга чытання.

Аналіз праграм, падручнікаў, навучальных дапаможнікаў сведчыць, што яны змяшчалі даволі значны пласт падзей гісторыі Беларусі, прычым аб'ём фактычнага матэрыялу перавышаў той, што выкарыстоўваўся пры выкладанні беларускай гісторыі ў сярэдніх школах у савецкі час. Аднак трэба мець на ўвазе, што вывучэнне гісторыі Беларусі ў дарэвалюцыйных навучальных установах было накіравана на дасягненне ідэалагічнай мэты – абгрунтаваць гістарычную прыналежнасць Паўночна-Заходняга краю да Расіі, выхаваць у навучэнцаў вялікадзяржаўныя патрыятычныя пачуцці.
2. «Заходнерусізм» і яго прадстаўнікі ў расійскай гістарыяграфіі.

Заходнерусізм – гэта канцэпцыя, якая адмаўляла гістарычнасць беларусаў як самастойнай і самабытнай этнічнай адзінкі, атаясамлівала іх з вялікарускім этнасам. У заходнерусізме вылучалася дзве плыні: кансерватыўная (К.А.Гаворскі) і ліберальная (М.В.Каяловіч). Прадстаўнікі першага накірунку лічылі, што этнічныя асаблівасці беларусаў з’яўляюцца вынікам уплыву польска-каталіцкай экспансіі, таму заходняму краю неабходна вярнуць рускі характар. Прадстаўнікі ліберальнай плыні прызнавалі пэўную гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але выключалі магчымасць яе нацыянальна-культурнага самавызначэння.

А.У.Літвінскі вызначыў два перыяды ў развіцці заходнерусізма. Першы перыяд (60 – 80-я гг. ХІХ ст.) падзяляецца на тры этапы: 60-я гг. – час актывізацыі публіцыстаў і гісторыкаў заходнерускай плыні з мэтай выкрыцця «польскай інтрыгі»; 70-я гг. – аслабленне заходнерускай тэндэнцыі ў сувязі з «патапаўшчынай» (курс віленскага генерал-губернатара А.Л.Патапава, накіраваны на замірэнне царызма з польскім дваранствам), смерцю Гаворскага і пераходам Каяловіча да грунтоўнай навуковай дзейнасці; 80-я гг. – пашырэнне цікавасці да заходнерусізма з боку ўрада (Аляксандра ІІ, Сінода і інш.).

Другі перыяд ахоплівае 90-я гг. ХІХ ст. – да 1917 г. Ён падзяляецца на два этапы: першы (90-я гг. ХІХ ст. – 1905 г.) – аслабленне заходнерускай тэндэнцыі ў гістарыяграфіі па прычыне афармлення ліберальнай плыні ў развіцці гістарычнай думкі і смерці Каяловіча; другі (1905 – 1917 гг.) – барацьба з польскім і беларускім нацыянальным рухам, калі заходнерусізм не атрымаў навуковага акадэмічнага накірунку, а меў публіцыстычны характар.

Канцэпцыя заходнерусізма была выклікана актывізацыяй польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў першай палове ХІХ ст. Менавіта тады ўзнікла патрэба стварыць супрацьвагу для шляхецкай ідэалогіі, якая ставіла мэтай аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. Паўстанне 1863 г. стала тым штуршком, які заставіў урад зрабіць заходнерусізм галоўным ідэалагічным накірункам афіцыйнай палітыкі ў заходніх губернях краіны.

Ідэйна заходнерусізм узыходзіць да славянафільства – філасофскай дактрыны, якая сфарміравалася ў адказ на нямецкую класічную філасофію і часткова нямецкую гістарычную думку з місіяй абароны славянскага свету. Прадстаўнікі расійскага славянафільства зыходзілі з трох асноўных пастулатаў: 1) праваслаўны Усход супрацьстаіць каталіцкаму Захаду; 2) праваслаўе мае духоўную перавагу над каталіцызмам; 3) Расія – лідэр славянства і перашкода на шляху сацыялізма і рэвалюцый, якія маюць заходняе паходжанне. Заходнерусісты поўнасцю падзялялі гэтыя погляды. М.В.Каяловіч пісаў: «…Я находил такой русский субъективизм, который и больше всех других обнимает фактическую часть русской истории и лучше других освещает действительные и существенные его стороны. Такой русский субъективизм я находил и нахожу в сочинениях… славянофилов. Он лучше других и в народном и в научном смысле…».

Афармленне заходнерусізма як гістарыяграфічнага накірунка было немагчымым без дзейнасці мясцовых даследчыкаў, г.зн. гісторыкаў Беларусі і Літвы, якія гуртаваліся вакол Віленскага універсітэта, а пазней вакол віленскіх перыядычных выданняў. Яны заклалі крыніцазнаўчую аснову ў вывучэнні мінулага рэгіёна, паставілі пытанне аб рухаючых сілах мясцовай гісторыі, стварылі атмасферу навуковага пошуку. Арганізацыйнае афармленне гэтага накірунка адбылося ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, а гістарыяграфічнае афармленне заходнерусізма звязана з працамі Міхаіла Каяловіча. Ён пашырыў і ў значнай ступені ўдакладніў гістарычныя погляды М.Г.Устралава. Яго канцэпцыя была панрасійскай славянафільскай і антыпольскай.

Свае метадалагічныя погляды Каяловіч раскрыў у кнізе «История русского самосознания» (1884 г.), якая стала буйной гістарыяграфічнай падзеяй – першай абагульняючай гістарыяграфічнай працай у Расіі. Даследчык прааналізаваў шырокае кола пытанняў па гісторыі гістарычнай навукі ад рускага летапісання па сучасныя яму працы.

Гісторык лічыў, што гістарычнае даследаванне не можа быць аб’ектыўным, таму вучоны павінен адмовіцца ад пошуку абсалютнай ісціны праз выбар прымальнай для яго пазіцыі. Сам М.В.Каяловіч выбраў для сябе т. зв. «рускі» суб’ектывізм славянафільскага характара. Аднак даследчык выступаў супраць адвольнага выкарыстання гістарычных крыніц, указываў на неабходнасць ацэнкі іх аб’ектыўных звестак. Ён размяжоўваў навуковы і літаратурны падыходы да гісторыі, не прызнаваў гістарычнай белетрыстыкі. Каяловіч адмоўна ацаніў крыніцазнаўчую дзейнасць Даніловіча і Нарбута, таму што яны друкавалі летапісы лацінскім шрыфтам, а не аўтэнтычнай кірыліцай.

Сам гісторык абапіраўся на традыцыі расійскай дваранскай гістарыяграфіі, спасылаўся на працы М.М.Бантыш-Каменскага, М.М.Карамзіна, М.Г.Устралава, М.В.Без-Карніловіча і інш. Але адзначым, што да Каяловіча гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай не з’яўлялася прадметам асобнага даследавання для расійскіх гісторыкў.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка