108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка9/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   21
Саша пазіраў на мяне з надзеяй. Я ня стаў яго расчароўваць. Ляпнуў па плячы і выдаў порцыю аптымізму са сваіх трохі ўжо вычарпаных радовішчаў.
Нават не сумнявайся, у цябе ўсё будзе добра. Зразумела, што цябе ўзялі як дадатак да Мікалая. Але калі ўсё ідзе так, як ты кажаш, і немагчыма выявіць сьляды тваёй прысутнасьці ў кампаніі, то ім давядзецца цябе адпусьціць. Хутчэй за ўсё, знойдуць каго-небудзь, хто рэальна працаваў у зьвязцы са Статкевічам. Табе проста не пашанцавала. Ня ў тым месцы апынуўся 19 сьнежня. Яны, вядома, беспрынцыповыя стварэньні, але ва ўсім ёсьць мяжа. Да таго ж, у адрозьненьне ад мяне, цябе няма ў сьпісе асабістых ворагаў Лукашэнкі.
Усё гэта было сказана ўпэўнена і, здаецца, зрабіла на калегу належнае ўражаньне. Аляксандар павесялеў. Тут жа для ўсёй аўдыторыі распавёў гісторыю з свайго выкладчыцкага жыцьця. Трохі пошлую. Сарваў сьмех.
— Вы сапраўды дацэнт? — спытаў недаверліва Аляксандар.
— А дацэнты што, ня людзі? — рагатнуў Арастовіч і па-гаспадарску прымераў драўляны насьціл на становішча «сон».
На душы запанаваў поўны штыль. Запхнуў захутанае ў адзежыны цела ў самаробны спальнік. Сон павінен быць хуткім.
19 студзеня, серада
Мяне вышмаргнулі з камэры. У галаве ніякіх пытаньняў. Ні куды, ні навошта, ні чаму. Гэта ў першыя дні ў «амэрыканцы» я абвострана рэагаваў літаральна на ўсё. Спрабаваў угадаць, што там, за наступным паваротам калідора, за зачыненымі дзьвярыма, за маскай твару насупраць. Цяпер жа ня тое каб усё роўна, але ўжо без хваравітага напружаньня і лішняй узбуджанасьці. Напэўна, абрастаю ахоўным панцырам. На самой справе толькі надзвычайныя сытуацыі дапамагаюць нам зразумець, дзе сапраўды праходзяць межы нашых магчымасьцяў і наколькі наша слоўная самаацэнка супадае з тым, што мы робім ці, наадварот, ня робім у экстрэмальных умовах.
Адразу па абедзе вышмаргнулі з камэры. Вядуць моўчкі. І гэта ўжо нязвыкла. Здаецца, гэта чарговы візыт да Арлова. Так, вось і дзьверы знаёмага кабінэту. У калідоры здымаюць кайданкі, і ўсё бяз звыклага тузаньня, штурханьня. Уваходжу. Перада мной высокі сухарлявы чалавек у дыхтоўным шэрым гарнітуры. Кароткі вожык пасыпаны мукой сівізны. Шырокі лоб, правільныя рысы твару. Трэба прызнаць, сустрэў бы недзе ў буціку ці рэстаране — адазваўся б усьмешкай на паўусьмешку, якая агаляе моцныя белыя зубы. Зьнешні выгляд незнаёмца спрыяў даверліваму фармату гутаркі. Каб ня гэты кабінэт...
Анатоль Уладзіміравіч, добры вечар. Мяне завуць...
Яго імя і імя па бацьку праляцелі міма, тут шмат што несапраўднае. А вось наступная фраза падалася мне сапраўды цікавай і вартай увагі:
— У камітэце я адказваю за аналітыку, і, ня буду хаваць, мне вельмі цікава пагаварыць з вамі. Праўда, вы можаце адмовіцца ад гэтай гутаркі. Гэта ваша права. І гэтая гутарка не для пратаколу.
Вычэквальны позірк.
— Ды мне, шчыра кажучы, усё роўна, дзе бавіць час. Але, па-першае, тут хоць цяплей. Па-другое, я ніколі не кажу таго, чаго не хачу казаць. Але, ня буду хаваць, вы мяне заінтрыгавалі словам «аналітыка». На мой погляд, гэта рэч, якая ніяк не стасуецца з тым, што адбываецца на практыцы.
Незнаёмец зноў усьміхнуўся. Размашыста, як у ведамасьці за прэмію.
— Можа, гарбаты ці кавы?
— Не, дзякуй.
— Я шчыра спадзяюся, што наша гутарка будзе зьмястоўнаю. Да самога сьледзтва я ня маю ніякага дачыненьня. Гэта не прадмет нашай гутаркі. Таму я прапанаваў бы іншыя тэмы для размовы. Ня буду хаваць, мы зазнаем калясальны ціск з боку Расеі. І пагрозы сувэрэнітэту краіны як ніколі вялікія. Пасьля выбараў сур'ёзна сапсаваліся адносіны з Захадам, і Расея не прамінула гэтым скарыстацца. Як вы разумееце, у першую чаргу яе ўвага накіраваная на нашу ўласнасьць. У нас нават ня просяць прадаць, ад нас гэтага патрабуюць. Вам можа здацца дзіўнай мая заява пра неабходнасьць аб'яднаць намаганьні ўсіх, хто хоча жыць у незалежнай краіне. І тых, хто пры ўладзе, і тых, хто ў апазыцыі. Нам усім павінна быць неабыякава, што здарыцца зь Беларусьсю заўтра.
Пад гэтай заявай я сапраўды гатовы быў паставіць свой аўтограф, у чым шчыра і прызнаўся. «Аналітык» (так я пра сябе акрэсьліў свайго суразмоўцу) задаволена кіўнуў кароткім вожыкам сівізны.
З боку гэта, напэўна, выглядала як мілая гутарка двух старых знаёмых. Заядлых рыбакоў ці шалёна захопленых лесам грыбнікоў. «Аналітык» прадэманстраваў нядрэннае веданьне гісторыі. Ён добра арыентаваўся ў падзеях. Пры гэтым на стале ніякіх папер з пазнакамі. Чалавек або добра падрыхтаваўся да гэтай сустрэчы, або сапраўды займаецца аналітыкай. Размова ў асноўным тычылася рызыкаў і пагрозаў сувэрэнітэту Беларусі. З акцэнтам на тое, што разумныя людзі, незалежна ад палітычных поглядаў і прыхільнасьцяў, павінны думаць пра будучыню.
Новы знаёмы згарнуў размову акуратна і элегантна:
— Ня буду больш стамляць вас. На першы раз досыць, але калі вы ня супраць, я хацеў бы вярнуцца да нашай гутаркі.
— У мяне шмат свабодных вечароў. Галоўнае, каб тэма была зьмястоўная.
— Можа, у вас ёсьць нейкія асабістыя просьбы?
Пытаньне засьпела мяне зьнянацку. Адказаў машынальна:
— Ды якія просьбы ў такім райскім кутку? Зрэшты, газэты б не зашкодзілі.
— У вас няма прэсы? — шчырае зьдзіўленьне. — Ну, вырашым, вырашым гэтае пытаньне.
Пакуль мяне вярталі ў камэру, я паглыбіўся ў аналіз прамінулай сустрэчы. Што б гэта ўсё азначала? Зьнешне ўсё выглядала прыстойна і нават інтэлігентна. Ні запалохваньняў горшым, ні намёкаў на «ўсё можа быць», ні спакушэньняў свабодай. Цалкам цывілізаваная размова з чалавекам, неабыякавым да лёсу краіны. Але чым больш аддаляўся ад кабінэту, тым цьверазейшы рабіўся мой мозг.
Стоп, бацюхна, не расслабляцца! Новы знаёмы казаў тое, што не выклікала алергіі і непрыманьня. Гэта і было яго задачай. Ён сьвядома ствараў кантраст з тымі, з кім даводзіцца кантактаваць штодзённа, кругласутачна. Навошта і дзеля чаго? Пабачым, што запяе «аналітык» наступным разам. А што гэты наступны раз будзе, я ўжо не сумняваўся. Толькі што мне прадэманстравалі зусім іншую мадэль паводзінаў і пазыцыянаваньня. Адчувалася, што гэта птушка высокага палёту. Чалавек калі не з кіраўніцтва камітэту, то з суседняга зь імі кабінэту.
На ўваходзе ў камэру падумалася: дзе ты яшчэ, Анатоль, пагутарыш з гэтымі хлопцамі? Гэта нават забаўна, сутыкнуцца зь імі твар у твар. Інтэлектуальны двубой калі не за жыцьцё і не за свабоду, то за права чалавекам звацца.
Гаварыць з сукамэрнікамі пра сустрэчу не хацелася. Дый, хутчэй за ўсё, запіс тут жа трапіць на экран «аналітыка». А даваць пажытак для аналізу майго ўспрыманьня сустрэчы было ня варта. Таму адбрахаўся чаргой кароткіх фразаў пра сустрэчу-пустышку з начальнікам СІЗА. Праўда, сказаў, што ў камэры, магчыма, зьявіцца прэса.
20 студзеня, чацьвер
Чацьвер — цырульны дзень. Ёсьць магчымасьць убачыць сябе ў люстэрку, атрымаць доступ да кіпяцільніка і, адпаведна, да гарачай вады. Пакуль сукамэрнікі заказваюць адзін аднаму «мадэльныя стрыжкі», я абзавёўся гарлачыкам гарачай вады. Агрызкам мыла намыліў шчаціньне. Любата! Малыя радасьці вязьняў падзямельля. Гляджуся ў аскепак люстэрка. Жменя сьнегу на скронях. Кавалак лёду ў вачах. Ці то пастарэў, ці то ўзмужнеў. А можа, проста даўно не сустракаўся са сваім адлюстраваньнем.
У Аляксандру Арастовічу знайшоў вельмі добрага спарынг-партнэра для фізычнага гвалту над арганізмам. Ён зь першых хвілін жыва рэагаваў на маю фізіятэрапію. У першы дзень гэта была слоўная рэакцыя, а цяпер ужо пасьля пад'ёму мы працуем у чатыры рукі, махаем чатырма ніжнімі канцавінамі і прэсінгуем брушны прэс.
Перад прыёмам падмарожанай бульбы і перасоленага селядца ў акенца далі стос газэт. «Саўбелія», «Звязда», «Рэспубліка», «Камсамолка». На мясцовай арыштанцкай біржы мой аўтарытэт падрос яшчэ больш. Пацан сказаў — пацан дамогся. Праўда, як выявілася, «Камсамолку» папярэдне пачытаў цэнзар. Не без наступстваў. Першая старонка зеўрала пустотамі. Два матэрыялы былі выразаныя, даўшы падставу для вячэрняй дыскусіі пра тое, што ж адцялі нажніцы. Сышліся на думцы, што гэта была інфармацыя пра фігурантаў гучнай палітычнай справы. Я таксама не выключаю, што артыкулы маглі тычыцца пазыцыі і ацэнак міжнародных арганізацый. У любым выпадку гэта нешта аптымістычнае для палітвязьняў «амэрыканкі» і ня вельмі прыемнае для ўлады.
Адразу па вячэры ў расчыненую прастору кармушкі зазірнуў сам начальнік СІЗА. Зьява надзвычай рэдкая. З пацучынай ухмылкай на тонкіх вуснах Арлоў адшукаў у турэмным паўзмроку мяне і ўрачыста працягнуў два аркушы фармату А4: «Прачытайце!» Створка бразнула. Гэта была інтэрнэт-раздрукоўка, зь якой вынікала, што сёньня Лукашэнка правёў «нараду па ўнутрыпалітычных пытаньнях». «Супраць нашай дзяржавы была арганізаваная змова. Спансіравалі яе замежныя спэцслужбы, а ролю выканаўцаў адвялі мясцовым адшчапенцам і жулікам ад палітыкі, — вяшчаў Лукашэнка. — Я вымушаны сёньня сказаць аб тым, што ўсе праграмы і вялізная частка грошай ішлі зь Нямеччыны і Польшчы або празь Нямеччыну і Польшчу. Там жа пісаліся і праграмы зрынаньня канстытуцыйнага ладу. І гэта ня выдумка спэцслужбаў».
Інфармацыя быццам бы сьвежая, але з тухлінкаю. Здаецца, я ўжо гэта чуў. Прычым не аднойчы. Калі рэтрансьляваць напісанае на сябе, то рэфлексія нэгатыўная.
Праўда што, адмаўляць наяўнасьць праграмы бессэнсоўна. Толькі ў нас, да прыкладу, яна называлася «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі». І сярод тых, хто яе ствараў, шліфаваў, сапраўды былі людзі з польскімі каранямі. Прынамсі адзін — кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук. А вось немцаў заўважана не было. І, мушу прызнаць, праграма «Мільён новых працоўных месцаў» аказалася вельмі прывабнай для выбарца. І калі ва ўспрыманьні ўлады гэта плян зрынаньня канстытуцыйнага ладу, то насельнікам «Чырвонага дома» пара пакаваць чамаданы. А вось бюджэтам кампаніі, на жаль, пахваліцца не магу. І калі Лукашэнка на свае выбары нахабна і бессаромна марнаваў грошы беларускага падаткаплатніка, то мы маглі разьлічваць толькі на сродкі, выдзеленыя праз ЦВК, і ахвяраваньні сваіх прыхільнікаў. Ніякіх левых або чужаземных рэсурсаў! І калі б было інакш, я быў бы ня ў статусе закладніка, а ў становішчы арыштанта з пухлай справай і доўгім тэрмінам.
Перададзены мне тэкст быў ня толькі цікавы, але і інфарматыўны. Так, я даведаўся, хто асабіста ўпёк мяне ў ізалятар. Лукашэнка заявіў: «Ніякіх дзеяньняў па навядзеньні парадку ў краіне праваахоўныя органы не прадпрымалі, ня робяць і ня будуць прадпрымаць бяз санкцыі прэзыдэнта». Хто б у гэтым сумняваўся! Мне, чалавеку са сьпісу асабістых ворагаў Лукашэнкі, пазьбегнуць арышту было немагчыма. Я гэта разумею! Я не кандыдат у прэзыдэнты. Не кіраўнік выбарчага штабу. Але я асабісты вораг кіраўніка, і гэтага дастаткова. Гэтая частка тэксту нічога пазытыўнага для мяне не зьмяшчала.
Ну, і самае галоўнае. Мабыць, дзеля гэтых радкоў Арлоў і зьявіўся да мяне ў камэру. «Я хачу сказаць, што мы не крыважэрныя. І лёс тых, хто цяпер арыштаваны, выключна ў іхніх руках, — сказаў Лукашэнка. — Тут ні пры чым ні сілавыя структуры, ні прэзыдэнт. Толькі ў іхніх руках. Хочуць сядзець у сьледчым ізалятары — хай сядзяць. Хочуць быць са сваімі сем'ямі — гэта таксама ад іх залежыць. Гэта не праблема. Яна вырашаецца сёньня сьледчымі органамі, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — Але ня толькі ў сьледчых органаў, але і ў краіны ў цэлым ёсьць шэраг пытаньняў, на якія мы чакаем ад іх адказу. І сядзець у сьледчым ізалятары, як мышы пад венікам, і думаць, што заўтра амэрыканцы або эўрапейцы прыйдуць і вызваляць іх, беспэрспэктыўна».
Ад гэтай часткі пасланьня адкрыта пахла шантажом. Нават ня пахла, а сьмярдзела. Шантаж — улюбёны занятак гаспадара «Чырвонага дома». Маўляў, прызнайцеся, што вы нямецкія ці польскія агенты, і валіце ​​на ўсе чатыры бакі. Толькі зрабіце гэта публічна, а лепш на тэлекамэру. Уладам трэба апраўданьне крывавага пабоішча, арганізаванага на плошчы Незалежнасьці ў ноч з 19 на 20 сьнежня, яны шукаюць апраўданьня ўсяго гэтага прававога бязьмежжа, у якое акунулі Беларусь. Ім неабходна пераканаць краіну і яе грамадзян у сваёй праўдзе. А дзеля гэтага трэба наша пакаяньне і прызнаньне.
Так, тыя, хто гатовы каяцца і поўзаць на каленях, напэўна, тут не затрымаюцца. А што рабіць табе, сябар Анатоль? Зрэшты, выбар невялікі. Адціскацца па тысячы разоў. Пісаць вершы. Успамінаць мінулае. Думаць пра будучыню. І заставацца самім сабой. Бо да таго, як мы ўсе тут апынуліся, кожны з нас гаварыў правільныя словы! Хто больш, хто менш. Хто гучней, хто цішэй. Але ўсе. З нас расплёсквалася мужнасьць, выпірала годнасьць. З кандыдатаў у прэзыдэнты можна было пісаць партрэты для галерэі герояў. Карціна алеем у поўны рост! Вось зараз і трэба будзе высьветліць, хто ёсьць хто на самой справе. Раз гэтыя цяжкасьці нам пасланыя, значыць, іх трэба пераадолець. Альбо перайсьці ў іншую лігу — дзе гуляюць па іншых правілах.
Папера пайшла па руках. Народ ацэньвальна зацокаў языкамі. Ды тут чорным па белым апісаны сцэнар твайго вызваленьня, Правадыр (я не выключэньне, да мяне таксама прыляпілася мянушка). Ну што ж, людзі ўмеюць чытаць паміж радкоў.
Вось такі ён быў, гэты студзеньскі дзень — інфармацыйна насычаны.
21 студзеня, пятніца
Прачынацца не хацелася. Я ведаю, што будзе праз гадзіну, празь дзьве, празь пяць. І гэта не натхняе. На душы нейкая безнадзейнасьць і абыякавасьць. Ці можна да гэтага прывыкнуць? Ня ведаю. Здаецца, у мяне дэпрэсія. Хацелася б памыліцца, але дыягназ, хутчэй за ўсё, правільны. Нейкі час ляжу з заплюшчанымі вачыма. Рухаюцца толькі думкі. Пад'ём, туалет, сьняданак, ранішняя паверка — усё на аўтапілёце.
Ідзём праз шыхт людзей у зялёным і чорным. Пад перастук палак. Лаўлю сябе на думцы, што ўсе глядзяць на мяне. Здаецца, разглядаюць мае слабасьці, чуюць мае сумневы. Сапраўды, яны нават ухмыляюцца. Мяне нібы апяклі кіпенем. Быццам вывернулі навыварат. Хрэн вам, пальцы правай рукі скручваюць канфігурацыю пад вядомай назвай. Зь ёй я горда ступаю да дзьвярэй дворыка для шпацыраў.
— Што, весела?
Спачатку нават не зразумеў, што сказана ў мой адрас. Відаць, думкі міжвольна выскачылі на паверхню твару, і гэты слайд не спадабаўся канваірам.
— Мне зусім добра, дзякуй за клопат.
Пры гэтым пальцы па-ранейшаму сьціснутыя ў пратэстную дулю. Напэўна, гэта выглядае па-дзіцячы, прымітыўна і трошкі па-хуліганску. Але мне цяпер хочацца хуліганіць і быць дзёрзкім.
Дыскусія з ахоўнікамі ня мела працягу. Маска адкрычалася кароткім:
— У падлогу глядзім!
Настрой у рэжыме ручнога кіраваньня. У дворыку ядрана. На казырку няіснага акна суседняга будынка варушыцца голуб Лёлік. Зь ім мы пазнаёміліся, як толькі я першы раз выйшаў на вуліцу. Птушка варушылася ў праёме закладзенага цэглай і тынкам акна. На вышыні некалькіх мэтраў. З таго часу ці ня кожны раз я бачу на шпацыры знаёмага голуба.
Добры дзень, дружа! Птушка трасянула галавой і весела забуркавала. Удыхаю паветра так, што ў грудной клетцы робіцца цесна. Раблю дыхальную гімнастыку. Падгледзеў у Кісялёва. У яго гэта добра выходзіць.
Добрая, энэргічная музыка. Пакуль усе ходзяць па крузе, я акупаваў цэнтар падворка. Спачатку рухаюся ў такт музыцы, потым пачынаю прытанцоўваць. Разагрэўшыся, паводжу сябе, як на танцполе. Тыя, што ходзяць па крузе, заўсьміхаліся, прыпляскваюць у ладкі. Ну, Правадыр, дае! Кінуўшы позірк угару, натыкаюся на два зьдзіўленыя вокі. Усе свае думкі кантралёр выклаў на твары: «Ён, напэўна, вар'ят. Нармальны чалавек ня можа быць задаволеным і шчасьлівым у пекле. Скача! Яму што, сапраўды так весела?»
Як пазірнуў на гэты зьнявечаны зьдзіўленьнем твар, мне сапраўды зрабілася весела. Такой дыскатэкі ў маім жыцьці яшчэ не было. Скачу, значыць, жыву. Жыву, значыць, змагаюся.
«Амэрыканка» — гэта тэрыторыя, дзе настрой на працягу дня зьмяняецца, як надвор'е на Балтыйскім узмор'і. Яшчэ хвілін дзесяць таму я быў як муха ў павуціньні. Мне рэальна было хранова! Я задыхаўся ад хандры, а цяпер ад мяне прэ такой энэргетыкай, што я нават іншых здольны зараджаць.
Астатні час шпацыру прайшоў пад знакам гвалтоўнага ўсталёўваньня новых рэкордаў. У сшытку зафіксаваў выніковыя лічбы 1000 — 1000 — 500. Ува мне прачнулася самапавага, і зь ёю я правёў рэшту дня.
22 студзеня, субота
Трэба прызнаць, гутаркі прыносяць шмат цікавага і павучальнага. Сёньня Саша Кісялёў распавёў гісторыю, якую трэба чытаць на спэцкурсе для будучых судзьдзяў, пракурораў і ўсіх, хто атрымлівае права распараджацца свабодай іншых.
Аднаго дня ў камэру, дзе знаходзіўся арыштант Кісялёў, прывялі навічка. Справа звыклая. Незвычайным было тое, што ён знаў мяне. «Я прыгледзеўся да суседа і дзіву даўся, — распавядаў Саша. — Гэта быў начальнік сьледчага ўпраўленьня Камітэту дзяржкантролю Беларусі Адамовіч. Праўда, мяркуючы па месцы знаходжаньня, начальнік ужо былы. Менавіта гэты чалавек санкцыянаваў маё затрыманьне. Не ўяўляеш, што рабілася ў маёй стрыжанай галаве! Ад жаданьня тут жа прыдушыць гэтага гада да прагі зразумець, што кіравала ім, калі ён падпісваў паперы аб маім арышце.
Убачыць мяне ён ніяк не чакаў. Ды гэта ня тое слова. У першыя хвіліны яго паралізавала. На твары адначасова былі замяшаньне, зьдзіўленьне і асуджанасьць. Вось такая нечаканая сустрэча».
Тут Аляксандар узяў невялікі тайм-аўт. Напэўна, яшчэ раз праганяў у памяці тую дзіўную сустрэчу. Ну, а мне, натуральна, не цярпелася даведацца, што ж было далей.
«Ведаеш, Анатоль, у прасторы два на чатыры немагчыма ўцячы ад тых, хто побач. Ты бачыш, чуеш суседзяў ледзь не 24 гадзіны ў суткі. Ты дыхаеш адным паветрам, ясі з аднаго катла. Я тады перасіліў асабістыя крыўды. Засунуў у аддаленыя куткі душы эмоцыі і пачуцьці. Праўда, праз пару дзён ня вытрымаў і, гледзячы проста ў вочы былому высокапастаўленаму сілавіку, спытаў: “Вось гляджу на цябе і губляюся ў здагадках. Чалавек ты разумны, адукаваны і быццам бы зусім не зласьлівы. Мне важна зразумець: пра што ты тады думаў, калі падпісваў паперы, якія перавярнулі маё жыцьцё? А яшчэ жыцьцё дзясяткаў іншых людзей, а таксама іх родных. Тым больш што санкцыя на арышт грунтуецца на абсурдных дапушчэньнях. Гэта адкрыты заказ на ліквідацыю пасьпяховага бізнэсу”. Адамовіч падняў вочы і безнадзейна махнуў рукой: “Ды нічога я ня думаў. Да мяне ў гэты дзень прыехалі сябры. Я сьпяшаўся на сустрэчу і гэтую паперу падпісаў на бягу. Ня гледзячы”. — Што тут яшчэ можна дадаць, — уздыхнуў Аляксандар. — Гэта ўжо сыстэма, а значыць, у наступстваў — размах эпідэміі».
Саша сказаў таксама, што Адамовіч па-ранейшаму дзесьці тут, у «амэрыканцы».
Я яшчэ доўга пракручваў у галаве пачутае. Першае, што кідалася ў вочы, — гэта своеасаблівы стыль узаемаадносін сілавікоў. Здаецца, тут дагэтуль пануюць норавы часоў Цанавы, беларускага Лаўрэнція Берыі. Відавочна, што не выпадкова ката кінулі ў камэру да ягонай ахвяры. Не маглі ня ведаць гісторыю іх ранейшых узаемаадносін. На што разьлік? На тое, што Кісялёў у прыпадку праведнага гневу калі не задушыць, то кінецца на Адамовіча з кулакамі? Або каб даставіць былому начальніку ўпраўленьня псыхалягічныя мукі і няспынны дыскамфорт ад прысутнасьці ў адной прасторы з тым, хто мае права цябе ненавідзець?
А з другога боку, усе гэтыя людзі, якія наўпрост ці ўскосна ўдзельнічаюць у стварэньні сыстэмы, робяцца спачатку яе закладнікамі, а потым і ахвярамі. Хто раней, хто пазьней. Яна іх разбэшчвае, яна іх калечыць і ўрэшце паядае. Сыстэма не папярхнецца.
***
Сёньня шкарпэткамыйны дзень. Сумясьціў паход у душ з пральнай працэдурай. Дзеля гэтага прыхапіў з сабой пакет зь нясьвежымі шкарпэткамі. У гарачай вадзе мыць — адна асалода. І цяпер цэлых шэсьць пар упрыгожваюць маё лежала, як гірлянда навагоднюю ёлку. Дні два як мінімум будуць сохнуць. А то і больш.
23 студзеня, нядзеля
У нядзелі сваё нясьпешнае варушэньне. Мне здаецца, што па выходных нават маскі гарлаюць неяк працяжней і жаласьней. Але з правіла бываюць выключэньні. Цяперашняя зьмена вырашыла ажывіць запаволена-нудны дзень.
Шпацыр стаўся чарговым кашмарам. Апынуўшыся ў дворыку, разьбіліся на групкі па інтарэсах. Я заняў месца ля аранжавай лаўкі. Зрабіў расьцяжку, упёрся кулакамі ў зямлю. І тут зьверху па плячах, як бізуном, ударылі камандай: «Устаць!»
Узьняў вочы ўгару. Адтуль мяне сьвідравалі дзьве злыя адтуліны. Баптыст!
— Усім хадзіць па крузе!
— На якой падставе?
— Таму што так хачу я.
— У нас што, ужо няма права займацца фізкультурай?
— У вас тут наогул няма ніякіх правоў.
Баптыст вытрымаў паўзу і дадаў злосьці ў голасе:
— Я апошні раз папярэджваю: усім хадзіць па крузе! Ніякіх заняткаў. У адваротным выпадку да вас будуць ужытыя спэцсродкі.
Маска, якая зьявілася побач з кантралёрам, павінна была надаць вагі пагрозе, якая толькі што прагучала. Мы мусілі пашыхтавацца ў патыліцу адзін аднаму. Настрой быў паршывы. Нікога не цягнула на размовы, толькі на лаянку. Тая і чулася час ад часу. Дзьве гадзіны, як ідыёты, маршыравалі адзін за адным. Як толькі спыняліся, тут жа зьверху сыпаліся пагрозы і папярэджаньні. Хвілін празь пятнаццаць кругавога хаджэньня курцы акупавалі куток і зацягнуліся першай зацяжкай. І тут жа прарэзьлівы крык зьверху:
— Усім працягнуць рух! Ніякіх перакураў!
Хвілін празь пяць тытунёвы бунт быў здушаны патокамі адкрытых абразаў і пагрозаў.
І, вядома ж, нам зладзілі вучэбна-паказальнае вяртаньне ў камэру. Паравозік чалавечых целаў толькі пасьпяваў разагнацца, як маска наперадзе сэмафорыла: стоп! І нас, як статак, гналі назад. Паганятыя ці то пасьля бурнай суботы, ці то проста ад дрэннага настрою былі ў стане падвышанай узбудлівасьці з усімі наступствамі, якія адгэтуль вынікаюць.
Затое па вяртаньні ў камэру я пачаў зацята наганяць скрадзены час зарадкі. Да першых кропель поту, якія скаціліся па шчаціньні. Потым, агаліўшыся па пояс, мыюся, абліваюся халоднай вадой з крана, ручніком расьціраю цела да чырвані. Здорава!
Хтосьці часьцей, чым звычайна, зазірае ў вочка. Я адчуваю, я ведаю, што гэта Баптыст. Наша завочная дуэль працягваецца. І я буду ў ёй пераможцам!
24 студзеня, панядзелак
— Пытаньні ёсьць? — дзяжурнае пытаньне дзяжурнага. Без інтанацыяў, аднымі вуснамі.
— Ёсьць!
Я вырашыў змагацца за права займацца на шпацыры фізкультурай. Пакуль словам. Гэта тое мізэрнае, што яшчэ засталося, чаго яшчэ не адабралі.
Капітан замёр на паўразвароце.
— Ну, — незадаволена варухнуліся тонкія вусны.
— На падставе чаго ўведзена забарона на заняткі фізкультурай падчас шпацыру? Чаму мы павінны хадзіць па крузе, як асуджаныя? Чаму ў камэры курыць можна, а на вуліцы забаронена?
Капітан моўчкі праглынуў пачутае. Здаецца, зашмат пытаньняў адразу. Рыпнуўшы абцасамі, разьвярнуўся і ўжо на выхадзе, гледзячы ў дзьверы, буркнуў:
— Разьбяромся.
Праз гадзіну пагналі на шпацыр. Як толькі дзьверы зачыніліся, разбрыліся па кутках трэцяга дворыка. Мы з Аляксандрам замахалі рукамі і нагамі, астатнія заляскалі запальнічкамі. Хвіліна, другая, пятая... Зьверху ніякай рэакцыі. Значыць, усё ж такі вырашылі абсурд не ўзмацняць. Гэта была маленькая, але перамога. І ад усьведамленьня гэтага на душы зрабілася цяплей.
Вернутым правам на фізіятэрапію скарыстаўся да другога і трэцяга поту.
Пасьля абеду, пакуль не прыйшлі «добрыя людзі», выцягнуў з-пад матраца сваю бібліятэку. Вяду паралельнае чытаньне. Маркес і Булгакаў — добры кактэйль. Насычаны. Інтрыгуе. Праўда, не задавальняе прагу чытаньня — толькі яе ўзмацняе.
* * *
З інфармацыяй усё па-ранейшаму. Устойліва дрэнна. Вось ужо колькі часу працягваюцца бескантактныя адносіны з адвакатам. А значыць, няма і сувязі зь «Вялікай зямлёй». Усё закаркавана з адмысловай пільнасьцю. Даводзіцца лавіць любыя шоргаты, урыўкі чутак, абрыўкі слоў. Нешта пралічваецца з афіцыйнай прэсы. Калі-нікалі ў кармушку зваліцца то «Саўбелія», то «Рэспубліка». Бывае, нешта выскачыць у блёк навінаў на FM-станцыі, пакуль мы топчам брудны сьнег у дворыку.
Па абедзе павялі на сустрэчу з тым, каго, калі шчыра, бачыць зусім ня хочацца. Гаворка пра начальніка СІЗА. Але што зробіш, калі ў яго жаданьне зусім супрацьлеглае. Праўда, я не іду, мяне вядуць.
Цікаваю выйшла гэтая сустрэча. Зь першых хвілін здалося, што Арлоў быў нечым заклапочаны. Перад маім прыходам ён разглядаў нейкія паперы. Можа, нечы рапарт ці нейкую даведку. Некалькі старонак тэксту палкоўнік адклаў убок, а сам перайшоў да століка для гутаркі.
— Гарбаты? — прапанова адтуль.
Адмоўны ківок галавы адсюль.
— Гарбатка, ведаеце, заўсёды добра. Для здароўя. А за здароўем трэба сачыць. Вось на волі ўсе былі здаровыя, усе ў прэзыдэнты хацелі. А як толькі трошкі прыціснулі, усе адразу хворымі сталі. — Тут палкоўнік прыпыніўся і тут жа паправіўся: — Ну, вас гэта ня тычыцца. Мне дакладваюць, вы рэгулярна займаецеся фізкультурай і нават іншых уцягваеце.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка