108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка19/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21
— Майку адправілі на склад.
— Чаму?
— Яна нестандартная.
— А што гэта азначае?
— Гэта пытаньне не да мяне.
Значыць, зь нейкім надпісам ці малюнкам. Хоць першым разам пракаціла. Калегі перадалі мне майку з коньмі на скаку (конь — сымбаль Аб'яднанай грамадзянскай партыі). Дакладней, перадаў яе Арцём, але я адразу зразумеў, што гэта пасланьне з офіса.
Тады на майку з коньмі, якія імчаць на свабоду, адразу ж паклаў вока Раманоўскі: «Анатоль, падорыш мне яе разам з аўтографам?»
Што ж гэтым разам?
* * *
Апошнім часам ні дня без радка вершаў. І сёньня не выключэньне.
Жыцьцё бяжыць, і мы сьпяшаемся

Пасьпець туды, куды спазьняемся.
Жыцьцё стаіць, мы ж завіхаемся,

Вагон праблем сьпіхнуць стараемся.
Жыцьцё грызе, і мы кусаемся,

Да бульбы з салам локцем прабіваемся.
А паралельна цешуся Хуліё Картасарам. Гэты пісьменьнік — маё адкрыцьцё. Вельмі незвычайная мова. Рэдкі выпадак, але некаторыя апавяданьні перачытваю па некалькі разоў. Сюррэалізм з наваротамі — вось што складае рацыён майго цяперашняга чытаньня. У нагрузку чытаю «Скрыню Пандоры». Просьценькае чытво.
Па вячэры — каманда зьбірацца ў душ. Робім гэта з задавальненьнем. Пасьля сыходу масак нам даюць паўнавартасныя пятнаццаць хвілін памыцца самім і памыць рэчы. Застаўся ў мінулым брыдкі кашмар, калі ты быў вымушаны на бягу скідаць зь сябе адзежу, пасьпешліва адкручваць кран. Калі падстаўляеш цела пад струмень, а адтуль ня проста халодны — ледзяны паток. А за дзьвярыма гэтае дэбільнае гы-гы-гы. Потым, калі цябе палкамі ўжо выганяюць з душа, раптам зьяўляецца гарачая вада і зьдзекліва дыхае парай табе ў твар. І ты кідаесься ў яе ўсім целам, каб вынесьці на сабе хоць бы гарачыя кроплі. Тут літаральна ўсё можна ператварыць у прыладу катаваньняў і зьдзекаў.
Дзякуй богу, пра гэта засталіся толькі ўспаміны. Пятнаццаціхвілінныя водныя працэдуры змылі ўвесь нэгатыў мінулага дня. Чым менш магчымасьцяў, тым вастрэйшыя адчуваньні. Ад гарачага душа толькі прырастаеш пазытыўнымі эмоцыямі. Справа ня толькі прыемная, але і карысная. Папамылі ўсё па поўнай праграме, і цяпер нары ў гірляндах шкарпэтак і бялізны. І мы ўсе ў чыстым.
А за акном усё абвалакае цемра. Яшчэ адзін тыдзень вытхнуўся. І дзякуй Богу.
14 сакавіка, панядзелак
На ранішняй паверцы зрабіў спробу ўдакладніць, у чым палягала нестандартнасьць перададзенай мне майкі. Дзяжурны разыграў шчырае зьдзіўленьне. Маўляў, упершыню чую. І буркнуў звыклае: «Разьбяромся», што азначае, што ніхто ні ў чым разьбірацца ня будзе. Заўтра можна ўсё паўтарыць і ўбачыць яшчэ адну фізіяномію, па якой таксама пару разоў стукнулі зьдзіўленьнем. Так можна перабраць усіх дзяжурных, і вынік будзе аднолькава прагназавальны. Так што майка і яе законны гаспадар змогуць сустрэцца, толькі калі я зьмяню месца часовай, спадзяюся, прапіскі ў СІЗА КДБ.
Пасьля адмены ў «амэрыканцы» рэжыму надзвычайнага становішча, калі СІЗА пакінула «зондэркаманда» масак, выходныя запоўніліся нязвыклай цішынёй. Мы зь Ігарам гадзінамі вядзем то разьмераныя дыялёгі, то дыскусіі. Я бачу, адчуваю, як праз гэтыя гутаркі ён адкрывае для сябе іншую Беларусь. Тую, зь якой ён не сутыкаўся ў сваім ранейшым жыцьці. Хлопец разумны, начытаны, адукаваны. Мяне забаўляюць ягоныя крыху наіўныя пытаньні. Ну, напрыклад, чаму б вам не прапанаваць уладзе зладзіць дыскусію на тэлебачаньні?
— Вось ты, Анатоль, распавядаеш пра праграму, пра напрацоўкі ў сфэры эканомікі, кіраваньня. І гэта гучыць пераканаўча, прынамсі для мяне. Але нічога падобнага я ніколі ня бачыў па “яшчыку”.
І я разумею, што такія ж пытаньні гатовыя задаць большасьць грамадзян Беларусі.
Тлумачу, што тэлебачаньня як сродку масавай інфармацыі ў Беларусі няма, не існуе. Ёсьць міністэрства прапаганды, складнікам якога служаць дзярж-СМІ. А там дыскусіяў ня можа быць у прынцыпе. Усё, на што пагаджаецца ўлада, — гэта раз на чатыры гады пяціхвілінны выступ на радыё і ТБ для кандыдата ў дэпутаты парлямэнту ад апазыцыі. Прычым пры ўмове, што цябе зарэгістравалі і што цэнзура дала дабро на трансьляцыю запісу твайго выступу. У патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты магчымасьці данесьці сваю вестку да выбаршчыка крышку большыя, але ўсё роўна мізэрныя: два трыццаціхвілінныя выступы на ТБ. Раз на пяць гадоў. Зноў жа пры ўмове, што ўлада дазволіць табе зарэгістравацца.
Гэта вельмі нагадвае часы фашысцкай Нямеччыны. Там СМІ таксама гралі выключна прапагандысцкую ролю. Таму калі б даволі вядомы ідэоляг таго часу Гебэльс раптам уваскрос, то ў Беларусі ён знайшоў бы сваіх вучняў і пасьлядоўнікаў. Прычым у вялікай колькасьці.
— Але ж гэта як мінімум несумленна, — разважае мой суразмоўца. — Бо тое ж тэлебачаньне ўтрымліваюць падаткаплатнікі, сплачваючы падаткі. А сярод іх ёсьць і тыя, хто гэтую ўладу падтрымлівае, і тыя, хто яе крытыкуе. Выходзіць, апошнія зазнаюць дыскрымінацыю з усімі наступствамі, якія адгэтуль вынікаюць. І я адзін зь іх.
Прыемна размаўляць з кемлівым чалавекам. Усё так і ёсьць. Плацяць усе, але карыстаюцца паслугай толькі прыхільнікі ўлады.
Успомнілі «ліхія 90-я», калі пасяджэньні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня паказвалі ў жывым эфіры. І гэтым у поўнай меры карыстаўся той жа Лукашэнка. Карыстаўся, каб пасьля ўсталяваць татальны кантроль над электроннымі СМІ. Сёньня ён выкарыстоўвае тэлевізійную вышку як шпрыц з наркотыкам. І каб не Інтэрнэт, каб не незалежныя газэты, «Белсат» і некалькі радыёстанцыяў, то сытуацыя была б зусім паршывая.
* * *
З офіса АГП мне перадалі невялікі тэлевізар, але апошнім часам эфір забіты суцэльным сьмецьцем. Тэлеканалы, ні беларускія, ні расейскія, не рэтрансьлююць. Нас частуюць выключна запісанымі і загадзя падабранымі перадачамі. Як правіла, гэта прадукт нейкай студыі «РусТВ». Напэўна, зь ёй у беларускага КДБ заключаны доўгатэрміновы кантракт. Пускаюць у эфір такую ​​махровую поскудзь, што пару разоў мы проста выключалі тэлевізар. Але нумар не прайшоў: кантралёр давёў да нашага ведама, што прагляд праграмаў абавязковы для ўсіх. Так што я ўжо задумваюся, ці не вярнуць скрыню ў партыйны офіс. А пакуль прыбіраем гук на нуль. Але вось учора ўключылі на поўную. Па лякальнай сетцы КДБ пусьцілі фільм «Сыстэма Пуцін». Зразумела, гэта было поўнай неспадзяванкай. Калі я ўбачыў тытры, аслупянеў. Гэта ж трэба, такая антыпуцінская стужка ў кінапракаце беларускага КДБ! Крок відавочна не прыязны. Мне давялося пабываць на прэм'еры фільму на кінафэстывалі ў Кіеве. Я нават пагутарыў з аўтарам, рэжысэрам з Францыі Жанам Мішэлем Кары. І вось цяпер такі сюрпрыз! Умеюць жа зьдзівіць, калі захочуць. Вось цікава, а ці Ўладзімір Уладзіміравіч зьдзівіўся б?
15 сакавіка, аўторак
Прамінулага дня не шкада. Тым больш прэснага. Пагатоў кожны дзень, адыходзячы ў мінулае, хоць на крок набліжае да таго, што можна будзе назваць разьвязкай. Большую частку часу правёў над сшыткам, адведзеным для лістоў дадому.
«Крыху пацяплела, і гэта ўжо пазытыўны трэнд. Цяпло і сьвятло — гэта антыдэпрэсанты. Партфэль з навінамі пусты. Думак у галаве шмат, але на паперу яны не кладуцца. Сон розуму — гэта адзінае, што я магу сказаць пра сваю сытуацыю. Што будзе ў пэрспэктыве, пакажа час. Застаюся аптымістам».
Дарэчы, гэта маё дваццаць сёмае пасланьне дадому. Праўда, ня ведаю, колькі зь іх дабралася да паштовай скрыні, што па вуліцы Лесі Ўкраінкі.
Потым пісаў, крэмзаў у сшытку, адведзеным для творчых парываў. Калі так пойдзе і далей, то можна будзе казаць пра цэлую паэму ў фармаце кароткіх разважаньняў.
Жыцьцё нас б'е, ляцім і кувыркаемся,

Аб зайздрасьць, лізаблюдзтва удараемся.
Жыцьцё — паклон, пакрыху выпрамляемся,

З калень у поўны рост мы падымаемся.
Жыцьцё — кіно, ў экран мы углядаемся.

Мы формай замест зьместу захапляемся.
У мяне ўжо набралася прыстойная колькасьць вершаў пра будні «амэрыканкі». Жорсткая турэмная лірыка. Нават не сумняваюся: калі яна трапіць у рукі мясцовай адміністрацыі, нічога добрага ня будзе. Таму частку творчасьці даводзіцца кансьпіраваць і камуфляваць. А потым іншым разам і сам зь цяжкасьцю разьбіраю, што напісаў. Звычайна радкі нараджаюцца падчас шпацыру, і калі па вяртаньні ўсе першым чынам шыхтуюцца да рукамыйніка, я, не распранаючыся, хапаю сшытак, асадку і пераношу на паперу складзенае ў турэмным дворыку.
* * *
У паўзах паміж творчасьцю і пісаньнем вестак дадому чытаў і займаўся «разумовай гімнастыкай». Цяпер краіна перажывае пэрыяд закручваньня гаек. Але тут можна перастарацца і разьбу сарваць. Стратэгічна ўладзе нявыгадна даводзіць адносіны з Захадам да поўнага разрыву. Канфрантацыя з Эўрапейскім Зьвязам і ЗША немінуча прывядзе да актывізацыі эканамічнай экспансіі Крамля. У гэтай сытуацыі Лукашэнка скарачае сваю прастору для палітычнага манэўру. Да прэзыдэнцкай кампаніі ён эфэктыўна выкарыстоўваў тактыку падвойнага шантажу. Ехаў у Маскву і недвухсэнсоўна намякаў: калі ня будзе танных энэрганосьбітаў і крэдытаў, прэфэрэнцыяў для беларускіх тавараў на расейскім рынку, то Беларусь можа заключыць «шлюбны кантракт» з Брусэлем. І ў гэты час, як наглядны доказ сказанага, у прыёмнай «Чырвонага дома» зьявілася чарга з Хавіера Саляны, Бэніты Фэрэра-Вальднэр, Сыльвіё Бэрлюсконі, Сікорскага, Вэстэрвэле і іншых даволі вядомых палітыкаў. Паралельна пасланцы беларускага кіраўніка высаджвалі дэсанты ў эўрапейскіх сталіцах і заклікалі да палітычнага прагматызму. Маўляў, трэба зьнізіць плянку патрабавальнасьці да афіцыйнага Менску. Калі не заплюшчыць адно вока і не прыкрыць адно вуха, то здарыцца непапраўнае: у Беларусь прыйдзе Расея, і будуць тады эўрапейцы церціся аб плячо расейскага мядзьведзя. Тактыка падвойнага шантажу працавала і прыносіла Лукашэнку палітычныя дывідэнды.
Чым мацней закручваюцца гайкі, чым больш жорстка ідуць рэпрэсіі ў дачыненьні да апанэнтаў беларускіх уладаў, тым больш прывіднай робіцца магчымасьць выкарыстаньня тактыкі балянсаваньня паміж Масквой і Брусэлем, тым менш прасторы для манэўру ў Лукашэнкі. Але на іншай шалі — асабісты страх і боязь страціць кантроль над сытуацыяй. І, здаецца, менавіта гэты трэнд у бліжэйшай пэрспэктыве будзе дамінаваць.
Мне здаецца, што і Эўрапейскі Зьвяз павінен перагледзець сваю стратэгію. Напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году крэн у бок прагматызму і на шкоду каштоўнасьцям быў відавочны. Брусэль пагадзіўся на непасрэдны дыялёг зь беларускімі ўладамі, абмінаючы апазыцыю. І першае, і другое было памылкай.
16 сакавіка, серада
З дому прыйшлі непрыемныя навіны: Арцёмка прыхварэў. Здаецца, грып. Гэта мой завочны дыягназ. І ў сваім чарговым лісьце я не прамінуў падзяліцца багатым вопытам супрацьстаяньня хваробе: «Цёма, ты налягай на часнок і цыбулю. Гэта, з майго досьведу, самае эфэктыўнае ў змаганьні зь вірусамі. Папраўляйся, сына, я за цябе памалюся. Цябе чакаюць справы!»
Свой фізычны стан ацэньваю здавальняюча. З праблемаў — толькі тое, што лопнуў чарговы сасуд у воку. Гэта наступства, а прычына — дрэнная асьветленасьць камэры плюс агульная аслабленасьць арганізму. Гэта паўтор напісанага ўжо не аднойчы, але дыягназ можна толькі паўтараць.
Затое маральна-валявы дух — зусім нічога сабе. Што і фіксую ў лісьце. «Рэсурс трываласьці маёй не бязьмежны, але дазваляе з усіх сытуацый, што былі і, можа, будуць, выходзіць годна, захоўваючы самапавагу і адданасьць сваім жыцьцёвым прынцыпам».
* * *
Інфармацыя ўсё ж прарываецца скрозь мэтровыя сьцены «амэрыканкі». Гэта здараецца падчас прагулак. Пры ўмове, што ўключаюць FM-станцыі, а ня круцяць касэты пра Мурку. Але на навінны блёк яшчэ трэба натрапіць. Калі на шпацыр выходзіш апошнім, то, як правіла, пралятаеш міма інфармацыйнага патоку. Сёньня наша камэра сышла на выгул першай. Вельмі ўдала. Даведаліся пра «японскі Чарнобыль», трагедыю на атамнай станцыі Фукусіма. Жахліва! Ужо каму-каму, а беларусам ня трэба тлумачыць, што гэта значыць для краіны, для людзей. Ня толькі тых, хто жыве сёньня, але і тых, хто народзіцца заўтра. Хочацца верыць, што Японія — не СССР, і наступствы ня будуць такімі жудаснымі. Можа, чужое гора прыпыніць вар'яцкае жаданьне беларускіх уладаў будаваць атамную станцыю ў Астраўцы. Бо спаскудзяць жа, зьнявечаць такі цудоўны куток зямлі беларускай.
А яшчэ прайшла інфармацыя пра ваенныя дзеяньні ў Лібіі. Здаецца, у Муамара Кадафі сур'ёзныя праблемы. Экстравагантны палкоўнік вычарпаў крэдыт даверу мясцовых бэдуінаў. Стаміліся яны ад яго. Весткі зь Лібіі нас радуюць і натхняюць. Але б'юся аб заклад, што генэралісімуса Лукашэнку яны нэрвуюць і насьцярожваюць. Апошнім часам беларускі рэжым быў моцна арыентаваны на супрацоўніцтва і каапэрацыю з сабе падобнымі. Здаецца, прастора гэтага супрацоўніцтва сьціскаецца нават на афрыканскім кантынэнце. Падзеі ў Лібіі — яшчэ адна вестка аўтарытарным рэжымам. Усе яны сканчаюць аднолькава дрэнна.
* * *
Зь перадачай атрымаў пару новых маек. Уткнуўся ў адну зь іх. «Інгаляцыі» робяцца ўлюбёным заняткам. Надыхаўся. І раптам на тканіне бачу валасок. Арцёмкаў?! І праўда, ягоны. Расчуліўся. Беражліва спакаваў яго ў невялікі празрысты пакет. «Амэрыканка» зрабіла мяне сэнтымэнтальным як ніколі.
Ад сёньняшняга дня на нагах у мяне новыя вязаныя шкарпэткі. Напэўна, Сьветчыных рук праца. Гэтая думка — яшчэ адна дадатковая крыніца цяпла для душы і цела.
17 сакавіка, чацьвер
Часам размаўляю з блізкімі. Пра сябе. Гутарка цераз адлегласьць. І калі пачынаю iкаць, то першая думка: яны, мабыць, таксама спрабуюць гаварыць са мной.
* * *
Нейкія нядобрыя думкі. Нейкія сьлізкія прадчуваньні. Нейкі абрывачны, трывожны сон. Нейкая двухсэнсоўная размова з начальнікам СІЗА. Усё гэта насіць у сабе аказалася не пад сілу. Увечары засеў за ліст, і ў ім папярэдзіў і Сьвету, і Арцёма, каб былі ўважлівымі і асьцярожнымі на вуліцы, у ліфце, у кантактах зь незнаёмымі людзьмі. Нельга выключаць, што могуць быць учыненыя дзеяньні з налётам правакацыяў. У такім выпадку беражонага бог беражэ.
* * *
Задумаўся пра будучае падаражэньне аўтамабіляў. Клапатлівая ўлада рыхтуе сваім падданым падарунак з душком вялікай праблемы. Здаецца, нас хочуць вярнуць у СССР, калі аўтамабіль быў раскошай, а ня сродкам перамяшчэньня. Увядзеньне расейскага мыта прывядзе да таго, што цэны на аўто вырастуць на траціну. Такі несуцяшальны прагноз. Напэўна, цяпер гэта адна з надзённых тэмаў для народанасельніцтва краіны, калі і нас тут, у ізаляцыі, яна турбуе.
* * *
Час у СІЗА — гэта скрадзены час. У мяне. У маіх блізкіх. У краіны. Акалічнасьці прымусілі шмат што пераасэнсаваць. Я назіраю перамены ўнутры сябе. Я раблюся трохі іншым. Больш патрабавальным да сябе, ці што. Калі пашчасьціць у агляднай будучыні выйсьці на свабоду, мой распарадак жыцьця абавязкова зазнае зьмены. Перадусім буду вяртаць даўгі родным і блізкім. Час і ўвага — вось што я ім вінен. Да гэтай тэмы я зьвяртаюся ўсё часьцей і часьцей. Гэта маё пакаяньне!
* * *
Вечар дагарае аплаўленай сьвечкай. Цемра спусьцілася ў наш дворык, які ўпіраецца ў сьцяну. Сюды яна заўсёды прыходзіць крышачку раней. На праспэкце Незалежнасьці ў гэтыя хвіліны, напэўна, яшчэ блікі сонца на заходзе, а ў нас ужо змрок.
Звон — гэта нашы гаваркія куранты. Яны беспамылкова падказваюць, што да адбою засталася гадзіна. Я дапісваю апошнія радкі ліста. На адваротным баку канвэрта стаўлю лічбу «29». Столькі лістоў напісана маім любым.
18 сакавіка, пятніца
Раніца пачалася з пагрозаў з вуснаў Баптыста. Кантралёру не спадабалася, што мы нібыта вяла і павольна шыхтаваліся за чырвонай разьдзяляльнай паласой. Прыгразіў карцэрам. Не спрацавала — рэакцыі ніякай. Пасьля двухмесячнага тэрору масак нас ужо цяжка нечым зьдзівіць, а пагатоў напалохаць. Бачачы наш спакой, Баптыст нэрваваўся і паскудзіў па-дробнаму. Не пасьпелі згатаваць ваду ў збане, як ён запатрабаваў кіпяцільнік назад. Потым «забыўся» выдаць нож нарэзаць сала. На давяршэньне ўсяго запатрабаваў дадаткова шліфаваць мокрай анучай халодны бэтон падлогі.
* * *
Я тым часам прыняў рашэньне дзейнічаць. Задаўненая нявызначанасьць прыгнятае. Адчуваю, што пачынаю заводзіцца з паўабароту. Вакол мяне адбываюцца нейкія падзеі, нейкае варушэньне. Некага выклікаюць на допыт. Некага запрашаюць на сустрэчу з адвакатам. Некаму выносяць прысуд. А я — як пабочны назіральнік. Такое адчуваньне, што мяне, як рэч, засунулі некуды на антрэсолі і забыліся. І вось я ўжо амаль тры месяцы там «пылюся».
Надышоў час нагадаць пра сябе! Сёньня перадаў празь дзяжурнага пісьмовы зварот на імя сьледчага Салдаценкі, у якім выклаў усё, што тычыцца маёй сытуацыі. Па-першае, поўнае няведаньне адносна ходу расьсьледаваньня па маёй справе. Па-другое, забарона на кантакты з адвакатам. Вядома ж, не абмежаваўся простым апісаньнем таго, што адбываецца, і прапанаваў даць тлумачэньні па сутнасьці сфармуляваных пытаньняў, і, пажадана, падчас асабістай сустрэчы.
Улічваючы «паўзучую лібэралізацыю», якая назіраецца апошнім часам, сьледчы не павінен праігнараваць мой зварот. На гэта ён і разьлічаны. Увяжамся ў бойку, а ўжо там пабачым. Прынамсі, горш ня будзе. А нейкую інфармацыю з гэтай сустрэчы я абавязкова вывуджу.
У астатнім цьмяная пятніца ня высьвеціла ніякіх падзеяў, вартых увагі. І не без задавальненьня я паставіў тлусты крыжык на лічбе «18» у самаробным календары.
19 сакавіка, субота
Ад астрогу няма перасьцярогу. Гэта праўда. Калі б гадоў дваццаць назад мне хто сказаў: маўляў, цябе чакаюць турэмныя нары, — я б ня проста пакрыўдзіўся. Я б абурыўся. Ну а цяпер, кідаючы позірк у мінулае, я ўсьміхаюся. Больш за тое, я ганаруся, што ў маім жыцьці былі дзясяткі затрыманьняў, арыштаў. Мне ня сорамна сказаць пра гэта ў любой аўдыторыі.
Адны і тыя ж словы, але вымаўленыя ў розных сытуацыях, нясуць розны сэнс і значэньне. Калі на прэс-канфэрэнцыі вы кажаце, што ў імя прынцыпаў гатовыя ахвяраваць шмат чым, гэта гучыць прыгожа. Я і сам ня раз пра гэта казаў і чуў, як гэта казалі іншыя. У тэлекамэру, у мікрафон, на мітынгах, на сустрэчах. Калі ж вы паўтараеце гэта самому сабе ў паўзмроку камэры СІЗА КДБ, гэта, можа, ня так ужо прыгожа, але за гэтым стаіць нешта значна большае, чым проста словы. Я сапраўды веру ў тое, што я кажу, і ў тое, што я раблю.
У мяне была магчымасьць, і не адна, выбраць іншы шлях. Без турэмных нараў, бяз матчыных сьлёз і бацькавых перажываньняў. Але я не прагматык, я рамантык. У мяне была магчымасьць прагматычна і сытна ўбудавацца ў сыстэму Лукашэнкі. Адразу пасьля інаўгурацыі прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка, які тады яшчэ ня ўрос у пастамэнт улады, прапанаваў кожнаму сябру ягонай перадвыбарнай каманды выбраць сабе партфэль. Прычым зрабіў гэта адкрыта, у прысутнасьці дзесяці-дванаццаці чалавек. І гэта было шчыра. Так я думаю і сёньня. Практычна ўсе сфармулявалі запыты-прапановы. І ўсе яны без выключэньня былі задаволеныя.
Я ня стаў гэтага рабіць. Чаму? Самы час пра гэта сказаць. Абставіны спрыяюць. У маім цяперашнім становішчы няма сэнсу размалёўваць сытуацыю каляровымі алоўкамі. У прэсе гуляе некалькі вэрсіяў. Аўтар адной — сам Лукашэнка. Ён ня раз казаў, што Лябедзька хацеў быць міністрам замежных спраў, а я, маўляў, прапаноўваў яму пасаду міністра адукацыі. Для пачатку варта заўважыць, што міністэрская пасада ў любым словазлучэньні прэстыжная. Але калі шчыра, то ні першае, ні другое не адпавядае рэчаіснасьці. У 1994 годзе на пасаду кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства прэтэндавалі двое — Уладзімір Сянько і Георгі Таразевіч. Я быў сярод тых, хто лабіраваў першага, і гэта можа пацьвердзіць дзясятак людзей. І на той час Сянько быў добры выбар. Прафэсійны дыплямат, інтэлігентны, адукаваны, арыентаваны на эўрапейскія каштоўнасьці і стандарты. Гэта пазьней ён стане служкам улады, якіх сотні. А ў 1994-м гэта была асоба.
А зараз пра тое, які партфэль і калі сапраўды прапаноўваў мне Лукашэнка. Увосень таго ж году я ледзь не ўзначаліў Прэзыдэнцкую раду, структуру, якая павінна была стаць пляцоўкай для ўзаемадзеяньня ўлады, апазыцыі, прафсаюзаў, няўрадавых арганізацыяў. Мы сядзелі ў кабінэце ў Лукашэнкі, перад ім ляжаў указ. Ён гатовы быў падпісаць дакумэнт пра маё прызначэньне на пасаду. Ініцыятыва паходзіла ад яго. Але я прапанаваў крыху іншую пасьлядоўнасьць дзеяньняў: спачатку палажэньне аб Радзе, а потым ужо прызначэньне. Пытаньне адклалі. Пытаньне зацягнулася. А тут і скандал падасьпеў. Шэраг газэтаў выйшлі зь белымі плямамі як рэакцыяй на цэнзуру: у апошні момант прэсе забаранілі друкаваць даклад аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі, падрыхтаваны дэпутатам Вярхоўнага Савету Сяргеем Антончыкам. Пасьля гэтага мы разышліся з Лукашэнкам дэ-факта, так і не аформіўшы дэ-юрэ пагадненьне аб сумеснай працы. Вось сухі выклад фактаў.
Я не адчуваў няёмкасьці, не крыўдаваў. Я быў дэпутатам парлямэнту, і мне ня трэба было думаць пра хлеб надзённы. У мяне быў працоўны кабінэт на тры вакны, пэрсанальны аўтамабіль і сакратарка. Не вазьму на сябе сьмеласьць сьцьвярджаць, што б я рабіў, калі б быў пазбаўлены ўсяго гэтага. Але тады я мог дазволіць сабе заставацца самім сабой. Гэта вялікая раскоша для кожнага, тым больш для палітыка.
Пры гэтым пэрыядычна мне тэлефанавалі празь вяртушку з прыёмнай прэзыдэнта: Аляксандар Рыгоравіч запрашае вас на працоўную нараду. (Так было да скандалу зь «белымі плямамі».) Я пераходзіў з правага крыла будынка, дзе засядаў парлямэнт, у левае, дзе разьмяшчаліся адміністрацыя кіраўніка дзяржавы і ўрад. На гэтых сустрэчах-нарадах было нешматлюдна. Прэм'ер-міністар Міхаіл Чыгір, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Сініцын, кіраўнік спраў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў. Часам намесьнік прэм'ера Міхаіл Мясьніковіч і галоўны памочнік прэзыдэнта Ўладзімір Канаплёў. Я бачыў нязьмерна зьдзіўлены твар заядлага бюракрата Мясьніковіча. На ім можна было бязь цяжкасьці прачытаць: а што робіць тут гэты пацан? То бок я. Шчыра кажучы, тады я ня вельмі паглыбляўся ў працэдуры бюракратычнай кухні, але цяпер добра разумею зьдзіўленьне Мясьніковіча. Тады ў мяне сапраўды не было ніякіх пасадаў у структурах выканаўчай улады, і навошта Лукашэнка запрашаў мяне на гэтыя нарады, я і сам дакладна ня ведаю. Можа, яму падабалася, што я казаў тое, што думаю, а ня тое, што ён хацеў пачуць? А можа, яго інтуіцыя падказвала, што мяне трэба абавязкова ўставіць у абойму і тым самым прывязаць да сябе.
Як бы там ні было, але наступным разам мы сустрэліся з Лукашэнкам толькі летам 1995-га. Да таго часу ў краіне прайшоў першы раўнд парлямэнцкіх выбараў, і я зноў атрымаў дэпутацкі мандат. Больш за 60 працэнтаў выбарцаў, выбіраючы зь дзесяці прэтэндэнтаў, ужо ў першым туры прагаласавалі за маю пяцігадовую працу ў Ашмянскай выбарчай акрузе. Я быў шчасьлівы! Недзе на ўзроўні сёмага неба!
У чэрвені адбылася наша сустрэча з Лукашэнкам, на якой зноў паўстала пытаньне пра маё магчымае працаўладкаваньне ў структурах выканаўчай улады. Праўда, нагодай для сустрэчы стала ня гэтая тэма, а ініцыятыва Беларускай асацыяцыі маладых палітыкаў, прэзыдэнтам якой я быў, аб правядзеньні круглага стала з удзелам кіраўніцтва краіны, прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, няўрадавых арганізацыяў. Тады ўжо насьпела неабходнасьць стварэньня пляцоўкі, каб разрульваць праблемы, а не тыражаваць іх. З ініцыятывай круглага стала выступіў таксама цэнтар «Усход-Захад», які ўзначальваў вядомы беларускі палітоляг, журналіст Анатоль Майсеня.
Плянавалася, што мы павінны былі ўкласьціся ў 20 хвілін, але прагаварылі больш за гадзіну. Першыя словы, зь якімі Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да мяне, былі наступныя: «Дарма ты, Анатоль, адмовіўся працаваць у камандзе. Давай паедзем да людзей, паглядзі, паслухай, што яны кажуць. Яны ж усе мяне падтрымліваюць. Табе трэба заняцца канкрэтнай справай, а ня гэтай балбатнёй у парлямэнце. Бяры Мытны камітэт». Пазьней я доўга разважаў: чаму мытны? Бо акрамя мяжы зь Літвой, якая праходзіла па тэрыторыі маёй выбарчай акругі, мяне з гэтым кірункам працы нічога ня зьвязвала.
У галаве ў мяне былі іншыя пляны і намеры. Я падзякаваў за прапанову і перавёў гутарку на прадмет нашай сустрэчы. Аднак Лукашэнка зрабіў яшчэ адзін заход у тэму, якая яго цікавіла. Маўляў, працы хапае, і, думаю, пасада віцэ-прэм'ера па сацыяльных пытаньнях — гэта тое, чаму ты дасі рады. Я мусіў другі раз падзякаваць і другі раз адмовіцца. І гэта было шчыра. Мне сапраўды падабалася праца ў парлямэнце, я быў моцна прывязаны да акругі, у якую ўклаў столькі часу і высілкаў. Дый статус дэпутата парлямэнту тады прыраўноўваўся да статусу міністра. Гэта не ішло ні ў якае параўнаньне з тым, што мы назіраем сёньня. Плюс мне падабалася займацца палітыкай, а стаць чыноўнікам — значыла адмовіцца ад улюбёнай справы. Рэшта часу сышла на абмеркаваньне ідэі, мэтаў круглага стала. У канцы гутаркі Лукашэнка ўхвальна кіўнуў і наклаў станоўчую рэзалюцыю. Тут жа выклікаў свайго памочніка Сяргея Посахава і даў указаньне рыхтаваць мерапрыемства. Здавалася, усё цудоўна. Але раніцай наступнага дня мне патэлефанаваў Посахаў і голасам салдацкай пахаронкі паведаміў, што круглы стол адмяняецца. Я да сёньняшняга дня ня ведаю, што здарылася, што адбылося за адну ноч. І хто стаў магільшчыкам мерапрыемства, якое задумвалася як пачатак агульнанацыянальнага дыялёгу. Вось такая яна, праўда.
А сапраўднага Лукашэнку мы ўсе пачалі адкрываць ужо пасьля інаўгурацыі. Адразу пасьля яе, на адной з сустрэч, ён, паказаўшы вачыма на тэчку, сказаў: «Анатоль, я даў указаньне камітэту праверыць цябе. На цябе нічога няма». Мяне тады ўразілі ня вынікі праверкі, а вочы Лукашэнкі. У іх стаяла позьняя восень. Здавалася б, чалавек павінен радавацца, што за мной ня цягнецца шлейф нейкіх цёмных, брудных спраў. Аж не.
Тады я не надаў гэтаму вялікага значэньня. Сэнс і разуменьне прыйшлі пазьней. Лукашэнка не працуе зь людзьмі, на якіх няма кампрамату і якіх немагчыма тузаць за нітачкі.
* * *
Я ў добрай спартыўнай форме. Адчуваю, што за апошні час моцна прыбавіў фізычна. Чым займаюся, калі вочы не чытаюць? Калі думкі не кладуцца ў рыфму? Калі мазгі не кампастуюць Баптыст або Якут? У гэты час я мучаю сваё цела. Яно абліваецца потам. Яно адгукаецца болем у цягліцах. Яно перарывіста дыхае стомай. А праз гадзіну ў яго іншыя адчуваньні. Яно дужае, пругкае, працаздольнае.
20 сакавіка, нядзеля
Надвор'е нахмурылася калматымі аблокамі, зь якіх паваліла нешта сярэдняе паміж дажджом і сьнегам. Давядзецца зноў вымаць зь вялікага кешара ўсе спакаваныя цёплыя рэчы. Дарэчы, гэты кешар, у які я магу без праблемаў скласьці сваё цела, разам з тэлевізарам перадала мне Аксана Крышчановіч. Цяпер гэта мая шафа, у якой лёгка ўмясьціліся ўсе мае пакеты. Добра, што не пасьпеў перадаць родным цёплыя рэчы. Прамінулая зіма адпраўляе свае надвор'евыя тэлеграмы. Форма адзеньня на сёньняшнюю зарадку — на ўсе гузікі.
Прадыхаліся. Прачысьцілі лёгкія ад пахаў камэры.
Працягваю чытаць Картасара ўперамежку з Акуніным. Цудоўны кактэйль! Калі вочы адмовіліся піць яго і асалавелі, перайшоў на дапрацоўку рыфмаў, прынесеных зь сёньняшняй зарадкі. Вось што атрымалася.
Жыцьцё пыхціць. Мы моцна тужымся

І з мрояй у танцы кружымся.
Жыцьцё крахціць, на палку абапіраемся

І нават на асфальце спатыкаемся.
Жыцьцё то выбар, і мы вагаемся,

Куды ісьці, ў сталба пытаемся.
А вечар быў патрачаны на юбілейны, трыццаты, ліст дадому. Увесь без астачы.
21 сакавіка, панядзелак
Сёньня хтосьці невядомы змахнуў зь нябёсаў ватна-хмарнае покрыва — і воку адкрылася блакітная прасьціна. Пад нагамі яшчэ мокра, паўсюль лужыны, але вышэй за шчыкалатку ўсё заліта сьвятлом. Ізноў зь ніадкуль зьявіўся Лёлік і адразу залёг проста ў сонечную ванну. Птушка распушыла пёры і зноў зрабілася падобнаю да мініятурнага індыка.
* * *
Сёньня напісаў і перадаў дзяжурнаму заяву на падпіску на «Народную волю». Праўда, ёсьць вялікія сумневы, што газэта пралезе праз частакол табу і забаронаў. Так што гэта хутчэй экспэрымэнт. Будзем замяраць глыбіню лібэралізацыі турэмнага рэжыму.
Чытаю Дыкенса. Паралельна цешуся Картасарам. Дваістае чытаньне мае свае перавагі: гэта як два розныя сьветы, у якія можна ўцячы з трэцяга. Хоць на нейкі час.
Увечары дзяжурны прынёс мне мой жа ліст. Не пралез праз вушка цэнзуры. Чорным чарнілам нечая рука падкрэсьліла хвалістай лініяй цэлы абзац. Ён варты таго, каб прывесьці яго цалкам. «Скарыстаю магчымасьць, каб павіншаваць з Днём Волі, вас, калег, аднадумцаў. Гэта сьвята тых, для каго свабода — гэта ня проста гучнае слова, а мэта і сэнс жыцьця. І нават тут я застаюся свабодным чалавекам несвабоднай краіны. Можна зьвязаць, закаваць цела, алё няма сілы, якая зможа заняволіць мае думкі, мой розум, мае перакананьні і прынцыпы. Такім чынам, 25-га я падыму за свабоду конаўку з гарбатай».
Цяжка зразумець, чым кіраваўся цэнзар, накладаючы сваё табу. Хутчэй гэта спроба не дапусьціць распаўсюджваньня голасу з «амэрыканкі». Для мяне дык гэта ўвогуле дэманстрацыя ня толькі ўбоства, але і страху ўлады. Цэнзура мае слабасьць ня толькі да маіх пасланьняў. Днямі атрымаў ліст ад Арцёма, і ў ім некалькі радкоў старанна замазаныя. Але добра, што хоць з чорнымі плямамі даходзяць.
* * *
Нешта баліць у правым баку. На мае скаргі лекар толькі паціснуў плячыма. Сапраўды, рухаесься, не прыкуты да ложка — і радуйся. Таму дыягназ стаўлю сабе сам. Мяркую, што пацягнуў мышцу. Так што, займаючыся фізычнымі практыкаваньнямі, імкнуся не нагружаць гэтую частку цела, а ад некаторых практыкаваньняў давялося наагул часова адмовіцца. Але ўсё роўна стараюся штодня загружаць працай усе здаровыя часткі цела. Бяз гэтага арганізм ператвараецца ў міні-завод па перапрацоўцы прадуктаў, а інтэлект — у трутня.
* * *
Пералічыў нявыкарыстаныя, чыстыя канвэрты. Засталося пяць. Павінна хапіць да красавіка.
* * *
Апошнім часам усё часьцей задумваюся пра мэтазгоднасьць прысутнасьці тэлевізара ў камэры. Усе перадачы загадзя падбірае мясцовы ідэалягічны аддзел. Вечарамі пускаюць такую ​​махровую антысэміцкую і антызаходнюю прапаганду, што робіцца брыдка. Адкрытае мэтанакіраванае распальваньне варожасьці і прапаганда гвалту. А гэта ўжо артыкул Крымінальнага кодэксу. Можа, накатаць у пракуратуру «цялегу» на КДБ?
22 сакавіка, аўторак
Выклік на допыт можа азначаць толькі адно: сьледчы рэагуе на мой зварот. Значыць, працэс пайшоў. Вывернуў кішэні. Шчоўкнулі на запясьцях кайданкі. Рухаемся калідорамі. З прыпынкамі каля сьцяны пры набліжэньні кагосьці, хто ідзе насустрач. А вось і канчатковая мэта нашага маршруту. На дзьвярах таблічка «Ідзе допыт». У невялікім кабінэце за сталом незнаёмы малады чалавек. На мяне толькі кароткі позірк. Запоўніў паперку, сунуў яе ў руку кантралёру. На стале ані тэчак, ані папер. Значыць, размова будзе кароткая. Але дзе ж ты, мой сьледчы? Нарэшце ўзмахам рукі незнаёмы прапануе мне заняць месца насупраць. Сядаю на зэдлік.
— Маё прозьвішча Бычак, я сьледчы, які вядзе вашу справу.
— Во як! І як даўно ў мяне новы сьледчы? А дзе ж ваш калега? Пайшоў на павышэньне?
— Зьмена сьледчага — нармальная, звычайная працэдура. Для вас гэта не азначае абсалютна нічога.
Голас сухі і з халадком. З паніжальным градусам.
— Па сутнасьці вашага пісьмовага звароту. Хачу вам паведаміць, што ніхто не абмяжоўвае ў правах вашага адваката ў доступе да вас.
— Чаму ж я ня бачу яе зь мінулага году?
— Гэта пытаньне не да мяне. Адвакатаў шмат, а колькасьць месцаў для сустрэч абмежаваная.
— Ясна, я так і думаў. Ну, у такім выпадку, можа, вы праясьніце, у якім стане мая справа?
— Вы ж самі адмовіліся ад супрацоўніцтва са сьледзтвам. Калі ваша пазыцыя зьмянілася — вось папера і ручка.
— Вы ня горш за мяне ведаеце, што нічога новага я вам сказаць не магу! Я закладнік...
— Які вы закладнік? Вы падазраяцеся ў зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства, і цяпер ідзе збор фактычных доказаў, — Бычакаў голас — як з халадзільнай камэры.
— Ну то прад'яўляйце доказы!
— І прад'явім!
Далей была даволі доўгая прамова, вельмі падобная да выступу пракурора ў судовым пасяджэньні. Мяне папракнулі ў нелюбові да беларускага народу. Затым дасталося на арэхі за сувязі з рознымі нядобрымі міжнароднымі арганізацыямі. І наагул, пара ўжо перастаць з намі цацкацца.
Было ясна, што гутарка зайшла ў тупік. Адзінае, што зьляцела з маіх вуснаў:
— А вы далёка пойдзеце, малады чалавек. На такіх ёсьць попыт.
Бычак схапіў трубку тэлефоннага апарата на тумбачцы і крыкнуў у яе:
— Забярыце падсьледнага!
Тут жа зьявіўся кантралёр. Часу, пакуль вялі ў камэру, хапіла на хуткі аналіз сытуацыі. Што можа азначаць гэтая ратацыя сьледчых? Што мая справа ня мае добрай судовай пэрспэктывы і яе скінулі ад важняка пачаткоўцу-стажору? Гэта погляд аптыміста. І ад гэтай высновы зрабілася весялей.
Хоць ад думкі, што давядзецца мець зносіны з гэтым «бээрэсэмаўцам» (спрацавала мясцовая звычка ўсіх надзяляць мянушкамі), было не зусім камфортна. Ацэнка пэсыміста: самаўлюбёны, амбітны малады служака. Ну, зрэшты, мне зь ім дзяцей не хрысьціць.
У камэры я яшчэ раз прааналізаваў зьмены ў сваёй справе. Так, нічога, акрамя алергіі, сьледчы не выклікае. У яго ўжо сфармаваная думка пра мяне і выпрацаваная пазыцыя па справе. Праўда, па самой справе ён нічога талковага не сказаў, спаслаўшыся на неабходнасьць дадатковага вывучэньня. Гэта можа азначаць, што справа пустая, што нічога новага ў ёй не зьявілася.
У Ігара таксама была сустрэча са сьледчым. Яму прапаноўваюць «жменю пернікаў». Але для пачатку трэба прызнаць сваю віну. А яшчэ сьлядак намякнуў, што ягоны шэф дае прызнальныя паказаньні і ўсе стрэлкі пераводзіць на Каранеўскага. Маўляў, можаш спазьніцца. Ігар, аднак, не сьпяшаецца кідацца на дармовыя пернікі, якія нагадваюць бясплатны сыр у пастцы. І калі глядзець з маёй званіцы, то слушна робіць.
* * *
На вячэру замест чаканага малочнага супу далі некалькі кавалкаў селядца і вараныя буракі. Прыйшлося ахвяраваць усё гэта падсобнай гаспадарцы КДБ. Наколькі я ведаю, Лукашэнка замацаваў за кожным ведамствам калі не гаспадарку, то сьвінафэрму. Такія ёсьць і ў Нацыянальнага банку, і ў Міністэрства ўнутраных спраў. Так што хай такую вячэру ядуць падшэфныя сьвіньні КДБ.
Абмежаваліся тонкім скрылёчкам сала і гарбатай зь некалькімі сухарамі. Разгрузачная вячэра.
23 сакавіка, серада
Была магчымасьць замяніць мае плястыкавыя міскі на больш прэстыжныя, зь нержавейкі. Такое магчыма, калі хтосьці пакідае СІЗА. Але я ня стаў гэтага рабіць. Напэўна, спрацавала сіла звычкі. Няхай сабе трачу на мыцьцё некалькі лішніх хвілін, бо да плястмасы ўсё ліпне мацней, чым да мэталу, але гэта мае міскі, яны са мною зь першага дня ў «амэрыканцы». Да таго ж такіх няма ані ў кога. Эксклюзіўныя.
А вось казённая конаўка зусім безаблічная, ды яшчэ і нефункцыянальная: малая, на тры-чатыры глыткі. Прыстасаваў яе для скарыстаных пакуначкаў гарбаты. Другасная сыравіна для паўторнага чаяваньня.
Дарэчы, на Акрэсьціна конаўкі былі не абы-якія — алюмініевыя, часта нават бяз ручак, і пакрытыя такім тынкам часу, што сказаць, якога яны колеру, было вельмі цяжка. Піць гарбату з такіх кубкаў — цэлае майстэрства, бо трымаць іх голымі пальцамі проста немагчыма, а вусны ўмомант могуць расплавіцца ад неасьцярожнага дотыку. Каюся, дзьве такія конаўкі я вынес з прыёмніка-разьмеркавальніка як баявы трафэй. Адну падараваў віцэ-прэзыдэнту ЗША Дыку Чэйні. Зь ім беларуская дэлегацыя (у асноўным сваякі выкрадзеных апанэнтаў улады) сустракалася ў Вільні. Я тады сказаў, што пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году амаль тысяча грамадзянаў Беларусі апынуліся за кратамі. І вось з гэтых самых алюмініевых конавак мы пілі гарбату. Чэйні расчуліўся, гэта было вельмі прыкметна, і ўважліва разглядаў незвычайны падарунак. Б'юся аб заклад, нічога падобнага яму не дарылі. Праўда, як часта бывае, прэса сёе-тое дадумала, сёе-тое дамалявала, і ў выніку атрымалася, што віцэ-прэзыдэнт ЗША тут жа наліў у гэтую акрэсьцінскую конаўку віна і падняў тост за свабоду Беларусі. Гучыць забаўна, але не адпавядае рэчаіснасьці.
Другая конаўка, з надрапаным яшчэ на Акрэсьціна «За свабоду!», стаіць на шкляной паліцы ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
І ўжо калі рабіць поўную інвэнтарызацыю турэмнага сталовага набору, то нельга ня ўспомніць «лыжкі» на Акрэсьціна. Замест іх нам давалі абрубкі — частка лыжкі, але бяз ручкі. І гэтым абрубкам трэба было сёрбаць капусту, есьці макарону. Палітычныя адмаўляліся! Была цэлая вайна за права карыстацца лыжкай, і доўжылася яна некалькі гадоў. Ініцыятарам і тварам пратэсту быў Валер Шчукін. Былы марскі афіцэр, былы камуніст, а цяпер праваабаронца і проста добры, неабыякавы чалавек. І, трэба сказаць, урэшце барацьба завяршылася перамогай палітвязьняў. Сёньня на Акрэсьціна пакуль яшчэ няма відэльцаў, няма нажоў, але ёсьць нармальныя, не пакалечаныя лыжкі.
Дыкенз і ягоная «Крама старажытнасьцяў» мяне зачаравалі. Звычайна кнігі з такім дробным шрыфтам я адразу адкладаю ўбок: нефармат для маіх вачэй. Але тут ня змог адмовіць сабе ў асалодзе. Праўда, каб яе атрымаць, трэба значна больш намаганьняў. Але яно таго варта.
Кніга пад падушкай. Чытаць хочацца заўсёды, але раніцай і ўвечары, пры сьвятле лямпы, больш за паўгадзіны не выцягваю. Пры лямпе і дзённым натуральным сьвятле, асабліва ў сонечны дзень, магу і гадзіны дзьве безь перапынку прабягаць вачыма старонкі. Галоўнае, знайсьці правільнае месца для чытаньня. Звычайна гэта або зэдлік каля вакна, і на ім у позе чаплі, або поза лотаса на верхніх нарах бліжэй да лямпачкі.
24 сакавіка, чацьвер
Нарэшце да мяне дапусьцілі адваката. Толькі мы вярнуліся з шпацыру, і тут каманда: «На допыт!» Настроіўся на сьледчага, аднак у пакоі ўбачыў Ірыну Бурак. Першым чынам яна распавяла пра свае няўдалыя спробы атрымаць дазвол на сустрэчу. Спроба, як бачым, расьцягнулася на месяцы. Аказваецца, адвакаты палітычных праводзілі ў прыёмнай цэлыя дні, чакаючы дазволу на сустрэчу зь фігурантамі «справы 19 сьнежня». Але ў выніку ўсім адказвалі аднолькава: няма месца для правядзеньня сустрэч. Маўляў, не штурхайцеся, занята! Цяпер, праўда, сытуацыя рэзка зьмянілася. Дзьверы «амэрыканкі» расчыніліся. Наросьцеж! Але гэта, хутчэй за ўсё, зьвязана з выхадам спраў у судовыя пасяджэньні. Да таго ж улады імкнуліся не дапусьціць працёку інфармацыі пра падзеі ў СІЗА, калі тут дзейнічаў рэжым надзвычайнага становішча і бясчынствавалі маскі. Цяпер і гэтая старонка перагорнутая, з публічным скандалам і грамадзкім рэзанансам.
Ірына была настроеная ўжо ня так аптымістычна, як на першых сустрэчах, у сьнежні мінулага году. Больш за тое, яна спаслалася на недахоп досьведу ў такіх справах і выказала сумневы, ці можа быць эфэктыўнай у судзе.
— Можа, паглядзець яшчэ каго з адвакатаў? Ці маеце каго на воку? Калі справа дойдзе да суду, то гэта будзе палітычны працэс, а сёньня ня кожны возьмецца за такую ​​справу.
Так, сапраўды, ня кожны мясцовы адвакат возьмецца за маю справу. Гэта на Ўкраіне, і нават у Расеі, кожная рэзанансная справа — шанец для адваката, тое, з чаго складаецца ягоная рэпутацыя і, адпаведна, далейшыя ганарары. У Беларусі ж на палітычных справах можна моцна пасьлізнуцца. Аж да забароны на прафэсію. Ня кожны рызыкне коўзацца па тонкім лёдзе.
Уласна, на судовым працэсе адвакат мне і не патрэбны. Я маю дыплём юрыста і, самае галоўнае, багаты асабісты досьвед. Мне неабходны чалавек, які ажыцьцяўляў бы сувязь з маёй сям'ёй і які ў крытычнай сытуацыі ня здрэйфіць, не саскочыць.
Што да Ірыны Бурак, то ёсьць адчуваньне, што зь ёй правялі «прафіляктычную гутарку». А можа, чалавек проста добрасумленна ацаніў свае магчымасьці і здольнасьці.
Гэта былі думкі пра сябе. Ірыне ж я сказаў:
— Сустрэньцеся са Сьвятланай і скажыце, каб яна перагаварыла з Валерам Зінкевічам. Здаецца, ён у адвакатуры Ленінскага раёну. Яна ведае, пра каго гаворка.
— Я гэта зраблю ўжо сёньня.
Ірына пацьвердзіла, што запрацаваў судовы канвэер. Ужо ёсьць першыя асуджаныя. Даюць па тры-чатыры гады. Пакуль гэта тычыцца толькі шараговых удзельнікаў Плошчы. Значыць, «арганізатарам» будуць супастаўныя ці большыя тэрміны. Спалоханая ўлада ня можа быць міласэрнай. Ёй патрэбна публічная лупцоўка. На навуку, дзеля помсты. Краіну тыцнуць носам у прысуды. Бязьлітасныя і бессэнсоўныя.
Так, доўгачаканая сустрэча з абаронцам пакінула дваістае ўражаньне. З аднаго боку, добра, што адноўлена магчымасьць кантактаў з абаронай. Прынамсі, буду ў курсе таго, што дзеецца за мурамі «амэрыканкі». Але з другога — я ня ведаў, як паставіцца мой стары знаёмы да прапановы быць маім абаронцам у судовым працэсе. З Валерам Іванавічам Зінкевічам мы даўнавата не перасякаліся. Хоць, у прынцыпе, гэта ягоная праца. Так што застаецца спадзявацца на станоўчы вынік перамоваў, бо Ірына мне ў гэтай справе ўжо не памочніца.
І што ж гэта за краіна такая, дзе і адвакат бывае дэфіцытам? Канструявалі «эканамічны цуд», а выйшаў БУЛАГ (Беларусь, Управляемая Лукашенко Александром Григорьевичем). Запускалі ў космас спадарожнік «БелКА», а ён ляснуўся, ледзь узьляцеўшы з БУЛАГу. Будавалі вось Менск — Масква — Пэкін — Дэлі, а збудавалі БУЛАГ.
Так, мы пабудавалі БУЛАГ, у якім вычварна спалучаюцца, пераплятаюцца крыжы на цэрквах і праваслаўны атэізм, запоўнены танным правіянтам страўнік і пустата душы чалавечай, усёмагутнасьць КДБ і немач закону.
Дарэчы, як ні дзіўна, найлепшы рэпартаж пра БУЛАГ і яго архітэктара быў зроблены беларускім тэлебачаньнем. Лукашэнка хоць і называе сябе праваслаўным атэістам, але як мінімум раз на год наведвае галоўны праваслаўны храм краіны. На Вялікдзень. Часам і на Каляды. Натуральна, БТ падрабязна асьвятляе такую важную падзею. І вось адзін з такіх рэпартажаў колькі гадоў таму запомніўся, мабыць, ня толькі мне.
Катэдральны сабор повен прыхаджанаў. Лукашэнка са сьвітай праходзіць усярэдзіну. Паства, як і належыць на Вялікдзень, сустракае яго воклічамі: «Хрыстос уваскрос!» Зьдзіўлены твар правіцеля на ўвесь экран. Ён кідае позірк направа, налева. Потым прыкладае руку да сэрца і адказвае на вітаньні: «Дзякуй!»
Лукашэнка сапраўды даўно ўжо вырваўся зь цеснай пасады прэзыдэнта Беларусі. Яму ўжо сумна пад балдахінам правіцеля. Ён адчувае сябе нейкім боствам. І ён, вядома ж, бязгрэшны. На яго не распаўсюджваюцца правілы сьвецкага жыцьця. Ён жыве і правіць паводле сваіх паняцьцяў.
25 сакавіка, пятніца
Сёньня раніцай, ледзь адчынілі форткі, як у камэру ўляцелі, уварваліся гартанныя гукі, ірвучы цішыню. Гэта быў поўны радасьці ад вяртаньня дадому крык журавоў. Недзе там, над намі, працінаючы аблокі, расьсякаючы крылом халоднае паветра, пляніраваў жураўліны клін. Божа, якая прыгожая музыка птушыных галасоў! Мы анямелі. Сядзелі зь Ігарам на табурэтах і лавілі гэтыя чароўныя гукі. Вось так нечакана пабывалі ў прыроднай філярмоніі на канцэрце жывога сьпеву. Добры пачатак дня! Жыцьцесьцьвярджальны. Некалі і мы вернемся дадому. Абавязкова вернемся!
* * *
Чытаю Дыкенса на малых хуткасьцях. Як правіла, удзень, калі больш натуральнага сьвятла прабіваецца праз байніцы акна ў камэру. А раніцай і ўвечары зьвяртаюся да «Братоў Карамазавых», яны надрукаваныя буйнейшым шрыфтам. Прычым пачаў адразу з трэцяй і чацьвёртай частак. Чаму? Ну, такая была ўдача ў бібліятэчны дзень пры абмене кніг. Гэта лятарэя. Можа, наступным разам трапіцца першая палова кнігі. Такое яно, турэмнае чытаньне — ад эпілёга да прадмовы.
* * *
Павіншаваў дзяжурнага па СІЗА з Днём Волі. Ён скрывіўся і сказаў, што ня ведае такога сьвята.
— Нічога страшнага. Мы ўсе калі-небудзь даведваемся пра нешта першы раз.
Я ня стаў разьвіваць тэму Дня Волі, хоць думаю, што малодшы лейтэнант схітраваў. Пра Дзень Волі, хутчэй за ўсё, ён ведае, проста размаўляць няма жаданьня. Ну нічога, сёньня ня хоча, а пасьлязаўтра сам дзецям будзе распавядаць пра Беларускую Народную Рэспубліку. Усё цячэ, усё мяняецца. Да прыкладу, 19 верасьня 1991 году большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня прагаласавалі за тое, каб беларускім нацыянальным сымбалям надаць статус дзяржаўнай сымболікі. Гэта быў адзін з найлепшых дзён у маёй парлямэнцкай працы. Дзень з адмысловай энэргетыкай. Герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг сталі дзяржаўнымі сымбалямі незалежнай Беларусі. Але ж яшчэ за паўгода да дня галасаваньня ніхто ня мог і дапусьціць нешта падобнае. Гэта здавалася немагчымым. Так што ня будзем сьпяшацца і зь лейтэнантам.
Дарэчы, пры галасаваньні за сымболіку ў верасьні далёкага 91-га здарыўся забаўны выпадак. Трэба было здабыць падтрымку ня проста большасьці дэпутатаў, а канстытуцыйнай большасьці, гэта значыць — дзьвюх трацін галасоў. І вось кнопкі націснутыя, на чорным таблё выскачылі зялёныя лічбы. І трэба ж, голас у голас! Авальная заля выбухае. Аплядысмэнты, радасныя воклічы, поціскі рук. І тут, пераадольваючы па некалькі прыступак адразу, да мікрафона скача дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі Мілаванаў. Атрымлівае слова і патрабуе ануляваць вынікі галасаваньня. Матывацыя наступная: маўляў, дапушчана фальсыфікацыя, дэпутат Аляксандар Шыпко прагаласаваў за свайго калегу Віктара Шэймана. Іскры Мілаванава хапіла, каб разьдзьмуць полымя дыскусіі. У атаку пайшла вэтэранская гвардыя і зацятыя камуністы. І тут у залю ўваходзіць Шэйман і адразу накіроўваецца да мікрафона: «Так, я сапраўды прасіў калегу Шыпко прагаласаваць за мяне, бо мне трэба было тэрмінова выйсьці з залі. Але я адназначна заяўляю, што мой голас — за».
Празь некалькі гадоў Віктар Шэйман будзе адным з ініцыятараў ганебнага рэфэрэндуму аб вяртаньні старой савецкай сымболікі. Такія вось зыгзагі і наступствы палітычнай мімікрыі.
Недзе ўсярэдзіне ўздымаецца цікаўнасьць: ці будуць сёньня прыкметы сьвяткаваньня Дня Волі на вуліцах сталіцы? Разумею, што гэтым разам казаць пра масавасьць вулічнай акцыі бессэнсоўна. Ці выйдзе хоць хто?
Гляджу ў халодную цемру за матавым шклом. Чорная цішыня. Калі б сядзеў на Акрэсьціна, там быў бы ў курсе падзеяў. Ёсьць акцыя — значыць, увечары абавязкова прыйдзе аўтазак, напханы затрыманымі.
26 сакавіка, субота
Мяне «папрасілі» прагуляцца. Ня сьмею адмовіць. Ідзем у бок памяшканьняў для допыту. Стандартны пакой — стол, два крэслы, чырвоны тэлефон на тумбачцы. Хіба што камэра ўтаропілася немігучым вокам. Не хаваецца, пазірае адкрыта.
За сталом сядзіць — о, якая прыемная неспадзяванка! — Валера Зінкевіч. Колькі ж гадкоў ня бачыліся? Але абышліся без сантымэнтаў і эмацыйных усхліпваньняў. Паціснуўшы рукі, адразу прыступілі да справы.
— Анатоль Уладзіміравіч, спачатку павінен задаць некалькі фармальных, але абавязковых пытаньняў. Ваша жонка і я склалі дамову аб тым, каб я быў вашым адвакатам. Ці няма ў вас пярэчаньняў?
— Не. Не пярэчу! Прыемна, што вы доўга не вагаліся.
— Гэта мая праца.
Зінкевіч паведаміў, што ўжо меў сустрэчу з маім новым сьледчым, а таксама азнаёміўся з матэрыяламі справы. Як я і меркаваў, пра тамы гаворка не ідзе. Літаральна некалькі паперак працэсуальнага характару.
Мы абгаварылі судовую пэрспэктыву. З улікам мясцовай спэцыфікі трэба быць гатовымі да ўсяго. Усё можа стартаваць і заўтра. Пагатоў, на думку адваката, улады зацікаўленыя не расьцягваць працэсы, а правесьці ўсё ў максымальна сьціслыя тэрміны. Чым даўжэйшы працэс, тым больш увагі. Як унутры краіны, так і вонкі. А гэта для ўлады дрэнны фон. Значыць, судзьдзяў будуць гнаць, як па стомэтроўцы.
Я распавёў пра сваё бачаньне абароны і нападу ў судовым працэсе. Адвакат падтрымаў. Дамовіліся, што ён сканцэнтруецца на працэдурах, а я — на зьмястоўнай частцы. Ну і, самае галоўнае, я атрымаў сьвежую інфармацыю пра справы маіх дамачадцаў, пра тое, што насамрэч адбываецца ў краіне. Мы гутарылі каля гадзіны.
— Якія будуць просьбы, пажаданьні, Анатоль Уладзіміравіч?
Папрасіў зайсьці ў партыйны офіс і сабраць больш інфармацыі пра справы партыйныя: чым дыхаюць, чым жывуць калегі. Заадно трэба будзе ўзяць сякія-такія дакумэнты: выпіскі з рашэньня партыйнага зьезду, заявы, зробленыя партыяй у ходзе выбарчай кампаніі, матэрыялы нашых сумесных з Раманчуком прэс-канфэрэнцыяў.
На адыход я паціснуў Зінкевічу руку. Моцна, па-мужчынску. Цяпер у мяне ёсьць ня проста адвакат, але і чалавек, якому можна давяраць. Сустрэча падбадзёрыла. То тыднямі варысься ў закупоранай камэры, у таварыстве адных і тых жа пэрсанажаў, то раптам нечаканыя сустрэчы і новыя асобы.
І сустрэчай з адвакатам навіны ня скончыліся. У нас падсяленьне. Як звычайна, здарылася гэта па абедзе. Чарговы прадстаўнік Плошчы. Калі так пойдзе і далей, то я, пэўна, перасякуся з большасьцю фігурантаў «справы 19 сьнежня». Новы арыштант — Алесь Кіркевіч, адзін зь лідэраў «Маладога фронту». Хударлявы цёмнавалосы хлопец з Гародні. У яго ўвогуле забаўная сытуацыя: у турму прывялі ў канцы студзеня, ледзь ня з загсу. Ну, а да нас — па пераразьмеркаваньні, з трынаццатай камэры.
Мы ўтрох у чатырохмесцавым нумары «Hilton-амэрыканкі». Алесь уладкаваўся на ніжніх нарах. Зьмесьціва пакетаў па-гаспадарску расклаў у тумбачцы, прадукты — у «абшчак». І, як ужо водзіцца, пайшоў абмен інфармацыяй, чуткамі, успамінамі. Кіркевіч выглядае ўраўнаважаным, спакойным маладым чалавекам. Я зь цяжкасьцю магу ўявіць такога з кайлом у руках на плошчы. Сьвежая размова расьцягнулася да адбою.
Алесь не хавае, што быў у самым цэнтры падзеяў каля Дому ўраду. Кажа, зацягнула, як у вір. Ён таксама прыгадаў, што натоўп спыніўся перад кволым ланцужком «касманаўтаў» (вайскоўцаў у чорных шлемах). Ніхто нічога не рабіў, каб наблізіцца да будынка. Калі б такія намеры былі, то міліцыянтаў, якія стаялі на адлегласьці прыкладна мэтар адзін ад аднаго, зьмялі б у лічаныя сэкунды. І гэта абсалютная праўда. Але потым адбылося нешта зусім нечаканае. Ланцужок раптам арганізавана павярнуўся направа і гужам пайшоў прэч. Значыць, была каманда. І тут ужо, здаецца, спрацавалі рэфлексы. Правёўшы зьдзіўленым позіркам «касманаўтаў», натоўп рушыў у гарлавіну прасторы, якая адкрылася перад ім. Рушыў у загадзя падрыхтаваную пастку. За шклянымі дзьвярыма ў прадчуваньні сьвежай крыві зьнемагалі спэцназаўцы. Спэцапэрацыя «Плошча» пачалася. Людзей, якія апынуліся ў прасторы паміж будынкамі, што выходзілі літарай «П» на плошчу, адрэзалі ад астатніх некалькімі шэрагамі «касманаўтаў» і АМАПу. Тых, хто апынуўся ў пастцы, з дапамогай дубінак і шчытоў расьсякалі на квадраты. Пад'яжджалі аўтазакі, і людзей, якія ляжалі на зямлі, зьбітых, стаптаных, закідвалі туды. Машыны хутка запаўняліся жывымі целамі і з натужным бурчаньнем матораў пакідалі месца крывавай бойні. Ня ўсім наканавана было правесьці гэтую ноч дома.
27 сакавіка, нядзеля
Шостая раніцы. Пад'ём. Лямпачкі міргнулі адна адной. Начная пагасла, дзённая запалілася. Стук ключом па жалезнай ручцы: падрыхтавацца да наведваньня прыбіральні! Рыпнуў ключ у замочнай шчыліне. Мы за чырвонай разьдзяляльнай рысай. У Алеся ў руках «начны гаршчок», у Ігара — урна для сьмецьця. Вочы ў падлогу, свабодныя рукі за сьпінай. Адпрацавалі туалет. Зьелі дыетычны сьняданак. Перажавалі прыход дзяжурнага. Усё! Паўза. Да чарговага стуку жалезнага ключа па ручцы дзьвярэй. Да шпацыру.
На ранішнім шпацыры нам выпаў трэці нумар. Вялікі дворык на траіх — гэта камфорт у чатырох сьценах і зь сеткай над галавой. Правёў дыхальную гімнастыку згодна з мэтодыкай Сашы Кісялёва, потым разьмяў суставы, у тым ліку і правую далонь, паводле сваёй уласнай праграмы.
Перайшлі з Алесем у рэжым двухбаковых камунікацыяў. Ён папрасіў парады:
Спадар, Анатоль, вы чалавек дасьведчаны. Што вы параіце, як мне весьці сябе падчас судовага працэсу?
Я ня ведаю падрабязнасьцяў тваёй справы, таму абмяжуюся адной парадай. Самае галоўнае, прайсьці гэты шлях так, каб потым мог глядзець у вочы людзям. Не хлусіць, не гандляваць сумленьнем. Гэта галоўнае. Хутчэй за ўсё, трэба настройвацца на абвінаваўчы прысуд. Але ня думаю, што ўсё гэта працягнецца доўга. Будзе ціск, міжнародны, а затым і ўнутраны. Так што будзем аптымістамі.
Не ведаю, наколькі я супакоіў Алеся, але на ягоным твары зайграла ўсьмешка. Яна яму пасуе. Усё ж Плошча сабрала добрых, абаяльных людзей.
Далей працягнулі працу ў шэсьць рук. На астатнія паўтары гадзіны дворык ператварыўся ў спартзалю. Змакрэлі! Вызваліліся ад вопраткі і дадалі нагрузку. Па сьпіне пабег тоненькі ручаёк.
На вуліцы яшчэ ня так цёпла, як бы хацелася, але ўжо ёсьць думкі, як перадаць дадому цёплыя рэчы. Узгадняю з Арцёмам усю лягістыку. Я павінен напісаць заяву, каб перадаць рэчы, а мае, адпаведна, заяву, каб забраць. І гэта ўсё трэба сынхранізаваць і вывесьці на канкрэтную дату.
* * *
Дзень прайшоў на лік раз, два — і прывітаньне, вечар. Размовы ўперамежку з рознага кшталту заняткамі хутка жэрлі час, а то, бывае, яго столькі, што ня ведаеш, чым забіць.
Увечары фірмовая страва «амэрыканкі» — некалькі бульбін у мундзірах і гэтулькі ж хвастоў селядца. Але з дадаткам у выглядзе сала, цыбулі і рэшткаў шакаляднай пліткі зусім сабе так нішто.
Не пасьпелі турэмныя далікатэсы разьмясьціцца ў страўніку, як прыйшоў час адбою. Звыклыя заняткі і працэдуры зьмяняць не сьпяшаюся. Нанач па-ранейшаму залажу ў самаробны спальнік і сплю ў тэрмабялізьне і шкарпэтках.
28 сакавіка, панядзелак
Дзень у блакітнай нябеснай сарочцы з шэрым матыльком-воблакам і сонечным смайлікам. Хараство! Нават Лёлік, як з глузду зьехаўшы, круціць галавой і беспасьпяхова спрабуе дацягнуцца дзюбай да гэтай самай сарочкі.
Дзьвюх гадзін шпацыру падалося мала. За гэты час ледзьве пасьпеў выкласьці на лаўцы мазаіку зь дзесяці каменьчыкаў. Гэта дзённая норма адцісканьняў, за кожным каменьчыкам — сто практыкаваньняў. І тут каманда: на выхад, у камэру крокам руш!
А з нашага акна ні сарочкі, ні матылька, ні смайліка, нічога не відаць. Толькі глухая сьцяна брудна-бэзавага колеру.
* * *
Сёньня ў нас завязалася дыскусія пра месца і ролю рэлігіі. І справакаваў яе Кіркевіч, дакладней, яго аповед, што некаторыя кантралёры называюць яго ісламістам. Гэта таму, што падчас малітвы Алесь сядае на кукішкі проста на нарах.
У мяне складанае стаўленьне да людзей у расах, хоць і вырас у рэлігійнай сям'і. Ва ўсе часы атэістычнага апыленьня краіны наша сям'я жыла паводле свайго праваслаўнага календара. З малітвай і верай. Усе сьвяты адзначалі няўхільна. Лінію паводзінаў тут вызначалі маці і бабуля. Па жаночай лініі ў нас шчыльнае перапляценьне праваслаўнага і каталіцкага складнікаў. Бабуля маці была каталічкай. І гэта яна настаяла, каб маму звалі Яня, а яе старэйшага брата — Янак. Хоць і ў мэтрыцы, і ў пашпарце ў яе запісана Марыя. Але для ўсіх вясковых маці і па сёньня Яня.
Бацька ж у дачыненьні да рэлігіі трымаў дыстанцыю. Дэманстраваў павагу да веры і ўстойлівую алергію на сьвятароў. Ён добры псыхоляг. Ды яшчэ з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці. І глядзеў на іх як на звычайных людзей, адно што ў расе. У яго было перакананьне, што пры камуністах і сьвятары — шрубкі агульнай сыстэмы.
Мае адносіны са служкамі царквы да якогась часу былі нэўтральна-пазытыўныя. Зь мінулага годным успаміну можна прывесьці маё знаёмства зь мітрапалітам Філарэтам. Фармальна мы пазнаёміліся ў парлямэнце. Тады, на пачатку 90-х, царква дабраслаўляла сьвятароў на змаганьне за дэпутацкі мандат. У Вярхоўным Савеце былі тры дэпутаты ў расе, сярод іх і ўладыка. Прычым адзін зь іх уваходзіў у апазыцыйны Дэпутацкі дэмакратычны клюб. Нейкі час зносіны зь Філарэтам абмяжоўваліся рэжымам «добры дзень — да пабачэньня». А тут раптам ён запрасіў мяне, маладога дэпутата парлямэнту, да сябе ў япархію і асабіста зладзіў экскурсію. У той час там была адкрыта выдатная экспазыцыя абразоў, канфіскаваных пры спробе перапраўкі іх за кардон.
Мы не сьпяшаючыся хадзілі па япархіі і неяк неўпрыкмет апынуліся ў памяшканьні з прыглушаным сьвятлом. Выявілася, гэта ўтульная трапезная. «Ну, Анатоль, што Бог паслаў!» — уладыка жэстам запрасіў да стала. Аднаго позірку было дастаткова, каб адзначыць: Гасподзь сапраўды пастараўся. Ікра чырвоная, ікра чорная, крыштальны штоф зь цёмнай вадкасьцю. Галодныя 90-я!
Памочнік мітрапаліта трэніраванымі рухамі напоўніў крыштальныя чаркі. Філарэт паважна падняў кілішак, выпіў, задаволена крэкнуў і паволі прамовіў: «Боскі напой! Але кошты бязбожныя». Каньяк і праўда быў цудоўны. Непаўторныя 90-я!
Дзеля справядлівасьці трэба прызнаць, што ў парлямэнце толькі два дэпутаты падыходзілі да мікрафона ў поўнай цішыні, незалежна ад таго, якія жарсьці бушавалі ў Авальнай залі, — уладыка Філарэт і народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.
* * *
Сёньня Гасподзь паслаў нам на абед макарону ня толькі з пахам, але і з кавалачкамі тушонкі. Смачна! Для дзюдзяў з падшэфнай гаспадаркі імя Фэлікса Эдмундавіча Дзяржынскага не засталося нічога. А на першае быў суп з локшынай. Такі вось дзень макароньніка.
29 сакавіка, аўторак
Сёньня, здаецца, упершыню атрымаў адразу два лісты. Адзін напісаны Марынай, жонкай старэйшага брата. Напісаны на даручэньне бацькоў. Напэўна, таму і прайшоў празь сеткі цэнзуры. Мабыць, ёсьць устаноўка: прапускаць толькі ад жонкі з сынам ды ад бацькоў.
«Атрымалі бацькі ад цябе два лісты. Ці трэба казаць, як гэта іх узрадавала і падтрымала... Па гаспадарцы ўпраўляецца бацька, а тэхніку да сяўбы рыхтуе Валодзя. Маці ў хаце. Часта размаўляе з тваёй фатаграфіяй. І моліцца за цябе».
Перажыў чарговы прыступ успамінаў і разважаньняў. Так, бацькам цяпер цяжка як ніколі. І мне балюча, што я прычына іх перажываньняў. Добра, што брат Уладзімір заўсёды побач, практычна кожныя выходныя стараецца прыехаць у вёску. Мае таксама ўвесь час на гарачай тэлефоннай лініі з бацькоўскай хатай. Нішто, здужаем, выстаім!
Другі ліст — ад Сьветы, з пахвалой за маё вершаваньне. Разумею, што паэт зь мяне ніякі, але ўсё роўна чытаць прыемна. Лісты да мяне ідуць на тры-чатыры дні хутчэй. Адпаведна, мае ў адваротным кірунку пераадольваюць гэтую ж дыстанцыю са спазьненьнем на гэткі ж час.
* * *
Пачуты пару дзён таму жураўліны сьпеў так запаў у душу, што ўрэшце, падхоплены творчым парывам, выліўся ў рыфму вершаў.
Ляцяць, курлычуць журавы.

Іх пэленгуюць вушы ў паднябесьсі.

Вясна — іх новы пазыўны

Што на Браслаўшчыне, што на Палесьсі.
Ляцяць, курлычуць журавы,

Сыгналячы пра час свайго вяртаньня.

Ім адгукаюцца царкоўныя званы,

Выбіваючы мэлёдыю каханьня.
Ляцяць, курлычуць журавы,

Ляцяць здалёку, з адпачынку.

Зразае неба клін жывы,

Махаючы крылом безь перапынку.
Ляцяць, курлычуць журавы.

То голас вольнай птушкі,

Што на калгасным не жыве двары

І не чакае міластынь з кармушкі.
Ляцяць туды, дзе родны дом,

Дзе сьпіш салодкім добрым сном.

Вясьнянка — вось мой аэрадром.

Я прызямлюся тут журавам вольным.
* * *
Не на ўсе пытаньні ў мяне ёсьць адказы. На некаторыя — адказы толькі дрэнныя. І што? Гэта не падстава ўбудоўвацца ў сытуацыю. Гэта ня алібі для чалавечых слабасьцяў (прыступ вячэрняй хандры і ўнутранага дыялёгу).
30 сакавіка, серада
Пачатак дня не прадвяшчаў рэзкіх перападаў у звыклым рытме жыцьця. Пад’ём. Туалет. Сьняданак. Паверка. Шпацыр. Зарадка. Праца са сшыткамі. Абед.
І раптам адразу пасьля трапезы — нечакана каманда зьбіраць рэчы. Падарожжа па новых камэрах працягваецца?.. Думка пра вызваленьне нават не мільганула ў падсьвядомасьці. Пасьцель скруціў у скатку, як вайсковы шынель. Рулён, у якім матрац, падушка, прасьціна, коўдра, зьверху зацягнуў другой прасьцінай. У адзін кешар закінуў пакеты з адзеньнем, ежай, у другі — — тэлевізар. Здаецца, нічога свайго не забыўся. І галоўнае, шэры плед. Разьвітаўся з Алесем Кіркевічам і Ігарам Каранеўскім. Было сумна. Да гэтай працэдуры немагчыма прывыкнуць. Чалавечы фактар — ці ня самы вызначальны там, дзе я цяпер.
Я не памыліўся, гэта чарговае перасяленьне. Наступны прыпынак — камэра нумар восем.
З бауламі прадзіраюся празь дзьвярны праём усярэдзіну. Памяшканьне меншае. На тры пасадачна-пасьцельныя месцы. Бегла разглядаюся. Усё неяк надта ж чыста і акуратна. Адчуваньне вылізанай пустаты. Праз пару хвілін разумею, што гэта вынік неабжытасьці камэры. Сапраўды, ніякіх сьлядоў і прыкмет таго, што тут жывуць. Пустыя тумбачкі, голы стол, лысае падваконьне. Няма кантэйнэраў, пакетаў, скрынак, стосаў старых газэт, да якіх пасьпеў прызвычаіцца. Нічога! І сярод усёй гэтай неабжытасьці — квадратны, каротка стрыжаны чалавек на ніжніх нарах. Не пасьпелі мы паціснуць адзін аднаму рукі ў знак знаёмства, як па той бок дзьвярэй ударыла шумавая хваля, і тут жа на парозе з рулёнам-скаткай і пакетамі намаляваўся Ігар Каранеўскі. У сваім доўгім паліто накшталт шыняля. Вось прыемная неспадзяванка наўздагон! Мы на радасьцях абняліся, бо за апошні час добра прыцерліся адзін да аднаго. Ігар пачаў парадкаваць верхні ляжак, а я адшпіліў ад сьцяны нары справа ад уваходу.
Як выявілася, «квадратны» тут зусім нядаўна. Яго этапавалі з калёніі, што ў Навасадах. Спачатку на «Валадарку», а цяпер вось у СІЗА КДБ. І ў камэру зьмясьцілі літаральна перад нашым засяленьнем. Несьцярэнка, прадставіўся наш новы знаёмы. Родам зь Дзяржынску. Ужо адседзеў у калёніі пяць гадоў, тут — праз новаадкрытыя акалічнасьці справы.
Калі голыя жалезныя нары набылі выгляд уладкаванай пасьцелі, разгледзеліся па баках яшчэ раз. Ні я, ні Ігар ніяк не плянавалі трапіць у камэру, дзе ўсё трэба пачынаць з нуля. Чорт, ніякага посуду, ніякіх ёмістасьцяў, нават кавалачка паперы, каб заслаць сьметніцу. Ніякіх матузочкаў, кручочкаў і іншай драбязы, безь якой не абысьціся ў штодзённым жыцьці. Спробы дамовіцца з аховай, каб са старой камэры ўзяць хоць бы пару плястыкавых кантэйнэраў, скончыліся нічым. Ну што ж, давядзецца ўспомніць Рабінзона Круза.
Затое камэра з каналізацыяй. Гэта значыць, што ня трэба падладжвацца пад графік двухразовага наведваньня туалета і ня трэба зьбіраць мандарынавыя лупіны для бачка на вынас. Яшчэ адзін плюс — тут ня кураць.
Здаецца, холад канчаткова выключаны са сьпісу праблемаў. Фортку днём не зачынялі! Цэлы дзень! І адтуль цягне ня холадам, а сьвежасьцю.
* * *
Апошнімі днямі выпіваю па шэсьць літровых конавак гарачай гарбаты. Гэта стала штодзённай нормай. Тут, у СІЗА, мяне пераканалі, што ў дзень трэба выпіваць ня менш за тры літры вадкасьці. Рэкамэндацыя стала звычкай. Балазе з кіпяцільнікам цяпер таксама праблемаў няма.
Прыдаўся і перададзены з офіса тэлевізар. З учорашняга дня па мясцовай сетцы пусьцілі сэрыял «Апостал» зь Міронавым і Фаменкам у галоўных ролях. Шкада, сэрыя нядоўгая, усяго 45 хвілін. Пасьля жудасных перадач і фільмаў, якія клічуць хапаць косы ды янчаркі супраць габрэяў і амэрыканцаў, гэта тое, што хочацца глядзець.
* * *
Сёньня нанач зьняў шкарпэткі. Ногі як у іншы сьвет трапілі. Здавалася, падэшвы хтосьці казыча, пальцы хтосьці пагладжвае.
31 сакавіка, чацьвер
Ноччу спаў дрэнна. І гэта ўжо другая бяссонная ноч. Галава расколвалася, быццам яе сьціскалі абцугамі. Сам сабе паставіў дыягназ — ціск. Пастукаў кантралёрам. Раз, другі... Толькі на трэці выпрасіў таблетку ад ціску са скрынкі з суседавымі лекамі. Выпіў, забраўся на нары. І тут хвілін празь пяць мяне пачало выварочваць. Зваліўся ўніз і ледзь пасьпеў да ўнітаза. Ачысьціўся да страўнікавага соку. Майку хоць выціскай. І калатун такі, што зубы ляскаюць.
Заснуў толькі пад раніцу. І, што дзіўна, прачнуўся без аніякіх прыкмет хваравітага стану. Нават зарадку зрабіў. Праўда, ашчадную.
Тройчы на ​​працягу дня папрацаваў лыжкай. Раздабыў нітку з іголкай і зацыраваў бялізну. Гэтым інструмэнтам не працаваў, напэўна, з часоў службы ў войску. Але нішто, даў рады, нават спадабалася ўласнае рукамяство.
* * *
Паўдня правёў, пішучы верш. Прысьвячэньне любаму котку.
Тимофей, Тимоха, Тима, Тимка.

Цвета кофе с молоком.

Озорства в глазах искринка.

Ушки на макушке бугорком.
Цімка, без перабольшваньня, чацьвёрты наш сямейнік. Калісьці ў нас быў францускі бульдог па мянушцы Ціс. Пародзісты. Раза ў паўтара буйнейшы за сярэднестатыстычнага свайго субрата па пародзе. Прыкіпелі мы да яго ўсім сэрцам. І трэба ж, здарылася няшчасьце. Яго атруцілі. Падчас ранішняга шпацыру. Атрута была такая моцная, што сабака згарэў за лічаныя гадзіны. Мы так балюча перажылі гэтую трагедыю, што ніяк не маглі наважыцца завесьці новага сябра. А тут Сьветчына стрыечная сястра ледзьве не сілком увапхнула ёй малое кацяня. Малюпасенькі камячок колеру кавы з малаком. Брытанец з добрым радаводам. Нам прапанавалі велічаць яго Патрыкам. Сямейны кансыліюм спыніўся на Ціму-Цімоху-Цімку. З той пары мы разам. Ціма незвычайна пазытыўны. Вельмі акуратны (гены даюць сябе адчуваць), ласкавы. І прыгажун — вачэй не адарваць! Часам прыйдзеш з працы, абвешаны праблемамі, а ён тут як тут. Узьлезе на грудзі, вуркоча і ў вочы зазірае. Мы яго часам так і клічам — сямейны псыхатэрапэўт.


1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка