108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка2/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21
— Трэба дадому пісаць! — Ці то сказаў, ці то запатрабаваў аўганец, працягваючы мне сшытак у клетачку і шарыкавую асадку.
«Чорт вазьмі, нават у гэтым злавесным месцы можна заставацца чалавекам». Гэта я пра сябе, а Саіду моўчкі паціснуў руку. Усё і так чыталася на маім твары. Я засеў за пасланьне родным. Напісаў, перачытаў. Але думкам было ўжо цесна ў галаве. Яны набягалі адна за адной, як хвалі, абдаючы то цяплом успамінаў, то холадам цяпершчыны. Падумалася: гэта варта апісаць. Праз пару дзён выйду, а матэрыял для «Народнай волі» ўжо гатовы. Тым больш што вопыт вядзеньня турэмнага дзёньніка ўжо ёсьць — шматлікія адседкі на Акрэсьціна (турма для асуджаных за адміністрацыйныя правапарушэньні).
Пакуль жа вызначыўся, што трэба пачаць з 19 сьнежня, дня, які выглядае відавочным фаварытам сярод іншых дзён ужо амаль прамінулага году. Таксама вырашыў, што буду пісаць каструбавата, неразборліва і тэзісна, але так, каб потым самому можна было расшыфраваць крымзолы і пазнакі.
21 сьнежня, аўторак
Першая поўнафарматная ноч у «Hilton-амэрыканцы». Прыстасаваў шконку (драўляны насьціл) для сну. Адзін канец паставіў на нерухомы зэдлік, а другі — на тумбачку. Раскатаў матрац. На шчасьце, ён у мяне не «артапэдычны», то бок даволі шчыльны. Разаслаў крыху вільготную прасьціну. Зьверху — цёмна-сінюю коўдру з трыма чорнымі палоскамі. Памятаецца, такая была ў мяне ў войску, і мы старанна выроўнівалі ўсе палоскі на ўсіх ложках у адну ідэальную лінію. Але вайсковую казарму пад Падольскам у параўнаньні з гэтымі казэматамі можна назваць санаторыем. Каб заснуць, давялося шукаць правільную позу, бо цела ныла ад удараў. Так бывае, пачуцьцё болю прыходзіць з пэўнай затрымкай. Прачынаўся, засынаў, зноў прачынаўся. Шчыльна заглыбіўся ў сны толькі пад раніцу. І тут жа нечы голас бесцырымонна ўварваўся ў камэру: «Пад'ём!» Расплюшчыў вочы, і позірк уткнуўся ў салатава-брудную сьцяну. У першае імгненьне нават не зразумеў, дзе я. Усё вакол чужое, непрыемнае, халоднае.
Сьняданак у «Hilton-амэрыканцы». Што гэта такое? Чарпак проса ў міску. Бохан хлеба. Чатыры лыжкі цукру. Нягуста. Усё астатняе — з уласных запасаў, у тым ліку і гарбата. Вада — з водаправоднага крана.
— Прозьвішча?
Зразумела. Па мяне прыйшлі.
Выводзяць у калідор. Рукі за сьпіну! На запясьцях шчоўкаюць кайданкі. Уніз па ўжо знаёмай жалезнай лесьвіцы. Праз падворак, над якім з усіх бакоў навісаюць будынкі. У цэнтры некалькі мікрааўтобусаў, гэткія мадэрнізаваныя «варанкі». На адным з такіх мяне даставілі ў СІЗА. Уверх па лесьвіцы суседняга будынка. Чацьвёрты паверх. Кабінэт большы за ўчорашні. За сталом круглатвары чалавек. На вока гадоў пад сорак. З другога боку стала — маладая асоба, якая ня ўпісваецца ў інтэр'ер кабінэта. Высьвятляем, хто ёсьць хто. Круглатвары — старшы сьледчы па асабліва важных справах сьледчага ўпраўленьня КДБ Беларусі маёр юстыцыі В. В. Салдаценка. Асоба, якая ня ўпісваецца ў антураж, — адвакат Ірына Бурак.
— Я ўпаўнаважаны заявіць: калі вы скажаце тое, што ўжо заявілі іншыя вашы калегі, калі падпішаце тое, што яны ўжо падпісалі, то ўжо сёньня ўвечары будзеце дома.
Прамаўляючы гэтыя словы, маёр зарыў свой позірк у паперы, што ляжалі перад ім.
Знаходжу вочы сьледчага.
— Я хутчэй адгрызу ўласную руку, чым адмоўлюся ад таго, у што веру, ці буду ілжыва сьведчыць у дачыненьні да іншых.
Дзеля пераканаўчасьці выцягваю перад кадэбістам тую самую руку са сьвежым шнарам на далоні. Старшы сьледчы КДБ шматзначна пазірнуў на яе і падвёў вынік гэтай часткі гутаркі:
— Уласна, іншага я і не чакаў пачуць.
Далей руціна з запаўненьнем анкетных дадзеных і пытаньне з падтэкстам гатовага адказу:
— Як я разумею, вы ня маеце намеру прызнаваць сваю віну і супрацоўнічаць са сьледзтвам?
На пытаньне адказваю пытаньнем:
— Скажыце, я падобны да вярблюда?
Правае брыво сьледчага прыўзьнялася і пляснулася назад.
— Я не вярблюд, і гэта відавочна. Калі нехта ў гэтым сумняваецца, хай прад'яўляе доказы адваротнага. Мне няма пра што гаварыць з тымі, хто па-бандыцку выносіў дзьверы ў маёй кватэры, хто даставіў маральныя пакуты маім родным і блізкім.
— Але вы ж разумееце, што я да гэтага ня маю ніякага дачыненьня.
— Вы — не, але гэта людзі з вашага ведамства.
— А яны што, не прадстаўляліся?
— Вядома, не. Яны былі ў цывільным, невысокія і вельмі агрэсіўныя.
Калі маленькія і злыя, гэта пэўна нашы.
Здаецца, у гэтых словах няма і намёку на тое, каб ганарыцца таварышамі па службе.
Расьпісваюся ў пратаколе допыту. Пераключаюся на адваката. Яна выказвае ўпэўненасьць, што за тры дні ўсё скончыцца.
— Ніякіх прававых падставаў трымаць вас тут няма, гэта ўсё падобна да аднаго вялікага непаразуменьня. Вашы родныя вельмі за вас перажываюць. У іх усё добра.
Да горла падкаціўся клубок. Спрабую зглынуць і прапхнуць яго назад.
Задаю пытаньні, каб стварыць больш ці менш адэкватны малюнак падзеяў. Атрымліваецца, што нас тут больш за дваццаць. Ёсьць арыштаваныя і ў «Валадарцы». Акрэсьціна забіта пад завязку. Затрыманых вязуць таксама ў Жодзіна. Гаворка ідзе пра сотні людзей. Арышты і затрыманьні працягваюцца. На тэлебачаньні ўсё падаецца як зводкі з фронту. Усе ў напружаньні і чаканьні. Краіна спалохана замерла. Навіны непрыемныя, але пасьля размовы з Ірынай трывога за сям'ю крыху аціхла, а настрой увайшоў у звыклыя берагі.
Мяркуючы па тым, як гусьцее цемра за акном, час блізіцца да вячэры. Пасьля сустрэчы са сьледчым і адвакатам мой стан прыкметна палепшыўся. Саід і Ўладзімір скарысталіся сытуацыяй і тут жа правялі курс навучаньня настольнай гульні з інтрыгуючай назвай «Мандавошка». Як выявілася, гэта нешта накшталт нардаў.
І раптам новая ўводная: «З рэчамі на выхад!» Ого! Няўжо дадому, сьлізгае думка па тонкім лёдзе аптымізму. Доўгі ключ са скрыгатам пракручваецца ў замочнай шчыліне. Праціскаюся ў адчыненыя дзьверы. Другой ходкай забіраю драўляны насьціл. Маршрут руху, аднак, нядоўгі. Ад дзьвярэй № 12 да лічбы «4». Камэра большая. Чатыры ложкі. Пасьпяваю заўважыць, што трое з чатырох — маладыя людзі.
— Добры вечар!
— Ого, сам Лябедзька!..
Гаварыў самы старэйшы, мужчына гадоў шасьцідзесяці. На твары гармонікам расьцягнулася ўсьмешка. Ці то ад уласнай абазнанасьці, ці то ад факту майго зьяўленьня ў камэры.
22 снежня, серада
Дзень трэці. Шостая раніцы. Асьвятленьне зьмянілася з начной лямпачкі на дзённую. Хрыплаватае «Пад'ём!» ускочыла ў камэру праз прачыненую на імгненьне кармушку. Слабое варушэньне на нарах. Але толькі варушэньне. Зрэагаваў толькі я. Скручваю ў рулён ложак і запіхваю пад ніжнія нары. Масажую ротавую поласьць Саідавым падарункам. У гэты час па ручцы дзьвярэй ударылі нечым жалезным. Аказваецца, гэта сыгнал наведаць туалет. Ад нараў адарвалася адно цела, другое... чацьвёртае. Гэтая камэра не абсталявана каналізацыяй. Замест яе ў кутку пры дзьвярах бачок зь вечкам — спраўляць малую патрэбу. А прыбіральні дзесьці ў калідоры. Адна на нашым паверсе, другая паверхам ніжэй. Пазяхаючы, сукамэрнікі ляніва выходзяць з камэры. Застаюся ў адзіноце. Хвілін празь пятнаццаць, канчаткова прачнуўшыся, чацьвёрка вяртаецца. Пры рукамыйніку невялікая чарга. Каля сёмай раніцы — сьняданак. Усё тая ж каша, што і ў дванаццатай. Прыкладна праз гадзіну прышэсьце дзяжурнага зьмены. Наймаладзейшы дакладае пра колькасьць людзей у камэры, час, які запрошваецца на шпацыр, наяўнасьць карэспандэнцыі на адпраўку, намер наведаць лекара. Напісаныя лісты перадаюцца дзяжурнаму ў незапячатаных канвэртах. У прамежку паміж сьняданкам і абедам — шпацыр: гадзіна або дзьве.
Мяне зноў выклікаюць на допыт. Ідзём ужо знаёмым маршрутам у суседні будынак. У прасторным пакоі трое. Натуральна, ніхто не прадстаўляецца. З рэплік здагадваюся, што перада мной трыюмвірат ведамстваў — КДБ, МУС і пракуратуры. Лукашэнкаўская тройка.
Закінулі здалёк. Нешта пра надвор'е. Бачачы, што я не дэманструю ахвоты да кантакту, тут жа перайшлі да справы. Маўляў, сытуацыя ў вас, спадар Лябедзька, паршывая. Артыкул абвінавачаньня сур'ёзны, максымальны тэрмін зьняволеньня таксама немалы, да 15 гадоў. Моўчкі выслухоўваю сьпіч, які, мабыць, павінен зрабіць на мяне нязбыўнае ўражаньне. Мне абяцаюць, што рыць будуць глыбока, і ўручаюць пастанову аб прымяненьні ў дачыненьні да падазраванага меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Дакумэнт завізаваны старшым сьледчым СУ ПР ГУУС Менгарвыканкаму маёрам Д. А. Купкам і начальнікам сьледчага ўпраўленьня падпалкоўнікам Г. А. Казакевічам. У пастанове пазначана:
«...прымаючы пад увагу, што Лябедзька А. В. падазраецца ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкага злачынства, знаходзячыся на волі, можа схавацца ад органа крымінальнага перасьледу і суду, перашкодзіць папярэдняму расьсьледаваньню крымінальнай справы або разгляду яе судом, у тым ліку шляхам аказаньня незаконнага ўзьдзеяньня на асобаў, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, утойваньня або фальсыфікацыі матэрыялаў, якія маюць значэньне для справы, кіруючыся арт.арт. 116, 117, 118, 119, 126 КПК Беларусі, прымяніць у дачыненьні да падазраванага меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту ў СІЗА КДБ».
З гэтага вынікала адно: я застаюся ў «амэрыканцы». Усярэдзіне нешта абарвалася. Надзея? Так, яна. Плясь — і толькі аскепкі: працінаюць, драпаюць, сьвішчуць. Балюча, але ад гэтага не паміраюць.
Было бачна, што «тройка» ўпіваецца момантам. Самаздаволеньне разьліта па ўкормленых, гладка паголеных тварах. Матывацыі цесна ў старым мундзіры. На гэтай справе можна і зорачку злавіць на пагон, і іншыя дывідэнды займець.
— Вам усё зразумела? — пытаецца маладзейшы, што за сталом справа.
— Чытаю пастанову і не магу зразумець: а ў чым канкрэтна палягае мая віна?
Старэйшы па ўзросьце і, мабыць, па званьні аж разьвесяліўся, пачуўшы маё пытаньне.
— Анатоль Уладзіміравіч, ды ў вас столькі грахоў — на дзесяцёх хопіць.
Вось так, проста ў лоб, без аніякай дыпляматыі. Адчуваю, што спакой пачынае пакідаць мяне.
— А я ж думаў, што грэх — гэта хутчэй катэгорыя маральная, і ўжо ж ніяк не прававая. Дый, ведаеце, я ня бачу тут Ісуса Хрыста, які вызначыў бы ступень маёй грахоўнасьці. І ня вам гэта рабіць з вашай рэпутацыяй і вашым стаўленьнем да закону і Канстытуцыі.
Спрачацца ня сталі. Толькі кароткае, як стрэл: «Вывесьці!»
У дворыку пад нагамі храбусьціць сьнег. На галаву падаюць сьняжынкі. Захацелася зачэрпнуць гэтай белай пудры ўсёй жменяй. Інстынктыўна правёў пальцамі па жалезе наручнікаў. Хочаш, але ня можаш. Гэта і ёсьць несвабода. Апошні позірк на неба над галавой без разьдзяляльных лініяў і калючага дроту. Дзьверы ўсхліпнулі і зачыніліся за сьпінай. Як мінімум яшчэ сем сутак мушу правесьці ў «амэрыканцы». Унутраны голас ужо не такі рашучы і ваяўнічы. Мне гэта не падабаецца ўсё больш і больш.
Прымаю рашэньне ўладкоўвацца грунтоўна. Камэра № 4 — маё новае жыльлё. Калі спачатку здавалася, што ўсё, што адбываецца, — абсурднае, але часовае непаразуменьне, то цяпер я схільны думаць, што гэта сур'ёзна і, магчыма, надоўга. Прынамсі, даўжэй, чым звычайна. Падобна, мне проста помсьцяць. Як мне толькі што папулярна растлумачылі, «за старыя грахі». Другая вэрсія: трымаюць як закладніка. Хутчэй за ўсё, дзеля бартэру. Лукашэнка любіць падгандлёўваць людзьмі. Асабліва са сьпісу сваіх асабістых ворагаў.
Вывучаю жытло. Пяцімэтровы пэнал звужаецца да дзьвярэй і пашыраецца да двух вокнаў накшталт байніц у крэпасьці. Тут можна гадзінамі як маятнік шпацыраваць ад дзьвярэй да вокнаў і назад. Паміж чатырма жалезнымі двух'яруснымі нарамі. Адзін стол, два крэслы, умураваныя ў бэтон. Тры драўляныя тумбачкі-інваліды часоў Леаніда Ільіча. Невялікая белая ракавіна рукамыйніка, аднавэнтыльны кран, губка мыць посуд. Тры плястмасавыя кручкі для вопраткі справа ад уваходу. Невялікі тэлевізар — як ластаўчына гняздо над дзьвярыма. Над ім ліхтар начнога асьвятленьня. Тут жа вэнтыляцыйная дзірка ў калідор, празь якую працягнуты тэлевізійны кабэль. Сьцены брудна-салатавага колеру. Верхні пласт шмат дзе — як аблезлая ад загару сьпіна. Палосы, дзе фарба паадвальвалася, суседнічаюць з пухірамі, якія ад найлягчэйшага дотыку рассыпаюцца ў пацяруху. Насьценнага жывапісу, як і запісаў пра гісторыю і біяграфічныя зьвесткі пастаяльцаў, няма. У адрозьненьне ад Акрэсьціна, дзе народнай творчасьцю сьпісаныя драўляныя насьцілы, сьцены, дзьверы. У адкрытую фортку, пакрытую зморшчынамі жалезных прутоў, зьвісае важкі лядзяш. За акном сьцяна іншага будынка. Закратаваны чорны квадрат Малевіча! Змрачнавата.
Але галоўная адметнасьць камэры № 4 — вядома ж, яе насельнікі.
Ігар Аліневіч, 28 гадоў, мянчук. Высокі, з кароткай стрыжкай, у залысінах і з пучком валасоў, які падае на патыліцу. Праходзіць па справе анархістаў, якія абвінавачваюцца ў падпалах расейскай амбасады, Міністэрства абароны і яшчэ нейкіх аб'ектаў.
Кірыл, невысокі чарнявы сымпатычны хлопец. Зь Менску. Меў згубную звычку браць грошы ў доўг і не аддаваць. Дзьве дзяўчыны напісалі заявы, і махляр апынуўся за кратамі. Кірыл гатовы кампэнсаваць экспрапрыяваныя 600 тысяч беларускіх рублёў (хто б сумняваўся!), але жаданьні аднаго не супадаюць з намерам іншых. Як вынік — ужо чацьвёрты месяц у СІЗА. Выснова: або ён не зусім шчыры, або прыклад чарговага абсурду.
Максім, самы малады з усіх сукамэрнікаў. Дваццаць з хвосьцікам. Цела размаляванае татуіроўкамі ад шыі да ступняў. Толькі адна рука — як некранутае палатно. Максім — старажыл. Тут ён больш за год. У яго ўжо і тэрмін ёсьць — 9 гадоў за захоўваньне і распаўсюджваньне наркотыкаў. Але ў калёнію не пераводзяць, бо нібыта адкрыліся новыя акалічнасьці па іншай крымінальнай справе. Што за акалічнасьці, пакуль так і не праясьніў для сябе.
Яшчэ адзін падсьледны — Уладзімір Ціток. Ужо ў сталым веку, пад шэсьцьдзесят. Жыхар Магілёва. Тут не прынята распытваць аб прычынах знаходжаньня ў «амэрыканцы». Толькі добраахвотная споведзь. Уладзімір кажа, што прывёз на дачу машыну пяску. Вось і ўсё злачынства. Выходзіць, што КДБ курыруе распрацоўку і эксплюатацыю пяшчаных кар'ераў.
Мяне сустрэлі ветліва. Як мінімум двое нядрэнна абазнаныя, ху із містэр Лябедзька. Учора першым чынам паспрабавалі накарміць. Матывацыю галадоўкі ўспрынялі з разуменьнем.
Усе чацьвёра — курцы з розным аб'ёмам удыханьня нікатыну. Камэра насычана пахамі чалавечых целаў (якія абмываюцца гарачай вадой раз на тыдзень), сырасьці, тытунёвага дыму. Асобная тэма — адкіды жыцьцядзейнасьці. Наведваньне туалета рэглямэнтаванае. Толькі два разы на працягу дня. Першы раз — пасьля пад’ёму, а шостай раніцы, і гэтую працэдуру мне ўжо давялося назіраць сёньня. Другі — падвечар. У такіх умовах нармальнае функцыянаваньне стрававальнай сыстэмы — гэта жыцьцёвая неабходнасьць. Паўтаруся, каналізацыю тут замяняе плястыкавы дзесяцілітровы цэбар зь вечкам. Такі, толькі алюмініевы, я бачыў у Бэрліне, у турме Штазі. Сёньня там музэй, у якім гаспадараць былыя палітвязьні. А тут беларуская рэальнасьць.
Аказваецца, змагацца зь непрыемнымі пахамі можна пры дапамозе мандарынавых і апэльсінавых лупінаў, якія закідваюцца ў пасудзіну. Такі сабе натуральны дэзадарант. Як ідуць у туалет, прыхопліваюць з сабой дзесяцілітровую ёмістасьць і кошык для сьмецьця з адкідамі, якія набраліся за дзень.
Ад бэтоннай падлогі цягне магільным холадам. Жалезныя двух'ярусныя нары. Пад ніжнімі — манаткі пастаяльцаў. Аднолькавыя клятчастыя торбы. Такія ў хаду ў «чаўнакоў» на рынках. Тут жа на падлозе глянцавыя нумары «СБ» (газэты «Советская Белоруссия»), якія выконваюць функцыю падсьцілкі для гародніны ды садавіны. У нішы акна-байніцы — шматлікія плястыкавыя кантэйнэры з салам, сырам і іншымі прадуктамі, атрыманымі зь «Вялікай зямлі», гэта значыць ад сваякоў. У фортцы, паміж дзьвюх аконных рам, прывязаны да кратаў пакет з каўбасой. Такая вось натуральная халадзільная камэра.
На нары я гляджу з зайздрасьцю. Бо мой ложак — гэта насьціл з чатырох драўляных дошак, змацаваных папярочнымі брускамі. Такія называюць па-рознаму — хто сэрфінгам, хто шконкай. Я б назваў яго асколкам Акрэсьціна, дзе мне давялося бываць ня раз. Там увогуле няма нічога, акрамя драўлянага насьцілу. Ні бялізны, ні матрацаў. Сьпіш на голых дошках. Дзён так празь пяць косьці пачынае ламаць нават у дваццацігадовых.
На працягу дня чатыры разы выдаюць лекі. У камэры захоўваць мэдыкамэнты забаронена, таму яны ў скрынях у калідоры. Выдачу санкцыянуе лекар. Выдае кантралёр, робячы адпаведны запіс у журнале. Лекі трэба спажыць на вачах наглядчыка. Калі ў вас знойдуць таблетку, якая не пайшла па прызначэньні, гэта ўжо парушэньне і, як вынік, канфліктная сытуацыя.
А яшчэ, як запэўніваюць новыя знаёмыя, можна раз на месяц замовіць цырульніка. Праўда, ніхто з прысутных гэтым правам ні разу не скарыстаўся. Аддаюць перавагу самаабслугоўваньню. Паводле прынцыпу «я цябе пад нуль, ты мяне пад двойку». Па аўторках і чацьвяргах падсьледным выдаецца набор прыладаў, каб галіцца, станок, пена для галеньня, люстэрка. Яны захоўваюцца ў тых жа скрынях каля дзьвярэй з вонкавага боку, што і мэдыкамэнты. Практыкуецца і запрашэньне сьвятароў. Са слоў сукамэрнікаў, такія выпадкі былі зафіксаваныя. Прынамсі адзін. Можа, гэта супрацоўнікі камітэту ўбіраюцца ў сутану, каб пачуць споведзь?
23 сьнежня, чацвер
У кране няма вады — значыць, скончыліся выбары. Краіна патанае ў буднях. У камэрах толькі халодная вада, але сёньня з адкручанага крана даносяцца толькі шыпеньне і бульканьне. Праблемы з каналізацыяй. Няма вады, няма і гарачай гарбаты. Гэта істотна ўплывае на настрой. Усе ўдарыліся ў маўклівае чытаньне ўперамежку з дрымотай. Зрабіў лёгкую зарадку. Злавіў лёгкі зоркалёт. Уваччу пацямнела і заскакалі нейкія яркія кузуркі. Значыць, арганізм не падманеш. Аднак і ў галадоўкі ёсьць свае плюсы: ня трэба прыстасоўвацца да часу наведваньня туалета.
У носе адліга. У новай камэры тэмпэратура істотна ніжэйшая, чым у папярэдняй. І калі там народ хадзіў у майках, дык тут усе ў швэдрах, з шалікамі на шыі. Старажылы папулярна растлумачылі, што дванаццатая камэра, зь якой пачалося маё знаёмства з «амэрыканкай», адносіцца да разраду «элітных». Так бы мовіць, нумар павышанай камфортнасьці. Тут жа ноччу холад праточваўся пад коўдру і рваў сон на шматкі. Нацягнуў на сябе ўсё, што было і ў што можна было загарнуць пупырышкі ўласнага цела. Каэфіцыент цеплавога ўзьдзеяньня быў мінімальны. Хвіліны неспаньня прыкрашвае хор храпуноў. То зь пералівамі, то зь перакатамі. Мая галава за 30–40 сантымэтраў ад галавы Ўладзіміра, галоўнага саліста гэтага хору. А легчы па-іншаму — аніяк. Адзін канец насьцілу-ложка даводзіцца класьці на жалезную табурэтку, умантаваную ў падлогу, другі — на тумбачку. Старую, выцёртую да брудна-белага мяса драўніны. Раніцай згортваю ў рулён пасьцель, запіхваю пад ніжнія нары. Драўляную шконку прыстаўляю стаўма да сьценкі каля ўваходу.
Падчас ранішняга абыходу замовіў сустрэчу зь лекарам. З насмаркам усё ж лепш змагацца на пачатковай стадыі.
Сёньня выйшаў на шпацыр. Больш дзеля цікаўнасьці. Нас спусьцілі па лесьвіцы. Вывелі на вуліцу і завялі ў адзін зь пяці прагулачных дворыкаў. Закутак такі ж, як і камэра, толькі бяз нараў. Ды над галавой мэталічная сетка ў буйную клетку. Брудныя, абшарпаныя сьцены з расколінамі, празь якія выглядвае чырвоная цэгла. Пад нагамі вышчарблены асфальт. Каб не адчуваць панурага ўзьдзеяньня сьцен, позіркі людзей на шпацыры скіраваныя ў нябёсы. Над падворкамі літарай «Г» узвышаецца памост пад казырком. Па ім крочыць кантралёр і назірае за тым, што робіцца ў пяці дворыках і ў жалезнай клетцы. Зьлева па курсе дворыкі, справа — клець. У драўлянай скрыні — магнітола, з дапамогай якой ажыцьцяўляецца музычнае суправаджэньне шпацыра. Гэта не элемэнт забавы, а своеасаблівая глушылка, каб не было камунікацыі паміж падсьледнымі з розных дворыкаў. Побач з музычнай скрыняй — масіўная чырвоная кнопка. Хутчэй за ўсё, сыгналізацыя.
* * *
Разжыўся на канвэрты. Гуманітарная дапамога ад тых, хто, як і я, закаркаваны ў гэтай бутлі. Першым чынам на адным дыханьні напісаў яшчэ адзін ліст жонцы і сыну. Выйшла жыцьцярадасна і аптымістычна. Спадзяюся, гэта хоць трошкі дапаможа ім у супрацьстаяньні з дрэннымі думкамі.
Затым узяўся за пасланьне генэральнаму пракурору Васілевічу. Гэты бандыцкі напад на кватэру з выбіваньнем дзьвярэй і пагрозамі распачаць страляніну стрэмкай сядзіць ува мне. Пагатоў няма ніякай інфармацыі пра тое, што там адбывалася пасьля майго затрыманьня. Падрабязна апісаў падзеі той страшнай ночы, і на душы палягчэла: хоць пракурору раскрыць душу, перапоўненую эмоцыямі. Як падказалі знаўцы мясцовых працэдур, канвэрт са зваротам да генпракурора можна запячатваць, і цэнзар ня мае права ўскрываць яго. Усю астатнюю карэспандэнцыю трэба перадаваць у адкрытым канвэрце, і яна ў абавязковым парадку праходзіць празь мясцовую цэнзуру. Існуе шэраг забаронаў і табу. Да прыкладу, нельга згадваць прозьвішчы тых, хто разам з табой знаходзіцца ў СІЗА, нельга апісваць прыслугу «амэрыканкі».
* * *
У «амэрыканку» прыбыло падмацаваньне. Да пэрсаналу СІЗА, які носіць зялёны камуфляж, дадаліся людзі ў чорным без аніякіх апазнавальных знакаў. Яны вылучаліся ня толькі колерам адзеньня, але і дэманстратыўнай агрэсіяй. Кожны кантакт з чорнымі суправаджаўся сутычкамі і канфліктамі. Яны не спрабавалі размаўляць, яны гаварылі нават не на павышаных тонах, яны элемэнтарна гарлалі. Зь першых хвілін свайго зьяўленьня. Цэлы дзень, ад пад'ёму да адбою. Найбольш шчыраваў невысокі, чорны як смоль, з густым шчаціньнем на выпуклым падбародку. Да яго адразу ж прыляпілася мянушка Барада.
Асабліва балюча ўспрынялі зьяўленьне незнаёмцаў тыя, хто ўжо адседзеў у «амэрыканцы» не адзін месяц. Яны нічога не разумелі, але адчувалі, што іх пазбаўляюць звыклага, усталяванага ладу жыцьця. Напружаньне пратэставых настрояў нарастала, то тут, то там успыхваючы канфліктамі і сутыкненьнямі з прыхаднямі. Чутнасьць тут добрая. Як у філярмоніі. Кантынгент не жадаў саступаць. Усе дружна пацягнуліся да кніжкі брудна-зялёнага колеру, якая дагэтуль самотна боўталася на кручку для адзеньня. Гэта Правілы знаходжаньня падсьледных у СІЗА КДБ. Дакумэнт падпісаны начальнікам камітэту і завізаваны генэральным пракурорам. Працэдуры расьпісаныя ў ім падрабязна, і ня толькі абавязкі, але і правы.
Са зьяўленьнем неідэнтыфікаваных незнаёмцаў узьнікла калектыўнае, неадступнае пачуцьцё трывогі. Набліжэньне зьменаў бударажыла і хвалявала. Адчувалася, што «чорныя» зьявіліся невыпадкова і, здаецца, мелі на руках карт-блянш. Тое, што ўчора было жахлівым, у параўнаньні зь сёньняшнім такім ужо не выглядае. Тады якім жа можа быць заўтра?
Што нязьменна, дык гэта ледзяшы за вакном. Праўда, і яны то набіраюць вагу, то губляюць яе.
24 сьнежня, пятніца
Раніцай нас чакаў сюрпрыз. Калі дзьверы адчыніліся, перад намі паўсталі ня толькі кантралёры, але і дзьве постаці ў чорных камбезах і... масках. Гэта што за маскарад?! Па ўсім відаць, гэта вынік учорашніх татальных сутыкненьняў кантынгенту зь невядомымі людзьмі, што аб’явіліся ў СІЗА. Сёньня незнаёмцы схавалі свае твары пад маскамі. Мабыць, так ім камфортней выконваць сваю місію па запалохваньні. Адразу пасьля ранішняй паверкі з усіх камэраў забралі Правілы, якія рэглямэнтуюць правы і абавязкі як падсьледных, так і адміністрацыі. У камэры ўспыхнула дыскусія: што б гэта магло азначаць? Толькі адно: у СІЗА ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. Мы ў поўным распараджэньні невядомых у чорным. І, падобна, у іх адны правы, а ў нас засталіся толькі абавязкі.
* * *
Мінулая ноч была лепшая. Напэўна, гены прывыканьня пачынаюць прыстасоўвацца і адаптавацца да сытуацыі. Прыбраў свой самаробны ложак. Пачысьціў зубы, якія шосты дзень адпачываюць. Паплюхаўся пад вадаспадам пырскаў з аднавэнтыльнага крана. Чарговая раніца без зарадкі. Сілы трэба эканоміць. Запускаю сілазьберагальны рэжым жыцьцядзейнасьці.
* * *
Перадаў празь дзяжурнага дэмпрывітаньне беларускаму правасудзьдзю, то бок абскардзіў сваё знаходжаньне пад вартай. Справа з нулявой пэрспэктывай, але ўсё ж вырашыў ёю заняцца. А чым яшчэ, уласна, запаўняць пустоты часу, якія нечакана паўтвараліся? У пастанове аб маім арышце сьцьвярджаецца, што я ў змове з групай асобаў рыхтаваў хаос на вуліцах, беспарадкі ў галовах. Фантазіі расьцьвітаюць, як чартапалох на недагледжаных могілках. Бо з большасьцю асобаў, пералічаных у пастанове, я наагул не перасякаўся падчас выбарчай кампаніі. Выходзіць, кантактаў не было, а змова, ды яшчэ наўмысная, мела месца! Тое, што ляжыць на паверхні, перашкаджае ўбачыць бервяно ў воку сьледзтва. Надзеяў на судовую справядлівасьць аніякіх, але чаму б не сабраць аўтографы саўдзельнікаў гэтага самаўпраўства? За апошнія гады ў мяне сфармавалася ўстойлівая і абгрунтаваная пазыцыя што да сыстэмы беларускага правасудзьдзя. Не аднойчы спрабаваў зазірнуць пад павязку мясцовай Тэміды. Занятак беспэрспэктыўны. На жаль, краіна каторы год жыве безь незалежнай судовай сыстэмы. На будынках можна ўбачыць шыльды «Канстытуцыйны суд», «Вярхоўны суд», «Суд Цэнтральнага раёну г. Менску», але ўсё гэта абалонка, форма бязь зьместу. Судовая сыстэма Беларусі ператварылася ў адзін з шматлікіх аддзелаў адміністрацыі «Чырвонага дома». А людзі ў чорных мантыях сталі чыноўнікамі, якія выконваюць функцыі палітычных кілераў. Памятаецца, у сярэдзіне дзевяностых мінулага стагодзьдзя яшчэ знаходзіліся судзьдзі, якія выносілі пастановы і прысуды на падставе закону і Канстытуцыі, а не па званку з адміністрацыі Лукашэнкі. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што ў той час судзейскі корпус меў выбар і магчымасьці. У выпадку ціску судзьдзя мог павесіць мантыю на кручок і сысьці ў прыватны натарыят або адвакатуру. Гэта значыць — туды, куды ня быў пракладзены кабэль прэзыдэнцкага тэлефоннага права. Але Лукашэнка падправіў сытуацыю. Некалькі ягоных указаў — і гэтыя выспачкі незалежнасьці пайшлі на глыбокае дно манаполіі. З таго часу ўсе судзьдзі жорстка прывязаныя да Лукашэнкі. Мне гэта нагадвае вялікі калгасны кароўнік. У кожнага судзьдзі сваё стойла, сваё таўро, свая кармушка і адзін паганяты.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка