11. Методологические вопросы истории. Мн., 1996. 103 с




старонка12/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.96 Mb.
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   21

Шмат увагі надавалася публікацыі архіўных матэрыялаў. Разам з Цэнтральным архівам БССР быў распрацаваны план серыйнага выдання крыніц па гісторыі Беларусі. Супрацоўнікі інстытута падрыхтавалі і выпусцілі два тома дакументаў: «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах, т. 1» (1936 г.), «Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі, т. 2» (1940 г.).

У даваенны перыяд Інстытут гісторыі пачаў праводзіць гістарычныя навуковыя канферэнцыі. У студзені 1935 г. больш за 200 выкладчыкаў і навуковых работнікаў рэспублікі прынялі ўдзел у навуковай канферэнцыі, падрыхтаванай Інстытутам гісторыі і Наркаматам асветы БССР. На ёй разглядалася рэалізацыя пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб выкладанні грамадзянскай гісторыі ў школах СССР», былі заслуханы справаздачы акадэміка В.К.Шчарбакова аб стане навукова-даследчай працы і гістарычнай адукацыі, акадэміка У.М.Перцава аб выкладанні гісторыі ў школах БССР.

У сакавіку 1939 г. адбылася навукова-тэарэтычная канферэнцыя, падрыхтаваная Інстытутам гісторыі АН БССР. Была абмеркавана справаздача акадэміка М.М.Нікольскага аб плане даследаванняў Інстытута, заслуханы паведамленні аб падрыхтоўцы падручнікаў па гісторыі БССР для ВНУ і школ, разгледжана пытанне аховы помнікаў гісторыі і рэвалюцыйнага руху і інш.

Наступная навуковая канферэнцыя прайшла ў студзені 1941 г. Яна насіла праблемны характар у сэнсе разглядаемых пытанняў. Яе ўдзельнікі абмеркавалі даклады аб паходжанні беларускага народа, аб паўстанні 1863 г., аб аднаўленні народнай гаспадаркі і культуры пасля грамадзянскай вайны, індустрыялізацыі ў БССР.

Нельга абмінуць негатыўны ўплыў камандна-адміністрацыйнай сістэмы на дзейнасць Інстытута гісторыі. Хваля рэпрэсій закранула яго супрацоўнікаў. У лістападзе 1932 г. вучоны сакратар Інстытута гісторыі Карніенка на запыт ЦК КП(б)Б падрыхтаваў даклад у форме даносу аб навуковай і палітычнай дзейнасці Інстытута гісторыі. На яго думку, яшчэ ў Інбелкульте з 1925 г. пачалася прапаганда «нацыянал-дэмакратызму». Прычыну «небяспечнай сітуацыі на гістарычным фронце» В. Карніенка бачыў у дзейнасці кіраўніцтва Прэзідыума АН БССР. Было ўказана, што толькі 27,3 % супрацоўнікаў Інстытута гісторыі з’яўляліся членамі ВКП(б).

Да найбольш «каштоўных» кадраў В.Карніенка аднёс П.В.Горына, В.К.Шчарбакова, М.М.Нікольскага, В.Д.Дружчыца. Іншыя супрацоўнікі атрымалі абмежавана станоўчую ацэнку (Рыўлін, Засценкер, Поташ). Беспартыйны гісторык У.Гесэн быў названы «сапраўдным ворагам», а яго кватэра - «штаб-кватэрай трацкісцка-бундаўскіх элементаў».

Ужо ў 1936 г. у Інстытуце гісторыі адбылася чыстка ад «шкодных трацкісцкіх і нацдэмаўскіх элементаў». А з наступнага года наркам НКУС БССР Наседкін пачаў рэгулярны пошук «злосных ворагаў савецкай улады» у АН БССР. Колькасць аспірантаў скарацілася да 6 са 139. А ў самім Інстытуце гісторыі за перыяд з 1932 па 1937 гг. з 97 запланаваных да публікацыі прац выйшла 10 (прычым 7 з іх канфіскавалі). Рэпрэсіям падвергнуліся Е.І.Рыўлін, С.М.Некрашэвіч, З.Ф.Жылуновіч, І.З.Сурта, С.Ю.Матулайціс, Б.А.Тарашкевіч, В.А.Сербента і інш. Калі штат Інстытута ў 1930 г. складаў 20 чалавек, то ў 1941 г. – толькі 22.

У 20-я гг. вывучэннем гісторыі Беларусі займаліся гістпарты – камісіі па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Камуністычнай партыі, утвораныя згодна пастановы СНК РСФСР ад 21 верасня 1920 г.

Гістпарт меў тры філіялы на тэрыторыі БССР: у Гомелі (з 1920 г.), Мінску (з 1921 г.) і Віцебску (з 1921 г.). Працавала камісія праз упаўнаважаных ва ўездах і праз групы падтрымкі.

Якія функцыі выконвалі камісіі Гістпарта? Па-першае, збор гістарычнага дакументальнага матэрыяла аб падзеях Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на мясцовай тэрыторыі. Па-другое, фарміраванне мемуарнага фонда аб гістарычных падзеях. Па-трэцяе, выданне кніг па гісторыі бальшавіцкай партыі ў БССР. Па-чацвёртае, ідэалагічная функцыя, накіраваная на ўсталяванне адзінай марсксісцка-ленінскай метадалогіі ў гістарычных даследаваннях.

Асабліва актыўнай дзейнасцю вылучаўся Мінскі гістпарт, які лічыўся Гістпартам ЦБ КП(б)Б. Першым яго старшынёй быў прызначаны Вільгельм Георгіевіч Кнорын.

Менавіта ён у 1923 г. выдаў першую кнігу па гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі - «5 лет. Краткий конспект истории КП(б)Б». Праца камісіі актывізавалася пры яе новым старшыні З.Жылуновічу, прызначаным на гэтую пасаду ў лістападзе 1923 г. Пры ім вялікая ўвага надавалася фарміраванню архіва КП(б)Б. Многія члены Гістпарта выязджалі ў архівы Масквы, Ленінграда і інш. гарадоў з мэтай збору дакументаў па гісторыі рэвалюцыйнага руху. Каб сабраць успаміны відавочцаў, праводзілася рэгістрацыя партызан і ўдзельнікаў рэвалюцыйнага руху на Беларусі, а таксама вечары-сустрэчы. Ужо ў 1929 г. пачаў дзейнічаць Адзіны партыйны архіў.

Камісія гітспарта садзейнічала адкрыццю ў Мінску Дома-музея І-га з’езда РСДРП (з 1923 г.) і Музея рэвалюцыі. Апошні меў каля 10 тыс. экспанатаў і раскрываў гістарычныя падзеі на Беларусі ад сялянскіх паўстанняў ХVІІ ст. да перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Гістпарт пры ЦК КП(б)Б адыгрываў ролю цэнзуры. Па яго ініцыятыве быў затрыманы выхад зборніка «Красные листки», які ўжо знаходзіўся ў друку. Гэты зборнік быў падрыхтаваны яўрэйскім аддзелам Інбелкульта. Таму падзеі рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. разглядаліся ў ім з пазіцый Бунда як вядучай сілы рэвалюцыйнага руху на Беларусі.

У 1929 г. Гістпарт, Музей рэвалюцыі, камісія па выданню твораў У.І.Леніна і гістпроф пры Цэнтральным савеце прафсаюзаў Беларусі былі аб’яднаны ў навукова-даследчы інстытут гісторыі КПБ – Інстытут гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б.

Першапачаткова інстытут складаўся з трох кафедраў: гісторыі КП(б)Б, гісторыі рэвалюцыйнага руху, ленінізму, а таксама партыйнага архіва і бібліятэкі. Але ў 1934 г. была праведзена ўнутраная рэарганізацыя. Замест кафедр былі створаны сектары: гісторыі КП(б)Б і Кастрычніцкай рэвалюцыі, гісторыі грамадзянскай вайны ў Беларусі, заходні сектар. Сектар ленінізму перавялі з 1937 г. у склад Партыйнага выдавецтва БССР, у якім акрамя падручнікаў сталі выдаваць творы К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, І.В.Сталіна.

У адпаведнасці з тагачаснай палітычнай сітуацыяй ЦК КП(б)Б патрабаваў ад Інстытута гісторыі партыі падрыхтоўкі і выдання манаграфічных работ, зборнікаў дакументаў і матэрыялаў па гісторыі бальшавізму і Кампартыі Беларусі. Перад супрацоўнікамі Інстытута была пастаўлена задача раскрыць «антынародную дзейнасць дробнабуржуазных арганізацый» (Бунда і БСГ), антысавецкія выступленні. Падобная палітычная лінія была вызначана лістом І.В.Сталіна «Аб некаторых пытаннях гісторыі бальшавізму», накіраваным у рэдакцыю часопіса «Пралетарская рэвалюцыя» (лістапад 1931 г.). У сваім лісце лідэр партыі і савецкай краіны патрабаваў пашырыць ужыванне марксісцка-ленінскай метадалогіі ў гістарычных даследаваннях, строга прытрымлівацца прынцыпа партыйнасці і класавага падыходу.

Ліст Сталіна быў абмеркаваны на пасяджэнні партактыва Мінска. З дакладам выступіў першы сакратар ЦК КП(б)Б К.В.Гей. Ён адзначыў, што кнігі па гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі маюць шэраг трацкісцкіх, вялікадзяржаўных і нацыянал-дэмакратычных установак. Крытыцы найперш былі падзвергнуты працы супрацоўнікаў Інстытута яўрэйскай культуры (С.Х.Агурскага, М.А.Поташа, М.Т.Агульніка, Я.А.Эйдэльмана і інш.), якіх абвінавачвалі ў «бундызме» і яўрэйскім нацыяналізме.

З пункту гледжання ЦК КП(б)Б Інстытут гісторыі партыі павінен быў разгарнуць крытыку яўрэйскага і беларускага нацыяналізму ў гістарычнай навуцы БССР. Адказам на партыйны заказ сталі кнігі А.І.Зюзькова «Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі» (1931 г.) і І.П.Ашаровіча «Супраць бундаўскага скажэння гісторыі бальшавізма» (1934 г.). Таксама ў 1934 г. выйшаў першы том «КП(б)Б у рэзалюцыях (1919 – 1932)».

Актыўна дзейнічала ў БССР з 1927 г. Таварыства гісторыкаў-марксістаў, арганізаванае па ініцыятыве акадэміка М.М.Пакроўскага. Таварыства адказвала за арганізацыю даследчыцкай работы па гісторыі бальшавіцкай партыі, за папулярызацыю марксісцка-ленінскай метадалогіі, за барацьбу з т.зв. «буржуазнай ідэалогіяй».

Структура таварыства ішла «зверху ўніз»: да 1929 г. філіялы былі адчынены ў 22 гарадах СССР. 6 кастрычніка 1929 г. адбыўся ўстаноўчы сход беларускага аддзялення, дырэктарам якога быў прызначаны В.Г.Кнорын. Першапачаткова ў склад Таварыства ўвайшло 20 чалавек, у асноўным выкладчыкі ВНУ (Сербента, Югаў, Майзель, Зюзькоў, Гурвіч, Поташ, Сосін, Рыўлін, Эпштэйн, Матулайціс, Шчарбакоў, Дудкоў і інш.). Пасяджэнні Таварыства гісторыкаў-марксістаў праводзіліся штомесячна. На іх заслухоўваліся і абмяркоўваліся даклады, напрыклад, «Істмат і гісторыя», «К.Маркс і Ф.Энгельс аб рускай рэвалюцыі», «Аб рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. на Беларусі» і інш. Але з беларускай гісторыяй была звязана меншая палова ўсіх дакладаў.

З 1928 г. Таварыства гісторыкаў-марксістаў было реарганізавана ў Таварыства марксістаў БССР. Колькасць яго членаў дасягнула 35, а ў 1930 г. – 50 чалавек. Праўда, гэта былі ў асноўным маладыя кадры.

У 1930 г. разгарнулася дыскусія па дакладу В.А.Сербенты «Аб становішчы на гістарычным фронце БССР і задачах Таварыства марксістаў», які ім быў зачытаны на Усесаюзнай канферэнцыі Таварыства марксістаў. Па выніках дыскусіі прынялі рашэнне звярнуць увагу на барацьбу з «трацкісцкімі, бундаўскімі і буржуазна-нацыяналістычнымі скажэннямі гісторыі Беларусі і Кампартыі рэспублікі». Справа дайшла да таго, што У.І.Пічэту разам з М.В.Доўнар-Запольскім назвалі «буржуазнымі гісторыкамі».

У 1933 г. Таварыства марксістаў БССР спыніла існаванне. Роспуск быў выкліканы разнародным сацыяльным складам арганізацыі, а таксама рознай палітычнай арыентацыяй членаў Таварыства. Да таго ж адчувалася перавага яўрэйскіх гісторыкаў-марксістаў, якія папалі пад абвінавачванне ў бундызме і сіянізме.


2. Падрыхтоўка гістарычных кадраў у даваенны перыяд.

Пачатак падрыхтоўкі кадраў гісторыкаў у БССР звязаны з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, які пачаў сваю работу ў 1921 г. Дарэчы, першая лекцыя, якую прачытаў ва ўніверсітэце гісторык Дзмітрый Пятровіч Канчалоўскі, называлася «Пра сусветную гісторыю», а першым рэктарам стаў У.І.Пічэта.

Першапачаткова падрыхтоўка гістарычных кадраў ажыццяўлялася на грамадска-педагагічным аддзяленні факультэта грамадскіх навук (першы дэкан У.М.Ігнатоўскі). Сама ідэя падобных факультэтаў была прапанавана старшынёй Камісіі ВНУ пры Наркамаце асветы РСФСР М.М.Пакроўскім. Выкладанне там вялося з пазіцый марксізма-ленінізма, а сярод педагагічных работнікаў і студэнтаў пераважалі камуністы.

У 1922 г. грамадска-педагагічнае аддзяленне было рэарганізавана ў сацыяльна-гістарычнае і ўвайшло ў склад педагагічнага факультэта ўніверсітэта. На яго сацыяльна-гістарычным аддзяленні (1 – 2 курсы) у 1922/1923 н. г. займалася 357 студэнтаў ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў. Кафедры ў той час існавалі ўмоўна. Часам яны складаліся з аднаго прафесара. Але тэрмін «гісторыя» гучаў у назвах кафедраў: гісторыі заходнееўрапейскай літаратуры, усеагульнай гісторыі, гісторыі рэлігіі і Старажытнага Ўсходу, гісторыі Беларусі, рускай гісторыі і інш. Пад уплывам беларусізацыі 65 % навучальных курсаў выкладалася на беларускай мове, 20 % - на рускай, 15 % - на яўрэйскай. Усе экзамены і залікі сдаваліся на беларускай мове.

Дзякуючы намаганням прафесара Пічэты ва універсітэцкай адукацыі пачэснае месца занялі такія дысцыпліны як гісторыя Беларусі, гісторыя народнай гаспадаркі БССР, гісторыя рускага і беларускага права. У цэнтры гэтай працы стаялі М.В.Доўнар-Запольскі, У.М.Ігнатоўскі, Ф.Ф.Турук, Д.А.Дудкоў, К.І.Кернажыцкі, В.Д.Дружчыц, М.М.Шчакаціхін, пра якіх з удзячнасцю ўспаміналі першыя студэнты сацыяльна-гістарычнага аддзялення педфака.

Для ўмацавання выкладчыцкіх кадраў у БДУ Наркамат асветы РСФСР накіраваў туды групу вучоных-гісторыкаў – У.М.Дз’якава, Д.А.Жарынава, М.М.Нікольскага, У.М.Перцава, А.А.Савіча. Таксама СНК РСФСР у 1921 г. прыняў спецыяльны дэкрэт аб адкліканні з устаноў Расійскай федэрацыі ўраджэнцаў Беларусі.

7 ліпеня 1931 г. на базе педагагічнага факультэта БДУ была створана самастойная навучальная ўстанова – Вышэйшы педагагічны інстытут. Ён складаўся з трох факультэтаў, у т.л. сацыяльна-эканамічнага. У ім на пачатак 1931/1932 н. г. вучылася 160 студэнтаў. Факультэт складаўся з гістарычнага і эканамічнага аддзяленняў. У 1933 г. на сацыяльна-эканамічным факультэце была створана кафедра гісторыі СССР і БССР пад кіраўніцтвам акадэміка В.К.Шчарбакова.

16 мая 1934 г. выйшла пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб выкладанні грамадзянскай гісторыі ў школах СССР». На яе аснове сацыяльна-эканамічны факультэт быў пераўтвораны ў гістарычны і геаграфічны факультэты. Першы набор на гістарычны факультэт у 1934/1935 н. г. складаў 175 чалавек, з іх на гістарычнае аддзяленне – 100 студэнтаў. Дэканам быў прызначаны акадэмік В.К.Шчарбакоў. На факультэце былі арганізаваны кафедры гісторыі ВКП(б), гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, гісторыі СССР і БССР, новай і навейшай гісторыі. Працавала 18 выкладчыкаў.

Кафедра гісторыі СССР і БССР вылучылася з кафедры ўсеагульнай гісторыі ў 1936 г. На ёй працавалі А.П.П'янкоў, Д.А.Дудкоў, Ц.С.Гарбуноў. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, у 1940 г. была створана першая універсітэцкая праграма курса «Гісторыя Беларусі», выкладчыкі прынялі ўдзел у падрыхтоўцы дапаможніка «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». У 1939 г. на гістфаку адбылася абарона першай кандыдацкай дысертацыі.

Часткова кадры для гістарычнай навукі рыхтавалі ў камуністычных ВНУ. У кастрычніку 1925 г. на базе Цэнтральнай савецкай партыйнай школы г. Мінска быў адчынены Камуністычны універсітэт Беларусі імя У.І.Леніна (існаваў да верасня 1932 г.). Гэта была вышэйшая партыйная навучальная ўстанова, якая рыхтавала кіруючыя кадры партыйных і савецкіх работнікаў. Працэс навучання ажыццяўляўся тры гады на наступных аддзяленнях: партыйным, савецкім, прапагандысцкім, газетным, народнай адукацыі. За 1930 – 1932 гг. у гэтай ВНУ адукацыю атрымалі 2 352 чалавека.

Таксама ў Маскве ў 1924 г. пры Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду імя Ю.Ю.Мархлеўскага быў створаны беларускі сектар, на які прынялі 48 студэнтаў. Ужо ў 1926/1927 н. г. вучылася 85 студэнтаў з БССР, а ў 1931/1932 н. г. – 116.

Штогод партыйная арганізацыя рэспублікі накіроўвала найбольш падрыхтаваныя тэарэтычныя кадры ў інстытуты чырвонай прафесуры (1923 г. – 25 чалавек, 1931 г. – 18, 1932 г. – 21, 1934 г. – 30. З іх, як правіла, тры-пяць слухачоў спецыялізаваліся па гісторыі і па гісторыі партыі.

Не гледзячы на тое, што ў БССР у другой палове 20-х гг. былі створаны ўмовы для падрыхтоўкі навукова-педагагічных работнікаў, спецыялістаў гісторыкаў вышэйшай кваліфікацыі не хапала. У 1930 г. іх колькасць у БССР складала 25 чалавек, а вакансій у навуковых гістарычных установах і на кафедрах ВНУ рэспублікі налічвалася 15.

З другой паловы 20-х гг. асноўнай формай падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі становіцца аспірантура. 6 жніўня 1927 г. СНК БССР зацвердзіў «Палажэнне аб навуковых работніках вышэйшых навучальных устаноў і навуковых устаноў БССР». На падставе гэтага дакумента была адчынена аспірантура ў БДУ і Інбелкульте, а з 1930 г. – у Інстытуте гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У ліку першых аспірантаў БДУ былі вучні У.І.Пічэты – А.Бурдзейка, Ф.Забела, К.Кернажыцкі.

У аспірантуру маглі паступаць асобы, якія мелі вышэйшую гістарычную адукацыю. У адпаведнасці з палажэннем аб арганізацыі аспірантуры не менш за палову аспірантаў павінны былі складаць выхадцы з рабочых і сялян ва ўзросце да 37 гадоў. Першапачаткова паступаючыя прадстаўлялі рэферат па гісторыі і праходзілі субяседаванне па асноўным грамадскім дысцыплінам (дыялектычнаму матэрыялізму, палітычнай эканоміі, ленінізму, гісторыі класавай барацьбы, гісторыі партыі). Пры гэтым суіскальнікі аспірантуры Інстытута гісторыі партыі павінны былі мець пяць гадоў партыйнага стажу і тры гады партыйнай работы. Пазней былі ўведзены ўступныя экзамены па грамадскім навукам і гісторыі.

Тэрмін вучобы для аспірантаў складаў тры гады. У першы год навучання вывучалі дыалектычны і гістарычны матэрыялізм, ленінізм і гісторыю ВКП(б). Другі год адводзіўся на вывучэнне гісторыі КП(б)Б і рэвалюцыйнага руху ў Беларусі. Трэці год аспіранты самастойна распрацоўвалі навуковую гістарычную праблему і прымалі ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці. Ужо з другога курса ўсе аспіранты абавязкова павінны былі займацца выкладчыцкай дзейнасцю.

Паколькі ў БССР не хапала навуковых кадраў ЦК КП(б)Б у снежні 1930 г. прыняў пастанову, у якой вызначыў меры па ўдасканаленню іх падрыхтоўкі. У Акадэміі навук БССР быў створаны Інстытут аспірантуры. Ён увабраў аспірантаў усіх навукова-даследчых устаноў. Для аспірантаў-гісторыкаў працаваў метадалагічны семінар «Асноўныя праблемы гісторыі ХІХ і ХХ стст. у асвятленні У.І.Леніна». Яны заслухалі даклады: «Праблема прамысловага перавароту ў пастаноўцы У.І.Леніна», «У.І.Ленін аб Парыжскай камуне», «Праблемы перарастання буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную па У.І.Леніну» і інш.

Але падобная форма вучобы навуковых і выкладчыцкіх работнікаў, калі адначасова займаліся 300 чалавек, сябе не апраўдала. Таму ў верасні 1932 г. Інстытут аспірантуры быў рэарганізаваны. Працэс падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі зноў быў перанесены ў навукова-даследчыцкія ўстановы і ВНУ.

Паляпшэнню падрыхтоўкі кадраў гісторыкаў садзейнічала пастановы СНК СССР (студзень 1934 г.) «Аб падрыхтоўцы навуковых і навукова-педагагічных кадраў», «Аб вучоных ступенях і званнях». Уводзіліся навуковыя ступені (кандыдат і доктар навук) і вучоныя званні (асістэнт, дацэнт, прафесар (у ВНУ), малодшы і старэйшы навуковы супрацоўнік і сапраўдны член (у навукова-даследчых установах)).

Для атрымання вучоных ступеней кандыдата і доктара навук уводзілася публічная абарона дысертацый. Аднак ступень доктара навук магла прысуджацца і без абароны вучоным, вядомым сваім укладам у развіццё навукі. Таксама ступень доктара навук аўтаматычна прысвойвалася акадэмікам саюзных і рэспубліканскіх Акадэмій навук. На гэтай падставе ступень доктара гістарычных навук без абароны дысертацыі была прысуджана М.М.Нікольскаму, У.М.Перцаву, С.Ю.Матулайцісу, П.В.Горыну, В.К.Шчарбакову, В.А.Сербенте.

З 1934 г. аспірантура замацоўвалася толькі ў ВНУ з моцнай вучэбна-навуковай базай. У лік аспірантаў прымаліся асобы, якія мелі закончаную вышэйшую адукацыю і стаж працы па выбранай спецыяльнасці не меней двух гадоў. Аспірант займаўся па індывідуальнаму плану. Асноўным яго зместам з’яўлялася самастойная даследчыцкая работа, завяршаемая абаронай кандыдацкай дысертацыі. У сакавіку 1939 г. СНК СССР зацвердзіў новае палажэнне аб аспірантуры. З гэтага часу яна стала адзінай формай падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў СССР.

У сакавіку 1937 г. у БДУ быў створаны Вучоны савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па гістарычным навукам. Яго дзейнасць садзейнічала росту нацыянальных навуковых кадраў. Ужо ў даваенныя гады ў БДУ абаранілі кандыдацкія дысертацыі Д.А.Дудкоў, А.І.Зюськоў, К.І.Кернажыцкі, Г.М.Ліўшыц, І.Ф.Лочмель, А.П.П’янкоў. Усяго ў БДУ навуковыя ступені кандыдата гістарычных навук былі прысуджаны 10 суіскальнікам.

У пачатку 1935 г. у БССР налічвалася 92 гісторыка вышэйшай кваліфікацыі, уключаючы археолагаў, этнографаў і аспірантаў. Гісторыяй партыі займалася 27 чалавек, новай і навейшай гісторыяй – 19, гісторыяй Беларусі – 15, гісторыяй народаў СССР – 14, гісторыяй старажытнага свету – 4. Акадэмікаў і прафесароў было 9, дацэнтаў – 19, малодшых навуковых супрацоўнікаў і асістэнтаў – 29. У аспірантуры займалася 35 чалавек.

Але спецыялістаў не хапала, асабліва па сусветнай гісторыі. Некаторыя кафедры ўзначальвалі дацэнты і нават асістэнты. Так, у 1936 г. у БССР не было ніводнага прафесара па гісторыі СССР, хаця падобныя кафедры былі адчынены ў пяці ВНУ.

Улічваючы гэтыя абставіны, на Бюро ЦК КП(б)Б у чэрвені 1937 г. было разгледжана пытанне «Аб падрыхтоўцы аспірантаў па сацыяльна-эканамічным дысцыплінам, мове і літаратуры». Кіраўніцтву АН БССР, БДУ, Мінскага педінстытута прапанавалі пад асабістую адказнасць палепшыць падрыхтоўку аспірантаў. Назіраецца павялічэнне колькасці аспірантаў па грамадзянскай гісторыі. З другога боку, выхад «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)» паставіў задачу ўзмацнення партыйнай прапаганды. Таму ў ВНУ рэспублікі былі створаны кафедры марксізма-ленінізма і адчынена аспірантура па спецыяльнасці «гісторыі партыі» у АН БССР.

Такім чынам, у даваенны перыяд у БССР склалася адзіная сістэма падрыхтоўкі кадраў гісторыкаў, якая праводзілася на аснове марксісцка-ленінскай метадалогіі.


3. Укараненне марксісцка-ленінскай метадалогіі. Ідэйна-палітычная барацьба з яўрэйскімі гісторыкамі-марксістамі ў 20 – пач. 30-х гг.

У 20-я гг. у гістарычнай навуцы СССР склалася гістарычная «школа М.М.Пакроўскага». Большасць сучасных даследчыкаў у гэты тэрмін укладвае грамадска-палітычны, а не навуковы змест. Для гэтай школы былі характэрны тыповыя рысы савецкай гістарыяграфіі: манапалізацыя ісціны, ідэйная манаполія, лінейнае разуменне грамадскага прагрэсу, манапалізм думкі і інш.

Памёр М.М.Пакроўскі ў 1932 г., а ўжо ў другой палове 30-х гг. разгарнулася хваля крытыкі яго поглядаў. У 1936 г. цэнтральныя газеты краіны апублікавалі заўвагі кіраўнікоў краіны (І.Сталіна, С.Жданава, С.Кірава) на канспекты падручнікаў па гісторыі СССР і новай гісторыі. На іх думку, памылкі аўтараў былі абумоўлены антымарксісцкімі, антыленінскімі, ліквідатарскімі і антынавуковымі поглядамі Пакроўскага. З жорсткай іх крытыкай выступілі К.Радэк і М.Бухарын. Радэк заявіў, што Пакроўскі не мог быць марксісцкім гісторыкам, бо сфарміраваўся, як спецыяліст, не будучы членам партыі бальшавікоў. М.І.Бухарын не згаджаўся з тэзісам пра неаб’ектыўнасць класавай барацьбы. Пралетарская гісторыя – праўдзіва ў сваёй аснове, бо заснавана на марксізме. Ужо ў 1939 г. выйшаў зборнік навуковых прац вучняў гісторыка «Против исторической концепции М.М.Покровского», а ў 1940 г. – «Против антимарксистской концепции М.М.Покровского».

Відавочна, што прычын для навуковай крытыкі Пакроўскага не існавала, а вось палітычныя былі – яго погляды на савецкую гісторыю не супадалі з поглядамі кіраўніцтва СССР:



Погляды М.М.Пакроўскага

Пазіцыя І.В.Сталіна

Крытыка рускіх гісторыкаў дзяржаўна-прававой школы

Прызнанне вызначальнай ролі дзяржавы ў грамадскім жыцці

Высокія тэмпы эканамічнага роста Расіі ў пачатку ХХ ст. садзейнічалі паскоранаму развіццю капіталізма і абвастрэнню класавай барацьбы

Адсталасць Расійскай імперыі прадвызначыла нарастанне сацыяльнай рэвалюцыі

Падабенства рускага і заходнееўрапейскага шляхоў гістарычнага развіцця

Нацыянальнае паходжанне рускай рэвалюцыі

Адмаўленне ролі асобы ў гісторыі

Зварот да вялікіх асоб з мэтай выхавання патрыятызму

Зразумела, што погляды М.М.Пакроўскага перасталі адпавядаць палітычным і ідэалагічным патрабаванням часу.

Развіццё гістарычнай навукі БССР у гэты перыяд праходзіла ў складаных умовах. На гістарычныя даследаванні наклала адбітак камандна-адміністрацыйныя сістэма. Вострая барацьба вакол пытанняў гісторыі Беларусі найчасцей завяршалася палітычнымі абвінавачваннямі, што мела негатыўныя наступствы для самой гістарычнай навукі.

Усталяванне марксісцка-ленінскай метадалогіі ажыццяўлялася ў форме барацьбы з яўрэйскімі гісторыкамі-марксістамі і беларускімі гісторыкамі нацыянальнай арыентацыі. Да таго ж 40 % рэспубліканскага і 25 % акруговага партыйнага актыву рэспублікі былі выхадцамі з небальшавіцкіх партый.

Яўрэйскіх гісторыкаў сталі абвінавачваць у бундызме – г.зн. прыхільнасці да ідэалогіі Бунда («Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Літве, Польшчы і Расіі»), а таксама ў сіянізме. Дарэчы старшыня ЦВК БССР А.Р.Чарвякоў у дакладзе «Сучаснае становішча Савецкай Беларусі» (1926 г.) адзначыў, што «асноўнымі контррэвалюцыйнымі сіламі ў Беларусі з’яўляюцца духавенства, а затым сіяністы».

1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка