108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка3/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21
* * *
Працэс нацыяналізацыі і экспрапрыяцыі працягваецца. Канфіскавалі з камэры тэлевізар. Натуральна, без аніякіх тлумачэньняў. Проста ўварваліся ў камэру і вынесьлі. Пытаньне матыву завісла ў тытунёвым воблаку. Тэлескрыні і так можна было ўключаць толькі пасьля 18 гадзіны ў будзённыя дні, а ў выходныя і сьвяты — з паўдня. І толькі на хвалі прывітаньня ад БТ. Але, здаецца, нават гэтая афіцыйная крыніца прапаганды здалася мясцовай цэнзуры залішняй. Зь яе ўсё ж можна лавіць крупінкі інфармацыі. Мабыць, нас вырашылі цалкам ізаляваць ад зьнешняга сьвету.
Чым больш часу праводжу ў разважаньнях, тым выразьней вымалёўваюцца контуры вялікай спэцапэрацыі мясцовых спэцслужбаў. Хутчэй за ўсё, тут няма затрыманых выпадкова. Сьпіс фігурантаў «справы 19 сьнежня» вывераны і ўзгоднены загадзя. Ізалявалі тых, хто станавіў рызыку і пагрозу. Помста і кара. За што? Ды за ўсё што заўгодна! За сказанае. За зробленае. Проста за старыя грахі, як сказалі мне ўжо тут.
* * *
Зноў выклікалі. Кожны такі вывад з камэры — поўная няпэўнасьць і невядомасьць. Гэтым разам канцавы пункт — лечкабінэт. Ого, ды тут цэлы кансыліюм: «галоўны ўрач» СІЗА, мужчына ў гадах, учорашняя маладая жанчына ў белым і двое новых, круглатвары і вусаты. Агляд з узмоцненай пільнасьцю. Прастукалі, праслухалі, агледзелі. Ад макаўкі да пят. Вага спынілася на адзнацы 70. Гэта значыць, што пяць кіляграмаў пакінулі маё цела. Як я разумею, кансыліюм — гэта рэакцыя на галадоўку. Агляд суправаджаецца нэўтральнымі і месцамі добразычлівымі заўвагамі пра карысьць харчаваньня і шкоду галадоўкі ў экстрэмальных умовах. Моўчкі працэджваю інфармацыю празь фільтры мозгу.
Як толькі за маёй сьпінаю зачыніліся дзьверы мэдпакоя, людзі ў чорным пачалі гарлаць: «Хутчэй! Хутчэй!» Здаецца, крыкам спрабавалі ўзламаць мае барабанныя перапонкі. Мне ня беглася. Іх гэта злавала. Той, што быў бліжэй да мяне, схапіў за плячо і пачаў падштурхоўваць. Стала відаць запясьце з рудымі зарасьцямі. Рухам пляча я скінуў чужую касматую руку. Мы счапіліся вачыма. Злосна і бязьлітасна.
— Не разумееш? — захрыпела маска.
Не разумею! — іду я на прынцып.
Зрэнкі насупраць звузіліся, праціўнік ужо амаль пырскаў сьлінаю. Здавалася, яшчэ імгненьне — і ён ударыць мяне. «Толькі крані — і я зубамі ўчаплюся ў тваё горла», — казалі мае вочы.
Высокі ў масцы ахоўнага колеру, мабыць, адчуўшы сытуацыю, крануў за плячо ўзьвінчанага калегу. Той злосна бліснуў вачыма, але ўсё ж пасунуўся ўбок. Па лесьвіцы я падымаўся пад крыкі і ўдары гумовымі палкамі па жалезных парэнчах. Здалося, што ў кантралёра, які адчыняў дзьверы, дробна дрыжалі пальцы. Відаць, некаторым зь іх таксама не па сабе ад новага парадку. У камэры мяне чакалі чатыры напружаныя твары ў жалобнай акантоўцы. І першае пытаньне:
— Білі?
— Я б сказаў, рукі сьвярбелі, але абышлося. Прынамсі пакуль.
Яшчэ тыдзень таму такое пытаньне здалося б абсурдным. Сёньня яно натуральным чынам уплятаецца ў карункі непрадказальнасьці. Прасуюць усіх, ня толькі палітычных. А гэта азначае адно: паміж намі і астатнімі хочуць убіць клін разладу. Маўляў, усе нязручнасьці і дыскамфорт — з-за іх. Ату іх! Гэта значыць — ціснуць палітычных яшчэ і ўнутры камэраў. Калі не рукамі, то словамі, позіркамі суседзяў.
І тут скрыгат ключа. У прачыненых дзьвярах чорна-зялёная маса.
— Плянавы агляд! — абвясьціў «зялёны».
— Бягом! — закрычаў «чорны».
Масачнікі вывелі, не, хутчэй выгналі нас з камэры, як жывёлу, прымушаючы глядзець толькі ў падлогу перад сабой. Спусьцілі па лесьвіцы. Завялі ў вялікае авальнае памяшканьне. На бэтоннай падлозе куча коўдраў, матрацаў, стос драўляных насьцілаў з габляваных дошак. Усіх прыставілі тварам да сьцяны. На расьцяжку. Гэта значыць — ногі на шырыні плячэй, а рукі на бэтоннай сьцяне. Суседу справа з размаху ўрэзалі па шчыкалатцы, рассоўваючы такім чынам ногі на патрэбную адлегласьць. Кірыл ускрыкнуў ад болю.
— Ногі!
— Шырэй!
Чуваць удары вайсковых чаравікаў. Па чарзе адрываюць ад сьценкі і праводзяць агляд. Паварочваюся тварам да разгарачаных злосьцю людзей. Чатыры маскі і два кантралёры. Каманда разьдзявацца. Дагала. Адчуваньне бездапаможнасьці і сораму. Я маруджу. Позірк направа. Позірк налева.
— Што незразумела?
У голасе таго, хто схаваўся за маскай, непрыхаваная пагроза. З рукі ў руку дэманстратыўна перакідае гумовую палку. Тут жа зграяй галодных шакалаў кружаць падзельнікі ў чорным. Гэтыя ня спыняцца ні перад чым!
Расшпільваю гузік. Кучка на падлозе расьце. Швэдар, джынсы, майка, шкарпэткі, бялізна. Як у кінахроніцы з Асьвенціма. Не хапае толькі печы. Бэтон студзіць ступні. Кантралёр не сьпяшаецца. Абмацвае вопратку. Сантымэтар за сантымэтрам. Выварочвае кішэні. Зь пільнасьцю. Масачнікі ў гэты час забаўляюцца электрашокерамі.
— Гы-гы-гы, — самаздаволены рогат.
"Зялёны» загадвае прысядаць. Пяць, дзесяць, дваццаць. Перад вачыма паплылі зорачкі.
— Адкрыць рот! — Кантралёр зазірае, нібы пры продажы каня на рынку. — Адзявайцеся!
— Да сьцяны!
— Рукі!
— Ногі! Шырэй!
Хвілін трыццаць стаім з вывернутымі вонкі далонямі. Асобныя часткі цела пачалі паступова зацякаць. Аднак любое варушэньне выклікае агрэсію з боку «добрых людзей». Барада, падышоўшы да Цітка, нечакана грымнуў каваным ботам у бэтон. Гулкае рэха рванула, як узрыўпакет. Пяцідзесяцівасьмігадовы мужчына спалохана здрыгануўся. Потым яго пачало калаціць дробнымі дрыжыкамі. За сьпінамі задаволена хіхікнулі. Барада па чарзе падыходзіў да кожнага і цяжка дыхаў у патыліцу. Я адчуваў гэтае потнае дыханьне сьпінай, зьнямелымі далонямі, кожнай частачкай цела. Яшчэ крыху — і мяне званітуе. Ня ведаю, што дапамагло стрымацца. Страху ў гэтыя імгненьні ўжо не было. Ён пакінуў мяне сам-насам з гэтымі істотамі. Але разважнасьць мяне не пакінула.
Гэта я зразумеў ужо пасьля. Маскам патрэбен быў канфлікт. Яны яго шукалі. Яны яго правакавалі.
Пад крыкі і ўдары дубінкамі па жалезных поручнях і борціках завялі назад у камэру. Тут чакаў поўны хаос і пагром. Усе рэчы былі раскіданыя па падлозе і ніжніх нарах. Знайсьці сваё было няпроста. Максім, які прысутнічаў пры гэтай вакханаліі, быў у шоку. Ён распавёў, што мае рэчы проста разьвеялі ў прасторы камэры. Матрац перамацалі па сантымэтры.
«Што гэта было, што ўвогуле адбываецца?» Гэта пытаўся чалавек, які праседзеў у «амэрыканцы» больш за год. Яго вочы былі да краёў поўныя зьдзіўленьнем, непаразуменьнем. Здаецца, ён ніяк ня мог паверыць у тое, што адбылося. Нешта падобнае адчувалі і іншыя.
* * *
З падзеяў дня варта адзначыць паход да начальніка СІЗА. Лесьвіцаю ўніз, невялікім калідорам да дзьвярэй з жалезных прутоў, налева і іншым калідорам. Перад кожным паваротам прыціскаюць тварам да сьцяны. Гэта для таго, каб выключыць выпадковыя сустрэчы зь іншымі вязьнямі. Плюс каб ты яшчэ раз адчуў на сабе рэжым ручнога кіраваньня. Каля дзьвярэй, абабітых карычневым, прыпынак. Павадыр зьнік, зноў зьявіўся, і дзьверы адчыніліся. Кабінэт не вялікі і не малы. За працоўным сталом са стосам папер невысокі сухарлявы сьветлавалосы чалавек. У кіцелі палкоўніка. Шырока ўсьміхнуўся, як старому знаёмаму. Гаспадарскім жэстам запрасіў да прыстаўнога стала. Сам уладкаваўся насупраць. Відавочная дэманстрацыя палітыкі міралюбнасьці і добрасуседзтва. Палкоўнік ветліва прапанаваў выпіць гарбаты. Я ветліва адмовіўся.
— Вось вырашыў пазнаёміцца ​​з вамі, — ціха прамовіў гаспадар кабінэта. — Я начальнік СІЗА, Арлоў... — Голас, які гэта сказаў, вібрыраваў ад важнасьці; імя і як па бацьку я не пачуў. — Мы, як бачыце, ня страшныя. А то нас часам малююць, што мы гатовыя шклянкамі піць кроў немаўлятаў, — буркаваў палкоўнік, прысёрбваючы гарбату.
Начальнік СІЗА сапраўды не здаваўся страшным. Нейкі невыразны, бясколерны. У натоўпе пройдзе — не заўважыш. Такому добра кішэньнікам працаваць. Мне здалося, што да гэтай сустрэчы палкоўнік падрыхтаваўся грунтоўна: справа ляжаў лісток з пазнакамі, і час ад часу Арлоў касіў на яго вокам.
Між тым я агледзеўся. Ад дзьвярэй чырвона-зялёны дывановы ходнік з арнамэнтам па краях. Трэба разумець, колеры дзяржаўнай сымболікі павінны адцяняць значнасьць кабінэта і яго гаспадара. Шырокі працоўны стол. Аляксандар Рыгоравіч са сьцяны назірае, як працуе галоўны наглядчык «амэрыканкі». Праўда, партрэт правадыра — сьціплых памераў. Можа, падагнаны пад камплекцыю гаспадара. Мы сядзім адзін супраць аднаго за малым столікам, што прыстаўлены да асноўнага. У далёкім правым куце — яшчэ адзін столік, з маніторам і кампутарам. У блізкім правым — кухонны куток: халадзільнік, электрачайнік, посуд.
Слова за слова, і гутарка пакацілася па тым, што нас атачае. Па жыцьці. Я напіраў на сацыялку і эканоміку.
— Скажыце, навошта нам трыццаць лядовых палацаў? — пытаўся я. — Або недастаткова шасьці, па адным на вобласьць? Вось у Швэцыі, перш чым пакрыць краіну павуціньнем лядовых палацаў, спачатку стварылі канкурэнтаздольную эканоміку, затым эфэктыўную сыстэму аховы здароўя і адукацыі.
Начальнік няўпэўнена перасмыкнуў плячыма і, быццам бы згаджаючыся, кіўнуў. Потым надышла чарга матэматычных разьлікаў: колькі чыноўнікаў можа пракарміць беларускі падаткаплатнік? Даціснуў палкоўніка прыкладамі Польшчы, у якой сілавікоў гэтулькі ж, колькі ў нас, а вось насельніцтва ў чатыры разы больш. А яшчэ Даніі, дзе колькасны склад праваахоўных органаў быў заканадаўча вызначаны адразу пасьля Другой сусьветнай вайны, і закон гэты дзейнічае да цяперашняга часу. І нішто, спраўляюцца.
На імгненьне я злавіў сябе на думцы, што прэзыдэнцкая выбарчая кампанія працягваецца і цяпер я агітую начальніка СІЗА КДБ. І, здаецца, небеспасьпяхова. Палкоўнік запярэчыць ня мае чаго. Ён апэляваў да СССР, я — да таго, што свой дом лепшы за любую камунальную кватэру. Ён спасылаўся на народ, я — на дзевяць з хвосьцікам мільёнаў канкрэтных людзей. З боку гэта, напэўна, выглядала як сустрэча суседзяў, якія вярнуліся з адпачынку. Аднаго — з правінцыйнай глыбінкі, другога — зь Нямеччыны ці Нарвэгіі.
Ідылію разбурыў канваір. Усё вярнулася ў рэальнасьць, і «сусед зь Нямеччыны», заклаўшы рукі за сьпіну, рушыў у мінулае, якое толькі што любоўна апісваў палкоўнік Арлоў.
Мая доўгая адсутнасьць і сустрэча з галоўным чалавекам СІЗА выклікалі непадробную цікавасьць у сукамэрнікаў. Аднак апісаньне начальніка наткнулася на сумневы бывалых. Зь іхніх словаў вынікала, што мяне бавіў нехта іншы, бо начальніка завуць Піскуноў, а ніякі не Арлоў. І мужчына ён мажны, а не сухарлявы ды невысокі. Дый наагул, не практыкуе ён такія дыспуты з падсьледнымі.
Але мне было абсалютна ўсё роўна. Нейкая разнастайнасьць жанру, і то весялей. За гады ў палітыцы вывеў правіла: працуй усюды, і гэта акупіцца. Кожнае затрыманьне сілавікамі — рэч непрыемная, але калі ўжо запакавалі ў аўтазак, прывезьлі ў РУУС — лічы, што табе далі магчымасьць данесьці сваю пазыцыю да людзей у пагонах. А заадно і іхнія настроі прамацаць.
* * *
У якасьці адступленьня. Перад знаёмствам з начальнікам (або зь ягоным двайніком) мяне адвялі на допыт да сьледчага. Допыт зьвёўся да некалькіх пытаньняў. Адвакатка Ірына Бурак распавяла пра сустрэчу са Сьвятланай. Хатнія просяць-моляць, каб я спыніў галадоўку.
Знайшоў, як мне здавалася, правільныя словы: «Я ня вораг сабе і не зьбіраюся займацца здароўяшкодніцтвам. Сытуацыя пад кантролем, і я даю слова, што не пераступлю лінію, за якой могуць пачацца праблемы».
Для сябе ж адзначыў, што любая інфармацыя звонку — як быццам другое дыханьне адкрылася. Праўда, на большасьць маіх пытаньняў у Ірыны не было адказу, але адвакатка ўсё запісала ў штодзёньнік і паабяцала да наступнай сустрэчы сабраць усю неабходную інфармацыю.
* * *
Сёньняшні дзень аказаўся багаты на падзеі. Да мяне дайшла першая перадача зь «Вялікай зямлі». Мне сунулі аркушык зь пералікам рэчаў. Я павінен быў азнаёміцца ​​і падпісаць. Першае, што кінулася ў вочы, — беднасьць прадуктовай перадачы. Акрамя некалькіх агуркоў і сухароў, з прадуктаў нічога не было. Праўда, яны былі згаданыя ў сьпісе, але старанна выкрасьленыя.
«Вы ж усё роўна галадаеце!» Гэтым тлумачэньнем я павінен быць сыты! Шкада ня выкрасьленай яды, а немагчымасьці пачаставаць таварышаў па няшчасьці.
Затое адзеньне, рэчы туалету — у поўным камплекце. І ад гэтага зрабілася весялей. Калі малыя радасьці коцяцца сьнежным камяком, з гэтага можна вылепіць добры настрой.
25 сьнежня, субота
«Амэрыканка» па-ранейшаму ў рэжыме надзвычайнага становішча. Замест чатырох наглядчыкаў — восем. І палова ў масках. А шостай раніцы ўся гэтая кодла ўжо ля дзьвярэй. І зь першых хвілін агрэсія ва ўсім. У словах, жэстах, дзеяньнях. Нас падсаджваюць на іголку страху.
Ноч прайшла незаўважна. Першая думка раніцай: ніводная частка цела ні на што моцна ня скардзіцца. Толькі рэшткі болевых адчуваньняў ад удараў спэцназаўцаў. Значыць, вяртаньне ў жыцьцё працягваецца.
Учора пераадзеўся ў чыстую, сьвежую бялізну, якая пахне домам. У звычайным жыцьці мы робім гэта рэгулярна і машынальна. Але трэба было трапіць у жорны, у якіх апынуўся я, каб адчуць, якая разнастайнасьць пахаў у адзеньня. Аказваецца, гэта можа прыносіць ні з чым не параўнальныя эмоцыі.
Брудную бялізну, майку запхнуў у пакет і засунуў яго пад ніжнія нары.
* * *
Голад пакінуў мяне канчаткова. Выгляд ежы не выклікае ні сьлінааддзяленьня, ні якіх-колечы асацыяцыяў. Нават пахі, якія завісаюць над сталом, не казычуць сьценак страўніка. П'ю гарбату. Ад учорашняга дня — з хатняй конаўкі. Белай ёмістай паўлітэркі з чорнымі дзяленьнямі ўсярэдзіне. На вонкавым боку каляровы жоўта-чырвона-зялёны малюнак і надпіс: «Жизнь хороша, когда ешь не спеша». Вясёлы такі малюнак, жыцьцесьцьвярджальны.
Адразу пасьля абходу паступіла каманда рыхтавацца да наведваньня душа. Аказалася, гэта таксама цэлая працэдура. Пазіраю, як зьбіраюцца суседзі па камэры, і запіхваю ў пакет прасьціны і наўлечку. Гэта на абмен. А яшчэ — чыстую бялізну, вялікі ручнік. Плюс флякон шампуню і гель для душа. На падрыхтоўку — хвіліны.
Выводзяць з камэры. Пакеты ў руках. Рукі за сьпінаю. Адзін за адным. Усе ў гумовых шлёпанцах, я ў ботах. Шлёпаем па бэтоне. Пры харавым суправаджэньні людзей у масках. Спускаемся на ніжні паверх. Затым яшчэ адзін спуск, карацейшай лесьвіцай. Апынаемся ў памяшканьні ў форме невялікага круга з калёнай пасярэдзіне. Прасьціны складаем на бэтонную падлогу, побач горка з наўлечак. Агрызкі гаспадарчага мыла ў несамавітай пасудзіне. Драўляныя дзьверы са шкляным вочкам. За імі — сама душавая, да якой прымыкае вузенькая разьдзявальня. На сьцяне некалькі кручкоў для адзежы. Памяшканьне падшыта белым плястыкам. Чатыры краны. Некалькі паваротаў вэнтыля — і гарачы струмень крануўся цела. Які цуд! Вада прыемна казыча макаўку і нясецца далей па жолабе сьпіны, па лытках. Пальцы ўціраюць шампунь з пахам яблыка ў валасы з пахамі падзямельля. Пена аксамітнымі шматкамі сьцякае па маршрутах, пракладзеных вадой. Трэба сьпяшацца. На ўсё пра ўсё адводзіцца хвілін пятнаццаць. Да таго ж памыўка ідзе ўперамежку з мыцьцём бялізны. Агрэсіўна тру гаспадарчым мылам шкарпэткі і сподняе.
Стук у дзьверы: «Гэй, заканчваем!» Трэба закругляцца. У тамбуры, дзе пераадзявацца, таўкатня і мітусьня. У дзьвярах раздражняе маска. Нават памыцца па-людзку не даюць. Сьпешна адзяемся і абціраемся ўжо на хаду.
* * *
Як і чым запоўніць суботні дзень? Пытаньне не пустое. Напружаньне, якое прыўнесьлі «добрыя людзі», трэба нечым здымаць. Так нарадзілася прапанова зладзіць шашачны турнір. Час пабег значна хутчэй. Пераможца вызначыўся толькі пад канец дня. Чэмпіёнам гэтага тыдня стаў Уладзімір Ціток. Нават чарговы шмон не паўплываў на спартыўны дух, што лунаў у сьпёртай прасторы камэры.
26 сьнежня, нядзеля
Адна сьвяцільня згасла, другая запалілася. Дакладная прыкмета, што надышла нядзельная раніца. За адкрытай форткай на ўсю моц дзяўбе бляшаны дах сьнежаньскі капеж. Наведаўшы прыбіральню, усе зноў палеглі на свае палаткі. Пасьля пад’ёму гэта практыкуецца, галоўнае, каб пасьцель была прыбраная. Для мяне гэта таксама магчымасьць расслабіцца. Калі раскладаю свой насьціл, то праход да стала і ўмывальніка перакрыты. Але ня хочацца ствараць іншым нязручнасьці. Так што ў мяне на працягу дня доступ да пасьцелі абмежаваны.
Кормяць у СІЗА тры разы — і, як прызнаюць знаўцы тутэйшай кухні, больш-менш нядрэнна. Нязьменны складнік рацыёну — кашы. Ячная, прасяная, аўсяная, часам грачаная. А яшчэ можна разьлічваць на 30 кіляграмаў хатніх харчоў. Гэта месячная норма.
* * *
Нядзельны дзень трэснуў з раніцы. Расколіна прайшлася якраз па дворыку. Асабіста я ігнарую шпацыры. І на гэта ёсьць прычыны. Па-першае, сілы трэба эканоміць, а пасьля зьяўленьня масак трэба берагчы і нэрвовую сыстэму. А па-другое, ня тая ў мяне форма адзеньня.
Чацьвёра маіх сукамэрнікаў толькі пасьпелі пакінуць камэру і адразу трапілі пад раздачу.
— Стаяць! Рукі за сьпіну! Глядзець у падлогу! Я сказаў, у падлогу! Морду ў падлогу!
Крычала адно горла.
Рыпнулі дзьверы, і ўсе ўціснуліся назад у бэтонны мех. У праёме дзьвярэй, гуляючы палкай, пагойдваўся «добры чалавек».
— Будзем трэніравацца, пакуль не навучымся.
Ухмылка не ўмяшчалася ў разрэзе маскі. Сёньня мы, здаецца, станем сьведкамі паказальнага выгулу. Яшчэ адзін выхад пад улюлюканьне. І зноў раздражнёнае: «Стаяць!» Гэтым разам «добрым людзям» здалося, што самае слабое зьвяно — Уладзімір. Маўляў, недастаткова хутка рэагуе на каманды. На навуку іншым яго тут жа паставілі да сьценкі на расьцяжку. Проста ў калідоры. І зноў усе вярнуліся на стартавую пляцоўку, то бок у камэру. Цітка трэсьлі дробныя дрыжыкі, твар быў чырвоны, на ілбе пот. Няўзброеным вокам было відаць, што падскочыў ціск.
З трэцяй спробы караван сышоў у дворык для шпацыраў. Але не пасьпеў я разгарнуць кнігу, як пачуўся пасьпешлівы тупат, і задыханыя сукамэрнікі зноў вярнуліся да месца старту. Гэтым разам канчаткова. Аказваецца, у дворыку загадалі хадзіць па кругу. Народ, не прывыкшы да такога абыходжаньня, па кругу хадзіў дрэнна. Усіх зноў паднялі ў камэру. Гэтым разам на гутарку за дзьвярыма пакінулі Аліневіча. Слоў было не разабраць. Суцэльны рык. Усё гэта было падобна да дрэсіроўкі жывёл.
Пад уражаньнем ад убачанага і пачутага напісаў пасланьне генпракурору, свайму старому знаёмаму Рыгору Васілевічу. Калісьці мы зь ім працавалі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Я — зусім малады дэпутат парлямэнту, ён — малады і пэрспэктыўны чыноўнік, кіраўнік юрыдычнай службы Вярхоўнага Савету.
Ліст выйшаў эмацыйны і жорсткі. Перачытаў напісанае і застаўся задаволены. Апісаў, што адбываецца ў СІЗА ў апошнія дні. Пра бясчынствы масак, якіх я б не адправіў нават на самую ўбогую сьвінафэрму. Ім і з жывёламі працаваць нельга, ня тое што зь людзьмі. Гэта спадкаемцы тых, хто гаспадарыў у Асьвенціме ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. У чый запалёны мозг магла прыйсьці такая шызафрэнічная ідэя ўвесьці ў СІЗА надзвычайнае становішча і кінуць на запалохваньне падсьледных карнае падразьдзяленьне, пытаўся я ў Рыгора Аляксеевіча, які знаходзіўся за некалькі кварталаў ад гэтага жудаснага месца. Ліст быў напісаны на адным дыханьні. І гэта, мабыць, тое нямногае, што я ў стане цяпер зрабіць.
* * *
Час абеду наблізіўся на адлегласьць чарпака. Экскаватар сподка магутнасьцю ў адну чалавечую сілу скроб па баках зь ежай. На першае — капуста з пахам мяса, якога не відаць. На другое — каша з камякамі мяса, якое мясам ня пахне. За некалькі хвілін да прыёму ежы панылы кантралёр перадаў у камэру кіпяцільнік, які — буль-буль-буль — тут жа патануў у збанку з вадой. Кіпень казённы. Гарбата хатняя. Гэта і ёсьць мой абед.
* * *
Вячэрні паход да лекара ў суправаджэньні «добрых людзей» у масках ледзь ня скончыўся бойкай. Не пасьпеў я пачаць спуск па лесьвіцы, як маска, што стаяла ўнізе, гучна і злосна загыркала. На тэмпе руху гырканьне ніяк не адбілася. Гэта не спадабалася ўзбуджанаму наглядчыку. Як толькі мая нага даткнулася да падлогі, адчуў штуршок у сьпіну. Разварочваюся і ўпіраюся вачыма ў вочы.
— Я ня конь, і ня трэба мяне паганяць, — стараюся гаварыць спакойным голасам, але ня ўпэўнены, што гэта ўдаецца.
Рука пацягнулася да мяне.
— Толькі крані… — у маім голасе зьявіліся хрыпы.
У горле — як у перасохлай студні. Здаецца, маска зразумела, што я гатовы калі не на ўсё, то на многае. Ён зрабіў крок убок. А я на ранейшай хуткасьці рушыў у кабінэт. Чалавек у белым мацаў, слухаў і нешта моўчкі запісваў у журнал.
Да лесьвіцы канваявала іншая маска, і гэтым разам абышлося без штуршкоў.
27 сьнежня, панядзелак
Раніцай сукамэрнікі распавялі, што ўначы маскі зладзілі шумавое прадстаўленьне. З крыкамі, лямантам, грукатам дубінак. Усе баяліся, што прасторай калідора гэта не абмяжуецца і ўварвецца ў камэры. Начных шмонаў яшчэ не здаралася. Па ўсім відаць, гэта была сплянаваная акцыя, каб паказытаць нэрвы. Але, што дзіўна, начное здарэньне ніяк не адбілася на маім сьне. Спаў як немаўля, і гэта выклікала ўсеагульнае захапленьне.
Хоць і стараюцца курцы пускаць дым у закратаванае акно, усё ж адчуваецца, што паветра насычана нікатынам.
Фортку адчыняем толькі падчас калектыўнага курэньня. Большага дазволіць немагчыма, бо ў камэры і так сабачы холад. Ноччу холадна, удзень прахалода. Гэта значыць — дыскамфорт даўжынёй у 24 гадзіны.
Стук ключом па жалезнай ручцы. Гэта ўмоўны сыгнал — падрыхтавацца да наведваньня туалета. Вырашыў прайсьціся. Хоць нейкая перамена месца. Туалет на тым жа паверсе, што і камэры. У прынцыпе, гэта тая ж камэра, пераабсталяваная пад прыбіральню. Мыцельнік. Два «таўчкі» з чорнымі гумовымі шлянгамі — змываць. У кутку плястмасавая пасудзіна для сьмецьця. Два акенцы, празь якія, у адрозьненьне ад нашай камэры, відаць кавалак неба. Калі яго рэдка бачыш, раптам заўважаеш, што яно прыгожае. І прынаднае. Так і глядзеў бы на яго, не адрываючыся.
Не пасьпелі мае таварышы прысесьці, як у дзьверы тут жа забарабанілі.
— Заканчваем! На выхад!
— Што за ліха, і ў прыбіральні няма спакою, — працадзіў скрозь зубы Аліневіч.
Літаральна праз хвіліну ў дзьвярным праёме стаяў чалавек у чорным. Скрозь маску прабіваліся контуры самазадаволенай усьмешкі.
— Хутчэй! Бягом!
Але народ, не пасьпеўшы адседзецца, ледзь перасоўваў ногі. Так, аматарам пачытаць газэтку ў прыбіральні тут відавочна няўтульна. Пры такім зграмаджэньні людзей у такім інтымным месцы адчуваеш сябе больш чым дыскамфортна. Але дзе ты дзенесься...
* * *
Спусьцілі ўніз, у пакой да лекараў. Тут некалькі чалавек у белым. Сказалі, што будуць браць кроў.
— Навошта?
— Каб ацаніць ваш стан.
— А калі я не хачу? Калі я не давяраю вам, калі ў мяне ёсьць асьцярогі за сваё здароўе?
Мой недавер да масак усіх расфарбовак быў выслуханы, ня больш за тое.
— Тады гэта будзе зроблена з ужываньнем сілы, — заявіў адзін зь незнаёмцаў у белым халаце.
Так, гэта гуманна, чорт вазьмі. Але, здаецца, я прыціснуты да сьцяны. За сьпінаю дзьве чорныя маскі — як сьведчаньне сур'ёзнасьці намераў лекараў. Узялі кроў з пальца, пракалупалі шпрыцам вену. Ці то ад відовішча ўласнай крыві, ці то ад наступстваў галадоўкі непрыемна закружылася галава. Успрыманьне прытупіўся, напружаньне ўнутры апала. Горш ужо толькі ў двор, ствол у патыліцу і ў яму пад сьцяну.
* * *
Увечары павялі на чарговую сустрэчу з начальнікам СІЗА. Арлоў, ці як яго там, усё ж новы начальнік «амэрыканкі». Старога замянілі, мабыць, кіруючыся прынцыпам «новая мятла па-новаму мяце». Пачаў палкоўнік са скаргі. Маўляў, пацярпеў я з-за вас, Анатоль Уладзіміравіч! Прыйшоў час зьдзіўляцца мне. Вытрымаўшы паўзу, Арлоў распавёў, што меў сустрэчу з начальнікам КДБ і той папрасіў падзяліцца назіраньнямі і высновамі па выніках сустрэч Арлова з паліткантынгентам.
— Я сказаў, што вы мне спадабаліся больш за ўсіх. Дакладней, праграма, якую мы абмяркоўвалі на папярэдняй сустрэчы. Я сапраўды гатовы падпісацца пад яе асноўнымі палажэньнямі.
Па словах Арлова, Зайцаў быў зьдзіўлены такой заявай. Потым начальнік СІЗА павярнуў на іншую тэму. Маўляў, за вас хадайнічаюць. Прагучаў намёк на сустрэчу Раманчука і Лукашэнкі. Незразумела, сустрэча адбылася ці плянуецца. Але, без аніякага сумневу, разьлік на тое, што я павінен быў учапіцца ў інфармацыю, якая выпала з рота начальніка. Я ж адрэагаваў дэманстратыўнай абыякавасьцю і ня стаў удакладняць дэталі, толькі абмежаваўся жалезабэтонным: «Я палітычны закладнік, а не злачынца». Хоць паралельна перажоўваў, асэнсоўваў пачутае.
Палкоўнік вытрымаў паўзу і змушана збочыў на іншую тэму.
* * *
Пасьля адпраўкі генпракурору пасланьня, зь якім адміністрацыя, несумненна, азнаёмілася, наступіла паўза. Маскі на паўдня схавалі кіпцюры жорсткасьці і нахабства. Тым ня менш Барада, якога адправілі забіраць з допыту Максіма, так зацягнуў кайданкі, што ксэракопія бранзалетаў была відаць у хлопца некалькі дзён. Пры гэтым канваір так арудаваў палкай, што твар небаракі ледзь не выціраў бруд з чаравікаў. Садысцкія гульні не зусім здаровых людзей. І як такога чалавека зь відавочнымі псыхічнымі адхіленьнямі трымаюць у спэцпадразьдзяленьні?
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка