11. Методологические вопросы истории. Мн., 1996. 103 с




старонка13/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.96 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   21

Яўрэйская інтэлігенцыя ў 20-я гг. выказывала незадаволенасць палітыкай беларусізацыі і карэнізацыяй, бачыла ў гэтых працэсах прымусовае абеларусванне і ігнараванне культурных патрэб яўрэйскай нацыянальнай меншасці ў БССР. Яўрэйскія гісторыкі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. сталі прапагандаваць ідэю «культурна-нацыянальнай аўтаноміі» для савецкіх яўрэяў. Партыйнае кіраўніцтва лічыла падобныя погляды нацыяналістычнымі.

Дацэнт БДУ І.Славін у артыкуле «Национал-демократизм и правая опасность», які быў апублікаваны ў часопісе «Революция и культура» (1929, №2), сцвярджаў, што ў гарадах Беларусі яўрэйскія рабочыя не займаюць адказных пасад у органах дыктатуры пралетарыята. А паколькі ў БССР яўрэйскі пралетарыят мае большасць, то палітыка беларусізацыі вядзе да паслаблення дыктатуры пралетарыята і ўзмацнення ролі сялянства.

Яўрэйскія гісторыкі, як правіла гэта былыя члены Бунда («самаліквідацыя» гэтай партыі адбылася ў сакавіку 1921 г.), у сваіх поглядах зыходзілі з наступных канцэптуальных палажэнняў: яўрэйскі нацыяналізм – гэта адказ на антысемітызм (бальшавікі лічылі вынікам класавай барацьбы); «канцэпцыя адзінай прыгнечанай і ганімай яўрэйскай нацыі»; кіруючая роля Бунда ў рэвалюцыйным руху на тэрыторыі Беларусі; «двухкарэннасць» утварэння КП(б)Б: з Бунда і бальшавіцкіх арганізацый. Практычнае ўвасабленне гэтыя палажэнні атрымалі ў работах Бухбіндэра, Вайнштэйна, Кіржніца, Крэмера, Літвакова, Рафеса і інш.

Ю.Н.Майзель, М.І.Шапавалаў у «Кароткім нарысе гісторыі КП(б)Б» (1929 г.) сцвярджалі, што ў Беларусі ў пачатку ХХ ст. дамінавала рамесная вытворчасць, таму не існавала пралетарская глеба для распаўсюджання бальшавізма, але мелася сацыяльная і нацыянальная база для дзейнасці Бунда. Аўтары лічылі, што партыйныя арганізацыі бальшавікоў узніклі на Беларусі ў 1917 г. і не адыгралі кіруючай ролі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Б.Олікер, Л.Розенблюм у «Нарысах гісторыі камсамола ў Беларусі» (1927 г.) таксама не прызнавалі дзейнасць бальшавіцкіх арганізацый у Беларусі да лютага 1917 г. На іх думку, да гэтага часу кіруючай сілай у рэвалюцыйным руху быў Бунд і меншавікі.

Адзін з заснавальнікаў Бунда Александр Крэмер у артыкуле «Основание Бунда», надрукаваным у часопісе «Пролетарская революция» (1929, №11) даказываў, што І-ы з’езд РСДРП быў скліканы па ініцыятыве Бунда.

Аб кіруючай ролі Бунда ў рэвалюцыйных працэсах канца ХІХ – пачатку ХХ ст. у савецкай гістарыяграфіі 20-х гг. пісалі М.Рафес («Очерки по истории еврейского рабочего движения» (1929 г.); «Очерки по истории Бунда» (1923 г.)), Н.А.Бухбіндэр («Материалы по истории еврейского рабочего движения в России» (1923 г.); «История еврейского рабочего движения в России: (По неизд. материалам)» (1925 г.)), А.Д.Кіржніц («В годы империалистической войны: Очерки рабочего движения в России» (1924 г.); «Еврейский рабочий» (1927 г.)).

Найбольш выразна погляды яўрэйскіх гісторыкаў-марксістаў прасочваюцца ў працах старшыні гістарычнай секцыі Інстытута яўрэйскай культуры АН БССР І.Я.Чарняўскага, напісаных на ідыш («Кастрычніцкая рэвалюцыя і разлажэнне яўрэйскіх дробнабуржуазных партый» (1932 г.), «Яўрэйскі рабочы на пачатку рабочага руха» (1932 г.)). Аўтар сцвярджаў, што рускія рабочыя знаходзіліся ў лепшых сацыяльна-эканамічных умовах чым яўрэйскі пралетарыят. Гэта прадвызначыла ізаляцыю яўрэйскага пралетарыята. Замкнёнасць яўрэйскага рабочага руху патрабавала самастойнай яўрэйскай партыі, якой стаў Бунд.

Чарняўскі даказываў, што яўрэйская буржуазія, з’яўляючыся буржуазіяй прыгнечанай нацыі, была прагрэсіўнай сілай і чакала рэвалюцыю ў Расіі. На яго думку, рэвалюцыйны выбух павінен быў даць ёй раўнапраўнае становішча на рынку. Прызнанне рэвалюцыйнасці яўрэйскай буржуазіі выклікала тэзіс аб рэвалюцыйным характары сіянісцкіх партый і арганізацый.

На аб’яднаным Пленуме ЦК і ЦКК КП(б)Б (люты 1933 г.), бюро ЦК КП(б)Б, ХV з’ездзе КП(б)Б (студзень 1934 г.) погляды Чарняўскага былі кваліфікаваны як буржуазна-нацыяналістычныя, а яго выключылі з партыі.

Адным з першых, хто распачаў крытыку яўрэйскіх гісторыкаў-марксістаў, быў Самуіл Агурскі.

У сваёй першай буйнай рабоце, напісанай на ідыш, а затым на рускай мове «Еврейский рабочий в коммунистическом движении» (1926 г.) Агурскі заявіў, што нельга поўнасцю атаясамляць Бунд з пазіцыяй усяго яўрэйскага пралетарыята. Тым самым аўтар узняў праблему сацыяльнай базы Бунда і выказаў сваю нязгоду з тэзісам, што менавіта Бунд прывёў яўрэйскі пралетарыят у ВКП(б).

У абагульняючай манаграфіі «Революционное движение в Белоруссии (1863 – 1917 гг.)» (1928 г.) С.Х.Агурскі нанёс новы ўдар па пазіцыям яўрэйскіх гісторыкаў-марксістаў. Праўда, гэтая праца была падвергнута крытыцы з боку ЦК КП(б)Б за беднасць факталагічнай асновы, за спрошчаны схематычны аналіз падзей, за адсутнасць навукова абгрунтаванай перыядызацыі рэвалюцыйнага руху. Пры гэтым аўтар адмаўляў наяўнасць капіталістычнай прамысловасці ў Беларусі да пачатку ХХ ст., лічыў яўрэйскі пралетарыят вядучай сілай у рэвалюцыйным руху. Цікава, што ў дадатку манаграфіі ўпершыню былі апублікаваны сем нумароў «Мужыцкай праўды».

Супраць бундызму актыўна выступаў Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, які ў 1934 г. выдаў брашуру І.П.Ашэровіча «Супраць бундаўскага скажэння гісторыі бальшавізма».

Справа дайшла да скажэння гістарычнай праўды. Былы член Бунда Майсей Абрамавіч Поташ (1892 – 1955 гг.), які ў 1931 – 1936 гг. займаў пасаду намесніка дырэктара Інстытута гісторыі партыі, у манаграфіі «Бальшавізм і дробнабуржуазныя партыі ў рэвалюцыі 1905 г. у Беларусі» (1931 г.) аднёс Бунд да ліку дробнабуржуазных партый. Аўтар назваў Бунд «нацыяналістычнай арганізацыяй», якая не мела нічога агульнага з марксісцкай партыяй рэвалюцыйнага пралетарыята.

З сярэдзіны 30-х гг. у гістарычнай навуцы было пастаўлена пытанне аб сувязі Бунда з сіянісцкім рухам, што стала фактычна апошнім ударам па пазіцыях яўрэйскіх гісторыкаў-марксістаў.

Неабходна адзначыць і тое, што яўрэйскія гісторыкі негатыўна ставіліся да беларускага нацыянальна-вызваленчага руха. Яны надавалі яму рэакцыйны характар. С.Х.Агурскі пісаў аб нязначнай ролі беларускіх палітычных сіл у падзеях Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Ён нават адмаўляў існаванне Беларускай камуністычнай арганізацыі і яе кіраўніцтва партызанскім рухам супраць польскай акупацыі ў 1919 – 1920 гг. Францыска Скарыну яўрэйскія гісторыкі-марксісты лічылі «сярэдневяковым манахам» з «феадальна-папоўскай ідэалогіяй». А святкаванне 400-годдзя беларускага кнігадрукавання назвалі «шумной националистической кампанией».
4. Ідэйна-палітычная барацьба з беларускімі нацыянальнымі гісторыкамі ў 20 – пач. 30-х гг.

Ужо ў першыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі выходзяць з друку брашуры, у якіх аналізуецца гісторыя рэвалюцыйнага руху ў Беларусі і пытанне нацыянальнага самавызначэння. Вялікая ўвага надавалася абгрунтаванню легітымнасці БНР. Адным з першых аб гэтым пісаў Аляксандр Цвікевіч.

Яго праца «Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики» (1918 г.) пабудавана такім чынам, каб паказаць пераемнасць традыцый беларускай дзяржаўнасці. У абвяшчэнні БНР ён вылучае два этапы: пачатковы – Першы Усебеларускі з’езд, другі – прыняцце Устаўных грамат. Даследчык сцвярджаў, што Беларусь была абвешчана Рэспублікай яшчэ 17 снежня 1917 г. на Усебеларускім з’ездзе. З-за разгону з’езд не паспеў скончыць сваю працу. Завяршэнне неабходна было зрабіць у форме выпрацоўкі юрыдычных актаў. Цвікевіч тлумачыў неабходнасць адзялення Беларусі ад Расіі асаблівасцямі міжнароднага заканадаўства: Беларусь, з’яўляючыся часткай Расіі, павінна была падпарадкавацца Брэсцкаму мірнаму дагавору. Рада БНР была пастаўлена перад выбарам: «или пренебречь заветом Всебелорусского Съезда, подвергнуться разделу, второй раз политически умереть, …или отмежевавшись отъ Великоросіи и ея безумнаго правительства, объявить себя самостоятельным государством и тем самым спасти будущее единаго белорусского народа». Вось чаму была прынята Трэцяя Устаўная Грамата, аб’явіўшая незалежнасць Беларусі. А пераемнасць Устаўных Грамат з І-м Усебеларускім з’ездам, на думку аўтара, робіць абвяшчэнне БНР волевыяўленнем беларускага народа.

Цікавасць да дадзенай праблематыкі праявіў Мітрафан Доўнар-Запольскі, які актыўна ўключыўся ў дзейнасць БНР, садзейнічаў наладжванню кантактаў паміж кіраўніцтвам БНР і Радай беларускіх арганізацый ва Украіне. Ён актыўна супрацоўнічаў з газетамі «Белорусское слово», «Белорусское эхо», «Вольная Беларусь». Шмат увагі надаў Доўнар-Запольскі стварэнню беларускага універсітэта, рашэнне аб адкрыцці якога было прынята Народным сакратарыятам БНР. 28 красавіка 1918 г. ён узначаліў спецыяльную камісію пры Народным сакратарыяце асветы, зрабіў канкрэтныя прапановы па структуры універсітэта. Аднак гэта ідэя не была рэалізавана.

Падчас удзелу ў беларуска-ўкраінскіх перамовах у Кіеве М.В.Доўнар-Запольскі зразумеў, што Германію, Украіну і Савецкую Расію лёс беларускай дзяржаўнасці цікавіць толькі ў той ступені, у якой гэта адпавядае іх уласным інтарэсам, што неабходна ставіць беларускае пытанне на абмеркаванне Парыжскай мірнай канферэнцыі. Таму ў канцы 1918 г. ён працуе над тым, каб сфармуляваць погляды беларусаў на праблему іх дзяржаўнага самавызначэння. Ён скарыстоўвае ўласныя этнаграфічныя матэрыялы, публіцыстычныя артыкулы.

У брашуры «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», якая была выдадзена ў 1919 г. на беларускай, рускай, польскай, французскай, нямецкай мовах, а ў 1920 г. на англійскай, М.В.Доўнар-Запольскі з навуковых пазіцый абгрунтаваў гістарычныя заканамернасці дзяржаўнага самавызначэння беларускага народа. Ён адзначыў: «Цяпер прыходзіць пара паправіць гістарычныя абмылкі Мінуўшчыны – тым больш што беларуская нацыя апіраецца на крэпкіх фундаментах дзяржаунасці, на шырокіх дэмакратычных асновах і мае трывалыя асобеннасці адметнай гістарычнай культуры. Гэтыя асобеннасці чырвонай ніткай праходзяць цераз усю мінуўшчыну беларусаў і цераз іх сучасны быт».

Міністэрства замежных спраў БНР разаслала брашуру ўрадам еўрапейскіх краін са спадзяваннем, што гэта паспрыяе прызнанню БНР. Аднак беларускае пытанне на Парыжскай канферэнцыі не абмяркоўвалася.

У 1925 г. пасля самароспуску Рады БНР у Берліне ў выніку амністыі ўрада БССР дзеячы беларускага нацыянальнага руха пачалі вяртацца на радзіму і ўключацца ў працэс беларусізацыі.

Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ў сваіх працах зыходзілі з наступных канцэптуальных палажэнняў: тэорыя «адзінага патока» (беларускі народ уяўляе сацыяльна-аднароднае грамадства, якое пасля Люблінскай уніі апынулася пад прыгнётам польскіх, а з канца ХVІІІ ст. рускіх феадалаў); тэорыя недасканаласці класавых супярэчнасцяў у беларускай нацыі (адзіны, непадзелены на класы этнас з невялікай доляй кулацтва); тэорыя «двухкарэннасці» КП(б)Б (Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі сфарміравалася з бальшавіцкіх арганізацый і БСГ); вядучая роля інтэлігенцыі ў рэвалюцыйных працэсах на тэрыторыі Беларусі; галоўны фактар гістарычнага працэса – нацыянальная самасвядомасць народа; тэорыя «чаторых грамадскіх груп» (беларускае грамадства складалася з чатырох грамадскіх груп: беларусы – сяляне, палякі – памешчыкі, яўрэі – гандляры, рускія – чыноўнікі).

Яны знайшлі адлюстраванне ў артыкулах Я.Лёсіка, А.Смоліча, А.Бурбіса ў зборніку «Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху», які быў выдадзены ў 1924 г. ў Мінску. Доўнар-Запольскі ў манаграфіі «Народная гаспадарка Беларусі. 1861 – 1914 гг.» (1926 г.) упершыню закрануў праблему генезіса капіталізму ў Беларусі. Аўтар, зыходзячы з народніцкіх пазіцый, прыніжаў узровень развіцця буржуазных адносін у эканоміцы парэформеннага перыяду, пісаў пра устойлівасць сялянскай гаспадаркі і адсутнасць сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Даследчык упершыню выкарыстаў новую методыку падлікаў – «сярэднія лічбы».

Раней выйшла кніга Фёдара Фёдаравіча Турука «Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов» (1923 г.). Гэта даследаванне з'яўлялася першай спробай навуковага аналізу беларускага нацыянальнага руху як суцэльнай з’явы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі другой паловы ХІХ – першай чвэрці ХХ ст. Аўтар сцісла і лаканічна, але па сутнасці, ахарактарызаваў карані беларускага нацыянальнага руху, яго першыя этапы ў час рэвалюцыі 1905 – 1907 гг., Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 г., у перыяд нямецкай і польскай акупацыі. Турук раскрыў дзейнасць беларускіх нацыянальных палітычных партый, вызначыў прадумовы абвяшчэння БССР, вылучыў асобным пытаннем камуністычны рух сярод беларусаў, паказаў беспадстаўнасць супрацоўніцтва з польскімі акупантамі.

У 1925 г. Павел Віктаравіч Трамповіч у артыкуле «Шляхі беларускай інтэлігенцыі» («Савецкая Беларусь», 21 кастр.) паставіў пытанне аб супрацоўніцтве беларускай інтэлігенцыі з Камуністычнай партыяй (бальшавікоў) Беларусі. На яго думку, старая беларуская інтэлігенцыя, якая сфарміравалася ў перыяд «Нашай нівы» і пачала беларускі адраджэнцкі рух, заклала асновы беларускай дзяржаўнасці і культуры, павінна кіраваць БССР.

Вядучую ролю ў даследаванні беларускіх нацыянальных гісторыкаў адыгрывала публіцыстыка. Напрыклад, часопіс «Полымя» (выдаваўся са снежня 1922 г.), «Вперед», з 1927 г. перайменаваны ў «Бальшавік Беларусі». Дзейнасць БСГ падчас Першай русскай рэвалюцыі даследаваў А.Шлюбскі, акцэнтуючы ўвагу на супрацоўніцтве БСГ з газетай «Наша ніва». М.Мялешка пыглыбіў гэту тэматыку праз вывучэнне зямельнай праграмы Грамады. 1905-му году прысвечаны ўспаміны А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пытанні нацыянальнай палітыкі закраналі А.І.Цвікевіч і У.І.Пічэта. Апошні даследчык таксама займаўся вывучэннем польска-савецкіх адносін і Рыжскага мірнага дагавора.

Большасць артыкулаў З.Жылуновіча была прысвечана станаўленню беларускай дзяржаўнасці. На старонках часопіса «Полымя» ён памясціў шэраг артыкулаў, прысвечаных гэтай тэматыцы: «Уступамі да Акцябра», «Aрганізацыя сіл», «Гістарычны момант», «Беларускія сэкцыі РКП і стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі».

У канцы 20-х гг. да нацыянальнай інтэлігенцыі сталі ўжывацца рэпрэсіўныя меры. Пачынаецца кампанія па барацьбе з «нацдэмаўшчынай». Адным з першых у яе ўключыўся С.Х.Агурскі. У лютым 1929 г. ён выступіў на ХІІ з'ездзе КП(б)Б супраць ацэнкі У.М.Ігнатоўскім паўстання 1863 г., а К.Каліноўскага назваў міфічным героем. Агурскі спрабаваў даказаць, што паўстанне мела рэакцыйны памешчыцка-клерыкальны характар. Артыкул «Нацыянал-дэмакратычныя тэндэнцыі на гістарычным фронце Беларусі» («Пралетарская рэвалюцыя», №8) быў накіраваны супраць поглядаў Ігнатоўскага і .Жылуновіча, якіх аўтар прадставіў нацыяналістычнымі. Доказам сталі цытаты з заключэння камісіі У.П.Затонскага і публічнае раскайванне Ігнатоўскага ў сваіх памылках.

Першарадная роля ў барацьбе з «нацыянал-дэмакратызмам» на гістарычным фронце належала часопісу «Бальшавік Беларусі». У 1928 г. быў апублікаваны артыкул А.Кіржніца «У няволі буржуазнага нацыяналізму». У прадмове аўтар акрэсліў сваё стаўленне да беларускага нацыянальнага руху – «нацыяналістычны рух», «згодніцкая інтэлігенцыя». На яго думку, «…гэты рух, які маскіраваўся звычайна «агульнанацыянальнымі» інтарэсамі і ідэаламі, у сапраўднасці быў накіраваны галоўным сваім астрыём супроць савецкай улады». Беларускі нацыянальны рух ён разглядзеў на прыкладах Кастрычніцкай рэвалюцыі, падрыхтоўкі і правядзення І-га Усебеларускага з’езда. Заканчэнне з’езда, якое ў аўтара названа «роспускам», адбылося з-за яго нацыянальнай платформы. А гэта супярэчыла класаваму прынцыпу Кастрычніцкай рэвалюцыі, што ў сваю чаргу прывяло беларускі нацыянальны рух да «…яго ўзурпацыі дробна-буржуазнай згодніцкай інтэлігенцыяй, рэакцыйным чыноўніцтвам і палёно-фільскай шляхтай».

У гэтым жа часопісе за 1929 г. былі змешчаны два артыкулы: «Аб вытоках беларускага нацыянал-дэмакратызму і нацыянал-фашызму» А.Сталевіча і «Беларускі нацыянал-фашызм і яго сабрат беларускі нацыянал-дэмократызм» А.Некрашэвіча. У першым артыкуле аўтар адзначыў, што сацыяльная база, эканамічныя і палітычныя прычыны беларускага нацыянал-дэмакратызму даследаваны поўна. Чаго не скажаш пра карані і вытокі. Гэтаму ён прысвяціў сваё даследаванне. Вытокамі сталі БСГ і газета «Наша ніва».

А.Некрашэвіч больш смела і адкрыта паставіў на адну прыступку «…польскі фашызм і беларускі нацыянал-фашызм». Распрацоўшчыкам апошняга ён лічыў А.Луцкевіча, яго вытокамі – той факт, што беларускі нацыянальны рух узнік не на класавай, а на нацыянальнай глебе. Фактарам, які актывізаваў нацыянал-дэмакратызм у Савецкай Беларусі, была названа палітыка Наркамзема. Аўтар засяродзіў увагу над яго асноўнымі палажэннямі, сярод якіх яму асабліва не падабалася адмаўленне класавай барацьбы ў вёсцы і гаворка пра самабытнасць Беларусі. Але найбольш плённа гэтыя ўстаноўкі распрацаваны ў брашуры А.Зюзькова «Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі» (1931 г.).

На ХІІ з'ездзе КП(б)Б, які адбыўся ў лютым 1929 г., было заяўлена, што беларуская нацыянальная інтэлігенцыя праводзіць нацыяналістычны курс і расце за лік кулацтва. Прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху вымушаны былі падвергнуць сябе самакрытыцы. З.Жылуновіч накіраваў у бюро ЦК КП(б)Б ліст «Мае памылкі і іх карані» (1929 г.), у якім назваў БСГ «неаформленай і палітычна нявызначанай паўсектанцкай групоўкай», а Першы Усебеларускі з'езд – «варожай дэманстрацыяй да рабоча-сялянскай улады». Гісторык абвінаваціў сябе ў невыкарыстанні класавага прынцыпу.

Тое ж зрабіў У.М.Ігнатоўскі. Выступаючы на ХІ з'ездзе КП(б)Б, ён ахарактарызаваў свае погляды як памылковыя. Пры гэтым БСГ і Бунд назваў «згаджальніцкімі нацыяналістычнымі партыямі», указаў на неабходнасць класавага падыхода ў ацэнцы нацыянальна-культурнага будаўніцтва. А.Р.Чарвякоў вымушаны быў асудзіць свае погляды ў артыкуле «Большевистской самокритикой вскроем свои ошибки и еще более закалим свои ряды для борьбы за социализм» (Звязда, 27 снеж.).

Тэма

Даследаванне айчыннай гісторыі



ў 1919 – 1941 гг.
План
1. Станаўленне археалагічнай навукі ў БССР.

2. Абагульняючыя працы па гісторыі Беларусі.

3. Даследаванне гісторыі Беларусі феадальнага перыяду ў даваенны час.

4. Праблемы гісторыі Беларусі капіталістычнага перыяду ў беларускай гістарыяграфіі даваеннага часу.

5. Гісторыя Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў беларускай савецкай гістарыяграфіі 20 –30-х гг.

Літаратура


1. Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси ХVI в. – 30-е годы ХХ в. / Под ред. Б.А.Рыбакова. – Мн.: Беларуская навука, 1996. – С. 174 – 191.

2. Брыгадзін П.І., Мацяс І.Д. Усевалад Ігнатоўскі: Палітычны дзеяч, вучоны. – Мн.: Полымя, 1998. – 96 с.

3. Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919 – 1941 гг. – Мн.: Навука і тэхніка, 1992. – 144 с.

4. Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі / Пад рэд. В.Ф.Кушнера. – Мн., 1995.

5. Грыцкевіч А. Погляды Усевалада Ігнатоўскага на гісторыю Беларусі феадальнага перыяду // Беларусика = Albaruthenika: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. – Мн.: Навука і тэхніка, 1994. – С. 64 – 70.

6. Достижения исторической науки в БССР за 50 лет (1919 – 1969 гг.). Краткий очерк. Под ред. И.С.Кравченко и З.Ю.Копысского. – Мн.: Наука и техника, 1970. – С. 21 – 22.

7. Достижения исторической науки в БССР за 60 лет / Поболь Л.Д., Копысский З.Ю., Бич М.О. и др. Под ред. З.Ю.Копысского, П.Т.Петрикова.– Мн.: Наука и техника, 1979. – С. 5 – 11.

8. Ігнаценка І.М., Кароль А.С. У.М.Ігнатоўскі: грамадска-палітычная і навуковая дзейнасць // Весці АН БССР. Серыя грамад. навук. – 1991. - № 2. – С. 71 – 78.

9. Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. – Мн., 1991.

10. Іофэ Э. Даследчык эпохі феадалізму // Беларуская мінуўшчына. – 1996. - № 6.

11. Иоффе Э.Г. Из истории белорусской деревни (Советская историография социально-экономического развития белорусской деревни ХVII – первой половины ХІХ века). – Мн.: Ураджай, 1990. – 248 с.

12. Копысский З.Ю. Белоруссия феодального периода в советской историографии 20-х годов // Советское славяноведение. – 1988. - № 4. – С. 60 – 65.

13. Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР (эпоха феодализма): Учеб. пособие. – Мн.: Университетское, 1986. – С. 63 – 93.

14. Гісторыя Беларусі: з 1795 г. да вясны 1917 г.: Вучэбны дапаможнік / І.І.Коўкель, І.П.Крэнь, Л.У.Бярэйшык і інш. – Мн.: Аверсэв, 2001. – С. 11 – 28.

15. Кузьменка У., Скалабан В. Акадэмік У.І.Пічэта: выпрабаванне лёсам // Беларускі гістарычны часопіс. – 2003. - № 6. – С. 11 – 18.

16. Кушнер В. Стваральнік канцэпцыі беларускай нацыянальнай гісторыі // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. - № 10. – С. 53 – 60.

17. Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХIХ – ХХ ст. – Спб.: Неўскі прасцяг, 2003. – С. 147 – 236.

18. Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919 – 1941 гг.) / Под ред. П.Т.Петрикова. – Мн.: Наука и техника, 1985. – 286 с.

19. Панюціч В. «На парэформеннай Беларусі развіццё аграрнага ладу мела капіталістычны характар» // Навіны Беларускай акадэміі навук. – 1992. – 27 лістап.

20. Спірыдонаў М.Ф. Асноўныя праблемы гісторыі сялянства Беларусі ХІV – ХVІ стст. у савецкай гістарыяграфіі // Весці АН БССР. Серыя грамад. навук. – 1990. - № 1. – С. 107 – 114.

21. Токарев Н. «Его работы сохраняют свою научную ценность» // Навіны Беларускай акадэміі навук. – 1992. – 25 верас.

22. Шумейко М.Ф. Неопубликованная монография М.В.Довнар-Запольского «История Белоруссии» как историографический источник // Наш радавод. – Гродна, 1991. – Кн. 3. – Ч. 1. – С. 120 – 124.

23. Яноўскі А. «Я аддаваў усе свае сілы будаўніцтву БДУ…» // Беларускі гістарычны часопіс. – 2003. - № 6. – С. 3 – 10.
1. Станаўленне археалагічнай навукі ў БССР.

Інтэнсіўныя археалагічныя даследаванні ў БССР разгарнуліся з 1921 г., калі пры Наркамаце асветы была створана навукова-тэрміналагічная камісія, якая займалася выяўленнем і ўлікам археалагічных помнікаў. Іх планамернае вывучэнне з 1925 г. пачала гісторыка-археалагічная камісія Інбелкульта, на базе якой стала функцыяніраваць кафедра археалогіі. У 1929 г. гэта кафедра пад назвай археалагічнай камісіі ўвайшла ў склад Інстытута гісторыі АН БССР.

Археалагічнымі даследаваннямі ў рэспубліцы кіравалі К.М.Палікарповіч, А.М.Ляўданскі, С.А.Дубінскі.

Вывучэнне археалогіі каменнага веку, у прыватнасці, палеаліту, звязаны з імем К.М.Палікарповіча.

У 1926 г. ён адкрыў першую палеалітычную стаянку на тэрыторыі Беларусі – ля в. Бердыж Чачэрскага раёна, а ў 1929 г. – стаянку ля в. Юравічы Калінкавіцкага раёна. Даследчык выказаў гіпотэзу аб пранікненні старажытнага насельніцтва на тэрыторыю нашай краіны яшчэ ў мусцьерскую эпоху (≈ 70 – 32 тыс. г. да н. э.). На стаянцы ля в. Елісеевічы (Бранская вобласць РФ) археолаг у 1935 г. знайшоў унікальны матэрыял: рэшткі жылля з касцей маманта і «палеалітычную Венеру». Археолаг выказаў думку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш. буйных касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі.

Вялікая ўвага надавалася разведцы помнікаў мезаліту ў басейнах Дняпра, Сожа, Прыпяці, Заходняй Дзвіны. Пад час экспедыцый супрацоўнікаў Інбелкульта (К.М.Палікарповіча, А.М.Ляўданскага, А.Д.Кавалені) былі адкрыты пасяленні Грэнск, Стаўбун, Латкі, Печанеж, Журавель і інш. Першую спробу прааналізаваць і сістэматызаваць археалагічны матэрыял па мезалітычных помніках зрабіў К.М.Палікарповіч у 1932 г. у тэзісах, падрыхтаваных ім да І-га Усесаюзнага з'езда археолагаў. Даследчык зыходзіў з пануючай у той час этнагенетычнай тэорыі Мікалая Якаўлевіча Мара аб паўсюдным аўтахтонным паходжанні народаў, якая адмаўляла міграцыі і перамяшчэнні старажытнага насельніцтва.

Беларускія археолагі (К.М.Палікарповіч, А.М.Ляўданскі, В.Р.Тарасенка, І.Х.Юшчанка, С.С.Шутаў) выявілі значную колькасць помнікаў эпохі неаліту і бронзавага веку. Але гэта была таксама разведка, бо не хапала матэрыяльных сродкаў і кваліфікаваных кадраў. Раскопкі амаль не праводзіліся. У цэлым, да Вялікай Айчыннай вайны ў БССР было выяўлена каля 800 стаянак мезаліту, неаліту і бронзавага веку.

1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка