108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка21/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21
Сёньня цудоўны, цёплы, па-сапраўднаму вясновы дзень. А ў такі час асабліва абвастраюцца ўсе пачуцьці, і адмоўныя ў тым ліку (крыўдна, што ў нас забралі тры з паловай месяцы жыцьця)».
Пастараўся сфармуляваць максымальна пазытыўны і аптымістычны адказ. Пасланьне скончыў так: «Веру ў сябе, веру ў вас, веру ў нашу будучыню». Гэтыя словы я паўтараю ўсё часьцей і ў лістах, і самому сабе. Я сапраўды веру. Воля і вера робяць цуды.
Потым заглыбіўся ў пісаньне верша пра маю малую радзіму — цудоўны куток пад назвай Трылес.
Трылес — маё гняздо.

Тут нарадзіла мяне маці.

Было гэта даўно,

У старой вясковай хаце.
Трылес — мая калыска.

Адсюль мне многае відаць.

Тут да леса блізка

І да ракі рукой падаць.
Трылес — мой кут

Паміж зямлёй і небам.

Дзяцінства гушкалася тут,

Смакуючы гарбату з хлебам.
Трылес — маё каханьне,

Дзяўчына з доўгаю касой.

Сустрэчы, пацалункі, разьвітаньні,

Вяртаньне зь першаю расой.
Трылес мяне заве.

Кудахчуць куры спазаранку,

Мычыць карова ў хляве

І сырадой дзурчыць у банку.
Трылес — мой успамін,

На смак — 50-гадовы віскі

З пахам сьвежых журавін

На дне драўлянай міскі.
Трылес — маё жыцьцё

Учора, сёньня, заўтра.

Маё жыцьцё — маё быцьцё,

Пражыць якое варта.
Вясковая тэма стала нагодай для яшчэ аднаго прыліву настальгіі. Я зноў адчуў сябе вінаватым. Я ў такіх даўгах перад маімі роднымі! Перад жонкай Сьвятланай, сынам Арцёмам, бацькамі. Спадзяюся, мне хопіць часу ўсё гэта вярнуць. Ведаю па сабе, калі чагосьці вельмі хачу, заўсёды рэалізоўваю на практыцы.
4 красавіка, панядзелак
Сёньняшні дзень цалкам прысьвяціў падрыхтоўцы да судовага працэсу. Адразу пасьля шпацыру абклаўся паперамі. Стос казённых дакумэнтаў, аркушыкі з пазнакамі, якія я рабіў у хвіліны роздумаў. Усё гэта трэба было сабраць у адно цэлае.
Паклаў перад сабой чысты аркуш, але неяк не пайшло. Хоць над выступам у судзе я думаю ўжо тыдні тры. Яго файлы недзе ў маёй падкорцы, але выцягнуць іх адразу не ўдалося. Толькі хвілін праз трыццаць вывеў першыя словы.
«Высокі суд...» Напісаў і зноў споўз у роздумы. Закрэсьліў. Які да халеры суд, ды яшчэ высокі! Пасьля гэтага радкі пачалі класьціся самі.
«Паважаныя сябры, калегі, прадстаўнікі прэсы, дыпляматычных місіяў! (Спадзяюся, судзілішча ня будзе за зачыненымі дзьвярыма.) У мяне было дастаткова часу, каб прадумаць, узважыць кожнае слова, сказанае тут і цяпер. На будынку, у якім мы цяпер знаходзімся, красуецца шыльда “Суд”. Але гэта абалонка, форма, якая ня мае ніякага дачыненьня да зьместу. Судовая сыстэма Беларусі не самастойная і не незалежная галіна ўлады, а звычайны аддзел адміністрацыі “Чырвонага дома”. І, адпаведна, у гэтым будынку няма бесстароньніх судзьдзяў, ёсьць толькі чыноўнікі ў спэцыфічнай уніформе — чорнай судовай мантыі. А гэта значыць, што гэта ня суд, а палітычнае судзілішча, якое ажыцьцяўляюць нанятыя на службу “кілеры”. Гэта не перабольшаньне, гэта канстатацыя факту. І гэта ня толькі суб'ектыўны погляд палітвязьня Анатоля Лябедзькі, гэта афіцыйная пазыцыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту, АБСЭ і іншых міжнародных арганізацыяў, якая зафіксаваная ў шматлікіх дакумэнтах. Таму я заяўляю сваё катэгарычнае і рашучае “не” “кілерам” у судовай мантыі. Я вам не давяраю! Я вас адрынаю!
Другі аргумэнт за вотум недаверу: усе беларускія “судзьдзі”, уключна і з вамі, прызначаюцца Аляксандрам Лукашэнкам, а ён — зацікаўленая асоба ў гэтым працэсе. Гэта зь яго ведама, на яго замову я правёў “­­­­___” месяцаў у СІЗА КДБ. Ён ваш бос. Ён ваш працадаўца. Ён — заказчык, вы — выканаўцы.
Судзьдзя — гэта бесстароньні арбітар, а вы — звычайны чыноўнік аўтарытарнай сыстэмы. А гэта значыць, што Канстытуцыя — ня ваша настольная кніга. Тэлефоннае права — вось ваш праваднік. У Беларусі ёсьць старшыня Вярхоўнага суду — Валянцін Сукала, але з 1995 году няма суду. Мы памятаем, як насуперак Канстытуцыі быў арганізаваны і праведзены антыканстытуцыйны рэфэрэндум. І адразу пасьля гэтага былі разагнаныя парлямэнт і Канстытуцыйны суд. З таго часу ў Беларусі ня дзейнічае прынцып падзелу ўлады. І “сукалізацыя” судовай сыстэмы дасягнула круглагадовага цьвіценьня. Усе галіны ўлады бесцырымонна і груба абсечаныя. Застаўся адзін ствол, збройны, дубіначны. Гэта нацыянальная трагедыя.
Працэс толькі пачаўся, а прысуд ужо напісаны. У мяне няма ілюзіяў. Я дзясяткі разоў сутыкаўся з “кілерамі” ў мантыях, якія працуюць на абслугоўваньне канвэера рэпрэсіяў. З мужчынамі і жанчынамі, у гадах і маладымі, у Менску, Магілёве, Валожыне. Іх вэрдыкт заўсёды адзін і той жа: вінаваты! І іншым ён быць ня мог.
Я адкідаю ўсе прад'яўленыя мне абвінавачаньні. Ды іх, уласна, і няма. Справа пустая, як піянэрскі барабан. Дэпрафэсіяналізацыя сьледзтва абуральная і жахлівая. Паралелі і аналёгіі з часамі Вышынскага — Берыі абсалютна дарэчныя і арганічныя. Адзінае, але, праўда, істотнае адрозьненьне: цяперашніх палітвязьняў не расстрэльваюць. А гэта значыць, што які б ні быў прысуд, у мяне ёсьць шанец паглядзець у вочы тым, хто рыхтаваў, фальсыфікаваў і выносіў рашэньне па маёй справе. Хай гэта будзе праз год, празь пяць гадоў, празь дзесяць, але гэта абавязкова адбудзецца.
У вас толькі адзін выбар: альбо адклікаць з адпачынку “эскадрон сьмерці”, на руках якога кроў маіх аднадумцаў і сяброў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, альбо зрабіць усё, каб я ня выйшаў з калёніі.
19 сьнежня 2010 году на вуліцу выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Так, іх паклікалі апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты. Але вывелі не яны. Гэта зрабіў Аляксандар Лукашэнка. І гэта не перабольшаньне. А яшчэ дакладней, людзей вывелі на вуліцу несправядлівасьць, несумленнасьць, падман. Але ў цяперашняй Беларусі ўлада і гэтыя паняцьці — гэта адно і тое ж.
Ці была ў выбаршчыкаў альтэрнатыва? Як павінны былі рэагаваць людзі на сытуацыю, калі склад участковых выбарчых камісіяў на 99,9 адсотка фармуецца з грамадзян, эканамічна залежных ад кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі? Што павінны адчуваць прыхільнікі астатніх дзевяці прэтэндэнтаў? Падман і прыніжэньне. Што рабіць прыніжаным і абражаным? Зьвяртацца ў суд? Але яго няма, ёсьць толькі шыльды! Апэляваць да парлямэнту? Але на яго месцы разваліны парлямэнтарызму! Клікаць генэральнага пракурора? Але глуханямы сьляпы ня бачыць, ня чуе і, натуральна, маўчыць! Людзі стаміліся чакаць і маліцца. Палахлівыя стаміліся баяцца. Слабым надакучыла рабалепстваваць. Усё мае свае граніцы і межы. Нават страх, боль і прыніжэньне.
Зараз пра сваю сьціплую пэрсону. Так, я быў адным з тых, хто выйшаў на вуліцу. І кажу пра гэта з гонарам. І ў мяне ёсьць такое права. Яно гарантаванае Канстытуцыяй. Страсіце зь яе пыл, вы, хто называе сябе судзьдзямі. Маё права гарманічна вынікае зь міжнародных стандартаў правоў і свабодаў чалавека. Тут варта нагадаць пра прыярытэт міжнародных нормаў і абавязаньняў перад унутраным заканадаўствам. Я не абавязаны прасіць дазволу прайсьці па праспэкце сталіцы, якую ніхто не прыватызаваў і ў якой ня ўведзена ваеннае становішча. Можна быць свабодным і ў несвабоднай краіне. Можна захоўваць самапавагу і ў сытуацыі, калі сумленьне і мараль — такі ж тавар, як бутэлька гарэлкі ці слоік кансэрваваных агуркоў.
Я ніколі ня быў абдзелены ўвагай з боку ўлады. Дакладней, яе сілавога складніку. І прэзыдэнцкая кампанія 2010-га ня стала выключэньнем. Хоць у ёй я быў акторам другога пляну. Не кандыдат у прэзыдэнты і нават не кіраўнік выбарчага штабу. І тым ня менш апынуўся спачатку ў СІЗА, а потым і на лаве падсудных. Дзіўна, праўда ж? Зрэшты, не. Я — Анатоль Лябедзька, чалавек са “сьпісу асабістых ворагаў” Лукашэнкі. І гэтага было дастаткова. Мне нават у “амэрыканцы” пра гэта і намякалі, і казалі зусім пэўна. Маўляў, ваш лёс, Анатоль Уладзіміравіч, вырашаецца ня тут і ня намі. Пры гэтым палец цягнуўся да столі, якая, мабыць, сымбалізавала нябачны трон кіраўніка.
Як павінен рэагаваць чалавек жывы на шаленства ў СІЗА КДБ, якое доўжылася зь сьнежня па канец лютага? Як павінен рэагаваць чалавек разумны на тое, што за ўвесь час майго знаходжаньня за кратамі не было ніякіх сьледчых дзеяньняў, што за ўвесь гэты час я лічаныя разы бачыў сьледчага? Зрэшты, як і адвакатаў. Гэта сьведчыць толькі пра адно: мяне трымалі ў ізаляцыі не як чалавека, які парушыў закон, а як закладніка. Дзеля чаго? Каб пакараць “за старыя грахі”, як адкрыта заявіў мне трыюмвірат у складзе прадстаўнікоў КДБ, пракуратуры і МУС у першыя дні майго знаходжаньня ў СІЗА. А можа, каб абмяняць Брусэлю ці Вашынгтону на выгадны крэдыт, на прызнаньне вынікаў агіднай выбарчай кампаніі.
Зьвернемся да абвінавачаньня. Дакладней, да тэксту, завізаванага рознымі людзьмі ў пагонах з кваліфікацыяй юрыста.
Сьледзтва не бянтэжыць, што Анатоль Лябедзька ў ходзе выбарчай кампаніі ня меў камунікацыяў зь пераважнай большасьцю тых, хто праходзіць па “справе дзекабрыстаў”. Узьнікае простае і натуральнае пытаньне: як можна рыхтаваць змову, масавыя беспарадкі і пры гэтым не кантактаваць адзін з адным? Аднак гэтая нестыкоўка не зьбянтэжыла сьледчых. Здаецца, іх наагул не цікавяць доказы віны абвінавачанага. Яны бессаромна візуюць адкрытую, брыдкую падтасоўку і поўную ахінею. Што тут сказаць? Сон розуму.
Я гартаю худую справу і задаю простыя і натуральныя пытаньні. Можа, Анатоль Лябедзька ледасекам прасякаў уваход у кабінэты ўлады на плошчы Незалежнасьці? Або, можа, зрываў эпалеты зь нечых плячэй? Таварышы сьледчыя, лік якіх, як я разумею, ідзе на дзясяткі, прад'явіце хоць штосьці, што даводзіць маю віну.
Можа, у матэрыялах справы ёсьць аўдыё- або відэазапісы выступленьняў Анатоля Лябедзькі з заклікамі захопліваць пошту, тэлеграф? Бо я быў ня толькі на плошчы, я ўдзельнічаў у сустрэчах у дзясятках рэгіёнаў краіны. І на ўсіх сустрэчах, без выключэньня, супрацоўнікі сілавых структур, а часьцяком і дзяржаўныя СМІ, вялі відэаздымку. Пакажыце гэтыя запісы! Прад'явіце ў судовым пасяджэньні! Вы пачуеце пра праграму “Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі”, пра абуральныя прыклады карупцыі ў органах дзяржаўнай улады, пра неабходнасьць аднавіць практыку абраньня, а не прызначэньня прэзыдэнта і парлямэнту, пра тое, як разьняволіць ініцыятыву чалавека і пазбавіць людзей рабскага страху. Але праўда ня ёсьць злачынства! Таму тут ня будзе запісаў маіх выступаў падчас прэзыдэнцкай кампаніі, у лепшым выпадку зьявяцца сьведкі зь сілавых структур. З загадзя завучаным тэкстам паказаньняў».
* * *
Двойчы перачытаў напісанае. Падправіў тэкст у некалькіх месцах. У цэлым застаўся задаволены. Вось што значыць настроіцца і сабрацца! Перад сном яшчэ раз перачытаў сьпісаныя аркушы. У адрозьненьне ад дзёньніка тэкст быў разборлівы. Стараўся! Цяпер важна ўсё гэта забіць у памяць. Па-першае, я заўсёды выступаю без паперкі. А па-другое, падчас шмону запісы могуць прыхапіць і ў час не вярнуць.
Для сябе я вырашыў, што судовае пасяджэньне — гэта мой адзіны шанец сказаць праўду. Сказаць гучна і публічна. Сказаць так, каб гэта пачулі і сябры, і ворагі. Я не чакаю цудаў! Але спадзяюся на лепшае. Я ж лідэр палітычных аптымістаў Беларусі!
5 красавіка, аўторак
Пасьля візыту дзяжурнага працягнуў працу над тэкстам выступу ў судзе. Перачытаў учорашнія думкі. Сёе-тое з ходу падправіў, але ў цэлым, здаецца, зусім нядрэнна! Якраз тое, што я хачу і што павінен сказаць публічна. На імгненьне паспрабаваў уявіць сабе судовае паседжаньне. Але чамусьці перад вачыма паўстае заплаканы твар маці. Ну што ж, лепш не маляваць карцінкі заўтрашняй будучыні, а засяродзіцца на сёньняшнім хатнім заданьні. Працаваў увесь дзень зь перапынкамі на прыём ежы, актыўную зарадку на вуліцы і трохі жартаў з сукамэрнікамі. Працяг выйшаў наступны.
«За ___ дзён і ___ начэй я бачыў дзьве “амэрыканкі”. Адну ў сьнежні-студзені. Другую — у сакавіку-красавіку. Зь пераходным лютым. Гэта былі адны і тыя ж сьцены, але зусім розная маральна-псыхалягічная абстаноўка. Умовы ўтрыманьня — не прадмет разгляду ў дадзеным паседжаньні. Але яны дазваляюць задаць нямала пытаньняў. Напрыклад, хто такія арыштанты “амэрыканкі” — злачынцы або закладнікі? Хто і чаму рыхтаваў плян захопу палітыкаў паводле загадзя падрыхтаванага сьпісу, а не па факце ўчыненых правапарушэньняў? Навошта трэба было ў СІЗА ўводзіць рэжым надзвычайнага становішча і аддаваць усіх падсьледных у поўнае распараджэньне невядомых людзей у масках?
Я за кратамі, але гэта ня значыць, што мая доля — толькі абараняцца або, ня дай бог, апраўдвацца. У мяне ёсьць маральнае права быць абвінаваўцам, а не абвінавачаным у гэтым працэсе. Гэта маю кватэру штурмавалі невядомыя ў ноч з 19 на 20 сьнежня. З ламамі, молатам, зброяй і пагрозамі фізычнай расправы, што кваліфікуецца як бандытызм! Гэта мяне на працягу двух месяцаў разьдзявалі дагала ў сутарэньні і ставілі на расьцяжку ля сьцяны. Гэта мяне ноччу сьляпілі сьвятлом, днём трымалі ў паўзмроку. Гэта мяне прэсавалі невядомыя, якія хавалі свае твары пад маскамі. На мове міжнародных стандартаў гэта нішто іншае, як катаваньні. Слова “катаваньні” нясе ў сабе велізарную канцэнтрацыю нэгатыву і адмоўных эмоцыяў. Тое, што я пералічыў, выкліча шок і абурэньне ў любога грамадзяніна краіны-сябра Эўрапейскага Зьвязу, Канады або ЗША. Але многія нашы суграмадзяне ў гэтай сытуацыі толькі нясьмела і няўпэўнена паціснуць плячыма, бо для іх беззаконьне, прыніжэньне — гэта правіла, а не выключэньне. Чалавек аднолькава прывыкае як да добрага, так і да дрэннага.
Я абвінавачваю сыстэму — бязьлітасную, прагавітую, самаўлюбёную. Ашчаціненую агрэсіяй, злосьцю, усёдазволенасьцю. Сыстэму, якая сее страх, слабасьць, здраду, хлусьню, дэградацыю. Якая выціскае разумных, незалежных, самадастатковых. Тыражуе баязьлівых, цынічных, зласьлівых.
Я абвінавачваю людзей, якія яе стварылі. Я абвінавачваю ў тым, што адбылося, людзей, якія ўчапіліся ва ўладу рукамі, угрызьліся ў яе зубамі. Тых, хто прысмактаўся, убудаваўся, адаптаваўся. Тых, хто напісаў для сябе законы, хто пад сябе стварыў правапрымяняльную практыку. Жалю вартыя і нікчэмныя, прадажныя і баязьлівыя. Каб зьмены хоць бы лізнулі пэнітэнцыярную сыстэму, трэба хоць на дзесяць сутак адправіць у “амэрыканку” Лукашэнку, Зайцава, Куляшова. Зрэшты, не зьдзіўлюся, калі даведаюся, што пералічаныя таварышы бачылі і працягваюць глядзець відэазапісы з камэраў СІЗА, з кабінэтаў сьледчых, з дворыкаў для шпацыраў, са спартзалі са “сьцяной катаваньняў і нянавісьці”.
Сёньня я магу наўпрост глядзець у вочы ўсім. Я нікога не падвёў, нікога не падставіў, нікому ня здрадзіў! І дзякуй усім, хто ў гэты нялёгкі для мяне і маёй сям'і час падставіў нам плячо, падтрымаў добрым словам. Нізкі паклон вам, добрыя людзі! Я доўга быў у ізаляцыі, ні лістоў, ні вестачкі. Але я адчуваў, я ведаў, што сотні людзей мне пішуць. Гэтыя лісты напісаныя неабыякавымі сэрцамі! Я павінен адпавядаць вашым надзеям, вашым чаканьням. І я гэтага шчыра хачу. Хачу не расчараваць сваіх бацькоў, якія далі мне ўсё, і самае галоўнае — жыцьцё, якое я хачу пражыць годна.
Невінаватыя ня просяць ласкі. Невінаватыя ня каюцца і не шкадуюць. Да майго затрыманьня, фабрыкацыі гэтай ганебнай справы маюць дачыненьне многія. І сёньня я зьвяртаюся да выканаўцаў. Добра, калі ў вашых сем'ях растуць дочкі: у іх ёсьць шанец выйсьці замуж і зьмяніць прозьвішча.
Я карыстаюся магчымасьцю назваць імёны арганізатараў гэтай расправы. Гэта вы, міністар Куляшоў. Гэта вы, старшыня КДБ Зайцаў. Гэта вы, пракурор Васілевіч. Вашы імёны ўжо сталі хадзячай назвай. Вы сымбаль прававога бязьмежжа і дзяржаўнага тэрарызму. За вамі заўсёды будзе цягнуцца гэты шлейф. Нават калі вы ў будучыні захочаце стаць манахамі Жыровіцкага манастыра або валянтэрамі ў дамах састарэлых. У гэты шэраг я б паставіў і старшыню Вярхоўнага суду Валянціна Сукалу, пры якім суд стаў такой жа сілавой структурай і інструмэнтам расправы, як КДБ і МУС.
Знаходзячыся ў “амэрыканцы”, я даў сабе слова зрабіць усё магчымае, каб у маім сэрцы не пасялілася нянавісьць. Нянавісьць — дрэннае пачуцьцё. Сёньня ты ненавідзіш ворага, заўтра — апанэнта, пасьлязаўтра — мінака, які выпадкова наступіў табе на нагу. Грань тонкая і далікатная. Да таго ж нянавісьць адна ня ходзіць, толькі ў абдымку з помстай. Я б не хацеў, каб мой сын помсьціў нечым дзецям, каб мае бацькі ненавідзелі бацькоў тых, хто зрабіў дрэнна мне. Краіна, якая патанула ў нянавісьці і ў якой жывуць людзі, асьлепленыя помстай, асуджаная на кроў і сьлёзы».
* * *
Перад сном яшчэ раз прачытаў рабочы тэкст. Усё ідзе паводле пляну. Яшчэ дні два — і тэкст выступу будзе ў чыставым выглядзе. Застанецца толькі прапрацаваць некаторыя прававыя аспэкты справы з адвакатам.
6 красавіка, серада
Раніца ў кропельках дажджу на змрочным шкле. Усё ж такі спаць ноччу пры адчыненай фортцы і пры гэтым не адчуваць дыскамфорту — рэч прыемная. Дзень разьмерана паплыў звыклым у апошнія тыдні рэчышчам. Адразу пасьля пад’ёму зарадзіў з дапамогай фізкультуры батарэйкі арганізму. Звыклая тысяча практыкаваньняў на прэс. На суседніх нарах апускае і падымае ногі Ігар. Пакуль мы сапем, Несьцярэнка спрабуе даспаць седзячы. Апошнім часам забарона ляжаць на нарах дзейнічае ад пад'ёму да прыходу дзяжурнага па СІЗА.
На сьняданак, як звычайна, чарпак кашы і звыклы літар ранішняй гарбаты.
* * *
На шпацыры нам выпадае клетка. Для мяне гэта вельмі зручная пляцоўка, каб зрабіць другі тур ранішняй зарадкі. Тоўстыя жалезныя пруткі добра выконваюць функцыю і брусоў, і часткова перакладзіны. Ногі паміж пруткоў, кулакі на вышчарбленым бэтоне. За дзьве гадзіны шпацыру раблю больш як 1200 адцісканьняў і яшчэ паўтысячы на ​​прэс.
* * *
Адразу па абедзе атрымліваю каманду на выхад. Вядуць у кірунку кабінэта начальніка СІЗА. Так, даўнавата мы ня гутарылі з таварышам Арловым. Але на скрыжаваньні мяне завярнулі направа, у супрацьлеглы бок ад кабінэта, дзе гаспадар ізалятара. Заводзяць у адзін з пакояў для допытаў. Ба! За сталом мой новы сьледчы Канстанцін Бычак. Суха вітаецца, рукой паказвае на зэдлік насупраць. Расьпісваецца ў паперцы і перадае яе кантралёру са словамі: «Мы ненадоўга».
— Анатоль Уладзіміравіч, матэрыялы вашай справы гатовыя для перадачы ў суд, але ў іх няма пашпарта. Вось я і хацеў бы ўдакладніць: а дзе ваш пашпарт?
Сур'ёзны твар Бычака зусім спахмурнеў. Мяне ж такое пытаньне, наадварот, толькі разьвесяліла.
— Вось бачыце, хутка будзе чатыры месяцы, як вы трымаеце чалавека ў клетцы, але нават не ўстанавілі яго асобу. А можа, я не Лябедзька?
Сьледчаму, мабыць, не хацелася паглыбляцца ў такі разварот тэмы.
— Гэта не мая зона адказнасьці. Я раблю сваю справу і павінен выканаць некаторыя працэдурныя моманты. Мне неабходна высьветліць месцазнаходжаньне дакумэнта, які ўстанаўлівае асобу. І вы ўжо паспрабуйце адказаць на гэтае канкрэтнае пытаньне.
У мяне таксама не было вялікай ахвоты практыкавацца ў словапляценьні.
— Пашпарт заставаўся дома. Мяркую, ён там і знаходзіцца цяпер.
— А калі мы зьвернемся да вашай жонкі, яна перадасьць нам дакумэнт? — голас сьледчага разьмяк і пацяплеў.
— Вы хочаце, каб я ў яе спытаўся? Дайце тэлефон.
Сьледчы зноў занэрваваўся, а гутарыць з нэрвовым камітэтчыкам мне не хацелася.
— Мяркую, што перадасьць, калі працэдура канфіскацыі будзе аформленая дакумэнтальна. У кожным разе неабходна зьвяртацца да яе. — Даю зразумець, што дадаць да сказанага мне няма чаго.
Разумеючы, што гэтая тэма вычарпаная, пытаюся, калі можна будзе азнаёміцца з матэрыяламі справы.
— Я сваю частку працы выканаў, а далей вырашае кіраўнік сьледчай групы. Вам паведамяць пра рашэньне.
Пры гэтым Бычак прыўстаў, даючы зразумець, што гутарка падыходзіць да канца, і зьняў трубку: «Забярыце Лябедзьку!»
Пакуль крочыў калідорамі і пераадольваў лесьвічны пад’ём, разважаў і думаў. Значыць, усё ж такі суд? І, мяркуючы па заяўленым, гэта пытаньне бліжэйшых дзён. Незразумела толькі, чым незадаволены сьледчы. Ён якраз павінен скакаць ад радасьці.
У камэры Каранеўскі і Несьцярэнка скрэблі лыжкамі па дне абедных місак. Далучаюся і спрабую дагнаць.
* * *
Час зьеў вячэру. Адчынілася кармушка, і пустату за ёю адразу запоўніў твар кантралёра. Позірк знайшоў мяне. Звыклае: «Прозьвішча? Рыхтуйцеся на допыт!»
Нешта сёньня допыты пайшлі чарадою. То месяцамі нікому ня быў патрэбны, то... Праз пару хвілін выводзяць з камэры. Надзяюць кайданкі. Відавочная прыкмета таго, што ідзём у суседні будынак. Спуск. Дворык. Пад’ём. Кабінэт. Зноў набычаны Бычак.
— Анатоль Уладзіміравіч, прынята рашэньне зьмяніць вам меру стрыманьня: утрыманьне пад вартай замяніць падпіскай аб нявыезьдзе, — сказана халодным голасам з адценьнямі незадаволенасьці. — Зараз з вамі яшчэ пагутарыць начальнік сьледчага ўпраўленьня.
Адчуваю ўсярэдзіне жар. Здаецца, пячэ нават у мочках вушэй.
Сьледчы падсунуў мне паперы. Прабягаю вачыма. Чытаю. Перачытваю. Сухі тэкст. Без двухсэнсоўнасьцяў. Без усякага падвоху. Сказана толькі, што я ня маю права пакідаць Менск, павінен зьяўляцца на першае патрабаваньне сьледчага, не чыніць супрацьпраўных дзеяньняў. Адчуваю, у роце перасохла. Добра, што ня трэба нічога гаварыць.
Празь нейкі час зьяўляецца невысокі, паўнаваты, лысаваты чалавек. Вітаецца. Прадстаўляецца: начальнік сьледчага ўпраўленьня КДБ, і прозьвішча адпаведнае — Гара.
— Калі б ваша вызваленьне залежала ад нашага рашэньня, то мы б не рэкамэндавалі вызваляць вас. Вы ж ня зьменіцеся і будзеце рабіць тое, што рабілі да гэтага, — выйшла паўпытаньне-паўсьцьвярджэньне. — Але ў вас ёсьць уплывовыя сябры, і яны аб вас клапоцяцца.
Вядома, мне было цікава даведацца імёны гэтых таямнічых сяброў, але я абраў тактыку маўчаньня.
— Добра, рашэньне прынята, мы яго выконваем. Сьледчы растлумачыць вам некаторыя асаблівасьці вашага новага стану. Зрэшты, у нас асаблівых прэтэнзіяў да вас няма, гэта вы МУС чымсьці моцна пакрыўдзілі.
У адказ я толькі паціснуў плячыма. Напэўна, калі б перада мной стаяў начальнік сьледчага ўпраўленьня МУС, то стрэлкі былі б пераведзеныя на КДБ. Начальнік сьледчага ўпраўленьня па прозьвішчы Гара выкаціўся з кабінэта, і мы засталіся ўдваіх.
Перад тым як працягнуць асадку, Бычак яшчэ раз удакладніў месцазнаходжаньне майго пашпарта. Як бы між іншым спытаў, колькі пашпартоў за мной лічыцца.
— Два. Другі заставаўся ў мяне, бо там была дзейная віза.
— Нам трэба будзе праехаць з вамі і аформіць іх выманьне.
Падпісваю паперы. Вяртаемся ў ізалятар. Упершыню іду без кайданкаў за сьпінаю. Здаецца, фізычна адчуваю, якія на мне вырасьлі крылы. Хацелася падзяліцца радасьцю з сукамэрнікамі.
Аднак у камэры нікога. На стале дзьве конаўкі недапітай гарбаты. Зразумела, разьвітацца па-людзку нам не дадуць. Мне даюць час на зборы.
— Можаце не сьпяшацца.
Ды дзе там! Рукі і ногі апярэджваюць думкі. Пакідаю ўсё, што можа спатрэбіцца тым, хто застаецца. Астатняе без разбору закідаю ў дзьве торбы. У адну стаўлю тэлевізар, у другую — усё астатняе. На вочы трапіліся косьці. Не ўтрымаўся — кінуў. Вось табе маеш! Тры шасьцёркі адразу! Фарціць мне сёньня! Кідаю і косьці ў кешар. Цяпер гэта мой талісман.
Пэрсанал робіцца ветлівым на вачах. Толькі «Анатоль Уладзіміравіч». Гучыць доўгачаканая каманда: «На выхад!» Упершыню вольна разглядаюся па баках. Дай бог, апошні раз бачу гэтую стаптаную дывановую дарожку. Гэтыя васямнаццаць дзьвярэй, за якімі чаканьне і надзея. Бывайце!
Спускаемся па лесьвіцы даўжынёй у пятнаццаць прыступак. Пакой, у які мяне прывялі тры з паловай месяцы таму. На нейкі час застаюся ў адзіноце.
Заходзяць кантралёры:
— Прабачце, але мы павінны правесьці асабісты агляд.
Разьдзяюся да строю Адама. Напэўна, упершыню, пакуль я тут, без унутранага супраціву. Усё павольна перабіраюць, перамацваюць, праглядаюць. Далей надыходзіць чарга баулаў. Усё выварочваю на лаву. Грунтоўна аглядаюць кожны пакет, кожную рэч. Раман бярэ пакет зь лістамі і дзёньнікамі. Пачынае з канвэртаў. Праглядае зьмест аднаго, другога. Я ў напружаньні, бо частку запісаў зь дзёньніка расьпіхаў па канвэртах.
— Ды гэта ўсё лісты сына і жонкі.
Мая заўвага падзейнічала. Кантралёр адклаў стос канвэртаў да правераных рэчаў. Аднак сшыткі зь вершамі і запісамі туды ня леглі. Кантралёр складзіруе іх асобна. Спрабую пераконваць.
— Пачакайце, але іх жа разы чатыры правяралі на цэнзуру.
— Анатоль Уладзіміравіч, прабачце, але гэта хай вырашае дзяжурны.
Празь нейкі час да нас далучаецца Ганс. У яго твар мішкі, які толькі што зьеў паўслоіка мёду. Спрабую дамовіцца. Безвынікова. Здаецца, у Ганса па ўсіх запісах ёсьць жорсткія інструкцыі зьверху.
— Прабачце, але мы вымушаны выняць усе запісы на дадатковую праверку. Не хвалюйцеся, празь дзень-другі забераце іх і астатнія асабістыя рэчы са склада.
Разумеючы бессэнсоўнасьць далейшай дыскусіі, асуджана махнуў рукой. Мяне пакідаюць аднаго. Чаго ж яны там цягнуць? Лаўлю сябе на тым, што няголасна лічу да шасьцідзесяці.
Нарэшце дзьверы расчыняюцца. Хапаю баулы і ледзь не выбягаю з пакоя. Выводзяць у дворык. Мокрае паветра. Імжыць дождж. Знаёмы мікрааўтобус. Двое са мною ў салёне, Бычак побач з кіроўцам. Пазіраю ў акно. Па шкле адна за адной зьбягаюць буйныя кроплі.
Каля роднага пад'езду аўтамабіль замірае. Выгружаемся. Сэрца грукоча, нібы таварняк. Упіхваемся ў ліфт. Ушасьцёх. Чатыры пасажыры і два кешары. Званю. Крокі за дзьвярыма. Гэта Сьвета. Знаёмы голас: «Хто?» А ў мяне спазмы ў горле, адкрываю рот і нічога не магу вымавіць. Нарэшце выціснуў нешта шыпяча-дрыготкае:
— Гэта я, Сьвеця...
Дзьверы тут жа расчыняюцца, і я некуды праваліўся. Толькі адчуваю вільготную шчаку Сьвятланы. Бачу яе вочы, якія сьвецяцца ў паўцёмным калідоры. Чую яе гарачы шэпт:
— Цябе адпусьцілі? Ты вольны?
— Так. Так. Так... Напэўна, так...
— А чаму гэтыя людзі тут?
— Ды пашпарты трэба аддаць.
Натоўп перамяшчаецца ў кватэру. Сьвета вымае з шуфляды мой пашпарт. Бычак гартае старонкі і кладзе дакумэнт у кішэню. Шукаем другі пашпарт. Марна. Вывернулі ўсе паліцы, але яго няма. Мае спадарожныя пачынаюць нэрвавацца.
— Слухайце, — зьвяртаюся я да Бычака, — у вас мой дзейны пашпарт. Старым я ўжо год не карыстаўся, ён ануляваны. Знойдзем — вярну, патрэбы ў ім ніякай.
Сьледчы некуды тэлефануе, размаўляе напаўголаса.
— Добра, паехалі!
— Куды?
— Трэба аформіць выманьне пашпарта.
— А на месцы гэта зрабіць нельга?
— Не.
— Добра, паехалі.
— Вы ж яго вернеце? — У голасе Сьвятланы столькі трывогі, што мне робіцца ніякавата.
Сьвета ўсоўвае мне ў руку купюру — на таксі.
Спускаемся ўніз. На вуліцы цемра, паветра брыняе дажджом. Унутры мяне нявызначанасьць і спустошанасьць.
Ох, як павольна цікаюць хвіліны. І мікрааўтобус ледзь цягнецца па апусьцелых вуліцах. Адчыненыя дзьверы заглынулі нас, і вось мы ў чэраве ўжо знаёмага дворыка. Выходзім. Праходзім кароткімі апэндыксамі ў калідор з чырвона-зялёнай дарожкай. Вось і цэнтральны ўваход з боку праспэкту. Пасьля запаўненьня папер Бычак некуды ўцёк. Напружаньне ўсярэдзіне нарастае. Чамусьці палезьлі благія думкі: зараз адчыняцца дзьверы, а ў калідоры знаёмы сылюэт кантралёра: «Тварам да сьцяны!»
Нарэшце зьяўляецца Бычак. Тымі ж апэндыксамі вяртаемся ва ўнутраны двор. Матор мікрааўтобуса заведзены. Сьледчы інструктуе пра нешта двух опэраў. Дзьверы адчыненыя, мяне запрашаюць у салён. Ого, з дастаўкай дадому! І, мабыць, бясплатна. Я зноў пазіраю на ​​вуліцы, ад якіх ужо пасьпеў адвыкнуць.
Вось і Вясьнянка. Камітэтчыкі ветліва разьвітваюцца.
Зрабіў крок, другі... І чуйдух кінуўся да пад'езда. Пасьпешліва, і таму не адразу, набраў код, ірвануў дзьверы. Штомоцы ўціснуў кнопку ліфта. Ён рухаўся павольна, па-чарапашы. Так мне здавалася. Дзьверы. Званок. Хтосьці сьпяшаецца з таго боку. І вось мы ў адным клубку. Я, Сьвета, Цёма. Перапляліся рукамі і целамі. Сьлёзы пацяклі адным ручайком. Мы разам. Мы адно цэлае. А аб нашы ногі безупынна цёрся Цімка...
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка