108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка4/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21
* * *
Сутыкнуўся з прыкладам, як дзейнічае цэнзура. Ігару Аліневічу вярнулі ліст, у якім было напісана, што «ў камэры холадна, не ратуюць і трое шкарпэтак». Гэтыя словы былі падкрэсьлены цэнзарам. А таксама — «я не прадаўся». Сам я не атрымаў ніводнага ліста ні ад блізкіх, ні ад калегаў па партыі. Усе прыкметы інфармацыйнай блякады. Пішу пасланьні кожны дзень, але ні найменшага ўяўленьня пра іхні далейшы лёс.
* * *
Сёньня мяне зноў вышмаргнулі на аўдыенцыю да лекара. Крыху нечакана, бо гэтага спатканьня на ранішняй паверцы я не замаўляў. Чорныя маскі вядуць да белай. У кабінэце новы лекар. Маладжавы. Твар пухнаты, як булачка. Кажа пра карысьць і важнасьць ежы. Апэтытна так кажа. Здаецца, у гэтым і палягае сэнс нашага спатканьня. Перарываю лекцыю сухой заўвагай:
— А вось мая бабуля любіла паўтараць: «Лепш недаесьці як ястраб, чым пераесьці як сьвіньня. І, уяўляеце, кіруючыся гэтым правілам, пражыла 98 гадоў».
Чалавек у белым моўчкі мерае ціск. 120 на 80. Праслухоўвае ўнутраныя органы. Чорная маска назірае праз прарэзы ў тканіне. Не безь цікаўнасьці.
28 сьнежня, аўторак
У галаве, сплятаючыся ў карункі, скачуць зорачкі. Дзявяты дзень у рэжыме «вада — гарбата». Але калі «зарапад» мінаецца, самаадчуваньне зусім нішто сабе. Пакуль усё пад кантролем, значыць, ідзем далей. Для сябе я вырашыў: як толькі пачнуцца перабоі ў нармальным самаадчуваньні, галадоўку буду заканчваць. Здароўе мне яшчэ спатрэбіцца. На ежу тым часам гляджу абыякава. Яна мяне не ўзбуджае.
Ня мог адмовіць сабе ў задавальненьні выгуляцца ў дворыку для шпацыраў. Дакладней, даць згоду на свой выгул. Тук-тук па ручцы дзьвярэй. Гэта каманда падрыхтавацца. Хапатлівыя зборы. Нацягваю ўсё, што маю. Тэрмабялізна, швэдар, джынсы, куртка, шапка, пальчаткі. Паравозікам выйшлі на вуліцу зь першай спробы. Суправаджэньне выглядала нейкім млявым і напаўсонным.
Што такое прагулачны дворык? Іх тут цэлых пяць, шостая — клетка. За скасабочанымі дзьвярыма, на якіх зялёны кружок зь лічбай «2», позірку адкрылася прастора чатыры на два з паловай мэтры. Замшэлыя муры. Тая ж камэра, толькі бяз столі і даху. Замест іх сетка ў буйную клетку. У другім дворыку ўпяцёх асабліва і не разгуляцца. Хадзіць яшчэ можна, але займацца ўсім разам фізкультурай немагчыма. Зьверху па драўляным насьціле пахаджае кантралёр, захутаны ў бушлат з высокім каўняром. Пэрыядычна ён спыняецца перад драўлянай скрыняй — дамком для магнітолы. Канваір можа арганізаваць плаваньне па хвалях FM-станцыяў, а можа ўсунуць сваю касэту. Грымяць дынамікі, гукі лётаюць паміж СІЗА і глухімі мурамі двух астатніх будынкаў. Зьверху падаюць сьняжынкі. Здаецца, Новы год будзе з прысмакам сапраўднай зімы, з марозам і сьнегам. Час праляцеў даволі імкліва. Лёгкія прадэзынфікаваліся, суставы разьмяліся.
Пакуль у калідоры не шалеюць, вырашылі крыху паспаць. Толькі разлажыўся, разаслаўся, толькі пачала ахінаць дрымота, у галаве нават завязаўся сюжэт сну, як праз кармушку ў камэру ўляцела, б’ючы па вушах: «На допыт!»
Не пасьпелі зачыніцца дзьверы, як мяне прыпячаталі тварам да сьцяны. Кантралёр па мянушцы Якут балюча ўдарыў па назе, выстаўляючы на ​​расьцяжку. Пільна вывернуў кішэні. Ззаду на руках зашчапіліся кайданкі. Ды так, што кожнае варушэньне пальцамі выклікала боль. Нехта нябачны засунуў пад рукі дубінку і рэзка падняў яе ўверх. Галава хітнулася і ўткнулася ў калені. Так водзяць сьмяротнікаў. Прынамсі ў фільмах. Вядуць па маршруце: камэра — кабінэт начальніка СІЗА. На кожным павароце ўторкваюць галавой у сьцяну. Яшчэ пара куткоў, і можна атрымаць страсеньне мазгоў. Так, гутарка будзе цікавая, падумалася перад дзьвярыма, за якімі мяне, па ўсім відаць, чакаюць сюрпрызы.
Сапраўды, на твары Арлова халаднаватая суровасьць Фэлікса Эдмундавіча. Здаецца, гэтым разам пра фінансавы крызіс гаварыць ня будзем. Гарбаты мне таксама не прапанавалі. Размова ўмясьцілася ў пару фраз.
— Я чалавек прамы і канкрэтны, — сячэ начальнік трохі сьпёртае паветра кабінэта. — Пыталіся маёй думкі пра ваша магчымае вызваленьне. Дык вось, я супраць! Больш за тое, даводжу да вашага ведама, што зь сёньняшняга дня ваша камэра пераводзіцца на асаблівы рэжым. Гэта зьвязана з тым, што вы схільныя да ўцёкаў і падштурхоўваеце кантынгент да аказаньня сілавога супраціву прадстаўнікам адміністрацыі СІЗА. Вам зразумела?
— Зразумела!
Да крыкаў я ўжо адаптаваўся. Увязвацца ў слоўную дуэль бессэнсоўна. Моўчкі сузіраю Арлова, які ўзяў тайм-аўт. Палкоўнік сьвідруе мяне звужанымі вочкамі, спрабуючы акунуцца ў паток маіх думак. Калі б яму гэта ўдалося, ён прачытаў бы: «Пайшоў ты ў задніцу!»
У эфір я выдаю больш дыпляматычнае.
— А пры чым тут, уласна, вы? Мне здавалася, што ўтрыманьне ў СІЗА ў кампэтэнцыі сьледзтва.
У адрозьненьне ад учорашняга дня, сёньня Арлова не цягнула на разумныя размовы з прыкметамі раўнапраўя. Я стаю, ён сядзіць. Я ў кайданках, ён дырыжыруе рукамі.
— Да таго ж у мяне ёсьць доказы, што вы не галадаеце, — голас палкоўніка зноў зашумеў гукамі вады, якая спускаецца з бачка.
Якія сюжэтныя павароты! Я адрэагаваў толькі бровамі ў форме доміка.
— Я магу вам гэта паказаць.
Палкоўнік тут жа накіроўваецца да кампутара, нейкі час корпаецца і стукае па клявіятуры, потым безнадзейна махае рукой і выціскае зь сябе:
— Глючыць. Шкада...
Мне таксама.
Убачыўшы ўсьмешку, якая прабілася скрозь шчаціньне на маім твары, палкоўнік адскочыў ад століка з крыкам:
— Выведзіце!
Мяне абы-як падхопліваюць пад локці і выводзяць у калідор. Зноў падымаюць на дыбкі. Каб пагасіць боль, пачынаю лічыць. Спачатку крокі, потым колькасьць прыступак на лесьвіцы. Адна, пяць, дзесяць, здаецца, пятнаццаць... Та-а-ак. У галаве суцэльныя пытальнікі і клічнікі. Зразумела адно: і так усё дрэнна, а цяпер будзе яшчэ горш. Адчуваю некантраляванае ўнутранае напружаньне. Як доўга гэта можа працягнуцца? Колькі мэтраў цярплівасьці трэба, каб загарнуць сябе ў бясьпечны панцыр?
* * *
Вечарэе. Візыт да лекара, ужо частка штодзённага распарадку. Навіна пазытыўная — аналізы ў норме. Зрэшты, яны могуць быць якія заўгодна. Праўда і «амэрыканка» — рэчы несумяшчальныя. Тым больш што левая нырка выклікае балючы дыскамфорт. Трэба будзе ў бліжэйшыя дні вызначацца з галадоўкай. Вага застыла на адзнацы 69 кіляграмаў у адзежы.
Падвечар настала нейкае зацішша. Прыкметнае паніжэньне актыўнасьці масак. Аказваецца, і кат можа прытаміцца.
Тым часам ідзе падрыхтоўка да вячэры. Гэта цэлы працэс, але ў ім я пабочны назіральнік. Селядзец і бульба ў мундзірах — за кошт установы. Праўда, палова «другога хлеба» тут жа ідзе ў сьметнік. Бульба падмарожаная, таму асноўны ўпор — на «гуманітарную дапамогу» ад сваякоў. Падваконьне застаўлена кантэйнэрамі. Палова — пустыя, астатнія — зь ежаю. Тазік з садавіной і гароднінай на бэтоннай падлозе. Нож выдаецца толькі на час прыёму ежы, каб хутка настругаць сала-каўбасных вырабаў, гародніны. Дазваляецца мець плястыкавыя нажы, але яны нетрывалыя. Асаблівы попыт на салаты з гародніны. І тут кожны мае магчымасьць прадэманстраваць свае кулінарныя навыкі. Пах рэзанай цыбулі распаўзаецца па бэтонным мяшку.
29 сьнежня, серада
Ноч білася і грукала ў дзьверы. У літаральным сэнсе слова. Толькі заснуў, як нечы голас на ўсе лёгкія загарлаў:
— Гэй, на шконцы, павярнуцца тварам да дзьвярэй!
— А ў чым, уласна, справа? Я не магу ляжаць на правым баку. Лекары не рэкамэндуюць.
А мяне гэта не хвалюе, я павінен бачыць твар.
— А калі мне стане дрэнна і я памру ад сардэчнай недастатковасьці?
— Памраце — пахаваем, — абыякава цэдзіць скрозь зубы Баптыст.
Яшчэ праз паўгадзіны той жа голас пеўневым крыкам зноў тузае цішыню камэры:
— Рукі паўзьверх коўдры павінны быць! Чуеце? Я сказаў, рукі павінна быць відна!
На працягу ночы мяне будзілі разоў дзесяць і патрабавалі, каб ляжаў тварам да дзьвярнога вочка. Атрымліваецца, што замест сну я павінен турбавацца праблемай, як бы зручней было на мяне глядзець «добрым людзям». Натуральна, пры кожным маім кручэньні вакол восі ўласнага цела прачыналіся ўсе астатнія. У гэтым, мабыць, і быў сэнс падзеяў: празь мяне ствараць праблемы ўсім астатнім. Плюс да ўсяго мае рукі павінны былі ляжаць паўзьверх коўдры. Гэта пры тым, што некаторыя сукамэрнікі сьпяць у пальчатках.
Апошні штрых начнога кашмару — гэта сьвятло. Усю ноч у камэры не выключаліся два асьвятленьні — і начное, і дзённае. Да катаваньня холадам ужо адаптаваліся, але такая комплексная ўвага ўсё ж нязвыклая. Катуюць холадам, сьвятлом і адсутнасьцю нармальнага сну. Не выключаю, што гэта рэакцыя на маю ўпартасьць з галадоўкай — як вынік, загад на дадатковы прэсінг. Пасьля нэрвовага дня неспакойная ноч. Пасьля кашмарных сутак няпэўнасьць наступных.
Раніца. Сукамэрнікі ўдыхнулі чарговую порцыю нікатыну. Пад галасавым прэсінгам на вушныя перапонкі пайшлі ў туалет. Добра, што мне няма патрэбы лішні раз выслухоўваць усю гэтую брыдоту.
Дзень пакаціўся па накатанай. Завізаваў дзесяць лістоў з вынікамі дактыляскапіі. Учора ўвечары пальцы адкочвалі хвілін трыццаць. У малым пакойчыку побач з душавой. Каталі двое. Пальцы, далоні. Пасьля лістападаўскай апэрацыі на правай руцэ ксэракопія далоні была невыразная. Урэшце здаволіліся тым, што выйшла. Колькасьць копіяў зьдзіўляла. Напэўна, ва ўсе ўпраўленьні і аддзелы КДБ. Цяпер адбіткі маіх пальцаў ёсьць у картатэках усіх сілавых структур Беларусі. Трэба меркаваць, гэта моцна прасуне краіну ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.
Здаецца, сёньня сканчаецца час майго ўтрыманьня пад вартай. А значыць, стане ясна, дзе я буду сустракаць Новы год і што буду падымаць 31 сьнежня: келіх з шампанскім ці кубак з гарбатай. Але ў кожным разе гэта будзе тост за свабоду і годнасьць. Агледзеў сябе ў асколку люстэрка. Зьнешні выгляд цалкам таварны. Трохі завастрыліся скулы, вочы глянцавыя, дзесяцідзённыя зарасьці шчаціньня. Дзень пачынаецца, жыцьцё працягваецца, дружа Анатоль!
Ложак разабраны, скручаны рулёнам матрац засоўваю пад ніжнія нары. Шконка прыстаўлена вэртыкальна да сьценкі. Сёньня ўключаю энэргазьберагальны рэжым па поўнай праграме, а гэта значыць — больш гарбаты і як мага менш непатрэбных рухаў.
Лямпачка ледзь мігціць, як бы тлее. Тут увесь час паўзмрок. За выключэньнем сёньняшняй ночы. Дэпрэсіўнае сьвятло мала таго што прыгнятае, яно стварае праблемы. Хочацца чытаць, але праз паўгадзіны літары пачынаюць зьлівацца ў чорныя палосы. Таму станаўлюся на крэсла, каб быць бліжэй да крыніцы сьвятла. Збоку гэта, напэўна, выглядае забаўна. Зэдлік як пастамэнт. Я як манумэнт. Кніга ў выцягнутай руцэ.
* * *
Па абедзе выклікалі на аўдыенцыю да сьледчага. Дакладней, пацягнулі, засунуўшы палку пад рукі. Лесьвіца ўніз. Лесьвіца ўверх. Два будынкі. Паміж імі дворык. Паміж імі чаканьне. Паміж імі надзея.
Павіталіся. Маёр глядзеў кудысьці ўбок. Адвакатка выглядала вінаватай. Ну што ж, усё гранічна ясна. Кропкі ня будзе. Сытуацыя была непрыемная ўсім, і ўсе хацелі ад яе пазбавіцца як мага хутчэй. Таму ўсё ўмясьцілася ў хвіліны. Я падпісаў паперы. Сьледчы буркнуў: «Гэта ўжо ад нас не залежыць. Гэтае пытаньне нават не ў кампэтэнцыі сьледчай групы». Прагучала як апраўданьне. Жалю вартае і бездапаможнае.
Адвакатка з упэўненай лэдзі ператварылася ў звычайную спагадлівую жанчыну. Яна мяне суцяшала. Але гэта мяне толькі развальвала на кавалкі. Я адчуваў, быццам стаю на адной назе. Другая вісела над безданьню. Захацелася назад у камэру.
Мяне вялі, як асуджанага на расстрэл. Але я не адчуваў ні наручнікаў, якія ўпіліся ў запясьці, ні палкі, якая выварочвала суставы рук. Пад нагамі брудны сьнег з пратэктарамі ботаў, чаравікаў, туфляў, якія ходзяць па дзясятках распластаных целаў. Перад вачыма паколаты, ​​вышчарблены асфальт. Вакол усё шэрае, чорнае, бруднае. Усярэдзіне хмурна і брыдка. На волі ў такім стане або напіваюцца, або зводзяць рахункі з жыцьцём.
Другая палова дня стала працягам першай. За дзьвярыма не змаўкаюць сілавыя оргіі. Увесь час нехта ў апрацоўцы. Чакаем сваёй чаргі. Канвэер працуе кожны дзень. Бесьперапынная вытворчасьць. Усё, што за дзьвярыма, — у межах вушной даступнасьці. Чуваць нават, калі размаўляюць. Але калі гарлаюць, грукаюць палкамі, гэта робіцца невыносна. Спаць немагчыма. Наагул, засяродзіцца на чымсьці цяжка. Па абедзе асабісты агляд, ці, як тут кажуць, шмон. Незразумела, ці ўсіх прапускаюць праз гэтую зьневажальную працэдуру, але вакханалія працягваецца з абеду і практычна да вячэры. Нармальнага чалавека такі рэжым і такое абыходжаньне павінны як мінімум давесьці да кансультацыяў з псыхіятрам. Нават мне, хто пабываў, здаецца, ва ўсіх магчымых пераплётах, часьцяком робіцца не па сабе. Гледзячы на ​​сукамэрнікаў, я разумею, што гэта катаваньне даўжынёй у 24 гадзіны. І так дзень за днём. Ноч за ноччу.
Сёньня мы, напэўна, штосьці ці кагосьці прапусьцілі. Прайшла пагалоска, што па СІЗА гуляў пракурор. Ёсьць тут такая працэдура. У канцы кожнага месяца пракурорскі работнік наведвае камэры СІЗА. Але мне не ўдалося пазнаёміцца ​​з прадстаўніком Генэральнай пракуратуры. Пра гэта паклапацілася адміністрацыя. Мабыць, на ўсялякі выпадак. Да абеду нас так і ня выгулялі ў дворыку. Ніхто ня мог растлумачыць, чаму. Урэшце сышліся на тым, што СІЗА перанаселены і ўсіх увапхнуць у гадзіны да абеду немагчыма. Аднак потым Кірыл падслухаў, што нас спэцыяльна выправадзілі на шпацыр, калі па камэрах вадзілі пракурорскага работніка. Ну што ж, падстрахаваліся нездарма. Я быў як курок на ўзводзе і сказаў бы ўсё, што думаю пра гэтую палітычную шызафрэнію. Пра тое, што СІЗА — гэта аддзяленьне фашысцкага канцлягера. Пра тое, што кожнаму давядзецца плаціць за ўсе свае злачынствы.
І я гэта сказаў! Толькі не пракурору, а самому сабе. Больш за тое, запісаў гэта ў дзёньнік.
* * *
Сёньня пачаў выхад з галадоўкі. Прайшло дзесяць дзён. А затрымацца даводзіцца на няпэўны час. Пачаў з кашкі. Заправіў «Ролтан» кіпенем. Нішто нібыта. Для майго страўніка якраз. Ад каўбасы і сала пакуль устрымліваюся. І, як звычайна, шмат гарбаты, якая ўсе гэтыя дні была адзінай стравай майго мэню.
30 сьнежня, чацвер
Удалося пазьбегнуць фізычнага кантакту з «чорна-зялёнымі». На шпацыр не хаджу. Туалет не наведваю. Лекара ігнарую. Вялікага жаданьня перасоўвацца ў кайданках і пры гэтым цалаваць уласныя калені не адчуваю.
Звыкнуцца з думкай, што я затрымаўся тут як мінімум на два месяцы, аказалася справай няпростай. Ня ведаю, чым сябе заняць. Ня ведаю, за што зачапіцца, каб пачаць караскацца ўверх. Адчуваньне безвыходнасьці і апатыі. Сам сабе агідны.
Але нават тут, у зьняволеньні, здараюцца маленькія цуды. Увечары пры раздачы карэспандэнцыі нам у камэру ў агульным стосе далі нумар газэты «Народная воля». Ці то нечае галавацяпства, ці то запраграмаваная выпадковасьць. Хапаю газэту і прагна глытаю інфармацыю. Вялікімі кавалкамі, ледзь пасьпяваючы пераварваць. Самая важная інфа — заява Багданкевіча, што ў гэты складаны час ён бярэ кіраваньне партыяй у свае рукі. Добрая навіна, з аздараўленчым эфэктам. У гэтай сытуацыі Станіслаў Антонавіч, бадай, постаць аптымальная. Палітык з чыстымі рукамі, вялізным аўтарытэтам і сур'ёзным кіраўнічым досьведам. Калі па партыі прасуюць бульдозэрам, патрэбны менавіта такі палітычны цяжкавагавік. Мая вымушаная адсутнасьць — вялікая спакуса запусьціць пару вірусаў у аслаблены арганізм АГП. Зьнешні ціск і спробы падарваць сытуацыю знутры будуць толькі ўзмацняцца. Прагноз несуцяшальны, але аб'ектыўны.
Зь іншага боку, цяжкасьці — гэта магчымасьць спраўдзіць і людзей, і структуры. Яны паказваюць, якую рэальную вагу ты можаш адужаць у рэчаіснасьці. Можна колькі заўгодна адпускаць на свой адрас халвічныя камплімэнты, распавядаць, якім неверагодным патэнцыялам ты валодаеш, але рэальнасьць словам ня верыць. Выбарчая кампанія была для нас іспытам. Падзеі пасьля яе сталі выпрабаваньнем. Выпрабаваньні, як правіла, ня стукаюць у дзьверы і не пытаюцца дазволу ўвайсьці. Яны ўрываюцца і часьцяком застаюць зьнянацку.
Чаго варта чакаць? Ператрусаў! У офісах, па месцы жыхарства. Канфіскацыі тэхнікі, літаратуры, дакумэнтаў, усяго таго, што служыць носьбітам інфармацыі і даводзіць антыдзяржаўную дзейнасьць Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і яе кіраўніцтва. Гэта як піць даць. Карыстаючыся сытуацыяй, чаму б не пашарсьціць кампутары, сэйфы, шафы? Па-другое, спэцыялісты па чалавечых душах прымусова пацягнуць людзей на гутаркі. Нераты будуць закінутыя глыбока і шырока. Цяперашняя пасьлявыбарная зачыстка — гэта цудоўны шанец нарабіць брыды дэмакратычным актывістам. Ня трэба нават ствараць бачнасьць законнасьці. Усе законы, працэдуры, правілы — набок. Мяркуючы па тым, што тут творыцца, ёсьць падставы сьцьвярджаць, што дэ-факта і ў краіне дзейнічаюць элемэнты надзвычайнага становішча.
І ўсё ж на душы паспакайнела. Дзякуй, Ёсіф Паўлавіч (рэдактар ​​газэты Ёсіф Сярэдзіч), дзякуй, дарагі, за добрую вестку. Апошнімі днямі ў маёй галаве было цесна ад думак. Яны набухалі ад сумненьняў, трывогі і перакрылі канал для ўраўнаважанага і сьвядомага аналізу падзеяў. Пазытыўныя навіны, здаецца, прабілі гэтыя штучныя тромбы.
31 сьнежня, пятніца
Гэты дзень запомніцца мне на ўсё астатняе жыцьцё як прыклад вытанчанага цынізму і крывадушнасьці людзей у пагонах. Першая палова дня прайшла пад барабанны дробат палак людзей у чорных камбезах. Пасьля абеду — пераднавагодні асабісты агляд. Да спартзалі дайшлі з другой спробы. Спуск па жалезнай лесьвіцы не спадабаўся таму, хто прымаў унізе. Другі паход, аднак, нічым не адрозьніваўся ад першага. І наша камэра была далёка ня першая ў чарзе на наведваньне спартзалі. Ахова пачала стамляцца. У «пакоі катаваньняў» усё як звычайна: тварам у бэтон, далоні тыльным бокам на сьцяне, ногі на шырыні плячэй. Па адным, зьлева направа, праходзім прыніжальную працэдуру распрананьня. Пакінуты галышом нейкі час тэстуецца тэмпэратурай градусаў трынаццаць-чатырнаццаць. Вастрыню адчуваньням павінна дадаваць бэтоннае пакрыцьцё, дакладней — босыя ступні на ледзяной падлозе. Ад холаду скура робіцца гусінай.
— Адкрыйце рот.
— Пакажыце язык. Уверх язык!
— Падніміце валасы на патыліцы. А цяпер на скронях.
— Растапырце пальцы на нагах.
— Пакажыце ступню. Другую.
— Адзявайцеся! Варушыся! Хутчэй!
І зноў барабанны дробат гумовых палак.
— Хутчэй!
— На выхад! Бягом! Бягом!
— Морду ў падлогу!
Паганятыя з палкамі выстройваюцца жывым калідорам. Мы ўваходзім у чорна-зялёны тунэль з чалавечых целаў. З абодвух бакоў навальваюцца крыкі, улюлюканьне, трэск электрашокераў. Як толькі першы ступіў на лесьвіцу, запрацавалі палкі па парэнчах.
Сіла і гвалт могуць многае. Але ня ўсё!
Не пасьпелі адысьці ад псыхапрацоўкі і расьцяжкі, як мне прыйшло ўказаньне зьбірацца на допыт. Падумалася, проста-такі ўдарнікі сілавой працы, нават 31 сьнежня ня знаюць пярэдыху. Закутага ў кайданкі, мяне вядуць уніз. Пакой для допыту. У ім сухарлявы цёмнавалосы чалавек гадоў трыццаці пяці — сарака. Прадстаўляецца Ўладзімірам. Кажа, што курыруе апэратыўную працу ў камітэце. Падкрэсьлівае — маўляў, гутарка не для пратаколу, і тут жа закідае нерат:
— Не хачу апярэджваць падзеі, але сёньня вы, напэўна, сустрэнеце сьвята разам зь сям'ёй.
Пасьля гэтых слоў пад лыжачкай засмактала. Чорт, толькі б не мітусіцца і не паказваць хваляваньня. Вытрымліваю паўзу. Ня ведаю, што ў гэтыя хвіліны адлюстроўваецца на маім твары, але «Ўладзімір» працягвае ўзбуджаць апэтыт да размовы. Ідуць камплімэнты партыі, у якой «столькі вядомых людзей».
— Але вы павінны і нас зразумець: мы б не хацелі, каб вы жорстка выказваліся па некаторых момантах. — Сэкундная паўза. — Напрыклад, як ажыцьцяўлялася ваша затрыманьне. Або ацэнкі самой выбарчай кампаніі. Ня ўсё ж было дрэнна?
«Уладзімір» прафэсійна прытарможвае, робіць чарговую паўзу, вывучальна і вычэквальна глядзіць на мяне.
Без акрэсьленьня пазыцыі не абысьціся.
Вы ведаеце, я хацеў бы, каб мы адразу расставілі ўсе кропкі над «і». Я павінен убачыць, у якім псыхалягічным стане знаходзяцца мае родныя. Я ня маю ніякай інфармацыі пра тое, што зь імі адбывалася ўвесь гэты час. Толькі пасьля гэтага я магу сказаць, якая будзе мая рэакцыя. Што тычыцца таго, што адбылося ля Дома ўраду, то я абсалютна ўпэўнены: гэта правакацыя. Але я ня ведаю, хто за ёй стаіць. Наконт ацэнкі самой выбарчай кампаніі... Я ўвесь час казаў, што яна несумленная, несправядлівая, і ня варта чакаць, што зараз скажу іншае.
«Уладзімір» сьцьвярджальна кіўнуў. На твары ніякіх эмоцыяў. Яшчэ раз паўтарыў, што для мяне цяпер важна падумаць пра лёс і пэрспэктывы партыі. Запэўніў, што ў дачыненьні да маёй сям'і ціск і ўзьдзеяньне не ўжываліся.
Званок праз чырвоны тэлефон. «Уладзімір» расьпісаўся на паперцы, і мяне павялі. Зьмест размовы круціўся ў галаве, як рой пчол. Прайшло некалькі неверагодна доўгіх гадзін. І тут: «Рыхтуйцеся з рэчамі на выхад!»
Не згаворваючыся, усе дружна пачалі праводзіць мяне дадому. Я, хутчэй на аўтамаце, супакойваў сукамэрнікаў — маўляў, ня той хлеб, што на полі, а той, што ў гумне, але душа пачала напяваць нейкі радасны матыўчык. Зьбіраю рэчы. Абвешаны пакетамі, выбіраюся з склепа. У калідоры згрупаваліся чалавек пяць. Пажыткі скідаю ў кучу. Згорнутую пасьцель сюды ж. Вынес нават драўляную шконку. Вярнуўся па забытыя міскі. Чорт, няўжо праўда дадому? Я пачаў у гэта верыць! Спускаемся ўніз па лесьвіцы. Я, абдымаючы ложак, і суправаджэньне з масак і кантралёраў. І тут бачу адчыненыя дзьверы «пакоя катаваньняў». Блін! Адчуваю на сабе позіркі і прыкусваю губу. Да болю. Падымаюся па лесьвіцы і другой ходкай даношу пакеты.
У спартзалі выварочваю зьмесьціва пакетаў проста на бэтон.
— Распранайцеся! Прысядайце! Адзін... пяць... дзесяць... дваццаць... — Рот адкрыйце! Ступні пакажыце!
Холаду не адчуваю. Мне нават здаецца, што лоб пакрыўся потам. Раблю ўсё на аўтамаце. Нацягнуўшы швэдар, выпростваюся спружынаю, акідваю прысутных позіркам і кідаю кароткае: «Здаволіліся?»
Рэакцыі ніякай. Апускаюць вочы і бяз шуму падымаюць мяне наверх. Рыпеньне дзьвярэй рэжа па вушах. Мяркуючы па выразу твараў, мяне сапраўды тут ужо не чакалі.
Так, вось цяпер я разумею, дзе я і што адбываецца навокал. У першыя хвіліны хацелася забіцца ў куток камэры, заплюшчыць вочы, заткнуць вушы, каб нічога ня бачыць, нічога ня чуць.
Дзякуй хлопцам, ніхто ня лезе ні з роспытамі, ні з спачуваньнем. Дзякуй за разуменьне! Я павінен пабыць сам-насам з сабой. Паступова супакойваюся. Можа, я нешта зрабіў ня так? Можа, трэба было пагуляць у кошкі-мышкі? Мне прапанавалі мяккую зьдзелку: маўчаць і ня вякаць! Змаўчаў бы — можа, цяпер быў бы дома. А я што? Я проста даў асьцярожны, але сумленны адказ. Чым даўжэй калупаў сытуацыю, тым больш знаходзіў аргумэнтаў на сваю карысьць. Лепш заставацца самім сабой. Дый нельга давяраць гэтым людзям. Нельга!
Калі я канчаткова апамятаўся, тэма набліжэньня сьвята пачала дамінаваць. Сукамэрнікі пастараліся ад душы. Стол, а яго функцыю выконвала трохногая тумбачка (пад чацьвёртай — «Малая зямля» Брэжнева), быў сэрвіраваны. Не багата, але душэўна. У цэнтры ўзвышалася двухлітровая плястыкавая бутля з пэпсі-колай. Ого! Са старых запасаў. Жоўты ананас кантрастуе зь беласьнежным салам. Тут жа круглякі нарэзанай каўбасы. Шчыпле ноздры рэпчатая цыбуля. Настрой ня тое каб радасны, але прыўзьняты. Новы год, ён і ў «амэрыканцы» Новы год.
Ціха! Ціха! Мы замерлі ў чаканьні. І вось ён, звон званоў з плошчы Свабоды. Дзесьці бабахнуў навагодні салют.
Гаварылі па чарзе. Падымалі конаўкі. Чокаліся і пілі пенную колу. За тых, хто нас чакае. За здароўе. За свабоду.
Прыйшла мая чарга прамаўляць.
— Такога Новага году ў мяне яшчэ не было. Але калі гэта нам паслана, значыць, гэта трэба прайсьці. Не прашаркаць, не прапаўзьці на каленках, а менавіта прайсьці з высока ўзьнятай галавой. Я жадаю гэтага сабе, я жадаю гэтага кожнаму з вас, я жадаю гэтага нашым родным і блізкім.
Яны (ківок у бок калідора) хацелі, каб мы ненавідзелі адзін аднаго. Мы падставілі адзін аднаму плячо. Мы даказалі, што і ў турме можна захоўваць годнасьць і самапавагу, што маральныя прынцыпы мацнейшыя за страх і крывадушнасьць. Гэта вельмі няпроста ў такой сытуацыі — застацца чалавекам. І за гэта я падымаю сваю конаўку. Ніхто з нас не плянаваў гэтую сустрэчу. Тым больш у такім злавесным месцы. Кожнаму з нас цяпер нялёгка, бо нашы любімыя цяпер ня з намі. Бо, можа, у гэтыя хвіліны нашы родныя, думаючы пра нас, змахваюць сьлязінку смутку. Мой тост — за свабоду! І ня толькі нашу. Ня толькі ўсіх незаконна і нявінна яе пазбаўленых. За свабоду нашай Беларусі! Толькі калі будзе вольнай яна, будуць вольныя і яе грамадзяне.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка