108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка7/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   21
А сытуацыя сапраўды няпростая. Арыштаваныя знаходзяцца ў сьледчым ізалятары ў сярэднім год і больш. Зразумела, што за гэты час звыкаеш да пэўнага ўкладу ўзаемаадносін і распарадку. Пасьля 19 сьнежня 2010 году ўсё абрынулася ў адзін момант. І гэты шокавы кантраст стаў сур'ёзнай псыхалягічнай траўмай і выпрабаваньнем для людзей. Гэта зьдзівіла іх, шакавала, прыгняло. Я бачу, я адчуваю, як пасьля кантактаў з Арловым, са сьледчымі мае сукамэрнікі неяк па-асабліваму глядзяць у мой бок. Ніхто нічога ня кажа, але зь нейкіх ледзь улоўных жэстаў, інтанацыяў разумею, што на гутарках размова ішла і пра мяне. Фіксую, бяру пад увагу ўсе дэталі, самыя драбнюткія, але вонкава стараюся прыхоўваць насьцярожанасьць і заклапочанасьць. Вядома, нехта з сукамэрнікаў павінен «стукаць» начальству. Зрэшты, справа гэтая марная і непэрспэктыўная. Уцёкаў я не пляную, адмысловымі сакрэтамі Плошчы не валодаю. Вядома, часам задаю сабе пытаньне: а хто б гэта мог быць? Дакладней, задаваў, а цяпер мне ўсё роўна. Хай ціха «стукае», галоўнае, каб у камэры не ствараў праблемаў.
Пасьля некалькіх тыдняў у ізаляцыі магу зрабіць заяву. Пра сябе, г.зн. для асабістага карыстаньня. Мы застаёмся па адзін бок нябачнай барыкады і рэагуем на ціск салідарна. Што будзе далей — паглядзім, але сёньня гэта так. Хоць, вядома, адносіны з кожным сядзельцам індывідуальныя. Найбліжэй сышліся зь Ігарам Аліневічам, што, у прынцыпе, лёгка патлумачыць. Справы ў нас розныя, але абедзьве — з палітычнай падаплёкай. Гэты хлопец з пучком валасоў на патыліцы стрыжанай галавы мне падабаецца. Гарачы, можа і выбухнуць, дастаткова іскры, ня тое што запалкі. Але падкупляе, што мае пазыцыю, уласную думку. Не выдыгае перад пэрсаналам, не імкнецца быць меншым за свае сто восемдзесят.
Нашы адносіны мы зь Ігарам вывелі на ўзровень адкрытай, шчырай размовы. У прыватнасьці, сёньня ён распавядаў пра прыгоды беларускага анархіста ў Расеі. Гэта займальны аповед, варты грамадзкай увагі. Як толькі пачалася зачыстка анархістаў, Ігар Аліневіч на ўсялякі выпадак вырашыў зьнікнуць з поля зроку беларускіх сілавых структур. Знайшоў прытулак у Маскве, у тамтэйшых пасьлядоўнікаў Крапоткіна і Бакуніна. Спачатку ўсё было спакойна, але, як выявілася, яго месцазнаходжаньне — гэта сакрэт палішынэля. Беларускія Пінкертоны арганізавалі маштабную спэцапэрацыю ў інтэрнэце. Да прыкладу, рассылалі лісты са скрынак людзей з кола знаёмых Аліневіча, выцягваючы на кантакт часовых уцекачоў зь Беларусі. Затрымалі яго каля адной са станцыяў маскоўскага мэтро і адразу ж этапавалі на радзіму. Людзі ў цывільным канваявалі яго закутым у кайданкі. На беларуска-расейскай мяжы іх чакалі прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў — адбылася перадача з рук у рукі. Пры гэтым расейцы папрасілі сваіх беларускіх калегаў больш не выкарыстоўваць падобны фармат узаемадзеяньня. Бо фактычна Аліневіча незаконна выкралі супрацоўнікі расейскай ФСБ і незаконна ж перадалі беларускаму КДБ. Потым у матэрыялах справы Ігар убачыў інфармацыю, што яго нібыта затрымалі на тэрыторыі Беларусі — і зрабілі гэта, вядома ж, беларускія праваахоўныя структуры.
«Пра што я пашкадаваў пасьля, дык пра тое, што пры перасячэньні мяжы не паспрабаваў прыцягнуць увагу супрацоўнікаў міліцыі, каля якіх мы праяжджалі. Ня ведаю, ці дапамагло б гэта, ці не, але гэта варта было зрабіць. Я проста мог бы штурхнуць кіроўцу, і гэта напэўна прыцягнула б увагу», — дзяліўся са мной Ігар. Праўда што, гісторыя майго сукамэрніка — гатовы сюжэт для захапляльнага баевіка.
Распавёў Ігар і пра некаторыя падрабязнасьці «справы аб падпалах». Аказваецца, ён асабіста ўдзельнічаў у адным інцыдэнце, які меў дачыненьне да Міністэрства абароны. І ў паказаньнях сьледзтву Аліневіч не адмаўляў, што браў удзел у несанкцыянаваным шэсьці і запуску фаера на тэрыторыю штабу Беларміі. Але ён катэгарычна адрынаў абвінавачаньні ў падпалах на тэрыторыі расейскай амбасады: «Гэта поўная бязглузьдзіца, ад пачатку да канца. Фантазіі спэцслужбаў, ня больш. У іх нічога на мяне няма. Пустая справа, бяз фактаў і доказаў. На мяне спрабуюць навесіць дохлых сабак на аснове паказаньняў практычна аднаго чалавека па прозьвішчы Веткін. Зразумела, што чэл альбо правакатар, альбо мусіў пайсьці на бартэр, каб уратаваць уласную задніцу».
Ігар настроены аптымістычна і ўпэўнены, што ўсё абыдзецца. Не, ён, вядома, не спадзяецца, што заўтра перад ім папросяць прабачэньня і адпусьцяць яго на ўсе чатыры бакі. Хутчэй за ўсё, абвінавачваньне будзе прад'яўлена паводле артыкула «хуліганства». І напэўна ў тэрмін пакараньня залічаць час знаходжаньня ў «амэрыканцы». Што ж, з улікам таго, праз што мы ўсе тут прайшлі і, магчыма, яшчэ пройдзем, гэтага хопіць зь лішкам.
У расьсьледаваньні Ігаравай справы вялікай актыўнасьці не назіраецца. На допыты яго не выклікаюць, вочных ставак не праводзяць. Сьледчы ў яго з сыстэмы МУС. Так што пакуль ён перапрацоўвае казённыя кашы і чакае справядлівасьці. На мой погляд, нізкая актыўнасьць у «справе падпальшчыкаў» тлумачыцца тым, што на першы плян выйшла «справа дзекабрыстаў». Сёньня яна выцесьніла ўсё астатняе ў разьдзел «рознае». Ігар з гэтым згодны.
10 студзеня, панядзелак
Нас працягваюць прасаваць. Мяне наагул трымаюць у напрузе круглыя ​​суткі. Ноччу зноў патрабавалі, каб ляжаў тварам да дзьвярнога вочка і рукі паўзьверх коўдры. Мусіў дэманстратыўна загарнуць рукі ў ручнік. Выйшла нешта накшталт баксёрскіх пальчатак. Крычаць на мяне, але, натуральна, прачынаецца ўся камэра. І так разоў пяць-шэсьць за ноч. Толькі пад ранак угаманіліся, і тут жа каманда: «Пад'ём!» Таму ўсе злыя, маўчаць і ўсё робяць на аўтапілёце. Машынальна запраўляем пасьцелі, канвэерна мыемся, сынхронна ўтвараем паравозік, які сноўдае да туалета і назад. Няма ні сіл, ні ахвоты рэагаваць нават на тое, што ноччу хтосьці схадзіў міма бака і пах мачы непрыемна раздражняе насаглотку. Пасьля сьняданку, які нагадваў застольле па нябожчыку, усе дружна пачалі кляваць носам. Шторкі апушчаных павекаў. Падбародзьдзі пазвальваліся ў жолаб сонечнага спляценьня. Непрыемная, злавесная цішыня хмурнага ранку.
* * *
Шпацыр. Неба плявалася згусткамі мокрага сьнегу. Фрыске на хвалі FM сьпявала нешта пра сьпякотнае лета, бананы і какосы. Набрынялыя вільгацьцю сьцены падворка набылі злавесны выгляд. Чорна-зялёная сьлізь шматкамі спаўзала з парэпанага бэтону. Натуральныя дэкарацыі для фільму жахаў. Пад нагамі брудная каша. Усе згрудзіліся пад праржавелым лістом жалеза, кінутым паўзьверх сеткі. Але гэта мала дапамагае. Траекторыяй падзеньня сьнежна-вадзяной масы кіруе непрадказальны вецер. Замест асалоды шпацыр ператвараецца ў чарговае выпрабаваньне. Мае калегі ў гэтыя хвіліны — вартае жалю відовішча. Чатыры мокрыя застылыя сылюэты. Я пяты. Апушчаныя плечы. Панурыя твары. Дождж размывае плаціну пазытыўных эмоцыяў, і цябе залівае ўсё большым нэгатывам. Спачатку мокры, потым злы, і нарэшце абыякавы.
Па бруку над намі ходзіць ахоўнік. Ён у цёплым бушлаце, пад паветкаю, якая засланяе ад ветру і дажджу. Гледзячы на ​​нас, Васіль ухмыляецца. Наш выгляд яго забаўляе. Наша бездапаможнасьць яго весяліць.
Ад думкі, што наперадзе яшчэ добрыя паўтары гадзіны стаяньня пад халодным душам, зрабілася зусім сумна. Недзе ўсярэдзіне варухнулася гарэзьлівая думка... А што, гэта забаўна! І вось ужо думка матэрыялізавалася ў плян. Мы пойдзем іншым шляхам! Ботам расчышчаю прастору ад бруду і сьнегу. Упіраюся кулакамі ў асфальт і пачынаю адціскацца. Усё роўна ж мокнуць, дык ужо лепш у такт музыцы і з карысьцю для сябе. Пальчаткі хутка набрыньваюць вільгацьцю, з капюшона тонкім струменьчыкам агідна зьбягае вада. На памосьце да кантралёра далучаецца маска. Нейкі час яны назіраюць за мной. Ацэньваюць. Здаецца, мы памяняліся ролямі. Надышоў іхні час зьдзіўляцца, а мой — ухмыляцца.
Працягваю фіксаваць падыходы. З інтэрвалам 8–10 хвілін падаю ў брудную жыжку і адціскаюся, адціскаюся, адціскаюся. Кожны падыход фіксую. Для гэтага на лаўцы, пафарбаванай у аранжавы колер, пакідаю каменьчыкі, выкалупаныя з бруду. Кожны каменьчык — гэта сто адцісканьняў. Да канца шпацыру на мокрай драўлянай паверхні дзесяць рознакаляровых рознагабарытных грудкоў. Вось і файна! Час, прапушчаны праз намаганьні і волю, як выявілася, рухаецца нашмат хутчэй. Пад канец заняткаў і вецер быў ужо не такі халодны, і дождж не такі агідны. І ўсё таму, што я сам зрабіўся інакшы, чым дзьве гадзіны таму.
Напэўна, упершыню не брыдзем са шпацыру, а рухаемся трушком. Як узорна-паслухмяная камэра. Хочацца хутчэй пад дах. Увальваемся ў памяшканьне, якое дыхае перагарам затхласьці і вільгаці. Па вопратцы цякуць ручаі. На бэтоннай падлозе то тут, то там лужынкі. Прасушыць мокрую адзежу няма дзе. Курткі, штаны, швэдры, бялізна праходзяць працэдуру адцісканьня. У чатыры рукі працуем над рукамыйніцай і вядром. Кручкоў разьвешваць зьнятае зь сябе не хапае. З разарваных пакетаў робім нешта накшталт вяроўкі і на ёй разьвешваем выціснутую адзежу. Але і тут нам нагадваюць, хто мы і дзе мы: ідзе каманда прыбраць адзежу, разьвешаную перад дзьвярыма. Спрабуем пярэчыць, але кантралёр непахісны: «Дзе хочаце, там і сушыце, а я павінен бачыць кожнага».
Размова скончана! Ды яе, размовы, уласна, і не было. Нас тыцнулі тварам у мокрую лужыну на брудным бэтоне.
Цяпер бы па астуджаных, прамерзлых трактах і трубах арганізму пусьціць гарачае пітво... Васпане — гарбата, кава? Эх! Такое простае і такое немагчымае жаданьне. Яшчэ як мінімум гадзіну-паўтары трэба будзе грэцца думкамі пра гарачую ежу і гарбату. Абеду чакае ня толькі страўнік — кожная часьцінка прамерзлага цела. Як знутры, так і звонку.
Народ выцягвае з пакетаў і сумак усё, што можна напяць на сябе. Адчуваю, як па целе прабягаюць дрыжыкі. Ня грэюць ні адзеньне, ні плед. Чуваць клацаньне нечых зубоў. Ня дзіва, што ўсе хрыпяць, чхаюць, смаркаюцца. Усе без выключэньня. Абсалютна здаровым у такіх умовах быць немагчыма.
Вызваляюся ад пледа, сьцягваю з празяблых плячэй швэдар, майку. Сукамэрнікі ашалела глядзяць на мой голы торс. Абапіраюся на жалезную акантоўку нараў і пачынаю адціскацца. Потым бяруся за прэс. Так наганяю, запампоўваю цяпло ў цела. Прымусова. Гэта сытуацыя, калі прымус сябе апраўдвае.
Абед заглыналі, не перажоўваючы. Чым хутчэй, тым гарачэй. Больш за ўсё хацелася проста сагрэцца.
Па абедзе нас чакаў сюрпрыз. Калі заскрыгатаў ключ у шчыліне, мы толькі пераглянуліся. Другі шмон? Але замест маскі на парозе зьявіўся малады шчуплы хлопец. Шырачэзныя штаны боўталіся на ім, як на калу. Цёмны швэдар тоўстай вязкі на худых, касьцістых плячах. На нагах нейкія грубыя ці то чаравікі, ці то боты. З зарасьцяў чорных прамых валасоў выглядвалі ліхтарыкі бліскучых вачэй. У руках казённы посуд і белы паўпусты пакет. Калі ён зноў шмыгануў у калідор і зьявіўся са шконкай у руках, з нашых разяўленых ратоў вырваўся калектыўны вокліч-уздых: «Э-э-э!.. О-о-о!..»
Затое «зондэркаманда» цешылася нашай рэакцыяй. Стала ясна, што нас пачынаюць прэсаваць яшчэ і цеснатой. Гэта дадатковая нязручнасьць. Шасьцярым у гэтым катушку сапраўды ня разгарнуцца. Асабліва ноччу.
— Вы што там, зусім з глузду зьехалі? Тут і так як кількі ў бляшанцы! — нашы воклічы пляскаліся аб брудныя сьцены і бязгучна расьцякаліся па іх.
Выпусьціўшы эмоцыі, усе засяродзілі ўвагу на навічку: хто, адкуль? Хлопец страпянуўся, як верабейка, і горда чырыкнуў:
— Я палітычны!
Во як! Усе позіркі тут жа скрыжаваліся на юначым твары.
— Што, і на плошчы быў?
— А то!
— А велічаць цябе як?
— Малчанаў. Алесь. Я з Барысава.
Для пачатку «баевіка» накармілі. А тут і час адбою. Абмеркаваньне, як уладкаваць яшчэ адну ляжанку, доўжылася хвілін дзесяць. Шконку Малчанава ўдалося ўціснуць паміж ніжніх нараў. Выйшаў адзін вялікі ложак на трох. Адзін канец драўлянага насьцілу ляжаў на тумбачцы, а другі абапіраўся на маю шконку. З двух драўляных насьцілаў выйшла канструкцыя літарай «Т». Але любое перамяшчэньне па камэры было паралізавана. Цяпер з аднаго яе канца ў другі можна было прайсьці толькі па целах. У літаральным сэнсе. Укладваліся пад грозныя вокрыкі аховы: «Адбой! Спыніць варушэньне!» І, як заўсёды, вокрыкі суправаджаліся важкімі ўдарамі гумовых палак у дзьверы.
Давялося прыстасоўвацца да новых умоў. Малчанаў ніяк ня мог знайсьці зручную позу для сну. Усё круціўся вакол уласнай восі, і гэтыя рухі аўтаматычна перадаваліся на мой насьціл. Адчувалася лёгкая марская гайданка. Але потым Алесь заціх і пацягнуў мяне за сабой, у бездань сну.
11 студзеня, аўторак
Раніца ашчэрылася, потым закрычала. Чалавечая маса ўсярэдзіне камэры заварушылася, закрахтала і прыйшла ў рух. Усталі ўсе, акрамя аднаго. Малчанаў быў нерухомы. Напэўна, знайшоў позу, якую доўга шукаў учора. Ужо расплюшчыўшы вочы, доўга спрабаваў зразумець, дзе ён. Хлопец аказаўся цяжкаваты на пад'ём. Давялося крыху панэрвавацца, бо маскі, заўважыўшы слабасьць навічка, пачалі наяжджаць з пагрозамі на ўсіх. Узьніклі пытаньні: дзе прыстроіць два «віндсэрфы»? Куды складзіраваць матрацы, пасьцельныя рэчы? Пасьля працяглых узгадненьняў з вартай адзін паставілі пры дзьвярах, а другі — на баявое вэртыкальнае дзяжурства пры акне. Два матрацы з пасьцельнай бялізнай, скручаныя рулёнам, не бязь цяжкасьцяў запхнулі пад ніжнія нары. Там зрабілася зусім цесна. Усё забіта пад завязку!
Перанасяленьне ніяк не адбіваецца на тэмпэратурным рэжыме. Надыхаць цяплом нават гэтую невялікую прастору мы ня ў стане. І хударлявы, плоскі Алесь Малчанаў тут слабая падмога. Холадна. І трохі голадна. Абязгрошылі. Ратоў шмат, а ў запасьніках ня так і густа. Практычна нічога. Штабэлі пустых кантэйнэраў. Арлоў працягвае скарачаць сьпіс дазволеных для перадачы прадуктаў. Проста-такі мясцовая разнавіднасьць галоўнага санітара Расеі Анішчанкі. На дэсэрт цяпер размовы пра тое, што яшчэ год таму ў «амэрыканку» перадавалі гарачую курыцу і хатнія катлеты. А сёньня зь меркаваньняў бясьпекі забаронена перадаваць нават сала. Уяўляеце, сала ў сьпісе забароненых для перадачы ў СІЗА прадуктаў?! Абмежаваньнямі і невыгодамі ціснуць з усіх бакоў. Выпрабаваньне на цярплівасьць і выжывальнасьць. Чаго чакаць яшчэ? Якіх подласьцяў? Якіх паскудзтваў? Якіх зьнявагаў?
Навічка павялі на допыт. Ён адразу зьмяніўся. Прафэсійна скрыжаваў рукі на сьпіне, згорбіўся так, што ззаду стаў падобны да старога. Як толькі Алесь пакінуў камэру, яго пачалі прасаваць. Было чуваць, як шчоўкаюць кайданкі. І адразу ж апантаныя, жудасныя крыкі. Малчанава пагналі. Чаравікі-кайданы грымелі па прыступках, як набат. Як мы потым высьветлілі, пры засяленьні ў «амэрыканку» ў яго канфіскавалі джынсы: маўляў, заклёпак было больш, чым трэба. Прымусілі здаць і туфлі, бо абцасы пішчалі пры праходжаньні рамкі мэталашукальніка. Замест канфіскаванага выдалі нейкія жудасныя парусінавыя штаны, на два памеры большыя, і пачварнага выгляду чаравікі. Затое ўсё — айчыннай вытворчасьці.
Нягледзячы на ​​свой юны і кволы выгляд, Аляксандар ужо мае салідны паслужны сьпіс апазыцыянэра. Пачынаў з моладзевага руху «Зубр», ня раз затрымліваўся барысаўскай міліцыяй. Ёсьць у яго ў біяграфіі і такі прыкры радок, як артыкул за хуліганства: разам зь сябрамі ён практыкаваўся ў кіданьні камянёў па вокнах сваёй школы. Растлумачыць, навошта і чаму яны гэта рабілі, Алесь ня змог, але тое, што хлопец ня стаў хаваць учынак, які яго не ўпрыгожвае, я асабіста ацаніў. Ён не стараўся спадабацца любой цаной.
* * *
Пара пасьля абеду. Спакуса прылегчы і паблукаць у сьненьнях. Але другая палова мозгу трымае арганізм у напружаньні і рэкамэндуе не расслабляцца. Да такога кшталту рэкамэндацыяў варта прыслухацца: шмоны ці асабістыя агляды ў гэты час сталі правілам, у якім няма выключэньняў. І гэта хутка пацьвердзілася. Упэўніўшыся, што я гэта я, кантралёр даў указаньне: «З рэчамі на выхад!» У галаве адразу закруцілася: што б гэта значыла? Вэрсіі ад аптымістычных — дадому, да рэалістычных — у іншую камэру. Згарнуў у рулён матрац з пасьцельнымі рэчамі, усе астатнія пажыткі зьмясьціліся ў тры пакеты. Мне соваюць дарожны паёк — сала, гарбату, сушкі. Гэта на ўсялякі выпадак.
— Нічога не забывайце! — папярэджвае кантралёр. — Забраць пакінутае будзе немагчыма.
Душэўна разьвітваюся з тымі, да каго прыкіпеў душой. Выстаўляю за дзьверы драўляны насьціл. Пакеты складзірую ў калідоры. Апошняе, што выношу з «прэс-хаты», — плястыкавыя міскі (белую і блакітную), конаўкі (казённую і хатнюю). Іншы кантралёр адкрывае дзьверы суседняй камэры. Нумар пяць.
— Добры дзень!
Памяшканьне па памерах практычна такое ж. Толькі з адным акном. Чатыры ложкі. Першым працягнуў руку смуглявы мужчына ў цяльняшцы:
— Максім.
— Андрэй, — пацягнулася рука зь ніжніх нараў.
— Аляксандар Кісялёў, — шырачэзнай усьмешкай знаёміцца ​​хударлявы, з зазубінамі залысін.
Сьветлавалосы хлопец з тварам, па якім, здаецца, брытва яшчэ як мае быць не хадзіла, ветліва прапусьціў усіх і прадставіўся апошнім:
— Дзіма!
Ягоныя нары ўнізе справа.
Распакоўваючыся і ўладкоўваючыся, выявіў адсутнасьць шэрага пледа. Гэта бяда! Зь ім я не разлучаўся ні ноччу, ні днём. Кампактнае цёплае покрыва для мяне — як палачка-выручалачка. Пастукаў у дзьверы. Пачаў тлумачыць сытуацыю, але дагаварыць мне не далі: «Вас папярэджвалі!» Ці то пытаньне, ці то адказ. А хутчэй два ў адным. Кармушка тут жа зачынілася. Ветлівасьць — як успышка сьвятла, яе проста тут не відаць.
Як выявілася, мяне абмянялі на Фядуту. Саша быў у пятай камэры да майго прыходу. Нераўнацэнны бартэр, калі параўноўваць вагавыя катэгорыі. Але з пазыцыі артыкула, па якім мы абодва праходзім, тое на тое выходзіць. Пераход у новую камэру — гэта як мінімум магчымасьць атрымаць новую інфармацыю. На адно зь першых маіх пытаньняў, ці не даводзілася перасякацца з кім-небудзь з палітычных, адказалі хорам:
— Аляксандар Ёсіфавіч!
— Няўжо Фядута?
— Ён самы.
Дык гэта, пэўна, Сашава койка-месца? Пры пераходзе мне ўручылі новую шконку са сьвежагабляваных дошак. Яна была сантымэтраў на дзесяць шырэйшая за маё папярэдняе лежала.
— Як Саша? Цяжкавата яму, мабыць?
— Так, цяжкавата. У яго букет хваробаў. Зь імі калі не ў шпіталь, дык у санаторый толькі, а ніяк не ў «амэрыканку». Але нішто, трымаўся. Нам зь ім было цікава. Столькі нам расказваў. Вершы на ляту складае.
Уся гэтая інфармацыя — адным патокам у некалькі галасоў.
У нас з Сашам адносіны заўсёды былі нэўтральна-халодныя, але тут мне захацелася сказаць пра яго нешта асабліва цёплае. У думках уявіў яго на расьцяжцы, у прыбіральні, і зрабілася не па сабе. Калі б Фядута пачуў мае хвалебныя словы, ён бы зьдзівіўся. Але я не перабольшваў. Ён сапраўды таленавіты чалавек, а цяпер магу сьцьвярджаць, яшчэ і мужны. Да таго ж спадзяюся, што ён ужо дома і ўспамінае ўсё, як кашмарны сон. Хоць, на думку новых сукамэрнікаў, хутчэй за ўсё, Фядуту перавялі ў іншую камэру.
Атрымаўшы вычарпальную інфармацыю пра падсьледнага Аляксандра Фядуту, пашыраю зону пошуку.
— А можа, з кім яшчэ з нашых перасякаліся?
— Дзьмітрыеў! Гэты таксама, здаецца, ваш, — гэта рэпліка ад Сашы Кісялёва.
Ба, усе старыя знаёмыя!
— Ну і як ён?
— Хлопец шустры, гэткі жыўчык. Шмат распавядаў пра выбарчую кампанію. Я так разумею, што, нягледзячы на ​​ўзрост, менавіта ён запраўляў у штабе Някляева.
— Хто галоўны, хто другарадны, цяпер сьледзтва высьвятляе. А даўно яго перавялі ад вас?
— Ды ён ужо дома, п'е шампанскае і ўсё ўспамінае як благі сон.
— Гэта як?
— Ну вось так! Якраз 31 сьнежня і выпусьцілі. Гадзін сем быў на допыце. Раніцай забралі, і толькі падвечар зьявіўся. Узбуджаны такі, я б нават сказаў, вясёлы. І літаральна хвілін празь пятнаццаць далі каманду зьбіраць рэчы. Я яму яшчэ даў каардынаты сваіх. Так што для яго ўсё ўжо скончылася яшчэ ў мінулым годзе.
— Ну, здорава тады! А мне 31-га такі спэктакль разыгралі, што на ўсё астатняе жыцьцё запомніцца.
Маё апавяданьне пра падзеі таго дня ўсе з апэтытам праглынулі, але не скажу, каб вельмі зьдзівіліся: «амэрыканка» адвучае людзей дзівіцца вынаходлівасьці людзей у пагонах.
— Так, тут майстры яшчэ тыя, — зь веданьнем справы ўступіў у агульную гутарку Андрэй.
— Табе, Андруха, лепей ведаць, — уставіў шпільку былому пракурору Максім.
Так, столькі навін у адзін дзень, адным вялікім бярэмем, я яшчэ не атрымліваў. Сам факт вызваленьня палітычных усяляў, што называецца, аптымізм. Калі адпусьцілі Дзьмітрыева, то я ў гэтай сытуацыі — наагул не прышый кабыле хвост.
Адчынілася кармушка, і на нэўтральнай паласе ўзьнік шэры камяк. Перада мной ляжаў мой плед! Не пасьпеў нават сказаць дзякуй. Падобна, нешта чалавечае яшчэ засталося ў гэтых сьценах. Тут трапляюцца і людзі, а ня толькі чалавекападобныя істоты. Настрой, як чорцік з табакеркі. Выскачыў, усьміхнуўся, рагатнуў і зьнік. У новай камэры цяплей, чым у чацьвёртай, але не настолькі, каб цалкам ігнараваць тэмпэратурны фактар ​​і адмаўляцца ад правоў на шэры плед.
12 студзеня, серада
Спрабую знайсьці тлумачэньні свайго пераводу ў іншую камэру. У пятай жывуць багацей. Тэлевізар, халадзільнік. Запас харчоў. Раніцай да гарбаты — печыва, сушкі, пернікі і нават арэхі. Адчуваецца, што тут іншы рэжым. Больш лібэральны, ці што, калі такая ацэначная катэгорыя наагул пасуе да гэтага месца. Прынамсі што да побыту.
Але чаму? Чаму я тут? Зразумелі, што ціснуць, прасаваць бессэнсоўна? Махнулі рукой? Можа і так.
Учорашняе паабедзьдзе, багатае на навіны, было толькі пачаткам. Сёньня «стужка навінаў» абнавілася. З украпінай маленькай сэнсацыі. І аўтарам яе стаў Дзіма, сьветлавалосы хлопец, студэнт адной са сталічных ВНУ. Родам зь Віцебску. Студэнт, хутчэй за ўсё, ужо былы. Нейкі час Дзіма сядзеў у камэры з Паўлавым.
— Во такі мужык! — вялікі палец угару. — Цяльняшку мне падарыў, калі ішоў зь СІЗА.
Паласаты цельнік прасторнай тунікай зьвісаў з хударлявых плячэй.
— Яго што, выпусьцілі?
— Ну так. Я ж кажу, пакінуў мне цельнік.
Радасьць якая! Анатоль Васільевіч дома! Дзякуй богу! Як валун з душы скацілі. Па-першае, ну які з Паўлава штурмавік мясцовага «Зімняга»?!
Для мяне яго арышт быў суцэльным непаразуменьнем. Убачыўшы яго прозьвішча ў пераліку абвінавачаных, я адчуў шок. Адзінае, што магло стаць зачэпкай, — гэта ягоны ўдзел у сустрэчы, якая праходзіла ў офісе БХД (у кватэры побач з вакзалам). Ініцыяваў мерапрыемства Віталь Рымашэўскі. Яно прайшло ў два этапы. На першую сустрэчу прыехаў я. Падняўся наверх і ў дзьвярах наткнуўся на злоснага Статкевіча. Той нёсься ўніз па лесьвіцы, а ўсьлед за ім кацілася рэха моцных слоў. Выявілася, што запрасілі ня толькі прэтэндэнтаў і прадстаўнікоў камандаў кандыдатаў, але і журналістаў. Мікалай абвінаваціў Віталя ў танным піяры і пайшоў з кватэры, бразнуўшы дзьвярыма. «Гутаркі ня будзе». Я нават узрадаваўся гэтаму, бо спраў было безьліч, але і ігнараваць запрашэньне не выпадала. Цяпер жа была нагода сысьці па-ангельску. Паміж лесьвічнымі пралётамі мяне сустрэў Дзіма Дашкевіч: «Давайце пагаворым бязь сьведак і чужых вушэй. Статкевіч тут недалёка».
Мы патэпалі раскіслай ад дажджу сьцежкай у бліжэйшую кавярню. Мікалая засьпелі ў кампаніі маладой асобы. Журналістка. Мы пераселі за суседні столік, і размова пайшла на траіх. Гаварылі пра пэрспэктывы кансалідацыі намаганьняў. Мікалай прадставіў свой аналіз магчымасьцяў і намераў кандыдатаў у прэзыдэнты: «У Саньнікава галавакружэньне ад посьпеху. Някляеў у ролі лідэра Плошчы бачыць толькі сябе. Ваш Раманчук добры хлопец, але ён сам кажа, што на барыкады не павядзе. Рымашэўскі паводзіць сябе як самазакаханы паўлін, яму абы трапіць на першую паласу газэт. Пра астатніх увогуле гаварыць няма чаго. Калі не дамовімся пра сумесны плян дзеяньняў, то нічога добрага ня будзе. За ўсіх гаварыць ня буду, але асабіста я гатовы ісьці да канца».
Пасьля гэтага я вярнуўся да офіса БХД, каб даведацца, куды рушыў Някляеў. Мне ўзрадаваліся, бо, як выявілася, ішло паседжаньне. Задні ход даваць было б дурасьцю. Прысеў на крэсла, агледзеўся. Акрамя Някляева, Рымашэўскага і Янукевіча, астатнія невядомыя. Кожны гаварыў пра нешта сваё. Вус, якога я бачыў упершыню, настойваў, што трэба ісьці да тэлецэнтру і патрабаваць слова ў жывым тэлеэфіры! Нейкі малады хлопец ад Міхалевіча старанна ўсё запісваў і абмежаваўся заявай, што яго кандыдат супраць Плошчы, а ягоная місія абмяжоўваецца прысутнасьцю і наступнай перадачай інфармацыі Міхалевічу. Ды ўжо ж, кампанія стракатая і вясёлая!
Для мяне так і засталося загадкай, якая, уласна, была мэта сустрэчы. Быццам бы скаардынаваць дзеяньні на плошчы, каб не дапусьціць правакацыяў. Але абмяркоўваць гэта ў памяшканьні, якое напэўна стаіць на праслухоўваньні, ды яшчэ ў прысутнасьці людзей, якіх бачыш упершыню?! Хтосьці прапанаваў сустрэцца яшчэ раз. Усе, хто адчуваў сябе дыскамфортна, імгненна ўхапіліся за гэтую прапанову. Іншым вынік гэтай сустрэчы і ня мог быць.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка